Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Андрэй ДУБІНІН

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ

Да сотага нумара «Нашай веры»

Мы наблізіліся да маленькага цуду — часопіс «Наша вера» складаецца са ста кніжак! Адразу прабягаюць асацыяцыі — «Нашай веры» нямашака без «Нашай надзеі» і «Нашай любові» да Існага і Адвечнага. І як «Нашу веру» утвараюць дзясяткі асобных артыкулаў-эсэ, так і сваю асабістую веру-надзею-любоў я пражываю праз нейкія драбніцы жыцця, якія надаюць адчувальнасці гэтым няўлоўным паняццям. Прад маімі вачыма прабягаюць абразкі, што пакінулі ўва мне свой след...

Вера

Pittore! Pittore! (Мастак!) — галасы ў калідоры выцягнулі мяне з віру жывапісу, і ў майстэрню ўвайшлі прыгажуны-паўбогі, падобныя адзін да аднаго, — потым да мяне дайшло, што яны браты. Звалілі ля акна рулоны пунсовага аксаміту, абабітага золатам. Усмешлівыя, з чорнымі валасамі, што вольна віліся, шырокія плечы і моцныя рукі — на запясцях спецыяльныя напульснікі з мноствам невялікіх цвікоў, дзелавіта сфатаграфавалі на тэлефоны мяне і мае карціны, хутка гаворачы па-неапалітанску. Вокны майстэрні з’яўляюцца вокнамі алтарнай апсіды базылікі, для якой я і працую, у іх бачны інтэр’ер храма. І бясстрашныя, звыклыя да сваёй працы, браты спрытна перабраліся праз адно з вокнаў на ўнутраны гзымс храма. Застукалі весела малаткі, і пунсовы аксаміт па гзымсе стаў хутка аббягаць цэнтральную наву, трансэпт і алтар, паўтараючы крыжападобна асноўны аб’ём храма. Далёка ўнізе, прад алтаром, відаць была труна з целам падрэ Ан’ела. Храм прыбіраўся для развітання з адным са сваіх манахаў.

Фрыз абабіты спорна
Храма наўкрыж. Ізноў у труне
Манаха спакой.

 

Надзея

…У той час я ствараў роспіс на плафоне Базылікі святых Францішка і Антонія ў Кава-дэі-Тыррэні, на поўдні Італіі. Жылі мы з манахамі, елі, жартавалі, слухалі набажэнствы, ладзілі святы.

Аднойчы ад нашага сябра Кармінэ, парафіяніна, пачулі гісторыю пра тое, як ён навярнуўся да веры і стаў адданым менавіта гэтаму кляштару францішканаў.

…У маладосці працуеш многа і старанна, таму малады кандытар зранку да вечара выпякаў і развозіў па крамках свае цудоўныя слойкі, ражкі і піражкі. Неяк далёка ад дому зламаўся ягоны фургончык. Грошай у маладосці таксама звычайна не стае. Што рабіць? Пайшоў безнадзейна да бліжэйшага будынку. Гэта і быў кляштар францішканаў. Падрэ Федэле, што ўзначальваў кляштар, выслухаў горкую гісторыю кандытара, запытаў, колькі яму трэба грошай на рамонт, і без усялякіх распісак даў значную суму, напавер. Праз пэўны час Кармінэ вярнуўся да падрэ Федэле, каб вярнуць пазыку, і, як бачым, працэнтам стаўся ён сам. Падрэ Федэле, ніякі не ліхвяр, геніяльна даў грошы ў рост — у поўны рост чалавека. Гэты садоўнік разгледзеў парастак адвечнага ў душы Кармінэ і выпрастаў яго на ўсю вышыню душы.

Падрэ Марыяно і падрэ Федэле сярод першых парасткаў у кляштары святых Францішка і Антонія — у месцы, дзе жыццё бягучае спынілася дзеля жыцця вечнага…

 

Любоў

…«Усё выйшла з тла і ўсё вяртаецца ў тло», як сказана ў кнізе Эклезіясту.

Вось і падрэ Федэле спачыў, і на каляды новы падрэ гвардыяна (Padre Guardiano) кляштара францішканаў, падрэ Джыджыно, зрабіў кірмаш у дворыку. Вельмі нечакана было пабачыць асабістыя рэчы падрэ Федэле на распродажы. Першае ўражанне было нават не дужа прыемнае, але ў знак любові і павагі да падрэ Федэле я набыў некалькі рэчаў і цяпер перакананы — гэта была найлепшая ідэя — растварыць-распусціць тое, што прыняло ў сябе частку душы вялікага чалавека, сярод людзей. Часам я бяру з паліцы масянзовую тачылку для алоўкаў, зробленую ў форме шаляў-бязмену. Соваючы мініяцюрную гірку па рычагу, прыгадваю падрэ Федэле і ягоную здольнасць разважыць і ўзважыць чалавека, дзе на адным канцы рычага сам чалавек, а на другім — уся вера і любоў да чалавека.

Вера ў жыццё вечнае, надзея на лепшае ў чалавеку, любоў да свайго блізкага — гэта ўсё кроплі веры кожнага чалавека, што складаюцца ў цудоўны калейдаскоп «Нашай веры».

Андрэй Дубінін


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY