|
|
|
№
4(78)/2016
Год Міласэрнасці
Святыя асобы
Вялікія містыкі
Пераклады
Лёсы духавенства
Прэзентацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Асобы
In memoriam
Юбілей
Паэзія
Прэзентацыя
Інтэрв’ю
Спадчына
|
Святы Айцец ФРАНЦІШАК
У МІЛАСЭРНАСЦІ НЯМА АЛЬТЭРНАТЫВЫ
Урывак з гаміліі Святога Айца Францішка, |
|
<...> Богу даспадобы кожны ўчынак міласэрнасці, бо, дапамагаючы брату, мы пачынаем бачыць у ім аблічча Божае, якога ніхто не можа ўбачыць (гл. Ян 1, 18). І кожны раз, схіляючыся да патрэбаў нашых братоў, мы становімся тымі, хто накарміў і напаіў Езуса, апрануў, падтрымаў і наведаў Божага Сына (гл. Мц 25, 40). Карацей, мы становімся тымі, хто дакрануўся да цела Хрыстовага. <...>
І кожны з нас можа сказаць: «Гэтак жа, як Пан выйшаў мне насустрач і схіліўся нада мною ў хвіліну патрэбы, і я выходжу насустрач Яму і схіляюся над тымі, хто страціў веру або жыве так, быццам Бога няма, над моладдзю без каштоўнасцяў і ідэалаў, над сем’ямі, што перажываюць крызіс, над хворымі і вязнямі, над бежанцамі і імігрантамі, над слабымі і безабароннымі целам і душою, над падлеткамі, пакінутымі самім сабе, гэтак жа, як і над старымі, якія засталіся ў адзіноце. Паўсюль там, дзе працягваецца рука і чалавек просіць дапамогі, каб падняцца на ногі, павінны з’явіцца мы і Касцёл, які падтрымлівае і дарыць надзею». Трэба рабіць гэта, заўсёды памятаючы пра тое, як Пан працягнуў мне сваю руку, калі я ляжаў на зямлі.
Маці Тэрэза ўсё сваё жыццё шчодра раздавала Божую міласэрнасць, заўсёды аддавала сябе ў распараджэнне іншым, прымаючы і абараняючы чалавечае жыццё, і ненароджанае, і забытае, і адкінутае. Яна абараняла жыццё, няспынна абвяшчаючы, што «той, хто яшчэ не нарадзіўся, з’яўляецца самым слабым, самым малым, самым мізэрным». Яна схілялася над знямоглымі людзьмі, над тымі, каго пакінулі паміраць пры дарозе, прызнаючы годнасць, якою Бог адарыў іх; яна прымусіла моцных гэтага свету пачуць яе голас, каб яны прызналі сваю віну перад злачынствамі — перад злачынствамі! — беднасці, якую яны самі стварылі. Міласэрнасць стала для яе «соллю», што давала смак кожнаму яе ўчынку, і «святлом», якое раз’ясняла змрок тых, у каго нават слёз не было, каб аплакаць сваё ўбоства і пакуты.
Місія, якую яна здзяйсняла на ўскраінах гарадоў і на ўскраінах быцця, застаецца ў нашыя дні красамоўным сведчаннем таго, што Бог блізкі да самых убогіх сярод убогіх. Сёння я перадаю гэтую сімвалічную постаць жанчыны і манашкі ўсяму свету валанцёраў: няхай яна будзе для вас узорам святасці! Я думаю, што, магчыма, нам будзе складана называць яе «святая Тэрэза»: яе святасць настолькі блізкая нам, настолькі пяшчотная і плённая, што мы міжволі працягваем казаць «маці Тэрэза». Няхай гэтая нястомная працаўніца на ніве міласэрнасці дапамагае нам усё лепш разумець, што адзіным крытэрыем нашых учынкаў з’яўляецца бескарыслівая любоў, свабодная ад усялякай ідэалогіі і ўсялякіх абмежаванняў і скіраваная да ўсіх, незалежна ад мовы, культуры, расы або рэлігіі. Маці Тэрэза любіла казаць: «Магчыма, я не размаўляю на іх мове, але я магу ўсміхацца». Будзем жа несці ў сэрцах яе ўсмешку і адорваць ёю тых, каго сустракаем на сваім шляху, асабліва тых, хто церпіць пакуты. Гэтак мы адкрыем далягляды радасці і надзеі для вялікага мноства людзей, якія расчараваліся і якім неабходныя разуменне і пяшчота.
Пераклад з італьянскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле матэрыялаў сайта
https://w2.vatican.va
Гл. таксама:
Тэрэза САТОЎСКА :: ЯНА БЫЛА ДАРАМ ДЛЯ КАСЦЁЛА І СВЕТУ ::
Сцяпан АБРЫКОСАЎ :: СВЯТЫ — НЕ ВЫДАТНІК У БОГА ::
|
|
|