Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(109)/2024
Юбілеі
«БЫЦЬ СВЕДКАМ ЛЮБОВІ»
Інтэрв’ю Крыстыны ЛЯЛЬКО з біскупам Аляксандрам ЯШЭЎСКІМ, генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Асобы

ПАТРАБАВАЛЬНЫ ПАПА
Гісторыя
Спадчына

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ
Постаці
Спадчына
Мастацтва
Інтэрв’ю
«ЗЛІЕЦЦА ДУХ МОЙ З ДАЛЛЮ СПЕЎНАЙ»


ВЕРШЫ
Пераклады

«КРЫВАВЫЯ САНЕТЫ»
Літаратура

УРЫВАК З «ПАМЯТНАЙ КНІЖКІ»

ВЕРШЫ
Дэбют

ВЕРШЫ
Пераклады

ЛІМОНЫ З СІЦЫЛІІ

Галіна ФЛІКОП-СВІТА

ІКОНЫ Ў ХАЦЕ БЕЛАРУСАЎ


Рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў
у інтэр’еры сялянскага жытла

Інтэр’ер сялянскай хаты Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні.
Канец ХІХ – пачатак ХХ ст. Фота Е. Раманава. РЭМ.

Заканчэнне. Пачатак у № 4 за 2023 г.

Падняпроўе

У працяг гаворкі пра бажніцы адзначым, што падобныя рэчы існавалі і на Падняпроўі, і нават некаторыя з іх знаходзяцца ў музейных зборах. У РЭМе захоўваюцца цікавыя шафкі для абразоў, якія паходзяць з сяла Лабанаўка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, датаваныя канцом ХІХ — пачаткам ХХ ст. Іх у 1908 г. у названую ўстанову перадаў А. А. Міллер1. Ад бажніцаў з-пад Мазыра, зафіксаваных В. Ластоўскім, яны адрозніваюцца малюнкам дэкору і, хоць і паходзяць з аднаго паселішча, зусім розныя. Гэта дазваляе весці гаворку пра выкарыстанне не толькі выямчатай разьбы для афармлення такіх сакральных рэчаў, але і пра іншыя тэхналогіі, не кажучы і пра зусім іншыя тэхналогіі.

 
Бажніцы з сяла Лабанаўка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні,
канец ХІХ – пачатак ХХ ст. РЭМ18, 19.

Пісьмовыя крыніцы і нататкі этнографаў са звесткамі пра покуць на Падняпроўі нешматлікія. Аднак яны сведчаць пра тое, што тут у першай палове ХІХ ст. ужо былі іконы ў хатах. Адзначым, што ў іншых краях такая бесперапынная(!) традыцыя, па ўсёй верагоднасці, вядзецца з другой паловы ХІХ ст. У запісах этнографа Лізаветы Паўлоўскай (1830–1915 гг.), зробленых на Быхаўшчыне, пры апісанні вясельнага абраду гаворыцца: «Нявеста, падаючы ёй (маці) у ногі, просіць блаславення. Устаўшы, хрысціцца і кладзе зямныя паклоны перад іконамі»2. Кніга выйшла ў Санкт-Пецярбургу ў 1853 г., то бок, у самай сярэдзіне ХІХ ст. у гэтым рэгіёне фіксуецца наяўнасць хатніх абразоў.

У сялянскай хаце. Чавускі павет Магілёўскай губерні.
Канец ХІХ ст. Фота Г. А. Немчанкі. МАЭ.

У Музеі антрапалогіі і этнаграфіі імя Пятра Вялікага Расійскай акадэміі навук («Кунсткамера», далей — МАЭ) захоўваецца здымак канца ХІХ ст. Г. А. Немчанкі, зроблены ў сялянскай хаце Чавускага павета Магілёўскай губерні3. Тут у цэнтры покуці можна разгледзець за газавай лямпай абраз Хрыста Усядзержца4. Справа ад яго трошку меншага памеру, пэўна, пад шатай, праглядаецца выява «Багародзіцы Кіева-Пячорскай»: на прастоле сядзіць Божая Маці з Дзіцем на руках, кленчаць перад Ёю святыя Антоній і Феадосій Пячорскія, ззаду за кожным з іх намаляваныя анёлы. Правей знаходзіцца крыху меншы абраз з выявай аднаго святога, вызначыць якога цяжкавата; яшчэ правей — драбнейшы абраз пад тым жа ручніком, выява якога не бачна. І таксама справа пад асобным ручніком знаходзіцца яшчэ адна невялікая ікона. Злева ад цэнтральнай выявы Хрыста Усядзержца таксама знаходзіцца абраз, сюжэт якога разабраць складана. Паводле згаданага здымку нельга меркаваць пра тэхніку выканання абразоў (пісаныя ці друкаваныя) і іх месца стварэння, бо разабраць манеру пісьма, дэталі кампазіцыі і г.д. не ўяўляецца магчымым. Аднак агульнае ўражанне пра выгляд покуці можна скласці. На фота бачна шэсць абразоў, але верагодна, што іх было болей — каля дзясятку, бо напэўна, што і па левы бок ад цэнтральнага абраза было некалькі выяваў.

Покуць у сялянскай хаце. Сяло Шапчыцы Рагачоўскага павета
Магілёўскай губерні. 1903 г. Фота Г. А. Немчанкі.
Фотаадбіткі захоўваюцца ў МАЭ і РЭМе.

Не меншую цікавасць уяўляе яшчэ адзін здымак у калекцыі МАЭ, а таксама другі аналагічны фотаадбітак з таго ж негатыва захоўваецца ў калекцыі РЭМа5 — гэта покуць у беларускай хаце. На гэтай фатаграфіі, зробленай этнографам В. К. Косткам у 1903 г., адлюстраваны чырвоны кут у вёсцы Шапчыцы Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Рагачоўскі р-н Гомельскай вобл.). Тут добра можна разгледзець самі абразы, што дазваляе весці гаворку не толькі пра сюжэты, але і пра іканапісныя цэнтры. На правай іконе прадстаўлены Бог Айцец — Саваоф, на левай — Юрый Змеяборац. Паколькі другі святы часткова ўверсе закрыты, то невядома, ці ёсць там кветкавы дэкор, характэрны для абразоў, што бытавалі ў гэтай мясцовасці. А вось абраз Саваофа тыповы паводле кампазіцыі і мае шэраг аналагаў сярод захаваных твораў. Такога кшталту абразы шырока бытавалі на беларуска-ўкраінска-рускім памежжы. У Беларусі, па месцы найбольшага распаўсюду, іх называюць гомельскімі, ва Украіне — чарнігаўскімі, у Расіі — паўднёва-рускімі. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што два абразы змешчаны паміж дзвярыма. Ва ўсялякім разе, на фота патрапілі яўна дзвярныя, а не аконныя касякі. Гэта наводзіць на думку, што іконы вісяць не ў жылым пакоі, а ў сенцах. Вышэй, пры апісанні іншых рэгіёнаў, былі прыведзены згадкі з этнаграфічных нарысаў пра тое, што ў курных хатах, дзе печ палілася па-чорнаму, абразы вешалі ў сенях.

Покуць у хаце беднага селяніна ў в. Шарпілаўка Гомельскага павета Магілёўскай губерні. 1903–1904 гг. Фота В. К. Косткі. РЭМ.

Шыкоўнейшы здымак 1903–1904 гг. гэтага ж этнографа данёс да нас выгляд покуці беднага(!) селяніна ў в. Шарпілаўка Гомельскага павета6. Гэта найлепшая з вядомых фатаграфія абразоў у інтэр’еры хаты, бо тут цудоўна можна разгледзець выявы на абразах і не толькі па абрысах вызначыць сюжэт, але і разабраць тэхніку выканання, прыналежнасць да іканапісных цэнтраў, а таксама спосаб мацавання абразоў. Тут з самога кута ў два бакі разыходзяцца невялікія палічкі з вертыкальна пастаўленай планкай, якія ляжаць на гарызантальных круглых бэльках. У самым куце размешчаны абраз «Хрыста Панктакратара» (іканаграфія ліка болей падобна да св. Мікалая, аднак яго малявалі звычайна з загорнутай кнігай, тады як Ісуса Хрыста з разгорнутым Евангеллем), перад якім да столі на ланцугу падвешаны зніч. Справа ад яго —абраз «Св. Юрый Змеяборац» такога ж памеру. Далей — трохі меншы абраз, верагодна, Багародзіцы Ахтырскай, і апошні ў гэтым шэрагу, праўдападобна, св. Іўліян (у народзе Усцініян — абаронца немаўлятаў). У левым баку ад кута: «Каранаванне Божай Маці», «Св. Панцеляймон», ікона-падакладніца ў ківоце за шклом і ў дэкаратыўнай фольгавай шаце «Багародзіца Казанская», далей у падобнай тэхніцы — «Хрыстос Збавіцель». Самая крайняя — «Багародзіца Прадвесце» — магчыма, друкаваная (падобна да літаграфіі). Фактычна гэты здымак дае ўяўленне пра «народны іканастас» — то бок, пра збор найбольш шанаваных святых, якія, паводле народнага светапогляду, аберагалі чалавека ў розных сферах жыцця і дапамагалі ў разнастайнай дзейнасці. Агорнута ўся бажніца трыма вышытымі ручнікамі.

Прыблізна ў той жа час Быхаўскі і Рагачоўскі паветы Магілёўскай губерні былі наведаны этнографам Е. Р. Раманавым. Калекцыя яго здымкаў паступіла ў РЭМ у 1903 г.7 На прыведзенай тут фатаграфіі зафіксаваны інтэр’ер сялянскай хаты Рагачоўскага павета (паселішча не ўказана). Пад сціплымі ручнікамі вісяць на сцяне чатыры рамы з абразамі. У цэнтральнай змешчаны ці то адзін абраз, які мае чатырохчасткавую кампазіцыю, ці то гэта чатыры розныя абразы, закампанаваныя такім спосабам. Магчыма, што гэта літаграфіі. Злева ад яго пад агульным ручніком — два абразы аднолькавага памеру, сюжэт якіх разабраць складана: гэта маглі быць вянчальныя іконы або любыя іншыя абразы. Ікона справа таксама прачытваецца кепска, аднак арнамент па полі вельмі падобны да спосабаў аздобы тагачасных літаграфій, а таксама абразоў, пісаных у цэнтральных губернях Расійскай імперыі.

Покуць у хаце в. Пісароўка
Унецкай воласці
Клінцоўскага павета
Гомельскай губерні. 1926 г.
Фота А. Сержпутоўскага. РЭМ.

Падчас экспедыцыі А. К. Сержпутоўскага ў 1926 г. быў зроблены здымак покуці ў беларускай хаце в. Пісароўка Унецкай воласці Клінцоўскага павета Гомельскай губерні8 (цяпер — Клінцоўскі раён Бранскай вобл.)9. Тут у самым куце на абедзвюх сценках вісіць па іконе. Выяву на той, што справа, разабраць немагчыма, а вось левая вельмі добра чытаецца: на ёй прадстаўлены сюжэт, які ў народзе атрымаў назву «Багародзіца Трох Радасцяў», а дакладней — гэта копія карціны Рафаэля «Мадонна ў крэсле», якая ў тым рэгіёне на мяжы ХІХ і ХХ ст. была надзвычай папулярнай10.

 

Цэнтральная Беларусь

Пра выгляд покуці ў некаторых іншых рэгіёнах у пачатку ХХ ст. нам удалося выявіць звесткі з неапублікавых этнаграфічных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве РЭМа. Пра жытло сялянаў Ігуменскага павета В. К. Костка ў 1905–1907 гг. запісаў: «В красном углу выше окон прибиты две планки, служащие поддержкою образам»11. Надзвычай каштоўна тое, што гэты збіральнік рабіў не толькі запісы, але і фатаграфіі. Для нашага даследавання маюць цікавасць яго здымкі з экспедыцый у Мінскую губерню, а таксама ў Магілёўскую, якую ён наведаў папярэдне — у 1903–1904 гг.

Покуць у хаце беднага селяніна, зажыначны сноп пад абразамі.
Сяло Парэчча Ігуменскага павета Мінскай губерні. 1905 г.
Фота В. К. Косткі. РЭМ.

Рэдкай іканаграфічнай крыніцай з Мінскай губерні з’яўляецца фота хаты с. Парэчча Ігуменскага павета за 1905 г.12, дзе бачны чырвоны кут з абразамі і пад імі зажыначны сноп13. Цікава, што ў адной агульнай раме змешчана дзевяць невялікага памеру абразкоў. Гэта могуць быць як жывапісныя выявы, так і літаграфіі. Звяртае на сябе ўвагу і гарызантальны даволі вялікі абраз над акном. На жаль, амаль немагчыма разабраць яго сюжэт. Хоць аўтарам здымкаў і адзначана, што яны зроблены ў хаце беднага селяніна, аднак, як відаць, натуральным было мець у хаце некалькі абразоў. У дадзеным выпадку яны вісяць пад адным сціплым ручніком без вышыўкі.

Покуць у сенях. Хата багатага селяніна в. Падліпцы
Слуцкага павета Мінскай губерні. 1905 г. Фота В. К. Косткі. РЭМ.

Падчас гэтай жа экспедыцыі В. К. Косткі быў зроблены здымак покуці ў сенцах хаты заможнага селяніна з в. Падліпцы Слуцкага павета Мінскай губерні14 (цяпер Слуцкі р-н). На фота трапілі чатыры абразы, хаця магчыма, што іх тут змешчана болей. Толькі самы крайні справа падобны да жывапіснага твора, а астатнія, па ўсёй верагоднасці, выкананы тыражным спосабам — літаграфіі.

Покуць у хаце Вольгі Вярэнік з в. Убібацькі Любанскага р-на
Бабруйскай акругі БССР. 1927 г. Фота А. Я. Дуісбурга. РЭМ.

З таго ж рэгіёну ўяўляе цікавасць здымак 1927 г., зроблены падчас экспедыцыі А. Я. Дуісбурга паводле даручэння Этнаграфічнага аддзела Рускага музея (цяпер РЭМ) у Любанскі р-н Бабруйскай акругі БССР. На фатаграфіі зафіксавана покуць з чатырма абразамі ў хаце Вольгі Вярэнік з в. Убібацькі (цяпер в. Камуна Любанскага р-на). Тут звяртае на сябе ўвагу шыкоўная аздоба чырвонага кута — выцінанка, за якой амаль немагчыма ўбачыць іконы: толькі можна падлічыць іх колькасць, а таксама заўважна, што два абразы на правай сцяне змешчаны за шклом. Гэтая іканаграфічная крыніца больш цікавая для даследчыкаў беларускай выцінанкі. Магчыма, сама гаспадыня і з’яўляецца яе стваральніцай15.

Наяўнасць абразоў у хатах беларусаў сакуноў у пачатку ХХ ст. адзначыў этнограф Ісаак Сербаў (1871–1943 гг.). Гаворка вядзецца пра рэгіён, што раскінуўся у вярхоўі ракі Пцічы і яе прытока Арэсы. У сучасных адміністрацыйных межах гэта памежжа Асіповіцкага і Старадарожскага раёнаў. Этнограф у сваім нарысе за 1915 г. зафіксаваў наступнае: «Почётный угол в хатах весь уставлен образами, которые сверху покрыты чистым натканым ими вышитым полотенцем-набожником»16. Такім чынам, на поўдні і паўднёвым усходзе на пачатку ХХ ст. абразоў у хатах звычайна было даволі шмат, што адрознівае гэтыя мясціны ад іншых, прааналізаваных вышэй.

 

* * *

У 1920–1930-я гг. хатнія абразы паўсюдна бытавалі ў розных рэгіёнах Беларусі. Пра гэта сведчыць цікавае даследаванне І. Бутава пра хвалі абнаўлення абразоў17. У той час і пазней у розных мясцінах Беларусі фіксаваліся такога кшталту цуды, а адбываліся яны пераважна ў хатах з дамашнімі іконамі, а не з царкоўнымі ў храмах. З гэтага ж даследавання вынікае, што такая з’ява ахапіла не толькі маляваныя, выкананыя жывапісна, абразы, але і друкаваныя на паперы. Апошніх, яўна, было больш.

Традыцыя размяшчэння іконаў у пэўным куце пакоя дажыла да нашых дзён. Гэтая з’ява фіксуецца этнографамі, фалькларыстамі, культуролагамі падчас наведвання хатаў у розных кутках Беларусі. Вядома ж, яе можна назіраць пераважна ў вёсцы, у тых хатах, дзе не было «еўрарамонту» і абстаноўка мае свой ранейшы выгляд.

Яшчэ ў 1970–1980-я гг. пры ўзвядзенні новай хаты ў ёй рабілі покуць: вешалі выявы рэлігійнага зместу, пераважна фотадрукі. І адбывалася гэта нягледзячы на антырэлігійную кампанію.

Інфармацыя пра з’яўленне абразоў у хатах сведчыць пра наступнае: у канцы ХVІ — пачатку ХVІІ ст. іконы ў жытле на Полаччыне і Смаленшчыне былі вельмі распаўсюджанымі. Гэта найбольш ранняя на дадзены перыяд вядомае сведчанне пра наяўнасць хатніх іконаў на нашых землях. Пазней пра гэты рэгіён звесткі ёсць толькі ад сярэдзіны ХІХ ст. і на той час старажытных абразоў у хатах не было, што дазваляе выказаць думку пра перарыванне традыцыі на некаторы час. У другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. абразы былі ў хатах жыхароў Віцебшчыны, але старажытныя творы тут не трапляліся, абразы былі пераважна на паперы, сустракаліся каталіцкія літаграфіі і разьбяныя ўкрыжаванні.

Этнаграфічныя звесткі намі былі апрацаваны па розных рэгіёнах Беларусі. Пераважна ў канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. абразы былі амаль паўсюль, за выключэннем некаторых мясцовасцяў...

На Палессі, як заходнім, так і ўсходнім, сяляне мелі па некалькі абразоў, а ў Рэчыцкім Палессі ўвогуле іконы развешвалі на сценах у некалькі шэрагаў. У гэтым рэгіёне іх куплялі на кірмашах, часта ў рускіх багамазаў. Падняпроўе таксама было багатым на пісаныя абразы, пра што сведчаць іканаграфічныя крыніцы. Увогуле падчас правядзення даследавання былі выяўлены і некаторыя не вядомыя дагэтуль фотаздымкі абстаноўкі хатаў. Агулам жа фатаграфіі былі сабраны па ўсіх гісторыка-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі.

Асобна таксама закранута і такое цікавае пытанне як наяўнасць бажніцаў, бо менавіта яны прызначаліся для размяшчэння ў іх хатніх іконаў. На Случчыне ўжо дакладна ў сярэдзіне ХІХ ст. існавала практыка змяшчаць абраз у спецыяльнай драўлянай разьбянай шафцы.Пра існаванне такіх хатніх прадметаў захаваліся этнаграфічныя нататкі пра Віцебшчыну. Захаваныя бажніцы сведчаць пра іх распаўсюд на мяжы ХІХ–ХХ ст. на Падняпроўі, а таксама ў геаграфічна супрацьлеглым рэгіёне — на Астравеччыне ў арэале пражывання этнічных літоўцаў католікаў.


  1. Гермацкая, Н. В. Сакральные семейные ценности белорусов. Божницы // Памяць продкаў праз музейны свет : матэрыялы музейных чытанняў, 18 лістапада 2014 г. / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. — Мінск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015. — Вып. 3, 186 с. С. 74.
  2. Вяселле : Абрад / Уклад., уступ. артыкул і камент. К. А. Цвіркі; муз. Дадатак З. Я. Мажэйка ; рэд. тома В. К. Бандарчык, А. С. Фядосік. — Мінск : Навука і тэхніка, 1978 — 640 с., нот. іл. — (Беларуская народная творчасць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору). — С. 100.
  3. Яковлева, Т.М. Первые иллюстративные коллекции отдела Европы // Радловский сборник. Научные исследования и музейные проекты МАЭ РАН в 2014 г. — Санкт-Петербург : «Лема», 2014. — С. 176–185.
  4. МАЭ. — Фотоколлекция № 1693/7. В крестьянской избе. Белорусы, Могилёвская губерния, Чаусский уезд (Республика Беларусь, Могилёвская область, Чаусский р-н), конец ХIХ ст. Фотограф Немченко, Г.А.
  5. МАЭ. — Фотоколлекция № 1620/33 (РЭМ. — Фотоколлекция 761/40). Красный угол в крестьянской избе. Белорусы, Могилёвская губерния, Рогачёвский уезд, село Шапчицы (Республика Беларусь, Гомельская область, Рогачёвский р-н), 1903 г. Фотограф В. К. Костко.
  6. РЭМ. — Коллекция фотодокументов. — КП 761–65. — Снимки, сделанные В. К. Костко в 1903–1904 гг. в Могілёвской губернии. Красный угол в избе бедного крестьянина Гомельского уезда д. Шарм. Красный угол в избе. Зажыначный сноп под образами.
  7. РЭМ. — Коллекция фотодокументов. — Кол. 440, № 18. От Е. Р. Романова. Губерния Могилёвская, уезды Быховский и Рогачёвский, население белорусы. Год поступления коллекции 1903 г. Внутренность крестьянской избы Рогачёвского уезда.
  8. Гомельская губерня — адміністрацыйная адзінка, якая праіснавала кароткі час. Была ўтворана ў 1919 годзе і скасавана ў 1926 г.
  9. РЭМ. — Коллекция фотодокументов. — Кол. 5053, № 71А. Исполнена А. К. Сержпутовским в 1926 г. по поручению Этнографического отдела Государственного русского музея и поступила в отдел в 1929 г.
  10. Нельга не звярнуць увагу на наяўнасць у хаце, пры захаванні традыцыйнага інтэр’еру, адзення, пакаёвых раслінаў.
  11. РЭМ. — Архив. — Ф. 1. — Оп. 2. — Д. 352. В. К. Костко, «Крестьянское жилище Игуменского уезда Минской губернии». Рукопись, фотографии, зарисовки. — 1905–1907 гг. — 57 л. Л. 46.
  12. РЭМ. — Коллекция фотодокументов. — КП 807–10/3. — Снимки, сделанные В. К. Костко во время его командировки от музея в Минскую губернию в 1905 г.: дом бедного крестьянина в с. Поречье. Красный угол в избе. Зажыначны сноп под образами.
  13. Лабачэўская, В. А. Мастацтва дзеля славы Божай : саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы / В. А. Лабачэўская. — Мінск : Беларуская навука, 2018. — 263 с. : іл. С. 104.
  14. РЭМ. — Коллекция фотодокументов. — Кол. 815 № 5-Е (або 5–5). — Снимки, сделанные В. К. Костко во время его командировки от музея в Минскую губернию в 1905 г.: Слуцкий уезд, д. Подлипцы, владения богатого крестьянина. Покуть в сенях и дверь в кладовку.
  15. РЭМ. — Коллекция фотодокументов. — Кол. 4679. № 9. Собрана А. Я. Дуисбург по поручению Этнографического отдела Русского музея в 1927 г. БССР, Бобруйский округ, Любанский р-н. Покуть, передний угол в хате Ольги Вереник, Любанский р-н, д. Убибатьки.
  16. Сербов, И.А. Белорусы сакуны. Краткий этнографический очерк. 1915. : С. 12.
  17. Бутов, И. С. Ареал чудес: волны обновлений икон в ХІХ — первой половине ХХ века / И. С. Бутов ; науч. ред. Л. В. Дучиц. — Минск : Колорград, 2018. — 168 с. : ил.
  18. РЭМ. – № 1292/142. Боговня из села Лобановска Чериковского уезда Могилёвской губернии, 52х46х16 см. переданы в 1908 г. А. А. Миллером.
  19. РЭМ. – № 1292/141. Боговня из села Лобановска Чериковского уезда Могилёвской губернии, 45х39х13 см. переданы в 1908 г. А. А. Миллером.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY