Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(21)/2002
Мастацтва

АБРАЗЫ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЯМЛЯ ВОЛАТАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

ЧАТЫРЫ СУР'ЁЗНЫЯ СПЕВЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы

КРАІНА СВЯТОГА ПАТРЫКА
Постаці

ЖЫЦЦЁ ТВОРАЦЬ ЛЮДЗІ ВЕРЫ
Кантрапункт

ПРАГРЭС ЦІ РЭГРЭС?
Культура

Тамаш ВЛОДАК

ПРАГРЭС ЦІ РЭГРЭС?

Здзівіла мяне прапанаваная на атэстацыйных экзаменах па польскай мове і літаратуры тэма: «Цывілізацыя ХХ стагоддзя — паражэнне альбо трыумф чалавека?». А вырашыць гэтую праблему прапанавалася... на падставе твораў літаратуры, мастацтва і кіно.

Што праўда, само пытанне не мае сэнсу, бо я не зусім разумею, чаму думкі на тэму ХХ стагоддзя трэба фармаваць і фармуляваць выключна на падставе твораў кіно і літаратуры, а не на падставе голых фактаў. Але няхай сабе, бо гэта такая прафесійная хвароба паланістаў, для каго рэчаіснасць і літаратура адно і тое самае. Гадоў праз пяцьдзесят вучні змушаныя будуць апрацоўваць тэму «Ці план Бальцаровіча быў для Польшчы дабрадзействам, ці руйнаваннем? Напішыце пра гэта, абапіраючыся на творы польскай паэзіі канца ХХ стагоддзя».

Так ці іначай, але я міжволі задумаўся, што напісаў бы сам на гэтую тэму, калі б прыйшлося — аднак, пакінуўшы ў спакоі літаратуру. Давайце падумаем усе разам: ці было наша ХХ стагоддзе эпохай прагрэсу альбо рэгрэсу ў параўнанні, скажам, з Сярэднявеччам?

Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, што мы разумеем пад прагрэсам. У галіне тэхнікі і тэхналогіі, безумоўна, перамены аграмадныя. Але ці змянілася Еўропа да лепшага ад часоў Сярэднявечча ў справе грамадскіх правоў і свабодаў? І адказ, між іншым, не такі просты, як здавалася. Бо ў параўнанні з Сярэднявеччам, якое было найвышэйшым пікам развіцця цывілізацыі, адбыўся катастрафічны рэгрэс.

Безумоўна, у часы Сярэднявечча не існавала дэмакратыі, не было ніякага выбару. Люд быў абсалютна пазбаўлены ўлады. Толькі што... пачнем з таго, ці існуе насамрэч нешта такое як той люд, народ. Які, калі верыць дэмакратам, прагне і абавязаны абіраць і мець уладу. Бо насамрэч ёсць індывідуумы, маленькія канкрэтныя людзі: шавец Ян Краўчук, земляроб Юзаф Бацян, мяснік Антон Новік і іншыя. Гэтыя яны, юзафы і антоны ў большасці зусім не прагнуць улады! Яны хочуць толькі, каб імі добра кіравалі, а хто менавіта кіруе, гэта справа ўжо не проста другая, але зусім другасная. Калі добрае і спраўнае кіраванне ім забяспечыць спадчынная манархія, то народ будзе стаяць, каб ім кіраваў кароль. А калі дэмакратыя на справе акажацца адным суцэльным хаосам, карупцыяй і росквітам злачыннасці, то будуць пляваць на тую дэмакратыю, з вялі-ікай павагай.

Ніколі не лішне паўтарыць: той ідэалізаваны праз дэмакратаў люд не прагне ўлады зусім. Прагнуць жа яе самыя розныя прафесійныя прадстаўнікі простага люду, якім надта ж хочацца той люд даіць, як карову. У імя і ад імя яго ж, гэта значыць, простага люду.

Сярэднія шэрыя людзі хочуць ад улады аднаго — няважна, кароль кіруе ці хто іншы, — каб пакінула іх у спакоі і дазволіла самім сябе ўтрымваць. А па-за тым хочуць, каб права было жорсткім для злодзеяў, а падаткі нізкія і нязменныя. І нічога больш.

Астатняе надзвычай важна. Бо ажно да пералому ХІХ і ХХ стагоддзяў падаткі ў большасці краінаў былі, калі параўнаць з сённяшнімі, такія нізкія, што смех адзін. Быў падатак падушны, ад зямлі, і плацілі яго толькі людзі, якія мелі адносна добры маёнтак. Прагрэсіўнага падатку ўвогуле не існавала — каб увесці яго ў Злучаных Штатах, трэба было прагаласаваць... папраўку да Канстытуцыі.

Сведчаннем сярэднявечнага здзеку і гвалту звычайна падаюць гэтак званую «дзесяціну». Калі ж над тым паразважаць паважна, то... не было ніякага гвалту. Бо сёння найніжэйшы падатак пачынаецца самае меншае ад 18% (то залежыць ад краіны), а можа дасягаць 30—50 адстоткаў, а ў сацыялістычнай Швецыі даходзіць да 80%. Калі б земляроб Сярэднявечча падняўся з магілы і пачуў, што мусіць аддаць 80% свайго зыску, то памёр бы адразу ў сваёй адрыне. У цяперашніх умовах цяперашні земляроб пра тое нават не заікнецца.

Цікава, што падаткі найбольшыя там, дзе найбольш ліберальнае выбарчае права. Бо пакуль права голасу мелі адзінкі, падаткі былі нізкія. Калі ж права выбару было прызнанае тлумам, палітыкі пачалі абяцаць тым тлумам, што на вербах зараз грушкі заплодняць, навокал запануе сацыяльная апека над бедным людам. Але гэта патрабуе грошай, таму пачалі расці падаткі. А сярэднестатыстычны выбаршчык не ёсць ажно такі разумны. Палова супольства ў высокаразвітых краінах гэта... анальфабты, а ў Трэцім Свеце іх яшчэ болей, і таму яны не разумеюць гэтай простай узаемасувязі.

Цікава, што было б, каб цяпер у Злучаных Штатах зрабіць эксперымент і прапанаваць людзям выбар: кожны мае права — добраахвотна! — альбо мець голас на выбарах улады, альбо... адмовіцца ад яго, за што быў бы вызвалены ад усялякіх падаткаў, а яго заробкі і зыскі раслі б з дня на дзень. Цікава было б праверыць, ці амерыканцы насамрэч маюць за святое права выбару, а звальненне ад падаткаў нічога не вартае. Бо напісаў адзін пішучы: «Што зробіш, панове дэмакраты, ваш просты люд дэмакратычна і аднагалосна выказаўся за тое, каб дэмакратыі не было!».

Гэта дыгрэсія. І гэта не «чыстая тэорыя». Пуэрта-Рыка — гэта востраў, які ёсць «ставарышанай тэрыторыяй» са Злучанымі Штатамі, але гістарычна склалася так, што ён не мае статусу штата. На практыцы гэта значыць, што пуэртарыканцы маюць амерыканскае грамадзянства і пашпарты, але не маюць права на сваіх прадстаўнікоў у Кангрэсе. Значыць, не плоцяць таксама федэральных падаткаў. І бачым у Пуэрта-Рыка штосьці цікавае: мясцовыя палітыкі спрабуюць за любы кошт зрабіць з вострава 51-ы штат ЗША — каб мець права засядаць у Кангрэсе, — а жыхары Пуэрта-Рыка ўжо на некалькіх (!) рэферэндумах цвёрда таму супрацьстаяць. Большасць пуэртарыканцаў не жадае мець права выбару, за якое мусіла б плаціць уласныя грошы на падаткі ў федэральны бюджэт. Як бачым, шэры абывацель больш цэніць уласныя грошы, а не права голасу. Канец дыгрэсіі.

Трагічна выглядае ХХ стагоддзе ў параўнанні з Сярэднявеччам, калі параўнаем умовы для рэалізацыі свабоды сумлення.

Сярэднявечча было эпохай нечуванай рэлігійнай свабоды. Нягледзячы на тое, што кожнага (па-за жыдамі) абавязкова хрысцілі, а касцельная ўлада мела шырокія паўнамоцтвы, не было ніколі такіх пераследаў на рэлігійным грунце, да якіх дайшло пазней. Чорная слава іспанскай інквізіцыі вядомая дагэтуль, але за пару сотняў гадоў свайго існавання інквізіцыя адаслала на той свет менш людзей, чым прагрэсіўныя і талерантныя правадыры Вялікай Французскай рэвалюцыі за некалькі гадоў. Не гаворачы ўжо пра Сталіна альбо Мао Цзэдуна.

З другога боку, пра што сёння не гавораць, святая інквізіцыя рабіла для Іспаніі адно дабро. Бо першы і галоўны закон сацыялогіі сцвярджае, што «калі ў адной краіне замкнуць на замок радыкальныя этнічныя групы, якія адрозніваюцца культурай, рэлігіяй, мовай ці колерам скуры — рана ці позна адны палезуць да другіх з нажом да глоткі». На жаль, толькі асобныя людзі, надзеленыя пэўнай доляй цынізму папалам з песімізмам, што вынікае з ведання нашага рэальнага свету, а я даўно залічаны да такіх маімі знаёмымі, здольныя гэты закон зразумець і прыняць да ведама. Рэшта далей падманвае сябе мройкамі пра «шматкультурную супольнасць». Гісторыя вучыць, што гэты закон слушны. Калі ж хто будзе спасылацца на прыклад Швейцарыі, дзе ў спакоі суіснуюць разнастайныя групы, то я нагадаю, што гісторыя Швейцарыі — гэта суцэльная... грамадзянская вайна. Апошняя была нядаўна, сто пяцьдзесят гадоў таму.

На гэтым прыкладзе можам зразумець, чым была святая інквізіцыя для Іспаніі, якім дабром. Не забывайце, што Іспанія пачала завальвацца не ў часы, калі інквізіцыя дасягнула свайго піку ўлады, але калі інквізіцыю ліквідавалі! Бо дзякуючы спраўнаму апарату інквізіцыі не было ў Іспаніі рэфармацыі, значыць, не было рэлігійных войнаў. Пол Джонсан у сваёй манументальнай «Гісторыі жыдоў» падае цікавую статыстыку: праз усе гады свайго існавання іспанская інквізіцыя арыштавала 341 тысячу чалавек, з якіх спаліла толькі 32 тысячы. Безумоўна, з пункту гледжання тых, хто ішоў на вогнішча, гэта людабойства, але такой невялікай цаной было ўтрыманае рэлігійнае адзінства краіны, не дайшло да рэлігійных войнаў, якія б прынеслі куды больш ахвяраў. А вось Польшча, дзе інквізіцыі ўвогуле не было, тая Польшча, якая на сваю бяду была краінай талерантнай і без вогнішчаў для ерэтыкоў, не выпрацавала моцнай цэнтральнай улады, як у Іспаніі, і з гэтай прычыны ўпала ў выніку бесперапынных войнаў. Адзін толькі «шведскі патоп» пакінуў па сабе тры мільёны забітых на дзесяць мільёнаў усяго насельніцтва. Альбо — страты былі большыя, чым у другой сусветнай вайне. Калі б кароль Зыгмунт ІІІ Ваза на пачатку свайго панавання запрасіў у Польшчу інквізітараў, то свайму сыну (пры якім было паўстанне Хмяльніцкага!) перадаў бы ў спадчыну добраўпарадкаваную абсалютную манархію, такую моцную, што аніякі вораг у краіне не быў бы ёй страшны. А славутая польская талерантнасць пацягнула за сабой куды болей чалавечых ахвяраў, чым прынёс бы тэрор інквізіцыі.

Ліквідацыя святой інквізіцыі — гэта адна з найбольш трагічных памылак за ўсю гісторыю Святога Касцёла. Бо святая інквізіцыя не толькі (каб дзейнічала яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі) магла б стрымаць рэвалюцыю ў Францыі і ўсе людабойні па той рэвалюцыі, але (каб і ў ХІХ стагоддзі жылі і сачылі за памылковымі навукамі вялікія інквізітары) і марксісцкая зараза была б задушаная ў самым зародку, што выратавала б ад смерці дзесяткі мільёнаў людзей і ад цярпенняў і мукаў сотні мільёнаў.

Каталіцкі Касцёл апошнім часам занадта ахвотна прызнаецца ў старых грахах і памылках, таму жыву надзеяй, што прызнае і гэтую, стратэгічную, памылку — бо ліквідацыя заслужанага для ўсяго чалавецтва інстытута святой інквізіцыі была адной годнай найцяжэйшай кары памылкай з прычыны захаплення модай на ўсё мадэрнісцкае.

Зусім смешна выглядае параўнанне Сярэднявечча з нашай эпохай, калі ўжо цяпер дачакаемся паяднання Еўропы. Еўраэнтузіясты цешацца з таго, што на ўсім паяднаным кантыненце можна ездзіць без візаў. І што з таго? Яшчэ сто гадоў таму ў Еўропе не было ніякіх візаў! Падарожнічаў кожны, хто хацеў, працаваў кожны там, дзе яму было выгодна, бо ніхто не выдаваў ліцэнзіяў ці дазволаў на працу, нікому нават не мясцілася ў галаве, што можна патрабаваць ад чалавека нейкую чыноўніцкую паперку, нейкую згоду (!) на тое, каб чалавек мог сам на сябе зарабіць. Ды кульгавы сабака не пытаўся ў Марыі Кюры-Складоўскай пра французскую візу! Села сабе ў вагон да Парыжа і паехала. Раней польскія навукоўцы маглі ездзіць (і ездзілі) на «сярэднявечныя» кангрэсы часцей, чым цяпер! І было шараговай справай скончыць універсітэт у Італіі альбо тую ж Сарбону.

Сёння прэса ажно захлынаецца ад таго, што канцлер Нямеччыны хоча запрасіць у сваю краіну польскіх інфарматыкаў, даць ім права на працу. Тымчасам дастаткова адкрыць падручнік гісторыі на старонцы «Асадніцтва паводле нямецкага права», каб даведацца, як іміграцыйнае права выглядала ў часы Сярэднявечча. Бо кожны не толькі сяліўся там, дзе хацеў, але ўладцы вызвалялі тых асаднікаў ад падатку на некалькі гадоў, нават на дзесяць і больш. Гэта тое самае, каб цяпер у ЗША абвясціць, што кожны — калі хоча — можа прыехаць у Амерыку, атрымаць green carte ды яшчэ дзесяць гадоў нічога не плаціць ураду!

То дзе панавала свабода — у ХХ стагоддзі альбо ў Сярэднявеччы?

У Сярэднявеччы Еўропа была куды больш зынтэграванай, чым цяпер. Паляк, венгр і ліцьвін маглі служыць (і служылі!) у адной харугве — і не мелі праблемаў з паразуменнем, бо ўсіх трох школіў ксёндз у агульнаеўрапейскай лацінскай мове. Сёння вось еўрабюракраты камбінуюць і спрачаюцца, колькі ж мае быць афіцыйных моваў у Еўрапейскай Уніі. У выніку тых моваў ужо пяць ці шэсць, а будзе болей, але кожны правінцыйны грэк вучыць англійскую, бо іначай не атрымае працы не толькі ў Брусэлі, але нават у забягалаўцы ў сваіх Афінах, бо там поўна англамоўных еўрапейскіх кліентаў. І што яму гарлапанства, што грэцкая мова ёсць таксама афіцыйнай мовай Уніі?

Агульная еўравалюта? Але мала хто сёння памятае, што ў 1518 годзе ў падгабсбургскай Чэхіі пачалі карбаваць манету, названую талер. З цягам часу зрабілася яна сродкам аплаты ва ўсёй дзяржаве Габсбургаў — альбо Нямеччыне, Іспаніі, амерыканскіх калоніях. Адтуль талер трапіў да... брытанскіх калоній у Паўночнай Амерыцы, будучых Злучаных Штатаў, ужо пад новай назвай – даляр. Як жалосна выглядаюць сённяшнія спробы з агульнаеўрапейскім еўра, які губляе вартасць, яшчэ не пайшоўшы ў свет, у параўнанні з тым часам, калі ад Карпатаў да Андаў каралявала адна валюта — талер! Талер перажыў нават Габсбургаў. Але ці еўра ўтрымаецца хоць праз дзесяць гадоў?

Агульныя Узброеныя Сілы Еўропы? У Сярэднявеччы Еўропа здольная была, пад патранатам Святога Айца ў Рыме, на крыжовыя паходы і вызваленне Ерусаліма. А сёння адмабілізаваць і паставіць у баявую гатоўнасць... адну брыгаду (!) не пад сілу ўсёй Еўрапейскай Уніі.

Інтэлектуальны заняпад? Пагартаем любы твор св. Тамаша з Аквіны. Безумоўна, як крыніца прыродазнаўства ён даўно састарэў, але калі ўчытацца ў яго мову! Тая дакладнасць, якая ёсць у логіцы сярэднявечных схаластаў, да сёння ўздзейнічае на чалавека, а тэксты св. Тамаша дагэтуль можна выкарыстоўваць на універсітэцкіх курсах логікі. Цяперашнім дактарам і прафесарам няма чаго раўняцца.

Архітэктура? Параўнаем касцёлы готыкі з тымі суперсучаснымі стрэхамі са шкла і бетону, якімі застаўленая ўся Польшча. Ніяк не магу даўмецца, ці той гора-архітэктар, што паставіў касцёл у стылі «падводная лодка» на кракаўскім Відаку, мае хоць кроплю простага чалавечага сораму за сваё партацтва?

Страшна нават падумаць, як наш кантынент здэградаваў за апошнія некалькі стагоддзяў!

Пераклаў з польскай мовы Алесь Чобат


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY