Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(10)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года

«НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА...»
Кантакты

Біблія

КНІГА, РОЎНАЯ СУСВЕТУ
Мастацтва

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»
Нашы святыні

ФАТОГРАФ І ДАСЛЕДЧЫК
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Проза

QUO VADIS
Культура

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ

Славуты раман Генрыка Сянкевіча «Quo vadis» («Куды ідзеш», 1896) прысвечаны драматычным падзеям ранняга хрысціянства часоў Нерона. Аўтар гэтага рамана, уганараваны ў 1905 годзе Нобелеўскай прэміяй, не мае патрэбы ў рэкламе. Прасякнуты высокім хрысціянскім ідэалам любові як прынцыпам адносінаў чалавека да чалавека, гэты твор быў адразу ж перакладзены на многія мовы.
Яго чыталі ў Маскве, у Парыжы, у Канстанцінопалі, у Нью-Ёрку, у Токіо.
Мільёны людзей перажывалі, як сваё, каханне язычніка Вініцыя да хрысціянкі Лігіі.
...Гарыць «Вечны горад» – Рым, падпалены, як шырацца чуткі, на загад самога імператара Нерона, полымя глынае ўсё новыя святыні, палацы, хібары, а чытач не можа адарвацца ад старонак, прасякнутых Вініцыевым неспакоем і трывогаю: дзе яго Лігія, што з ёю; толькі што адшуканая (з мройнай надзеяй абавязкова яе ўратаваць, вывезці ў бяспечнае месца) і зноў у яго забраная, ужо ў турму, яе хвароба... Поўныя жаху малюнкі кінутых на расправу звярам хрысціянаў...
Можна было б падаць шаноўным чытачам часопіса акурат найбольш драматычную сцэну твора: прывязаная да рагоў дзікага тура Лігія і ў магутным паядынку Урс, які, ухапіўшы за рогі, звышсілаю валіць урэшце звера, ратуючы Лігію, пад шалёныя крыкі рымскага амфітэатра.
Але мне падаліся даволі актуальнымі сёння тыя старонкі, дзе сутыкнуліся два розныя падыходы: Крыспава запалохванне вернікаў канцом свету і словы Апостала Пятра, з якіх паўстае светлы вобраз Хрыста, што любіць усіх нас...
Дадам наастатку: раман у маім перакладзе выходзіць у наступным годзе ў выдавецтве «Беларускі кнігазбор».

Анатоль КЛЫШКА.

Урывак з рамана

Раздзел XLIV

Зарыва пажару ахапіла неба так шырока, як толькі магло сягнуць чалавечае вока. З-за пагоркаў выкаціўся месяц, вялікі і поўны, які адразу разгарэўся ад бляску і, набыўшы барву расплаўленай медзі, здавалася, са здзіўленнем глядзіць на пагібель светаўладнага горада. У паружавелым бяздонні неба свяціліся таксама ружовыя зоркі, але ў адрозненне ад звычайных начэй, зямля была яснейшая за нябёсы. Рым, нібы велізарнае вогнішча, асвятляў усю Каталонію. У крывавым бляску былі відаць далёкія гарадскія пагоркі, вілы, святыні, помнікі і акведукі, што збягалі з усіх навакольных гор да горада, а на акведуках — скопішчы людзей, якія схаваліся там, каб уратавацца ці каб глядзець на пажар.

Тымчасам жахлівая стыхія захоплівала ўсё новыя ўчасткі. Не магло быць сумнення, што нейкія злачынныя рукі падпальваюць горад, бо штораз выбухалі новыя пажары ў месцах, аддаленых ад галоўнага вогнішча. З узгоркаў, на якіх быў пабудаваны Рым, патокі полымя сплывалі, нібы марскія хвалі, у даліны, шчыльна забудаваныя пяці- і шасціпавярховымі дамамі, поўныя паветак, крамаў, драўляных рухомых амфітэатраў, пабудаваных дзеля самых розных відовішчаў і ўрэшце, складоў дрэва, аліўкавага алею, збожжа, арэхаў, шышак піній, насеннем якіх жывіўся бедны люд, і адзення, якое часам з ласкі імператараў, раздавалі галайстры, што гняздзілася па цесных завулках. Там пажар, удосталь знаходзячы гаручыя матэрыялы, змяняўся амаль у шэраг выбухаў і з нечуванай хуткасцю ахопліваў цэлыя вуліцы. Людзі, размясціўшыся за горадам, або стоячы на водаправодах, адгадвалі па колеры полымя, што гарыць. Шалёны парыў паветра раз-пораз уздымаў з агністай бездані тысячы і мільёны распаленых шкарлупак ад арэхаў і міндалю, якія раптоўна ўзвіваліся ўгору, нібы незлічоныя раі іскрыстых матылёў, — і з трэскам лопаліся ў паветры альбо, гнаныя ветрам, ападалі на новыя кварталы, на водаправоды і на палі вакол горада. Усялякая думка, каб ратаваць горад, здавалася недарэчнаю, а мітусня ўзрастала ўсё мацней, бо з аднаго боку жыхары горада ўцякалі праз усе брамы за гарадскія муры, а з другога — пажар прывабіў тысячы людзей з ваколіцаў, як з малых гарадоў, так і сялянаў, так і напаўдзікіх пастухоў з Кампаніі, якіх спакусіла таксама надзея парабаваць.

Вокрык «Рым гіне!» не сходзіў з вуснаў натоўпу, пагібель горада здавалася ў гэты час як і канцом яго панавання, так і развязкаю ўсялякіх повязяў, якія дагэтуль звязвалі народ у адзінае цэлае. Галоце ж, якая ў большасці складалася з рабоў і чужаземцаў, ані не абыходзіла панаванне Рыма, а пераварот мог толькі вызваліць яе ад путаў, і яна то там, то тут прымала пагрозлівы выгляд. Пашыраўся гвалт і рабунак. Здавалася, што толькі само відовішча пагібелі горада прыкоўвае людскую ўвагу і яшчэ стрымлівае выбух разні, якая адразу ж распачнецца, як толькі горад ператворыцца ў папялішча. Сотні тысяч рабоў, забыўшыся, што Рым, апроч святыняў і муроў, яшчэ мае некалькі дзесяткаў легіёнаў ва ўсіх канцах свету, здавалася, чакалі толькі закліку і правадыра. Пачалі ўспамінаць імя Спартака — але Спартака не было, затое рымскія грамадзяны сталі гуртавацца і ўзбройвацца, хто чым мог. Самыя неверагодныя чуткі кружылі па ўсіх брамах. Некаторыя сцвярджалі, што гэта Вулкан на Юпітэраў загад знішчае горад агнём, які выходзіць з-пад зямлі; іншыя, што гэта помста Весты за вясталку Рубрыю. Людзі, якія былі перакананыя ў гэтым, нічога не хацелі ратаваць, затое, асаджаючы святыні, прасілі літасці ў багоў. Але найчасцей паўтаралася, што гэта імператар загадаў спаліць Рым, каб пазбавіцца ад смуроду, што даходзіў ад Субуры, і каб пабудаваць новы горад пад назваю Неронія. Ад гэтых вестак людзей ахоплівала шаленства, і калі б, як гэта падумалася Вініцыю, знайшоўся правадыр, які б захацеў выкарыстаць гэты выбух нянавісці, час Нерона прабіў бы на некалькі гадоў раней.

Казалі таксама, што імператар звар'яцеў, што загадвае прэтарыянцам і гладыятарам нападаць на людзей і ўсчынаць усеагульную разню. Некаторыя кляліся багамі, што звяры з усіх віварыяў былі выпушчаны на волю па загаду Меднабародага. На вуліцах бачылі ільвоў з ахопленымі агнём грывамі і ашалелых сланоў, і тураў, што несліся гуртамі, топчучы людзей. У гэтым была нават доля праўды, бо ў некалькіх месцах сланы, бачачы, як набліжаецца пажар, разбурылі віварыі і, вырваўшыся на волю, у дзікім спалоху паімчалі прэч ад агню, як бура, усё знішчаючы перад сабою. Ішлі пагалоскі пра дзесяткі тысяч людзей, якія загінулі ў агні. Сапраўды, загінула шмат. Былі такія, што, страціўшы ўсю маёмасць альбо самых дарагіх сэрцу істотаў, з роспачы самахоць кідаліся ў агонь. Іншыя задыхнуліся ад дыму. У цэнтры горада, паміж Капітоліем з аднаго боку, і Квірыналам, Выміналам і Эсквілінам з другога, а таксама між Палатынам і ўзгоркам Цэлія, дзе была самая густая забудова вуліцаў, пажар усчаўся адразу ў гэтулькіх месцах, што цэлыя натоўпы людзей, уцякаючы ў адзін бок, неспадзявана натыкаліся на новую сцяну агню з супроцьнага боку і гінулі жахліваю смерцю ў вогненным віры.

У паніцы, пярэпалаху і вар'яцтве яны не ведалі, куды, урэшце, уцякаць. Дарыі былі завалены хатнім скарбам, а ў шмат якіх цесных месцах, аказвалася, зусім не было як прайсці. Тыя, што хаваліся на рынках і плошчах, там, дзе пазней быў узнесены Флавінскі амфітэатр, каля святыні Зямлі, пры порціку Лівіі і вышэй, каля святыняў Юноны і Луцыны, а таксама паміж схіламі Вібрыя і старою Эквілінскаю брамаю, былі акружаны морам агню і загінулі ад гарачыні. У месцах, куды полымя не дайшло, пазней пазнаходзілі сотні целаў, спаленых на вугаль, хоць няшчасныя, каб уратавацца ад гарачыні, тут і там адрывалі каменныя пліты і да паловы закопваліся ў зямлю. Амаль ніводная сям'я, якая жыла ў сярэдзіне горада, не ацалела поўнасцю, таму ўздоўж муроў і каля ўсіх брамаў, і на ўсіх дарогах чуўся роспачны енк жанчын: яны выкрыквалі дарагія імёны загінулых у таўкатні альбо ў агні.

І калі адны выпрошвалі ў багоў міласэрнасці, другія блюзнерылі на іх з-за жудаснага няшчасця. Бачылі старых, якія, выцягнуўшы рукі да храма Юпітэра-Збаўцы, выкрыквалі: «Ты — Збаўца, выбаў твой ахвярнік і горад!» Роспач, галоўным чынам, скіроўвалася супраць старажытных рымскіх багоў, якія, як здавалася людзям, абавязаны былі больш рупна, чым іншыя, апекавацца над горадам. Яны аказаліся бяссільнымі, і за гэта іх папракалі. І здарылася так, што, калі на Аслінай дарозе паказалася працэсія егіпецкіх святароў, якія суправаджалі статую Ізіды, выратаваную са святыні каля ваколіцаў Цэлімантанскай брамы, натоўп кінуўся да працэсіі, людзі ўпрагліся ў воз, прыцягнулі Ізіду аж да Апіевай брамы і, захапіўшы статую, паставілі яе ў святыні Марса, заадно добра патузаўшы святароў гэтага боства, якія ўздумалі яшчэ і даваць адпор. У іншых месцах заклікалі Серапішса, Ваала альбо Іегову, вызнаўцы якога, высыпаўшы з завулкаў Субуры і Затыбер'я, напаўнялі лямантам і мольбамі поле каля гарадскіх муроў. Аднак у іх крыках чуліся як бы ноткі трыумфу, і, калі адны з жыхароў далучаліся да хору, што ўслаўляў Госпада Сусвету, другія, абураючыся гэтым радасным воклічам, імкнуліся суцішыць іх сілаю. Дзе-нідзе чуліся дзіўныя і ўрачыстыя песні мужчын у росквіце сіл, старых, жанчын і дзяцей; іх сэнс нельга было зразумець, але ў іх раз-пораз паўтараліся словы: «Вось надыходзіць суддзя ў дзень гневу, няшчасця». Рухлівыя і бяссонныя людскія хвалі, нібы раз'ятранае мора, акружалі вогненны горад.

Але нічога не давала палёгкі: ні роспач, ні блюзнерства, ні спевы. Пагібель здавалася немінучаю, поўнай і неадольнаю, нібы Прадвызначэнне. Каля Пампеевага амфітэатра загарэліся склады канопляў і канатаў, у мностве якіх мелі патрэбу цыркі, арэны і ўсялякага роду машыны, што ўжываліся пры гульнях; заадно ўспыхнулі прылеглыя будынкі з бочкамі смалы, якою шмаравалі канаты. Праз некалькі гадзінаў уся гэтая частка горада, за якою ляжала Марсава поле, свяцілася такім светла-жоўтым полымем, што напоўпрытомным ад страху гледачам нейкі час здавалася, нібы ад паўсюднай пагібелі парушылася таксама чаргаванне дня і ночы, і яны бачаць сонечны бляск. Але пасля суцэльны крывавы водсвет выцесніў усе іншыя фарбы полымя. З мора агню ў расплаўленае неба выбухалі велізарныя фантаны і слупы полымя, што развейваліся ўгары вогненнымі кутасамі і пер'ем, вецер падхопліваў іх, змяняючы ў залатыя ніткі і пасмы іскраў і нёс далей, па-над Кампаніяю аж да Альбанскіх гор. Ноч усё яснела і яснела; само паветра, здавалася, было прасякнута не толькі бляскам, але і полымем. Тыбр плыў жывым агнём. Няшчасны горад ператварыўся ў суцэльнае пекла. Пажар ахопліваў штораз большыя абсягі, штурмам браў узгоркі, разліваўся на раўнінах, затопліваў долы, шалеў, гудзеў, грымеў.

Раздзел XLV

Ткач Макрын, у чый дом прынеслі Вініцыя, абмыў яго, даў яму адзенне і накарміў, пасля чаго малады трыбун, зусім акрыяўшы, заявіў, што ўжо ў гэтую ж ноч распачне далейшыя пошукі Ліна. Макрын, які быў хрысціянінам, пацвердзіў Хіланавы словы, што Лін разам са старшым святаром Клементам выправіўся ў Астрыян, дзе Пётр збіраўся хрысціць цэлыя грамады прыхільнікаў новага вучэння. Тутэйшым хрысціянам было вядома, што апеку над сваім домам два дні таму назад Лін даручыў нейкаму Гаю. Для Вініцыя гэта было довадам, што ні Лігія, ні Урс дома не засталіся, і павінны таксама пайсці ў Астрыян.

Гэтая думка прынесла яму вялікую палёгку. Лін быў стары чалавек, якому цяжка было штодня хадзіць з Затыбер'я ажно за адлеглую Наментынскую браму і адтуль зноў вяртацца ў Затыбер'е, хутчэй за ўсё ён пасяліўся на некалькі дзён у каго-небудзь з аднаверцаў за мурамі, а разам з ім і Лігія, і Урс. Такім чынам, яны ўніклі пажару, які наогул не перакінуўся на другі бок Эсквіліну. Вініцый ва ўсім гэтым бачыў прадвызначэнне Хрыстова; ён адчуў Яго апеку над сабою і з сэрцам, перапоўненым большаю, чым калі-небудзь, любоўю, ён прысягнуў Яму ў душы адплаціць усім сваім жыццём за гэтыя відавочныя знакі ласкі.

Аднак тым больш ён спяшаўся ў Астрыян. Ён адшукае Лігію, адшукае Ліна, Пятра і завязе іх куды-небудзь далёка, у адзін са сваіх маёнткаў, хоць бы ажно ў Сіцылію. Рым вось гарыць, і праз некалькі дзён ад яго застанецца толькі поўна папялішчаў, дык дзеля чаго ж ім тут заставацца сярод няшчасця і разбушаванага люду? Там іх акружаць увагаю дзесяткі вымуштраваных рабоў, іх атуліць вясковая ціша, і яны спакойна зажывуць пад крыламі Езуса, дабраслаўленыя Пятром. Толькі б цяпер іх знайсці.

А гэта было нялёгка. Вініцый памятаў, з якой цяжкасцю ён прабіваўся з Апіевай дарогі ў Затыбер’е і як давялося яму кружыць, каб выбрацца на Партовую дарогу, таму цяпер ён вырашыў абысці горад з другога боку. Ідучы па Трыумфальнай дарозе ўздоўж ракі, можна было дабрацца да Эміліевага моста, а адтуль, прамінуўшы Пінцый, уздоўж Марсавага поля, паўз сады Пампея, лукула і Салюстыя, выйсці на Наментыйскую дарогу. Так было найкарацей, але і Макрын, і Хілан не раілі ісці тудою. Агонь, праўда, яшчэ не ахапіў гэтую частку горада, але ўсе рынкі і вуліцы маглі быць зусім забітыя людзьмі і іх рэчамі. Хілан раіў падацца праз Ватыканскае поле да Фламініевай брамы, там перайсці раку і далей кіравацца за гарадскімі мурамі паўз Ацыліевы сады да Саляной брамы. Вініцый, хвіліну павагаўшыся, згадзіўся з гэтай парадаю.

Макрыну трэба было застацца, каб сцерагчы дом, але ён расстараўся двух мулаў, якія маглі спатрэбіцца і для Лігіі ў далейшай дарозе. Хацеў ён яшчэ прыдбаць і раба, але Вініцый адмовіўся, мяркуючы, што, як гэта здарылася раней, першы лепшы атрад пратарыянцаў, які трапіцца яму ў дарозе, падпарадкуецца яго загадам.

І праз хвіліну яны ўдвух з Хіланам вырушылі праз Янікульскае поле да Трыумфальнай дарогі. На адкрытых месцах і тут былі прыстанішчы пагарэльцаў, аднак прабірацца між імі было не так цяжка, бо большасць жыхароў уцякала да мора па Партовай дарозе. За Септыміянскаю брамаю яны паехалі між ракою і цудоўнымі садамі Даміцыяў, магутныя кіпарысы ў якіх свяціліся чырванню ад пажару, нібы ад вечаровай зары. Дарога рабілася вальнейшаю, толькі часам ім даводзілася прабівацца праз патокі сялянаў, якія наплывалі ў горад. Вініцый як мага падганяў мула, Хілан жа, едучы тут жа за ім, усю дарогу размаўляў сам з сабою:

«Вось пажар застаўся ззаду і цяпер грэе нас у плечы. Ніколі яшчэ на гэтай дарозе не было так відно ў начы. О Зеўсе! Калі ты не спашлеш залевы на гэты пажар, то пэўна не любіш Рыма. Чалавечымі сіламі не патушыць гэтага агню. Такі горад, якому служыла Грэцыя і ўвесь свет! А цяпер першы лепшы грэк зможа пражыць свой боб у яго попеле. Хто б мог гэтага спадзявацца!.. І не будзе ўжо ні Рыма, ні рымскіх паноў... А як хто захоча хадзіць па пажарышчах, калі яны астынуць, і пасвістваць, той будзе пасвістваць, як яму хочацца. О багі! Пасвістваць над такім светаўладным горадам! Хто б з грэкаў альбо нават з варвараў мог гэтага спадзявацца?.. А між тым можна свістаць, бо куча попелу, ці яна засталася ад вогнішча пастухоў, ці ад спаленага горада, гэта толькі куча попелу, якую рана ці позна развее вецер».

Так гаворачы, ён час ад часу паварочваўся ў бок пажару і глядзеў на хвалі агню з зласлівым і заадно радасным тварам. І зноў казаў далей:

«Гіне! Гіне! І не будзе яго ўжо на зямлі. Куды цяпер свет будзе высылаць сваё збожжа, свае алівы і свае грошы? Хто будзе высылаць слёзы і золата? Мармур не гарыць, але крышыцца ў агні. Капітолій ператворыцца ў руіны і Палантын у руіны. О Зеўсе! Рым быў, нібы пастух, а іншыя народы, нібы авечкі. Калі пастух быў галодны, рэзаў адну з авечак, з'ядаў мяса, а табе, бацька багоў, ахвяраваў скуру. Хто, о Хмараўладны, будзе цяпер рэзаць і ў чые рукі ты ўкладзеш пастушыны бізун? Бо Рым гарыць, татухна, так добра, нібы ты сам яго пяруном падпаліў».

— Спяшайся! — падганяў яго Вініцый. — Што ты там робіш?

— Аплакваю Рым, пане, — адказаў Хілан. Гэткі Юпітэраў горад!..

І нейкі час яны ехалі моўчкі, услухваючыся ў гул пажару і ў шум птушынага крылля. Галубы, мноства якіх гняздзілася каля вілаў і па мястэчках Кампаніі, а заадно і ўсялякае палявое птаства, з па-над берагу мора і з бліжэйшых гор, прымаючы, пэўна, водсвет пажару за сонечнае святло, цэлымі чародамі ляцелі сослепу ў агонь.

Вініцый першы парушыў маўчанне:

— Дзе ты быў, калі выбухнуў пажар?

— Я ішоў да майго прыяцеля Эўрыцыя, пане, які трымаў краму пры Вялікім Цырку і якраз разважаў аб Хрыстовым вучэнні, калі пачалі крычаць: «Агонь!» Людзі дзеля ратунку і ад цікавасці збягаліся да цырка, але калі полымя ахапіла ўвесь цырк, і, апроч таго, агонь адразу пачаў успыхваць і ў іншых месцах, трэба было думаць пра сваё ўратаванне.

— Ці бачыў людзей, што кідалі паходні ў дамы?

— Чаго я толькі не бачыў, Энееў унуча! Я бачыў людзей, што пракладвалі сабе дарогу ў натоўпе мячамі; я бачыў бойкі і растаптаныя на бруку людскія вантробы. Ах, пане, калі б ты гэта ўсё бачыў, падумаў бы, што варвары здабылі горад і ўсчынаюць разню. Вакол людзі крычалі, што надышоў канец свету. Некаторыя зусім страцілі галовы і, забыўшы на ўцёкі, бяздумна чакалі, пакуль іх не ахопіць полымя. Хто звар'яцеў, хто енчыў з роспачы, але я бачыў і такіх, што вылі ад радасці, бо, пане, шмат ёсць на свеце ліхіх людзей, якія не ўмеюць ацаніць усіх дабрадзействаў вашага лагоднага панавання і тых справядлівых законаў, на падставе якіх вы адбіраеце ў іх усё, што яны маюць, і прысвойваеце сабе. Людзі не ўмець згадзіцца з воляю багоў!

Вініцый быў занадта заняты сваімі думкамі, каб заўважыць іронію ў Хіланавых словах. Яго ахапілі дрыжыкі ад адной думкі, што Лігія магла апынуцца сярод гэтай таўкатні, на гэтых страшных вуліцах, дзе растоптвалі людскія вантробы. І хоць ён ужо з дзесяць разоў выпытваў у Хілана пра ўсё, што той мог ведаць, ён звярнуўся да яго яшчэ раз:

— А ты іх бачыў у Астрыяне на свае вочы?

— Бачыў, сын Венеры, я бачыў дзяўчыну, добрага Ліга, святога Ліна і Пятра Апостала.

— Перад пажарам?

— Перад пажарам, Мітра!

Але ў душу Вініцыя закралася сумненне, ці не лжэ Хілан, таму ён, прытрымаўшы мула, пагрозліва паглядзеў на старога грэка і запытаўся:

— А ты што там рабіў?

Хілан сумеўся. Папраўдзе, як шмат каму, так і яму, здавалася, што разам з пагібеллю Рыма надыходзіць і канец рымскаму панаванню, але, будучы цяпер сам-насам з Вініцыем і ўспомніўшы, што той пад пагрозай страшэннай кары забараніў яму шпіёніць за хрысціянамі і асабліва за Лінам і Лігіяй.

— Пане, — сказаў ён, — чаму ты мне не верыш, што я іх люблю? Сапраўды, я быў у Астрыяне, бо я напалову хрысціянін. Пірон навучыў мяне цаніць дабрачыннасць больш, вышэй за філасофію, дык я і гарнуся штораз больш да людзей дабрачынных. А да таго, пане, я ж чалавек бедны, і калі ты, Юпітэр, гуляў у Анцыі, я часцяком галодны гарбеў над кнігамі, а таму садзіўся каля агароджы ў Астрыяне, бо хрысціяне, хоць і самі бедныя, але больш падаюць міласціны, чым усе астатнія жыхары Рыма, разам узятыя.

Гэтая нагода здалася Вініцыю дастатковаю, і ён запытаўся менш грозна:

— І не ведаеш, дзе на гэты час пасяліўся Лін?

— Ты мяне ўжо аднойчы пакараў за цікаўнасць, пане, — жорстка адказаў грэк.

Вініцый змоўк, і яны ехалі далей.

— Пане, — сказаў праз хвіліну Хілан, — ты не знайшоў бы дзяўчыну, каб не я, і калі мы яе знойдзем, ты не забудзешся пра беднага мудраца?

— Ты атрымаеш дом з вінаграднікам пад Амерыёлаю, — адказаў Вініцый.

— Дзякуй табе, Геркулесе! З вінаграднікам?.. Дзякую табе! Вось так! З вінаграднікам!

Яны цяпер міналі ўзгоркі Ватыкана, якія свяціліся чырванню ад пажару, але за Наўмагіяй павярнулі направа, каб, пераехаўшы Ватыканскае поле, наблізіцца да ракі і, пераправіўшыся праз яе, дабрацца да Фламініевай брамы. Раптам Хілан прытрымаў мула і сказаў:

— Пане! Мне прыйшла ў галаву добрая думка.

— Гавары, — сказаў Вініцый.

— Паміж Янікульскім узгоркам і Ватыканам, за садамі Агрыпіны ёсць падзямеллі, адкуль бралі каменні і пясок для будаўніцтва цырку Нерона. Паслухай мяне, пане! У апошні час юдэі, якіх, як ты ведаеш, мноства ў Затыбер’і, пачалі жорстка пераследаваць хрысціянаў. Памятаеш, як яшчэ пры боскім Клаўдзіі былі там такія хваляванні, што імператар мусіў выгнаць іх з Рыма. Сёння, калі яны вярнуліся, і, дзякуючы апецы Аўгусты, адчуваюць сябе ў бяспецы, яны тым большую чыняць шкоду хрысціянам. Я гэта ведаю! Я бачыў! Супроць хрысціянаў не вынесена ніводнага эдыкту, але юдэі абвінавачваюць іх перад прэфектам горада, быццам яны забіваюць дзяцей, ушаноўваюць асла і распаўсюджваюць вучэнне, не ўхваленае сенатам, а самі б’юць хрысціянаў і нападаюць на дамы малітвы так заўзята, што тыя вымушаны ад іх хавацца.

— Дык што ты хочаш сказаць? — спытаўся Вініцый.

— Тое, пане, што сінагогі існуюць адкрыта ў Затыбер’е, а хрысціяне, каб пазбегнуць ганенняў, вымушаны маліцца хаваючыся, і збіраюцца ў апусцелых пунях за горадам альбо ў пясчаных кар’ерах. Тыя, што жывуць у Затыбер’і, выбралі сабе якраз гэты, які ўтварыўся пры пабудове цырку і розных дамоў уздоўж Тыбра. Цяпер, калі гіне горад, вызнаўцы Хрыста, бясспрэчна, моляцца. Мы знойдзем іх незлічоную колькасць у падзямеллях, таму я раю, пане, табе, каб мы зайшлі туды па дарозе.

— Ты ж казаў, што Лін пайшоў у Астрыян! — нецярпліва ўсклікнуў Вініцый.

— А ты мне паабяцаў дом з вінаграднікам пад Амерыёлаю, — адказаў Хілан, — дык я хачу шукаць дзяўчыну ўсюды, дзе я спадзяюся яе знайсці. Пасля таго, як выбухнуў пажар, яны маглі вярнуцца ў Затыбер'е... Яны маглі абагнуць горад кругом, так як мы агібаем яго ў гэтую хвіліну. У Ліна ёсць дом, можа ён хацеў быць бліжэй да дому, каб убачыць, ці не ахапіў пажар і гэтай часткі. Калі яны вярнуліся, то прысягаю табе, пане, Персефонаю, што мы іх заспеем ў падзямеллі, ці на благі канец уведаем што-небудзь пра іх.

— Праўду кажаш, дык вядзі, — сказаў трыбун.

Хілан, не раздумваючы, павярнуў налева, да ўзгорка. На хвіліну схіл узгорка засланіў ад іх пажар, і, хоць блізкія пагоркі былі асветленыя, яны самі апынуліся ў ценю. Мінуўшы цырк, яны павярнулі яшчэ раз налева і ўвайшлі нібы ў цясніну, тут было зусім цёмна. Але ў гэтай цемры Вініцый заўважыў раі мігатлівых ліхтарыкаў.

— Гэта яны! — сказаў Хілан. — Іх сёння будзе тут больш, чым калі-небудзь, бо іншыя дамы малітвы згарэлі альбо поўныя дыму, як усё Затыбер'е.

— Так! Я чую спевы, — сказаў Вініцый.

З цёмнай адтуліны пагорка даносіліся спевы людзей, ліхтарыкі ж знікалі ў ёй адзін за адным. Але з бакавых равоў паказваліся ўсё новыя постаці, так што неўзабаве Вініцый і Хілан апынуліся між густой людской грамады.

Хілан споўз з мула і, кіўнуўшы падлетку, які ішоў побач, сказаў яму:

— Я — святар Хрыста і біскуп. Патрымай нашых мулаў і атрымаеш маё дабраславенне і адпушчэнне грахоў.

Пасля, не чакаючы адказу, сунуў яму ў рукі павады і разам з Вініцыем далучыўся да руху людскога натоўпу.

Праз хвіліну яны ўвайшлі ў падзямелле і пасоўваліся наперад пры цьмяным святле ліхтарыкаў па цёмным калідоры, пакуль не ўвайшлі ў прасторную пячору, з якой, відаць, яшчэ нядаўна бралі каменне, бо сцены яе былі ўтвораны са свежых яго адломаў.

Там было святлей, чым у калідоры, бо, апрача каганцоў і ліхтароў, гарэлі паходні. Пры іх святле Вініцый убачыў вялікі натоўп людзей, якія стаялі на каленях, выцягнуўшы ўгору рукі. Ні Лігіі, ні Апостала Пятра, ні Ліна ён нідзе ўбачыць не змог, а твары вакол яго былі ўрачыстыя і ўзрушаныя. На некаторых заўважалася чаканне, трывога і надзея. Бляск святла адбіваўся ў бялках узнесеных вачэй, пот сплываў па бледных, як крэйда, ілбах; адны спявалі песні, другія гарачкава паўтаралі імя Езуса, іншыя білі сябе ў грудзі. Па ўсім было відаць, што яны з хвіліны на хвіліну чакаюць нечага надзвычайнага.

Хутка песні змоўклі і над прысутнымі, у нішы, што ўтварылася на месцы адбітай агромністай глыбы, з’явіўся знаёмы Вініцыю Крысп з як бы напаўпрытомным тварам, бледным, фанатычным і суровым. Усе позіркі звярнуліся да яго, нібы чакаючы слоў надзеі і падтрымкі, ён жа, перахрысціўшы прысутных, пачаў гаварыць, паспешліва, ледзь не збіваючыся на крык:

— Журыцеся па вашых грахах, бо надышла хвіліна. Вось на горад злачынства і распусты, на гэты новы Вавілон Госпад спусціў знішчальны агонь. Прабіў час суду, гневу і пагібелі... Госпад запавядаў прыйсце, і вось зараз вы ўбачыце Яго! Але Ён ужо не прыйдзе, як ягнятка, ахвяраваўшы кроў за вашы грахі, а як страшны суддзя, які ў сваёй справядлівасці кіне ў бездань грэшных і бязверных... Бяда гэтаму свету і бяда грэшнікам, бо не будзе ўжо для іх міласэрнасці... Я бачу Цябе, Хрысце! Зоры дажджом сыплюцца на зямлю, зацьмяваецца сонца, зямля раскрывае прорвы свае, і мёртвыя паўстануць, а Ты ідзеш сярод гукаў труб і легіёнаў анёлаў, сярод перуноў і бліскавіцаў! Бачу і чую Цябе, о Хрысце!

Тут ён змоўк і, падняўшы твар, здавалася, пачаў углядацца ў нешта далёкае і страшнае. І тут у падзямеллі азваўся глухі гром, адзін, другі, дзесяты. Гэта ў ахопленым агнём горадзе пачалі з ляскатам завальвацца цэлыя вуліцы згарэлых дамоў. Але большасць хрысціянаў палічылі гэтыя водгаласы за відавочны знак, што настае страшная хвіліна, бо вера ў хуткае другое прышэсце Хрыста і ў канец свету была і так між імі распаўсюджана, а пажар горада цяпер яшчэ больш узмацніў яе. Страх Божы ахапіў прысутных. Шматлікія галасы пачалі паўтараць: «Дзень суда! Вось ідзе!» Некаторыя закрывалі далонямі твар, упэўненыя, што зараз зямля зыдзе са сваіх асноў, і з яе прадонняў выйдуць пякельныя пачвары, каб накінуца на грэшных. Адны крычалі: «Хрысце, змілуйся! Заступніку, будзь літасцівы!..» Другія ўголас спавядаліся ў сваіх грахах, нарэшце, іншыя кідаліся ў абдымкі, каб у суджаную хвіліну мець побач з сабою нечае блізкае сэрца.

Але былі і такія, што стаялі, нібы ўзятыя на неба, з незямною ўсмешкаю на тварах, без ценю трывогі. У некалькіх месцах пачуліся галасы — гэта людзі ў рэлігійным экстазе пачалі выкрыкваць незразумелыя словы на незнаёмых мовах. Нехта з цёмнага кутка пячоры выгукнуў: «Прабудзіся, хто спіць!» І над усім панаваў Крыспаў вокліч: «Будзьце пільныя! Будзьце пільныя!»

Аднак хвілінамі ўсё ж усталёўвалася маўчанне, нібы ўсе, затрымліваючы дыханне, чакалі, што будзе далей. І тады было чуваць далёкі грукат дамоў, што, спаленыя, абвальваліся цэлымі кварталамі, пасля чаго зноў даносіліся енкі, малітвы, галасы і воклічы: «Збаўца, злітуйся!» Часам Крысп зноў пачынаў крычаць: «Адцурайцеся зямных дабротаў, бо хутка не стане ў вас зямлі пад нагамі! Адцурайцеся зямнога кахання, бо Госпад знішчыць тых, хто больш, чым Яго, любілі сваіх жонак і дзяцей. Бяда тым, хто любіць стварэнне больш, чым Творцу! Бяда багатым! Бяда ліхвярам! Бяда распуснікам! Бяда мужчыне, жанчыне і дзіцяці!..»

Раптам гук, мацнейшы за ўсе папярэднія, страсянуў каменаломню. Усе ўпалі ніц, прасціраючы ў бакі рукі, каб яны ўтварылі з целам крыж і гэткім чынам абаранілі ад злых духаў. Настала ціша, у якой было чуваць толькі прыспешанае дыханне, поўныя страху шэпты: «Езусе, Езусе, Езусе» і дзе-нідзе дзіцячы плач. І тут па-над гэтым распрасцёртым ніцма натоўпам чыйсці спакойны голас сказаў:

— Мір вам!

Гэта быў голас Апостала Пятра, які толькі што ўвайшоў у пячору. Ад гуку яго слоў страх прапаў у адну хвіліну, як знікае страх у цэлага статка, калі да яго прыходзіць пастух. Людзі падняліся з зямлі, хто быў бліжэй, пачалі гарнуцца да яго каленяў, нібы шукаючы апекі пад яго крыламі, ён жа выцягнуў над імі рукі і сказаў:

— Чаму вы трывожыцеся ў сэрцах? Хто з вас адгадае, што яго можа напаткаць, пакуль не прыйшла тая гадзіна? Госпад пакараў агнём Вавілон, але над вамі, якіх абмыла хрышчэнне і за грахі якіх заплаціў сваёй крывёю Ягнятка, будзе Яго міласэрнасць, і вы памрэце з імем Яго на вуснах вашых. Мір вам!

Пасля пагрозлівых і неміласэрных Крыспавых слоў словы Пятра сталі нібы бальзам для прысутных. Замест страху Божага душы ахапіла Божая ласка. Гэтыя людзі знайшлі таго Хрыста, якога пакахалі, пачуўшы аб ім з вуснаў Апосталаў, не бязлітаснага суддзю, а салодкага і цярплівага Ягнятка, міласэрдзе якога ў сотні разоў пераўзыходзіць людскую злосць. Пачуццё палёгкі ахінула ўвесь збор, і надзея разам з удзячнасцю да Апостала напоўніла сэрцы. Пачуліся з усіх бакоў галасы: «Мы твае авечкі, пасі нас!» А бліжэйшыя да яго прасілі: «Не пакідай нас у дзень бяды!» І яны кленчылі каля яго каленяў і, убачыўшы гэта, Вініцый наблізіўся да яго, схапіў край яго плашча і, нахіліўшы галаву, сказаў:

— Пане, ратуй мяне! Я шукаў яе ў дыме пажару і ў людскім натоўпе і нідзе не мог знайсці, але я веру, што ты можаш вярнуць яе мне.

Пётр жа паклаў руку яму на галаву.

— Вер, — сказаў, — і хадзем са мною.

Пераклад Анатоля Клышкі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY