Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Кс. Ігар ЛАШУК

СУСТРЭЧА СА СЛУГОЮ БОЖЫМ А. ФАБІЯНАМ МАЛІШОЎСКІМ OP

Недзе ў далёкім 1989-м ці 1990 годзе я першы раз пачуў гэтае імя — святы Фабіян, Фабіян са Стоўпцаў, святы Фабіян Стаўпецкі. Я меркаваў, што гаворка ідзе пра нейкую частку рэліквій святога Фабіяна, Папы Рымскага, якую нехта нейкім чынам калісьці прывёз у стаўпецкую святыню (я пішу «стаўпецкую», бо менавіта так гавораць тутэйшыя жыхары на працягу стагоддзяў).

Ішлі гады, затым зноў, аднекуль з небыцця, з’явілася гэтае імя, і зноў прыйшло пытанне: хто гэты святы Фабіян і адкуль ён? Але на пытанне па-ранейшаму не было адказу, бо астанкі святога зніклі, і з прычыны бальшавіцкай завірухі было невядома, дзе яны. У снежні 2018 года Божы Провід скіроўвае мяне працаваць у Стоўпцы і Новы Свержань. Разбіраючы архівы ў Новым Свержні, я натрапіў на кнігу а. Яцака Варанецкага ОP «O. Fabian Maliszowski z Przemyśla, dominikanin, zmarły ze sławą świętości w Stołpcach (1583–1644)», Lwów, 1936, wydawnictwo OO. Dominikanów («А. Фабіян Малішоўскі з Пшэмысля, дамініканін, які памёр у славе святасці ў Стоўпцах (1583–1644)»). Прачытаў я гэтую кнігу на адным дыханні і... падзякаваў Богу, што Ён, сапраўды Усемагутны, і клапоціцца пра народ свой. Я збіраў звесткі пра гэтага святога чалавека, беатыфікацыйны працэс якога быў ужо распачаты, пра гісторыю яго жыцця літаральна па кроплях. На жаль, шмат тых людзей, якія сапраўды памяталі пра культ а. Фабіяна як цудатворцы ў стаўпецкім касцёле памерла, і вельмі мала чаго захавалася, але ўсё ж захавалася…

Сапраўдным цудам для мяне на пачатку 2019 года быў тэлефонны званок біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі. Эксцэленцыя расказаў мне, што недзе існуе план пахавання парэшткаў слугі Божага а. Фабіяна, і што труна з яго целам, верагодна, знаходзіцца ў падвалах старога касцёла св. Казіміра, які ў 1958 годзе быў зруйнаваны, і на тым месцы сёння ў Стоўбцах знаходзіцца стадыён сярэдняй школы № 2.

Трагедыя ў гэтай школе напрыканцы лютага 2019 года падштурхнула нас правесці на гэтым стадыёне заступніцкую малітву за ахвяраў забойства. Таксама ў гэты дзень (дзень малітвы) нам прынеслі абраз Маці Божай Суцяшэння, уратаваны са старога касцёла. Мы дзякавалі Богу за Яго вялікія знакі ласкі і апеку і прасілі прабачэння за тое, што дапусцілі разбурэнне Яго святыні, і маліліся, просячы знайсці святыя астанкі а. Фабіяна…

 

Мы распачалі зноў прасіць заступніцтва а. Фабіяна над Стоўпцамі і нашай зямлёй з асаблівай руплівасцю, калі прыйшла першая хваля пандэміі каранавіруса. Стоячы каля стадыёна, мы разам з вернікамі амаль кожны дзень прасілі ласкі ацалення і здароўя. Вясной 2021 года мне ўдалося ўсё ж здабыць план месца, дзе спачывае наш а. Фабіян. Для дасягнення гэтай мэты трэба было… раскапаць школьны стадыён, але пра гэта нават і думаць здавалася немагчымым, хоць мы ведаем, што ў Бога ўсё магчыма. Мяркую, што праз заступніцтва святога Дамініка, у 800-ю гадавіну яго смерці, малітвамі біскупа Казіміра Велікасельца, дамініканіна, і нашымі малітвамі, праз заступніцтва Маці Божай Ружанцовай, вялікім шанавальнікам якой быў а. Фабіян, гэта сталася магчымым літаральна ў адзін дзень. У вігілію свята Маці Божай Ружанцовай, 6 кастрычніка 2021 года, вечарам а 20-й гадзіне, мы знайшлі святыя астанкі нашага слугі Божага Фабіяна, цудатворцы Стаўпецкага. 7 кастрычніка, у дзень Маці Божай Ружанцовай, мы ўжо маліліся святы Ружанец каля рэліквій а. Фабіяна і перадалі іх у следчы камітэт, згодна з заканадаўствам Беларусі.

Аднак раптам усе моцы цемры прачнуліся і пачаліся незразумелыя перашкоды і клопаты. Нам чамусьці было забаронена забраць рэшткі рэліквіярыя-труны, дзе знаходзіліся астанкі а. Фабіяна, і нават пазбіраць цэглу са старога касцёла.

 

Але... праз некалькі дзён (мяркую, што гэта быў чарговы цуд а. Фабіяна) раптам узняўся моцны вецер і ад плоту, які агароджваў месца раскопак, нічога не засталося, таму мы без перашкоды забралі ўсе рэшткі труны, а калі закопвалі выкапаную траншэю, назбіралі таксама шмат старой цэглы з касцёла.

І стаўся яшчэ адзін вялікі цуд, што раней проста здаваўся немагчымым: над разбураным касцёлам больш не будзе школьнага стадыёна, а месца, дзе раней стаяла цудоўная святыня, пабудаваная ў 1640 г., нарэшце будзе ўшанаванае памятным знакам...

16 лістапада 2021 года парэшткі а. Фабіяна вярнуліся з экспертызы ў Стоўпцы — у дзень Маці Божай Міласэрнасці. Выпадкова? Мяркуйце самі. Тая, якую вельмі шанаваў дамініканін а. Фабіян, заўсёды памятае пра сваіх слугаў, — верных і адданых.

Кс. Ігар Лашук

Гл. таксама:
АЙЦЕЦ КАНСТАНЦІН М. ЖУКЕВІЧ OP :: СЛУГА БОЖЫ ФАБІЯН МАЛІШОЎСКІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY