|
|
№
1(11)/2000
На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Проза
Да юбілею 2000 Года
Паэзія
Постаці
Погляд збоку
|
Вернемся зноў у Нясвіж. Гэты невялікі горад Мінскай вобласці, былая сталіца «некаранаваных каралёў» Вялікага Княства Літоўскага, цэнтр ардынацыі князёў Радзівілаў, не больш як 10 гадоў таму прызнаны ЮНЭСКА агульнаеўрапейскай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. І ў гэтым вялікая заслуга першага ардыната нясвіжскага князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. Свае наступныя фундацыі на карысць Касцёла ён рабіў ужо разам з жонкай Эльжбетай Яўхіміяй з роду Вішнявецкіх. Першым іх агульным намаганнем было заснаванне і будаўніцтва ў Нясвіжы мураванага комплексу касцёла і кляштара жаночага ордэна бенедыкцінак. Першая публікацыя ў беларускім мастацтвазнаўстве пра гэты адносна малавядомы архітэктурны помнік была зроблена намі ў 1981 г. («Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», № 1, с. 35—38), пазней ён увайшоў у «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» па Мінскай вобласці (т. 2, 1987, с. 100—101). У апошні час гэтаму помніку прысвяціў артыкул польскі даследчык Т.Бернатовіч. Чытачы «Нашай веры» маглі пазнаёміцца з гісторыяй фундацыі і сакральна-мастацкім начыннем святыні ў артыкуле А.Ярашэвіча «Нясвіжскі касцёл бенедыкцінак», надрукаваным у № 2 за 1998 г. Аднак, разглядаючы спадчыну Сіроткі ў галіне сакральнага будаўніцтва, мы не можам абысціся без аналізу яго ролі не толькі ў справе фундацыі кляштара, але і стварэнні яго архітэктурнага вырашэння. Матывацыяй чарговага этапа будаўнічай дзейнасці Сіроткі было яго жаданне «асадзіць» у Нясвіжы законніцаў ордэна бенедыкцінак з мэтай выхаваць і адукаваць паненак шляхецкага паходжання каталіцкага веравызнання і, у першую чаргу, прадстаўніцаў жаночай паловы роду Радзівілаў. Ордэн бенедыкцінак разам з езуітамі, бернардзінцамі і дамініканцамі найбольш паслядоўна рэалізоўваў рашэнні Трыдэнцкага Сабора, вызначаўся высокім узроўнем духоўнасці і культуры. Гісторыя існавання ордэна на зямлі Нясвіжа ахоплівае амаль тры з паловай стагоддзі, і была яна ад самага пачатку няпростай. Для прыцягнення ў Нясвіж місіі бенедыкцінак з іх галоўнай рэзідэнцыі ў Хэлмне князь даў ім надзвычай багаты фундуш, каб стварыць трывалую эканамічную базу. «Dobra funduszowe» ўключалі фальварак Гавезна з 170 валокамі зямлі. Да патрабаванняў бенедыкцінак Радзівіл Сіротка ставіўся надзвычай чула і ўважліва. Ён прапанаваў, каб «самі панны, калі Бог паможа, па парадзе тых, хто разумее», выбралі «месца пад кляштар, а затым ужо, у адпаведнасці з месцам, і форма будынка кляштара імі вызначыцца». Пад будаўніцтва кляштара адвялі 11 моргаў гарадской тэрыторыі, якую кіраўніца ордэна ў Рэчы Паспалітай Магдалена Мартэнская ў лістападзе 1590 г. вызначыла сама. Яна, разам з князем і яго архітэктарам, абумовіла планіровачныя асаблівасці будучага збудавання, якое павінна было спалучаць і кляштарныя, і свецкія адукацыйна-выхаваўчыя функцыі. Ужо існаваўшыя на той час рэзідэнцыі бенедыкцінак у Польшчы — у Хэлмне (1578 г.), Торуні (1579 г.), Жарновіцах (1589 г.) — мелі, на погляд М.Мартэнскай, «стыль старасвецкі», таму ў Нясвіжы, дзе ўсё стваралася ад пачатку, была распрацавана прынцыпова новая канцэпцыя кляштарнага комплексу, якая апярэджвала свой час. Па падліках «муратараў і геометраў некаторых свядомых», як адзначаў сам князь, склалі папярэдні рахунак будаўніцтва, на якое на працягу 5 гадоў, з 1590 да 1595, Сіротка выдаткаваў 7000 польскіх злотых. Праз 7 гадоў ён дадаткова вылучыў яшчэ 2000 злотых на ўтрыманне будынкаў. Спачатку 10 манашак-бенедыкцінак, што прыбылі ў Нясвіж у верасні 1591 г., жылі ў прыстасаваных драўляных будынках. Фундаменты мураванага кляштарнага комплексу былі закладзены ў маі 1593 г., а ўжо праз 3 гады, у кастрычніку 1596 г., бенедыкцінкі размясціліся ў новым збудаванні, якое адпавядала іх патрэбам і правілам ордэна. Касцёл і двухпавярховы кляштар узводзіліся адначасова і стварылі цэласны архітэктурны ансамбль з Е-падобнай кампазіцыяй плана. Як падкрэсліваецца ў візітацыі комплексу за 1848 г., «залы кляштарныя з касцёлам мурам звязаны». Касцёл, асвечаны ў гонар св. Яўхіміі 12 чэрвеня 1597 г. жмудскім біскупам Мельхіёрам Гедройцам, мае аднанававы аб’ём з неглыбокім трансептам, які ўтварае ў плане святыні лацінскі крыж, але гэтая структура схавана ў аб’ёме кляштара. Звонку сяродкрыжжа першапачаткова было падкрэслена невялікай вежачкай з купалком. З усходу ад сценаў кляштара выступае гранёная апсіда прэзбітэрыя — прыкмета гатычнай спадчыны. У адну лінію з алтарнай сцяной зроблены невялікія прастакутныя закрыстыі.
Характэрна, што тут дамінавалі патрабаванні рэлігійных правілаў, а не абарончая функцыя, уласцівая дойлідству папярэдняга часу. Нават калегіум езуітаў, пабудаваны тым жа італьянскім дойлідам, падобны да рэнесансавых палацца з унутранымі дворыкамі, абкружанымі аркаднымі галерэямі, сваёй замкнёнасцю больш нагадваў абарончае збудаванне, чым ансамбль бенедыкцінскага кляштара. І ўсё ж кляштар бенедыкцінак таксама меў пэўнае абарончае прызначэнне. Ён размяшчаўся пры падыходзе да Нясвіжа з боку Слуцка і Клецка і з’яўляўся адным з пунктаў гарадскіх умацаванняў. У візітацыі кляштарнага комплексу, што знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў Навуковай бібліятэкі Віленскага універсітэта, адзначана: «Кляштар на ўзгорку, з вежай пры ўваходзе з паўночнага боку, а з іншых бакоў валамі і равамі абкружаны». Да таго ж ён абнесены магутнай мураванай сцяной. Такім чынам тут фартыфікацыйныя прыстасаванні былі вынесены за межы комплексу, каб надаць яму большую планіровачную свабоду, абумоўленую толькі мірнай рэлігійна-адукацыйнай функцыяй. Такі падыход адлюстраваў тэндэнцыю да стварэння адкрытых рэпрэзентатыўных архітэктурных ансамбляў эпохі барока. Яшчэ адно сведчанне імкнення ізаляваць манашак ад свецкіх паненак можна ўбачыць у незвычайнай арганізацыі ўнутранай прасторы святыні. Адразу ад трансепта нава пасярэдзіне вышыні падзелена на два ярусы, перакрытыя магутнымі «старасвецкімі» скляпеннямі з распалубкамі, але без падпружных аркаў. Верхні ярус, агароджаны драўлянай разной балюстрадай, прызначаўся для манашак-бенедыкцінак. Пазней кляштарны комплекс бенедыкцінак зазнаў шмат перабудоваў і рамонтаў. Мы вылучым два найбольш буйныя будаўнічыя этапы ў яго гісторыі, якія храналагічна адпавядаюць істотным зменам у архітэктурным абліччы княскай рэзідэнцыі і ўсяго горада. У першай палове ХVІІІ ст. (да 1733 г.) цалкам перабудаваны галоўны фасад касцёла: разабраны круглыя вежачкі з вітымі ўсходамі, нава прасторава падоўжана на захад, за чырвонай лініяй кляштара ўтвораны квадратны ў плане аб’ём з магутнымі сценамі, які ўвянчала шмат’ярусная вежа, падобная да вежы нясвіжскага замка. Гэтае падабенства дазваляе лічыць, што азначаныя перабудовы выкананы пад кіраўніцтвам Казіміра Антонія Ждановіча, прыдворнага архітэктара князя М.-К.Радзівіла Рыбанькі, які ўзнаўляў княскую рэзідэнцыю пасля разбурэнняў Паўночнай вайны. Вуглы прыбудаванай часткі, не звязанай перавязкай з асноўным мурам, каб яна магла трывала несці магутную вежу, мусілі ўзмацніць на абодвух ярусах ніжняга чацверыка так званымі езуіцкімі скляпеннямі, у якіх распалубкі сыходзяцца па дыяганалі вугла. Гэта робіць скляпенне больш лёгкім і адначасова прасторава «жорсткім», устойлівым. У распалубках-люнетах на абодвух ярусах размешчаны вокны. Дзякуючы гэтаму прыёму ўся кампазіцыя галоўнага фасада з цэнтральнавосевай змянілася на двухвосевую, што падкрэслена і размяшчэннем пілястраў. Цяпер вежы няма, але яе можна бачыць на малюнку Н.Орды 1876 г. Намі знойдзены ў архіве абмерны чарцёж вежы, зроблены ў 1879 г. пасля таго, як яе пашкодзіла маланка. Пазней вежу разабралі. Чарцёж дае ўяўленне пра яе архітэктуру. Два верхнія васьмігранныя ярусы мелі аднолькавае сячэнне, але даволі значна скарачаліся па вышыні і завяршаліся фігурным барочным купалам з 2-яруснай «банькай»-сігнатуркай. Такое вырашэнне надавала вежы масіўнасць і веліч, але адначасова дынамічнасць і маляўнічасць. У дэкоры выкарыстаны элементы ордэрнай пластыкі, характэрнай для сталага барока. Новы этап разбудовы комплексу пачаўся ў 1760-х гадах, пры князю К.-С.Радзівіле Пане Каханку. У 1763 г. ансамбль дапоўніла надбрамная вежа ў стылі позняга беларускага барока, званага віленскім. Цікава, што ў «Рэестры прыхода і расхода касцёла і кляштара бенедыкцінак нясвіжскіх», які ахоплівае гады з 1733 да 1811, пяць разоў упамінаецца архітэктар з Вільні і аплата за яго працу, але прозвішча не называецца. Магчыма, ён і ёсць аўтар надбрамнай вежы. Цэнтрычнае квадратнае ў плане збудаванне мае ўнутры чатыры ярусы, а звонку — тры, якія паступова змяншаюцца па памерах і падзелены развітымі прафіляванымі карнізамі. Багацце і маляўнічасць дэкаратыўнай аздобы ўгару ўзрастае, вуглы аформлены разнастайнымі пілястрамі, вокны — фігурнымі абрамленнямі. Завяршае вежу прыгожы барочны купалок. Драўляныя дзверы ў браме з абодвух бакоў аздоблены па-мастацку выкананымі каванымі металічнымі накладкамі. Да ўваходу з боку горада вядзе адмысловая лесвіца, якая складаецца з некалькіх невялікіх пандусаў, што нібыта сцякаюць па пакатым узгорку. Напэўна, па ёй падымаўся да брамы апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які наведаў Нясвіж і кляштар бенедыкцінак у 1784 г.
Касцёл св. Юр’я ўяўляў сабою мураваную трохнававую базыліку з плоскім бязвежавым фасадам, які меў барочную двух’ярусную будову і завяршаўся трохвугольным франтонам, па пластыцы больш сціплым за фасад касцёла езуітаў, да якога ён быў павернуты. З паўночнага боку ён замыкаў унутраны кляштарны двор, куды вяла невысокая надбрамная вежа, размешчаная побач з галоўным фасадам касцёла. Вышыннай дамінантай усяго ансамбля была шмат’ярусная чацверыковая вежа-званіца, размешчаная каля прэзбітэрыя. Лічыцца, што яна таксама мела абарончае прызначэнне, ахоўваючы кляштар з боку прадмесцяў горада. Тут мы сустракаемся з яшчэ адным варыянтам кампаноўкі вежаў шматфункцыянальнага прызначэння з барочным па сутнасці тыпам храма — базылікай. Аднак у дадзеным выпадку базыліка не мае трансепта, што з’яўляецца выключэннем для ідэалагічна праграмнага сакральнага будаўніцтва Сіроткі, але адпавядае будаўнічым традыцыям ордэна бернардзінцаў (гэта бачна на згаданай вышэй карце).
Асноўная частка Мікалаеўскага касцёла ўяўляе чыстую і строгую па прапорцыях трохнававую 6-слуповую базыліку з прэзбітэрыем у выглядзе паўкруглага завяршэння цэнтральнай навы, што надае масам збудавання надзвычайную маналітнасць і выразную масіўную пластыку. Характэрна, што навы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі, але без папярочных падпружных арак, і ў гэтым — канструкцыйны крок назад у параўнанні з нясвіжскім касцёлам езуітаў. Адметны характар мае вырашэнне ўсёй перадалтарнай часткі. Абапал вімы прэзбітэрыя размешчаны аб’ёмы закрыстый са скругленым абрысам вонкавых вуглоў, што надае святыні ў плане выгляд трохапсіднай. Як вядома, трохапсіднасць уласцівая праваслаўнаму дойлідству папярэдняга часу, магчыма таму гэтая форма звонку замаскіравана: з дапамогай вуглавых контрфорсаў ёй нададзены прастакутныя абрысы. Да закрыстыі па баках сіметрычна далучаны роўнавысокія з імі пяцігранныя прыбудовы, якія (у пэўнай ступені) імітуюць трансепт. Іх архаічныя гранёныя формы з’яўляюцца рэмінісцэнцыяй рамана-гатычнай архітэктуры. Цікава, што адзіны вельмі прыблізны аналаг падобнага вырашэння алтарнай часткі мы з цяжкасцю знайшлі ў саборы ХІІ ст. у Туме (Польшча).
Мы паспрабуем з дапамогай мастацтвазнаўчага аналізу архітэктурных формаў святыні прыйсці да абгрунтавання ці адмаўлення прыведзеных вышэй разрозненых звестак, што даволі няпроста. Па-першае, трэба адзначыць, што існуючы ў Дзераўной храм ад пачатку не мог быць кальвінскім зборам, хаця са спадчынных дакументаў Радзівілаў ад 1590 г. вынікае, што ў Дзераўной быў пляц, дзе жыў кальвінскі «міністр». І не толькі з-за неадпаведнасці даты фундацыі і імені фундатара гэтаму прызначэнню. Характэрна, што ўсе вядомыя мураваныя кальвінскія зборы на Беларусі мелі рысы паўночнаеўрапейскага рэнесансу, пераважна Нідэрландаў, дзе панаваў пратэстантызм. Да таго ж у іх звычайна адсутнічала вылучаная алтарная частка, што адпавядала ідэалагічным канонам пратэстантызму. Адзін з іх — прызнанне свяшчэнства ўсіх дарослых, хрышчоных па веры. Таму рэфармацкія храмы і завуцца зборамі, а дамінантную ролю ў іх адыгрывае не алтар, а кафедра прапаведніка. У той жа час святыня ў Дзераўной мае развітую шматгранную апсіду прэзбітэрыя. Мястэчка Дзераўная адышло Радзівілам у спадчыну ад княгіні Яўхіміі Вішнявецкай, маці жонкі Сіроткі, якая заснавала тут касцёл, аддаўшы яму сёлы Саковічы і Алісевічы з 40 валокамі зямлі. Але невядома, калі змуравалі касцёл: у той час ці не. Нават калі яго пачалі будаваць пасля 1598 г. (дата фундацыі Сіроткі і яго жонкі), што найбольш верагодна, у яго ўзвядзенні ўжо не мог удзельнічаць з-за ад’езду ў Кракаў архітэктар Бернардоні. Гэтую думку пацвярджае той факт, што дзераўнянскі касцёл «самы гатычны» з усіх храмаў са спадчыны Сіроткі, а Бернардоні быў майстрам барока, хоць і падпарадкоўваўся ў сваёй творчасці мясцовым густам і традыцыям.
Мастацтвазнаўчы аналіз святыняў, фундаваных М.-К.Радзівілам Сіроткам, дае падставы сцвярджаць, што ў развіцці сакральнай архітэктуры Беларусі на мяжы ХVІ—ХVІІ стст. назіраюцца дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, абцяжаранасць готыка-рэнесансавымі традыцыямі, а з другога — парасткі станаўлення новай мастацкай канцэпцыі барока. Складаную палітру творчых пошукаў у дойлідстве гэтага перыяда цяжка вызначыць як чыстае барока, аднак мы прапануем характэрызаваць з’яву па прагрэсіўнай дамінанце і сацыяльнай матывацыі яго развіцця «нясвіжскім барока» альбо «стылем Сіроткі». Апошні, як бачым, быў фундатарам і меў пэўнае дачыненне да стварэння большасці сацыяльна значных помнікаў манументальнага сакральнага будаўніцтва каталіцкай канфесіі і, як заказчык, актыўна праводзіў у іх ідэалагічную праграму Контррэфармацыі. У польскім мастацтвазнаўстве ранняе барока Рэчы Паспалітай вызначаецца як «кракаўскае», што адмаўляе сапраўдны прыярытэт Нясвіжа. На грунце архітэктурнай спадчыны Сіроткі мы маем падставы замацаваць свае нацыянальныя прыярытэты ў развіцці мастацкай культуры.
|
|
|