Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(69)/2014
Жыццё Касцёла

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ
Інтэрв’ю
Да 100-годдзя святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка

«АХ, ГЭТЫЯ ПРУЖАНЫ...»

З ГІСТОРЫІ ПРУЖАНСКАГА КАСЦЁЛА
У кантэксце Бібліі
Sanctorum opera
Літаратурная спадчына

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Рэлігія і свет
Літаратуразнаўства
Рымскія святыні

ЛАТЭРАНСКАЯ БАЗЫЛІКА
Сцежкамі памяці

УЖО НЕ ДАЛЁКАЯ ГАРА...
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Проза

НОВЫЯ ТВОРЫ
Літаратуразнаўства
Мастацтва
Галерэя

Данута БІЧЭЛЬ
Крыстына ЛЯЛЬКО

ВІНШАВАННЕ З РАДЗІМЫ

20 кастрычніка спаўняецца 25 гадоў біскупскай сакры Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Біскупскае пасвячэнне Яго Эксцэленцыя атрымаў у 1989 г. у базыліцы св. Пятра ў Рыме з рук сёння ўжо святога папы Яна Паўла ІІ і стаў першым за ўвесь пасляваенны час Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі. Пасля было нялёгкае, але якое ж плённае апостальскае служэнне ў Расіі, а ў 2007 г. — вяртанне на радзіму ў статусе Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Чвэрць веку самаадданай пастырскай працы на Божай ніве. За гэты час вельмі шмат зроблена, ды ў пераліку гэтага зробленага няма патрэбы, бо праца працягваецца, а яна і яе вынікі навідавоку. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч — заўсёды энергічны, шчыры, адкрыты, як ён сам кажа: «Стараюся прымаць усіх і з усімі размаўляць». Ён чалавек медыйны, часта выступае ў друку — каталіцкім і свецкім, на радыё і тэлебачанні, яго стыхія — інтэрнэт-прастора.

З ім любяць кантактаваць журналісты, якія ахвотна прыходзяць на ўсе прэс-канферэнцыі з яго ўдзелам. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча можна сустрэць не толькі ў касцёле ці ў курыі, але й на мінскіх веладарожках. Ён любіць спорт і падарожжы. Нашага арцыпастыра ведаюць у блізкім і далёкім замежжы — ён сапраўдны апостал-вандроўнік. Дзякуючы яму ў свеце ведаюць пра Касцёл у Беларусі...

Але з усіх вандровак чалавек вяртаецца на радзіму і найперш туды, дзе, па словах Яна Паўла ІІ, «усё пачалося». Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама імкнецца, калі дазваляюць час і абставіны, у свой родны Адэльск — старажытнае мястэчка непадалёк ад Гародні. Тут 3 студзеня 1946 г. ён нарадзіўся, тут яго хрысцілі ў мясцовым касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, тут ён прыняў Першую святую Камунію і сакрамэнт канфірмацыі, у гэтым касцёле служыў міністрантам, адсюль, з бацькоўскай зямлі, выплывае крыніца яго святарскага паклікання. Вось як сам ён сказаў пра гэта ў адным з інтэрв’ю: «Кліча Бог. Аднак трэба пачуць гэты голас. Таму не памылюся, калі скажу, што найперш мне дапамаглі яго пачуць мае бацькі. Ведаю, што бацька маліўся і неаднойчы пытаўся ў мяне, ці я не адчуваю паклікання да святарства. Але найбольшае ўражанне зрабіла мама. Аднойчы, калі працаваў у Вільні інжынерам, я прыехаў дадому. Была нядзеля. Узяў малітоўнік, думаючы, што гэта мой, бо ўсе яны выглядалі аднолькава. У касцёле, аднак, заўважыў, што гэта быў не мой, а мамін. У ім я знайшоў абразок з малітвай маці аб святарскім пакліканні для сына. Я зразумеў, што мама, якая не сказала мне пра гэта ніводнага слова, малілася ў гэтай інтэнцыі...»

Напярэдадні біскупскага юбілею нашага арцыпастыра захацелася і нам пабываць на яго радзіме, убачыць тыя мясціны і тых людзей, якія яго памятаюць, для якіх ён найважнейшы, якія ім ганарацца, моляцца за яго і заўсёды чакаюць так, як чакаюць толькі блізкіх і родных...

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску.

У Адэльску, на вуліцы, што носіць імя мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, стаіць бацькоўскі дом, у якім нарадзіўся будучы іерарх. У доме цяпер жывуць іншыя гаспадары: бацькі арцыбіскупа Ігнацы і Ганна адышлі ў вечнасць і спачываюць на мясцовых могілках. І гэты родны мітрапалітаў дом, і магілы бацькоў ды родных арцыбіскупа Тадэвуша нам ласкава паказаў пробашч мясцовай парафіі ксёндз Віталій Нароўскі. Але гэта было крыху пазней, бо спачатку ў Адэльску мы наведалі касцёл і трапілі акурат на ранішнюю святую Імшу, якую цэлебраваў ксёндз Віталій разам з ксяндзом Альгірдасам Паўлікасам.

У касцёле XVIII ст., у галоўным алтары — абраз Маці Божай Адэльскай; адэльская ж парафія, як і само мястэчка, адлічвае ўжо шостае стагоддзе. У касцёле мы заўважылі таксама мемарыяльную дошку, прысвечаную мітрапаліту Тадэвушу Кандрусевічу, — відочны знак пашаны мясцовых парафіянаў да свайго славутага земляка і знак удзячнасці за яго Пану Богу.

З хлебам-соллю сустракаюць землякі
арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча
і ардынарыя Гродзенскай дыяцэзіі
біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Пасля Імшы мы паразмаўлялі з некаторымі з іх і адчулі, з якою сардэчнаю цеплынёю яны згадваюць пра арцыбіскупа Тадэвуша, наколькі ўдзячныя яму за яго хоць і не такія частыя, як ім хацелася б, візіты на радзіму. У размове з намі парафіяне ўспаміналі апошні па часе прыезд арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Адэльск у нядзелю 3 жніўня, калі ён цэлебраваў у мясцовым касцёле Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння. Марыя Кандрусевіч, жонка стрыечнага брата Яго Эксцэленцыі, прыгадала, што ў той дзень арцыбіскуп расчулена дзякаваў сваім бацькам, блізкім і ўсім жыхарам Адэльска за хрысціянскае выхаванне, за прыклад веры. «Ён такі сардэчны і просты, — казала пані Марыя, — зусім такі, як быў раней, як бы і не выязджаў ад нас. Ён нікога не міне, паразмаўляе з кожным — і са старым, і з малым. Любіць таксама пабыць адзін, пахадзіць, памаліцца каля касцёла, заўсёды адведвае могілкі... Нам хочацца, каб ён памятаў, што мы яго любім і шануем, што ганарымся ім і заўсёды чакаем дадому. На жаль, ён прыязджае не так і часта. Мы разумеем, што ён вельмі заняты, мае шмат працы і клопату. Здаецца, што з Масквы ён прыязджаў да нас нават часцей... Усе мы молімся за яго і жадаем яму найперш здароўя і шмат сілы для такой важнай працы ў Касцёле. Жадаем Божай ласкі і апекі нашай Божай Матачкі Адэльскай...»

На ранішняй Імшы ў адэльскім касцёле было няшмат вернікаў — яно й зразумела: звычайны працоўны дзень. Але, як заўсёды, Эўхарыстыю ўпрыгожвала сваёю ігрою на фісгармоніі 80-гадовая арганістка Зоф’я Грынь. Яна тут іграе ўжо 30 гадоў і таксама захоплена гаварыла пра свайго земляка — арцыбіскупа Тадэвуша. Яна пажадала яму, «каб ён заўсёды быў святаром паводле Сэрца Езуса...»

Пасля Імшы ксёндз Віталь запрасіў нас на плябанію, на філіжанку кавы. Утульны дамок з густоўнаю гасцёўняю і добраю каваю, за якою цікава і прыемна размаўлялася з маладым, сардэчным гаспадаром. Пасля святарскага пасвячэння ксёндз Віталій служыў у катэдры імя Францішка Ксавэрыя ў Гродне і запомніўся там менавіта сваёю адкрытасцю і сардэчнасцю. Ён казаў нам пра асаблівую адказнасць служыць у роднай парафіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, тым больш што гэта старажытная парафія мае сваю багатую гісторыю і сваіх славутых людзей: апрача мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, яна дала Касцёлу яшчэ трох біскупаў: у Адэльску ў ХVII ст. нарадзіліся біскуп Яўстафій Катовіч, біскуп Аляксандр Катовіч і біскуп Караль Панцажыньскі...

Бацькоўская хата мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Адчувалася, што ксёндз Віталій добра ведае гісторыю адэльскай парафіі і ганарыцца ёю. Ён захоплена апавядаў нам пра сваіх папярэднікаў, святароў, якія ў розныя гады тут служылі. Асабліва — пра ксяндза прэлата Пятра Барташэвіча, які працаваў у адэльскай парафіі ў 1947–1963 гадах і славіўся сваімі казаннямі і актыўнаю працаю з моладдзю — прывіваў ёй любоў да Бога і да актыўнага стылю жыцця, гуляў з маладымі людзьмі ў футбол. Ксёндз Пётр сабраў у касцёле вялікае кола міністрантаў, сярод якіх быў і будучы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Нядаўна ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначалася 100-годдзе з дня нараджэння кс. Пятра Барташэвіча, і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў, што для яго ксёндз Пётр стаў духоўным настаўнікам, які моцна паўплываў на яго чалавечую фармацыю...

Магіла бацькоў Тадэвуша Кандрусевіча —
святой памяці Ігнацыя і Ганны — на мясцовых могілках у Адэльску.

Ксёндз Віталій распавёў таксама пра сённяшняе жыццё адэльскай парафіі, што налічвае цяпер каля тысячы вернікаў. Гэта вельмі ахвярныя парафіяне, якія памятаюць пра свае традыцыі, шануюць сваю гісторыю і сваіх продкаў. Ніколі, нават у самыя страшныя гады ваяўнічага атэізму, яны не далі зачыніць свой касцёл і заўсёды дбалі і дбаюць пра яго стан.

Ксёндз Віталій прызнаўся, што спачатку, пасля прызначэння ў Адэльск, вельмі хваляваўся: такая адказнасць — служыць у роднай парафіі арцыбіскупа Кандрусевіча! Цяпер хваляванне амаль прайшло, але засталася адказнасць.

«Многія думаюць, — кажа малады святар, — што калі я служу ў Адэльску, то ў мяне няма праблем, бо ва ўсім дапамагае мітрапаліт Кандрусевіч. Так, сапраўды дапамагае: найперш малітвай. І за гэта мы яму вельмі ўдзячныя. Я хачу пажадаць Яго Эксцэленцыі, каб ягоная ахвярная праца на Божай ніве прыносіла як найбольшы плён, каб ставала яму здароўя, адвагі і сілы. Хачу пажадаць святла Духа Святога на доўгія шчаслівыя гады апостальскага служэння...»

Перакрыжаванне вуліц Адэльска ахоўвае скульптура святога Антонія з маленькім Езусам на руках. Культ гэтага святога з даўніх часоў развіты ў адэльскай парафіі, і не трэба доўга хадзіць па мястэчку ды распытваць, каб пераканацца ў тым, што кожны жыхар Адэльска памятае: калі якая бяда здарыцца, памаліўшыся да Маці Божай Адэльскай і святога Антонія, можна яшчэ звярнуцца па дапамогу да свайго земляка — тэлефон арцыбіскупа Тадэвуша адэльчане маюць. Яны ведаюць, што Бог узнагародзіў іх за малітвы іх продкаў, і самі памнажаюць малітвамі Божую ласку...

Пробашч адэльскага касцёла кс. Віталій Нароўскі
і паэтка Данута Бічэль.

Мы вярталіся з Адэльска з ціхім святлом, якое пакінула ў нашых сэрцах радзіма арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Ехалі па старой, амаль бязлюднай бетонцы сярод чыстых, прыгожых пагоркаў і ўспаміналі цяпер ужо гістарычную падзею, што адбылася 28 кастрычніка 1989 г. у фарным касцёле ў Гародні. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі стаялі тады ў скверы перад касцёлам з расцяжкамі: «Божа, благаславі Беларусь!» і «Вітаем каталіцкага біскупа Беларусі!».

У час урачыстай Імшы Яго Эксцэленцыя гаварыў сваю прамову па-беларуску. Ён паведаміў усім сабраным, што і Святы Айцец Ян Павел ІІ у Ватыкане таксама па-беларуску сказаў наступнае: «Маю вялікую радасць надзяліць поўняю святарства дарагога мансіньёра Тадэвуша Кандрусевіча, якога я прызначаю Апостальскім Адміністратарам Мінскай дыяцэзіі для католікаў усёй Беларусі. З бацькоўскай любоўю жадаю яму поспехаў у вядзенні пастырскай працы на гэтай тэрыторыі і ўпрошваю Божага благаслаўлення яму і ўсім вернікам, давераным яго пастырскай апецы...»

І фота з таго дня засталося: біскуп Тадэвуш Кандрусевіч выходзіць з машыны і благаслаўляе народ Беларусі, сабраны перад касцёлам... Якая светлая, прыгожая хвіліна, благаслаўлёны ранак, можна сказаць — досвітак жыцця, досвітак адраджэння Касцёла ў нашым Краі! Паміж гэтымі датамі — шмат ахвярнай пастырскай працы Яго Эксцэленцыі мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, які мудра нам усім нагадвае: «Найлепшая праграма быць шчаслівым — гэта жыць паводле Божых запаведзяў...»

Данута Бічэль
і Крыстына Лялько.

Адэльск — Гродна — Мінск.

Фота Крыстыны Лялько
і з архіва парафіі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY