Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(21)/2002
Мастацтва

АБРАЗЫ МАЦІ БОЖАЙ РУЖАНЦОВАЙ
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі

ЗЯМЛЯ ВОЛАТАЎ
Паэзія

ВЕРШЫ
Пераклады

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

ЧАТЫРЫ СУР'ЁЗНЫЯ СПЕВЫ
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы

КРАІНА СВЯТОГА ПАТРЫКА
Постаці

ЖЫЦЦЁ ТВОРАЦЬ ЛЮДЗІ ВЕРЫ
Кантрапункт

ПРАГРЭС ЦІ РЭГРЭС?
Культура


Вядомы рускі пісьменнік Дзмітрый Меражкоўскі нарадзіўся 2 жніўня 1865 г. у Пецярбурзе, на Ялагіным востраве. Закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Пецярбургскага універсітэта. Падрыхтаваў і выдаў у 1914—1915 гг. у выдавецтве Сыціна поўны збор твораў у 29 тамах, уключыўшы ў яго паэзію, прозу, эсэістыку.
«Паліглот, выдатны знаўца антычнасці і італьянскага Адраджэння, гісторык культуры, Меражкоўскі найбольш плённа выявіў сябе ў жанры эсэ, у якім спалучаліся элементы філасофіі, мастацкай крытыкі і навуковай публіцысты- кі», — так характарызуе пісьменніка сучасны рускі літаратуразнаўца Алег Міхайлаў.
Напружаная ўвага да маральна-рэлігійнай праблематыкі, захапленне ідэямі сімвалізму, а таксама ідэяй паяднання ўсходняга і заходняга хрысціянства, глыбокая і ўсебаковая эрудыцыя вызначалі неардынарную і супярэчлівую асобу гэтага першага рускага «кабінетнага пісьменніка-еўрапейца». Дзмітрый Меражкоўскі напісаў такія шырока вядомыя творы як трылогія «Хрыстос і Антыхрыст», «Месія», «Езус Невядомы», кнігу пра Тэрэзу Авільскую «Маленькая Тэрэза» і інш.
Памёр пісьменнік 9 снежня 1941 г. у Парыжы.
 
Дзмітрый МЕРАЖКОЎСКІ

ЕЗУС НЕВЯДОМЫ

І

Ідучы суботнім днём жытнёвымі палеткамі, відаць, па раўніне Генісарэцкай, вучні Гасподнія зрывалі каласы і, расціраючы іх між далонямі, елі. Голаду гэтым не спатоліш: калі б былі сапраўды згаладалыя, маглі б зайсці і купіць хлеба ў любым паселішчы, ад Арабеелы да Магдалы, на ўрадлівай раўніне, хлебадайніцы ўсёй Галілеі, а калі б не было за што купіць, дык вучням Настаўніка Ешуа ніхто б не адмовіў у кавалку хлеба.

Адно Мацвей згадвае пра «голад» (12,1); Марк і Лука нічога пра яго не ведаюць. Здаецца, і насамрэч гэта не так наталенне голаду, як гульня дарослых дзяцей. Але калі забыліся вучні, як жа Настаўнік не нагадаў ім, чым яны гуляюць; што ў тых жа грымотах Сінайскіх Той жа сказаў: «Памятай дзень суботні», - Хто сказаў: «Не забі»; і што «ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца з Закону, пакуль не збудзецца ўсё» (гл. Мц 5,18)?

Хаваючыся, відаць, у вялікай збажыне Генісарэцкіх палёў, дзе, часам, яна бывае вышэй за чалавечы рост, назіралі фарысеі за вучнямі Настаўніка Ешуа і, угледзеўшы, што яны робяць, выйшлі са спрату, падышлі да Яго і сказалі:

Вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу. А Ён сказаў ім: хіба вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаў сам і тыя, што былі з ім? Як увайшоў ён у дом Божы і еў пакладныя хлябы, якія нельга было есці ні яму, ні тым, што з ім былі, а толькі адным святарам? І сказаў ім: субота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы. Таму Сын чалавечы ёсць гаспадаром і суботы (гл. Мц 12, 1-2; гл. Мк 2, 25-28).

Надта ж лёгка маглі аспрэчыць фарысеі, што нельга параўноўваць таго, што зрабіў Давід, з тым, што зрабілі вучні Настаўніка Ешуа: той ратаваўся ад галоднай смерці, а гэтыя гулялі з голадам. Галоўнае ж у адказе Езуса - «субота дзеля чалавека» - ім было зусім незразумелае; трэба было ўвесь Закон нізрынуць, каб гэта прыняць, таму што Закон, воля Божая, вышэй за волю чалавечую.

Выслухалі моўчкі, адышлі, пашыліся, відаць, як надоечы, у спраты і працягвалі сачыць, што будзе далей.

ІІ

Езус увайшоў у Капернаўм і яны - за Ім. Ён - у сінагогу і яны.

І быў там чалавек з высахлаю рукою. І сачылі за Ім (Езусам), ці не ацаліць таго чалавека ў суботу, каб звінаваціць Яго. Ён жа кажа чалавеку: стань пасярэдзіне. А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць , альбо зло? Душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі. І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсцвенні сэрцаў іхных, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая. А яны дайшлі да шаленства (гл. Лк 6, 11). І, пакінуўшы сінагогу, адразу ж зладзілі з Ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго (гл. Мк 3, 6).

Тут, у Капернаўме, пачалося; там, на Галгофе, скончыцца. Гэта першая на бясхмарным небе блаславёнага году Гасподняга чорная кропка, увайшоўшы ў рост, закрые сонца, што заззяла было над светам, - сонца валадарства Божага. Усяго Езусавага жыцця і смерці рухальны вагар - змаганне Яго не толькі з фарысеямі, але і з усім Ізраілем за парушаную альбо споўненую Сынам волю Айца - Закон.

Ці можна есці яйка, знесенае курыцай у суботу? Настаўнік Гілель кажа: «Можна», а настаўнік Шамай: «Нельга». Ці можна есці зярняты расцертых у суботу каласоў? Настаўнік Іешуа кажа: «Можна», а іншыя пастыры кажуць: «Нельга». Абедзве спрэчкі здаюцца нам пустымі. Але калі так, дык Сын Божы сышоў на зямлю, жыў і ўрэшце памёр з-за нейкай драбязы.

Калі мы так мала ведаем пра жыццё Езуса, дык, магчыма, часткова таму, што сапраўдны сэнс гэтага змагання нам усё яшчэ незразумелы.

ІІІ

Хто такія фарысеі? Ці толькі мёртвыя законнікі, кніжнікі, што камара адцэджваюць, а вярблюда праглынаюць, крывадушнікі, пабеленыя дамавіны, звонку прыгожыя, а ўнутры поўныя мёртвых костак і ўсялякай брыды? І хто такія наогул - юдэі? Ці не тыя самыя «жыды», што паводле сярэднявечнай, магчыма, і ў нашых сэрцах яшчэ не астылай міфалогіі, укрыжавалі Хрыста і за гэтае найвялікшае злачынства мусяць несці адказнасць:

Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых (гл. Мц 27; 25)?

Але калі гэта так, дык што азначае:

збаўленне ад юдэяў (гл. Ян 4, 22)?

За што Езус, па дзіўных словах Варнавы, «надта любіў - пералюбіў Ізраіль»/.../?

Ці памёр у дні Гасподнія Ізраіль? Не, «жывы, як ніколі», - адказвае глыбокі знаўца юдэйства гісторык Вельгаўзен. Ці не ў духовым рабстве Ізраіль? Не, «сухасць і строгасць закону пануюць толькі ў справах; у веры ж свабода папросту здзіўляе», - адказвае той жа гісторык.

Варта толькі згадаць фарысея Гамалііла, Паўлавага настаўніка, якому належыць адно з самых мудрых і свабодных чалавечых словаў супроць юдэяў, прыгнятальнікаў хрысціянаў (Дз 5, 34-39), і самога Паўла, былога Саўла, «фарысея з фарысеяў», лютага ворага Гасподняга; варта толькі згадаць і таго кніжніка, таксама, відаць, фарысея, якому скажа Езус:

недалёка ты ад валадарства Божага (гл. Мк 12, 34), -

каб зразумець, што не ўсе фарысеі - «крывадушнікі»; што не ўсім юдэям сказана:

ваш бацька - д'ябал (гл. Ян 8, 44);

і што, магчыма, паганскі суд над Ізраілем, наш суд, - толькі брэх «сабак» на дзяцей Божых.

У тым і жах Капернаўмскай нарады, што тут фарысеі, людзі глыбокага сумлення, - не горшыя, але й не лепшыя ў Ізраілі, - задумаўшы забіць Езуса, «апаганшчыка суботы», «беззаконніка», - маглі спаць са спакойным сумленнем.

Хто апаганіць суботу, хай будзе пакараны смерцю. Хто стане ў суботу рабіць справу, тая душа хай будзе знішчаная з асяродку народу свайго, -

кажа Пан Бог (гл. Зых 31, 14).

У тым і вузел Езусавай «трагедыі» (слова гэтае хаця й недакладнае для такой Асобы, як Ён, але затое зразумелае ўсім), што двух юдэяў - Юду, пра якога скажа Пан вучням:

адзін з вас д'ябал (гл. Ян 6, 70), -

і Пятра, якому скажа:

адыдзі ад Мяне, сатана (гл. Мк 8, 33), -

падзяляе, магчыма, толькі адзін валасок, а лучыць Павел, былы Саўл: на той Капернаўмскай нарадзе ён бы, вядома, сказаў: «Забіць!»

IV

Малюнак Уладзіміра ВІШНЕЎСКАГА.

«Ці належыць у суботу рабіць дабро альбо зло, душу (жыццё) уратаваць альбо загубіць?» - на гэтае пытанне вельмі лёгка б адказалі фарысеі; гэтак жа адказвае Талмуд: «Захаванне жыцця адмяняе суботу». «Вам дадзеная субота, а не вы субо-це», - паўтарае, нібыта падслухаўшы слова Гасподняе, настаўнік Шымон, бен-Манасія. Нават калі б фарысеі часоў Езуса з гэтым не пагадзіліся, усё ж у слове гэтым дадзеная мера іхняй унутранай да Езуса блізкасці. «Міласэрнасць вышэй за закон», - скажа настаўнік Іяханан. «Чысціня судзіны для іх - больш важная справа, чым непраліццё чалавечай крыві», - паўтарае й Талмуд - таксама нібыта падслухаўшы слова Гасподняе пра «фарысеяў-крывадушнікаў». «Той, хто робіць мала (паводле Закону) роўны таму, хто робіць многа, толькі б сэрца ягонае імкнулася да Бога». І яшчэ вастрэй, яшчэ больш «дзіўна», яшчэ больш «парадаксальней», яшчэ больш падобна да словаў Гасподніх: «Міласэрнасць употай чыніўшы - станеш вышэй за Майсея». «Ойча наш» і старажытнаюдэйская малітва Shemone hezra гэтак падобныя, што і ў нашыя дні кожны юдэй мог бы паўтарыць малітву Гасподнюю.

Па ўсім тым бачна, як блізка мы былі тымі днямі да Ізраілю, як магчымае, прынамсі, на адну хвіліну, было Валадарства Божае. Што кажа Езус таму фарысею-кніжніку, Ён мог бы сказаць і ўсяму Ізраілю:

недалёка ты ад Валадарства Божага.

V

Але калі так лёгка фарысеям адказаць Езусу, чаму ж яны маўчаць? Цяжка па Евангеллі вырашыць, якая з дзвюх магчымасцяў верагодней: ці то не чуюць пытання, як «дзеці д'ябла», «пустазелле», «ня-існыя»; ці то з неспакоем адчуваюць, як глыбока сумленныя людзі, што змаганне іхнае з Езусам не аб дабрыні і зле чалавечым, але аб сутнасці Божай.

Суботы Мае паважайце, бо гэта - повязь паміж Мною і вамі... навекі; таму што за шэсць дзён стварыў Пан Бог неба і зямлю, а на сёмы дзень спачыў (гл. Зых 31, 13, 17).

У Валадарстве Божым ўвесь свет спачне, гэтак жа, як Бог у сёмы дзень стварэння. Вечны напамін пра Валадарства, правобраз яго і дарога да яго - вось што такое субота. «Калі б асвяціў Ізраіль хаця б адну суботу як належыць, дык вызваліўся», - і прыйшоў бы тады Месія, наступіла б Валадарства Божае. Гэтую найсвяцейшую сувязь паміж суботай і Валадарствам Божым разрывае Езус, або фарысеям здаецца, што Ён яе разрывае: сам жа Месія парушае суботу.

Чулі вы, што сказана прашчурам, а Я кажу вам, wa-ani amar leckhon, -

словам гэтым як бы разрывае Ён усё рукапісанне Закону, разбівае табліцы Майсеевы; тут, у капернаўмскай сінагозе, гэтак жа, як там, на гары Табор, «перакульвае свет».

VI

Трэба было скасаваць увесь Закон, каб адмяніць суботу, таму што нельга частку Закону прыняць, а частку адрынуць.

Гэтак кажа Пан Бог: душы вашыя беражыце, не насіце ношы суботнім днём (гл. Іяр 17, 21).

Устань, вазьмі пасцель сваю і хадзі, -

скажа Езус Бэтэздскаму хвораму.

Было ж гэта днём суботнім. Пасля юдэі казалі ацалёнаму: сёння субота; не павінен ты браць пасцель (гл. Ян 5, 8 - 10 ).

Тут ужо недарэчнасць парушэння суботы для юдэяў відавочная: можна было ацаліць і, не загадваючы, несці праз увесь горад пасцель. Сам жа кажа: «Благаславёны той, хто не спакусіцца праз Мяне», - і, як бы сумысля, спакушае.

Да Яна (Хрысціцеля) - Закон і прарокі (гл. Лк 16, 16).

Ад дзён жа Яна... Валадарства Нябеснае сілаю (гвалтам над Законам) здабываецца /.../ і тыя, што сілу ўжываюць, здабываюць яго (гл. Мц 11, 12).

Гэта значыць: паміж Законам і Валадарствам - рассечына ад мяча:

не мір прыйшоў Я прынесці, а меч (гл. Мц 10, 34). Я прыйшоў не выканаць, а парушыць Закон, -

сказіць, перакруціць альбо выправіць, аднавіць слова Гасподняе Маркіён, - гэта зрабіць не так лёгка, як нам здаецца. Гэтак жа нялёгка вырашыць, ці мае рацыю Пасланне да Габрэяў, не Паўлава, але, верагодна, вельмі блізкае да Паўла:

вось настаюць дні, кажа Пан Бог, калі Я заключу з домам Ізраіля новы запавет... Кажучы «новы», паказаў прахласць першага; а тое, што прахне... блізкае да знішчэння (гл. Гбр 8, 13);

ці меў рацыю сам Павел, кажучы, што «Канец Закону - Хрыстус» (гл. Рым 10, 4)?

«Ваш закон; іхны закон», - кажа Езус у Чацвертым Евангеллі (8, 17; 10, 34; 15, 25). «Ваш» - значыць «не Мой»; «іхны» - значыць «не Ягоны». Тут ужо не спрачаецца Ён аб законе, як у Сіноптыкаў, а стаіць па-за законам.

Вось, застаецца вам дом ваш пусты (гл. Мц 23, 38). Усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені (гл. Мк 13, 2).

Гэта спраўдзіцца з жахлівай дакладнасцю: дом Ізраіля, дом Закону, будзе разбураны. Злом адкідаў на месцы Ерузалемскага храму, утвораны хрысціянамі з нянавісці да юдэяў, «жыдоў, што ўкрыжавалі Хрыста», знойдзе халіф Амар.

Гэты чалавек (першапакутнік Стафан) не перастае гаварыць блюзнерскія словы на святое месца гэтае і на Закон; бо мы чулі, як ён казаў, што той Езус Назарэй зруйнуе месца гэтае і зменіць звычаі, якія перадаў нам Майсей (гл. Дз 6, 13-14).

«Першахрысціянская сябрына, Царква, ёсць дачка Юдэйскай маці; але маці адпіхнула дачку, калі ўбачыла, што тая заб'е яе сваім пацалункам».

Э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе, уратуй Сябе Самога і сыдзі з крыжа (гл. Мк 15, 29-30).

Гэта і азначае: Езус укрыжаваны за тое, што парушыў і знішчыў Закон.

VII

Толькі ў такім выпадку дазволена было скасаваць суботу, Закон вялікі, адвечны напамінак пра Валадарства Божае, калі б яно ўжо наступіла.

У старажытным кодэксе Cantabrigiensis D захавалася слова Гасподняе, agraphon, якое не ўвайшло ў кананічнае чытанне Лукі:

таго ж дня (зрывання каласоў) Езус, убачыўшы чалавека, што працаваў у суботу, сказаў яму: чалавек! Калі ты ведаеш, што чыніш, дык ты благаславёны; калі ж не ведаеш, дык пракляты і парушальнік Закону.

Гэта значыць: благаславёны, хто парушае суботу - Закон дзеля Валадарства Божага.

Уваходзім у спачын (суботні спачын Валадарства) мы, якія ўверавалі (у Хрыста - Месію), Таму народу Божаму яшчэ застаецца субоцтва; Бо, хто ўвайшоў у спачын Ягоны, той і сам спачыў ад дзеяў сваіх, як і Бог ад сваіх (гл. Гбр 4, 3, 9).

«Новы Закон» (Тастамант) абавязвае нас асвячаць суботу заўжды» (г. зн. кожны дзень - субота), - вучыць Юстын Мучанік.

Калі спачын суботні ёсць пачаткам Валадарства Божага, дык не субота дзеля чалавека, а чалавек дзеля Суботы.

Здаецца, на арамейскай мове, дзе слова bar nacha можа мець два сэнсы: альбо «чалавек» у звычайным сэнсе, альбо ў месіянскім: «Сын чалавечы», - слова аб чалавеку і субоце павінна быць зразуметае так: «Субота дзеля Сына чалавечага, а не Сын чалавечы дзеля суботы». Толькі тады зразумелая і выснова: «таму Сын чалавечы ёсць гаспадаром і суботы» - Валадарства Божага Валадар.

Субота ёсць чаканне Валадарства; толькі з яго наступленнем чаканне адмяняецца. Валадарства - мэта, субота - шлях: калі дасягнутая мэта, скончаны шлях.

VIII

Сказалі Яму: Настаўнік! Гэтую жанчыну заспелі на блудзе; А Майсей у законе наказваў нам пабіваць такіх камянямі: Ты што скажаш? -

спакушаюць Езуса кніжнікі і фарысеі, як быццам Ягонымі ж словамі: «Чулі вы, што сказана прашчурам, а Я кажу вам»...

Але Езус, нахіліўшыся нізка, пісаў пальцам на зямлі, не зважаючы на іх. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён, схіліўшыся, сказаў ім: хто з вас без граху, першы кінь у яе каменем. І зноў, нахіліўшыся нізка, пісаў на зямлі. А яны, пачуўшы гэта і адчуўшы дакоры сумлення, пачалі выходзіць адзін за адным, пачынаючы са старэйшых да апошніх; і застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне (гл. Ян 8, 4-9).

Вось дзе бачна, што не ўсе кніжнікі і фарысеі - «крывадушнікі», «сыны д'яблавы», «пустазелле», «ня-існыя»; толькі людзі глыбокага сумлення маглі так зразумець, што азначае: «Хто з вас без граху». Што перашкаджае ім выканаць Закон?

Калі Ты хочаш, Госпадзе, каб мір быў, дык няма правасуддзя (Закону), а калі хочаш, каб было правасуддзе (Закон), дык няма міру. Выберы адно з двух -

гэтую малітву Абрагамаву за асуджаны свет - Садом - згадалі, магчыма, суддзі і абралі мір замест Закону; згадалі, што «міласэрнасць вышэй за Закон». Самі ж робяць тое, за што ганілі Езуса, «беззаконніка». Калі яшчэ не зразумелі, дык усяго адзін валасок аддзяляе іх ад разумення, што гэта ўяўнае парушэнне ёсць сапраўднае спаўненне Закону Ойчага ў Сынавай свабодзе. Ціхі голас чалавечага сэрца ў гэтую хвілю больш выразны для іх ад грымотаў сінайскіх. Амаль уведалі, што гэта Ён.

Тады сказаў Езус да тых Юдэяў, што ўверавалі ў Яго: калі застанецеся ў слове Маім, дык вы ў ісціне Мае вучні. Дык у ісціне свабодныя будзеце (гл. Ян 8, 31, 36).

Усё гэта адбываецца за колькі дзён да Галгофы. Бачна і па гэтым - як блізка да апошняй хвілі да Ізраілю, як магчымае Валадарства Божае. Калі ж не спазнае ён ісціны, укрыжуе Сына чалавечага, дык таму толькі, што не пазнае ў Ім Збаўцы.

IX

Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю (гл. Ян 5 17), -

вось адно з самых глыбокіх і самых невядомых словаў Езуса Невядомага, якія былі сказаныя адразу ж па ацаленні Бэтэздскага хворага, - як быццам бескарыснага парушэння суботы: «Устань, вазьмі пасцель сваю і хадзі».

І пачалі Юдэі пераследаваць Езуса і намыслялі забіць яго за тое, што Ён рабіў усе такія дзеі ў суботу.

Пасля ж таго слова пра Айца і Сына, -

І яшчэ больш намыслялі забіць Яго... за тое, што ён не толькі парушаў суботу, але і Айцом сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу. На гэта Езус сказаў ім: праўду, праўду кажу вам: Сын нічога не можа тварыць Сам ад Сябе, калі не ўбачыць, як Айцец творыць: бо што творыць Ён, тое і Сын творыць таксама (гл. Ян 5, 16, 18 - 19).

«Робіць» - «творыць» Айцец дагэтуль, і Сын таксама. Гэта азначае: Бог, што паклаў у падмурак свету Закон, той самы, які мы называем «законам прычыннасці» - шэраг з'яваў, што заўжды паўтараюцца пры аднолькавых умовах, - не спачыў назаўсёды ад справаў Сваіх на сёмы дзень стварэння: Ён усё яшчэ стварае і будзе ствараць свет да канца свету. Тое, што досвед рэлігійны называе «законам Айца», а досвед навуковы - «законам прычыннасці», -- яшчэ не канец усяго: ёсць штосьці па-за мяжою Закону, дзеля чаго і прыйшоў Сын.

Не думайце, што Я прыйшоў парушыць Закон... не парушыць прыйшоў, а здзейсніць (гл. Мц 5, 17), -

вось другое слова, гэткае ж незразумелае, як і тое - пра стварэнне свету, якое працягваецца, таму што супярэчыць усяму, што Езус не кажа, а робіць. Здаецца, гэтыя два словы ўнутрана звязаныя, і, толькі зразумеўшы гэта, мы зразумеем і тое.

Слова аб спаўненні Закону Ойчага Сынам захавалася на арамейскай мове, у Талмудзе, дзе, здаецца, найглыбейшы сэнс яго лепей зразуметы і перададзены, чым у Евангеллі.

Не парушыць прыйшоў Я Закон, але папоўніць, -

гэта азначае: дадаць да Закону тое, чаго там бракуе. Між гэтымі двума паняткамі: «выканаць» і «папоўніць», - розніца, вядома ж, велізарная: хто «выконвае» Закон, той сам нічога не стварае; а хто «папаўняе» яго - творыць і сам.

Бо праўду кажу вам: пакуль не мінецца неба і зямля, -

парадак, усталяваны ў прыродзе, космасе, Божы Закон, -

ані ёта адна, ані рыска адзіная не мінецца, -

таго ж Ойчага Закону ў чалавеку, у логасе, -

пакуль не збудзецца ўсё (гл. Мц 5, 18).

Вось што значыць: «Айцец творыць... і Сын творыць таксама».

Х

«Свет - усюдыісны механізм, але другасны», - з геніяльнай дакладнасцю вызначае Лотцэ. «Творчая эвалюцыя» (Бергсона) - рух матэрыі, жыццё, - не тлумачыцца ні законам прычыннасці ў механіцы, ні законам тоеснасці ў логіцы: да арыфметычнай сумы складнікаў, у тэорыі - дзейных фізічных сілаў, дадаецца ў выніку велічыня невядомая, х, - тое, што мы называем «цудам» альбо «свабодай». Калі ў тэорыі, у механіцы: а+в+с, дык, адпаведна, у жыцці: а+в+с+х.

Было жывое цела мёртвай матэрыяй - мёртвай матэрыяй і будзе; «Выйшаў з пылу - у пыл адыдзеш»: гэткі закон механічнай прычыннасці, лагічнай тоеснасці - смерць.

ХІ

Страшнае «Зняцце з крыжа» Гальбейна мроіць у перадсмяротным трызненні Іпаліт у Дастаеўскага.

«Калі такі ж дакладна труп (а ён конча мусіў быць дакладна такім) бачылі ўсе вучні Яго... усе, хто верыў у Яго... дык як яны маглі паверыць, што Ён уваскрэсне? Тут міжволі ўзнікае думка, што калі б такая страшная была смерць і такія непахісныя законы прыроды, дык як жа змагчы іх?.. Калі зірнуць на гэтую карціну, то прырода паўстае ў выглядзе нейкага аграмаднага, няўмольнага і нямога звера, ці, дакладней... у выглядзе аграмаднай машыны найноўшай канструкцыі, якая - без усялякага сэнсу - захапіла, раструшчыла і праглынула ў сябе, глуха і бяздушна, вялікае і бясцэннае Стварэнне - такое Стварэнне, Якое адно вартае ўсёй прыроды і ўсіх законаў яе, усёй зямлі, якая ўрэшце і ўзнікла, магчыма, адно дзеля з'яўлення гэтага Стварэння. Карціна гэтая як быццам выяўляе тую цёмную, нахабную і бессэнсоўна-адвечную сілу, якой усё падпарадкавана... Мне нібыта здавалася, што я бачу... гэтую пазбаўленую здаровага сэнсу сілу, гэтую глухую, цёмную і нямую істоту. Я памятаю - нібыта нехта павёў мяне за руку, са свечкай у руках, паказаў мне нейкага вялізнага і агіднага тарантула і стаў пераконваць мяне, што гэта - тая самая цёмная, глухая і ўсемагутная істота, і смяяўся над маім абурэннем».

На дзве паловы падзяляецца чалавецтва, і трэба быць з адной: альбо з тымі, хто верыць у Тарантула, альбо з тымі, хто верыць, што Хрыстус уваскрэс. Трэба абраць адзін з двух досведаў: альбо вонкавы, адчувальны, дзе нязменная, паводле закону тоеснасці - механікі, сума дзейных фізічных сілаў - арыфметычная сума складнікаў: а+в+с; альбо ўнутраны, рэлігійны досвед, дзе да сумы дадаецца невядомая велічыня х - цуд.

«Я прыйшоў не парушаць, а папаўняць закон» - значыць: «Я прыйшоў надаць Закону Ойчаму Сынаву свабоду; аднавіць скажоны, папоўніць недасканалы ў законе прычыннасці, у законе тоеснасці-смерці Ойчы Закон-жыццё».

Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае (гл. Ян 3, 36). Я - уваскрэсенне і жыццё... хто верыць у Мяне, адвеку не памрэ (гл. Ян 11, 25-26).

Трэба верыць альбо ў Таго, Хто гэта сказаў, альбо ў Тарантула.

ХІІ

Дух Гасподні на Мне; бо Ён... паслаў Мяне... прапаведаваць палонным збавенне... адпусціць спакутаваных на волю (гл. Лк 4, 18), -

Гэтым Езус пачынае Звеставанне і гэтым жа заканчвае:

Калі Сын вызваліць вас, дык у ісціне свабодныя будзеце (гл. Ян 8, 36).

Які цяжкі і неспазнаны для людзей рэлігійны досвед свабоды замест закону, бачна з таго, што нават у Ісаіным прароцтве, гэтага найбліжэйшага да Езуса, як мы кажам, «рэлігійнага досведу», - нават тут адзіна зразумелае людзям імя Валадара Месіі: Раб, ebed Jahwe, «раб Гасподні» (гл. Іс 53, 11).

Відавочнае і для нас імя Езуса: «Хрыстус», «Валадар»; а ўсё яшчэ тайнае: «Збаўца».

Людзі без Хрыста жывуць і цяпер, як жылі ў ярме закону. Усе нашыя законы дзяржаўныя - гэта адбітак законаў натуральных, якія скажаюць у смерці, як у д'яблавым люстэрку, Ойчы Закон-жыццё: прымусовая сіла тых і гэтых, - страх смерці. Каб вызваліць ад яго чалавека, трэба зламаць ярмо закону. Вось чаму Езус змагаецца не толькі з юдэямі, але і з усімі рабамі закону - з усімі людзьмі.

Рабства ўсіх рабстваў, за ўсялякія ланцугі мацнейшае, - смерць. Уяўныя збаўцы чалавецтва, зацятыя бунтаўшчыкі і мяцежнікі, застаюцца ўсё такімі ж рабамі смерці: нікому з іх і ў галаву не прыходзіць, што можна збавіць чалавека ад смерці і што без гэтай свабоды ўсе астатнія свабоды - нішто. Толькі адзін чалавек, Езус, ва ўсім чалавецтве кінуў выклік смерці. Так жа проста, натуральна, разумна, як кожны з нас кажа: «Памру», Ён кажа: «Уваскрэсну». Ён адзіны адчуў у Сабе сілу, неабходную, каб смерцю смерць змагчы не толькі ў Сабе, але і ва ўсім чалавецтве, ва ўсім жывым. І людзі гэтаму далі веры і, верагодна, будуць верыць, хаця б нямногія, да канца свету. Веры гэтай нельга зразумець, не дадаўшы і тут, у гісторыі, гэтак жа, як і там, у прыродзе, да арыфметычнай сумы складнікаў, дзейных гістарычных сілаў: а+в+с невядомай велічыні, неверагодны х - цуд.

Усё гэта значыць: мы не ўведаем, чым жыў Езус і за што Ён памёр, калі не зразумеем, чым быў для Яго цуд.

ХІІІ

«Езус, як першабытны чалавек альбо як малое дзіця, не ведаў закону прычыннасці».

«Першабытны чалавек» значыць «дзікун»; «малое дзіця» значыць «дурненькі». Вось да чаго даводзіць людзей у пытанні пра цуд недахоп рэлігійнага досведу. Гэтае, на жаль, не першабытнае дзікунства і не дзіцячую дурноту найлепшым чынам выказаў Цэльз яшчэ за семнаццаць стагоддзяў да найдалікатнейшага Рэнана і найадукаванейшага Штраўса: «Цуды евангельскія шкадобы вартыя; вандроўныя штукары ствараюць не меншыя дзівы, але ніхто іх не ўважае за сыноў Божых». Цяжка сабе ўявіць, што такі погляд мог панаваць паўтара стагоддзя, ад сярэдзіны васемнаццатага да пачатку дзевятнаццатага, калі першы дотык гістарычнай крытыкі канчаткова яго не перакрэсліў.

Што Езус сапраўды выяўляў «сілу» ў цудах, дынамеіс, - у гэтым сумняваецца толькі недарэка rationalismus vulgaris. «Не, такія аповеды, як Talipha kumi (уваскрашэнне Яіравай дачкі), не прыдумляюцца», - гэта агульная выснова аб цудах Езусавых, зробленая адным з левых крытыкаў у 1906 годзе, варта толькі параўнаць з тым, што пісалася ў сярэдзіне мінулага стагоддзя Рэнанам і Штраўсам, каб вызначыць той шлях, які прайшла гістарычная крытыка.

«Тымі часамі і для той асобы межы магчымага і сапраўднага былі бясконца шырэйшымі, чымся для мяшчанскага розуму нашых дзён», - робіць усё тую ж агульную выснову другі левы крытык.

«Таму, што ёсць лёд, не даваў веры валадар Індыі, таму што ён зроду не бачыў ільду» (Гердэр). Так скептыкі нашых дзён не даюць веры цудам Езуса. Але калі ўсё менш з іх сумняваюцца і, верагодна, усё менш будзе сумнявацца гістарычная крытыка, дык, верагодна, не таму, што людзі ўсё больш вераць альбо хочуць верыць у Хрыста, Сына Божага, а таму, што ўсё лепей спазнаюць чалавека Езуса па агульным, здаецца, правіле: чым меней ведаюць, тым менш вераць, і наадварот, чым больш - тым больш, так што калі цалкам спазнаюць, дык і канчаткова павераць.

ХІV

Езус тварыў цуды - пра гэта мы ведаем з тою дакладнасцю, якая толькі магчымая ў гісторыі; але пра тое, што Ён думаў і адчуваў, калі тварыў цуды, мы амаль нічога не ведаем, аднак, магчыма, не таму, што пра гэта нельга ўведаць з евангельскіх сведчанняў, а таму, што мы не ўмеем іх чытаць як належыць. І ўсё ж зразумела адно: што такое «закон прычыннасці», Езус ведаў не горш за нас. Ці мог не ведаць, калі толькі і думаў пра тое ўсё жыццё, як Закон Айца - па-нашаму, «закон прычыннасці» - выконваецца ў свабодзе Сына - «цудзе», па-нашаму?

Здаецца, у трох словах, што азначаюць у Евангеллі «цуд»: «сіла», дынаміс, «азнака», сэмеён, і «цуд» ва ўласным сэнсе, тэрас, - адбілася тое, што думаў і адчуваў сам Езус, творачы цуды. Раз і назаўсёды адрынуўшы на гары Спакушэнняў цуд знешні, прапанаваны д'яблам. Ён тварыў толькі «сілы» і «азнакі».

Што ад чаго - вера ад цуду ці цуд ад веры? Ці трэба ўбачыць цуд, каб даць веры, ці даць веры, каб убачыць? Усё жыццё і смерць Езуса - адказ на гэтае пытанне.

Благаславёныя, хто, не бачыўшы, - паверыў (гл. Ян 20, 29), -

у гэтым уся Добрая Вестка аб спаўненні Закону Ойчага ў свабодзе Сынавай - у цудзе.

Сляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія звястуюць. І шчаслівы той, хто не спакусіцца праз Мяне (гл. Мц 11, 5 - 6).

Гэта азначае: шчаслівы , хто не спакусіцца цудамі знешнімі, тэрата; каму не трэба бачыць, каб верыць: гэткі адказ Езуса на пытанне Яна Хрысціцеля:

Ці Той Ты, Які павінен прыйсці, ці чакаць нам другога? (гл. Мц 11, 3).

Той ці не Той - ніякімі цудамі не даказаць.

Паміж верай і цудам для самога Езуса непарушная сувязь, але адваротная той, дзе вера ад цуду:

Калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе; і нічога не будзе немагчымага для вас (гл. Мц 17, 20).

Гэта Ён Сам выпрабаваў на Сабе, як ніхто. «Вера перасоўвае горы» - гэта пацвярджаецца асабістым досведам кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва так, што й для малаверных зрабілася агульным месцам.

Цуд для Езуса ёсць узаемадзеяннем дзвюх мераў, дзвюх сілаў: адной, што зыходзіць ад Яго, і другой - ад людзей: калі людзі вераць у цуд, Ён можа яго здзейсніць; калі не вераць - не можа:

Я не мог учыніць там (у Назарэце) ніякага цуду (гл. Мк 6, 5).

Што гэтае сведчанне Марка-Пятра гістарычна праўдзівае, бачна з таго, што для Мацвея яно ўжо спакуслівае: ён змягчае яго, прытупляе вастрыё спакусы:

І не ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхнага (гл. Мц 13, 58).

Смерць на крыжы ёсць найвялікшае адмаўленне цуду, толькі знешняга, тэрас, і сцвярджэнне цуду ўнутрана-знешняга, сэмеён.

Хай сыдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем (гл. Мк 15, 32).

Калі б Ён сышоў з крыжа, а не ўваскрэс, дык надарыўся б толькі знешні цуд, панявольны, Антыхрыставы, а не збаўчы, Хрыстовы.

ХV

Выйшлі фарысеі, пачалі з Ім спрачацца, і патрабавалі ад яго азнакі з неба, спакушаючы Яго (гл. Мк 8, 11).

Патрабуюць азнакаў адразу ж па прымнажэнні хлябоў - найвялікшай азнакі, калі народ «хацеў неспадзявана зрабіць Яго валадаром» Ізраілю, новым Ірадам (гл. Ян 8, 15).

Сцеражыцеся закваскі фарысейскай (гл. Мк 8, 15), -

скажа Бог вучням.

Калі не ўсе фарысеі - «крывадушнікі», і ёсць спаміж іх людзі глыбока сумленныя, дык, магчыма, гэтыя людзі не толькі Яго спакушаюць, але й самі спакушаюцца Ім: вераць, ці маглі б паверыць што Валадарства Божае так блізка да Ізраілю, такое магчымае, як ніколі дагэтуль; бачаць, ці, прынамсі, маглі б убачыць вялікае свяціла Скону, што ўзыходзіць над зямлёю; кожнага дня чакаюць, што «з'явіцца азнака Сына чалавечага на небе» (гл. Мц 24, 34), і гатовыя разам з народам далучыцца да Хрыста, абы Ён абвясціў Сябе Месіяй, пагадзіўся, каб зрабілі Яго Валадаром: вось чаму і патрабуюць, выпрошваюць азнакі нябеснай:

Настаўнік! Хочам ад Цябе азнаку ўбачыць (гл. Мц 12, 38).

Калі так, дык ніколі яшчэ не было такога апантанага, як той хвіляй, спакушэння д'ябла Валадарствам:

усё гэта Табе дам, калі, упаўшы, паклонішся мне (гл. Мц 4, 9).

І Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? Праўду кажу вам: не дасца роду гэтаму азнакі (гл. Мк 8, 12).

Гэты прытоены, ціхі, магчыма, толькі адным відавочцам Пятром пачуты стогн адчыняе нам такую глыбіню сэрца Гасподняга, што страшна ў яе зазірнуць. Здаецца, самага балючага месца ягонага, незагойнай раны крануліся незнарок фарысеі. Думаюць, што Валадарства Божае ўсё яшчэ блізка, а Ён ведае, што яно ўжо далёка; думаюць, што вялікае свяціла Скону ўсё яшчэ ўзыходзіць над зямлёю, а Ён ведае, што свяціла ўжо заходзіць. Толькі што ўсё хіталася, як на вастрыі нажа, і магло ўпасці ў той ці іншы бок, і вось упала; Валадарства Божае магло наступіць і не наступіла, таму што людзі не схацелі яго так, як хацеў Ён: Валадарства Божае прайшло міма людства, як келіх міма вуснаў.

Нябесная азнака - цуд - не даецца людзям, таму што ўжо была дадзеная і не была прынятая.

Ніневіцяне паўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз казанне Ёнава; і вось, тут больш за Ёну. Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона (гл. Мц 12, 41 - 42).

Гэта азначае: вышэй за ўсе «цуды» і «азнакі», «мудрасць» - сафія, і «пропаведзь» - керыгма. «Род падступны і пералюбны», што патрабуе азнакі-цуду, - не толькі фарысеі, не толькі ўвесь Ізраіль, але і ўвесь род чалавечы. Цуд не даецца яму, таму што «мудрасць» і «пропаведзь», само з'яўленне Сына чалавечага ўжо ёсць вялікім цудам і азнакаю.

Калі ўзнясеце Сына чалавечага, тады і ўведаеце, што гэта Я /.../ (гл. Ян 8, 28).

Той адзіны Чалавек ва ўсім людстве, які мог сказаць, як сказаў Езус: «Гэта Я», - ёсць над цудам цуд.

Род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака не дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока; Бо як Ёна быў у чэраве кітовым тры дні і тры ночы, так і Сын чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы (гл. Мц 12, 39 - 40).

Гэта азначае: толькі таму, хто, не бачыўшы, дасць веры, уведае, што гэта Ён, дадзены будзе цуд адзіны - Уваскрэсенне.

Пераклад з рускай мовы
Вінцэся Мудрова.

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY