Ойча наш
Ты мяне, зерне, пасеяў тут —
я тут расту...
Ойча наш, калі я перайду
праз мяжу ў прастору, у прастату,
праз генетычны код роду
з-пад споду —
ад слова, якое адбілася ценем,
да Слова, Якое сталася Целам,
магчыма, так праясніцца
таямніца жывога жыцця —
я — Тваё, Ойча, узлюбленае дзіця...
Ты любоў мне даў як аванс...
Паміж нас —
між Тваёй зямлёю, Тваімі вышынямі —
звініць непарыўная чыстая лінія...
У гэтым бляску
ўсё дадзена мне навырост —
на Тваю хвалу, на мой пост,
на мой пералёт кароткі —
як абавязак салодкі —
неад’емнасць, надзейнасць,
споўненасць, недарэмнасць...
Ты мяне
не перасаджвай з Тваёй чыстай зямлі,
я тут зацвітаю калі-нікалі
на блакітнай градцы малой...
Ойча наш, Ойча мой!
Каторы ёсць у небе
Моцай нашага розуму зразумець гэта нельга.
Моцай людскога ўяўлення ці вымярэння — нельга:
ні дацягнуцца, ні дакрануцца
да Твайго Сэрца...
Выпадкова на досвітку
вочы ў вочы
нам з Табой не сустрэцца...
Нам не адамкнуць самім Тваіх брам.
Нам не даскочыць самім да Твайго неба.
Ні дакрычацца, ні дапрасіцца нема...
Мы — ад зямной зямліцы.
Нам быць надта дзёрзкімі нельга.
Як нерпа ў нераст у нерад...
Недбаль. Неўдаль.
Я часовы тут госць.
Наш белы свет — гэта неба.
Вакол нашай зямліцы глыбокае неба.
Недасяжнае, вечнае, справядлівае неба.
Каторы ёсць у небе...
На зямлі Каторы ёсць...
Свяціся імя Тваё
Гэта не паддаецца ацэнцы людскіх мазгоў.
Гэта аднекуль снуецца, ліецца, пяецца,
паўтараецца зноў і зноў...
патаемны, таемны схоў...
Свяціся імя Тваё!
На ўзроўні навяртання, аддання, адхлання,
маўчання, дыхання, благання,
літаніі ахвяраскладання,
малення да самаспалення...
як у сонцаспёк прахалоды гаёк —
свяціся імя Тваё...
З гарызантальнай лініі здарэнняў,
якіх так мала,
на вертыкальны экран вартасцяў-ідэалаў,
праекцыі дасканалая форма,
абсалютная, выключная, канчатковая норма
жыцця...
Штодзённы людскі зварот
да ясных яснот
мае сілу перамяніць
жыццё маё —
свяціся імя Тваё!
Прыйдзі валадарства Тваё
Прыйдзі валадарства Тваё...
А мяне тут зусім не было...
Прыйдзі валадарства Тваё —
на святле ланцугоў звяно...
Прыйдзі валадарства Тваё,
як жыццё затухае маё...
на Тваёй, сагрэтай Тваім валадарствам, зямлі,
у валадарстве Тваім сабой агарні...
у неабдымным —
у музыцы без пачатку — канца,
у неабсяжным валадарстве
паўсюднага Бога Тварца...
У Табе раствараецца ўсё,
і кіруецца ўсё да ўсяго —
да валадарства суіснавання...
Каб не страціць Яго
таямніцы феномену
ў мове, мыслі, дзействе і спрэс —
няхай мерае меру, наводзіць парадак і сэнс.
Выхваляем Цябе кожнай істотай жывой,
збаўленай збаўчай Крывёй.
Калі тут завершыцца зямное жыццё,
прыйдзі валадарства Тваё...
Будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі
На цыферблаце, з падсветкаю сінім,
ходзіць без стрэлак вечны гадзіннік.
Цікае, цікае, цік — маладзік,
поўнік, вятох ды пустыннік...
Над соннай начною зямлёй
цікае па волі Тваёй...
Чысты аркуш тратуара шэры
чыстымі крокамі не перамераць.
Чыстае слова камень падымае...
Маўчанка з Табой нямой не бывае...
Могуць вочы ў цямне Пана Бога хваліць:
— Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
У цёплым, цёмным, цёмным цямне
сіроткі мае чакаюць мяне,
сіроткі мае выглядаюць вясны —
радкі, мае дзеткі, адны і адны...
Ўсё, Божанька, бачыш — дзе Ты, а дзе — я...
— Будзь воля Твая,
як у небе, так і на зямлі...
Як штодзённа, так на зары...
Пацягушачкі-гушкі — каткі на вярбіне...
Павярнуўся на бок ліст нябёс цёмна-сіні...
І пакуль ад зары ліст нябёс не запаліцца,
у слабасці слова маё дасканаліцца...
— Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі
і яснот, і чарнот не заімглі...
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
Лячу, лячу па высокім жыце...
Каласкоў красаванне, казыцце...
Лета, лета, спелае лета,
планета жыццём сагрэта,
перапёлкай-пёлкай апета,
дабрынёй, буйным зернем наліта
жыта спелае, жыта, жыта...
прытуляе бок да блакіту
аж туды, дзе святлее Ліда, *
дзе неба да жыта прышыта,
а жыццё-быццё да нябыту...
Променем-праменнем хадзіла,
сонейкам матулі свяціла,
незабудкай цвіла сястрыцы, —
не калоліся з ёй, як кастрыцы, —
дзве прыгожыя з казкі царыцы...
Паспрыяў жа нам Бог нарадзіцца,
прытуліцца, уцелавіцца
у жыцейка ўскрай гасцінца...
Бы ў шчаслівы сон — у жыццё.
Дзякуй, мілы Божа, за ўсё.
Толькі, Божа, не пераблытай
Кашчыху й мяне, жнейку жыта...
Хлеба нашага штодзённага дай,
каласкамі перажагнай.
І адпусці нам правіны нашыя...
Затаптаўся надворак жылякамі саломы,
не забыў тваіх вуснаў вільготна-салоных.
Здзірванеў агарод за глінянаю ямай...
Да святла маіх сноў ты прывязана, мама.
І чаму ты штодзённа, штозмрочна, штоцёмна
так мяне выклікаеш балесна, нястомна,
так слязьмі акрапляеш сцяжын маіх паскі?...
І ніякай патолі не дае «Анёл Панскі»...
Я ніжу на ружанчык пялёсткі штоночы.
Я літую ў літанію смутку вяночак.
Пераплачу нататнік святой Фаустыны...
Толькі ў сон упаду — упаду ва ўспаміны.
Як мне добраму Богу адбіць тэлеграму,
каб у ласцы святой прытуляў маю маму?
Каб сагрэў яе ў Краі, таемным і мілым,
ды прабачыў правіны халоднай магілы...
Адпусці нам правіны, адпусці нашы хаты.
Там нікога няма, там няма вінаватых.
Абразок папяровы. Збянтэжана мышка.
Ключ схаваўся. А я пад парогам — бы мнішка.
І не ўводзь нас у спакусу
У райскім садзе пчаліным вуллем
на хмарках крыжыкі крэслім вугалем...
У захмар’і чысцім анёлкам крылцы,
аблокі звязваем у навальніцы...
Колькі на свеце свеціцца вочак,
столькі малітваў спляцем у вяночак...
І не ўводзь нас у спакусу
пахвалой наносіць укусы...
І не ўводзь нас у спакусу
мінусы крэсліць на плюсы...
І не ўводзь нас у спакусу
райскія яблыкі ў садзе надкусваць...
І не ўводзь нас у спакусу...
... з прымусу
Але збаў нас ад злога
Я стачыла ноч з ночай, а быў белы дзень...
Перадаў мне анёлак праз хмарку прамень.
Зелень ліпак і лапік шаўковых нябёс.
Аб чым мроіла, тое і зведала... Вось...
Пераблытала даты. Стаптала абсяг.
Беларусь збудавала Паэту ў пасаг.
Столькі зведала сонца між красак і траў!
Але ўсіх маіх хлопцаў Ты, Божа, забраў!
Мне ад продкаў ніякіх тут спадкаў, заслуг.
Ад нашчадкаў — падзяка: змацавала ланцуг.
Замест золата лёнам сатканых дзяруг,
замест дуг залатых — Дух Святы, Божы Дух.
Я марнуюся днямі, я начамі не сплю.
Усё жыццё перадумаю, перамалю...
Болем сэрца складаю малітву, слязьмі...
А як б’юць мяне, Ты засланяеш грудзьмі.
І цяпер маю шмат, а здаецца — нічога...
Але збаў нас ад злога.
Амэн.
|