Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Віталій КОЗІНЧУК

КАНЦЭПЦЫЯ ЎКРАІНСКАГА
ІКОНАГРАФІЧНАГА КАНОНУ:
УСХОДНЯЯ ІКАНАГРАФІЯ,
ЗАХОДНІ МАСТАЦКІ СТЫЛЬ

Сёння ўкраінскае іконаграфічнае мастацтва перажывае час свайго новага адраджэння і духоўнага абнаўлення. Царкоўнае мастацтва Украіны ў XXI стагоддзі павінна імкнуцца знайсці свае даўнія містычна-сакральныя карані, якія вядуць да сапраўднага пазнання Бога, што заўсёды жыве ў сэрцах і душах украінскага народа.

Тэме, прысвечанай украінскаму іконаграфічнаму канону паміж Усходам і Захадам, важную ацэнку даў усходні праваслаўны артадокс дыякан Павел Алепскі. Напрыклад, ён кажа пра ікону Багародзіцы ў царкве горада Васількова каля Кіева: «Там яна велічная і прыгожая, уражвае розум аж да здзіўлення» [1, с. 41]. Падобнай ён ні раней, ні пасля не бачыў.

Можа, вандроўніка, прадстаўніка Усходу, так прыемна ўразіла толькі адна гэтая цудоўная ікона? Аднак не! Ён, як летапісец, вядзе запісы ў розных рэгіёнах Украіны. І вось на левым беразе Дняпра, у Гусцінскім манастыры, у галоўным храме, ён зачараваны шмат’ярусным іканастасам з выдатнымі прапорцыямі, арганічным адзінствам пазалочанай барокавай разьбы па дрэве і іконамі. І тут гучыць фраза архідыякана, які піша і ад імя патрыярха Макарыя, бо разам з ім аглядаў унікальныя ўкраінскія святыні: «Мы ніколі яшчэ такога не бачылі!».

На думку архідыякана Паўла, ні адзін чалавек не ў сілах апісаць гэты іканастас, яго стройную вышыню, яго пазалоту, бляск і выгляд. Ён падымаецца ад зямлі да верхняй часткі вялікага купала. Святыя іконы ўражваюць вельмі вялікімі памерамі і дасканаласцю выканання. Яны пагружаны ў нішы, каб лепш была бачная прыгажосць і люстраны бляск іх пазалоты [1, с. 41].

Гэта арганічнае злучэнне дасканалай прыгажосці з духоўным натхненнем склала новы канон для ўкраінскай сакральнай культуры. І гэты паралельны візантыйскаму канон адрозны ад таго, які сцвердзілі айцы Трульскага (692), Нікейскага (787) і іншых Сабораў.

Украінскі іконаграфічны канон заснаваны на багаслоўскім і евангельскім вучэнні. І вельмі добра, што асновы гэтага канону так выдатна паказаў менавіта высокакультурны святар праваслаўнага Усходу. Бясспрэчна, Павел з горада Алепо ведаў вучэнне Царквы аб правільнай перадачы на іконах вонкавай набожнасці і ўнутранай духоўнай сілы Хрыста, Багародзіцы і святых. Яго здзіўленне (і, напэўна, здзіўленне яго бацькі, патрыярха Антыёхскага Макарыя, з якім ён разам аглядаў украінскія іконы), выяўленае ў словах «мы ніколі яшчэ такога не бачылі!», можа быць растлумачана тым, што высокія сірыйскія дастойнікі ўпершыню ўбачылі сапраўдныя іконы, цалкам сугучныя з пастановамі Сусветных царкоўных Сабораў.

Ёсць тры асноўныя прычыны такога канону ўкраінскіх іконаў: па-першае, Царква ва Украіне ніколі не ведала ерасяў, якія раз’ядалі Візантыю і некаторыя іншыя краіны ўсходняга абраду; па-другое, украінскі іканапіс развіваўся на аснове тых жа прафесійных мастацкіх школаў і стыляў, што і мастацтва краінаў Заходняй Еўропы, і, па-трэцяе, на прафесійны іканапіс моцна ўплывала народная ікона, якая была забаронена маскоўскім Стаглавым Саборам (1551).

У адрозненне ад ізографоў візантыйскага стылю, украінскія мастакі шанавалі, акрамя духоўнай, яшчэ і цялесную прыгажосць святых і выяўлялі гэта ў праваслаўных іконах. Таму і не зусім цалкам прыняўся ва ўкраінскім царкоўным мастацтве класічны візантыйскі стыль, дзе цялесная прырода святых адыходзіла на апошні план. Украінскія мастакі XVI–XVIII стст. не разумелі сэнсу падзелу духоўнай (аскетычнай) прыгажосці ад зямной, то бок, цялеснай. Акрамя таго, візантыйскіх правельнікаў «Ярменій» украінскія ізографы не ведалі. Народ звяраў праваслаўную веру са Святым Пісаннем, дзе не гаворыцца, што святыя мелі дрэнную знешнасць, а наадварот, у многіх тэкстах Бібліі робіцца станоўчая характарыстыка цялеснай (зямной) прыгажосці святых і набожных людзей, якія былі мілыя Божаму воку [2, с. 4].

Аўтар невядомы.
«Багародзіца Адзігітрыя».
XIX ст. Палатно, алей.
Зберагаецца ў фондах
Музея мастацтваў
Прыкарпацця.

Вялікая колькасць літаратуры па іканазнаўстве аўтарства расійскіх і заходніх вучоных не мае аналізу ўкраінскіх іконаў. Іх напрацоўкі — гэта дэталёвае апісанне сакральных твораў іконаў візантыйскага стылю. Выключэннем з’яўляецца кніга беларускай даследчыцы Надзеі Высоцкай «Іканапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў» (Мінск, 1992; перавыданне 2001 г.), дзе яна праводзіць паралелі паміж іконамі Беларусі і паўночнай часткі Украінскага Палесся і Валыні [3].

Украінскія мастацтвазнаўцы, такія як П. Жаўтоўскі, І. Свянціцкі, В. Аўсійчук, Д. Стэпавік і многія іншыя, пішуць у сваіх манаграфіях, што ўкраінскі народ з’яўляецца адным з першых па вышыні культуры сярод народаў Усходняй Еўропы, бо вызначаецца своеасаблівым мастацкім выказваннем, пераканаўчасцю іконаграфічнага зместу і тэалагічнай думкі. Украінскі народ ганарыцца сваім паходжаннем ад продкаў, якія не далі яму знізіць сябе ў культуры, не адставалі ў стварэнні мастацкіх каштоўнасцяў, разумелі ікону і яе духоўную сутнасць, умелі тлумачыцца на мове іконы, любілі сваю Царкву і сваё мастацтва [4, с. 30–31].

Украінскія майстры іканапісу, акрамя «візантызму», выкарыстоўвалі іншыя стылі і тонка адаптавалі іх у сваіх творах. Яны звярталіся нават да стылю готыкі пры напісанні святых іконаў. Нават у княскай Русі былі элементы раманскага стылю. Пасля Сярэднявечча ва Украіне ў галіне сакральнага мастацтва мы бачым ужо не асобныя рысы сусветных мастацкіх стыляў, а свае ўласныя варыянты гэтых стыляў, выпрацаваныя майстрамі па «методыцы сінкрэтызму». Захавалася нямала іконаў і насценных роспісаў у стылях украінскага рэнесансу, украінскага барока, украінскага класіцызму. Развіццё мастацтва гэтых мясцовых варыянтаў сусветных стыляў прыпадае на чатыры стагоддзі — з XVI па XIX. Напрыклад, на ўкраінскіх іконах пасля XVI ст. у сюжэтах «Адзігітрыя» або «Елеуса» Дзева Марыя не адлюстроўваецца сумнаю: сярэднявечны змрок трагізму на Яе твары цалкам знікае. Гэта ўжо тая Марыя, якая празорліва бачыць Яго ўваскрасенне і ўнебаўшэсце. Выраз Яе вачэй ясны, шчокі цяплеюць чырванню, у чырвоных вуснах тоіцца ўсмешка добрай надзеі. Старажытная пасіянарнасць выгляду Святой Марыі звязаная з жалобаю Вялікай пятніцы, а новая, жыццесцвярджальная — са светлым Хрыстовым уваскрасеннем. Такім чынам, іканатворцы эпохі барока зрушылі багаслоўскія акцэнты, якія, дарэчы, бліжэй да іканалогіі святых айцоў, чым тыя акцэнты, якія грунтаваліся на пасіянарнасці адлюстравання старажытных візантыйскіх майстроў.

Уся гісторыя ўкраінскага іканапісу па сутнасці зводзіцца да адной высновы: неабходна пераадольваць прорву паміж светам святасці і светам зямнога жыцця чалавека. Гэта працяглы працэс гуманізацыі іконы. Езус Хрыстус, Багародзіца, усе святыя ўкраінскага народа і ўсёй Сусветнай Праваслаўнай Царквы губляюць ва ўкраінскай іконе сваю недаступнасць і строгі выгляд, уласцівы іканаграфіі Візантыі, балканскіх краінаў і Расіі. Украінская ікона пад уплывам заходніх мастацкіх стыляў пераняла рысы пакоры, дабрыні і міралюбнасці, што робіць яе арыгінальнай і непаўторнай у сусветным мастацтве.

Віталій Козінчук,
доктар філасофіі, сябра Нацыянальнага саюза мастакоў Украіны
(г. Івана-Франкоўск)

CПІС КРЫНІЦАЎ І ЛІТАРАТУРЫ

  1. Алеппский П. Путешествие антиохийского патриарха Макария в Россию в половине XVII века, описанное его сыном архидиаконом Павлом Алеппским: (По рукописи Моск. гл. арх. М-ва иностр. дел). / Павел Алеппский. — Москва: О-во истории и древностей рос. при Моск. ун-те, 1896–1900, 1897. — 202 с.
  2. Степовик Д. В. Новий ренесанс: Ікони Андрія Дем’янчука / Дмитро Власович Степовик. — Київ: Вид. ім. Олени Теліги, 2012. — 368 с.
  3. Высоцкая Н. Ф. Іканапіс Беларусі XV–XVIII стагоддзяў / Надежда Фёдоровна Высоцкая. — Минск, 1995. — 234 с.
  4. Ярема. В. Дивний світ ікон. / Володимир Ярема. — Львів: Логос, 1994 — 73 с.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY