Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Анатоль ФРАНС

БАНАПАРТ У САН-МІНЬЯТА

Калі грамадзянін, салдат народа,
Да Эрыдана, Адзіджэ і Цібра нёс свабоду,
Граміў бязлітасных тыранаў,
Народы вызваляў з кайданаў.

Мары-Жазэф Шэнье («Шпацыр»)

«Напалеон пасля экспедыцыі на Ліворна падаўся ў Фларэнцыю, дзе заначаваў у Сан-Міньята ў старога абата Буонапартэ…» (Успаміны са святой Алены князя дэ Лас Касэса, перавыданне 1823–1824 гг., т. 1, с. 140).

 

«Я заехаў на ноч у Сан-Міньята. Там жыў адзін стары канонік, мой сваяк…» (Успаміны доктара Ф. Антамаркі аб апошнім перыядзе жыцця Напалеона, 1825 г., т. 1, с. 155).

 

Пасля таго як генерал Банапарт акупаваў Ліворна і зачыніў гэты порт для англійскіх караблёў, ён падаўся ў Фларэнцыю, каб пабачыцца з арцыкнязем Тасканскім Фердынандам, які, адзіны з усіх валадароў Еўропы, адносіўся станоўча да Рэспублікі. У знак павагі і даверу ён прыбыў да яго без эскорту са сваім генштабам. Яму паказалі герб Банапартаў — скульптурную выяву на дзвярах аднаго старога дома. Ён ведаў, што адна галіна ягонай сям’і амаль вымерла ў Фларэнцыі, і што заставаўся яшчэ апошні яе атожылак. Гэта быў 80-гадовы канонік кляштара Сан-Міньята. Нягледзячы на тэрміновыя клопаты, яму вельмі хацелася наведаць яго. Прыродныя пачуцці моцна валодалі Напалеонам Банапартам.

Перад самым ад’ездам, увечары, ён разам з некалькімі сваімі афіцэрамі падаўся ў Сан-Міньята, які знаходзіўся на пагорку, каранаваным мурамі і вежамі, у паўгадзіне хады на поўдзень ад Фларэнцыі.

Стары канонік Буонапартэ прыязна сустрэў маладога сваяка і французаў, што суправаджалі яго.

Гэта былі Бэрцье, Жуно, старэйшы ардынарац Шавэ і лейтэнант Тэзар. Ён запрасіў іх на італьянскую вячэру, дзе на стале не бракавала ні мяса жураўля па-перэтольску, ні духмянага парсючка ў малацэ, ні лепшых вінаў Тасканы, Неапаля і Сіцыліі. Ён падняў тост за поспех іх зброі. Рэспубліканцы, паслядоўнікі Брута, пілі за Айчыну і свабоду. Гаспадар пагаджаўся з імі. Потым ён павярнуўся да генерала, які сядзеў справа ад яго:

— Пляменнік, — сказаў ён, — можа вам цікава паглядзець на геаналагічнае дрэва, што намалявана на сцяне гэтай залі? Там вы ўбачыце і будзеце задаволены, што мы паходзім ад ламбардскіх Кадалінгаў, якія з ХІІ па ХІІІ стагоддзе ўславіліся сваёй адданасцю нямецкім імператарам, а ад іх да 1100 года паходзяць трэвізскія Банапарты і фларэнційскія Банапарты. Апошнія значна больш знакамітыя.

Афіцэры пачалі перашэптвацца і смяяцца. Ардынарац Шавэ ціхенька спытаў Бэрцье, ці рэспубліканскага генерала цешыць тое, што ў ягоным родзе былі рабы, якія прыслугоўвалі двухгаловаму арлу. А лейтэнант Тэзар быў гатовы паклясціся, што генерал мае продкаў санкюлотаў. Тым часам канонік Буонапартэ шматслоўна ўсхваляў сваю радавітасць.

— Запомніце, дарагі пляменнік, — сказаў ён урэшце, — што нашы фларэнційскія продкі заслужылі сваё імя. Яны заўжды былі на добрым баку і абаранялі Касцёл.

Пачуўшы гэтыя словы, сказаныя добрым дзядулем голасам моцным і ясным, генерал, які дагэтуль слухаў у паўвуха, падняў сваю дробную галаву з бледным тварам, з фрызурай пад антыку, бліснуў вачыма і спыніў плынь словаў старога.

— Дарагі дзядзька, — сказаў ён, — давайце пакінем гэтае дурноцце і не будзем размаўляць пра пацукоў вашага паддашку, запоўненага цвілымі пергаментамі.

І дадаў жалезным тонам:

— Мая адзіная шляхетнасць — гэта мае дзеянні. Я атрымаў яе 13 вендэм’ера IV года Рэспублікі, калі разграміў раялісцкія атрады на прыступках касцёла святога Роха.

— Вып’ем за Рэспубліку! Рэспубліка — вось страла Эвандра, якая не падае, а ператвараецца ў зорку.

Афіцэры адказалі поклічам захаплення. Нават Бэрцье ў гэты момант адчуў сябе рэспубліканцам і патрыётам.

Жуно крыкнуў, што Банапарт не мае патрэбы ў прадзядах, яму дастаткова было б, каб ягоныя салдаты прызначылі яго капралам у бітве пры Лодзі.

Яны пілі віны, што мелі сухі прысмак ружэйнага крэменя і пах пораху. Пілі шмат. Лейтэнант Тэсар добра хільнуў і быў ужо не ў стане хаваць свае думкі. З гонарам за свае раны і любоўныя подзвігі, атрыманыя і здзейсненыя ім падчас гэтай гераічнай і вясёлай кампаніі, ён наўпрост заявіў добраму каноніку, што, ідучы слядамі Банапарта, французы зробяць кругасветнае падарожжа, перакульваючы паўсюль стальцы і алтары, плодзячы дзяцей і выпускаючы кішкі фанатыкам.

Стары святар, увесь час усміхаючыся, адказаў, што ахвотна аддае іх свяшчэннаму гневу, але не маладых дзяўчат, з якімі, наадварот, трэба абыходзіцца далікатна, а фанатыкаў, вялікіх ворагаў святога Касцёла.

Жуно паабяцаў яму шляхетна ставіцца да святароў, не хаваючы задавальнення, што тыя адчувалі дабрыню ягонага сэрца і бачылі бель ягонай скуры.

Ардынарац Шавэ меркаваў, што трэба ацаніць уплыў кляштара на колер твараў дзяўчат. Ён удаваў філосафа.

— Ад Генуі да Мілана, — казаў ён, — мы не раз пасмакавалі гэты забаронены плод. Кажу без забабонаў, што прыгожыя грудзі глядзяцца яшчэ больш прыгожымі пад манаскім строем. Я не прызнаю старых манашак і клянуся, што цаню вышэй за ўсё лытку манашкі. О, супярэчнасці чалавечага сэрца!

— Фі! Фі! — сказаў Бэрцье. — Як можна задавальняцца тым, каб трывожыць розум і пачуцці гэтых няшчасных ахвяраў фанатызму? Няўжо няма ў Італіі жанчын свецкага стану, якім вы маглі б запрапанаваць сябе на свяце, пад венецыянскім плашчом, такім зручным для інтрыгаў? І няўжо П’етра Груа Марыяні, мадам Ламбэр, мадам Монці, мадам Герардзі дэ Брэшыя недастаткова прыгожыя і галантныя?

Пералічваючы італьянскіх дамаў, ён думаў пра князёўну Вінконці, якая не спакусіла Банапарта, была аддадзена ягонаму начальніку штаба і палка кахала яго, аднак, удаючы пачуцці, што вельмі глыбока хвалявала Бэрцье.

— А я, — сказаў лейтэнант Тэзар, — я ніколі не забуду дзяўчыну, што прадавала паштэты на прыступках сабора…

Генерал раздражнёна ўстаў. Заставалася толькі тры гадзіны, каб паспаць. На золку ім трэба было вырушыць у паход.

— Дарагі сваяк, зрабіце ласку і дайце нам начлег, — сказаў ён каноніку. — Мы салдаты. Нам дастаткова ахапку саломы.

Але гасцінны гаспадар загадаў засцяліць ложкі. Ягоны дом, пусты і без упрыгожванняў, быў вельмі вялікі. Ён суправадзіў французаў па розных пакоях і пажадаў ім добрай ночы.

Адзін у сваім пакоі, Банапарт распрануўся, зняў шпагу і пачаў крэмзаць алоўкам ліст Жазэфіне: дваццаць нечытэльных радкоў, у якіх ярка азвалася ягоная палкая, але разважлівая душа. Потым, склаўшы паперу, ён вызваліўся ад успаміну аб гэтай жанчыне так рэзка, нібыта засунуў шуфлядку. Разгарнуў план Мантуі і пачаў выбіраць на ім месца, куды трэба будзе сканцэнтраваць агонь.

Паглыблены ў свае развагі, ён пачуў стук у дзверы. Падумаў, што гэта Бэрцье. Але гэта быў канонік, які папрасіў у яго крыху часу для размовы. Святар трымаў дзве або тры тэчкі, абцягнутыя пергаментам. Генерал з лёгкай усмешкай паглядзеў на гэтыя паперкі. Ён не сумняваўся, што гэта зноў генеалогія Банапартаў, і чакаў бясконцай размовы. Аднак ён ніяк не праявіў нецярплівасці.

Яго не апанавалі ні раздражненне, ні злосць, хаця да гэтага было блізка. Ды й не хацелася яму крыўдзіць дарагога сваяка, наадварот, ён імкнуўся быць з ім прыязным. Да таго ж, ён быў не супраць даведацца пра свой шляхетны род, калі побач ужо не было ягоных якабінскіх афіцэраў, якія кпілі і здзекаваліся з усяго. Ён прапанаваў каноніку прысесці.

Той сеў, паклаў на стол дакументы і сказаў:

— Дарагі пляменнік, я пачаў за вячэрай распавядаць вам пра фларэнційскіх Буонапартаў, але я зразумеў з вашага позірку, што там была не да месца размова на гэтую тэму. Я змаўчаў, пакідаючы на потым самае галоўнае. Прашу вас, дарагі сваяк, уважліва выслухаць мяне.

«Тасканская галіна нашай сям’і дала выдатных людзей, сярод якіх належыць назваць Джакопо дзі Буонапартэ, які, стаўшы сведкам разгрому Рыма ў 1527 годзе, пакінуў апісанне гэтай падзеі, і Нікало, аўтара камедыі пад назовам «Удава», якую ўсхвалялі як твор другога Цярэнцыя. Аднак не пра гэтых знакамітых продкаў хацеў бы я паразмаўляць, але пра трэцяга, які гасіць іх славу, як сонца гасіць зоркі. Ведайце, што наша сям’я мае благаслаўлёнага сярод сваіх членаў — брата Бонавентуру з рэфармаваных паслядоўнікаў святога Францішка, які памёр у 1593 годзе ў ззянні святасці.

Стары пакланіўся, вымаўляючы гэтае імя. Потым ён загаварыў з жарсцю, нечаканай ні для ягонага ўзросту, ні для ягонай рахманасці.

— Фра Бонавентура! Ах! Дарагі сваяк, гэта яму, добраму бацьку, вы абавязаны поспехамі сваёй зброі. Ён быў побач з вамі, не сумнявайцеся, калі вы грамілі, як было сказана за вячэрай, ворагаў вашай партыі на прыступках касцёла святога Роха. Гэты капуцын вёў вас у бітвах. Запэўніваю вас, што без яго вам не было б шчасця ні пры Мантэнотэ, ні пры Мілезіма, ні пры Лодзі. Знакі ягонага заступніцтва надта выразныя, каб іх не бачыць, і я бачу ў вашых поспехах цуд добрага брата Бонавентуры. Але самае важнае, што вы павінны ведаць, дарагі сваяк, гэта тое, што праведнік меў свой план, калі даваў вам перавагу нават над самім генералам Бальё, калі вёў вас ад перамогі да перамогі наўпрост у гэты старадаўні манастырскі прытулак, дзе вы спыніліся на начлег у благаслаўлёнага старога. Я прыйшоў менавіта для таго, каб адкрыць вам гэтыя намеры. Фра Бонавентура хацеў, каб вы даведаліся пра ягоныя заслугі, пра ягоныя маладыя гады, ягоныя выпрабаванні, пра цэлы год абету маўчання. Ён хацеў, каб вы дакрануліся да ягонага келіха і ягонай вяроўкі, і да ягоных каленяў, загартаваных у малітве перад алтаром, калі ён ужо хадзіў сагнуўшыся, як літара «Z». Таму ён прывёў вас у Італію, дзе дае вам магчымасць адплаціць паслугай за паслугу. Дык ведайце, дарагі сваяк, што калі капуцын вельмі дапамог вам, то і вы, у сваю чаргу, можаце зрабіць яму вялікую ласку.

Кажучы гэта, канонік паклаў руку на тоўстыя тэчкі, наваленыя на стол, і доўга аддыхваўся.

Банапарт з сапраўдным задавальненнем чакаў працягу расповеду. Яго лёгка было зацікавіць.

Аддыхаўшыся, стары працягнуў:

— Так, дарагі сваяк, вы можаце зрабіць ласку добраму брату Бонавентуру, і ён, у сваю чаргу, мае патрэбу ў вас. Беатыфікаваны даўным даўно, ён чакае, калі будзе ўнесены ў каляндар. Ён сумуе, добры брат Бонавентура. А як магу я, бедны канонік Сан-Міньята, выказаць гонар, якога ён заслугоўвае? Для ўнясення яго ў спіс святых патрэбныя выдаткі, якіх у мяне зусім няма, і ў біскупа не знойдзецца такіх сродкаў! Бедны канонік! Бедны біскуп! Беднае Тасканскае княства! Бедная Італія! Вы, дарагі сваяк, папросіце ў Папы, каб ён прызнаў брата Бонавентуру. Ён пагодзіцца. Ягоная Святасць, сустрэўшыся з вамі, не адмовіцца ўнесці яшчэ аднаго святога ў каляндар. Вялікім гонарам заззяеце вы і ваша сям’я, і заступніцтва беднага капуцына ніколі вас не пакіне. Няўжо вы адмовіцеся ад шчасця мець святога ў сваёй сям’і?

І канонік, узяўшы пергаментныя тэчкі, прымусіў генерала пакласці іх у ягоны куфар. Там былі мемарандум аб кананізацыі благаслаўлёнага брата Бонавентуры з дадатковымі матэрыяламі.

— Абяцайце мне, — дадаў ён, — што вы зоймецеся гэтай справай. А яна мае для вас вялікае значэнне.

Банапарт ледзь стрымліваў смех.

— Ды гэта не па адрасе, — сказаў ён, — займацца працэсам кананізацыі. Вы што, не ведаеце, што Французская рэспубліка патрабуе рэпарацый ад Рымскай Курыі пасля таго як амбасадар Басвіль быў падступна задушаны?

Канонік выгукнуў:

— Corpo di Bacco!2 Рымская Курыя папросіць прабачэння, дарагі сваяк, і згодзіцца на ўсе рэпарацыі, а наш капуцын будзе ўнесены ў каляндар.

— Перамовы яшчэ далёкія ад завяршэння, — адказаў рэспубліканскі генерал. — Трэба яшчэ, каб Рымская Курыя прызнала цывільную канстытуцыю французскага кліра ды пазбавілася ад інквізіцыі, якая зневажае гуманнасць і ўзурпіруе правы дзяржаваў.

Стары ўсміхнуўся:

— Mio caro figliuolo3 Напалеон, Папа ведае, што можна даць і што ўзяць. Ён саступіць вашым прапановам. Ён чакае вас. Ён нязломны і міралюбны.

Банапарт задумаўся, нібыта новыя ідэі пачалі запаўняць ягоную галаву. І раптам заявіў:

— Вы не ведаеце духу часу. Францыя зусім адвярнулася ад рэлігіі. Паўсюль укаранілася бязбожнасць. Вы не ведаеце пра прагрэс ідэяў Мантэск’е, Райналя і Русо. Рэлігійны культ адменены. Да яго ні ў кога няма павагі. Вы ж бачылі, як скандальна паводзілі сябе за сталом мае афіцэры.

Добры канонік пахістаў галавою:

— О! Гэтыя сімпатычныя маладыя людзі, яны легкадумныя, разбэшчаныя, ачмурэлыя! Гэта пройдзе. Гадоў праз дзесяць яны не будуць бегаць за дзяўчатамі, а пойдуць на Імшу. Карнавал працягнецца нядоўга, нават гэты з вашай Французскай рэвалюцыяй скончыцца ў хуткім часе. Касцёл вечны. Банапарт запярэчыў, што і сам ён недастаткова рэлігійны, каб умешвацца ў чыста касцёльную справу.

Тады канонік зірнуў яму ў вочы і сказаў:

— Дзіця маё, я ведаю людзей. Я бачу вас: вы не філосаф. Займіцеся благаслаўлёным айцом Бонавентурам. Ён адплаціць вам за тое, што вы зробіце для яго. Што да мяне, то я надта стары, каб пабачыць завяршэнне гэтай вялікай справы. Я ў хуткім часе памру. Ведаючы, што справа ў вашых руках, я сустрэну смерць спакойна. І перш за ўсё не забывайцеся, дарагі сваяк, што ўся магутнасць зыходзіць ад Бога праз пасрэдніцтва Ягоных святароў.

Ён устаў, узняў рукі, благаслаўляючы свайго маладога сваяка, і выйшаў.

 

Застаўшыся ў адзіноце, Банапарт доўга гартаў тоўстую тэчку з мемарыялам пры святле чаднай свечкі. Ён думаў пра магутнасць Касцёла і ўрэшце прызнаўся сабе, што інстытуцыя папства больш трывалая, чым Канстытуцыя ІІІ года Рэспублікі. У дзверы пастукалі. Гэта быў Бэрцье, які прыйшоў папярэдзіць генерала, што ўсе гатовыя вырушыць у паход.

Пераклаў з французскай мовы
Валеры Буйвал.


  1. Ад улоння маці маёй: Ты Бог мой (лац.).
  2. Цела Бахуса (італ.) — праклён з узгадкаю нячыстай сілы.
  3. Дарагі сынок (італ.)

Гл. таксама:
АНАТОЛЬ ФРАНС :: АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН ::
АНАТОЛЬ ФРАНС :: ЖАНГЛЁР МАЦІ БОЖАЙ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY