Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(21)/2002
Мастацтва

АБРАЗЫ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЯМЛЯ ВОЛАТАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

ЧАТЫРЫ СУР'ЁЗНЫЯ СПЕВЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы

КРАІНА СВЯТОГА ПАТРЫКА
Постаці

ЖЫЦЦЁ ТВОРАЦЬ ЛЮДЗІ ВЕРЫ
Кантрапункт

ПРАГРЭС ЦІ РЭГРЭС?
Культура

Анатоль ГРЫЦКЕВІЧ

РЭЛІГІЙНАЯ І СВЕЦКАЯ АДУКАЦЫЯ

Піярскія школы ў Беларусі ў XVIII — першай трэці XIX ст.

Адной з адметных з'яваў у гісторыі адукацыі ў Беларусі стала школьная рэформа 40-х гадоў ХVІІІ ст., звязаная з імем асветніка і педагога Станіслава Канарскага, які належаў да каталіцкага манаскага ордэна піяраў.

Ордэн піяраў быў ордэнам новага тыпу ў параўнанні з заснаванымі яшчэ ў Сярэднявеччы каталіцкімі ордэнамі. Ён канцэнтраваў сваю дзейнасць на школьнай справе, роля якой у каталіцкім Касцёле пасля Трыдэнцкага Сабору ўзрасла. Ордэн быў заснаваны ў 1597 г. іспанскім святаром Хасэ Каласансам (святы Юзаф Каласанты) і ў 1621 г. зацверджаны рымскім Папам Грыгорыем ХV. Ад самага пачатку дзейнасці піяры адчынялі школы, спачатку ў Італіі, а потым і ў іншых краінах Еўропы1. У 1642 г. першыя піяры прыбылі ў Варшаву, а ў другой палове ХVІІІ ст. заснавалі свае школы ў іншых гарадах і мясцовасцях Польшчы і Заходняй Украіны. У 1662 г. была створана Польская правінцыя ордэна піяраў. У ХVІІІ ст. 24 калегіі і рэзідэнцыі піяраў у Каралеўстве Польскім складалі правінцыю Польскую2.

У Беларусі піяры з'явіліся ў 20-х гадах ХVІІІ ст.3. Асноўнай задачай тут, як і ў іншых краінах, было стварэнне школ з мэтай выхавання дзяцей, у тым ліку і бяднейшых, розных саслоўяў і веравызнанняў у духу рэлігійнасці і адданасці Касцёлу. Найбольш бедныя вучні (асабліва з сялянаў) утрымліваліся за кошт ордэна, але за гэта выконвалі пэўныя вызначаныя работы па абслугоўванні кляштара, школы і канвікта (інтэрната). Піяры ў Беларусі заснавалі піярскія школы - пачатковыя вучылішчы і калегіумы. У 1722 г. віленскі біскуп К.К.Бжастоўскі запрасіў піяраў у Вільню, а А.Сапега перадаў ім палац і два дамы.

У 1736 г. на тэрыторыі Беларусі і Літвы была створана Літоўская правінцыя ордэна піяраў, у якой аб'ядналіся ўсе піярскія школы на гэтых землях. Правінцыялам быў прызначаны ксёндз Юзаф Ястшэмбскі. Спачатку працавалі 6 калегіумаў: у Вільні, Дубровіцы, Любежаве, Шчучыне, Панявежы і Лідзе. Пазней адчыніліся калегіумы ў Зэльве, Лужках, Вілкамеры, Расенях, Віцебску, Сніпішках, Дуброўне, Полацку, а потым і ў Пецярбургу. Калегіум у Вільні быў адначасова і рэзідэнцыяй літоўскіх правінцыялаў4. Сярод школ аднымі з першых з'явіліся вучылішчы ў Геранёнах, Воранаве, Балотні5.

На чале правінцыі стаяў правінцыял, якога выбіралі на 3 гады. Выбіраўся і капітул правінцыі. Кіравалі піярскім калегіумам рэктар, які займаўся адміністрацыйнымі справамі (яго выбіралі правінцыял і рада)6 і прэфект, яго памочнік, што загадваў навучальнай часткай. Навучальны курс калегіума разлічваўся на сем класаў. Акрамя тэалогіі і іншых прадметаў рэлігійнага накірунку, асноўнымі прадметамі былі: праформа, на ўроках якой вучняў вучылі пісаць, чытаць і пачаткам арыфметыкі; інфіма - гэтыя ж прадметы і катэхізіс; граматыка - латынь, пераклады з яе і матэматыка; сінтаксіс - латынь, пераклады з яе і напісанне лістоў на лацінскай мове; паэзія - пераклады з лацінскай мовы, красамоўства; рыторыка - у гэты цыкл прадметаў уваходзілі рыторыка, латынь, гісторыя; філасофія - логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя. Выкладчыкі 1-5 класаў мелі званне магістраў, а 6-7 - прафесараў. Навучанне было бясплатнае. Плата бралася толькі за пражыванне ў канвікце (інтэрнаце). Праграма навучання ў піярскіх школах была падобная на навучальную праграму ў езуіцкіх школах, аднак дысцыпліна ў піярскіх школах была менш строгай, таму бацькі, і асабліва шляхта, ахвотна аддавалі дзяцей менавіта ў піярскія школы. Папулярнасць піяраў выклікала супрацьдзеянне езуітаў, якія дамагаліся закрыцця піярскіх калегіумаў у Вільні, Геранёнах, Воранаве. Езуіты адчынялі свае калегіумы ў гарадах і мястэчках, дзе ўжо існавалі піярскія школы, а таксама падавалі скаргі на піяраў у суды7.

У сувязі з агульным уздымам эканамічнага і культурнага жыцця ў Рэчы Паспалітай паўстала неабходнасць рэарганізацыі школьнай справы. Такую рэформу правёў адзін з прагрэсіўных прадстаўнікоў польскага асветніцтва правінцыял Польскай (Кароннай) правінцыі ордэна піяраў Станіслаў Канарскі. Рэформа ў Польшчы была праведзена ў 1740-1750 гады, а ў Літоўскай правінцыі ў 1750-1760 гады. Школьная рэформа была накіраваная на мадэрнізацыю працэсу навучання. С.Канарскі звяртаў асаблівую ўвагу на свецкі характар навучання пры захаванні прадметаў рэлігійнага цыклу. Важнае значэнне пры навучанні мела патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне вучняў. У выніку рэформы курс тэалогіі быў скарочаны. У праграму шырока ўводзілася польская мова, а курс лацінскай мовы скарачаўся, вывучаліся прыродазнаўчыя, матэматычныя і грамадскія навукі, былі ўведзены французская і нямецкая мовы.

Выкладаць новыя прадметы павінны былі спецыяльна падрыхтаваныя выкладчыкі. Яны карысталіся новымі падручнікамі, падрыхтаванымі самімі педагогамі-піярамі ці перакладзенымі з іншых моў. Курс навучання ў рэфармаваных піярскіх вучылішчах разлічваўся на 6 гадоў. За гэты час вучні павінны былі засвоіць не толькі суму ведаў па гісторыі рэлігіі і багаслоўі, лацінскую мову, але таксама і абавязковую для грамадскай і рэлігійнай дзейнасці красамоўнасць (элаквенцыю). У праграму піярскіх школ у Беларусі былі ўключаны і новыя прадметы: матэматыка, фізіка, гісторыя Польшчы і ўсеагульная гісторыя, «палітыка, або азнаямленне вучняў з творамі па пытаннях палітычных» і «з мясцовымі законамі і правамі», а таксама глыбокае навучанне польскай мове8. Шэраг прадметаў выкладаўся па-французску, а лепшыя выхаванцы піярскіх школ накіроўваліся ў Францыю на стажыроўку. Рэформа піярскіх вучылішчаў са спачуваннем была сустрэта прыхільнікамі агульных рэформаў у асяроддзі шляхты. Сярод выхаванцаў піярскіх школ было нямала ўдзельнікаў рэформ 80-90-х гадоў у Рэчы Паспалітай.

Яшчэ адной рысай у выхаванні вучняў стала стварэнне школьных тэатраў у піярскіх калегіумах. Тэатры, у спектаклях якіх удзельнічалі навучэнцы, існавалі пры піярскай школе ў Віцебску (1765-1771 гг.) і Лідзе (1771-1772 гг.)9. Захаваліся згадкі аб пастаноўках асветніцкіх п'ес на польскай мове: трагедыі Я.Кушаля «Артахар» (Віцебск, 1765 г.), камедыі А.Мікуцкага «Няшчасны лёс заўсёды заклапочаных і незадаволеных асобаў» і «Трагедыі на змову Катыліны» гэтага ж аўтара, якія былі пастаўлены на сцэне ў Лідзе ў 70-х гадах10.

У 1772 г. у Літоўскай правінцыі ордэна піяраў налічвалася 10 калегіумаў - у Дубровіцы (Брэст-Літоўскі павет), Лідзе, Любежаве (Брэст-Літоўскі павет), Лужках (Полацкае ваяводства), Панявежы, Расенях, Шчучыне, Вільні, Вілкамеры і Віцебску11. Пасля скасавання ў 1773 г. папам Кліментам ХІV ордэна езуітаў і ўтварэння Адукацыйнай камісіі, якая ўзначаліла дзяржаўнае кіраўніцтва школьнай справай, піяры адыгралі вялікую ролю ў рэарганізацыі сістэмы асветы12. У 1783 г. піярскія школы ў Польшчы былі вылучаны ў асобную акругу, куды ў 1790 г. увайшлі і піярскія вучылішчы Вялікага Княства Літоўскага. Яны не падпарадкоўваліся ваяводскім школам, у адрозненне ад школ іншых ордэнаў.

Ордэн піяраў захаваў свае пазіцыі ў школьнай справе і пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ў канцы ХVІІІ ст. Такое становішча ён здолеў захаваць да 1832 года, калі быў зачынены Віленскі універсітэт і сетка школьных установаў падчас пачатку русіфікацыі школьнай справы ў Беларусі.

У 1803 г. падчас універсітэцкай рэформы ў Расіі была створана Віленская навучальная акруга, навучальна-метадычным і адміністрацыйным цэнтрам якой стаў Віленскі універсітэт. Гэтай акрузе падпарадкоўваліся навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў, а з 1810 г. і Беластоцкая вобласць. Такім чынам, Віленская акруга ахоплівала тэрыторыю Літвы, Беларусі і Правабярэжнай Украіны, г.зн. былую тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Піярскія школы былі ўключаны ў склад Віленскай навучальнай акругі з 1804 г. і атрымалі статус павятовых вучылішчаў, аднак забаранялася адчыняць новыя школы. Расійскі ўрад ставіўся да іх з недаверам. Яшчэ Кацярына ІІ у 1794 г. пісала князю М.В.Рапніну, што піярскія школы дрэнна ўплываюць на моладзь і таму трэба мець за імі добры нагляд. Але ў час панавання Паўла І стаўленне да піярскіх школ крыху змяніліся на лепшае, і яны па-ранейшаму займалі адно з першых месцаў у Віленскай навучальнай акрузе. Так, у 1803 г. у піярскіх вучылішчах займалася 1234 вучні, у 1804 г. у іх складзе налічваўся 51 настаўнік, а ў 1814 г. - 65 настаўнікаў13. У 1816 г. у піярскіх школах было 1245 вучняў, а ў 1822 г. - 1401 вучань14. Разам з тым некаторыя школы давялося зачыніць з-за ўнутраных канфліктаў і каб пазбегнуць пагаршэння сітуацыі ордэна ў Расійскай дзяржаве. Так, у 1821 г. ордэн піяраў зачыніў сваю малую школу ў Лідзе. У 1820 г. правінцыял ксёндз Глагоўскі атрымаў ад Віленскага універсітэта загад пакінуць шасцікласную школу ў Шчучыне, а іншыя павятовыя школы скараціць да чатырох класаў15.

Пасля закрыцця расійскім урадам Полацкай езуіцкай акадэміі ў 1822 г. у горадзе было адкрыта Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча, якое дзейнічала ў будынках скасаванай езуіцкай акадэміі да 1830 года. Гэтае вучылішча было створана на падставе пераведзенага ў Полацк Віцебскага піярскага вучылішча, згодна з імператарскім указам ад 16 (28) жніўня 1828 г. У складзе новай навучальнай установы былі прыходскае вучылішча, 4-класнае павятовае і 3-гадовыя аддзелы, або «курсы вышэйшых навук». У 1823 г. у вучылішчы працавалі рэктар, прэфект і 13 выкладчыкаў, большасць з якіх скончыла Віленскі універсітэт16.

Піярскія школы, якія падпарадкоўваліся Віленскаму універсітэту, вялі навучанне згодна з праграмамі 4-класных павятовых вучылішчаў. Асноўнае месца ў іх навучальным плане адводзілася мове і літаратуры (польскай, лацінскай, французскай і нямецкай). Прыблізна чвэрць усяго часу навучання займала вывучэнне фізіка-матэматычных навук. У вучылішчах таксама выкладалі гісторыю, геаграфію, логіку і права. Тэалогія як прадмет у навучальным плане адсутнічала, але адзін з ксяндзоў быў абавязаны штодзённа перад урокамі і ў святочныя і нядзельныя дні вадзіць навучэнцаў на набажэнства. Закон Божы як прадмет заставаўся. Навучальнай мовай у віленскай навучальнай акрузе была польская. Руская мова ўводзілася ў праграму толькі па жаданні навучэнцаў17.

У адрозненне ад звычайных павятовых вучылішчаў у Полацкім вышэйшым піярскім вучылішчы навучальная праграма была значна пашырана і ўведзены лекцыі замест звычайных урокаў. Тут у павятовым вучылішчы выкладаліся Закон Божы, польская, лацінская, французская, нямецкая мовы, геаграфія, арыфметыка, асновы геаметрыі, прыродазнаўства, фізіка, маляванне. У старэйшых класах, на «курсах вышэйшых навук», былі літаратурныя і матэматычныя аддзяленні, дзе выкладаліся матэматыка, доследная фізіка, цывільнае права, лацінская, грэцкая і польская мовы, гісторыя, маляванне, музыка, фехтаванне, танцы. У Полацкім вучылішчы ў канцы 1822 г. лекцыі па гісторыі чытаў прафесар Віленскага універсітэта, вядомы гісторык Іаахім Лялевель. У вучылішчы дзейнічаў філіял тайнага таварыства філаматаў, які быў раскрыты паліцыяй у снежні 1823 г., а выкладчыкі К.Львовіч і М.Бразовіч арыштаваныя. Куратар Віленскай навучальнай акругі князь Адам Чартарыскі збіраўся надаць Полацкаму вучылішчу афіцыйны статус ліцэя, але ў 1824 г. вучылішчы Магілёўскай і Віцебскай губерняў былі перададзены ў склад Пецярбургскай навучальнай акругі. У 1825-1826 гг. па ініцыятыве візітатара прафесара В.Сянкоўскага была праведзена рэформа вучылішча: лекцыйная сістэма выкладання забаронена, у пачатковых класах выкладанне праводзілася на рускай мове, узмацніўся нагляд паліцыі за навучэнцамі і выкладчыкамі. Пасля стварэння ў 1829 г. Беларускай навучальнай акругі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях царскія ўлады пачалі працэс ліквідацыі Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча. Улетку 1830 г. яно было зачынена, настаўнікі пераведзены ў Вільню, дзе яны стварылі сваю гімназію. У будынках вучэльні размясціліся Полацкі кадэцкі корпус і свецкае павятовае вучылішча18.

Расійскі ўрад энергічна ажыццяўляў вялікадзяржаўную палітыку на Беларусі, намагаючыся задушыць грамадска-палітычны рух у краі. Ужо ў разгар паўстання 1830-1831 гг. магілёўскі цывільны губернатар М.Мураўёў, які ў 1863 г. быў віленскім генерал-губернатарам і душыцелем паўстання, накіраваў Мікалаю І запіску аб неабходнасці неадкладнага пераўтварэння ў Беларусі навучальных устаноў у рускія школы. Пасля задушэння паўстання 1830-1831 гадоў у працэсе русіфікацыі Заходняга краю піярскія вучылішчы ў 1831-1834 гадах былі зачыненыя ці ператвораныя ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы. Заставаўся фармальны акт ліквідацыі: у 1843 г. Літоўская правінцыя ордэна піяраў была скасаваная19. На тэрыторыі Беларусі з 30-х гадоў ХІХ ст. узмацнілася палітыка русіфікацыі ў школьнай справе пад моцным адміністрацыйным і паліцэйскім кантролем.


  1. Kłoczowski J. Zakony męskie w Polsce w XVI-XVIII wieku. S.l., S.d., s. 571.
  2. Gloger Z. Encyklopedia staropolska ilustrowana. Tom IV. Warszawa, 1978, s. 24.
  3. Гісторыя Беларускай ССР. Том 1. Мн., 1972, с. 425.
  4. Gloger Z. Encyklopedia staropolska ilustrowana. Tom IV. Warszawa, 1978, s. 24.
  5. Гісторыя Беларускай ССР. Том 1, с. 425.
  6. Kłoczowski J. Op. cit., s. 571-572.
  7. Самусік А. Піяры // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5. Мн., 1999, с. 510.
  8. Гісторыя Беларускай ССР. Том 1, с. 425.
  9. Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии ХVІІІ века. Мн., 1992, с. 16.
  10. Тамсама.
  11. Litak S. Koscioł łacinski w Rzeczypospolitej około 1772 roku. Lublin, 1996, s. 525-526.
  12. Kłoczowski J. Op. cit., s. 573.
  13. Beauvois D. Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. 1803-1832. Tom II. Rzym-Lublin, 1991, s. 148, 174, 214.
  14. Тамсама, с. 148.
  15. Тамсама, с. 174.
  16. Самусік А. Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5. Мн., 1999, с. 525.
  17. Гісторыя Беларускай ССР. Том 1. Мінск, 1972, с. 508.
  18. Самусік А. Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5, с. 525.
  19. Самусік А. Піяры // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Том 5. Мн., 1999, с. 510.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY