|
|
№
3(21)/2002
Мастацтва
Постаці
Нашы святыні
Юбілеі
Паэзія
Пераклады
Haereditas
На кніжнай паліцы
Адукацыя
Нашы падарожжы
Постаці
Кантрапункт
Культура
|
Кожны гарадскі герб мае дачыненне да пэўнай з сямі груп класіфікацыі - архітэктанічнай, рэлігійнай, анімалістычнай, іншай і г.д. Парадак размяшчэння гербаў у кожнай групе залежыць ад ступені найбольшай адпаведнасці. Так, першымі ідуць тыя, што не нясуць прыкметаў іншых груп, далей тыя, што можна назваць «пераходнымі», бо маюць прыкметы дзвюх ці адразу некалькіх груп. Калі гаварыць пра «пераходныя» гербы, якія, бясспрэчна, павінны існаваць у якасці дзейных гарадскіх сімвалаў, то трэба гаварыць толькі пра гербы велікакняскага перыяду (XV ст. - 1772, 1795 гг.) наступных груп: «архітэктанічныя гарадскія гербы» і «іншыя гарадскія гербы». З шасцідзесяці гербаў велікакняскага перыяду ў сучасных межах Беларусі такіх усяго чатыры - Барысаў 1792 года: «У сярэбраным полі на зялёнай пяце сярэбраная брама, паміж дзвюма вежамі якой Св. Пётр на воблаку»1 (архітэктанічныя); Гомель 1560 года: «У чырвоным полі сярэбраны кавалерскі крыж»2; Крычаў 1633 года: «У чырвоным полі залаты кавалерскі крыж, злева сярэбраны меч рукаяццю ўверх»3; Орша 1620 года: «У блакітным полі залаты паўмесяц рагамі дагары, між якімі сярэбраны кавалерскі крыж»4 (усе іншыя, г.зн., тыя, што не ўвайшлі ні ў адну з папярэдніх шасці груп: архітэктанічную, рэлігійную, уладальніцкую, гаворачую і літарную, алегарычную, анімалістычную). Усе гербы групы «іншыя» аб'ядноўвае агульны, прычым, дамінуючы элемент, - крыж як сімвал выкуплення праз самаахвяру Хрыста, як грандыёзны суцяшальны сімвал чалавечай пакуты5. Факт існавання гэтых гербаў у групе «іншыя» тлумачыцца незразумеласцю паходжання іх сімволікі, бо крыж як эмблема мог існаваць, напрыклад, і як элемент уладальніцкага герба, нейкай карпарацыі і г.д.
У савецкі перыяд адбыліся далейшыя беспадстаўныя трансфармацыі. Герб захаваў толькі сваю архітэктанічнасць. «Апісанне» «рэканструкцыі» - яскравая ілюстрацыя ўзроўню тагачаснай геральдыкі. «На гербовом щите красного цвета изображены серебрянные ворота между двумя крепостными башнями. Над ними дата основания города «1102». Оконечность герба зелёного цвета. На ней изображены серебристые волнистые линии - символ реки Березины. Герб окантован узкой серебрянной каймой»16. На жаль, сёння афіцыйны герб Барысава існуе з зачыненай у полі брамай, паколькі мясцовыя ўлады настойвалі на зацвярджэнні выявы герба ў версіі Расійскай геральдмайстарскай канторы ад 1796 г., а кіраўніцтва Службы пазбегла канфлікту, падвёўшы свае абгрунтаванні пад тое, што наўмысна ці не, а мабыць, проста па нядбайнасці зрабілі расейскія геральдысты: «Фигура Апостола Петра говорит довольно ясно (тут і далей курсіў мой. - А. Ш.), что запертые его ключами башенные врата здесь, наверное, вовсе не городские. Это символический вход в Эдем, а не в Борисов - несмотря на отмеченный А. К. Титовым эпизод из истории этого города, который в 1773-1793 гг. был пограничным»17. Здаецца, найбольш зразумелае паходжанне герба Гомеля. Згодна з прывілеем Жыгімонта Аўгуста, гэта была пячатка «з гербам крыжа»18. З прывілею не зразумела, якія былі гербавыя колеры. Мабыць, А. К. Цітоў і меў рацыю адносна вышэйзгаданых колераў, аднак не прыводзіў тлумачэнняў. Падобны герб мы сустракаем у польскага горада Жэшава з XV ст.: «У блакітным полі сярэбраны кавалерскі крыж». Выступае як фрагмент герба «Шранява» тагачаснага ўладальніка горада Пятра Кміты. Першапачаткова поле было чырвонае»19. Але на час стварэння герба Гомель быў дзяржаўным уладаннем, таму ніякіх аналогіяў з уладальніцкай сімволікай правесці немагчыма. Калі звярнуцца да хрысціянскай іканаграфіі, дык на беларускіх абразах з сюжэтамі «Сашэсце ў пекла» і «Уваскрэсенне - Сашэсце ў пекла» ў руцэ Езуса Хрыста ёсць двухраговая (ластаўчын хвост) харугва, як сімвал Уваскрэсення, са знакам крыжа. На абразах 1678 года (з Праабражэнскай царквы Чачэрска) і другой паловы XVII - пачатку XVIII ст. (з Троіцкай царквы сяла Бездзеж Брэсцкай вобласці) - у чырвоным полі - залаты кавалерскі крыж20, на абразе XVII ст. (?) з царквы Параскевы вёскі Альшаны Брэсцкай вобласці - у сярэбраным полі - залаты кавалерскі крыж21. Тут, здаецца, можна прасачыць сувязь з рымскім баявым штандартам - лабарумам (лац. labarum), на якім замест былых вайсковых сімвалаў імператар Канстанцін І змясціў крыж (ці хрыстаграму)22. Такія ж крыжы аздаблялі чырвоныя баявыя сцягі войскаў Рэчы Паспалітай. Гэтую «мілітарную» версію неяк падмацоўвае меч у гербе Крычава, а таксама Веліжа: «У блакітным полі залаты кавалерскі крыж, пад ім - голы срэбраны меч з залатым эфесам»23 (цяпер у складзе Расеі - Смаленская вобл.). Дарэчы, нават калі б Веліж і заставаўся сёння ў нашых межах, то і тады б яго герб трапіў, хутчэй за ўсё, у групу алегарычных, бо наконт паходжання тут няма сумненняў, - быў нададзены прывілеем караля Стэфана Баторыя ад 20 сакавіка 1585 г. у гонар перамогі над Маскоўшчынай у Лівонскай вайне: «А напервей на знакъ и на вечную память звытяжства нашого, которое есьмо надъ неприятелемъ нашимъ зъ ласки и милосердья Бога всемогущого, съ помочью его святою одержали, даём тому месту велижскому гербъ, крыжъ золотой, а под ним мечъ голый в полю блакитномъ»24.
Падчас працы ў Службе, на працягу 1998-2000 гг., аўтар гэтых радкоў неаднаразова беспаспяхова ўздымаў пытанне перад новым кіраўніцтвам (са студзеня 1998 г. - кандыдат гістарычных навук Сяргей Рассадзін) аб выпраўленні ранейшай «памылкі» адносна герба Гомеля 1560 г. і не раз чуў пра непадрыхтаванасць мясцовых уладаў прыняць герб «з крыжам». У 2000 г. начальнік Службы ў праграмным артыкуле «Геральдика Гомельщины: историческое наследие и новые задачи», паставіў кропку ў дыскусіі: «При воссоздании городской геральдики Гомельщины к рекомендациям специалистов, как правило, прислушиваются. Хороший пример в этом подан был самим областным центром. Своим городским гербом Гомель располагал уже в 1560 году, но он неоднократно изменялся. Однако популярным (мне, как коренному гомельчанину, это тоже хорошо известно) всегда был вариант с изображением рыси. Видимо поэтому, когда в Гомеле приступили к воссозданию своего герба, за основу был взят городской герб 1856 года. Он восходит, в свою очередь, к утвержденному 16 августа 1781 года для Белицы, которая была тогда уездным центром. В результате интенсивных консультаций с геральдической службой, предложенный Гомельским горисполкомом первоначальный проект удалось усовершенствовать:были удалены украшательские элементы и «наслоения» позднего происхождения, которые лишь утяжеляли герб Гомеля. В результате 7 августа 1997 года в Гербовый матрикул был внесен следующий вариант герба города Гомеля: в голубом поле спокойно лежащая золотая рысь»26. У далейшым з'явіўся яшчэ адзін вялікі артыкул у абарону расійскіх гербаў для беларускіх гарадоў, дзе перавазе «спокойно лежащей золотой рыси» было прысвечана шмат месца, у прыватнасці: «Итак, укорять в чем-то Герольдмейстерскую контору в данном случае, наверное, не приходится. Во-первых, нашей Белице, а потом и ее преемнику в качестве уездного центра, Гомелю, досталась гербовая эмблема, проверенная и прославленная в истории самой России. Во-вторых, и среди гербов так называемого «геральдического» периода, точнее, среди пожалованных Станиславом Августом Понятовским в 1792 г., также имелась эмблема рыси - в гербе литовского города Расейняй27. К 1855 г., когда рысь стала также и гомельской, прежний герб этого города (серебрянный крест в красном поле), пожалованный ему почти триста лет назад28, был гомельчанами, наверное, уже основательно забыт»28. Дзіўна чуць пра «забыццё» ад асобы, якая павінна клапаціцца пра захаванне тых «забытых» гербаў. Падкрэслім, што, калі горад меў герб велікакняскага перыяду, то, нягледзячы на пазнейшыя напластаванні, толькі ён павінен выступаць у якасці гарадскога сімвала. Калі б расейцы абмежаваліся толькі заменай велікакняскіх гербаў, то ўся палітыка Службы ў дачыненні да гербаў імперскага перыяду павінна была б абмежавацца, у сваю чаргу, іх скасаваннем. На жаль, першая ж рэгістрацыя герба Гомеля ў 1997 г., паказала, што кіраўніцтва Службы не заўсёды бачыла прыярытэт велікакняскіх гербаў перад астатнімі.
Новы герб Оршы быў зацверджаны пасля расійскай акупацыі ў 1781 г. і выглядаў наступным чынам (апісанне і абгрунтаванне 2-га поля): «В голубом поле пять стрел, потому что сей город построен ещё древними Скифами, которые таковыми орудиями похвально действовали»32. «Впрочем, в Беларуси, - сцвярджае С. Рассадзін, - он должен был быть приемлемым также и для рядового местного шляхетства, ведь эмблемами даже в нескольких из его старинных родовых гербов служили похожие перекрещенные стрелы»33. Што ж, нават пры тагачасных уяўленнях пра нацыянальную годнасць, калі шляхта аддавала шпагу налева-направа, цяжкавата ўявіць задавальненне нейкага беларускага шляхціца, на вачах якога знішчалі старажытны герб роднага горада, замяняючы яго на новы, але падобны на яго ўласны…
|
|
|