Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

Антон Францішак БРЫЛЬ

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА:
ДУХОЎНАЯ ПАЭЗІЯ АНГЛАСАКСАЎ


Крыж Кэдмана ўстаноўлены ў 1898 г. на могілках кляштара Уітбі (Whitby). Кэдман адлюстраваны на ніжняй з чатырох панэляў крыжа. У яго руках — англасаксонская арфа. На верхняй панэлі — выява Хрыста, на другой зверху — цара Давіда, на другой знізу — абатысы кляштара святой Хільды.
 
З усёй англійскай літаратуры данармандскага перыяду ў нас мае вядомасць, напэўна, толькі гераічны эпас «Бэўвульф»1, таму пры словах «паэзія англасаксаў» многім узгадаюцца найперш апісанні бітваў з пачварамі ды апавяданні пра міжусобныя сутычкі паўночных конунгаў. Але, звярнуўшыся да спісу вядомых у наш час стараанглійскіх паэм, побач з «Бэўвульфам» і «Бітваю пры Мэлдане» чытач сустрэне і назвы зусім іншага кшталту: «Быццё», «Зыход», «Юдыт», «Лёсы апосталаў»... Бо насамрэч — хоць гэта і дзівіць тых, хто сутыкаецца з падобным фактам упершыню — асноўную частку вершаванай спадчыны англасаксаў складае хрысціянская духоўная паэзія — жыцці святых і парафразы Бібліі, а таксама малітвы, гімны, разважанні. Два з чатырох асноўных кодэксаў стараанглійскай літаратуры — Верчэльскі і Юніюсаў — змяшчаюць вершы толькі гэтай тэматыкі; у двух астатніх — Эксэтэрскім і Новэлавым — падобныя творы таксама займаюць немалое месца.

У VII–VIII стст., пакуль не пачасцелі спусташальныя набегі вікінгаў, землі англасаксаў былі буйным цэнтрам кніжнай вучонасці. Абазнаныя ў лацінскай касцёльнай літаратуры, надзвычай дасведчаныя ў багаслоўі ды гісторыі, англійскія манахі не пакідалі і іншай, старой ды адмысловай навукі — традыцыйнай паэзіі на народнай мове. Знаўцам і аматарам мясцовых песняў быў, сярод іншых, святы Бэда Вялебны (каля 672–735 гг.), манах з англійскага каралеўства Нартумбрыя, знакаміты багаслоў, абвешчаны пазней Доктарам Касцёла. Ягоны вучань Кутберт прыводзіць між іншым кароткі верш на стараанглійскай мове, пачуты ад святога. Звычайна лічыцца, што Бэда сам і склаў гэтую Песню пра смерць, хаця сцвярджаць гэта з пэўнасцю немагчыма — англасаксы, па сутнасці, не адрознівалі складанне песні ад яе выканання.


Першая старонка
адзінага рукапісу
паэмы «Бэўвульф».
З галоўнай працы Бэды, «Касцёльнай гісторыі народу англаў», мы дазнаемся яшчэ пра аднога нартумбрыйскага святога — Кэдмана, манаха і паэта другой паловы VII ст. Напачатку Кэдман быў пастухом, мала навучаным у вершах нават для простага селяніна. На святах, калі ягоныя сябры пачыналі спяваць, перадаючы па крузе арфу, Кэдман саромеўся ды збягаў ад стала, бо не ведаў ніводнай песні. Аднойчы, пакінуўшы такім чынам застолле, ён вярнуўся да стайняў і лег спаць. У сне яму з’явіўся незнаёмы чалавек і звярнуўся да яго, кажучы: «Кэдман, праспявай мне што-небудзь». Пастух адмовіўся, патлумачыўшы, што таму і пакінуў вясёлае свята, што не ўмее спяваць. «І ўсё ж такі, — сказаў незнаёмец, — праспявай мне аб стварэнні свету». І нечакана для сябе самога Кэдман заспяваў гімн, якога ніколі раней не чуў. Прачнуўшыся, ён не толькі памятаў словы гімна, але без цяжкасці пачаў сам складаць новыя песні. Даведаўшыся пра гэты цуд, людзі параілі Кэдману ісці да святой Хільды, абатысы кляштара ў Уітбі, дзе жылі тады манахі абодвух полаў.

Выслухаўшы Кэдмана і пераканаўшыся ў ягоных дзівосных здольнасцях, Хільда параіла яму застацца ў кляштары, а іншым манахам загадала добра вучыць новага брата Святому Пісанню. Кэдман жа ўсё, чаму яго навучалі, у хуткім часе перакладаў на вершы. Немагчыма сказаць, якія з вядомых нам стараанглійскіх парафазаў Бібліі складзеныя самім Кэдманам, а якія — ягонымі паслядоўнікамі; сёння ягоным іменем прынята пазначаць толькі тую самую песню аб стварэнні свету — «Гімн Кэдмана».

Два згаданыя творы — «Гімн Кэдмана» і «Песню Бэды пра смерць» — мы і абралі, каб пазнаёміць чытачоў з паэзіяй даўняй Англіі. Апроч таго, мы прыводзім для параўнання два ўрыўкі з «Бэўвульфа», прысвечаныя тым жа тэмам: стварэнню света і пасмяротнай долі чалавека. Супастаўленне «Гімна» і «Песні» з гэтымі ўрыўкамі дазваляе лепей зразумець і агульныя рысы стараанглійскіх паэтычных тэкстаў, і адметнасці кожнага з твораў.

 
Тэхніка вершаскладання, якая ўжывалася ў стараанглійскай паэзіі, мала падобная да цяперашніх, і варта, перш чым пераходзіць да саміх тэкстаў, каротка яе апісаць. Кожны радок верша складаецца з двух паўрадкоў, якія ў сучасных выданнях звычайна раздзяляюць доўгім прабелам. У кожным паўрадку — два выразныя націскі. Паўрадкі аднога радка звязаныя паміж сабою алітэрацыяй: прынамсі адзін з націскных складоў першага паўрадка мае агульны зычны з адным з націскных складоў другога. Узор падобнага верша — пералік правіцеляў розных народаў у паэме «Відсід»:

Кесар у грэкаў,
Хáгена ў хольмругаў,
     Кэлік у фінаў,
Хэўдэн у гломаў...

Нязменная колькасць націскаў у радках надае вершу рытмічнасць, а алітэрацыя служыць упрыгожанню і яснейшай арганізацыі тэксту, займаючы, такім чынам, прыблізна тое ж месца, якое ў нашай паэзіі належыць іншаму кшталту сугучча — рыфме.

Асобнага каментару патрабуе прыведзены пераклад «Песні Бэды». Арыгінальны тэкст тлумачыцца ў двух розных сэнсах:

1. Чалавек, які перад смерцю разважае пра свой пасмяротны лёс, не можа займець дадатковай (і дастатковай) мудрасці, каб адказаць, што яго чакае.

2. Перад абліччам смерці наймудрэйшае, што можа рабіць чалавек, — думаць пра свой пасмяротны лёс.

Карыстаючыся няпэўнасцю сувязяў паміж фразамі, а таксама двухсэнсавасцю беларускага слова «калі», якое можа азначаць і часавую сувязь, і лагічную, я паспрабаваў зрабіць пераклад у роўнай ступені неадназначным, дапускаючым абодва тлумачэнні.

 
Гімн Кэдмана
Уславім годна
Магуцце Дужага
Сільнага справу —
Валадар Адвечны,
Нябёсы паставіў —
Дах цудоўны,
І зямлю сярэдзінную,
Валадар Адвечны2,
Надзейную сушу,
     Гаспадара Горняга,
й задуму Ягоную,
як усім дзівосам,
даў Ён пачатак,
зямным істотам
Добры Стварыцель,
людзям прыстанак,
даáлей вырабіў,
Суддзя Ўсяслаўны.

 
Песня Бэды пра смерць
Перад шляхам нявольным
Мудрасці болей,
Калі разважае,
Ўцеху ці гора
Па смяротнай гадзіне
     ніводны ня знойдзе
чым мае напраўду,
ад жыáцця зыходзячы,
душы ягонай
Суддзя прызначыць.

 
Фрагменты з «Бэўвульфа»
радкі 90–98
...спяваў для воінаў
Паэт шматведны
Як Усяўладны
Раўніну прыгожую
Слаўны, сонцу
Прызначыў месца
Добра аздобіў
Зялёным лісцем,
Жыццём і рухам
     пра стварэнне сусвету,
зладзіў сушу,
ўзняў над водамі,
высока ў небе
й месяцу яснаму,
долы зямныя
надзяліў таксама
розных істотаў.
 
радкі 175–188
Усклікалі часта
Уздавалі гонар
Аховы прасілі,
Ў дапамогу звалі.
Надзея паганцаў,
Апраметнай верных.
Уладара ня зналі,
Створцы людзей
Горняму славу.
Таму, хто мусіць
Ў полымя вечнае;
З пакутаў няўцішных.
Таму, хто прыйдзе
Шукаць супакою
     на капішчах даны,
нягодным ідалам,
сілы ліхія
Такі бо звычай,
ліхадзейным бесам,
Ня ведалі Бога,
узносіць ня ўмелі
падзяку належную,
Нягода, гора
ісці на мукі
няма збавення
Радасць і ўцеха
па смерці, праведны,
ў руках Айцовых.

Пераклад і прадмова
Антона Францішка Брыля

 


  1. Такое напісанне гэтае назвы, у адрозненне ад больш звыклага «Беавульф», дазваляе наблізіцца да арыгінальнага вымаўлення, дзе спалучэнне літараў eo чыталася як дыфтонг.
  2. Тытулаванне «Валадар Адвечны» (ece drihten), адзінае з усіх, у вершы сустракаецца двойчы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY