|
|
№
4(18)/2001
Мастацтва
У свеце Бібліі
Постаці
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
Проза
Паэзія
Культура
|
Гады нядаўняга пераследу каталіцкага Касцёла на Беларусі прынеслі шмат непапраўнае шкоды. У гэты час з незвычайнай сілай выявілася моц тых, хто не адступіўся, не збочыў, не здрадзіў сваёй веры, але настойліва служыў Богу, нягледзячы на тое, што гэтая служба вымагала неверагодных высілкаў... Ёсць на Браслаўшчыне невялічкая вёска Заплюшчына. Усяго некалькі хатаў. Стаіць яна, непрыкметная, воддаль ад буйных шляхоў, здаля ад буйных паселішчаў. Менавіта ў гэтай вёсачцы ў гады сталінскага пераследу і адбыліся падзеі, якія выклікаюць здзіўленне і захапленне. Сям'я Высоўскіх. Адна з тых, дзе вера ў Бога была заўсёды на першым месцы. Менавіта гаспадару Вінцэнту Высоўскаму ў верасні 1939 года аднаму з першых прыйшла трывожная вестка: бальшавікі пераследуюць святароў, апаганьваюць касцёлы ды цэрквы. Добрага чакаць не выпадала, і Вінцэнты адразу ж пабег да касцёла. Там неўзабаве сабралася група вернікаў, якія вырашылі вартаваць святыню. Наіўна, вядома, бо яшчэ не ведалі, што ніводзін вартаўнік не зможа процістаяць той злавеснай сіле, якая насоўвалася на іхнія Плюсы з Усходу. Пробашч Ян Жук не на жарт устрывожыўся. Доўга раіліся і вырашылі, што святара трэба схаваць, тым больш, што зусім побач Латвія. Вінцэнты Высоўскі правёў яго ўначы да латышскае мяжы, дапамог пераправіцца на той бок Дзвіны, у Краславу. За свой учынак Вінцэнты заплаціў жорсткай, нечалавечай платай. Адразу пасля прыходу бальшавікоў ён быў арыштаваны і пасаджаны спачатку ў Беразвецкую турму, а адтуль высланы ў Архангельскую вобласць. З выгнання 11 траўня 1941 г. у сям'ю прыйшоў ад яго ліст, напісаны чужою рукою, бо ў сталінскім лагеры Высоўскі страціў зрок. Вось змест гэтага кароткага ліста: «Дарагія нашы памочнікі!!! Нядаўна мы атрымалі пасылку, а ў ёй і вашую ахвяру. Як жа нас цешыць, што вы пра нас памятаеце і жадаеце нам дапамагчы! Усемагутны Бог няхай узнагародзіць вас за вашыя добрыя сэрцы і за ахвяры. Вялікі дзякуй за кілбасы і за муку. Тут цяпер пуд мукі каштуе 120 руб., бульбы — 30 руб., сала — 35 руб. У нас ужо вясна. Снегу вельмі мала. Часам дзеці бегаюць басанож. Ужо колькі дзён трактары аруць поле, хутка будуць сеяць. Ёсць дні вельмі цёплыя, а ёсць халодныя. Адзін хлопец з Друі хацеў уцячы дахаты. Заехаў ажно за Уральскія горы, там яго злавілі і пасадзілі ў турму. Распавядаў, што ў вязніцы было гэтак цесна, што можна было толькі стаяць выпрастаўшыся. Вярнуўся ледзьве жывы. Быў у некалькіх турмах, і яго яшчэ чакае суд. Просім вас, дарагія прыяцелі, маліцца за выгнаннікаў! Няхай Бог заўсёды будзе з вамі!» Пасля гэтага ліста след Вінцэнта Высоўскага згубіўся. І толькі праз шмат гадоў ягоная дачка Марыя знойдзе ў спісах расстраляных сталінскіх ахвяраў, апублікаваных у адной з маскоўскіх газет, прозвішча свайго бацькі... А тады... Тады сям'я засталася без кармільца, дзеці — без бацькі. Без святара пэўны час быў і касцёл у Плюсах, бо ксёндз Ян Жук, ратуючыся ад пераследу, жыў у Латвіі. Неўзабаве ў Плюсы прыехаў новы святар — Францішак Більша. Ён не шкадаваў сілы для катэхізацыі, часта хадзіў па хатах, тлумачыў людзям неабходнасць хрысціянскае веры. Яшчэ і цяпер у Плюсах памятаюць, як гэты святар доўга навяртаў да Бога аднаго чалавека, які чамусьці ўпарта не згаджаўся спавядацца. Размовы былі доўгія, але мужчына не саступаў. Аднаго вечара ксёндз нібы адчуў што — зноў выбраўся да яго. На дварэ была непагадзь, цемра, але святар не паддаўся на ўгаворы адкласці наведванне хоць бы да раніцы. На гэты раз мужчына неспадзявана лёгка згадзіўся на споведзь, а праз некалькі дзён ён памёр, адышоў у вечнасць па-хрысціянску. Марыя Высоўская, як і многія яе сяброўкі, па натхненні святара ўступіла ў трэці закон святога Францішка — у серафіцкую сям'ю. Законніцы шмат маліліся за тое, каб надышоў спакой у Краі, але пакуль што ў Плюсы адна за другою прыляталі трывожныя весткі. У 1948 годзе Марыя Высоўская атрымала паведамленне, што не ўбярогся ў Латвіі ксёндз Ян Жук — НКВД знайшоў яго і там. 16 лістапада таго ж года з далёкага ды сцюдзёнага Канска ён пісаў ёй: «Дарагая Марысенька! Дзякуй за ліст. Не згодны, што няма нічога цікавага пісаць. Цікавага мне і не патрэбна. Аднак кожнае слова з бацькоўскага краю для тых, хто туляецца цяпер удалечыні, — гаючы бальзам. Так цяжка быць аднаму сярод чужых! Пасылку ад вас з сушанымі яблыкамі і салам атрымаў...» І далей у тым жа лісце балючае, што, мабыць, вельмі мучыла яго: «Найбольш вестак і прадуктаў я атрымліваю з дарагіх мне Плюсаў, якім я нічога добрага не зрабіў, а наадварот, даў згаршэнне, пакінуўшы парафію. А Плюсы так мяне падтрымліваюць! Ведайце: у думках я заўсёды з вамі, мае дарагія!..» Ляцелі ў далёкі Канск лісты суцяшэння і падтрымкі, ішлі пасылкі з харчамі. Найчасцей з імі мела клопат Марыя Высоўская. Але неўзабаве небяспека арышту навісла і над ксяндзом Францішкам. На пэўны час хата Высоўскіх у Заплюшчыне стала для яго сховішчам. Ды ненадоўга. Хутка і ён таксама быў арыштаваны ды кінуты ў Полацкую турму. У верасні 1949 г. адбыўся суд. Марыя Высоўская сядзела ў калідоры полацкага суда і праз прачыненыя дзверы чула, як вінавацілі яе духоўнага айца ў тым, што ён нібыта падбухторваў вернікаў не ездзіць у лес нарыхтоўваць дровы. Пачула, што ён нібыта казаў з амбоны: «Бярыце нажы і рэжце камуністаў». Слухала і не магла даць веры вушам: усю гэтую бязглуздзіцу казалі пра таго, хто штодня вучыў іх любіць людзей, не адплочваць злом за зло, цярпліва прабачаць правіны сваім крыўдзіцелям, шанаваць годнасць кожнага чалавека. Яго асудзілі на дваццаць пяць гадоў лагераў і пяць гадоў пазбаўлення грамадзянскіх правоў. Праз некалькі месяцаў пасля таго суда Марыя Высоўская атрымае ліст з Арла — ад выгнанніка Францішка Більшы. Атрымае і адразу пачне збіраць пасылку. Яна ўжо мела горкі досвед, ведала, што можна пасылаць, а што не. Цяпер ужо не злічыць, колькі яна і яе сяброўкі адаслалі пасылак і лістоў святарам-выгнаннікам. Пра гэта можна толькі здагадвацца па тых словах удзячнасці са святарскіх лістоў, якія зберагла Марыя Высоўская як найкаштоўнейшы скарб, як выразную памяць пра тыя жудасныя гады. У адным з лістоў, датаваным 1 кастрычніка 1952 г., ксёндз Більша пісаў: «Няхай Бог узнагародзіць вас за любоў і адданасць! Вашая ахвярная помач дорага каштуе і патрабуе ад мяне бясконцай удзячнасці. Але калі гэтая ахвяра адбірае ад вашых вуснаў апошні кавалак, прашу і малю вас: устрымайцеся! Я і так ужо застаўся вашым вечным даўжніком». Але парафіяне не лічылі даўгоў. Як маглі, так і падтрымлівалі святароў. І ніхто не браў у разлік тое, што ксёндз Жук праслужыў у Плюсах усяго некалькі месяцаў, а ксёндз Більша — амаль дзесяць гадоў. Не лічылася з даўгамі і сям'я Высоўскіх, можа, найбольш не лічылася. Шмат з таго, што рабіла гэтая сям'я для Касцёла і святарства ў жорсткія часы пераследу, не ведалі нават родзічы, не тое што суседзі. Наўрад ці здагадваўся хто з іх, што хата Высоўскіх у Заплюшчыне на працяглы час стала сапраўдным месцам паратунку для тых святароў, якія хаваліся ад пераследу ўладаў. Амаль год жыў у Заплюшчыне ксёндз Мількевіч. Калі толькі можна назваць гэта жыццём. Не жыў, але хаваўся: гэтае вызначэнне было ў той час ва ўжытку. Не кожны меў у сабе сілы дапамагчы камусьці хавацца ад улады, якая такога не даравала. Хто-хто, а Марыя Высоўская добра ведала гэта, бо ўвесь час марна чакала свайго бацьку з выгнання. Ведала: калі раптам штосьці раскрыецца, яе можа чакаць гэткі ж самы лёс. І ўсё ж не дапамагаць святарам не магла. Яна зазвычай падымалася на досвітку, прымала ўдзел у Святой Імшы, якую штораніцы адпраўляў у яе хаце ксёндз, што хаваўся ад пераследу, а потым бегла на працу ў калгас і ўвесь час пільнавалася, каб не вымкнулася якое неасцярожнае слова, не выдала яе вялікую таямніцу перад сяброўкамі, суседзямі, знаёмымі. І зусім не таму, што яны маглі выдаць таго, хто жыў цяпер у яе хаце, але таму, што занадта вялікую адказнасць адчувала ў сваёй душы за тую ношу, якую ўзваліла на свае дзявочыя плечы. Не было бацькі ў хаце, не было гаспадара, які мог бы ўсё ўзважыць, па-мужчынску вырашыць, таму даводзілася браць адказнасць на сябе. Аднаго дня прыбегла Марыя полуднем дахаты, а ў двары — міліцыя. Апала ў грудзях сэрца і, здалося, перастала біцца. Ажно пазней высветлілася, што міліцыя ды мясцовае начальства шукалі слядоў нейкага чарговага крадзяжу ў калгасе. Шукалі ў хляве, пуні, зайшлі ў хату... Марыя стаяла змярцвелая на двары пад вішнямі, сашчапіўшы рукі ў замок, і з трывогаю чакала... А прыхадні выйшлі з хаты і... рушылі да суседняй — не дазволіў ім Божы Провід зайсці на тую палову жытла, дзе ў гэты час маліўся, прасіў у Бога заступніцтва ксёндз...
Дзе, з якой крыніцы гэтая кволая з выгляду дзяўчына брала сілы, каб вытрымліваць такое? Праз шмат гадоў яна скажа мне ў сваёй роднай Заплюшчыне вельмі коратка й проста:
І запярэчыць на гэта няма чаго. Вядома ж, не хто іншы, але толькі Ён мог даць тыя, такія патрэбныя сілы. Ён жа абярог і саму яе ад сталінскай турмы. Бо за тое, што рабіла гэтая ахвярная жанчына для Касцёла, яе магла чакаць адна ўзнагарода — турма. Спазнала гэта на горкім досведзе свайго бацькі, які заплаціў за вернасць Богу і Касцёлу ўласным жыццём. Зведаўшы тое, дачка магла б спалохацца, і наўрад ці папракнуў бы яе хто за той страх. Але яна не спалохалася — моўчкі, дзень па дні, настойліва рабіла тое, што, напэўна ж, рабіў бы і яе бацька, калі б толькі быў дома. Хата Высоўскіх на пэўны час стала прытулкам і для «шчаслівага» святара Баляслава Зайца, які цэлых тры гады хаваўся ад НКВД на аддаленых хутарах у добрых людзей, у закінутых адрынах, а то і проста ў лесе. Пазней яго так і называлі — «шчаслівы», бо яму сапраўды пашчасціла, і ён не трапіў у кіпцюры пераследнікаў. З імем гэтага святара звязана шмат таемнага. Ён меў таемнае святарскае пасвячэнне. Было гэта ў Латвіі, куды ён цішком выехаў і там атрымаў сакрамант святарства з рук біскупа Слоскана. А потым, калі вярнуўся на радзіму, каб служыць Богу і людзям, туляўся па роднай зямлі, раз-пораз для надзейнасці мяняючы месца схованкі. Некалькі месяцаў ягонага туляння прыйшлося і на Заплюшчыну. Тут ён штодзённа адпраўляў Святую Імшу на шырокім дубовым стале. Пройдзе час, і пасля вызвалення з лагеру на гэтым жа самым стале будзе адпраўляць Святую Імшу і ксёндз Францішак Більша. Ён вернецца ў дарагія ягонаму сэрцу Плюсы, але дзвярэй касцёла яму не адчыняць, бо святыня на той час выкарыстоўвалася калгасам — тут быў млын. Куды было несці сваю тугу? Вядома ж, у Заплюшчыну, дзе ён і пражыў некалькі месяцаў. Праз шмат гадоў, калі ўсё тое балючае адышло ў гісторыю, пані Марыя будзе ўсур'ёз дакараць сябе, што не змагла дапамагчы ксяндзу-дэкану Кударэўскаму, які ў сваім немаладым веку таксама вымушаны быў прасіць сховішча. Пані Марыя з болем успамінала, як яна адмовіла яму, бо ў хаце на той час якраз хаваўся іншы ксёндз. Праз шмат гадоў, ведаючы пра цяжкі крыжовы шлях гэтага ксяндза, яна, такая патрабавальная да сябе, будзе сябе дакараць... Пан Бог дае кожнаму роўна столькі цярпенняў, колькі ён зможа вынесці. Пані Марыі Ён даў іх вельмі шмат, але даў і вялікую, спагадную, смелую душу. Гэтай добрай душы хапіла на тое, каб ужо тады, калі памёр Сталін, калі вярнуліся з выгнанняў святары і не было больш патрэбы камусьці хавацца ў ейным доме, пані Марыя шмат часу, малітваў, працы прысвяціла на тое, каб хлапец з іхняе парафіі Часлаў Вільчынскі змог стаць святаром. Ён дасягнуў сваёй мэты, хоць шлях да яе быў надзвычай цяжкі, зрэшты, як і святарскі лёс гэтага ксяндза. Але гэта, мабыць, ужо іншая гісторыя. Пані Марыя Высоўская не зведала вялікіх пашанотаў — сціпла пражыла яна сваё жыццё ў роднай Заплюшчыне. Ніколі не лічыла сябе нешчасліваю таму, што ёй выпаў такі трывожны жыццёвы шлях. Наадварот, яна заўсёды чула ў сваёй душы шчасце з тае прычыны, што можа камусьці дапамагчы, кагосьці падтрымаць у цяжкія гады ліхалецця. Марыя Высоўская дачакалася таго часу, калі касцёл у Плюсах зноў расчыніў свае дзверы для вернікаў. Адной з першых укленчыла перад Езусам Хрыстом у Найсвяцейшым Сакрамэнце і пані Марыя...
Ірына ЖАРНАСЕК
|
|
|