Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Юрка ВІЦЬБІЧ

ПАДАНЬНЕ АБ ТАЯМНІЧЫМ СЬВЯТЛЕ

«Ёсьць чары у забытым, старадаўным.
Прыемна нам сталецьцяў пыл страхнуць».
Максім Багдановіч. Тэрцыны.


Уладзімір ДЫДЗІК. У ІМЯ НАЙВЯЛІКШАГА ІДЭАЛУ НАРОДА

Калісьці ў Віцебску, на Катэдральным пляцы, стаяла высокая, прыгожая званіца, самы большы звон якой зваўся «Леў Сапега». Гэты звон займеў сваю назву ад імя векапомнага канцлера Вялікага Княства Літоўскага, якога барэльеф на ім быў адлітаваны. Штогод, у часе Вялікодняе Божае Службы, калі «Леў Сапега» разам з пяцёркай іншых мілагучных званоў радасна абвяшчаў гадзіну Сьветлага Хрыстовага Уваскрашэньня, у вокнах калідору, што злучаў старадаўні будынак архірэйскага дому з яшчэ больш старажытняй катэдрай імя Аляксея чалавека Божага, нечакана запальвалася сьвятло. Гэтае таямнічае сьвятло бачылі віцябляне, як з боку Альгэрдавае гары ці Ламіхі, гэтак і з Валатоўкаў, што разьлегліся з процілеглага боку, на стромкім беразе ручаю Дунай. А найбольш адважныя з іх, якія падыходзілі да самых вокнаў калідору, потым узварушана апавядалі.

Адразу пасьля першага гуку «Льва Сапегі» з архірэйскіх пакояў праз зычыненыя дзьверы выходзіў у калідор апошні полацкі і віцебскі грэка-вуніяцкі архіяпіскап Язафат Булгак. На ім былі ўласьцівыя ягонай годнасьці сьвяточныя белыя вялікодныя шаты — сакос і амафор, на галаве мітра, на грудзёх панагія і крыж, а ў рукох трымаў ён запаленыя дзікірый і трыкірый. У ягоных задуменных вачох адбіваўся сьвет нятутэйшы, тагабочны. Высокага росту, з тонкімі рысамі аскэтычнага твару, архіяпіскап Язафат нячутнай урачыстай хадой ішоў па калідору. За крок перад дзьвярмі ў катэдру ён спыняўся і, высока ўздымаючы схрышчоныя дзікірый і трыкірый, тройчы багаслаўляў сыноў і ўнукаў свае колішняе паствы, вітаючы іх адначасна радаснымі для кажнага хрысьціянскага сэрца словамі: Хрыстос Васкрос! А потым вяртаўся назад у архірэйскія пакоі, каб зьявіцца зноў праз год у наступную Вялікодную Ноч.

І гэтак адбывалася на працягу шматлікіх гадоў, аж пакуль у Віцебск ня прыехаў япіскап Савва Ціхаміраў. Ён загадаў разбурыць званіцу і разьбіць «Льва Сапегу», а з ягоных аскепкаў адлітаваць у Валдае новы звон з барэльефам імпэратара. У гонар нябеснага патрона гэтага імпэратара ён пераасьвяціў і катэдру, а перад гэтым значна перарабіў яе. Паверх абразоў і арнамэнтаў, натхнёнае работы магілёўскіх мастакоў, валадзімерскія маляры намалявалі сьвятых, дагэтуль віцяблянам невядомых. Яраслаўскія архітэктары ўкарацілі пазорныя барочныя вежы і, скінуўшы іхнія кумпалы, што нагадвалі лілеі, замянілі іх расейскімі, да цыбулінаў падобнымі макаўкамі. А на варце ўсяго гэтага перайменаванага і пераробленага стаў ля дзьвярэй бабінцу гарадавы, прагнаўшы ўсіх убогіх жабракоў, што сьпявалі псальмы пра Аляксея чалавека Божага. У часе сьвятаў ён прапушчаў у катэдру толькі добра апранутых і абутых.

У тую самую Вялікодную Ноч людзі віцебскія простыя праваслаўныя не патрапілі ў катэдру. Кажамякі і шаўцы сустракалі Вялікідзень Сьветлага Хрыстовага Уваскрашэньня ў сьвятога Юрага на Юр’евай горцы, ганчары-гаршкалепы ў Дабравешчаньня на Замкавай вуліцы, цесьляры і стальмахі ў Прарска Ільлі на Задзьвіньні, кавалі і муляры ў Івана Хрысьціцеля на Задунаўі, стырнікі стругаў і плытагоны ў Чорнай Тройцы на Пескаваціку.

У тую самую Вялікоднюю Ноч таксама запалілася ў калідоры архірэйскага дому таямнічае сьвятло і адразу-ж, як пошуг маланкі, пагасла. Тыя, што былі каля вокнаў бачылі, як архіяпіскап Язафат па-ранейшаму выйшаў з архірэйскіх пакояў, і раптам ягоныя рукі з даўгімі тонкімі пальцамі задрыжэлі. Дыкірый і трыкірый упалі на падлогу і пагаслі. А з цемры, што паглынула сьвятло, пачуўся поўны смутку голас:

«Успамяні, Госпадзе, што над намі здарылася;
зьвярні ўвагу і паглядзі на нас паруганых»*.

З таго часу ніхто з віцяблянаў ні з боку Альгэрдавае гары ці Ламіхі, ні з боку Валатоўкаў, што на Задунаўі, не заўважваў больш гэтага таямнічага сьвятла. І з таго часу ніхто з іх не бачыў, каб у Вялікоднюю Ноч ішоў да катэдры архіяпіскап Язафат Булгак, што належыў да старога беларускага, ахутанага славай, дваранскага роду.

Можа каму-небудзь і не спадабаецца тое таямнічае сьвятло, якое калісьці запальвалася ў родным тысячагадовым Віцебску? А можа хто-небудзь не дасьць веры гэтаму цудоўнаму здарэньню, якое некалі пачуў я ад віцебскіх старцаў-жабракоў? Мяне гэтае мала турбуе. За тое сам я з дзіцячай непасрэднай верай стаўлюся да паданьняў, якія стварыў у стагодзьдзі свайго ліхалецьця і ў хвіліны шчасьця мой народ. І з гэтай глыбокай і чыстай верай мне жыць ня так цяжка і ня гэтак балюча дыхаць.

3. ХІ. 51.

Уладзімір ДЫДЗІК. У ІМЯ НАЙВЯЛІКШАГА ІДЭАЛУ НАРОДА


* Плач Ераміі — 5, 1.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY