Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Язэп ЯНУШКЕВІЧ

З РОДУ ПАЛЕАЛОГАЎ

або

Юры ЛЯСКАРЫС — невядомы паэт і паўстанец…

Спадар Ляскарыс дарэмна захапляецца тым, што ён Літвін…

Паэт шляхетнага пачуцця замілавання да краю не павінен знявольваць сябе ў межах цеснай правінцыяльнасці.

З прыжыццёвых
крытычных водгукаў.

Юры-Альбэрт-Павал ЛЯСКАРЫС. Мастак Галіна Хінка-Янушкевіч.

Якая Ты багатая, Беларусь-Літва, што і ў ХХІ стагоддзі можаш дазваляць сабе раскошу адкрываць уласныя невядомыя духоўныя скарбы ажно з пазамінулых стагоддзяў! Скарбы, якія іржа не точыць, моль не есць: невядомыя імёны нашых далёкіх продкаў-герояў.

Юры ЛЯСКАРЫС (1828–1888) — адзін з іх.

Гэтае прозвішча не сустрэнеце вы ў аніводнай айчыннай энцыклапедыі-даведніку, пачынаючы ад вузкагаліновай «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (пачатку 1980-х гадоў) да адмысловай сямітамовай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (ЭГБ; Мінск, 1993–2003). У апошняй, прыкладам, пра род, з якога выйшла некалькі дзеячаў з прозвішчам «Ляскарыс», слынных у гісторыі ВКЛ, не тое што няма прысвечанай хоць бы адной асобнай персаналіі, але наогул не прыгадваецца.

Тым не менш, у пазамінулым стагоддзі Юры Ляскарыс стаў аўтарам сотні публікацый, аднатаваных цяпер у польскіх даведніках-картатэках. І гэта, падазраю, пакуль не поўны бібліяграфічны спіс. А яшчэ ж Ляскарыс-літаратар быў і аўтарам асобных выданняў, зборнікі якога «Kartki z życia», «Urywek z rozmowy oryginalnie wierszem spisany», «Pięć hymnów», «Ludzie prości», «Rarogi salonowe», «Rarogi obywatelskie» ды іншыя выдаваліся не толькі ў старадаўняй сталіцы краю — у Вільні. Кнігі й альманахі з ягоным удзелам выходзілі на землях этнаграфічна польскіх, у Варшаве ды Познані. Гэта адтуль потым будуць папракаць Юрыя Ляскарыса за «лішні» літвінскі патрыятызм і тэматыку. І сёння там ён уганараваны хіба што асобнымі артыкуламі ў даведніках кшталту «Польскі біяграфічны слоўнік» (1971 г., т. 16), а на сваёй радзіме забыты. Відавочна таму, што не пісаў на мове люду, сярод якога жыў.

Наогул, рыхтуючы гэты нарыс пра забытага творцу, сутыкнуўся з няпэўнасцю (зрэшты, традыцыйнай) што да месца нараджэння творцы і што да месца ягонага апошняга спачыну. Айчынным даследчыкам культуры нашага пазамінулага стагоддзя да такога не прывыкаць. А вось польскім калегам фармулёўкі «нарадзіўся каля Вільні» і «памёр у Вілейскім павеце» або «пахаваны ў Даўбарове пад Радашкавічамі» відавочна падаюцца ў розных навуковых артыкулах «некамфортнымі» з-за сваёй прыблізнасці.

 
«Nec me fulgura!» — «І нават маланкі мяне не спыняць!»
Дэвіз над гербам Ляскарысаў, нашчадкаў візантыйскіх імператараў у Ніццы.
Невядомыя аўтографы Юрыя Ляскарысa:
вершаваны і эпісталярны (ліст з Бабруйска,
датаваны [высланы] 26 студзеня 1887 г.).

Імпульсам да напісання гэтага нарыса стаў якраз адзін адказ на «няпэўнасць». Дзякуючы дапытлівасці Аляксея Янушэўскага, неабыякавага краязнаўцы і няўрымслівага даследніка памятных мясцін (і асабліва могілкаў), звязаных з падзеямі паўстання 1863–1865 гадоў на нашай Бацькаўшчыне, а таксама ягонаму зацікаўленню лёсамі саміх удзельнікаў, зусім нядаўна, на пачатку вясны бягучага 2022 года, ім была адшуканая магіла паэта-паўстанца. Адшукалася яна на парафіяльных могілках у мястэчку Рáдашкавічы з строгім лаканічным надпісам: «Юры [Ежы] ЛЯСКАРЫС, нар[адзіўся] 1 кастрычніка 1828 г. пам[ёр] 9 чэрвеня 1888 г.»

Што паказальна, на месцы пахавання знаходзяцца фактычна два (!) надмагільныя помнікі: адзін з іх — чорны граніт, другі — чырвоны мармур. На абодвух прозвішча паўстанца выбіта разам з прозвішчам ягонай каханай жонкі, графіні Антаніны Забелы: «…Антаніна з Забелаў, нар[адзілася] 22 лютага 1835 г. / пам[ерла] 22 ліпеня 1888 г. Супакой іх душам!»

Адна з надмагільных плітаў Ляскарысам,
Юрыю і ягонай жонцы графіні Антаніне Забялянцы.

На жаль, месца іхняга супачыну занядбалае: помнікі зрынутыя з пастаментаў і валяюцца (калі так можна казаць пра цяжэзныя гранітныя пліты). Дзікая эпоха савецкай антырэлігійнасці пакінула сваю пячатку не толькі на гэтых магілах. Упершыню наведваючыся ў Рáдашкавічы, заўважыў на падыходзе да іх высокі строгі помнік Аляксандру Тышынскаму — яшчэ аднаму слыннаму літаратару тутэйшай зямлі (у адным з некралогаў адзначалася, што Ляскарыс спачыў на адным з Тышынскім цвінтары). На помніку Тышынскага крыж адбіты: тоўсты, чугунны адломак жалеза ўзвышаецца на строгім высокім простакутніку, як зламаны ў няроўнай цяжкой сечы родавы меч…

Паглыбляючыся ў творчую спадчыну Юрыя Ляскарыса (апублікаваную), быў уражаны эрудыцыяй і мастацкім густам паэта (гэта адзначыць у некралогу слынны сучаснік Вінцэсь Каратынскі). Яскравым прыкладам назаву артыкул «Нататка з галіны мастацтваў у Літве за 1857 год» («WSPOMNIENIE Z DZIEDZINY SZTUK PIEKNYCH NA LITWIE w roku 1857». Хоць першае слова ў арыгінале звычайна перакладаецца як «успамін», але тут мне яно ўспрымаецца-прачытваецца як літаратурны жанр, у якім Ляскарыс выказвае свае адносіны сучасніка падзей.

«Задумваючыся над тым, у якой галіне мастацтва мы найбольш выявілі свой характар, мяркуем, што ў паэзіі», — адзначае на пачатку Ляскарыс і пералічвае «слынныя імёны» Міцкевічаў, Залескіх, Адынцоў ажно да сучасніка Сыракомлі, дзякуючы якому слава пра край літвінаў распаўсюдзілася шырока. Аналізуючы сучасны стан музыкі, называе імёны і творы Станіслава Манюшкі, Фларыяна Міладоўскага, Лапацінскага, Ігнася Залескага ды іншых творцаў, бачыць заслугу музыкаў у тым, што нарэшце сярод спрэс італьянскіх, нямецкіх, французскіх матываў прабіваюцца рэаліі зямлі над Нёманам.

Што да твораў выяўленчага мастацтва, Ляскарыс досыць падрабязна спыняецца на немалым шэрагу палотнаў, якія паўсталі з-пад пэдзля, разца ці графічнага пяра Дмахоўскага, Ілаковіча, Кулешы, Русецкага (бацькі), Рыпінскага, Смакоўскага, Сляндзінскага, Шэмеша, і да маладзейшых Антося Залескага, Зянкевіча, Майраноўскага, Андрыёлі.

На даляглядзе — радашкавіцкі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай
Дзевы Марыі, пробашч якога ксёндз Юры Быкаў падакляраваў
у найбліжэйшы час аднавіць знявечаныя помнікі на магілах.

Упэўнены: да гэтай публікацыі ў будучым звернуцца айчынныя мастацтвазнаўцы, ацэньваючы густ і эрудыцыю свайго калегі з пазамінулага стагоддзя. Выкажу толькі сваю думку: адзін гэты капітальны нарыс-агляд пра нашае мастацтва сярэдзіны ХІХ стагоддзя, калі ў будучым перакладзецца на беларускую мову, будзе проста «расцяганы» на цытаты літаратуразнаўцамі, музыказнаўцамі, мастацтвазнаўцамі і гэтак далей… Зрэшты, сам факт, што выдавец «Тэкі віленскай» Адам-Ганоры Кіркор у абмежаванае кола сваіх аўтараў прыцягнуў Ляскарыса, сведчыць пра добрую славу літаратара ў сваім прафесійным коле.

Ці не адзіным з сучасных прафесійных гісторыкаў-навукоўцаў, хто цікавіўся спадчынай Юрыя Ляскарыса, выявіўся Генадзь Кісялёў. Непераўзыдзены біёграф Кастуся Каліноўскага і ўніклівы даследчык велічнай нацыянальнай з’явы, якой лічыцца Паўстанне 1863–1865 гадоў, Г. Кісялёў зацікавіўся Ляскарысам як удзельнікам паўстання. У сваёй фактурнай кнізе «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (Мінск, 1994) гісторык паўстання цэлы раздзел прысвяціў Зыгмунту Чаховічу (да слова, герою выдатнай Караткевічавай п’есы пра Янку Купалу «Калыска чатырох чараўніц)», у якім згадваецца і наш малавядомы герой, паколькі «Чаховіч быў сябрам па дваранскім інстытуце i ўніверсітэце віленскага паэта i крытыка Ежыя Ляскарыса. Збяднелы нашчадак старажытнага арыстакратычнага роду, які паходзіў нібыта ажно ад саміх грэчаскіх Палеалогаў i ганарыўся візантыйскім арлом у сваім гербе, Ляскарыс жыў у свеце літаратуры i мастацтва. Выхоўваўся Чаховічаў прыяцель у доме Залескіх, яго неразлучнымі сябрамі-пабрацімамі былі Антон Залескі, мастак-графік, i брат апошняга Ігнат, кампазітар. Да гэтага ж асяроддзя належаў вядомы мастак Эльвіро Андрыёлі i іншыя прадстаўнікі мастацкай інтэлігенцыі краю. У той або іншай меры Чаховіч мусіў зблізіцца з Сыракомлем, Каратынскім, Манюшкам — сябрамі Ляскарыса. Усё гэта, як правіла, дэмакраты, не чужыя вызваленчаму руху, а потым i паўстанню Кастуся Каліноўскага».

Праўда, Г. Кісялёў не назваў яшчэ адну якасць Чаховічавага сябра: талент мемуарыста. Менавіта з-пад пяра Ляскарыса-паўстанца, выйшаў нарыс «Паход Серакоўскага на Курляндыю ў 1863 годзе», апублікаваны ў адным з парыжскіх эміграцыйных выданняў ужо ў 1865 годзе. Відавочна, гісторык не быў знаёмы з гэтым рэдкім тэкстам, як і з успамінамі Юрыя Ляскарыса пра яшчэ аднаго легендарнага паўстанцкага камандзіра Клета Карэву (1837–1863), вайсковага начальніка Троцкага павета (вядомага пад мянушкай «Скірмунт»). Схоплены на самым пачатку паўстання, 16 сакавіка 1863 года, ён праз тыдзень быў расстраляны ў Коўне (24.03.1863). У гісторыі паўстання, агульнага вызвольнага зрыву беларусаў, летувісаў, палякаў, украінцаў, смерць Клета Карэвы лічыцца першай экзекуцыяй на мужнай, змагарнай Жмудзі. І дадам цяпер, што ўспаміны Ляскарыса сталі першым біяграфічным матэрыялам пра нацыянальнага героя Летувы.

Помнік яшчэ аднаму слыннаму мясцоваму літаратару ХІХ стагоддзя,
Аляксандру Тышынскаму (1811–1880),
пахаванаму на Рáдашкавіцкім цвінтары.

Наогул, як вынікае з паўстанцкага лёсу Юрыя Ляскарыса, яму даводзілася змагацца ў шэрагах паўстанцкіх атрадаў (Карэвы, Серакоўскага), пад началам легендарных паўстанцкіх завадатараў Фелікса Віславуха ды ксяндза Антанаса Мацкявічуса. Нейкім цудам ацалелы ў сутычках з акупантамі, Ляскарыс у выніку апынуўся ў эміграцыі. Найбольш жыў у Францыі, дзе таксама не адкладаў убок сваё таленавітае пяро (апроч названых, напісаў уласныя творы: Trzy rymy (Przed powstaniem, Podczas powstania, Na emigracji; Śpiew; Odpowiedz lutnisty і інш.).

Што ўратавала Юрыя не толькі ў баявых сутычках, але і ад галечы выгнанніка? Слушна, каханне. Вялікае каханне, якое даецца й пражываецца адзін раз у жыцці. Яшчэ да паўстання ён сустрэў адну з найпрыгажэйшых літвінак — Антаніну Забялянку-графянку («Тося-Антаніна» была дачкою Флоры, якая таксама вылучалася сваёю пекнатою; гэтую графскую прыгажуню ўвечніў паэт Адынец, пішучы свае ўспаміны пра Адама Міцкевіча). Антаніна-графянка дабралася ў Парыж, дзе ўзяла шлюб з безграшовым эмігрантам. Болей за тое: праз дзесяцігоддзе здолела выстарацца для мужа амністыю і прывезці яго на радзіму.

Перад вяртаннем была спроба затрымацца ў Польшчы, дзе ў падваршаўскіх маёнтках Ляскарыс меркаваў жыць з заробку арандатара магнацкіх латыфундый (зноў спрыяла пратэкцыя жонкі графіні). Магчыма, Ляскарысы, не зважаючы на атрыманую амністыю, не атрымалі дазволу жыць на Бацькаўшчыне. На шчасце, эканамічна жыццё не заладзілася. Выгнаннікі вярнуліся ў Беларусь. Да гэтага шчаслівага моманту дажывалі не ўсе паўстанцы. Жылі напачатку ў Бабруйску, потым у Даўбарове пад Радашкавічамі.

…З усіх маіх архіўна-навуковых публікацый гэтая неяк ад пачатку «сама ішла ў рукі», пачынаючы ад адшуканай А. Яну- шэўскім магілы нашага героя і ягонага партрэта ў пасмяротным некралогу да метрыкаў смерці і хросту, «вылаўленых» на прасторах інтэрнэту і дасланых мне Антонам Брылём (дзякуй яму шчыры!). Як вынікае з апошніх дакументаў, герой наш пры хросце (ахрышчаны быў у Вільні) атрымаў тры імя: Юры-Альбэрт-Павал (Georgium, Albertum Paulum). Зразумела, што ў будучых біяграфічных артыкулах, якія абавязкова з’явяцца ў айчынных энцыклапедыях ХХІ стагоддзя, гэта будзе адзначана, як і ў краязнаўчых матэрыялах пра Маладзечанска-Радашкавіцкі край. Такімі землякамі ганарацца, іх імёнамі называюць новыя вуліцы.

Упэўнены, у светлай будучыні нашага несмяротнага народа мемарыяльныя сляды яе вернага і годнага сына — паэта, паўстанца, мастацтвазнаўцы, мемуарыста, таленавітага журналіста — Юрыя-Альбэрта-Паўла Ляскарыса, сына вайсковага афіцэра Тэадора і Вікторыі Сакальнічанкі (з роду Сокалаў) з’явяцца ў Даўбарове, Бабруйску, Рáдашкавічах — на Радзіме нашчадка з легендарнага роду Палеалогаў.

Сакавік–травень 2022 г.
Ракаў — Трыпуці.

Здымкі Аляксея Янушэўскага і аўтара.

P.S. Як даўні чытач і аўтар «Нашай веры» цешуся, што першае набліжэнне да постаці Ляскарыса адбылося і трапіла якраз у 100-ы нумар «Нашай веры» — як жа адметнага часопіса ў гісторыі Беларусі ХХ–ХХІ стагоддзяў. Віншую!

Гл. таксама:
ЮРЫ ЛЯСКАРЫС :: ВЕРШЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY