Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Анатоль ФРАНС

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН

Жоржу дэ Порта-Рыш


Анатоль Франс — французскі раманіст і літаратурны крытык, член Французскай акадэміі (1896).

Нарадзіўся 16 красавіка 1844 г. у сям’і букініста. Літаратурную дзейнасць распачынаў як журналіст і паэт. Дэбютам Анатоля Франса стаў зборнік вершаў у стылі парнаскай школы «L’Etui de Nacre» («Залатыя паэмы», 1873) і драматычная паэма «Les Noces Corinthiennes» («Карынфскае вяселле», 1876). Высокім майстэрствам пазначаны яго раманы «Злачынства Сільвестра Банара» (1881), «Таіс» (1890), «Харчэўня каралевы Гусіныя лапы» (1892), кніга афарызмаў «Сад Эпікура» (1894), зборнікі навелаў «Валтасар» (1889), «Перламутравы куфэрак» (1892) і інш. Сусветную вядомасць набыла тэтралогія «Сучасная гісторыя» (1897–1901), раманы «На белым камені» (1904), «Востраў пінгвінаў» (1908), «Богі прагнуць» (1912), «Паўстанне анёлаў» (1914), у якіх выкрываюцца сацыяльна-палітычныя заганы грамадства. Паэтыка А. Франса адметная багаццем сатырычнай палітры, спалучэннем канкрэтна-рэалістычнага з умоўна-фантастычным, дакументальнасці з алегорыяй, біблейскімі матывамі і вобразамі, стылізацыямі старажытных легендаў, хронік і мемуараў, утопіяй і антыўтопіяй. Анатоль Франс напісаў гістарычную працу «Жыццё Жанны д’Арк» (1908), цыкл аўтабіяграфічных твораў, а таксама літаратурна-крытычныя эцюды, філасофскія дыялогі, п’есы і інш.

У 1921 г. Анатоль Франс атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры «за бліскучыя літаратурныя дасягненні, пазначаныя вытанчанасцю стылю, глыбока выпакутаваным гуманізмам і праўдзівым гальскім тэмпераментам». Сродкі ад прэміі ён ахвяраваў для галадаючых у Расіі. Памёр 13 кастрычніка 1924 г.

 

Укленчыўшы на падлозе дзікага грота, пустэльнік Цэлестын сустракаў Вялікдзень у малітвах. У гэтую анёльскую ноч палахлівыя дэманы абрынаюцца ў бездань. І пакуль цень пакрываў зямлю, а бязлітасны Анёл лунаў над Егіптам, Цэлестын трымцеў, ахоплены страхам і непакоем. Ён чуў з глыбіні лесу мяўканне дзікіх катоў і меладычны голас рапухаў. Сярод глыбокай цемры яго апанаваў сумніў, а ці здзейсніцца вялікі цуд. Але, калі ён убачыў, што настае дзень, радасць увайшла ў ягонае сэрца разам са світанкам. Ён ведаў, што Хрыстус уваскрос, і ён гукнуў:

— Езус выйшаў з труны! Любоў перамагла смерць, аллелюя! Ён уздымаецца ў ззянні над пагоркам! Аллелюя! Усё існае адноўлена і збаўлена. Цемра і зло рассеяны; ласка і святло запаўняюць свет. Аллелюя!

Пустэльнік Цэлестын выйшаў са свайго грота і накіраваўся ў каплічку, што стаяла непадалёк, каб адзначыць святы Вялікдзень.

Ідучы па лесе, ён убачыў сярод паляны прыгожы бук, з набухлых пупышак якога ўжо павылазілі пяшчотна-зялёныя лісцікі; гірлянды плюшчу і льняныя стужкі звісалі з галінаў да самай зямлі. Выцінанкі і малюнкі, прымацаваныя да каржакаватага ствала, былі прысвечаны маладосці і каханню, а сям-там гліняныя Эрасы з распасцёртымі крылцамі і ў падхопленых ветрам туніках гойдаліся на галінах. Убачыўшы гэта, пустэльнік Цэлестын нахмурыў свае сівыя бровы:

— Гэта дрэва феяў, — прамовіў ён, — і мясцовыя дзяўчаты прынеслі ім дары, паводле старажытнага звычаю. Усё маё жыццё прайшло ў змаганні з феямі. Проста немагчыма ўявіць сабе, як мяне бянтэжаць гэтыя малыя стварэнні. Яны не супраціўляюцца адкрыта. Штогод на жніво я выганяю злых духаў, як прынята абрадам, і спяваю ім Евангелле паводле святога Яна. Лепшага сродку не можа быць. Свянцоная вада і Евангелле паводле святога Яна прымушаюць іх уцякаць, і пра гэтых паненак не чуваць усю зіму. Але яны вяртаюцца зноў увесну, таму трэба каторы год пачынаць усё наноў.

Феі дробненькія, цэлы рой можа пасяліцца на адным кусце глогу. Да таго ж яны зачароўваюць маладых хлопцаў і дзяўчат.

На старасці я падслеп і не магу іх больш разгледзець. Яны кпяць з мяне, падбіраюцца пад самы нос і тузаюць за бараду. Але ў дваццаць гадоў я бачыў, як яны вадзілі карагоды на палянках у вянках пад святлом месяца. Пане Божа, каторы стварыў нябёсы і расу, будзь благаслаўлёны ў Тваіх стварэннях! Але чаму Ты стварыў паганскія дрэвы і цудатворныя крыніцы? Чаму пасяліў пад арэшнікам пяюху-мандрагору? Гэтыя з’явы прыроды штурхаюць моладзь на грэх і ствараюць незлічоныя цяжкасці для анахарэтаў, што, як я, імкнуцца надаць святасць усяму існаму. Раней дастаткова было Евангелля паводле святога Яна, каб прагнаць дэманаў! Але цяпер гэтага мала, і я не ведаю, што рабіць.

І калі добры пустэльнік, уздыхаючы, пайшоў далей, дрэва (а гэта была фея), ціхенька прашамацела:

— Цэлестын, Цэлестын, мае пупышкі — гэта і ёсць яйкі, сапраўдныя велікодныя яйкі! Аллелюя! Аллелюя!

Цэлестын ішоў па лесе, не падымаючы галавы. Ён тупаў з цяжкасцю па сцяжыне пасярод цярноўніку, які абдзіраў яму вопратку. Нечакана з гушчару выскачыў малады хлопец і загарадзіў дарогу. Ён быў пакрыты скурай нейкай жывёліны і нагадваў хутчэй фаўна, чым хлопца. У яго быў пранізлівы позірк, кірпаты нос і смяшлівы твар. У кучаравых валасах над зухаватым тварам хаваліся маленькія рожкі. Вусны адкрывалі вострыя і белыя зубы, а пад падбародкам тырчэлі дзве пасмы белых валасоў. Залацісты пушок зіхацеў на ягоных грудзях. Ён быў жвавы і спрытны, а ногі з капытамі засціла трава.

Цэлестын, які валодаў усімі ведамі, што дае медытацыя, адразу ж зразумеў, з кім мае справу, і ўзняў руку, каб перажагнацца. Але фаўн схапіў яго за руку і не дазволіў скончыць магутны жэст:

— Добры пустэльнік, — сказаў ён, — не праклінай. Сёння для мяне, як і для цябе, святочны дзень. Будзь літасцівы і не засмучай мяне ў гэты святочны дзень. Калі хочаш, мы прагуляемся разам, і ты пабачыш, што я не нячысцік.

На шчасце, Цэлестын быў выдатна абазнаны ў свяшчэнных навуках. Ён успомніў, што святога Гераніма суправаджалі ў ягоных падарожжах па пустыні сатыры і кентаўры, яны нават спавядаліся яму.

Пустэльнік сказаў фаўну:

— Фаўн, уславім Пана. Кажы. Кажы: Ён уваскрос.

— Ён уваскрос, — адказаў фаўн. — Ты бачыш, я радуюся.

Сцяжына пашырэла, і яны пайшлі побач. Пустэльнік задуменна разважаў сам сабе:

«Гэта не дэман, бо ён спавядаўся. Добра, што я не засмуціў яго. Прыклад вялікага святога Гераніма не прайшоў для мяне дарэмна».

— Зірнуўшы на свайго казланогага спадарожніка, Цэлестын спытаўся:

— Як цябе завуць?

— Амікус, — адказаў фаўн. — Я жыву ў гэтым лесе, бо тут нарадзіўся. Я прыйшоў да цябе, ойча, таму што ў цябе з тваёй доўгай сівой барадой такі добразычлівы выгляд. Мне здаецца, што пустэльнікі — гэта фаўны, знясіленыя гадамі. Калі я састаруся, то зраблюся падобным да цябе.

— Ён уваскрос, — прамовіў пустэльнік.

— Сапраўды ўваскрос, — адказаў Амікус.

Кажучы гэта, яны ўскараскаліся на пагорак, дзе ўзвышалася капліца, прысвечаная Богу. Капліца была маленькая і грубаватая па канструкцыі. Цэлестын пабудаваў яе ўласнымі рукамі з абломкаў храма Венеры. Унутры збудавання стаяў алтар Пана, бясформенны і пусты.

— Укленчым, — прамовіў пустэльнік, — і праспяваем аллелюя, бо Ён уваскрос. А ты, цёмнае стварэнне, заставайся на каленях, пакуль я буду правіць Божую службу.

Але фаўн падышоў да пустэльніка, пагладзіў яго па барадзе і сказаў:

— Добры стары, ты мудрэйшы за мяне і ўмееш бачыць нябачнае. Але я лепш за цябе ведаю лясы і крыніцы. Я прынясу Богу лісце і кветкі, бо ведаю адхоны, дзе крэсы сустракаюцца з ліловымі шчыталіснікамі, лугі, дзе першацвет красуе зялёнымі суквеццямі. Я адрозніваю па лёгкім паху амялу ад яблыні-дзічкі. А хмызняк чорнага цярноўніка ўкаранаваны цяпер снегам кветак. Пачакай мяне, стары.

У тры казліныя скачкі ён знік у лесе, а калі вярнуўся, Цэлестыну падалося, што ён бачыць, як шыбуе куст глогу. Амікус хаваўся пад духмяным покрывам раслінаў. Ён развесіў гірлянды кветак на алтары, пакрыў яго фіялкамі і сур’ёзна прамовіў:

— Гэтыя кветкі для Бога, які стварыў іх!

І пакуль Цэлестын правіў святую Імшу, казланогі, схіляючы да зямлі сваю рагатую галаву, пакланяўся сонцу і казаў:

— Зямля — гэта вялікае яйка, якое ты, сонца, свяшчэннае сонца, апладніла!

З таго дня Цэлестын і Амікус жылі разам. Пустэльніку не ўдалося, нягледзячы на ўсе намаганні, растлумачыць паўчалавеку нявыказаныя таямніцы. Але з тае пары з ласкі руплівага Амікуса капліца сапраўднага Бога заўсёды была ўпрыгожана гірляндамі і кветкамі лепш за дрэва феяў. І богабаязны святар казаў: «Фаўн — гэта гімн Пану».

І таму ўдзяліў яму святое хрышчэнне.

На пагорку, дзе Цэлестын пабудаваў некалі лядашчую каплічку, якую Амікус упрыгожыў кветкамі гор, лясоў, рэк і азёраў, цяпер узвышаецца касцёл, які адносіцца ажно да ХІ стагоддзя. Гэта месца пілігрымак. Вернікі ўшаноўваюць тут добрую памяць святых Амікуса і Цэлестына.

Пераклаў з французскай мовы
Валеры Буйвал.

Гл. таксама:
АНАТОЛЬ ФРАНС :: ЖАНГЛЁР МАЦІ БОЖАЙ ::
АНАТОЛЬ ФРАНС :: БАНАПАРТ У САН-МІНЬЯТА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY