Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Данута БІЧЭЛЬ

ЗЯЛЁНЫ АНДАРАЧАК — СКАРБ БАБЫ ЮЛІ

Біскупцы. Верка з маці
Юляй Супрэн.

Летась паехала я да родных на магілкі. Перад вяртаннем у Гародню зайшла да сёстраў Яні і Гені. Яны мне падаравалі адрэз у клетку. Я пашыла сабе андарачак. Прымерала: гэта ж трэба, амаль такі андарачак я ўжо прымярала — зялёны андарачак бабы Юлі!

Калі я падрастала ў бядноце, толькі два андарачкі бачыла ў старэйшых жанчын. У кожную вясковую хату ў Біскупцах я не заходзіла. Аднойчы Ганна Кузьмова дастала з куфра свой андарачак, дазволіла да яго дакрануцца, пагладзіць. У Ганны быў увесь народны строй — вышываны каптанік з адкладным каўнерыкам і цёмна-сіні шнураваны станік, вышыты блёсткамі, палатняны фартушок, па краях абвязаны шыдэлкам зубчыкамі. Андарачак у клетку, складкі пад пасак на паясніцы, у ім было больш цёмна-сініх клетак. Ганніна дачка Надзея строй маці не апранала. Але Надзея была вышэйшая за маму, магчыма, і вышыванка, і андарачак ёй былі зацесныя, а, можа, яна не хацела апранаць такое адзенне, якога ніхто з дзяўчат у вёсцы не меў і не насіў…

Рэніна свякроў Юля Супрэнава, з якой мы вялі спакойныя размовы пра жыццё, седзячы на прызбе яе казачнай хаціны, аднойчы дастала з куфра свой андарачак, каб я памерала. Мусіць, яна хацела палюбавацца збоку на свой скарб. Юля была дробнай жанчынай. Андарачак добра сядзеў на дзяўчынцы-падлетку.

Якое гэта незабыўнае адчуванне — апрануць такі прыгожы, суконны, шорсткі, па костачкі, андарачак! Адчуванне лёгкасці, палёту і перавагі над усімі жанчынамі вёскі… Павернешся, а ён завіруе то бочачкай, то веерам.

Я прывыкла называць Рэніну свякроў бабай Юляй — так яе называла Галька, адзіная дачка маёй сястры Рэні.

Я вучылася ў сёмым класе Карнілкаўскай школы. Настаўніца роднай літаратуры прыдумала паказаць людзям з навакольных вёсак спектакль па п’есе Кандрата Крапівы «Партызаны». Аднакласнікі не мелі вялікага жадання ўдзельнічаць у спектаклі: гэта ж дадатковая нагрузка, у вёсцы і без таго хапае работы! Ролю Кацярыны настаўніца аддала Ірыне Конан: яна была выдатніцай, жыла ў Карнілках блізка ад школы, заняткаў не прапускала. Ірыну як бы «ўзнагародзілі» гэтай роляй.

 

Біскупцы. Мікалай, Рэня і Галька. 1955 г.

1

У п’есе Кацярына была прыгажуняй, у яе быў закаханы Рыгор, партызан, галоўны герой п’есы. Мне прапанавалі ролю пані Яндрыхоўскай. Ніхто і не хацеў іграць ролю «пані», старэйшай па ўзросце, гэты персанаж успрымалі як адмоўны. А я згадзілася, надта хацелася мне ўдзельнічаць у спектаклі. Што апранала Яндрыхоўская, ніхто асабліва не ўяўляў, у тым ліку і настаўніца. Я пазычыла ў бабы Юлі андарачак.

Ні ў бабы Юлі, ні ў нашых цётак, маміных кумак і Рэніных сябровак, не было вышываных блузачак. Фартушкі былі ў Паўліны і Казі Карабановых, але яны жылі аж на Павалоках. Я пазычыла ў сястры Рэні ружовую шаўковую блузачку ў дробныя кветкі. Усім спадабалася, як выглядала пані Яндрыхоўская. Ніхто не звяртаў увагі на сюжэт п’есы, усе пазіралі на андарачак, які так пераліваўся, віраваў на мне то кубачкам, то веерам. Вядома, ігралі мы ўсе не так, як акторы. Але спектакль удаўся.

Калі я цяпер пачала апавядаць маёй пляменніцы Гальцы, Юлінай унучцы, пра той андарачак, то яна першы раз пра яго пачула. Галька паразмаўляла па тэлефоне з Верай, дачкой Мікалаевай малодшай сястры Веркі. І тая не бачыла андарачка. А галоўных сведкаў — Сымона, Юлі, Мікалая, Рэні і Веркі, ужо на гэтым свеце няма. Толькі Валя Сайкова засталася з таго пакалення. І яна андарачка не памятае. Ды калі Юля андарачак не апранала, ён ляжаў у куфры, то яны яго і не маглі ўбачыць…

Куды прапаў андарачак? Юля апранала яго, калі выходзіла замуж за Супрэнавага Сымона. Берагла андарачак на смерць. Мне так і казала, што пахаваецца яна ў гэтай спаднічцы.

Калі навуковая экспедыцыя Музея старажытнай беларускай культуры, якім кіравала Вольга Церашчатава, прыязджала ў Біскупцы ў пачатку васьмідзясятых, Юля адчыніла свой куфар, у якім былі акуратна складзеныя посцілкі, ручнікі, сувоі палатна і андарачак. Некалькі ручнікоў і абрускаў госці ў яе выпрасілі ў музей, вядома, за сімвалічную плату. Юлін андарачак быў пашыты ў акуратна запрасаваныя складачкі так, што зверху выступалі зялёныя паскі, а ў доле складачкі рассыпаліся ўсімі колерамі вясёлкі. Ну, можа, не ўсімі, бо чырвонага колеру там не было.

Цяпер я ведаю: такі ж андарачак апранала да шлюбу Зося з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», у той час я ўжо прачытала паэму, але пра гэта падабенства я і не падумала.

 

Біскупцы. Галька Супрэн.
7 гадоў.

2

Чаму мужчыны з нашай вёскі ездзілі ў сваты ў Белагруду, у Заполле, у Няцечу, у Альхоўку за Нёман, у Сонтакі? Дзядзька Мікодым, ад якога перайшоў да мяне талент рыфмаплёта, складаў кароткія вершы. Яму трэба было паспець прачытаць верш слухачу, пакуль той праходзіў міма варотаў па вуліцы. Мікодым дэкламаваў у прастору:

Ты набыў маёнтак,
бо ўзяў жонку з Сонтак.
А мая з Няцечы,
то жыву ў галечы…

Сымон, бацька майго швагра Мікалая, узяў замуж Юлю Ткач з Жыжмы, з вёскі за 19 кіламетраў. Сымон быў багаты, меў добрую гаспадарку, поле, сенажаць, вялікае гумно і гумнішча, на якім працавала малатарня. У Сымона былі дзве сястры. Стэпка выйшла замуж у сваёй вёсцы за багатага Міхася Бічэлевага. У іх былі дзеці — Ладзік, Мікалай, Алёшка, Валя, Маня.

З усіх іх яшчэ жыве ў Бердаўцы Валя Чайкоўская. Мікалай утапіўся ў тым месцы, дзе Гаўя ўпадае ў Нёман. Яго жонка Верка, мая хросная маці, выхоўвала дзяцей адна… Ладзік з сям’ёй пераехаў у Растоў. Алёшка ажаніўся з каталічкай. Іх дзеці паехалі ў Маскву. Калі Саюз разваліўся, сын Алік са Святланай вярнуліся ў родную хату. Хто жыве ў дзедавай хаце, той і прадаўжае род.

Другая сястра Сымона, Марыля, замужам была за Міхасём Сайко. У іх раслі два сыны — Франак і Янак. Марыля захварэла і памерла маладой. Да Міхася перайшла жыць Стэпка, якая гадавала чужых дзяцей, а сваіх сыноў, Франка і Чэсіка, пакінула бабулі Людвіцы і дзеду Людвіку. Дзеда ў вёсцы называлі Пілсудскім…

А гісторыя такая. Летам у вёсцы было надта брудна, жанчыны не падмяталі вуліцу і нават свае панадворкі. Людвік прыдумаў, як іх прымусіць зрабіць парадак. Прайшоўся па вуліцы і сказаў, што ў нядзелю праз вёску будзе ехаць сам Юзаф Пілсудскі, каб усе падмялі вуліцу перад сваімі хатамі і прыбралі панадворкі. Людзі паслухалі і зрабілі так, як ён загадаў, нават павымывалі вокны. Назаўтра Людвік сам запрог сваіх прыгожых коней у брычку і праехаўся з канца ў канец па вясковай вуліцы. Яго пачалі называць Пілсудскім.

Выдаўшы сёстраў замуж, Сымон Супрэн дапамог ім паставіць добрыя хаты, з ганкамі, з уваходам ад вуліцы і ад панадворка. Сымон надарваўся на будоўлі хатаў і памёр, калі старэйшаму сыну Мікалаю было 14 гадоў. Франя памятае, як Сымона выносілі з хаты ў труне.

 

Біскупцы. Юля Супрэн.

3

Вынеслі труну, на лаву пасадзілі малую Верку, «каб не палохалася памерлага бацькі». Юля сказала: «Была слабая пуга, але і без яе туга!» Злавала на яго, што надарваў свае жылы, паднімаючы бярвенне на зрубы сваім сёстрам, а цяпер ёй адной прыйдзецца надрывацца. Але нараканне — малітва д’ябла.

Юля не наракала. Перажыла з дзецьмі вайну.

Але ў пяцьдзясят другім годзе гаспадарку забралі ў калгас.

Сын Мікалай пайшоў па бацьку: араў, сеяў, касіў, малаціў, трымаў каня, дзве каровы, авечак, свіней, курэй, дапамагаў людзям.

Мікалая паважалі ў вёсцы… Запрашалі і праваслаўныя, і католікі ў дружбанты або хрысціць дзяцей. Багатыя людзі хацелі выдаць дачку замуж за Мікалая. Юля, па старым звычаі, думала, што сама выбера сыну жонку. Неяк яна разабралася са шматлікімі сваякамі ў Біскупцах і ў Жыжме, склікала іх на дапамогу. Галька ўспамінае ўцекачоў, вандроўнікаў, каго Юля карміла за малітву, хто спаў у іх на печы і апавядаў ёй казкі. Маленькая, босая, Юля хадзіла з граблікамі за сваім сынам-асілкам. Ён касіў, яна падграбала. Ён ідзе наперадзе і, як дзіця цацку, вядзе за сабой маці. За пэўную слабасць яе жартоўна называлі «трактарчык».

На Пакровы Юля ездзіла ў Жыжму да сваякоў і ў царкву. Царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы стаяла (і цяпер стаіць) у Князікоўцах. Юля падаравала ў царкву ручнік. Жанчыны з яе роду мелі прозвішча Ткач і былі слаўнымі ткачыхамі. На рацэ Жыжме ёсць вёска Ткачы, адкуль паходзяць Юліны продкі.

Аднойчы Юля выбралася ў Жыжму на возе і ўзяла з сабой Гальку, каб паказаць унучцы казку свайго дзяцінства, пазнаёміць са сваякамі, паказаць вогненную раку Жыжму: вогненную, бо дзеці на агонь кажуць «жыжа».

Ад Юлі я пачула навуковы тэрмін «жыжэмскі наіў»… Ікону Пакрова Прачыстай Багародзіцы малявалі мясцовыя мастакі.

Ікона ў князікоўскай царкве традыцыйная: Багародзіца ў сіняй сукенцы, у чырвонай накідцы, стаіць на воблаку і трымае перад сабой пакроў, ці мафорый, якім закрывае людзей ад небяспекі. Узоры, зоркі на мафорыі-хусцінцы мастакі змалявалі з узораў на вясковых старых ручніках, а Юля пераносіла тыя самыя ўзоры назад на свае ручнікі.

Аднойчы ўночы Юля ткала пры святле месяца, промень месяца асвяціў іконку на покуці, пераламаўся ў бляску іконкі і асвяціў яе чаўнок, які заззяў у руках, як агонь.

Біскупцы. Сваякі з вяселля Галі і Пятра.

4

Юля патрымала на далоні агонь, як жывую душу, і прыняла гэта як знак ад Багародзіцы: даткала ручнік і занесла ў царкву.

Ткачыхі з вёскі Жыжмы фарбавалі свае льняныя, кужэльныя і суконныя ніткі на тым балоце, каля вёскі Пятрашкі, недалёка ад Беняконяў, дзе бярэ пачатак рака Жыжма. Некаторыя краязнаўцы думаюць, што Пятрашкі ў Літве. Ды межы дакладна не праведзеныя. Шальчынскайскі раён Літвы ўкліньваецца ў Беларусь, як устаўка. Так правялі мяжу пасля вайны, утварылі «шальчынскайскі мяшок». Да вайны мяжы не было. Жанчыны бралі прадзіва ў мяшкі, скарынку хлеба, насілі фарбаваць ніткі, некалькі дзён там адпачывалі.

Рака Жыжма выходзіць з балотца крыніцай, каля крыніцы — забалочаная азярынка, у якой каля берага кругамі разліваюцца мутныя плямы — у тым месцы і замочвалі ніткі, трымалі некалькі дзён.

У залежнасці ад часу замочвання і ад адценняў суровых ці ваўняных ніткаў, можна дасягнуць цёмна-бурага, балотнага, светла-зялёнага і жоўтага колераў… Да таго ж, усе колеры пераліваюцца, як Жыжма, паўзучы вужакай па балацінах да Сонтакаў, дзе яна стамляецца і ўпадае ў Гаўю.

Рака Гаўя пачынаецца крыху вышэй, на тым жа балоце, каля фальварка Дзякі. Гаўя цячэ напрасткі па жвіровым дне, пераважна пясчаным полем і лесам; не даплыўшы да Бурносаў, на біскупскім лузе, Гаўя ўпадае ў Нёман.

На рацэ Жыжме, недалёка ад вёскі Гайцюнішкі, ёсць святая крыніца.

Каля Гаўі, ва ўрочышчы Трэці Перакоп, ёсць такое ж Мядзведзевае азерца, дзе па той жа тэхналогіі фарбуюць ніткі ў мядзведзевы колер. У Мядзведзевым азерцы ніткі мочаць у гразь і пакідаюць на некалькі дзён і на тыдзень... І ніхто іх там ніколі не вартуе, ніхто іх і не чапае. Жанчыны ходзяць, варочаюць і правяраюць — кожная ткалля свае маткі…

Юля казала, што суконныя ніткі на яе андарачак яна фарбавала ў Пятрашкавым азерцы. Юля лічыла, што яе андарачак меў родавы мацунак: апранеш яго, у цябе ўсё атрымаецца. Толькі ў Біскупцах не давялося Юлі красавацца ў сваім андарачку, ціха марыла: апране андарачак, і Бог прыме яе ў сваё Валадарства, і яны з Сымонам зноў сустрэнуцца — высока, у захмар’і.

Юля апавядала пра Пакрова, нібы яна перажыла тую гісторыю…

У 910 годзе, пры імператары Мудрым і патрыярху Макарыі, Візантыйская імперыя вяла вайну з сарацынамі, мусульманамі.

 

5

Канстанцінопалю пагражала небяспека. 14 кастрычніка, у нядзелю, улахернская царква была перапоўнена вернікамі, якія маліліся ўсю ноч. Святы Андрэй, юродзівы, а чацвёртай гадзіне ночы падняў вочы ў неба і ўбачыў, як Прасвятая Багародзіца ідзе па паветры, асветленая нябесным святлом, акружаная анёламі, у суправаджэнні Яна Хрысціцеля і Яна Багаслова. Андрэй у маладосці трапіў у палон і быў прададзены ў рабства Феагносту ў Канстанцінопалі.

Юля апавядала гэтую гісторыю, нібы Канстанцінопаль быў у Жыжме ці ў Князікоўцах і ўсё адбывалася на яе вачах. А гэта таму, што ў царкве, у верхнім радзе іканастаса, молячыся, бачыла ўвесь гэты сюжэт на іконах.

Я прыязджала з Ліды, з Наваградка, з Гародні, дзе вучылася, а пасля і працавала, бегла да сястры, але яна днём не мела часу паразмаўляць, а Юля сядзела на сваёй прызбе. Казала звычайна: «Баба слаба!» або: «Паляцела б у Жыжму, а дзе ж сілачкі вазьму?»

Юля не хацела, каб Мікалай жаніўся з Рэняй. Не таму, што Рэня каталічка. Сярод магчымых кандыдатак яна пералічвала і каталічак. Юля казала: «Толькі не Яськаву дачку!». Усе думалі: гэта таму, што Яська пайшоў «ахвотна» ў польскае войска. Толькі Яська і Юля ведалі таямніцу, якой ніхто і не даведаўся…

Калі сын не паслухаў, маці зацялася, не любіла нявестку, а прыдрацца да яе не магла, Рэня была ўдалай і жонкай, і гаспадыняй. Людзі яе паважалі. Юля здалася, але трымалася на дыстанцыі.

Галька не адчувала гэтага напружання паміж бабай Юляй і дзедам Яськам. Ні Юля, ні Рэніны тата і мама Гальку асабліва не песцілі, адны другіх асцерагаліся. Яська з Марыляй Гальку не вучылі маліцца па-польску, каб не зазлавала Юля. Найболей песняў, вершаў, малітваў з польскіх трох класаў ведала Рэня. Ды і яна не вучыла дачку, каб не дражніць Юлю. Толькі праўнукам перад смерцю песні свае паспявала. Галька, старэйшая за Віку на 10 гадоў, прыходзіла да бабы Марылі і дзеда Яські, а ён насіў малую Віку на плячы і спяваў ёй па яе заяўках: «Panna Anna bierze ślub…» «Wieje wicher u komina!» Гальцы было крыўдна, што ёй гэтыя песні не спявалі. Юля таксама не вучыла Гальку.

Мікалай напісаў на лістку малітвы «Ойча наш», «Дзесяць запаведзяў» і «Верую...», Галька іх вывучыла і пайшла да першай споведзі ў дакудаўскую царкву. Гальцы зайздросцілі каталіцкія сяброўкі, якім трэба было вывучыць усю катэхезу.

 

6

Рэня перайшла ў праваслаўную веру, спявала ў царкве, а дома малілася, як прывыкла з дзяцінства, па-польскаму малітоўніку і на ружанцы. Рэня памятала малітвачкі, якім навучыла яе баба Канстанцыя родам з Белагруды. Абраз Езуса і Марыі Магдалены мама аддала ў пасаг Рэні. Ён і цяпер аберагае апусцелую хату, якую аддалі ўнуку Віцю Ліхараду.

Мікалай з Рэняй пабудаваліся на чыстым месцы насупраць сядзібы бацькоў, у Сымонавай хаце засталіся Юля з Веркай. Калі Верка выйшла замуж за Косціка Карабана, Сымонаву хату перавезлі на Павалокі. Юлі паставілі хатку, якую яна сама спраектавала, — ад яе пачыналіся гаспадарчыя будынкі: адрынка з сячкарняй, хлеў.

Юля засталася ў малой хаціне са сваімі думкамі, успамінамі, супакоеная, у кантэмпляцыі. Як не хацелася варыць ежу, ішла да Рэні, налівала там, што знаходзіла на прыпечку, у каморы, у халадзільніку. Часам пакідала пасля сябе разліты боршч. Памяняліся яны ролямі. Ды ніколі не сварыліся, не пераступалі нябачнага плоту.

Юля была мысляром. Я, маладзейшая за сястру на восем гадоў, у яе разуменні была асобай нейтральнай, таму яна выбрала мяне як слухачку.

Каб жа я яшчэ накіроўвала яе разважанні пытаннямі ды натавала адказы!

У Галькі канкрэтных успамінаў пра бабулю болей. Яны разам адпасвалі каровы, калі прыходзіла чарга. Галоўны пастух казаў: «Лепей адна Галька, чым сем Юляў», таму што Галька ног не шкадавала, адпыняла каровы, а Юля хадзіла ззаду за статкам або спала ў зацішным месцы пад кустом. Калі прывозілі сена з лугу, пласты на вышкі прымала Юля, а Галька іх перацягвала глыбей і таптала, скачучы.

Галька ўспамінае, як баба Юля з жанчынамі хадзіла ў пілігрымку ў Вострую Браму і прынесла з Вільні салодкіх пернікаў, выпечаных у форме розных звяркоў. Дала Гальцы зайчыка, а потым кажа: «Аддай зайчыка. Адзін паламаўся, не хапіла Ганцінай Ядзі. А ты свая, то пацярпі…»

У Ліпнішках касцёл імя святога Казіміра. У наваколлі Вялікага Княства чацвёртага сакавіка, «на Казюкі», пры касцёлах адбываюцца фэсты і кірмашы, а найважнейшы кірмаш — у Вільні. У тым годзе Юля з братам паехалі ў Ліпнішкі. Мёд Ткачы трымалі ў бочачках, якія выраблялі самі: з ліпкі, з вішні, з клёну.

 

7

Ад вырабу вялікіх бочак застаюцца канчары клёпак, з гэтых канчароў «кляпалі» драўляны посуд — лыжкі, палачкі для макання мёду, конаўкі, бочачкі, цабэркі, даёначкі, ночвы, ступікі, выразалі птушак, зайчыкаў, вярцёлкі, іншыя дзіцячыя цацкі.

У тое лета быў урадлівы мядовы збор, пчолы за зіму не паелі ўсяго мёду. Юля ў сваім андарачку павезла вясновы мёд на кірмаш. Чарга стаяла да Юліных бочачкаў, куплялі і мёдзік, і ручнікі, настольнікі, паяскі. Андарачак на яе стане хваляваўся, віляў хвастом, як рака Жыжма па балотных купінах. Калі засталася апошняя бочачка мёдзіку, перад Юляй стаў высокі дзяцюк, які да гэтага часу пазіраў збоку, як хваляваўся на яе спрытным стане андарачак. Гэта быў Сымон Супрэн з-за Гаўі, з Біскупцаў.

Ён нічога такога канкрэтна і не сказаў, але Юля ведала, што восенню прыедзе да яе ў сваты. Паміж сяўбой і жнівом аснавала і ткала ручнікі на падарункі сваякам маладога. Выткала доўгі ручнік пад ногі — на вянчанне, і за адну ноч на Яна выткала вясельны ручнік з вясельнымі птушкамі, якія цалуюцца…

У дакудаўскай царкве Прачыстая Багародзіца зняла з галавы Пакроў і накрыла Юлю і Сымона. Яны пражылі, колькі пражылі, спачатку разам, а пасля Юля жыла за дваіх, апрануўшы свабодны каптанік і шэрую доўгую спадніцу кубачкам, якая не хвалявалася веерам, як той андарачак. Юля не весялілася на вяселлях. Сымонава маці хварэла, ляжала ў пасцелі некалькі гадоў, і Юля яе даглядала да смерці, а дзве дачкі не ведалі клопатаў.

Юля ў прыгожым маляваным куфры прывезла ўсю сваю Жыжму. Пасля вяселля выбрала з куфра самае патрэбнае на буднія дні. Куфар зачыніла і ключык схавала. Сказала, што згубіла...

 

8

Юліна ўнучка Вера жыве ў Гродне з мужам Васіліем і сынам Сяргеем. Я спытала ў Юлінай унучкі, ці мае яна фатаграфію бабулі… Вера падзялілася сваімі сямейнымі рэліквіямі — фатаграфіямі бабы Юлі, мамы Веркі і таты Косціка Карабана. Разглядаю іх і дзіўлюся: якія яны непасрэдныя, незалежныя, чыстыя і прыгожыя...

Юля магла стрымаць свае пачуцці глыбока ў сэрцы. Мікалай і Рэня заўсёды думалі: а што скажуць людзі. А гэтыя двое трымаюцца за рукі і каханнем перапоўненая ўся іх істота: іх адзінае шчасце на дваіх свеціць, трымціць і выбухае ў прастору па-за нябытам. Божа, якімі натурамі засяліў Ты маё святое балота! Я вяртаюся ў памяці да таго выпадку, калі пад ранак ляцела над замеценай прасторай, ледзь дакранаючыся скарынкі сумётаў, і раптам правалілася на глыбіню — у тунэль ад Рэнінай хаты да адрынкі, і ўбачыла Верку і Косціка… Лёгка апранутыя ў кароткія кажушкі, яны трымаліся за рукі і глядзелі адно другому ў вочы, і не заўважылі, як прайшла ноч… А пасля гэтак праляцела жыццё.

Яны пажаніліся ў 1954 годзе. Першы сын Генік нарадзіўся і памёр у 1955-м. У 1957-м нарадзілася дачка Вера, якая са мною цяпер размаўляе і дзеліцца фоткамі. У 1961 годзе нарадзіліся блізняткі Пеця і Толік. Пеця пажыў сем месяцаў і памёр. Толік вырас, шукаў свайго месца ў жыцці. У 2006 годзе паехаў у Маскву на заробкі. Адтуль да маці Веркі з міліцыі прыйшла тэлеграма: сын памёр ад пабояў у бальніцы. Верын муж Васіль Казун з сябрам прывезлі яго ў труне, пахавалі ў Біскупцах…

Косцік памёр у 1981 годзе: лячыўся ад сухотаў у гродзенскай туберкулёзнай бальніцы. Яго арганізм не прыняў нейкі антыбіётык, ад алергіі ў яго здарыўся сардэчны прыступ…

Фотка шчаслівых закаханых зроблена ў 1956 годзе…

Калі Юля занемагла, Верка забрала маці ў сваю хату. Юля стала маленькай, Верка брала яе на ручкі і калыхала, як малое дзіця. Адзін раз Верка доўга шукала маці, а яна заснула ў кардоннай скрынцы, скруціўшыся, нібы коцік.

Юля пры жыцці забыла пра андарачак, таму ён і згубіўся. Магчыма, на Пакровы Маці Божая апранула яго на малую сіротку ў Жыжме!

Мікалай узяў замуж маю сястру Рэню, шанаваў яе, працавалі яны і жылі доўга і шчасліва. Галька выйшла замуж за Пятра Ліхарада, была настаўніцай беларускай мовы ў Дворышчы, дзе ў экперыментальнай гаспадарцы «Ніва» працаваў Пятро.

 

9

Яны маюць двух сыноў, унукаў — аднога хлопца Мацвея і пяць дзяўчынак. І дачакаліся праўнука Рамана, Юлінага прапрапраўнука.

Аднойчы Юля на прызбе апавядала мне гісторыю, як на вяселлі дарылі маладых. Прывялі каня, а ён не захацеў пераступаць праём у дзвярах і заходзіць у хату. І Юля засмяялася, што з ёй здаралася рэдка.

— Вы кахалі Сымона? — спытала я недарэчна.

— Не ведаю, пра што ты гаворыш! — адказала Юля, — прыдумалі вы гэтае каханне. У Бібліі мужчына, калі жэніцца, пакідае бацькоў. А тут, у гэтай бядноце, маладыя жывуць пры бацьках, збунтаваны мужчына робіцца бездапаможным. Ад таго і ўсе няшчасці. Сям’я ствараецца Богам на небе як аснова святога жыцця.

Юля ведала, што такое каханне, ды гэтае пачуццё было затоена ў сэрцы так глыбока, што не кожнай такой Данусі Юля была гатова апавядаць, седзячы на прызбе. Юля таму і пражыла спакойнае і, можна так сказаць, шчаслівае жыццё, што нічога не растрачана было ў яе сэрцы. Юля не мітусілася, не шукала ніякіх прыгодаў, не хадзіла ў тыя месцы, дзе людзі збіраліся павесяліцца — у адзіноце, у сваім чыстым сумаўленні з Богам і са сваім Сымонам, які жыў у памяці яе душы, яны так і заставаліся адным целам. Сын і дачка прадаўжалі тую добрую традыцыю, якую стварылі бацькі. Юля памерла на Пятра ў 1991 годзе, і было ёй 90 гадоў…

А на мяне Юля зазлавала, таму што я закранула патаемнае…

Трэба было спытаць так: «Вы кахаеце Сымона?»

Людзі, не адкладвайце да ранічкі словы, якія трэба сказаць увечары...

2019, 2021


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY