Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(27)/2004
Юбілеі
Галерэя
Мастацтва
Пераклады

ЦЯРПЕННІ ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ
Хрысціянская думка
На шляху веры
Сведчаць архівы

КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА ГІСТОРЫІ
Архіўная старонка
Паэзія

ВЕРШЫ
Бібліятэка часопіса «Наша вера»

ЖЫЎ ДЛЯ БЕЛАРУСІ
Пераклады

ПОЙДЗЕМ ЗА ІМ!

НЕВЯДОМЫ ДАНТЭ

ВЕРШЫ
Memoria

АДНО ІМЯ ЛЮБОВІ
Нашы святыні
Юбілеі

СЫН БРАНІСЛАВА ТУРОНКА
Проза
Музыка
Вандроўкі

ВАРАЖСКІМ ШЛЯХАМ

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага

У выдавецтве «Беларускі кнігазбор» рыхтуецца да друку кніга Кастуся Цвіркі «Край легенд» з падзагалоўкам «Гісторыя Беларусі паводле паданняў і фактаў». Гэта – звязаныя паміж сабой гістарычныя апавяданні, у якіх раскрываецца ўся гісторыя Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён. Прапануем чытачам «Нашай веры» адно з апавяданняў з нагоды юбілею аўтара.

 
Кастусь ЦВІРКА

КНЯЗЬ КЕЙСТУТ – ВЯЗЕНЬ МАРЫЕНБУРГСКАГА ЗАМКА

Звонка цокаюць па зледзянелай дарозе падкаваныя капыты многатысячнай конніцы, паціху пабразгваюць схаваныя ў похвах мячы ды палашы вершнікаў. Промні сонца, што прабіваюцца часам скрозь суцэльнае покрыва рабрыстых воблакаў, мірна гуляюць на баявой сталі.

Уперадзе, пусціўшы перад сабой разведвальна-ахоўную дружыну, едуць побач два статныя, у поўнай баявой экіпіроўцы вершнікі. Гэта – Альгерд і Кейстут.

Цяпер, калі вярхоўная ўлада Вялікага Княства апынулася ў іх руках, браты з усёй рашучасцю ўзяліся бараніць Бацькаўшчыну ад несутрымнага нямецкага рыцарства. У адказ на ўварванне немцаў у падуладныя беларускай дзяржаве Жамойць і Аўкштацію войскі Альгерда і Кейстута агнём і мячом прайшлі па крыжацкіх уладаннях Прусіі і Лівоніі, «поля немецкие кровию обливши», як зазначаюць летапісы.

Але крыжакі не думалі адступацца ад сваіх мэтаў. У студзені 1348 года вялікі магістр прускага ордэна Генрых Дусмер сабраў з паломнікаў Германіі, Францыі, Англіі і іншых краін 40-тысячную раць і пайшоў з ёю да межаў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Рабуючы і спальваючы сустрэтыя на шляху жамойцкія селішчы, крыжакі набліжаліся да Трокаў. Князь Кейстут паслаў ганцоў да Альгерда ў Вільню. Войскі двух братоў пайшлі насустрач захопнікам. 2 лютага на рацэ Стрэве адбылася крывавая бітва, у якой палеглі і затанулі ў ледзяной вадзе Стрэвы тысячы літвінаў. Загінуў там і пінскі князь Нарымонт Гедымінавіч. Але, нягледзячы на вялікія страты, Альгерд з Кейстутам не пусцілі ў глыбіню краіны крыжакоў, якія таксама пакінулі на полі бою не адну тысячы сваіх ратнікаў.

Жорсткая і крывавая для абодвух бакоў бітва на Стрэве паказала крыжакам моц і непераможнасць Вялікага беларускага гаспадарства, таму яны з гэтага часу адмовіліся выступаць на нашы землі вялікімі, многатысячнымі войскамі і перайшлі да тактыкі кароткачасовых набегаў-рэйзаў. Такім спосабам яны хацелі аслабіць нашу краіну, каб потым нанесці ёй сакрушальны ўдар. Але беларусы таксама не спалі ў шапку і ў адказ на крыжацкія рэйзы наладжвалі свае спусташальныя набегі на прускія ды лівонскія землі.

Праз пятнаццаць гадоў пасля бітвы на Стрэве, убачыўшы, што вялікі князь Альгерд з галавой заняўся на ўсходзе збіраннем беларускіх земляў, крыжакі пачалі зноў пераходзіць ад дробных рэйзаў да буйных ваенных выправаў на Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае.

Вясной 1361 года крыжацкія полчышчы ўварваліся на Берасцейшчыну. Зноў запалалі беларускія вёскі і сёлы, палілася людская кроў. Ды князь Кейстут даволі хутка падняў сваё акрэплае за апошнія гады войска і разам з адборнай конніцай вялікага князя Альгерда, які ў самы раз падаспеў на дапамогу брату, з усёй рашучасцю абрынуўся на ворага. Крыжакам, што не чакалі такога магутнага адпору, давялося падмазаць пяты. Альгерд з Кейстутам пусціліся ў пагоню, адбіраючы вялікі палон і шматлікія вазы лупу, усцілаючы долы забітымі рыцарамі.

Расправіўшыся з няпрошанымі гасцямі, Альгерд з Кейстутам захацелі пазабаўляцца паляваннем у Белавежскай пушчы. Княжацкія асочнікі загадзя высачылі мядзведзяў і не спускалі з іх вачэй, чакаючы шаноўных паляўнічых. Калі шумная княжацкая кавалькада прыскакала ва ўмоўленае месца, Кейстутаў лоўчы ўзяўся расстаўляць дзе трэба паляўнічых. Альгерд і Кейстут пад аховай сваіх ваяроў пасталі з вострымі дзідамі напагатове ў розных канцах вялікай утравелай паляны, па якой асочнікі меркавалі гнаць звяроў. Чуйна лавілі браты кожны гук з таго боку лесу, адкуль павінны былі па бураломе ды ламаччы прабірацца мядзведзі.

Чакалі князі з засады сваю паляўнічую ўдачу і думаць не думалі ў гэтай глушы пра небяспеку. Але дарэмна. І тут прысачыла іх чужацкае вока. Здарылася так, што якраз у гэтай пушчы засталася рэшта нямецкіх рыцараў, якіх не дагнала ў час пагоні літвінская дзіда. Яны даўно ўжо былі б дома, у сваёй Прусіі, але дарогу ім перагарадзіў наравісты Нараў, які ад расталага снегу выйшаў з берагоў. Пятляючы па пушчы, крыжакі шукалі месца, дзе б можна было перабрацца на той бок ракі. І нечакана згледзелі паляўнічых. Ды не абы якіх! Саміх верхаводаў Вялікага Княства Літоўскага! Ціхенька выбавіўшыся з гушчару і адшукаўшы, нарэшце, дарогу, немцы прышпорылі коней і на ўвесь дых паляцелі да бліжэйшай крыжацкай цвярдыні Экерзберг.

Сабраўшы ладны атрад рыцараў, крыжацкі камандзір Генрых Краніхфельд патаемнымі сцежкамі непрыкметна падкраўся з тылу да самых галоўных паляўнічых. Крыжакі з ходу накінуліся на іх. Князь Альгерд паспеў адскочыць ад нападнікаў, а яго ахоўнікі хутка адцяснілі немцаў. Кейстута ж раптоўным ударам выбілі з сядла і, звязаўшы яму рукі і ногі, ускінулі на каня. Кейстутаў сын Патрыкій рвануўся быў на выручку бацьку, але яго самога выбілі з сядла. Крыжакі далі пад бакі коням і падаліся прэч са сваёй незвычайнай здабычай. Усё гэта адбылося так імгненна, што паляўнічыя і ахоўнікі не адразу зразумелі, якая сталася тут неспадзяванка.

Замак у сталіцы крыжакоў Мальборгу.
Крыжакі адвезлі князя Кейстута ў галоўную іхнюю цвярдыню – Марыенбург, ці Мальборг, і адразу прывялі да вялікага магістра крыжацкага ордэна Вінрыха фон Кніпродэ.

Вельмі задаволены быў вялікі магістр, што ў яго рукі трапіла такая рэдкая птушка. О, як важна пахаджваў ён перад такім грозным усяго дзень назад і такім бездапаможным цяпер, хоць горда зацятым, з пагрозлівымі іскрамі ў вачах сваім галоўным праціўнікам!

Пасадзілі князя Кейстута ў самую надзейную камеру ў высокай вежы замка. Чатыры таўшчэзныя каменныя сцяны, жалезныя дзверы, што замыкаліся на некалькі замкоў. І думаць не думай выбавіцца з гэтай змрочнай клеткі, што ледзь-ледзь асвятлялася вузенькім, запавуціненым акенцам пры самай столі, перакрыжаваным жалезнымі кратамі.

Не дзень і не два сядзеў у крыжацкай вязніцы літвінскі князь. Прайшоў месяц, другі, пацягнуліся новыя месяцы, а ён, і праўда, як тая злоўленая птушка, біўся крыламі-думамі ў гэтых чатырох сценах. Больш за ўсё думалася пра свой край: хто яго абароніць цяпер ад хіжай нямецкай навалачы? Каб неяк адагнаць маркотныя думкі, гнятлівую турэмную аднастайнасць, ён пачаў гаварыць уголас, гаварыць сам з сабой. І як заўсёды, па-свойму, па-беларуску. Аднаго разу ў яго камеры-клетцы больш чым належала затрымаўся заўсёды пануры немнагаслоўны наглядчык, які прынёс яму вячэру. Гэта быў яшчэ малады чалавек, здаецца такіх жа, як і Кейстут, гадоў.

– Я чуў праз дзверы, што ты гаварыў па-русінску, – ціха, як бы палагаднелым голасам, гледзячы вязню ў вочы, сказаў наглядчык. – Хто ты?

– Я – літоўскі князь Кейстут, – гэтак жа ціха, з нейкай надзеяй у сэрцы адказаў вязень. – У нас у Літве, якую яшчэ клічуць Белая Русь, усе так гавораць – па-русінску, а больш правільна – па-беларусінску. І ўсе дакументы пішуцца гэтай мовай.

– Я ведаў, што сярод вязняў сядзіць у замку літоўскі князь Кейстут, але ў якой камеры мне не сказалі. Наглядчыку паложана ведаць толькі нумар камеры. Я здагадаўся, хто тут сядзіць, калі ты загаварыў... па-беларусінску. Ён выглянуў у калідор і, шчыльна прычыніўшы жалезныя дзверы, сказаў прама:

– Я таксама літвін... Калі пачуў ад цябе беларусінскую мову, мне здалося, што я вярнуўся дамоў, у сваё селішча, дзе ўсе так гутараць... Толькі я не помню, дзе гэта было, бо я быў яшчэ малым, калі мяне схапілі немцы і павезлі з сабой... Нават імя мацеры і бацькі не помню, толькі помню, як лашчылі яны мяне. Бацька на гершках любіў мяне насіць. Ды што казаць, я і сваё імя забыў... Мяне прымусілі яго забыць. Назвалі Альфам. Альф – толькі так мяне тут і клічуць... Усё, што я табе сказаў, хай будзе толькі між намі... Лічы, што я табе нічога не гаварыў.

– Я нікому не скажу, – запэўніў яго Кейстут, калі наглядчык ішоў да дзвярэй.

Другім разам, калі наглядчыку спатрэбілася зайсці ў камеру, Кейстут запыніў яго і ціха сказаў:

– Альф! Памажы мне ўцячы адсюль... Давай разам уцячом... У нашу Літву... Для мяне ты станеш тады першым чалавекам...

Але Альф нічога не адказаў. Ён моўчкі зачыніў за сабой дзверы камеры.

А вечарам, калі ўсё сціхла ў вязніцы, Альф зноў нечакана заявіўся да Кейстута.

– Я даўно хачу ўцячы ў сваю Літву, князь, – гарачкава загаварыў ён. – Вярнуцца ў нашу Белую Русь. На Бацькаўшчыну. Можа, знайду сваё селішча, мо пазнаў бы нашы мясціны...

– Мы можам уцячы толькі разам, Альф. Ты паможаш мне, а я табе. Давай падумаем, як гэта зрабіць.

– А я падумаў ужо. Толькі слухай мяне...

Назаўтра Альф непрыкметна прынёс князю Кейстуту разам з ежай і ўкручаную ў анучу кірку. Аддаючы яе, ён паказаў на сцяну: – Во тут табе трэба прабіць лаз. Толькі стукай пасля паўночы і не надта гучна. А каб якое начальства не ўбачыла, засланяй дзірку нарамі.

– Ці ж можна без груку прабіць такі мур, Альф?

– Калі захочаш – праб’еш, – цвёрда сказаў наглядчык і зачыніў дзверы.

Больш за месяц дзяўбаў князь Кейстут непадатны таўшчэзны мур нямецкай цвярдыні.

Калі лаз быў гатовы, Альф прынёс у камеру разам з вячэрай нейкі скрутак. У ім была тоўстая вялікая вяроўка.

Па гэтай вяроўцы ва ўмоўлены час, далёка за поўнач, вязень Кейстут спусціўся па высознай тыльнай сцяне ўніз. Там яго чакаў ужо Альф з двума аседланымі коньмі. Апрануты ён быў у белы рыцарскі плашч з вялікім крыжам. Гэткі ж плашч падаў Альф і Кейстуту. А з плашчом і рыцарскае ўзбраенне.

Прывычным рухам князь ускочыў у сядло.

Каля уязной брамы двух «рыцараў» запыніла варта. Альф сказаў пароль, і брама расчынілася перад імі.

Ад брамы нейкі час ехалі павольна, каб не выклікаць падазрэння. Калі ж чорны гмах Марыенбургскага замка пачаў ужо злівацца з начной цемрай, так прышпорылі коней, што аж пырскі ляцелі з-пад капытаў ды шалёна лапацелі за спінамі крыжастыя рыцарскія плашчы.

Прыскакаўшы ў межы свайго Трокскага княства, да сваёй старожы, Кейстут сказаў спыніць коней. «Рыцары» скінулі з сябе крыжацкія плашчы і апрануліся ў звычайнае адзенне. Плашчы скруцілі, прывязалі да сёдлаў, і князь Кейстут загадаў воям са старожы адвесці коней з усёй экіпіроўкай нямецкай варце з наказам адаслаць іх вялікаму магістру крыжацкага ордэна. Пры гэтым ён папрасіў перадаць яму ліст, у якім напісаў: «Вялікі магістр! Дзякуй за прытулак! Я не злодзей, таму вяртаю табе назад коней з тваёй стайні і плашчы тваіх рыцараў. Хачу яшчэ запэўніць цябе: калі ты трапіш у мае рукі, я больш надзейна буду цябе ахоўваць. Князь Кейстут».

Гэты выпадак з гісторыі не прамінуў апісаць у сваіх «Спевах пра даўных літвінаў» Ян Чачот (верш «Уцёкі Кейстута з Мальборга»):

О, быў мулярам наш Кейстут,
Як яго прыгнула доля:
У Мальборгу мур вязніцы
Малатком прабіць ён здолеў!
Разам з Альфам, што служыў там,
Дзёўб той мур штоноч зацята –
Толькі б з сцен крыжацкіх воля
Зоркай бліснула крылата.
О, наш Кейстут крыжаком быў!
Дзякуй Альфу – з ім праз гоні
Князя ў белым з крыжам чорным
Проста ў зоры неслі коні!..

А Чачотаў сябра Адам Міцкевіч на аснове гэтага гістарычнага факта напісаў гістарычную паэму «Конрад Валенрод», у цэнтры якой ён паставіў уцекача-літвіна Альфа, даўшы яму яшчэ імёны Вальтэр і Конрад Валенрод. Праўда, вялікі паэт творча падышоў да гэтага вобраза, зрабіўшы героя кіраўніком крыжацкага ордэна. Вельмі пераканаўча паказаў Адам Міцкевіч унутраныя матывы, якія схілілі Альфа ўцячы на Бацькаўшчыну. Вось як расказвае князю Кейстуту сам Альф:

– Сам не ведаю, хто я,
Нават імя не помню: дзіцем я немцамі ўзяты.
Помню толькі, што недзе ў месце вялікім літоўскім
Дом стаяў наш бацькоўскі. З цэглы чырвонай, прасторны.
Места ж было ўсё драўляным. Помню, на ўзгорках стаяла.
А навокал узгоркаў цёмная пушча шумела.
У лясах тых бясконцых возера светла блішчала.
Шум аднойчы страшэнны нас пабудзіў сярод ночы.
Дзень у вокнах агністы ўбачыў я, покалі шыбы,
Дым клубіўся па гмаху, мы ўсе выбеглі з дому.
У агні ўвесь быў горад, іскры ляцелі пад неба.
Зычны крык тут пачуў я: «Немцы ў месце! Да зброі!»
Выбег быцька мой з мечам, выбег і больш не вярнуўся.
Немцы ў дом уляцелі. Коннік пагнаўся за мною
І ухапіў мяне з долу. Потым што стала, не знаю.
Толькі крык маёй маткі доўга йшчэ, доўга мне чуўся...
Не глушыў яго зброі бразгат, шуганне пажараў.
У вушах маіх немы крык той стаіць і па сёння.
І цяпер, калі ўбачу я дзе пажар, шум пачую,
Рэхам грому ў пячоры зноў адгукнецца крык той
У душы, уваскросшы. Вось што я толькі помню
Пра Літву і радзіну. Часам я хіба ў трызненнях
Бачу любую постаць маткі, і бацькі, і браццяў.
Ды ўсё далей іх твары ўжо ад мяне адыходзяць
І ўсё цямнейшай імглою іх засланяюцца рысы.
Дні дзяцінства ляцелі, жыў я між немцаў як немец.
Далі імя мне – Вальтэр, прозвішча Альфа ў прыдачу.
Ды пад іменем нямецкім білася сэрца літвіна,
Па сям’і ў ім застаўся жаль і да немцаў нянавісць.
Да сябе мяне ўзяў быў Вінрых, магістр крыжаносцаў,
Ахрысціў мяне потым, песціў, як роднага сына.
Я ж тужыў у палацах і ўсё уцякаў ад магістра
К вайдэлоту старому. Ён, вайдэлот наш, літоўскі,
Жыў даўно ўжо між немцаў, імі калісь паланёны.
Перагаворшчыкам быў ён у крыжакоў, у іх войску,
І калі ён дазнаўся, што сірата і літвін я,
Да сябе мяне клікаў, пра Літву мне расказваў.
Мне душу, што балела, пераварочваў тады ён
Словам мовы айчыннай, гукамі роднае песні...

Што ж да князя Кейстута, то яго неверагодныя ўцёкі з Марыенбургскага замка вельмі ўзрадавалі вялікага князя Альгерда. Цяпер ён зноў быў спакойны за заходнія межы Беларусі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY