Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(5)/1998
На кніжнай паліцы

ДАР І ТАЯМНІЦА
Нашы святыні

НЯСВІЖСКІ КАСЦЁЛ БЕНЕДЫКТЫНАК
Пocтaцi

ЛЮБІЎ БЕДНАСЦЬ І ПАКОРУ

ЗАСТАЎСЯ ТОЛЬКІ БУКЕТ РУЖАЎ...
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Мастацтва

РУПІЎСЯ ДЗЕЛЯ БОГА І ЛЮДЗЕЙ
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі

НЕВЯДОМЫЯ ПЯЧАТКІ
Пошукі і знаходкі

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»
Паэзія

ВЕРШЫ
Вандроўкі па Беларусі

ЗОРНА-КРЫЖОВЫ ШЛЯХ

КРЫЖЫ ПРЫДАРОЖНЫЯ
Haereditas
Вакол праблемы

УДЗЕЛ У АДРАДЖЭННІ

Казімір СВАЯК

«ВЫ МНЕ ІДЭЁВЫ СВАЯК...»

Казімір Сваяк і Язэп Драздовіч

Казімір Сваяк
Язэп Драздовіч
У першай палове 20-х гадоў у Заходняй Беларусі імёны святара, а таксама паэта Кастуся Стаповіча (Казіміра Сваяка) і мастака Язэпа Драздовіча ўжо былі добра знаныя і любімыя ў асяроддзі нацыянальна свядомай і патрыятычна настроенай грамадскасці. Абодва яны шчыраю самаахвярнаю працай на ніве сваёй творчасці спрыялі пашырэнню і паглыбленню працэса нацыянальнага адраджэння, які ізноў трапіў у неспрыяльныя гістарычныя варункі. Як складваліся іх адносіны, і ці былі яны асабіста знаёмыя: мастак, які жыў тады ў Вільні, і паэт, які нёс сваю святарскую службу ў Засвірскай парафіі?

Брат К.Сваяка Бярнард Стаповіч у сваіх успамінах канкрэтна пісаў, што паэт і мастак сябравалі, што апошні быў частым госцем у пробашча Канстанціна Стаповіча ў Засвіры і нават падарыў яму некалькі сваіх карцін1. Аднак Бярнард Стаповіч не называў дакладных датаў, таму можна меркаваць, што асабістае знаёмства магло адбыцца не раней як летам-восенню 1923 года. Аб гэтым сведчаць два лісты К.Сваяка да Я.Драздовіча, напісаныя ў сакавіку і красавіку 1923 года.

Думаецца, што не пра блізкае знаёмства, а якраз, наадварот, пра адсутнасць такога сведчыць досыць афіцыйны зварот абодвух лістоў: «Грамадзянін Драздовіч», а таксама сам іх змест.

У першым лісце ад 3 сакавіка 1923 г. К.Сваяк піша аб сваім зацікаўленні жывапісам Я.Драздовіча і просіць зрабіць «некалькі студый пяром» з надасланага ім фотаздымка «аднаго беларускага тыпу (не народнага)». То быў здымак самога паэта2, які, бясспрэчна, марыў мець партрэт, зроблены таленавітай рукой Я.Драздовіча, хоць чамусьці і саромеўся прасіць аб гэтым прама. А яшчэ яму хацелася бачыць сваю паэтычную кнігу «Мая ліра», якую рыхтаваў тады да друку, з ілюстрацыямі Язэпа Драздовіча ў стылі «Пагоні». Карціна мастака «Пагоня Ярылы», напісаная ім у 1921 годзе, зрабіла надзвычайнае ўражанне на Казіміра Сваяка, які ўбачыў у ёй найбольш канцэнтраванае сімвалічнае выяўленне беларускай душы. Пра гэты твор і яго ўздзеянне на суайчыннікаў пісаў і сам мастак у 1921 г.: «Я ў працягу гэтага лета змог вымаляваць адзін абраз сімвалічнай пагоні «Пагоня-Яра» (Ярылы). Можа, няварта занадта хваліцца, але я ўжо заўважыў, што мой гэты абраз рабіў на адведаўшых мяне тут (акінутага вялікім і дужым светам) нашых інтэлігентаў-беларусаў моцнае ўражанне»3. Пазней К.Сваяк напісаў артыкул «З нівы беларускага мастацтва», прысвечаны жывапісу Я.Драздовіча, у якім звязаў яго творчасць з выяўленнем духу нацыянальнага адраджэння. Як святар ён ведаў, якою моцаю валодае жыватворчы дух, чыёй ласкаю творыцца вялікае мастацтва і здзяйсняецца магутнае нацыянальнае адраджэнне. Менавіта таму ён без усялякага сумневу пісаў: «У пару, калі — як здаецца — пачынаецца беларускі рэнесанс — адраджэнне, з затаёным дыханнем чакаем мы мастакоў вялікае ідэолёгіі, якія збудзяць заспаную народную творчасць. Такое велізарнае засілле духа на творчай дарозе да адраджэння выказвае нам у мастацкіх абразох сваіх беларускі маляр-артыст Драздовіч»4. К.Сваяк назваў яго чалавекам, «што творыць у абразох сынтэзу беларускай духовай ідэолёгіі»5. Вызвалены дух беларусаў, выяўлены вобразна праз творчасць Язэпа Драздовіча, паэт бачыць паімкнёным удалеч, дзе яго чакае «святыня духа» — «рэалізацыя вялікай ідэі — Беларускі Народны Дом», асвечаны самім Боскім Оглядам6. Высока ставячы і прафесійнае майстэрства Драздовіча, К.Сваяк адзначаў, што ён «знае напрамкі найнавейшых малярскіх школ. Бярэ з іх найбольш характэрную для беларусаў экспрэсыёністычную сымболіку. Пры яе помачы стварае цэлыя композыцыі, што абдымаюць ледзь не ўсю ідэолёгію сучаснай Беларусі»7. Далей паэт з захапленнем піша пра «Пагоню Ярылы» Драздовіча: «Хто ўгледзіцца ў яго абраз Пагоні, знайдзе душы беларускай, — душы адважнай з разгонам Праметэя і з мукай Тантала»8. К.Сваяк, як вынікае з першага ліста, меў моцнае жаданне набыць уразіўшую яго карціну, але акалічнасці перашкодзілі гэтаму.

З другога ліста, дасланага мастаку ў адказ праз месяц, бачна, што Я.Драздовіч не зрабіў эскізы да партрэта паводле фотаздымка, і гэта крыху расчаравала паэта. Мастак фактычна адмовіўся іх зрабіць, спасылаючыся на тое, што ён «не копііст». Тым не менш яму, відаць, была прыемная ўвага да яго з боку К.Сваяка, і ён даслаў яму на памяць адну з працаў пад назваю «Культ Капітала». Таксама на суд тады ўжо вядомага ў Заходняй Беларусі паэта-святара Я.Драздовіч збіраўся даслаць свае літаратурныя творы. Але хутчэй за ўсё на гэтым іх перапіска абарвалася, хоць пакінутыя ёю сведчанні вельмі важныя для гісторыі нацыянальнай культуры. Яны выяўляюць духоўную еднасць людзей, занятых кожны ў сваёй галіне справаю нацыянальнага адраджэння. У рэчасінасці досыць адарваныя адзін ад аднаго прасторай і акалічнасцямі, яны кожны паасобку вымушаныя былі змагаць цяжар паўсядзённага жыцця і барацьбы. Аднак былі яны з’яднаныя адной справай — стварэннем «Беларускага Народнага Дома», таму паэт і напісаў да мастака сімвалічныя словы: «Вы мне ідэёвы сваяк». Менавіта гэта з’яўляецца істотным, нягледзячы на тое, што так і не былі намаляваны Драздовічам абразы ў стылі «Пагоні» для «Маёй ліры» К.Сваяка, якая выйшла ў Вільні ў 1924 годзе без ілюстрацый.

Лісты, якія маем нагоду цяпер апублікаваць, захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі ў фондзе Я.Драздовіча (ф. 2, воп. 1, адз. зах. 52, арк. 1—6). Друкуюцца з моўнымі асаблівасцямі рукапісу. Арыгіналы напісаны ад рукі лацінскім шрыфтам па-беларуску.

Лісты Казіміра Сваяка да Язэпа Драздовіча

1)

Засьвір — Вільня, 3 сакавіка 1923 г.

Грамадзянін Драздовіч!

Я вельмі цікаўлюся Вашымі малюнкамі і рысункамі. Будзьце ласкавы зрабіць некалькі студый пяром ці як з прысланай разам з гэтым фатаграфіі аднаго бел.[арускага] тыпу (не народнага). Буду Вам вельмі падзячны, калі ў партрэце-шкіце ўложыце і сваёй крыху індывідуальнай памысловасьці ў стылю беларускім. Сем картак Вам высылаю дзеля рысунку. Прышліце чым хутчэй. Магчыма, што закажу ў Вас яшчэ што. Абраз «Пагоні» я хацеў купіць, але па азначанай цане кнігар баяўся прадаць, бо танна. Гэта было месяц таму. Я на восень думаю аб выдавецтве вершаў. Буду Вас прасіць ілюстрацыі ў духу «Пагоні».

Адсылаючы работу, напішыце, як Вам жывецца. Я вельмі Вам спагадаю, бо Вы мне ідэёвы сваяк. Адрэс такі: «поч. Сьвір, м-ко Засьвір, Кс. Стэповіч Константын». Пішыце рэкомендованым (polecony).

Дасьць Бог спаткацца. Я Вас у Вільні ледзь не захапіў. На жаль, Вы выехалі перад 1-шым.

У «Крыніцы» з 1921 г. № 28 ёсьць мая новелла пад загалоўкам: «З кнігі выжшых асягнень духовых». Есьлі будзеце магчы, дайце колькі пробак ілюстрацый. Наложнасьць Вам вышлю почтаю.

Дай Божа Вам добрага!
Адданы Вам
К.Стэповіч.
Р.S. Фатаграфію адашлеце, калі ласка.

2)

Засьвір, 7 красавіка 1923 г.

Грамадзянін Драздовіч!

Я Вам ад сэрца дзякую за прысланы ўспамін-гасьцінец. Прыстаю на Вашы варункі, і вельмі мне прыемна, што буду мець пры сабе абразцы творчасьці ідэйнай. «Культ Капітала», па-мойму, рэч «капітальная» ў сіле сваёй экспрэсіі. Есьлі будзе калі Ваша выстаўка, я бы ахвотна ахарактэрызаваў Вашы абразы з погляду чыста індывідуальнага паводле настрояў, якія даюць мне яны. Мне вельмі жаль, чаму не зрабілі Вы партрэціка з насланай фатаграфіі. Вы атказаліся, што не копіст, а ўсё ж такі я верыў, што Вам удасца.

Шкада, што аб гэтым Вы не ўспомнілі ў лісьце, бо такім чынам кажыце, казаў бы на Вас як на копіста, ці лепей партрэціста, лічыць нельга. А ўсё ж такі я хацеў бы меці пробу Вашага партрэтавання.

З Вашымі творамі літэратурнымі я рад быў бы вельмі пазнаёміцца. Дай Божа Вам інтэнсыўнай творчасці, а можыць быць з часам і матэр’яльнае становішча дасьць Вам магчымасьць сказаць сваё адважнае слова Беларусі.

Прашу Вас, калі будзеце што яшчэ прысылаць мне, прысылайце на мой кошт («залічка почтова»), пад бандэроляй ня пэўна. Калі будзеце ў Вільні, паведаміце мяне ласкава. Я наогул (прызнаюся) цяжкі да корэспондэнцыі — і не тлумачце блага, калі не адпішу я зара.

Найлепшага Вам жадаю —
З пашанай К.Сваяк.


  1. Стаповіч Б. З успамінаў пра Казіміра Сваяка // Полымя, 1990, № 2. С. 202.
  2. Гл. у нашай публікацыі.
  3. Цыт. па: Ліс А. Вечны вандроўнік. Мн., 1984. С. 73.
  4. Сваяк К. З нівы беларускага мастацтва // Студэнцкая думка. Вільня. 1925, № 1(2). С. 16.
  5. Тамсама. С. 18.
  6. Тамсама. С. 17.
  7. Тамсама.
  8. Тамсама.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY