|
|
|
№
3(109)/2024
Юбілеі
«БЫЦЬ СВЕДКАМ ЛЮБОВІ»
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам ЯШЭЎСКІМ, генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Асобы
Гісторыя
Спадчына
Постаці
Спадчына
Мастацтва
Дзмітрый МОНІЧ
АБРАЗ ЯНА ДАМЕЛЯ З НЯСВІЖСКАГА ФАРНАГА КАСЦЁЛА Ў ЗБОРЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА МАСТАЦКАГА МУЗЕЯ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ: ПЫТАННІ АТРЫБУЦЫІ Інтэрв’ю
Пераклады
Літаратура
Дэбют
Пераклады
|
Працяг.
Аўдыенцыя ў Папы Клімэнта VIII Па тых жа табліцах і планах Марціна Ферабоско мы маем магчымасць прасачыць, як віленскія пілігрымы, сярод якіх быў і Ян Пац, праходзілі на аўдыенцыю да Пантыфіка ў суправаджэнні швейцарскіх гвардзейцаў, дарадцаў і служачых дыпламатычнага пратаколу Ватыкана праз дзверы Апостальскага палаца і апынуліся ў Атрыуме, адкуль магчыма было разгледзець рэшткі старой базылікі і фасад новага велічнага сабора святога Пятра з грандыёзным купалам. Тут жа злева была лесвіца, якая вяла ў храм. А прама, напрыканцы Атрыума, была лесвіца пад купалам, якая яднала старую базыліку і Апостальскі палац. Далей па сходах Апостальскага палаца чальцы віленскай місіі падымаліся ў Залу аўдыенцыі. Хутчэй за ўсё, аўдыенцыя праходзіла ў Каралеўскай зале, якая, нібы нартэкс, знаходзіцца перад Сікстынскаю капэлаю (была пабудавана у 1573 годзе). Каралеўская зала выкарыстоўвалася для прыёмаў каралеўскіх асобаў і амбасадараў. У ёй таксама збіраліся калегіі кардыналаў, якія тут жа адпачывалі падчас канклаву. Побач з Каралеўскаю залаю знаходзілася Герцагская зала для афіцыйных цырымоній, таму магчыма дапусціць, што сустрэча Пантыфіка і віленскіх пілігрымаў магла праходзіць і ў гэтай зале. Ва ўсе часы Герцагская зала была часткаю маршрута, па якім манархі і вяльможы ішлі на аўдыенцыю да Пантыфіка. Тут Папа ў Вялікі чацвер абмываў ногі трынаццаці жабракам. У першым памяшканні Герцагскай залы збіраліся кардынальскія кансісторыі, на якіх Пантыфік выслухоўваў пажаданні і прапановы іерархаў Касцёла. Тут прыносіла клятву Папская швейцарская гвардыя. Герцагская зала ў часы Яна Паца складалася з двух памяшканняў, аб’яднаных у 1660 годзе ў адну прастору архітэктарам Берніні. Мовай, якой карысталіся абодва бакі на аўдыенцыі, магла быць адна з трох: польская (магчыма, Пантыфік трохі ведаў яе, бо ў 1588 годзе быў папскім легатам у Рэчы Паспалітай); латынь (сярод сакральных асобаў яна была міжнароднай мовай зносінаў); італьянская (шмат студэнтаў і манахаў з Рэчы Паспалітай вучылася ва ўніверсітэтах Італіі). Згодна з дыпламатычным пратаколам, на аўдыенцыі з боку Ватыкана павінны былі прысутнічаць: кардынал Чынцыё Альдабрандзіні (1551–1610), другі пляменнік Папы Клімэнта VIII, які яшчэ ў 1588 годзе суправаджаў папскага нунцыя Іпаліта Альдабрандзіні падчас перамоваў Святога Пасаду з польскім каралём Жыгімонтам ІІІ у Сілезіі (Рэч Паспалітая), павераны Святога Пасаду ў справах Рэчы Паспалітай; кардынал Джаванні Евангеліста Палотта, архіпрэсвітэр базылікі святога Пятра; біскуп Annibale Ruccellai, прэфект Апостальскага палаца. Імаверна, што падчас аўдыенцыі была закранута тэма Контррэфармацыі і ўмацавання ролі Каталіцкага Касцёла ў Рэчы Паспалітай, і ў гэты момант Ян Пац меў магчымасць распавесці Пантыфіку пра свой шлях з кальвінізму ў каталіцтва. Гэты аповед, відаць, зрабіў вялікае ўражанне на Папу Клімэнта VIII, і ён вырашыў умацаваць веру неафіта годным сакральным падарункам… Але аўдыенцыя ў Апостальскім палацы магла праходзіць згодна з традыцыямі пілігрымак магнатаў ВКЛ у сакральныя святыні на Радзіме, то бок, кожны вернік, які займаў высокае становішча ў грамадстве, ахвяраваў у святыню адпаведную падзяку Нябёсам: падтрымліваў святыню матэрыяльна ці падносіў у дар творы сакральнага мастацтва. Яркі прыклад такіх ахвяраванняў — скарбец у Чэнстахоўскім кляштары, дзе захоўваюцца сакральныя творы мастацтва ад самых знакамітых магнацкіх фамілій Польшчы і ВКЛ. Імаверна, што ахвярны падарунак ад віленскіх пілігрымаў Пантыфіку, а хутчэй асабіста ад Яна Паца, быў адпаведны — варты і каштоўны. Трэба ўзгадаць, што ахвяраванняў ад пілігрымаў у знакамітыя рымскія базылікі было вельмі шмат, аб гэтым гаворыць той факт, што Папа Клімэнт VIII у 1598 годзе загадаў пабудаваць спецыяльную вялікую залу (зала скарбніцы, ці новая сакрыстыя, ці Памаранчыо) пры Апостальскім палацы Ларэтанскай базылікі, дзе маглі б захоўвацца ахвяраванні з усяго свету.
Сакральны падарунак ад Папы Клімэнта VIII быў не менш значны за ахвяру і гарачыя словы адданасці Яна Паца: гэта быў абраз (а магчыма, рэтабль — складны алтар для пілігрымаў) Божай Маці Адзігітрыі, якая потым праславілася як Будслаўская. У сваёй кнізе «Задыяк нябесны…» а. Элеўтэрый Зеляевіч так апісвае гэту падзею падчас аўдыенцыі: «Айцец Святы той образ, які для асаблівага да яго набажэнства ў сваім прыватным пакоі хаваў, памянёнаму яго мосці ваяводу на знак асаблівага свайго пастырскага афэкту як найвышэйшы скарб, найкаштоўнейшы свой клейнот, з вялікімі адпустамі року 1598 падараваў». Прыватным пакоем у гэтым кантэксце магла ўзгадвацца суседняя з Каралеўскай залай капліца — Cappella Paolina, названая ў гонар Папы Паўла ІІІ. Яна мае яшчэ адну назву — капліца piccolo (маленькая), у адрозненне ад Сікстынскай, якая называлася magna (вялікая). Новаабраны канклавам Папа пасля спеваў гімна Te Deum праходзіў у капліцу для прыватнай малітвы. Папа Павел ІІІ, выбраны ў 1534 годзе, пастанавіў побач з капліцаю Сікста IV пабудаваць капліцу для захоўвання Найсвяцейшага Сакрамэнта (per la custodia del Santissomo Sacramento), так з’явілася Cappella Paolina для прыватных малітваў Пантыфіка. Імаверна, што абраз Адзігітрыі (Будслаўскай) знаходзіўся побач з тым месцам, дзе праходзіла сустрэча Пантыфіка і пілігрымаў з Вільні, бо прыватныя пакоі Пантыфіка былі аддаленыя ад афіцыйнай часткі Апостальскага палаца, і, каб трапіць у пакоі Пантыфіка, прыйшлося б прайсці з Каралеўскай залы праз усе gallerei і coritori, якія ядналі Palazzo Apostolico і Habitatione, а гэта больш за дзвесце метраў. Наўрад ці Пантыфік, узрушаны прамовамі і сустрэчаю з адданымі католікамі з Вільні, сам знянацку вырашыў прыпаднесці свой сакральны дар Яну Пацу. Хутчэй за ўсё, падарункі знаходзіліся ў бліжніх да Каралеўскай залы памяшканнях, і аб іх прызначэнні Пантыфік папярэдне раіўся са сваімі дарадцамі: гісторыкам і кіраўніком Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, кардыналам Чэзарэ Бароніем (1538–1607); амбасадарам, сакратаром і канонікам Джаванні Батысто Агучы (1570–1632); кардыналам пляменнікам П’етро Альдабрандзіні (1571–1621); кардыналам Чынцыё Альдабрандзіні (1551–1610); прэфектам Апостальскага палаца біскупам Annibale Ruccellai. Мяркую, што аўдыенцыя з віленскімі пілігрымамі прайшла ў Пантыфіка не спантанна, а была папярэдне дамоўленаю, як і сакральны падарунак, — абраз Божай Маці Адзігітрыі (Будслаўскай).
Тры абразы з Рыма Напрыканцы аповеду пра італьянскае падарожжа Яна Паца ўзгадаю цікавую інфармацыю, якая, магчыма, дасць разгадку аўдыенцыі ў Пантыфіка. Інфармацыя тычыцца біскупа Бэрнарда Маціёўскага. У катэдральным касцёле Луцка, некалі гэтае месца звалася «Рымам Усходу», ад канца XVI стагоддзя знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай Снежнай. Цікава, што паданне з’яўлення Снежнай Багародзіцы на Валыні вельмі падобнае да гісторыі пілігрымкі цудатворнага абраза Багародзіцы Адзігітрыі з Вечнага горада ў Будслаў. Паданне гучыць так: «Абраз той Снежнай Багародзіцы знаходзіўся ў Папы Клімэнта VIII. Ен хаваў яго ў сваёй прыватнай капліцы і кожны дзень праводзіў набажэнства перад ім. А ў той час у Рыме знаходзіўся біскуп Бэрнард Маціёўскі, які ў складзе пасольства Рэчы Паспалітай прабываў на аўдыенцыі ў Пантыфіка і ўбачыў той абраз. І так упадабаў яго, што прыпаў да ног Святога Айца і з вялікаю пакораю выпрошваў тую святыню для Рэчы Паспалітай, якую ў той час апанавала вялікае ліха. Пантыфік ласкава задаволіў просьбу біскупа. Калі Бэрнард Маціёўскі вярнуўся пасля падарожжа з Рыма ў Луцк, ён ахвяраваў абраз мясцовым айцам дамініканам, і святыня была з вялікаю пашанаю ўнесена ў касцёл айцоў дамініканаў ва ўрачыстасць Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі /25 сакавіка/ ў 1598 годзе». На жаль, абраз Луцкай Снежнай Багародзіцы загінуў у 1924 годзе ў вялікім пажары, які знішчыў катэдральны касцёл Святой Тройцы. У катэдральны касцёл абраз быў перанесены ў 1849 годзе, калі кляштар дамініканаў быў скасаваны расейскаю ўладаю. Аналізуючы гэтую інфармацыю, якая мае шмат супадзенняў з падарожжам Яна Паца па часе пілігрымкі, па мэце дыпламатычнай місіі, супадзенні паданняў аб паходжанні цудатворных абразоў, магчыма выказаць меркаванне, што Папа Рымскі на аўдыенцыі, можа, нават не адзінай у часе, калі віленскія пілігрымы знаходзіліся ў Вечным горадзе, падараваў вернікам з Рэчы Паспалітай два абразы: Маці Божую Снежную (Луцкую) і Адзігітрыю (Будслаўскую). Пры гэтым Пантыфік дзейнічаў як разважлівы гаспадар — кожны атрымаў ахвяру згодна статусу і спадзеваў: кардынал Бэрнард Маціёўскі — абраз для вялікага храма, а Ян Пац — абраз, а хутчэй, невялікі рэтабль (трохстворкавы алтар) для падарожжаў і прыватнай хатняй капліцы. Да гэтай інфармацыі пасуе яшчэ адна гісторыя пра Снежную (Ружанцовую) Багародзіцу, якая з’явілася ў межах Рэчы Паспалітай у 1598 годзе і звязвае а. Бэрнарда Маціёўскага і Папу Рымскага Клімэнта VIII. Гэта абраз Маці Божай Ружанцовай (Снежнай), які знаходзіцца ў кракаўскім касцёле айцоў дамініканаў. Ён быў напісаны з правобраза Святой Марыі Вялікай Рымскай, цяпер Ружанскай, які асвяціў Святы Айцец Клімэнт VIII і ахвяраваў яго Бэрнарду Маціёўскаму, які перадаў яго Ружанцоваму брацтву. Святыня была прывезена ў 1598 годзе а. Бэрнардам Маціёўскім як ахвяра ад айцоў езуітаў і належала святому Станіславу Костку (1550–1568), апекуну Польшчы. Кульмінацыяй культу Ружанцовай Багародзіцы стаўся 1600 год, калі Кракаў апанавала «зараза моравая» (чума), і каб выратаваць горад ад смерці, вакол яго вернікі зладзілі працэсію са Снежнай Багародзіцай. У выніку мор адступіў, і з 1601 года абраз атрымаў назву Ружанцовы, таму што быў перададзены пад апеку касцёльнага брацтва Святога Ружанца. Графічным відарысам цудатворнага абраза Маці Божай Ружанцовай з’яўляецца невялікі медзярыт (13,8×8,1 см) аўтарства Яна Маціёўскага, надрукаваны ў сярэдзіне XVIII ст. На графічным аркушы знізу ёсць подпіс у картушы: «Obraz Najś/więtszej/ MARYI PANNY Rozancowey od KLEMENSA Osmego Papieża Benedykowany w Kaplicy WW OO Dominikanow Cudami słynący» («Абраз Найсвяцейшай Марыі Панны Ружанцовай ад Клімэнта Восьмага Папы, ахвяраваны ў капліцу айцоў дамініканаў, цудамі праслаўлены»). ...Віленская місія вярталася ў Рэч Паспалітую з трыма абразамі, якія сталіся з цягам часу знакавымі сакральнымі святынямі для Польшчы і Беларусі: Будслаўская Адзігітрыя (італьянскае рэтабло), Маці Божая Снежная (Луцкая), Маці Божая Снежная (Ружанцовая). А доўжылася тое падарожжа Яна Паца з Вільні ў Рым, калі ўлічваць прыезд а. Бэрнарда Маціёўскага ў Луцк 25 сакавіка 1598 года, са снежня 1597 года па красавік 1598 года.
|
|
|
|