Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(98)/2021
Год святога Юзафа
Прэзентацыя
In memoriam

«МОЙ ШЛЯХ ДА БОГА»
Касцёльныя скарбы
На кніжнай паліцы

СКАРБЫ БЕРАСЦЕЙСКАЙ УНІІ
Постаці
Пераклады

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

ЗІМОВЫ ДОСВІТАК
Да 130-годдзя Максіма Багдановіча
Спадчына
Пераклады

МЕТРАНОМ
Да 90-годдзя Ніла Гілевіча

ФОТА З РУЖАНЧЫКАМ

АЎТОГРАФ
Музыказнаўства

Лідзія КАМІНСКАЯ

НЕВЯЛІКІЯ ЎСПАМІНЫ ПРА ВЯЛІКАГА ЧАЛАВЕКА

У загалоўку свайго эсэ пра кнігу «Мяне заўсёды ратавала вера…» («Про Хрысто», 2021) я змясціла назву, якую выбраў для сваіх успамінаў пра Казіміра Свёнтка ксёндз Славамір Ляскоўскі, які напісаў, што «немагчыма распавесці пра гэтую багатую асобу ў некалькіх словах». Высветлілася, прынамсі для мяне, што немагчыма распавесці і ў вялікай, амаль на 400 старонак кнізе: напісаўшы не адно эсэ-прэзентацыю, я адчула нейкі ступар, узяўшы ў рукі гэтую важкую кнігу, якую дагэтуль прачытала ўжо два разы як карэктар.

Жыццё Казіміра Свёнтка можна назваць рэальнасцю немагчымага. Свёнтэк сапраўды быў жывым увасабленнем таямніцы веры, а што можна сказаць, напісаць пра таямніцу — пра нематэрыяльнае, нябачнае? Зрэшты, чаму мы так імкнёмся ўсё акрэсліць, усё назваць, а потым бездапаможна адчуваем ступар перад сваімі марнымі слоўнымі спробамі. Вось жа і словы «таямніца веры» для католікаў штодзённыя, звыклыя, але, паклаўшы руку на сэрца, ці многіх святароў мы можам назваць, як Свёнтка, увасабленнем гэтай таямніцы, сведчаннем яе існавання, яе носьбітамі, яе рэальным спаўненнем у жыцці — у нашай зямной даліне слёз…

Вось ён на вокладцы кнігі — нязломны пастыр, alter Christus, ва ўрачыстым арнаце, з рукою, узнятаю для благаслаўлення, узвышаны над людскім натоўпам… А мне ўспамінаецца, што ён любіў заначаваць улетку ў стозе сена, дзе, пэўна ж, адчуваў сябе ўсяго толькі часцінкаю прыроды, удзячна падначаленаю толькі Божай волі і Божаму Провіду. І менавіта пра гэту яго падпарадкаванасць, яго бязмежны давер Адзінаму, Справядліваму і Міласэрнаму пішуць усе, хто ведаў яго, працаваў побач з ім і проста глядзеў на яго здалёк захопленымі вачыма і прагна слухаў яго, — тыя, каго называюць людскім натоўпам, а справядліва было б называць людскім морам — яны хацелі быць злоўленымі гэтым лаўцом чалавечых душаў, і гэты ўлоў часткова змешчаны ў кнізе ўспамінаў, дзе першую частку пад назваю «Ён жыў сярод нас, мы былі з ім…» складаюць успаміны духоўных асобаў, сярод якіх кардыналы Станіслаў Дзівіш і Аўдрыс Бачкіс, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы Аляксандр Кашкевіч, Антоні Дзям’янка, Ежы Мазур SVD, Юрый Касабуцкі, былы Апостальскі Нунцый на Беларусі Дамінік Грушоўскі; ксяндзы, якіх мы добра ведаем, і якім удзячныя за супрацоўніцтва з нашым друкам — ксёндз Станіслаў Паўліна fDP, айцец Аркадзь Куляха OCD, ксёндз Андрэй Рылка і нядаўна высвечаны ксёндз Мікола Гракаў. Самі назвы святарскіх успамінаў даюць сваю сціплую ацэнку вялікаму кардыналу: «Прыклад жыцця і веры» (кс. Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі); «Сапраўдны сведка веры» (кс. Антоні Клімантовіч); «Жывы прыклад» (кс. Уладзімір Русак); «Нязломны пастыр» (кс. Андрэй Рылка). Аб’ектыўна кажучы, успаміны духоўных асобаў у большасці паўтараюцца, перагукваюцца, супадаюць, але гэтае паўтарэнне-супадзенне і часам амаль аднолькавасць праўдзіва сведчаць адну і тую ж спазнаную імі праўду: «Незвычайны і незаменны» (айцец Аркадзь Куляха OCD); той, пра каго цвёрда можна сказаць «Ён адышоў і адначасова застаўся» (кардынал Станіслаў Дзівіш); «Захаваў веру ў Бога і давер да чалавека» (біскуп Антоні Дзям’янка); і кожны з аўтараў кнігі поўніцца падзякаю ўсёмагутнаму Богу за тое, што Ён даў шчаслівую магчымасць сустрэць на сваім святарскім шляху сапраўднага айца — патрабавальнага і міласэрнага, які застаўся для ўсіх і недасягальна высокім святарскім прыкладам, і проста сціплым чалавекам, які жыў у аскетычных умовах, любіў сваіх чацвераногіх сяброў і ўсё, створанае Богам, — ад кволай травінкі і руплівай мурашкі да высокага неба над дасканалай прыгажосцю зямлі.

Другая частка кнігі — «Жыццё з усмешкаю» — складаецца з успамінаў свецкіх асобаў, і гэтыя ўспаміны больш выразна напоўненыя радасцю асабістага адкрыцця вельмі важных рэчаў, дакладней — вечных каштоўнасцяў. І адкрыццё гэтае адбывалася праз тое святло, якое натуральна, па-Божаму, па-чалавечы жыло і праменілася ў кардынале Свёнтку. Ён умеў мімаходзь, «між іншым», як ён казаў, пераліваць святло з начыння сваёй душы кожнаму, хто імкнуўся да святла, бачыў яго, шукаў яго. Сустрэчы з кардыналам для свецкіх людзей сапраўды сталі незабыўнымі, і менавіта гэтак, «Незабыўныя сустрэчы», назвала свае ўспаміны Святлана Адамовіч — архівіст, гісторык архітэктуры, якая па-жаночы і па-дзіцячы шчыра расказала, як няпроста адбывалася іх знаёмства, іх узаемапрыманне і ўрэшце разуменне, і колькі радасці было ў яе ад сумесных шпацыраў па старажытным Пінску, пра які ксёндз Казімір мог расказваць бясконца. «…у яго была патрэба дзяліцца эмоцыямі. Размовы іншы раз настолькі захаплялі, што знікала адчуванне часу і я нават забывалася, — піша Святлана, — што мне трэба паспець на начны цягнік Брэст—Мінск, і тады мы разам з ксяндзом Казімірам беглі на вакзал па толькі яму знаёмых цёмных завулках і дворыках…»

…У 90-я гады кардынал Казімір Свёнтэк перад кінакамераю раскажа пра сваё лагернае быццё таленавітаму і вельмі чалавечнаму рэжысёру-дакументалісту Юрыю Гарулёву ў фільме-роздуме «Маці Міласэрнасці», які ў 1997 годзе атрымаў прызы на XII Міжнародным кінафестывалі «Непакалянаў», і Юры Гарулёў (1944–2021) таксама напіша пра кардынала Казіміра Свёнтка свае ўспаміны і назаве іх словамі, поўнымі захаплення, — «Ён быў незвычайны», і гэтае знаёмства рэжысёра і кардынала таксама было ўзаемным шчаслівым адкрыццём, а для Юрыя Гарулёва яшчэ і ўмацаваннем веры ў тое, што свет можа быць светлым нават у турэмнай цемры, і што ёсць святыя святары. Зрэшты, для многіх з нас ён быў і застаўся такім сапраўды святым і светлым у адзіночным ліку, недасягальным і непараўнальным абраннікам крыжа і… ружаў…

Да тых, каму нязломны Пастыр дапамог адкрыць у самім сабе хрысціянскае, Божае, належыць і вядомы рэстаўратар, аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў пра кардынала Аркадзь Шпунт. Свае ўспаміны ён назваў проста — «Свёнтэк», падкрэсліўшы прыроджаную, наканаваную місійнасць гэтай унікальнай асобы нават сэнсам прозвішча (свята, святы дзень) і растлумачыўшы значнасць і значэнне лічбы 21 у жыцці кардынала: «…у копцкіх календарах, якія рэгламентавалі жыццё старажытнаегіпецкай Царквы, 21-ы дзень кожнага месяца быў прызначаны Панне Марыі… У жыцці кардынала Свёнтка кожны дзень кожнага месяца кожнага года быў прысвечаны Панне Марыі. Без трох гадоў — 100 летаў і зімаў. <…> Якое шчасце было працаваць з ім, ператвараць у жыццё яго задуму, яго ідэю!.. Хацелася зрабіць гэтак, каб убачыць, як яго твар асветліцца дзіцячаю ўсмешкаю, і, усклікнуўшы „выдатна!“, ён рэзка развернецца на пятцы і памкнецца кудысьці па справах або проста, каб застацца на адзіноце… магчыма, узнесці малітву падзякі Панне Марыі. <…> Я не ўмеў маліцца і не ведаў, пра што ён моліцца парад Міласэрнай Маці, але ўсёю істотаю далучаўся да яго малітвы, усёю сваёю сутнасцю раствараючыся ў той сакрамэнтальнай цішыні…». І менавіта Аркадзь Шпунт скажа пра тое, што, напэўна, Свёнтэк быў пасланы Богам у нашу мітуслівую сучаснасць для таго, каб мы маглі ўкласці пальцы свайго нявер’я і ў яго раны — раны зямнога Святара, які ўпарта ішоў услед за Хрыстом, без нараканняў прымаючы ўсе выпрабаванні і нясцерпныя фізічныя пакуты, як Ён.

«Азірніся назад — там другая бязмежнасць», — гэтак пачынаюцца ўспаміны вядомага мовазнаўцы Алеся Жлуткі, які цытуе Марка Аўрэлія. «Гэтак паміж дзвюма неабсяжнасцямі апынаецца чалавек пры жыцці, балансуючы на тонкім, знікомым вастрыі цяпершчыны, пакідаючы за сабой мінулае і спрабуючы асягнуць будучыню». І калі пад будучыняю разумець жыццё вечнае, то наш Кардынал яе асягнуў, пэўна, яшчэ пры жыцці, можа тады, калі цэлебраваў святую Імшу там, дзе жыцця па сутнасці не было, славячы Бога за рэальнасць проста дыхаць, а значыць спадзявацца.

Мне хацелася б працытаваць асобныя радкі і з іншых успамінаў: Ірыны Багдановіч, Аляксея Яроменкі, Крыстыны Лялько, Івана Панасевіча, Аліны Новікавай, Алега Глекава, але ёсць пэўны фармат друку… Кніжка накладам у 1000 асобнікаў чакае вашых вачэй і вашых сэрцаў, дарагія чытачы. Дадам толькі, што ў ёй змешчаны яшчэ дзве часткі: ІІІ пад назваю «Яго жывы голас», дзе друкуюцца інтэрв’ю з кардыналам; і частка IV — «Сведку веры», дзе вы знойдзеце вершы, прысвечаныя Казіміру Свёнтку. А мне яшчэ хочацца вярнуцца да ІІІ часткі, да інтэрв’ю «Ружы рознага колеру», якое Крыстына Лялько рыхтавала для часопіса «Наша вера» ў 2009 годзе (№ 3). І для яе, і для ўсіх нас было вялікім здзіўленнем і працінаючым душу адкрыццём, што наш шматпакутны кардынал усе церні на сваім жыццёвым шляху лічыў ружамі: «Так, так! Толькі ружы бываюць рознага колеру…». Для яго было сапраўды неістотна, дзе Божы Провід спаслаў яму выкананне святарскіх абавязкаў: у камеры смерці ці ў ГУЛАГу, дзе яго дыханне магло абарвацца ў кожную хвіліну. Моцная непахісная вера сапраўды ратавала яго жыццё, якое ён лічыў шчасліваю прыгодай, бо ведаў, Каму паверыў і Каму даверыўся. Відаць, гэта інтэрв’ю са Святаром лепшае за ўсю гісторыю каталіцкага друку ў Беларусі.

Чытайце! Уся кніга ўспамінаў сведчыць пра тое, што «выданыя на смерць — жыццём абраныя стануць» (гэта радкі з верша Юліі Шэдзько «Каму выходзіць цяпер?..»), і кожнаму з чытачоў яна, напэўна ж, нешта дасць — пералье святло са свайго начыння…

Уступ да кнігі напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У кнізе змешчаны фотаздымкі ксянда А. Амяльчэні, тэхнічнага рэдактара выдавецтва «Про Хрысто» А. Глекава, вядомага фотамастака А. Клешчука, брата К. Консэка SVD, фатографаў В. Кучаравага і М. Новікава, а таксама фотаздымкі з архіваў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі, партала catholic.by, выдавецтва «Про Хрысто».

Нельга сказаць, што выданне кнігі было лёгкім для выдавецтва: не хапала грашовых сродкаў, і таму на пачатку кнігі змешчаны словы шчырай падзякі ўсім ахвярадаўцам, якія далучыліся да ўшанавання памяці першага кардынала ў гісторыі Каталіцкага Касцёла сучаснай Беларусі, а непасрэднымі адказнымі за выданне кнігі былі яе рэдактар Крыстына Лялько і дырэктар выдавецтва «Про Хрысто» Аліна Новікава, якія зрабілі важкую працу і для яе тэкставага ўкладання.

…Няхай жа гэтыя невялікія ўспаміны пра сапраўды вялікага чалавека будуць для яго агромністым букетам ружаў, сабраных намі яму наўздагон, — белых, як сімвала беззаганнасці Панны Марыі; чырвоных, як сімвала жыцця і ахвярнай Любові; і жоўта-залатых, сонечных, як сімвала вечнай хвалы і пашаны, і можа, ён, наш святы Кардынал, усміхнецца гэтаму каляроваму букету і ласкава благаславіць нас, пакуль зямных і бясконца грэшных, са сваёй святой нябеснай далечы.

Лідзія Камінская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY