Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы

У МІЛАСЭРНАСЦІ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫВЫ

СВЯТЫ — НЕ ВЫДАТНІК У БОГА
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

НА ШЛЯХУ ДА ЯДНАННЯ

ВЕРШЫ
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства

ЧУЙНАЕ СЭРЦА
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія

НОВЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Інтэрв’ю

«У МУЗЫЦЫ ПАВІННА БЫЦЬ ПЕСНАПЕННЕ...»
Спадчына

ДЗЕ ЛУКОНІЦА ЎПАДАЕ Ў ШЧАРУ

Тэрэза САТОЎСКА

ЯНА БЫЛА ДАРАМ ДЛЯ КАСЦЁЛА І СВЕТУ

4 верасня адбылася кананізацыя благаслаўлёнай маці Тэрэзы з Калькуты — заснавальніцы Кангрэгацыі Місіянерак Любові, «Анёла ўбогіх і паміраючых». Яна вярнула надзею многім людзям, якія яе ўжо не мелі.

 

«Яна была дарам для Касцёла і свету», — казаў пра яе Ян Павел ІІ падчас урачыстасці беатыфікацыі ў Рыме.

Благаслаўлёная маці Тэрэза, вядомая ў Індыі як «Анёл убогіх», памерла 5 верасня 1997 г. у Калькуце. Ян Павел ІІ абвясціў яе благаслаўлёнаю 19 кастрычніка 2003 года. Беатыфікацыйны працэс маці Тэрэзы быў найкарацейшым у сучаснай гісторыі Касцёла.

«Памерлым з’яўляецца толькі той, хто забыты», — можна часам прачытаць у некралогах. Калі так, то маці Тэрэза з Калькуты — Анёл паміраючых — сёння гэтаксама прысутнічае ў свеце, як пры жыцці. Яна заўсёды застаецца ў жывой памяці свету, і нікому не трэба нагадваць пра тое, кім была гэтая сціплая жанчына ў белым сары з блакітнымі палоскамі, з усмешкаю, якая ніколі не сыходзіла з яе ўсыпанага маршчынкамі твару.

Агнэс Гонджа Баяджыў нарадзілася 26 жніўня 1910 г. у горадзе Скоп’е ў албанскай каталіцкай сям’і. Назаўтра яе ахрысцілі, і гэты дзень яна пазней святкавала як дзень свайго нараджэння. У 18 гадоў Агнэс уступіла ў ірландскую супольнасць ларэтанак. Пасля кароткага побыту ў Ірландыі яна выехала на місію ў «новую айчыну — легендарную Індыю». Пастулат і навіцыят праходзіла ў Дарджылінгу, у штаце Заходняя Бенгалія ў Гімалаях. Падчас першых манаскіх абяцанняў 23 мая 1929 г. прыняла імя Марыя Тэрэза ад Маленькага Езуса. У Калькуце 24 мая 1937 г. склала вечныя манаскія абяцанні.

Большасць часу Марыя Тэрэза працавала настаўніцаю, а пазней стала дырэктарам элітнай школы для дзяўчат. Усяго ў ларэтанак яна пражыла 20 гадоў.

 

Уласны шлях

Прагнучы бязмежна аддацца ўбогім, у 1948 г. Марыя Тэрэза прыняла важнае рашэнне аб заснаванні ўласнай манаскай супольнасці. Яна тлумачыла гэта простымі словамі: «Бог мяне паклікаў». Кангрэгацыя Сясцёр Місіянерак Любові была зацверджаная Апостальскаю Сталіцаю праз два гады, 7 кастрычніка 1950 г., у дзень Маці Божай Ружанцовай. Маці Тэрэза хацела быць беднаю разам з беднымі, каб лепш іх разумець. Яна пасялілася ў адным з бедных раёнаў Калькуты. Хутка знайшла дзяўчат, ахвотных да супрацоўніцтва. Дом на вуліцы Lower Cirсular Road, 54, са сціплаю, цяпер ужо заіржавелаю шыльдаю «Missionaries of Charity», хутка стаў «апошняю дошкаю ратунку» для тых, хто быў пазбаўлены ўсялякай апекі.

Згодна з воляю заснавальніцы, місіянеркі любові, апрача манаскіх абяцанняў убоства, чыстасці і паслухмянасці, абавязваюцца таксама служыць найбяднейшым з бедных. Мэта кангрэгацыі — дапамога ўбогім, бяздомным і хворым, у тым ліку заражаным ВІЧ і вязням. Паміраючым беднякам сёстры забяспечваюць апеку і ўмовы годнай смерці. Яны таксама апякуюцца дзецьмі, даючы ім магчымасць вучыцца ў школах і жыць у дзіцячых дамах. Манаскім адзеннем сясцёр з’яўляецца белае сары з трыма блакітнымі палоскамі — такое, як у Індыі носяць бедныя жанчыны. Гэтае ўбранне дапамагае ім атаясамлівацца з церпячымі.

Маці Тэрэза заснавала таксама некалькі супольнасцяў у межах адной манаскай сям’і: дзейную (1963) і кантэмпляцыйную (1979) мужчынскую Кангрэгацыю Братоў Місіянераў Любові, кантэмпляцыйную супольнасць Місіянерак Любові (1976) і святарскую супольнасць Айцоў Місіянераў Любові (1984); у многіх краінах свету дзейнічае рух Corpus Christi для святароў і Міжнароднае таварыства супрацоўнікаў маці Тэрэзы.

Ідэя манаскай сям’і маці Тэрэзы ў тэалагічным сэнсе абапіраецца на агульную місію Езуса, якога Айцец паслаў на зямлю, каб збавіць усіх людзей. Знакам гэтай духоўнай сям’і з’яўляецца выява ўкрыжаванага Хрыста з прамоўленым Ім на крыжы словам: «Прагну!».

 

Індыя — другая айчына

«У мяне індыйскае грамадзянства. Я — манашка. Паводле паклікання належу ўсяму свету. Але маё сэрца цалкам аддадзенае Езусу. Усё, што я раблю, я раблю для Езуса», — сказала маці Тэрэза ў адным з інтэрв’ю. Яна прызналася, што Індыя стала для яе другой айчынаю, яна палюбіла яе, асабліва Калькуту, якая з’яўляецца «душою і адначасова кашмарам Індыі», бо менавіта тут было найбольш хворых і прыніжаных, а значыць тых, хто нагадваў церпячага Хрыста. Не могучы ўладкавацца на пастаянную працу і не маючы даху над галавою, беднякі жылі на вуліцах і там жа паміралі, пакінутыя на волю лёсу. Мала ў якім месцы на свеце так моцна была патрэбная маці Тэрэза, як у Калькуце. Яна штодзённа хадзіла па вуліцах, дзе на голай зямлі ляжалі калекі, пракажоныя, паміраючыя ад голаду.

Кожны дзень прыносіў маці Тэрэзе драматычны вопыт. У 1952 г. яна заснавала ў Калькуце Дом чыстага сэрца — Nirmal Hriday. Апрача лекаў, давала хворым і паміраючым тое, што для іх межавала амаль з цудам і чаго ім найбольш не хапала, — сваю мацярынскую, чалавечую любоў. Сярод убоства Калькуты яна заўсёды паўтарала: не дазволь, каб той, каго ты сустрэнеш, не быў задаволены пасля сустрэчы з табою!

Падапечных — хворых і паміраючых — сёстры знаходзілі на вуліцах горада. У 1980 г., амаль праз 30 гадоў існавання дому, падагульняючы гіганцкую працу сваіх сясцёр, маці Тэрэза сказала, што толькі ў адной Калькуце яны сабралі з вуліцаў больш за 40 тысяч хворых, а 18 тысяч чалавек памерлі на іх руках. На школьнай дошцы, якая вісіць у доме для паміраючых у Калайэт, адзначаецца штодзённы «баланс». 4 лютага 1986 г. перад гэтаю дошкаю затрымаўся Ян Павел ІІ. Глыбока ўзрушаны, ён прачытаў сухую інфармацыю: «3 лютага 1986: прыбылі 2 чалавекі, выйшлі — 0, памерлі — 4».

 

«Мая таямніца — гэта Езус»

У 1955 г. у Калькуце быў заснаваны Дом пакінутага дзіцяці. Цяпер у Індыі і за яе межамі ў дамах апекі сясцёр жыве і вучыцца больш за 80 тысяч пакінутых, адпрэчаных і паміраючых дзяцей. Сёстры знаходзілі іх на сметніках, на вуліцы. Сярод іх былі дзеці хворыя і сляпыя. Дзякуючы маці Тэрэзе многіх з іх удалося выратаваць, часта іх таксама ўсынаўлялі сем’і з розных краінаў свету.

З 1957 г. місіянеркі любові дапамагаюць пракажоным. У 1961 г. маці Тэрэза заснавала для іх пасёлак Шанці Нагар («Месца спакою»). На скарбонках для збору сродкаў дзеля гэтай мэты яна змясціла надпіс: «Дакраніся да пракажонага сваім сэрцам». У яе вачах пакінутасць гэтых людзей грамадствам і пазбаўленне іх магчымасці годнага жыцця было большым няшчасцем, чым сама хвароба. Пракажоныя пад кіраўніцтвам сясцёр навучыліся выконваць простую працу, зарабляючы такім чынам на ўласнае ўтрыманне. Яны перасталі быць «адкідамі» грамадства і адчулі сябе патрэбнымі іншым.

«Найбольшая хвароба свету — гэта не праказа і не рак. Гэта адзінота, усведамленне, што ты пакінуты і забыты ўсімі людзьмі», — сцвярджала маці Тэрэза. Яна падкрэслівала, што «людзі, якія не спазнаюць радасці і любові, якім не хапае нармальных людскіх адносінаў, церпяць найбольш трагічна, і іх колькасць пастаянна ўзрастае».

У 1985 г. у ЗША узнік першы прытулак для хворых на СНІД. «Спадзяюся, што гэтыя людзі будуць жыць і паміраць у супакоі дзякуючы дапамозе і апецы нашых сясцёр, а таксама іншых людзей», — сказала маці Тэрэза падчас адкрыцця гэтага прытулка, прымаючы першых 15 пацыентаў. Цяпер дамы для хворых на СНІД існуюць ужо ў некалькіх іншых краінах.

«Я ўсведамляю, што мы — маленькая кропля ў вялікім акіяне беднасці і цярпення, але калі б не было гэтай кроплі, то людскія пакуты і ўбоства былі б яшчэ большыя», — сказала маці Тэрэза пра сваю працу і служэнне місіянерак любові.

 

Шанаваная ва ўсім свеце

Напэўна, ніводны іншы чалавек, акрамя Яна Паўла ІІ, не змог такім яўным чынам паказаць маладым людзям, як належыць выконваць хрысціянскую запаведзь любові да «найменшых братоў». У апытанні пра тое, хто ў наш час з’яўляецца самым яскравым прыкладам для наследавання, моладзь найчасцей згадвала заснавальніцу Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Любові.

Маці Тэрэза падтрымлівала кантакты з кіраўнікамі дзяржаваў, багатымі і папулярнымі людзьмі, часта вярталася пасля размоваў з імі ўжо з чэкамі на значныя сумы або з абяцаннем, што гэтыя людзі дапамогуць у дзейнасці сясцёр. У галаве яна заўсёды мела чарговыя праекты дапамогі найбяднейшым і з усіх сілаў старалася іх рэалізаваць.

Калі ў 1979 г. маці Тэрэза атрымлівала ў Осла Нобелеўскую прэмію міру, яна падзякавала коратка: «Гэта дапаможа бедным». Яна ўжо планавала, што прэміяльных грошай хопіць на пабудову 200 новых дамоў для яе падапечных. Разам з тым маці Тэрэза ветліва адмовілася ўдзельнічаць ва ўрачыстым абедзе ў яе гонар, сказаўшы, што не можа гэтага сабе дазволіць, бо многія людзі ў гэты час церпяць голад і паміраюць. Урэшце, грошы, прызначаныя на банкет, уручылі маці Тэрэзе як дар для найбяднейшых.

Добра вядомая таксама яе непрымірымая пазіцыя ў справе абароны жыцця. У 1994 г., апынуўшыся ў Кангрэсе Злучаных Штатаў, яна змагла сказаць у прысутнасці прэзідэнта Біла Клінтана, адкрытага прыхільніка абортаў, што «кожны чалавек, які адабрае аборт, вучыць людзей не любові, а насіллю для таго, каб дасягнуць пастаўленай мэты». «Калі закон дазваляе забіваць дзяцей, што ж перашкаджае таму, каб мы пазабівалі адзін аднаго?», — запыталася маці Тэрэза. Яна лічыла, што аборт — найбольшая пагроза для міру. «Калі знішчаецца жыццё, якое паходзіць ад Бога, калі маці становіцца забойцаю ўласных дзяцей, то што гаварыць пра іншыя забойствы і войны?» — задавала яна рытарычнае пытанне.

Калі ў маці Тэрэзы спыталі, як ёй удаецца так шмат усяго і так добра зрабіць, яна адказала: «Мая таямніца — гэта Езус, Яго вялікая любоў да нас, людзей, малітва, медытацыя, штодзённая гадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, манаскія абяцанні. Дэвізам майго жыцця з’яўляюцца словы: „Усё для Езуса, усё для Езуса праз Марыю!“».

«Дзе маці Тэрэза знаходзіла сілу і моц, каб так ахвярна і дарэшты аддацца служэнню іншым?» — задумваўся падчас беатыфікацыйных урачыстасцяў Ян Павел ІІ. І адказваў: «Яна знаходзіла іх у малітве і ў ціхай кантэмпляцыі Езуса Хрыста, Яго аблічча, Яго Найсвяцейшага Сэрца. Яна сама прывыкла казаць: „Плёнам цішыні з’яўляецца малітва; плёнам малітвы — вера; плёнам веры — любоў; плёнам любові — служэнне; плёнам служэння — супакой“». Супакой, нават у хвіліну смерці, нават сярод народаў, якія вядуць вайну, нават перад абліччам атакаў і несправядлівай крытыкі. Гэта была малітва, якая напаўняла яе сэрца Хрыстовым супакоем і вучыла выпраменьваць яго для іншых».

 

Сустрэчы з Папамі

Справа маці Тэрэзы знаходзіла вялікае прызнанне ў вачах Папаў. Пій ХІІ дазволіў ёй у 1950 г. заснаваць Кангрэгацыю Місіянерак Любові, якая ў 1965 г. набыла статус супольнасці на папскіх правах. Павел VI падчас візіту ў Індыю ў 1964 г. падарыў ёй свой аўтамабіль — прыгожы лімузін, атрыманы ў дар ад аднаго з амерыканскіх універсітэтаў. Гэтая машына стала «гульнёю» вялікай латарэі, прыбытак ад якой паспрыяў будоўлі паселішча Шанці Нагар; ад гэтага ж Папы маці Тэрэза атрымала ў 1967 г. прэмію міру імя Яна ХХІІІ. Павел VI прапанаваў ёй таксама ў 1968 г. адкрыць дом у Рыме і аплаціў ёй білет на самалёт з Калькуты ў Рым і назад.

Вельмі шчырыя стасункі ядналі маці Тэрэзу з Янам Паўлам ІІ. Калі пасля атрымання Нобелеўскай прэміі міру ў 1979 г. яна вырашыла цалкам аддаліцца ад грамадскага жыцця і вярнуцца да працы сярод пракажоных, Папа не выказаў на гэта згоды. Ён папрасіў, каб яна сведчыла пра Хрыста ва ўсім свеце як «прыклад жывога Евангелля і сапраўдная сведка жыцця, прысвечанага Богу і церпячым людзям». У 1980 г. Ян Павел ІІ запрасіў маці Тэрэзу да ўдзелу ў Сінодзе Біскупаў па праблемах сям’і ў сучасным свеце. У сказанай там прамове яна нагадала, што «сучаснаму свету і ўсім нам патрэбныя святыя святары».

Падчас душпастырскага візіту ў Індыю (з 31 студзеня да 11 лютага 1986 г.) Ян Павел ІІ наведаў Калькуту і дом для паміраючых, сустрэўся з маці Тэрэзаю і яе сёстрамі. У 1989 г. ён падарыў місіянеркам любові дом для бедных і бяздомных, які знаходзіцца побач з Залаю аўдыенцый Паўла VI у Ватыкане. У красавіку 1993 г., падчас аднадзённага візіту ў Албанію, ён наведаў горад Шкодэр. У прамове пасля святой Імшы ён прывітаў маці Тэрэзу і публічна падзякаваў ёй ад імя Каталіцкага Касцёла за адданае жыццё і справы хрысціянскай любові, нагадаў жыхарам гэтай краіны, што «нават у часы поўнай ізаляцыі гэтая сціплая манашка, пакорная слуга найбяднейшых, праслаўляла на ўвесь свет імя сваёй айчыны». Маці Тэрэза была таксама ганаровым госцем урачыстасцяў у Ватыкане падчас заканчэння Міжнароднага году сям’і ў 1994 годзе.

Засталася жывая памяць у справах

Паўсюль вядомая як «Анёл убогіх і паміраючых», лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру заўсёды пазбягала адказаў на пытанні, якія датычыліся яе жыцця і паходжання. «Я нішто. Няма чаго пра мяне пісаць. Я толькі прылада ў руках Бога, і таму гаварыць трэба не пра мяне, а пра справу, да якой мяне паклікаў Бог», — казала маці Тэрэза.

Яна часта пакутавала ад малярыі і лячылася ў шпіталях (заўсёды неахвотна). Памерла 5 верасня 1997 г., пахаваная ў сваім родным доме місіянерак любові ў Калькуце. У вечнасць адышоў незвычайны чалавек, і ў гэтым былі перакананыя ўсе, у тым ліку нехрысціяне і няверуючыя.

Улады Індыі наладзілі пахаванне манашкі з усімі ўшанаваннямі, якія належаць толькі кіраўніку дзяржавы. Труну з яе целам везлі на тым самым гарматным лафеце, на якім везлі двух вялікіх людзей Індыі: Махатму Гандзі і Джавахарлала Нэру. «Памяць пра маці Тэрэзу з Калькуты жывая ў сэрцы кожнага з нас, ва ўсім Касцёле і свеце. Якая ж цудоўная справа, здзейсненая гэтаю маленькаю жанчынаю са сціплай сям’і дзякуючы сіле веры ў Бога і любові да бліжняга!» — сказаў Ян Павел ІІ у першую гадавіну яе смерці.

«Не забывайма вялікага прыкладу, які яна нам дала, і не абмяжоўваймася ўспамінамі пра яе толькі на словах! Давайце заўсёды з адвагаю ставіць на першае месца чалавека і яго асноўныя правы», — заклікаў Святы Айцец.

Ужо пры жыцці гэтую вялікую жанчыну лічылі святою. Яе родная Албанія абвясціла дзень 19 кастрычніка, у які была беатыфікаваная маці Тэрэза, нацыянальным святам. У Калькуце адкрыты помнік маці Тэрэзе, а адна з вуліцаў гэтай шматмільённай мітраполіі атрымала яе імя.

 

«Маці Тэрэза ёсць»

«Маці Тэрэза ёсць» — такі надпіс зроблены на драўлянай шыльдачцы каля дзвярэй дома на вуліцы Lower Circular Road, 54 у Калькуце. «Маці Тэрэза заўсёды з намі, яна моліцца за нас, а яе сіла ў небе яшчэ большая, чым пры жыцці», — сказала яе наступніца і выхаванка сястра Нірмала (зрэшты, у знак павагі да сваёй папярэдніцы яна адмовілася ад наймення «маці», сцвярджаючы, што гэты тытул належыць толькі заснавальніцы кангрэгацыі). У капліцы, у тым месцы, якое звычайна займала маці Тэрэза, устаноўлена яе маленькая мармуровая статуэтка. Да магілы заснавальніцы Кангрэгацыі Місіянерак Любові прыходзяць натоўпы пілігрымаў з усяго свету. Хоць маці Тэрэзы няма ўжо 19 гадоў, яе дух і харызма заўсёды жывыя ў справах, якія працягваюць сёстры з кангрэгацыі. Тое, што для сясцёр маці Тэрэза заўсёды жывая, пацвярджаў і арцыбіскуп Калькуты на пенсіі Генры Д’Соўза, дадаўшы, што яна стала «часткаю гісторыі чалавецтва».

Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.
Паводле: niedziela.pl

Гл. таксама:
Святы Айцец ФРАНЦІШАК :: У МІЛАСЭРНАСЦІ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫВЫ ::
Сцяпан АБРЫКОСАЎ :: СВЯТЫ — НЕ ВЫДАТНІК У БОГА ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY