Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(100)/2022
Крыстына ЛЯЛЬКО
З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

БУЙНІЦЫ І ДРАБНІЦЫ
У кантэксце Бібліі
Сведчаць архівы

УЗОРЫ «ЗІМОВАЙ ГОТЫКІ»
Асобы
Пераклады
Вершы

ВЕРШЫ
Рэфлексіі
Постаці
Вершы

ВЕРШЫ
Успаміны
Постаці
Прэзентацыя
Пераклады
Мастацтва
Пераклады

Крыстына ЛЯЛЬКО

З НАГОДЫ СОТАГА НУМАРА

У гэтым часе, як у злой кудасе,
Калі бяды вакол — хоць пі нагбом,
выходзіць соты нумар, соты «том»
часопіса, што стаў святлом
для чытачоў адданых…

І, вядома, не толькі для нашых адданых і шаноўных чытачоў, але і для нас саміх, супрацоўнікаў, асабліва для тых, хто ў далёкім 1995 годзе задумаў стварыць «каталіцкі часопіс для інтэлігенцыі»… Цяпер, на сталы розум, з дыстанцыі часу і атрыманага (не заўсёды простага і лёгкага) досведу, тая ідэя здаецца не толькі смелаю, але крыху нават авантурнаю, бо не было ні грошай на выданне, ні належнага запасу матэрыялаў… Затое ў сэрцах жыло вялікае жаданне зрабіць як мага больш для духоўнага адраджэння Краіны і Касцёла, якое тады толькі распачыналася… Трэба сказаць, што годам раней усё тою ж няўрымсліваю грамадкаю свецкіх католікаў ужо была заснавана пры Фондзе Маці Божай Фацімскай (а крыху раней і сам Фонд) газета «Ave Maria», якая пасля таксама стала часопісам…

Зразумела, што без падтрымкі і дзеяння Божага Провіду тыя авантурна-смелыя пачынанні былі б немагчымыя, бо ні ў кога з нас, звыклых філолагаў і журналістаў, якія датуль працавалі пераважна ў рэдакцыях дзяржаўных газет і часопісаў, не было не тое што тэалагічнай адукацыі, але нават і грунтоўнай катэхізацыі, апроч, хіба, хатняй. Такі быў час. Не было побач з намі тады ні касцёльных кансультантаў, ні дарадчыкаў, ні цэнзараў. Было, аднак, ад пачатку Божае спрыянне і заўсёды адчувальная апека Маці Божай. Праяўлялася гэта ў самых нечаканых і, можна сказаць, цудоўных момантах. Напрыклад, у атрыманым благаслаўленні на гэтую працу сёння святога Папы Яна Паўла ІІ. Было тое ў верасні 1994 года. А калі праз год у той жа летняй рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа я ўручыла Святому Айцу некалькі нумароў «Ave Maria», ён, прыкметна ўзрадаваны, сказаў: «Як жа добра, што ўжо маеце каталіцкі друк на роднай мове». Словы Папы запомніліся на ўсё жыццё і заўсёды былі (і ёсць!) падтрымкаю і матывацыяй для працы…

Незабыўная сустрэча з Папам Янам Паўлам ІІ.
Кастэль Гандольфа, 25 верасня 1994 г.

Ідэю стварэння квартальніка «Наша вера» адразу падтрымаў святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк. Словы яго благаслаўлення змешчаны на 2-й старонцы вокладкі 1-га нумара. Яго Эмінэнцыя пісаў: «Вітаю і благаслаўляю з’яўленне квартальніка „Наша вера“. Маю надзею, што сваімі публікацыямі часопіс дапаможа духоўнаму выхаванню нашага грамадства, што стане карысным і неабходным шырокаму колу беларускіх чытачоў».

Трэба сказаць, што і сам кардынал ад пачатку быў зацікаўленым чытачом і заўсёды жаданым аўтарам часопіса.

Успамінаючы першыя крокі нашага квартальніка, хацелася б з вялікаю ўдзячнасцю згадаць тагачаснага нунцыя Апостальскай Сталіцы ў Беларусі Аўгустыно Маркетто, які нас заўсёды падтрымліваў і радасна вітаў новае каталіцкае выданне. На жаль, цяжкая хвароба змусіла арцыбіскупа Аўгустыно перапыніць дыпламатычную місію ў нашай краіне. Развітваючыся з калегамі-дыпламатамі, у якасці падарунка ён уручаў ім 1-ы нумар часопіса «Наша вера»: хацеў, каб прадстаўнікі іншых краінаў таксама пра яго ведалі… Праз некалькі гадоў, прайшоўшы цяжкі шлях змагання з хваробаю і перамогшы яе, наш былы нунцый напісаў аповесць «Праз тунэль надзеі», якая была надрукавана ў перакладзе на беларускую мову ў 1-м нумары часопіса «Наша вера» за 1999 год…

Зразумела, распачынаючы выданне такога грунтоўнага гісторыка-культуралагічнага рэлігійнага часопіса, абавязкова трэба было ўлічваць досвед нашых папярэднікаў, беларускіх святароў-адраджэнцаў. Досвед, які, на жаль, быў перапынены, абарваны бязбожнаю савецкаю сістэмаю. Вярнуцца да гэтага досведу, адчуць і ўбачыць яго багаты і жывы плён на працягу многіх гадоў нам дапамагаў выдатны беларускі гісторык з Варшавы Юры Туронак. Ён адразу ўвайшоў у склад рэдакцыйнай рады часопіса, быў яго актыўным аўтарам, мудрым дарадцам і ўважлівым чытачом. Колькі арыгінальных і глыбокіх тэкстаў, старадрукаў, архіўных матэрыялаў атрымала ад яго рэдакцыя! Колькі вядомых і невядомых асобаў каталіцкіх святароў і дзеячаў каталіцкага адраджэння ён нам адкрыў, колькіх аўтараў параіў! Як жа не хапае нам цяпер надзейнага сяброўскага пляча спадара Юрыя! Няхай Бог яму аддзячыць у шчаслівай вечнасці...

Поруч з ім хочацца ўдзячным словам згадаць тых сяброў рэдкалегіі квартальніка, якіх ужо няма побач з намі: мастацтвазнаўцу Аляксандра Ярашэвіча, гісторыка Уладзіміра Ляхоўскага, пісьменніцу Альбіну Сямёнаву, паэта Мар’яна Дуксу. Молімся, каб іх светлыя душы Бог прыняў у сваё Валадарства…

Старонкі «Нашай веры» ў свой час упрыгожвалі сваімі творамі народныя пісьменнікі і паэты Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, выдатныя вучоныя і творцы Уладзімір Конан, Анатоль Грыцкевіч, Адам Мальдзіс, Арсень Ліс, паэты Алесь Разанаў, Ніна Мацяш, Анатоль Вярцінскі, Валянціна Коўтун, перакладчыкі Васіль Сёмуха і Уладзімір Мархель, рэжысёр-дакументаліст Юры Гарулёў…

Радасна, што і сёння ёсць каму падтрымліваць і ўзбагачаць творчы патэнцыял «Нашай веры». Сярод аўтараў квартальніка Данута Бічэль, Васіль Зуёнак, Ян Чыквін, Васіль Жуковіч, Ірына Багдановіч, Ірына Жарнасек, Алесь Жлутка, Язэп Янушкевіч, Марына Пашук, Жанна Некрашэвіч-Кароткая, Уладзімір Кароткі, Аркадзь Шпунт, Ігар Сурмачэўскі, Валеры Буйвал, Галіна Сініла, Ева Лявонава, Тамара Габрусь, Галіна Тварановіч, Леанід Галубовіч, Аксана Данільчык, Міхась Скобла, Андрэй Дубінін, Надзея Усава, Франц Сіўко, Ірына Бурак, Юлія Шэдзько, Ганна Шаўчэнка, Іна Бігель, Алена Сямёнава-Герцаг, Вера Лойка, Святлана Грачухіна, Андрэй Шпунт, Вольга Бажэнава, Святлана Шэйпа, Святлена Немагай, фотакарэспандэнты Анатоль Кляшчук і Мікола Новікаў…

У гэтым кароткім артыкуле не ўдасца, на жаль, узгадаць усіх аўтараў, але ўсім вам — наша бязмежная ўдзячнасць і надзея на новыя сустрэчы на старонках квартальніка…

Асобна хацелася б падзякаваць таксама духоўным асобам — біскупам і святарам, якія сваімі артыкуламі і інтэрв’ю надаюць зместу квартальніка тэалагічную глыбіню, арыентуючы нашых чытачоў на вечныя і непрамінальныя каштоўнасці: арцыбіскупам Тадэвушу Кандрусевічу і Юзафу Станеўскаму, біскупам Алегу Буткевічу, Аляксандру Кашкевічу, Антонію Дзям’янку, Юрыю Касабуцкаму, Аляксандру Яшэўскаму, святарам Аляксандру Амяльчэню, рэдакцыйнаму кансультанту Дзмітрыю Пухальскаму, Ігару Лашуку, Аркадзю Куляху, Сяргею Сурыновічу, Аляксандру Жарнасеку, Раману Шульцу, Міколу Гракаву, Кірылу Бардонаву…

Асаблівае слова прызнання і падзякі — дырэктару выдавецтва «Про Хрысто», сябру рэдкалегіі Аліне Новікавай за сумеснае нараджэнне ідэі квартальніка і пастаянны клопат пра яго выданне…

Азіраючы сёння ўвесь наш творчы «палетак», падсумоўваючы сабраны плён, абавязкова трэба згадаць першыя «засеўкі», першыя нумары, а значыць і першага нашага тэхрэда Зміцера Герасімовіча, які распрацаваў модуль часопіса, стварыў, так бы мовіць, ягонае «аблічча», пра якое ўжо доўгія гады рупліва дбае і таленавіта яго ўдасканальвае наш цяперашні мастацка-тэхнічны рэдактар Алег Глекаў (часам у творчым тандэме з мастацкім рэдактарам, графікам Уладзімірам Вішнеўскім).

Ад самага пачатку выдання арганізацыю працы і яе тэхнічную падтрымку надзейна забяспечваюць Эльвіра Палінеўская і Антаніна Ваўчок.

Прыгажосць і правільнасць мовы — нязменны клопат стыльрэдактара і карэктара часопіса Лідзіі Камінскай, якая з’яўляецца таксама аўтарам многіх цікавых тэкстаў…

Усім калегам — штатным і пазаштатным — нізкі паклон і ўдзячнасць, бо толькі разам, у цеснай творчай еднасці з нашымі аўтарамі і чытачамі мы змаглі дайсці да гэтай «соткі» нумароў, якія нават проста прагартаць цяжкавата, бо гэта сапраўды «том» на 7000 з лішкам старонак. Можна назваць, хіба, асобныя рубрыкі, якія сведчаць пра тэматычную скіраванасць і змест квартальніка: «З жыцця Касцёла», «На шляху веры», «Ad fontes», «Спадчына», «Маналог святара», «Нашы святыні», «Вера і культура», «Містыкі Касцёла», «Постаці», «Асобы», «Сведчаць архівы», «Мастацтва», «Архітэктура», «Проза», «Паэзія», «Пераклады», «На кніжнай паліцы», «Прэзентацыя»…

Усцешна, што тэмы, закранутыя і распрацаваныя ў квартальніку «Наша вера», становяцца прадметам навуковых канферэнцый і дыпломных працаў студэнтаў. А такі факт як выданне «Бібліятэкі часопіса „Наша вера“», у якой выйшлі кнігі нашых выдатных пісьменнікаў, паэтаў і навукоўцаў, назаўсёды застанецца не толькі ў гісторыі часопіса, але і ў гісторыі беларускага і каталіцкага друку ўвогуле…

На жаль, адсутнасць грашовых сродкаў перапыніла жыццё «Бібліятэкі…» Затое ў самім часопісе ад самага пачатку друкаваліся шэдэўры сусветнай каталіцкай літаратуры, а сярод іх — «Кветачкі святога Францішка» (пераклад з італьянскай мовы Аксаны Данільчык), «Узыход на гару Кармэль» св. Яна ад Крыжа (пераклад з іспанскай мовы Святланы Грэсві), «Следам за Хрыстом» Тамаша Кемпійскага ва ўжо гістарычным перакладзе доктара Станіслава Грынкевіча (сучасная адаптацыя Алеся Жлуткі), энцыклікі, апостальскія лісты і кнігі Святога Айца Яна Паўла ІІ, творы К. Льюіса ў перакладзе з англійскай Юліі Шэдзько і многае іншае.

У 2005 г. да 10-годдзя квартальніка «Наша вера» ў студыі «Радыё Свабода» Міхасём Скоблам было запісана вялікае інтэрв’ю з рэдактарам квартальніка, якое называлася «Часопіс „Наша вера“ яднае хрысціянаў». У гэтых словах — адна з галоўных мэтаў нашага рэлігійна-культуралагічнага выдання…

У сучасным свеце, дзе так шмат раз’яднанасці і звадак, дзе, на вялікі жаль, хрысціяне праліваюць братнюю кроў, паўтараючы жахлівы Каінаў грэх, усім нам вельмі неабходная хрысціянская і агульначалавечая еднасць. Хочацца спадзявацца, што кожны з гэтай сотні выдадзеных намі нумароў «Нашай веры» хоць у маленькай ступені спрычыніўся да ўмацавання гэтае еднасці.

Крыстына Лялько


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY