Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(95)/2021
Мастацтва
Жыццё Касцёла
Тэалогія
Постаці

ВЕРШЫ
Інтэрв’ю

ХТО ПАТРЭБНЫ Ў ВАТЫКАНЕ
Асобы
Пераклады

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН
Проза
Іканаграфія
Мастацтва

НАТХНЁНЫЯ ГОРАДАМ...

Анатоль ФРАНС

ЖАНГЛЁР МАЦІ БОЖАЙ

І

У часы Людовіка жыў у Францыі бедны жанглёр, родам з Камп’еня, па імені Барнабэ, які хадзіў па гарадах, паказваючы ўсім хвацкія фартэлі.

У дзень кірмашу ён рассцілаў на плошчы свой старэнькі дыванок і, спачатку прыцягнуўшы ўвагу дзяцей і нянек прыемнымі прапановамі, якім ён навучыўся ў аднаго старога жанглёра і нічога не мяняў у іх, прымаў ненатуральныя позы ды прымушаў балансаваць на сваім носе алавяную талерку. Аднак зазвычай натоўп абыякава глядзеў на яго.

Але калі, трымаючыся на руках дагары нагамі, ён падкідваў і лавіў нагамі шэсць медных шароў, якія блішчэлі на сонцы, выгінаючыся так, што патыліцай ён кранаўся пятак, надаючы свайму целу форму дасканалага кола і жанглюючы ў гэтай позе дванаццацю кінжаламі, гоман захаплення чуўся сярод публікі і манеты дажджом сыпаліся на дыванок.

Аднак, як бальшыня тых, хто жыве са свайго таленту, Барнабэ з Камп’еня жыў у галечы.

Зарабляючы на хлеб у поце твару свайго, ён нёс вялікую долю бедаў, выкліканых грахом Адама, нашага бацькі.

Да таго ж, ён не мог працаваць так, як хацелася б. Каб дэманстраваць сваё майстэрства, яму патрэбны былі цяпло сонца і святло дня, як дрэвам, каб квітнець і даваць плён. Узімку паўсюль былі паўмёртвыя дрэвы без лісця. Мерзлая зямля для жанглёра была надта мулкай. І, як страказа, згаданая Марыяй дэ Франс, ён пакутаваў ад холаду і голаду ўвесь гэты непагодны час. Але з усёй прастадушнасцю ён цярпліва прымаў гэтыя выпрабаванні.

Ён ніколі не задумваўся ні над крыніцай багаццяў, ні над няроўнасцю людзей. Цвёрда разлічваў толькі на тое, што, калі гэты свет дрэнны, то іншы свет абавязкова будзе добрым, і гэтае спадзяванне падтрымлівала яго. Ніколі ён не прыпадабняўся да тых арлекінаў фальшывых і бязбожных, што прадалі сваю душу д’яблу. Ніколі ён не знеслаўляў імя Божае; жыў прыстойна і, хаця не меў жонкі, не жадаў жонкі бліжняга, бо жанчына ёсць ворагам моцных людзей, як паказана ў гісторыі Самсона, выкладзенай у Пісанні.

Па праўдзе, ягоная душа не была апантаная плоцкімі жаданнямі, і яму цяжэй было адмовіцца ад чаркі, чым ад жанчын. Таму, ведаючы меру, ён любіў выпіць у спёку. Гэта быў добры чалавек, богабаязны і вельмі адданы Святой Дзеве.

Ніколі ён не забываўся, уваходзячы ў касцёл, укленчыць перад выявай Маці Божай і звярнуцца да Яе з малітвай: «Мадонна, апякуйся маім жыццём да пары, калі па волі Божай я памру, а калі я памру, дазволь мне радасці раю».

 

ІІ

Калі аднойчы ўвечары ён ішоў, сумны і ссутулены, са сваімі шарамі і кінжаламі, загорнутымі ў стары дыванок, шукаючы які-небудзь свіран, каб пераначаваць, так і не паеўшы, то ўбачыў на дарозе манаха і павітаўся з ім. Яны пайшлі побач і разгаварыліся.

— Падарожнік, — сказаў манах. — А чаму ты апрануты ва ўсё зялёнае? Можа, ты ўдаеш апантанага ў нейкай містэрыі?

— Ды не, святы ойча, — адказаў Барнабэ. — Я проста завуся Барнабэ, і прафесія мая жанглёр. Гэта была б лепшая прафесія ў свеце, каб удавалася пад’есці штодня.

— Дружа Барнабэ, — адказаў манах, — зважай на свае словы. Няма ў свеце лепшага стану, чым манаскі стан. Мы славім Бога, Дзеву і святых, а рэлігійнае жыццё ёсць вечным хваласпевам Пану. Барнабэ адказаў:

— Ойча, прызнаюся, што сказаў дурноцце. Ваш стан нельга параўнаць з маім і, хаця я ўмею танчыць, трымаючы на носе кій, на якім балансуе манета, гэтае ўменне і блізка не вартае вашага. Я б хацеў, як вы, ойча, спяваць днямі малітвы і, перш за ўсё, малітвы да Святой Дзевы, якой я асабліва пакланяюся. Я ахвотна адмоўлюся ад мастацтва, якім я ўславіўся ад Суасона да Бавэ ў больш як шасцістах гарадах і вёсках, каб прысвяціць сябе манаскаму жыццю.

Манаха кранула шчырасць жанглёра і, маючы жыццёвы досвед, ён вырашыў, што Барнабэ адзін з тых добрых людзей, пра якіх наш Пан сказаў: «Няхай будзе з вамі мір на зямлі!». Таму ён адказаў яму:

— Дружа Барнабэ, хадзі са мною, я ўвяду цябе ў кляштар, дзе я прыёр. Той, хто вёў Марыю Егіпецкую праз пустыню, паслаў мяне на дарогу, каб накіраваць цябе да збаўлення.

Так Барнабэ стаў манахам. У кляштары, куды яго прынялі, манахі асабліва пакланяліся Святой Дзеве, і кожны імкнуўся служыць Ёй усімі ведамі і здольнасцямі, дараванымі ім Богам.

Прыёр, напрыклад, пісаў кнігі, у якіх услаўляў, паводле правілаў схаластыкі, цноты Маці Божай.

Брат Марыс капіраваў рукой майстра гэтыя трактаты на пергаменце.

Брат Аляксандр маляваў вытанчаныя мініяцюры. Там былі паказаны Царыца нябесная, што сядзела на стальцы Саламона, ля якога ляжалі чатыры ільвы; вакол Яе галавы ў німбе луналі сем галубоў — сем дароў Святога Духа: богабаязнасць, набожнасць, веды, моц, прасвятленне, розум і мудрасць. Яе суправаджалі шэсць золатавалосых дзявіцаў: Пакорлівасць, Разважнасць, Самота, Пашана, Цнатлівасць і Паслухмянасць.

Каля Яе ног дзве фігуркі, аголеныя і белыя, звярталіся да Яе ў малітоўнай позе. Гэта былі душы, што малілі аб збаўленні і аб Яе заступніцтве і, зразумела, былі пачутыя.

Брат Аляксандр намаляваў на наступнай старонцы Еву, параўноўваючы яе з Марыяй, каб адразу былі паказаны грэх і адкупленне, пакараная жанчына і ўзвышаная Дзева. Яшчэ ў гэтай кнізе можна было ўбачыць Крыніцу жывой вады, Фантан, Лілею, Месяц, Сонца і зачынены сад, пра які йдзецца ў кантах, Нябесную Браму і Панскі Горад. Былі таксама выявы Дзевы.

Брат Марбод, падобна, быў самым пяшчотным дзіцем Марыі.

Ён увесь час высякаў Яе выявы ў камені, так што ягоныя барада, бровы і валасы былі белымі ад пылу, а вочы апухлі і слязіліся; але ён быў поўны сілы і радасці ў сваім пажылым узросце, а Царыца раю, відавочна, апекавалася старасцю Яе дзіцяці. Марбод паказваў Яе на стальцы, твар Яе быў азораны німбам, сфера якога ззяла пярлінамі. Ён старанна выканаў складкі шатаў, якія накрывалі ногі Той, пра якую прарок сказаў: «Зачынены сад, сястрыца, нявеста».

Часам ён ствараў Яе з абліччам прыўкраснага дзіцяці, і Яна, здавалася, казала: «Пане, ты Бог Мой! — Dixi de ventre matris meae: Deus meus es tu» (псальм ХХІ, ІІ)1.

У кляштары былі таксама паэты, якія складалі на лаціне прозу і гімны ў славу ласкавай Дзевы Марыі, і быў там нават адзін пікардзіец, які ўвасабляў цуды Маці Божай на народнай мове рыфмаванымі вершамі.

 

ІІІ

Бачачы такое спаборніцтва ўсхвалення і такое мноства твораў, Барнабэ бедаваў, што ён такі неадукаваны і праставаты.

— На жаль, — уздыхаў ён, шпацыруючы ў невялічкім садзе кляштара, не знаходзячы ценю. — Няшчасце маё ў тым, што не магу я, як мае браты, дастойна ўславіць Святую Маці Божую, якой я аддаю пяшчоту майго сэрца. На жаль! На жаль! Я чалавек грубы і няўмека, няма ў мяне, каб прыслужыць табе, Святая Дзева, ні павучальных казанняў, ні трактатаў, складзеных па-майстэрску і па правілах, ні тонкіх малюнкаў, ні статуй, высечаных дакладна, ні вершаў, падзеленых на стопы і рыфмы. Нічога ў мяне няма, на жаль!

Ён наракаў на лёс і жыў у скрусе. Аднойчы ўвечары ён пачуў размову манахаў. Адзін з іх распавядаў гісторыю святара, які не мог дэкламаваць нічога, акрамя «Авэ, Марыя». Гэты святар сумаваў, што не меў таленту; але пасля таго як ён памёр, у яго з вуснаў узышлі пяць ружаў у славу пяці літараў імя Марыі, і такім чынам была прадэманстравана ягоная святасць.

Слухаючы расповед, Барнабэ бязмерна ўзрадаваўся дабрыні Дзевы, але яго не суцешыў прыклад благаслаўлёнай смерці, бо яго апанавала імкненне паслужыць славе Дзевы Нябеснай.

Ён усё шукаў спосаб і ніяк не мог яго знайсці, сумуючы з кожным днём усё больш, але аднойчы раніцай абудзіўся радасны, пабег у капліцу, каб прабыць там больш за гадзіну. Вярнуўся ён туды і пасля абеду.

З гэтага моманту ён хадзіў у капліцу штодня, калі там нікога не было, і бавіў там большую частку часу, пакуль іншыя манахі аддаваліся вольным мастацтвам і рамёствам. Ён больш не сумаваў і не наракаў.

Такія дзіўныя паводзіны выклікалі цікаўнасць манахаў.

Яны пыталіся адзін у аднаго, чаму брат Барнабэ так часта знікае.

Прыёр, абавязкам якога было не выпускаць з-пад увагі паводзіны сваіх манахаў, вырашыў паназіраць за Барнабэ, калі той будзе адасабляцца. Аднойчы, калі Барнабэ па сваёй звычцы застаўся ў капліцы, прыёр прыйшоў туды разам з двума старэйшымі манахамі кляштара, каб паглядзець праз шчыліны ў дзвярах за тым, што адбываецца ўнутры. Яны ўбачылі Барнабэ, калі той перад алтаром Святой Дзевы жангліраваў шасцю меднымі шарамі і дванаццацю кінжаламі, трымаючыся на руках дагары нагамі. Ён выконваў у славу Святой Маці Божай нумары, якія раней выклікалі найбольшае захапленне. Не разумеючы таго, што просты чалавек такім чынам аддаваў свой талент і сваё ўменне на службу Святой Дзеве, абодва старыя закрычалі, што ён творыць блюзнерства.

Прыёр ведаў прастадушнасць Барнабэ, але ён падумаў, што той ашалеў. Усе яны кінуліся, каб выдаліць яго з капліцы, але раптам убачылі, як Святая Дзева сышла па прыступках алтара і крысом сваіх блакітных шатаў выцерла пот, што каціўся па твары Яе жанглёра.

Прыёр распасцёрся тварам уніз на пліце і выгукнуў:

— Благаслаўлёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!

— Амэн! — адказалі старэйшыя, цалуючы зямлю.

Пераклаў з французскай мовы
Валеры Буйвал.

Гл. таксама:
АНАТОЛЬ ФРАНС :: АМІКУС І ЦЭЛЕСТЫН ::
АНАТОЛЬ ФРАНС :: БАНАПАРТ У САН-МІНЬЯТА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY