|
|
№
1(4)/1998
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Сведчаць архівы
Пра самае важнае
Kaнтэкcт
Мастацтва
Драматургія
Паэзія
Да Юбілею 2000 Года
Tрaдыцыя
|
1. Езуіты ў Мінску Мінск належыць да ліку найстаражытных гарадоў Беларусі. Выгаднае месца знаходжання садзейнічала яго хуткаму развіццю, і ўжо ў сярэдзіне ХVст. Мінск, пра які ўпершыню згадвалася ў летапісе ў 1067г., уваходзіў у лік 15-ці найбольш значных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове ХVІст. горад меў пяць асноўных раёнаў забудовы: Замак, прылягаючы да яго Ніжні (або Стары) рынак, Высокі рынак, Траецкую гару і Татарскі канец (цяпер Ракаўскае прадмесце). «Высокае месца», «Верхні рынак», «Верхні горад», «Саборная плошча» - гэтыя назвы насіла тая частка Мінска, што сёння вядомая як плошча Свабоды і яе кварталы. На плошчы, размешчанай на маляўнічым узгорку, знаходзіліся ратуша і гандлёвыя рады, некалькі кляштараў - бернардынскія (мужчынскі і жаночы), дамініканскі, базыльянскі (мужчынскі і жаночы), езуіцкі - сядзіба мастака В.Ваньковіча, так званы Дом масонаў і жылыя дамы гараджанаў.
У пісьмовых крыніцах ёсць звесткі, што езуіты з'явіліся ў горадзе напрыканцы ХVІст., аднак афіцыйна прынятай датай іх пасялення лічыцца 1654 год, калі біскуп І.Сангушка за 800 злотых купіў у багатага мешчаніна Г.Гегера сядзібу ў самым цэнтры Мінска і падарыў яе езуітам. Багатыя фундацыі дазволілі езуітам ужо ў канцы 50-х гадоў ХVІІст. распачаць вялікае будаўніцтва: школы, бурсы «для ўбогіх», калегіума. Нам мала вядома пра існаванне першага каменнага (цаглянага?) касцёла, аб якім згадваў у сваім дзённіку стольнік П. Талстой*, але дакладна вядома, што будаўніцтва існуючага храма было распачата ў дзень св.Марка - 24 красавіка 1700г. У Рымскім архіве езуітаў захаваўся праектны план мінскага касцёла, які не быў рэалізаваны (на жаль, яго аўтар невядомы).
У 1705г. касцёл ужо быў перакрыты скляпеннямі і накрыты дахам, а да 1708г. езуіты закончылі асноўныя апрацоўчыя работы ў інтэр'еры. 16 сакавіка 1710г. адбылося ўрачыстае асвячэнне храма пад тытулам Езуса, Марыі і Святой Барбары Віленскім біскупам К.Бжастоўскім. Аднак завяршэннем будаўніцтва касцёла можна лічыць пачатак 30-х гадоў ХVІІІст. У адной з фасадных вежаў тады ўстанавілі гадзіннік, прывезены з Гданьска, які павінен «...паказваць час і дні, каб быў вядомы ўсялякі час», а ў іншай - званы, «...каб склікаць народ»... Унутраныя работы ў касцёле працягваліся яшчэ даволі доўга. Сярод імёнаў майстроў, якія працавалі ў храме, ёсць знакамітыя: мастак Якуб Брэтзер, Матэвуш Бейтнік, Ігнацы Дарэцці, архітэктар Францішак Карэў, сталяр Ян Шэферс і многія іншыя, што пакінулі нам у спадчыну свае цудоўныя тварэнні ў касцёлах і кляштарах Польшчы, Літвы, Украіны. Будаўніцтвам комплекса езуіцкага кляштара практычна завяршылася фармаванне архітэктурна-планіровачнай структуры цэнтра Мінска - Верхняга горада. Безумоўна, цэнтральнае месца ў комплексе збудаванняў кляштара належала касцёлу. 2. Мінск. Катэдральны касцёл Пасля касацыі ордэна езуітаў у 1773г. былы кляштарны касцёл стаў парафіяльным. Вядома, што ў 1797г. будынак пацярпеў падчас гарадскога пажара, але невядома, наколькі значныя былі тыя страты. 28 красавіка 1798г. Найвышэйшым Указам Правячага Сената і Булай Папы VІ, выдадзенай у Фларэнцыі 15 лістапада таго ж года, была ўстаноўлена Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія, а мінскі Марыінскі касцёл узведзены ў ранг Катэдральнага. Першым біскупам Мінскай дыяцэзіі стаў ксёндз Якуб Дадэрка, з імем якога звязана рэканструкцыя касцёла канца ХVІІІ-пач.ХІХст. Рукапісныя дакументы, якія захоўваюцца ў архівах розных гарадоў, апавядаюць пра грандыёзныя работы, праведзеныя па ініцыятыве мінскага біскупа. Найбольшая ўвага была нададзена аздабленню інтэр'ера храма. У адным з дакументаў паведамляецца пра тое, што скляпенні касцёла і яго сцены былі цалкам распісаны «...мэтрам Казімірам Анташэўскім, вядомым сваёй працаю ў 11 касцёлах Мінскай дыяцэзіі** на тэму Таінстваў са Старога і Новага Запаветаў і абразамі з гісторыі касцёла». Сучаснікі, якія бачылі вынікі зробленага, а таксама спецыялісты ў галіне жывапісу даюць розныя ацэнкі гэтай працы, але яны аднадушна сцвярджаюць, што менавіта ў тыя гады касцёл ператварыўся ў цудоўную па архітэктуры і ўбранні Галоўную Святыню не толькі Мінска, але і ўсяго краю. У сярэдзіне 1850-х гадоў у будынку касцёла адбыліся значныя перамены. Вялікая роля ў вызначэнні характара, аб'ёмаў і, асабліва, выканання жывапісных работ належала віленскаму мастаку Валасевічу, хаця аўтарам праекта рэканструкцыі і яе кіраўніком быў мінскі губернскі архітэктар Казімір Мельхіёравіч Хршчановіч (1794-1871), вядомы як аўтар многіх значных будынкаў Мінска. У выніку праведзеных работ дах храма быў пакрыты бляхаю і пафарбаваны, архітэктурны дэкор фасадаў (пілястры, калоны і паўкалоны), адноўлены, з боку галоўнага фасада зроблены новыя дзверы, а ўвесь касцёл звонку пабелены. Сцены і скляпенні храма былі нанова распісаны, на галерэі патроена новая рашотка, значна рэканструяваны хоры і цалкам зменена дэкаратыўнае афармленне аргана. Сцены ў капліцах Св.Тройцы і св.Феліцыяна былі распісаны ў тэхніцы «аль-фрэско», капітальна рэканструяваны алтары... Сёння цяжка суаднесці ступень здабыткаў і стратаў, якія непазбежна бываюць падчас рэканструкцыі, вызначыць «правых» і «няправых». Мы можам толькі шкадаваць аб страчаным і радавацца таму, што захавалася... 3. Марыінскі касцёл 15 ліпеня 1869г. Мінскі біскуп Адам Валадкевіч атрымаў дакумент аб скасаванні Мінскай дыяцэзіі: Катэдральны касцёл стаў парафіяльным Марыінскім (Nominis DV Mariae). Кіраўніцтва дыяцэзіяй спачатку часова перайшло да Віленскага, а потым - да Магілёўскага біскупа.
У снежні 1908г. парафіяне мінскага Катэдральнага касцёла звярнуліся ў «Савет 22 Міністраў». Копія звароту, напісаная на лаціне, была накіравана ў Рым Святому Айцу. Парафіяне прасілі аднавіць Мінскую дыяцэзію, а таксама пісалі, што «...касцёльныя фундушы, якія належаць капітуле Мінскай дыяцэзіі, напрыклад, цагляны будынак, дзе жыў біскуп, цагляны кляштарны корпус былога дамініканскага кляштара, у якім знаходзілася семінарыя і іншыя будынкі, што належалі катэдральнаму касцёлу, ...павінны быць вернуты ўладальніку...» Аднак тады парафіянам было адмоўлена ў іх законнай просьбе.
Дакументы сведчаць, што ў 1905-1906гг. пробашчам Марыінскага касцёла быў кс.Зыгмунт Лазінскі, які пасля аднаўлення ў 1917г. Мінскай дыяцэзіі стаў яе біскупам. 4. Спартыўны клуб
Падчас Айчыннай вайны ніводны культавы будынак на плошчы Свабоды і прылягаючых раёнах горада практычна не быў разбураны (!) - гэта добра відаць на пасляваенных фатаграфіях Мінска. Аднак хутка пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Марыінскі касцёл быў зноў зачынены і доўгі час не меў гаспадара. У студзені 1947г. Міністэрства харчовай прамысловасці БССР звярнулася ў Кіраўніцтва па справах рэлігійных культаў пры СМ БССР з просьбаю перадаць будынак Катэдральнага касцёла для пашырэння сваёй вытворчасці. Аднак было прынята іншае рашэнне: «Аб часовай перадачы памяшкання рымска-каталіцкага касцёла, які знаходзіцца ў Мінску, на пл. Свабоды, 9, Беларускаму драматычнаму тэатру імя Янкі Купалы без права яго ўнутранага і знешняга пераабсталявання... для захоўвання дэкарацый тэатра». Гэта рашэнне было толькі пачаткам трагічнага перыяду ў жыцці святыні. Напрыканцы 1940-х гадоў у рэспубліцы панавала надзвычай негатыўнае стаўленне да помнікаў, асабліва культавых. Каб не было перашкодаў для карэннай рэканструкцыі або нават зносу, помнікі архітэктуры спачатку выключаліся са спіскаў. У выніку, нягледзячы на пратэсты Галоўнага Архіўнага Кіраўніцтва пры СМ СССР, улады Беларусі санкцыянавалі знос і рэканструкцыю многіх значных і нават унікальных помнікаў рэспублікі, да ліку якіх належыць і Катэдральны касцёл у Мінску. У адпаведнасці з рашэннем ад 27 ліпеня 1948г. касцёл перадалі спартыўнаму таварыству «Спартак» для пераабсталявання пад дзіцячы спартыўны клуб. Перабудову храма паводле праекта архітэктара інстытута «Белдзяржпраект» Н. Драздова завяршылі да канца 1950г.
Нехта хацеў, каб з нашага жыцця назаўсёды знікла гэта велічная святыня. Не выйшла. Нягледзячы на значнасць, страты не былі незваротнымі. Супрацоўнікі Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў яшчэ ў 1982г. прапанавалі план паэтапнай рэстаўрацыі былога касцёла і яго прыстасавання пад канцэртную залу Белдзяржфілармоніі. Аднак у тыя гады праект не рэалізавалі і будынак заставаўся ў спартыўным ведамстве яшчэ больш як дзесяць гадоў. 5. Катэдральны касцёл. Адраджэнне Не буду апавядаць пра тое, колькі лістоў напісалі католікі ў розныя інстанцыі з просьбаю вярнуць ім святыню, як мерзлі парафіяне на прыступках былога касцёла, адстойваючы сваё права маліцца ў ім - пра гэта ўжо нямала напісана. І вось настаў дзень - 15 снежня 1993 года - калі была прынята Пастанова аб вяртанні веруючым Катэдральнага касцёла. Гэта зрабіла магчымым не толькі яго духоўнае адраджэнне, але і аднаўленне унікальнага помніка ХVІІІ стагоддзя. Арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі і Адміністратар Пінскі ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк асабіста кіраваў рэстаўрацыйнымі работамі. Творчы калектыў складаўся з беларускіх і польскіх спецыялістаў. Цяжкая і высакародная праца працягвалася тры гады і два месяцы.
Адноўлены паўднёва-заходні (з боку апсіды) фасад касцёла, які таксама мае багаты архітэктурны дэкор. Капліцы Святой Тройцы і святога Феліцыяна, што прылягаюць да апсіды, розныя па архітэктурным і мастацкім вырашэнні, і гэта надае святыні яшчэ больш дынамічны і маляўнічы характар. На жаль, пакуль не адноўлены інтэр'ер касцёла, і мы не можам убачыць вядомыя нам з інвентарных вопісаў і здымкаў пачатку ХХст. цудоўныя фігуры 12 апосталаў, аднак мы ўжо сёння можам радавацца дакладнасці вобразаў, раскрытых беларускімі рэстаўратарамі ў апсідзе касцёла, любавацца арнаментальным жывапісам, выкананым «пад лепку» на профільных цягах антаблемента, сюжэтным жывапісам на скляпенні Троіцкай капліцы касцёла. Адноўлены карніз у галоўнай наве святыні з своеасаблівай галерэяй, агароджанай металічнаю рашоткаю, якую зрабілі ўмелыя рукі польскіх майстроў. На скляпеннях, калонах і сценах святыні зроблены і захаваны зандажы, якія дазваляюць бачыць фрагменты жывапісу, што ўпрыгожваў касцёл у розныя часы. Не будзем сёння гаварыць пра няўдачы і памылкі, якія, відаць, непазбежныя ў працэсе працы. Сёння - Час Радасці. Да нас вярнулася Памяць - матэрыяльная, духоўная, светлая... У 1998г. мы будзем адзначаць юбілей: 200 гадоў Мінскай дыяцэзіі і яе галоўнай святыні - Катэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. У прызначаны дзень мы, як заўсёды, прыдзем у цудоўную Святыню, якая, пераадолеўшы ліхія часы, бездухоўнасць і бяспамяцтва, зноў разам з намі. Цуд адраджэння адбыўся.
*Талстой П.А. - рускі дыпламат, які быў праездам у Мінску ў 1697г.
**Найбольш вядомая праца К.Анташэўскага - роспіс касцёла ў Будславе.
|
|
|