Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Тамара ГАБРУСЬ

Святыні ордэна прапаведнікаў

Касцёл у в. Астравец. Фота А. Яроменкі.
Працяг. Пачатак у №3(25)/2003

Дамініканскія кляштары усходняй, паўднёвай і цэнтральнай Беларусі ўваходзілі ў Рускую правінцыю ордэна, створаную ў 1596 г., адноўленую ў 1612 г. Мяжа паміж Літоўскай і Рускай правінцыямі праходзіла недзе ў рэгіёне Верхняга Падзвіння і Падняпроўя, каля Оршы. Кляштар дамініканцаў у Оршы быў заснаваны ў 1649 г. старостам лучаноўскім князем Геранімам Альбрыхтам Друцкім-Сакалінскім і яго жонкай. Першапачаткова комплекс меў драўляныя будынкі. Гістарычныя звесткі пра будаўніцтва мураванага касцёла надзвычай супярэчлівыя і патрабуюць удакладнення і асэнсавання. Па стылёвых характарыстыках мураваная трохнававая базыліка касцёла св. Інакенція і Юзафа Абранніка, што ў змененым выглядзе існуе сёння ў так званым Зааршынні (на правым беразе рэчкі Аршыца), узведзена ў 2-й палове ХVІІІ ст., а ў 1809-1819 гг. істотна перабудавана ў стылі класіцызму. Паводле інвентароў таго часу, у інтэр’еры касцёла знаходзілася 7 прысценных алтароў і партрэты фундатараў. У 1864 г. былі разабраны дзве бакавыя вежы на развітым у шырыню важкаватым галоўным фасадзе святыні. За савецкім часам, у 1950 г., яна рэканструявана пад дом культуры.

 
Знешні выгляд касцёла Княжыцах (фота 1980-х гг.) і яго план.
Сярод іншых святыняў ордэна дамініканцаў сваёй непаўторнасцю ярка вылучаецца касцёл у вёсцы Княжыцы (пад Магілёвам). Кляштар дамініканцаў заснаваны тут у 1681 г. па фундацыі ўладальніка мястэчка харунжага Вялікага Княства Літоўскага Канстанціна Уладзіслава Паца. Як і ў большасці выпадкаў, першы касцёл быў драўляны. У ХVІІІ ст. кляштар атрымаў значныя ахвяраванні ад нашчадкаў першага фундатара – Крыштафа Паца (1724 г.) і Антонія Міхала Паца (1750г.), а таксама шляхцічаў Андрэя і Зоф’і Крукоўскіх (1739г.). Пасля 1750 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, які быў асвечаны ў 1780 г. у гонар св. Антонія Падуанскага магілёўскім арцыбіскупам С.Богуш-Сестранцэвічам. Будаўніцтва кляштарнага корпуса завяршылася ў 1791 г.

Далей усё пайшло па ўжо знаёмай схеме: у 1832 г. кляштар перадалі бялыніцкім кармелітам, у 1835 г. скасавалі (РДВГА, ф. 349, воп. 12, спр. 3173), касцёл застаўся парафіяльным да наступнага паўстання, у 1863 г. зачынілі, да 1872 г. рэканструявалі пад праваслаўную царкву. Пры гэтым над ім надбудавалі несапраўдны купал на сяродкрыжжы і 3 купалкі на галоўным фасадзе — усе з цыбулепадобнымі галоўкамі. На працягу ХХ ст. выдатны помнік беларускага сакральнага дойлідства быў даведзены да амаль поўнага разбурэння. Між тым архітэктоніка княжыцкага касцёла дамініканцаў такая арыгінальная і самабытная, што яе цяжка ўкласці ў агульную схему мастацтвазнаўчых атрыбуцый: складана нават вызначыць тыпалогію яго архітэктурных формаў, канструкцый і рэлігійных сімвалаў.

Сучасны выгляд падамініканскага касцёла ў в. Княжыцы Магілёўскага р-на. (Фота М. Новікава)
У адрозненне ад большасці каталіцкіх святыняў, дзе сакральная сімволіка крыжа выяўляецца ў верхнім сячэнні збудавання, тут усё цалкам наадварот. У плане княжыцкага касцёла прысутнічае неглыбокі трансепт, размешчаны пасярэдзіне кафалікона, што надае яму выгляд папарна роўнаканцовага крыжа, накшталт тагачасных уніяцкіх цэркваў. Напэўна, з гэтай прычыны У.Чантурыя памылкова вызначыў гэты храм як уніяцкую царкву, і гэтая недакладнасць увайшла ў энцыклапедычныя даведнікі. Больш таго, двухвосевая сіметрыя кампазіцыі збудавання падкрэслена размяшчэннем па вуглах прамавугольнага плана аднолькавых чацверыковых вежападобных аб’ёмаў: два ў нартэксе і два па баках прэзбітэрыя (дзве дадатковыя нізкія і несіметрычныя закрыстыі прыбудаваны пазней). Гэтамі «рудыментамі» чатырохвежавай кампазіцыі княжыцкі касцёл дамініканцаў нагадвае абарончыя цэрквы беларускай готыкі і касцёл кармелітаў босых у Глыбокім.

Унутры сцены трансепта трактаваны як невялікія пілоны, на якія ў папярочным напрамку абапіраюцца спараныя падпружныя аркі — прыкмета сакральнай архітэктуры позняга барока. Але і ў падоўжным напрамку яны з дапамогай магутных падпружных арак аб’ядноўваюцца ў суцэльны прамавугольны ў плане аб’ём, накрыты агульным двухсхільным дахам, утвараючы пры гэтым неглыбокія капліцы па баках трансепта. Прастора цэнтральнай навы перакрыта больш высокім цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Усё гэта ў выніку дазваляе вызначыць складаную архітэктоніку храма як «схаваную» трохнававую крыжовую базыліку. Прамавугольная апсіда прэзбітэрыя, роўна- высокая з цэнтральнай навай, злучаецца з ёй крывалінейнымі сценамі, што надае інтэр’еру познебарочны характар.

Яшчэ больш выразна барочная стылістыка прагледжваецца ў структуры галоўнага фасада, які вызначаецца незвычайнай экспрэсіяй, вытанчанасцю прапорцый і маляўнічасцю сілуэта. Рытм гарызантальных чляненняў імкліва нарастае ўгору і завяршаецца ажно трыма вежамі: бакавымі і цэнтральнай, якая замяняе звычайны фігурны франтон. У параўнанні з іншымі творамі віленскага барока пластыка фасада княжыцкага касцёла дамініканцаў больш стрыманая, але не саступае ім ва ўзнёсласці і адухоўленасці. Зрэшты ў ім нават болей адчуваецца мясцовая мастацкая традыцыя: як і фасады праваслаўных цэркваў Магілёва, ён па сваёй будове нагадвае іканастас. Партал увахода вылучаны дыяганальна разгорнутымі пілонамі, аформленымі ордэрам, і разарваным франтонам, чым нагадвае партал касцёла Святога Духа дамініканцаў у Вільні. Адметнай рысай з’яўляюцца невысокія падпорныя сценкі, пастаўленыя амаль пад прамым вуглом да галоўнага фасада і вырашаныя ў выглядзе арачных брамаў (раней іх аб’ядноўвала агароджа з цэнтральнай брамай, што надавала ўсёй кампазіцыі глыбінна-прасторавую дынаміку).

Фігура з франтону касцёла ў Зембіне (фота пач. ХХ ст.).
Яшчэ адзін касцёл ордэна дамініканцаў гэтага ж рэгіёна — у мястэчку Маляцічы (Крычаўскі раён) вызначаецца ў архітэктурных адносінах значна меншай творчай самастойнасцю. Ён пабудаваны ў 1787-1794 гг. у гонар свайго нябеснага патрона св. Станіслава арцыбіскупам С. Богуш-Сестранцэвічам. Праект збудавання належыць архітэктару пераходнага перыяду ад барока да класіцызму Лаўрыну Стуока-Гуцэвічу, які па жаданні заказчыка зрабіў, як лічаць, паменшаную ў 32 разы копію сабора св. Пятра ў Рыме (не зусім дакладную). Трохнававую крыжова-купальную базыліку з трыма купаламі (на сяродкрыжжы і рамёнах трансепта) закрываў надзвычайшырокі і грувасткі фасад, завершаны атыкам і трохвугольным франтонам, які адсутнічае на фасадзе рымскага сабора. Пасля паўстання 1830-1831 гг. кляштар дамініканцаў у Маляцічах зачынілі, касцёл перарабілі пад праваслаўную царкву, а ў 1934 г. цалкам зруйнавалі.

У цэнтральна-заходніх рэгіёнах Беларусі згасанне стылёвых рысаў позняга барока адбывалася больш павольна, што звязана з больш познім далучэннем гэтых земляў да Расійскай імперыі пасля 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай у 1793 і 1795 гг. Гэта яскрава назіраецца ў храмабудаўніцтве ўсіх каталіцкіх ордэнаў, і дамініканцаў у прыватнасці.

Першы касцёл у Ракаве быў заснаваны ў 1676 г. князем Геранімам Сангушкам (НГАБ, ф. 1781, воп. 27, спр. 295). У 1685 г. яго жонка Канстанцыя Тэадора (з Сапегаў) асадзіла тут дамініканцаў. Драўляныя будынкі кляштара згарэлі ў 1712 г., але хутка былі адноўлены намаганнямі ксяндза Міхала Валадковіча. Ён, відавочна, выступаў як кіраўнік будаўніцтвам святыні, таму што з гэтым імем звязваюць таксама ўзвядзенне драўлянага касцёла кармелітаў у Мінску ў 1-й палове ХVІІІ ст. Новы, зноў жа, драўляны касцёл у Ракаве, кансэкраваны пад тытулам Святога Духа ў 1793 г., пацярпеў ад пажару ў 1812 г., але быў адноўлены да 1824 г. Пасля паўстання 1830-1831 гг. кляштар зачынілі, касцёл зрабілі парафіяльным, а ў 1867 г. рэканструявалі пад праваслаўную царкву. Гістарычныя дадзеныя, што тычацца гэтага помніка, у сучасных даведніках істотна пераблытаны з гісторыяй будаўніцтва парафіяльнага касцёла Маці Божай Ружанцовай, пабудаванага на сродкі Яўстахія Карповіча і парафіянаў на месцы папярэдняга ў 1906 г. у стылі неаготыкі (кансэкраваны ў 1919 г. біскупам Зыгмунтам Лазінскім).

Захаваліся інвентар ракаўскага кляштара дамініканцаў пачатку 1807 г. і фотаздымак Яна Балзункевіча пачатку ХХ ст., які стасуецца з яго апісаннем. Па восі святыні, тыповага помніка беларускага драўлянага дойлідства канца ХVІІІ ст. з трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе і сігнатуркай на вільчаку даха, размяшчалася адмысловая двух’ярусная брама са стральчатымі праёмамі ў стылі несапраўднай готыкі.

Амаль у той жа час, у 1798 г., пабудаваны новы драўляны касцёл дамініканцаў у Рэчыцы., таксама заснаваны ў ХVІІ ст. Гэта былі апошнія магчымасці дамініканскага храмабудаўніцтва ў Расійскай імперыі, што зусім не адпавядае сцвярджэнню, быццам істотныя эканамічныя перавагі перад праваслаўнымі манастырамі дазволілі дамініканцам і ў ХІХ ст. працягваць актыўную будаўнічую дзейнасць (І.Слюнькова).

 
План касцёла ў Зембіне і яго сучасны выгляд (фота А. Яроменкі).
У канцы ХVІІІ ст. барочная пышнасць і экстатычнасць амаль зніклі з храмабудаўніцтва дамініканцаў. Кляштар гэтага ордэна у Зембіне (Барысаўскі раён) быў заснаваны ў 1640 г. па фундацыі падкаморыя ашмянскага Адама Мацея Саковіча і яго жонкі Марцыяны (з Тышкевічаў). Першы драўляны касцёл спалучаў функцыі кляштарнага і парафіяльнага, меў даволі значныя памеры, 7 алтароў і арган на 8 галосоў. У 1766 г. фундуш на будаўніцтва мураванага касцёла зрабіў новы ўладальнік мястэчка Марцыян Літавор Храптовіч, але яго ўзвядзенне пачалося толькі пасля пажару папярэдняга ў 1790 г. намаганнямі ксяндза Ю.Хіліньскага. Кансэкрацыя святыні адбылася 15 жніўня 1809 г. пад тытулам Унебаўзяцця Маці Божай. У кляштары была багатая бібліятэка, знішчаная ў 1812 г. Кляштар скасавалі ў 1833 г., а касцёл стаў парафіяль ым. У 1902 г. яго рэстаўравалі (пры гэтым упрыгожылі фрэскамі і тэракотавымі пано на евангельскія сюжэты (мастак Вебер з Варшавы), але ў 1930-я гг. зачынілі і з таго часу ён у катастрафічным стане.

Знешні выгляд касцёла ў Зембіне (фота пач. ХХ ст.).
Тэктоніка зембінскага касцёла традыцыйная: трохнававая прамавугольная ў плане базыліка з паўкруглай алтарнай часткай і бязвежавым фасадам. Двухпавярховыя аб’ёмы закрыстый па баках прэзбітэрыя перакрыты люстэркавымі скляпеннямі. Позні для барока час пабудовы (канец ХVІІІ — пачатак ХІХ ст.) адбіўся на стылістыцы збудавання, якая вызначаецца пэўнай сухаватасцю, хаця па планавай схеме зембінскі касцёл нагадвае разгледжаныя вышэй касцёл у Васілішках і уніяцкую царкву ў Лядах (апошняя і рэгіянальна блізкая да яго). Сцяна галоўнага фасада мае ўнутры лесвіцу на арганныя хоры. Фасад падзяляецца класіцыстычным карнізам з «сухарыкамі» на прысадзістую ніжнюю частку, аздобленую шырокімі пілястрамі, і масіўны атыкавы франтон, на тымпане якога ў глыбокай конхавай нішы размешчана скульптурная выява Маці Божай. Маляўнічы барочны абрыс завяршэння франтона з дэкаратыўнымі вазамі па баках — апошні развітальны водгук пышнага мастацкага стылю. Адметнасцю інтэр’ера зембінскага касцёла было размяшчэнне мураванай архітэктанічнай алтарнай кампазіцыі не прысценна, як звычайна, а ў выглядзе скразной алтарнай перагародкі з утварэннем светлага пазаалтарнага памяшкання, накшталт уніяцкіх цэркваў.

На завяршальным этапе барока ў мураванай сакральнай архітэктуры Беларусі пры захаванні традыцыйнай тэктонікі трохнававай базылікі назіраецца тэндэнцыя да спрошчанасці кампазіцыйна-канструкцыйнага вырашэння: вяртанне да простага квадратнага сячэння апорных слупоў і адзінкавых падпружных арак. Унутраная прастора становіцца больш статычнай, з ураўнаважаным метрычным рытмам травеяў. Гэтыя рысы ў аднолькавай ступені ўласцівыя зембінскаму і астравецкаму касцёлу дамініканцаў.

Як ужо адзначалася раней, касцёл дамініканцаў у гонар св. Космы і Дам’яна ў Астраўцы (раённы цэнтр Гродзенскай вобл.) па часе фундацыі самы старажытны на беларускіх землях: ён заснаваны ў 1474 г. на ахвяраванні кіеўскага ваяводы Марціна Гаштольда. Першая пабудова была драўлянай. Паводле гістарычных крыніц, на яе месцы ў 1616 г. па фундацыі Яна, Мікалая і Алены Корсакаў быў узведзены мураваны храм, знішчаны казакамі ў сярэдзіне ХVІІ ст. На мяжы ХVІІ-ХVІІІ стст. астравецкі касцёл зноў пазначаны ў інвентарах як драўляны. Святыня, якая існуе сёння, змураваная на сродкі Гілярыя Цішэўскага ў 1785-1787 гг. у характэрных для гэтага часу формах позняга барока. Але ў пачатку ХІХ ст. касцёл быў істотна перабудаваны і набыў пры гэтым рысы посткласіцызму.

Святыня ўяўляе трохнававую базыліку з плоскай алтарнай сцяной прэзбітэрыя і фасадам-нартэксам, які мусіў быць двухвежавым. Усе часткі храма ўключаны ў строгі прамавугольны аб’ём, накрыты агульным двухсхільным дахам. Цэнтр галоўнага фасада вылучаны чатырохкалонным іянічным порцікам вялікага ордэра. Верхнія ярусы вежаў адсутнічаюць, іх ніжнія чацверыкі завяршае масіўны атык, аздоблены арачнымі нішамі. За манументальнай класіцыстычнай стылістыкай фасада ўжо складана заўважыць барочную сутнасць архітэктонікі святыні. Пры перадачы касцёла пад праваслаўную царкву ў 1866 г. дах зрабілі больш пакатым і ўзвялі над ім несапраўдны купал з цыбулепадобнай галоўкай.

План горада.
Падобную гісторыю доўгатэрміновага будаўніцтва меў кляштар дамініканцаў у Пінску, другі па часе фундацыі ў Беларусі, заснаваны яшчэ ў 1542 г. каралевай Бонай. Драўляныя будынкі касцёла і кляштара ўзведзены пасля 1666 г. на ахвяраванні полацкай ваяводзіны Лукрэцыі Марыі Стозен-Копцавай, на 1678 г. прыпадае фундацыя пінскім дамініканцам Станіслава Казіміра Радзівіла. У 1747 г. будынкі былі знішчаныя пажарам, пасля чаго, на сродкі Войцеха Пуслоўскага, дамінікане самі адбудавалі мураваныя гмахі касцёла і кляштара, будаўніцтва якога доўга не маглі закончыць. (Аднак комплекс ужо фігураваў на плане горада 1787 г. – РДВГА, ф.ВВА, спр.21563, арк.11; ВВА — Ваенна-вучоны архіў, у фондзе якога захоўваецца большасць графічных матэрыялаў па рыма-каталіцкіх касцёлах Расійскай імперыі, перададзеных ваенным ведамствам). Кляштар стаяў асобна ад касцёла. Комплекс размяшчаўся ў цэнтры горада, праз два кварталы на поўнач ад езуіцкага касцёла.

Дамініканскі касцёл у Пінску (цяпер не існуе). Фотаздымак пач. ХХ ст. з калекцыі Святланы Адамовіч.
Касцёл быў завершаны толькі ў ХІХ ст. і меў рысы архітэктуры барочнага класіцызму. У 1860-я гг. ён быў прыстасаваны пад праваслаўную царкву (РДГА, ф. 1293, воп. 165, спр. 148), а ў 1950-я гг. падчас «сацыялістычнай рэканструкцыі» цэнтра Пінска знесены разам з мураванай гарадской ратушай, рэнесанснай сінагогай ХVІІ ст. і астатняй гістарычнай забудовай. Паводле графічных архіўных матэрыялаў, гэта была трохнававая базыліка з бязвежавым фасадам. Паўкруглую сцяну прэзбітэрыя ўпрыгожваў архітэктанічны алтар у выглядзе шматкалоннага порціка карынфскага ордэра, які пазней быў закрыты невысокім праваслаўным іканастасам. Конха над алтарнай часткай дамініканскага касцёла была размаляваная ілюзіяністычным сюжэтным і арнаментальным жывапісам, накшталт пінскага бернардынскага касцёла, таксама ператворанага ў ХІХ ст. у Варварынскую царкву (цяпер яна рамантуецца, і невядома, ці будзе захавана яе ўнікальная размалёўка).

Такім чынам, мураванае храмабудаўніцтва ордэна дамініканцаў у Беларусі мае самую разнастайную архітэктурную тыпалогію: аднанававыя святыні і трохнававыя базылікі, з трансептам і без яго, з двухвежавымі і бязвежавымі фасадамі, з купальнымі бакавымі капліцамі і шэрагамі бяскупальных капліцаў у бакавых навах і г.д. Відавочна, што архітэктанічныя кампазіцыі касцёлаў пры агульнасці будаўнічых традыцый залежалі ад месца і часу пабудовы, магчымасцяў фундатараў і «ўласнага помыслу» таленавітых будаўнікоў-дамініканцаў, пра якіх, часцей за іншыя каталіцкія законы, у архіўных інвентрах паведамляецца, што свае пабудовы яны ўзводзілі самі.

На працягу двух стагоддзяў — ад узвядзення першага мураванага касцёла дамініканцаў у Мінску і да дэкрэта 1832 г. аб скасаванні іх кляштараў ужо ў межах Расійскай імперыі — святыні ордэна неаднаразова мянялі стылістыку і мастацкі вобраз. У іх адбіліся манументальнасць ранняга барока, кантраст стрыманай суровасці вонкавага аблічча і пышнай экзальтаванасці інтэр’ераў «сармацкага» барока, ілюзіяністычнасць і вытанчанасць віленскага барока, першыя павевы класіцызму. Яны адчулі на сабе моцны ідэалагічны ціск, што выявіўся ў закрыцці і перабудовах святыняў, перадачы іх праваслаўнай Царкве, фізічным знішчэнні. Хаця да нашага часу ацалела даволі нязначная колькасць сакральных збудаванняў ордэна дамініканцаў, на падставе аб’ектыўнага аналізу архіўных крыніц і натурных даследаванняў можна сцвярджаць, што храмабудаўніцтва гэтага некалі самага пашыранага на беларускіх землях каталіцкага ордэна з’яўляецца адной з найбольш яркіх старонак гісторыі манументальнай архітэктуры Беларусі, яе залатым фондам.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY