Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(40)/2007
Галерэя
Год паклікання да святасці

INVICTI ATHLETAE CHRISTI

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ НА АБРАЗЕ ХЕНРЫКА МУСЯЛОВIЧА

МАЛІТВА ДУШАЎ

СВЯТЫ АНДРЭЙ БАБОЛЯ
На кніжнай паліцы
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Падзеі
Пераклады

РАДЗІВІЛІЯДА

КАРАЛАМАХІЯ

БАГІ ПАГАНЦАЎ
Юбілеі
Пераклады

НА ЖЫЦЦЁ МАДОННЫ ЛАУРЫ
Вера & Cultura

КРЫЗІС ІДЭНТЫЧНАСЦІ
Інтэрв'ю
Практыкум

ПРАРОК САФОНІЯ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Эпісталярый

ЛІСТЫ ДА ДАНУТЫ БІЧЭЛЬ
Асвета

Дадатак да артыкула - Галерэя
Айцец Аркадзь КУЛЯХА OCD

САНКТУАРЫЙ МАЦІ БОЖАЙ ШКАПЛЕРНАЙ У ГУДАГАІ

На зямлі ёсць шмат месцаў, пазначаных прысутнасцю Бога, у якіх вернікі атрымліваюць шматлікія ласкі. Кожны касцёл, кожная капліца, а таксама прыдарожныя крыжы або фігуры — гэта прастора сустрэчы чалавека з Богам, які прамаўляе неспасцігальнаю любоўю. Часам гэта незвычайнай прыгажосці катэдры і базылікі, часам — простыя драўляныя і маленькія святыні. Бог сам выбірае пэўныя месцы і ахвяруе іх чалавеку, выходзячы насустрач яго ўнутраным патрэбам і аб’яўляючы сябе. Вялікаю пашанаю акружаны месцы, дзе адбываюцца розныя цуды. Сярод святыняў, рассеяных па свеце, асаблівую ролю адыгрываюць марыйныя санктуарыі — месцы, звязаныя з аб’яўленнямі Маці Божай, цудоўным з’яўленнем Яе выяваў або іншымі падзеямі, якія прывабліваюць шматлікіх вернікаў. На Беларусі таксама даволі шмат месцаў, дзе Бог здзяйсняе вялікія справы праз пасрэдніцтва сваёй Маці. Дастаткова ўзгадаць паўсюдна вядомыя святыні Маці Божай Будслаўскай — Апякункі Беларусі, Маці Божай Лагішынскай — Каралевы Палесся, Маці Божай Брэсцкай, Тракельскай, Кангрэгацкай, Бялыніцкай, Браслаўскай, Мінскай. Сярод многіх абразоў Найсвяцейшай Маці важную ролю адыгрывае абраз Маці Божай Гудагайскай, звязаны са шкаплерным набажэнствам. Гэты абраз будзе ўрачыста ўпрыгожаны папскімі каронамі 15 ліпеня 2007 года. Акт каранацыі цудоўнага абраза стане чарговай важнай рэлігійнай падзеяй у жыцці Гродзенскай дыяцэзіі і ўсяго Касцёла на Беларусі.

Мястэчка Гудагай — цяпер невялікая вёска ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, на трасе Ашмяны — Астравец, недалёка ад чыгуначнай лініі Калінінград — Вільнюс — Мінск — Масква. Маляўнічыя ваколіцы — лес, узгоркі і шырока распасцёртыя стужкі-хвалі сельскагаспадарчых палёў надаюць гэтаму месцу асаблівае хараство. На ўскрайку вёскі стаіць маленькі драўляны касцёл, збудаваны на невялікім узгорку, адкуль пры добрай бачнасці відаць суседнія вёскі і горад Астравец.

Гісторыя гудагайскай парафіі цесна звязана з абразом Маці Божай. У адной з легендаў гаворыцца, што ў мясцовых ваколіцах у старажытнай ашмянскай пушчы жыў пустэльнік, які ў аддаленасці ад людзей паглыбляўся ў малітву і практыкі пакаяння, а таксама даваў парады і аказваў духоўную дапамогу людзям, якія да яго ахвотна прыходзілі. Непадалёку праходзіў шлях, што яднаў Захад і Усход. У той час ездзілі па ім шматлікія купцы, якіх вельмі часта рабавалі злодзеі. Аднойчы на купецкі караван напалі рабаўнікі, а ў месцы, дзе гэта адбылося, засталося шмат каштоўных рэчаў. Сярод іх магла быць і ікона Маці Божай, якую потым прынеслі пустэльніку, а ён змясціў яе ў сваім доме. Іншая легенда апавядае, што непадалёку ад Бернасішак, на хутары Паляны (мясцовасць захавалася да сённяшняга дня), стаяла леснічоўка, дзе жыў вельмі пабожны ляснік, які праводзіў асаблівае набажэнства да Найсвяцейшай Маці. У яго шалашы або вартаўнічым будане і з’явіўся абраз Марыі. Паводле яшчэ адной легенды, гэты абраз быў выкінуты з дома аднаго з шляхецкіх родаў пасля прыняцця пратэстантызму або кальвінізму, а ў выніку — адмаўлення культу Маці Божай і святых. Незалежна ад праўдзівасці версій, відавочна адно: сам Бог выбраў гэта месца, як і шмат іншых, каб удзяляць свае ласкі. Прамавугольны абраз Маці Божай, памерам 31,2х27,7 см, пакрыты прыгожаю шатаю, з’яўляецца копіяй іконы Маці Божай Уладзімірскай, якую хутка пачало ўшаноўваць мясцовае насельніцтва. Да будана ў гаі пачалі прыходзіць людзі, каб папрасіць дапамогі ў Найсвяцейшай Маці, прысутнай у абразе, і іх просьбы былі выслуханыя.

Касцёл у Гудагаі. Фота пач. ХХ ст.
У свядомасці людзей назва мясцовасці таксама звязана з абразом: найперш яна паведамляе, што цудоўны абраз знаходзіўся ў будане ў гаі, таму гэта месца называлі Будагае, аж пакуль не ўзнікла сучасная назва Гудагай. (Этымалогію назвы Гудагай можна таксама вывесці з літоўскага слова Gudija — Беларусь.)

Першыя гістарычныя дадзеныя пра абраз Маці Божай Гудагайскай мы знаходзім у акце фундацыі кляштара кармэлітаў босых у Гудагаі, які датаваны 19 студзеня 1764 года. З яго даведваемся, што абраз Маці Божай Гудагайскай, які славіўся «цудамі ўжо сто гадоў», 25 верасня 1735 г. купіла разам з нерухомасцю Гудагай у рода Развадоўскіх Людвіка Ганна з Сулістроўскіх (Козел-Паклеўская па першым мужы) Война (жонка дзісненскага старасты). Праз год новая гаспадыня Гудагая пабудавала для абраза капліцу замест старой, спаленай шведамі ў 1656 годзе. Ганна Война з Сулістроўскіх хацела такім чынам выпрасіць вечнае збаўленне для свайго першага мужа Міхала Козел-Паклеўскага, які трагічна загінуў падчас нападу разбойнікаў, калі вяртаўся з Варшаўскага сейма. Памерлы адышоў з гэтага свету без святых сакрамэнтаў і, апроч таго, у сне турбаваў сваю жонку, таму яна хацела, каб вернікі маліліся падчас набажэнстваў аб вечным супакоі для яе мужа.

У 1763 г. Войны пабудавалі ў Гудагаі касцёл, а праз год з левага боку за касцёльным пляцам (касцёльнымі могілкамі) — двух’ярусны кляштар кармэлітаў босых Літоўскай правінцыі св. Казіміра, якіх перавялі з Вільні, з Вострай Брамы, каб апекавацца цудоўным абразом. Пасля таго як кармэліты прыбылі ў Гудагай, 8 верасня 1764 г., у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, яны ўрачыста перанеслі абраз у касцёл і змясцілі яго ў галоўным алтары. Кляштарны летапісец занатаваў, што «ўвесь Гудагай набыў урачысты выгляд, узведзены і прыгожа аздоблены брамы на месцах прамоваў. Увесь шлях ад уваходу да касцёла на некалькі метраў быў высланы дыванамі і кветкамі... Меладычная музыка злівалася з боем касцёльных званоў». З самага пачатку сваёй прысутнасці ў Гудагаі кармэліты пашыралі культ Маці Божай, асабліва развіваючы шкаплернае набажэнства і беручы пад душпастырскую апеку мясцовае насельніцтва. 21 верасня 1777 года Віленскі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі заснаваў гудагайскую парафію, у якой налічвалася каля 1500 вернікаў. Пры парафіі кармэліты арганізавалі школу для сіротаў і шпіталь, або інакш прытулак для бедных. На жаль, дзейнасць парафіі была перарваная пасля падаўлення лістападаўскага паўстання. З 1832 г. дэкрэтам цара Мікалая І быў ліквідаваны таксама кляштар у Гудагаі, а яго маёмасць перададзена дзяржаве. Парафію падзялілі і далучылі да суседніх парафій, а касцёл, званіцу і іншыя пабудовы прадалі габрэям пад знос. Цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай знайшоў сховань у касцёле ў Ашмянах, куды яго разам з вотамі ва ўрачыстай працэсіі занеслі адданыя шанавальнікі. Разам з абразом, як яго апякун, накіраваўся туды апошні гудагайскі настаяцель айцец Урбан Кляпацкі, які стаў у ашмянскай парафіі вікарыем, захоўваючы права насіць кармэліцкі габіт.

Інтэр’ер касцёла ў Гудагаі.
Вернікі не маглі пагадзіцца са стратаю любімай святыні і месца культу. На шчасце, дзякуючы апецы Маці Божай, а таксама малітвам і дзейнасці парафіянаў, габрэі не разабралі касцёла і званіцы. У 1856 г. гудагайскі касцёл набыў, а потым аднавіў кс. Данат Сямашка. У 1878 г. ад уладаў атрымалі дазвол праводзіць у Гудагаі ў кожную суботу св. Імшу, а з часам часцей цэлебраваць літургію ў большыя касцёльныя святы. На ўрачыстасці адпусту, асабліва Маці Божай Шкаплернай і Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (8 верасня), збіралася вялікая колькасць вернікаў. Няспынныя і настойлівыя намаганні вернікаў прычыніліся да таго, што ў 1906 г. улады аднавілі гудагайскую парафію і пробашчам у ёй стаў ксёндз Фелікс Мінгін.

Касцёл чакаў ужо толькі вяртання цудоўнага абраза Маці Божай. Жаданы час вяртання адбыўся сто гадоў таму, 2 жніўня 1907 г., у свята Маці Божай Анёльскай. Шматтысячная працэсія выйшла з Ашмянаў у Гудагай, адкуль урачыста быў перанесены абраз Маці Божай Гудагайскай на яго ранейшае месца. Па дарозе стаялі шматлікія брамы, упрыгожаныя зелянінаю і кветкамі. Людзі з вёсак, праз якія праходзіла працэсія, на каленях аддавалі пашану Марыі, радуючыся, што праз 75 гадоў Гудагай ізноў стаў месцам культу Маці Божай. Адзін з відавочцаў, які паходзіў з гудагайскай парафіі, кс. Аляксандр Ляховіч, у 1931 г. ва ўспамінах напіша: «З вяртаннем у Гудагай цудоўнага абраза Маці Божай распачаліся... ранейшыя пілігрымкі. Хоць вялікіх групавых пілігрымак сёння тут не бывае, затое на працягу ўсяго лета амаль штодзённа прыходзяць людзі з даволі аддаленых месцаў, а асабліва гэта бачна падчас урачыстасці Маці Божай, калі лічба вернікаў часам большая за 10 тысяч».

Вялікую ролю ў аднаўленні культу Маці Божай Гудагайскай адыгралі мясцовыя пробашчы, сярод якіх трэба назваць кс. Паўла Сянкевіча, пробашча гудагайскай парафіі ў 1921–1929 гг. і з 1931 г. аж да смерці 13 лютага 1959 г. Ён, як руплівы душпастыр, клапаціўся не толькі пра духоўнае развіццё парафіі і рэлігійнае жыццё, але аднавіў касцёльныя будынкі, пабудаваў крухту да касцёла і плябанію, а таксама ў 1938 г. паклапаціўся пра рэстаўрацыю і кансервацыю цудоўнага абраза Маці Божай Гудагайскай, загадваючы сачыць за рэстаўрацыйнаю працаю віленскаму ваяводскаму рэстаўратару помнікаў даўніны. У 1938 г. у святыні быў устаноўлены арган, а праз год размаляваны інтэр’ер. Кс. Павел Сянкевіч даручыў намаляваць некалькі копій абраза. З мэтай распаўсюджвання культу было надрукавана 1000 экзэмпляраў абразоў у натуральную велічыню і некалькі тысяч меншых абразкоў, на адваротным баку якіх быў змешчаны спеў да Маці Божай Гудагайскай, які выконвалі кармэліты босыя ў ХVIII ст.

Касцёл у Гудагаі. Сучасны выгляд.
У міжваенны перыяд невялікі касцёл не мог змясціць шматлікіх вернікаў, таму ў 1935 г. кс. Павел Сянкевіч прыклаў немалыя намаганні, якія праз пяць гадоў завяршыў кс. Генрык Драгель, для пабудовы новай святыні. Быў падрыхтаваны будаўнічы праект і нават пачаўся збор матэрыялаў, але неспакойны час перашкодзіў рэалізаваць гэты праект. Ваенныя падзеі, а пасля камуністычныя часы прыпынілі развіццё парафіі і культу Маці Божай Гудагайскай, аднак руплівыя душпастыры рабілі ўсё, што было ў іх сілах, каб не даць згаснуць веры. Яны падкрэслівалі, што вера ў дапамогу Найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адзіным рэальным ратункам. Пасля смерці кс. Паўла Сянкевіча пробашчам стаў кс. Адам Вайцэхоўскі, адданы шанавальнік Марыі і выдатны прапаведнік, які гэтак жа, як і яго папярэднік, не паддаўся ўціску і не пабаяўся захапалохвання ўладаў, а ахвярна вучыў словам і прыкладам навуцы пра Бога і Яго праўду. Фізічна і псіхічна вычарпаны, ён памёр у дзень Маці Божай Шкаплернай, 16 ліпеня 1973 года. Парафіяне ўбачылі ў яго смерці выразны знак удзячнасці за адданую і сумленную працу, дадзены Маці Божаю. На яго магіле вернікі паставілі помнік, на якім напісалі: «Спакой тваёй душы, найшаноўнейшы ойча». Да сённяшняга дня на магіле кс. Адама пастаянна стаяць жывыя кветкі.

На працягу 17 наступных гадоў у Гудагаі ўжо не было сталага святара, таму душпастырскую апеку ажыццяўляў астравецкі дэкан, якога вернікі называлі «патрыярхам астравецкай зямлі», — ксёндз пралат Алойзы Тамковіч. Ён пражыў 91 год і памёр 6 снежня 2001 года. Ксёндз пралат вельмі часта казаў: «Калі хто хоча прапацець, як у лазні, то павінен прыехаць на адпуст Маці Божай Шкаплернай у Гудагай» (на ўрачыстасць адпусту збіраецца вялікая колькасць людзей, і ў касцёле вельмі цесна і горача).

Вялікую ролю ў захаванні веры і абароне касцёла адыгралі кляўзуровыя дамініканкі, якія пасля ліквідацыі кляштара ў Вільні мусілі працаваць у розных парафіях, каб перажыць час пераследу і дапамагаць святарам. Да сённяшняга дня жыве ў невялікім доме каля касцёла знясіленая хваробаю сястра Юзэфа (парафіяне за дабрыню пяшчотна называюць яе сястра Юзя або Юзэфка), якая ва ўкрыцці, не апранаючы габіту, усё сваё жыццё прысвяціла малітве і працы ў гудагайскай парафіі і цяпер таксама падтрымлівае святароў і вернікаў, ахвяруючы Богу праз Марыю свае цярпенні і хваробу. Парафіяне лічаць цуд уратавання касцёла ў камуністычныя часы справаю Божага Провіду, а таксама апекі Маці Божай і святасці жыцця мясцовых святароў і сясцёр.

Па Божай волі праз 158 гадоў, 7 ліпеня 1990 г., перад цудоўным абразом Маці Божай Гудагайскай з вуснаў братоў кармэлітаў і сясцёр кармэлітак Дзіцятка Езус нанава прагучаў спеў антыфоны Salve Regina, абвяшчаючы і даручаючы Марыі новы час у гісторыі Гудагая. У гэты дзень у касцёле на вачах у вернікаў былі слёзы радасці і ўдзячнасці за Божую веліч і моц. Першым пробашчам гудагайскай парафіі пасля доўгага перапынку стаў айцец Бярнард Радзік OCD. Распачалося сталае парафіяльнае душпастырства і манаскае жыццё. Кармэліты зрабілі кляштар у плябаніі, якую пасля вайны мясцовыя ўлады ператварылі ў школу, а ў былой школе міжваеннага часу пасяліліся сёстры кармэліткі Дзіцятка Езус. Айцец Бярнард пры падтрымцы біскупа дыяцэзіі, а таксама парафіянаў і сваіх сабратоў, распачаў намаганні па аднаўленні культу Маці Божай Гудагайскай. 17 лістапада 1991 года а. Бярнард і старшыня калгаса Мечыслаў Валуевіч, прымаючы ўдзел у кананізацыі кармэліта з Вільні, айца Рафала Каліноўскага, падаравалі копію абраза Маці Божай Гудагайскай, намаляваную Яе шанавальнікам Дзмітрыем Балтрушкевічам, Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, адначасова просячы яго благаславення для парафіі і пілігрымаў.

Даволі хутка на адпуст Маці Божай Шкаплернай пачало збірацца столькі вернікаў, што падчас святой Імшы запаўняўся ўвесь прыкасцёльны пляц. Прыязджала шмат пілігрымаў з розных куткоў Беларусі і з суседняй Літвы. І цяпер выклікаюць здзіўленне пілігрымы, якія ад уваходу касцёла і аж да прэзбітэрыя ідуць на каленях і з ружанцам у руках праходзяць пад абразом. У дзень адпусту Маці Божай Гудагайскай з году ў год усё больш вернікаў прымае шкаплер. Здаецца, што санктуарый у Гудагаі становіцца святыняй шкаплернай сям’і.

Усё часцей з’яўляліся думкі пра каранацыю цудоўнага абраза. Пачала збірацца дакументацыя яго культу і сведчанні. Біскуп Аляксандр Кашкевіч адобрыў і благаславіў гэтую ініцыятыву. Вынік пераўзышоў усе спадзяванні. Аказалася, што і вернікі, і святары, і манахі сведчылі пра шматлікія ласкі, якія яны спазналі праз пасрэдніцтва Маці Божай Гудагайскай. Яны былі перакананыя ў дзейснасці малітвы да Маці Божай, верылі ў Яе заступніцтва і хацелі, каб абраз Найсвяцейшай Панны Марыі як мага хутчэй быў укаранаваны. Згоду на каранацыю абраза дала Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Дзякуючы намаганням святой памяці айца Браніслава Таркі OCD і ахвяраванням парафіянаў і пілігрымаў былі зроблены кароны, якія дэлегацыя кармэлітаў з Беларусі 13 кастрычніка 2003 г. перадала Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, просячы іх благаславіць. Папа, пачуўшы, што кароны зроблены для Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, дакрануўся да іх, зрабіў знак крыжа і сказаў: «Благаслаўляю».

Па просьбе біскупа Аляксандра Кашкевіча Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў 18 мая 2006 г. выдала адпаведны дакумент, які дазваляе ўпрыгожыць цудоўны абраз Маці Божай Гудагайскай у імя Святога Айца. Праз акт каранацыі Гудагай далучыцца да святыняў, у якіх Найсвяцейшая Панна Марыя будзе ўшанавана ва ўкаранаваных абразах. Найбольш вядомы абраз Маці Божай Будслаўскай (Апякункі Беларусі) у нацыянальным санктуарыі ў Будславе ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў укаранаваны 2 ліпеня 1998 года. У сталіцы краіны, у катэдральным касцёле, знаходзіцца абраз Маці Божай, падараваны Папам Янам Паўлам ІІ і ўкаранаваны 10 снежня 2005 года. На тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі абразы Маці Божай ёсць у Брэсце (каранацыя абраза адбылася 30 чэрвеня 1996 г.) і ў Лагішыне (каранацыя абраза адбылася 10 мая 1997 г.). 28 жніўня 2005 г. у Гродне таксама быў укаранаваны абраз Маці Божай Кангрэгацкай. Зазначым, што каранацыю ўсіх згаданых абразоў здзейсніў кардынал Казімір Свёнтэк, вязень сталінскіх лагераў, кіраўнік Касцёла на Беларусі, які ў складаных умовах пачаў яго адраджэнне пасля доўгіх гадоў панавання камунізму і прызнаны Касцёлам як Сведка веры (Fidei Testis). Варта таксама ўзгадаць пра абраз Маці Божай Вастрабрамскай у кляштары кармэлітаў босых у Вільні, які быў укаранаваны 8 верасня 1750 г. папскімі каронамі Папы Бэнэдыкта ХІV і паўторна 2 ліпеня 1927 г., абраз Маці Божай Жыровіцкай, укаранаваны 19 верасня 1730 г. , і Маці Божай Бялыніцкай, укаранаваны ў 1761 годзе.

Навіну пра каранацыю абраза Маці Божай Гудагайскай з энтузіязмам прынялі вернікі. Аказалася, што абраз вядомы таксама за межамі Беларусі. Адна сям’я з польскага горада Познань зусім выпадкова даведалася пра набліжэнне гэтай урачыстасці і напісала ў касцёл ліст: «Мы бязмежна радуемся вясне, якой Бог напоўніў нашыя сэрцы. У нашым доме мы захоўваем перадваенную копію абраза Маці Божай Гудагайскай, якую прывезла бабуля маёй жонкі з Вільні. З сабою яна магла ўзяць няшмат рэчаў, але гэты абраз быў самым каштоўным з таго, што яна не магла там пакінуць».

Абраз Маці Божай Гудагайскай праславіўся шматлікімі цудамі: вядомы факты фізічных і духоўных аздараўленняў. Кніга просьбаў і падзякаў дапаўняецца ўсё новымі і новымі запісамі людзей, якія ў Гудагаі, у славутай Лекаркі, атрымалі чаканае суцяшэнне і ласкі. Апекуны санктуарыя, кармэліты босыя, хочуць, каб кожны, хто сустрэнецца з Маці Божаю Гудагайскаю ў абраным Ёю месцы або духоўна каля Яе абраза, мог годна перажыць час свайго зямнога жыцця, а пасля смерці радавацца здзяйсненню абяцанняў, дадзеных умілаваным дзецям Бога і Марыі Маці.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY