|
|
№
4(18)/2001
Мастацтва
У свеце Бібліі
Постаці
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Юбілеі
Пераклады
Мастацтва
Проза
Паэзія
Культура
|
1522 год прынёс страшныя выпрабаванні жыхарам Італіі. На Рым і некаторыя іншыя мясціны Апенінскага паўвострава напала такая жудасная чума, што людзі раптоўна падалі і імгненна паміралі. Здавалася, ніхто і нішто не можа дапамагчы няшчасным. Уздымаючы да неба спакутаваныя твары, людзі прасілі літасці, але мор доўжыўся не некалькі месяцаў, як звычайна, а амаль цэлы год. Спякотнае лета нібы з нейкай ліхой наканаванасці жудасным чынам спрыяла бядзе… У той час, калі ўсе арыстакраты, кардыналы і нават сам Папа спешна пакідалі Вечны горад, Мікола Гусоўскі знаходзіўся там. Першапачаткова прыехаўшы ў Італію ў складзе пасольскай місіі Вялікага Княства Літоўскага да Папы Льва Х Медзічы, цяпер паэт і яго мецэнат Эразм Вітэліус (што ачольваў тое пасольства) фактычна заставаліся ў Рыме на правах палітычных эмігрантаў. Яшчэ ў 1521 годзе Вітэліус быў вызвалены Жыгімонтам Старым ад абавязкаў пасла, бо кароль і вялікі князь адмовіўся ад ідэі стварэння кааліцыі еўрапейскіх дзяржаў супраць Асманскай імперыі і Крымскага ханства. Пачатак чумы па злоснай іроніі лёсу стаўся працягам у ланцугу цяжкіх выпрабаванняў і душэўных пакут, што выпалі на долю паэта. Але плодам тых пакут была не здранцвеласць душы, не сардэчнае амярцвенне. Пад стогны хворых людзей, пад плач і крыкі праклёнаў, пад выццё звар'яцелага люду нараджаліся радкі вершаў, якія стануць залатым фондам лацінамоўнай паэзіі Беларусі. Справядліва заўважыў Віктар Дарашкевіч, што туга для Міколы Гусоўскага не стала стымулам для стварэння модных тады элегій і трэнаў. Як сапраўдны хрысціянін ён звяртаецца да малітвы-споведзі. Менавіта «Малітвай да святой Ганны» пачынаецца своеасаблівы цыкл з трох вершаў, аб'яднаных тэмай чумы. Напісанне верша было, хутчэй за ўсё, прымеркавана да дня ўшанавання памяці святой 26 ліпеня. Звяртаючыся на пачатку твора да маці Багародзіцы, М.Гусоўскі наследваў традыцыі рэлігійнай паэзіі мінулых стагоддзяў. Рытарычныя пытанні паслужылі для стварэння ўзнёсла-панегірычнай характарыстыкі святой:
Згодна з кананічнай малітоўнай формай хвалебную частку змяняе пакорліва-прасіцельная:
Для апісання жудаснай карціны чумы паэт ужыў эмацыйна насычаную лексіку. Ён, бясспрэчна, спачувае «напалоханым бедным людзям», але звяртае асаблівую ўвагу на тое, што Рым, калыска заходнееўрапейскага хрысціянства, дзеля выратавання ад навалы:
Канкрэтны выпадак блюзнерства, які ў дадзеным кантэксце згадваецца як праява агульнай тэндэнцыі, сапраўды меў месца ў Рыме, калі грэк Дэметрый Спартанус прынёс у ахвяру паганскім багам чорнага быка з адпілаваным рогам1. Мікола Гусоўскі гнеўна аспрэчваў падобны шлях для пошукаў паратунку ад чумы. Паэт некалькі разоў падкрэсліў далей сваё credo, прысягнуў, што ён сам і яго калегі, просячы суцяшэння ў святой Ганны, вызнаюць і ўшаноўваюць аднаго толькі Бога,
У вершы «Чутка, што нечакана ўзнікла ў касцёле святога Лаўрэнція ў Дамасе» згадваецца яшчэ адзін выпадак людскога забабонства, якое зазвычай пышна квітнее менавіта ў змрочныя часы. Узрушаныя чуткай, што на целе ўкрыжаванага Хрыста ў касцёле святога Лаўрэнція выступілі кроплі крыві, хворыя людзі пачалі сцякацца туды, спадзеючыся на ацаленне цудам. Звяртаючыся да Папы Адрыяна VІ, М.Гусоўскі ўказваў на вострую неабходнасць прысутнасці пантыфіка ў краіне, бо далейшае самацечнае развіццё веравызнаўчых памкненняў людзей магло мець самыя згубныя наступствы для Хрыстовай веры. Верш пачынаецца і завяршаецца палымяным заклікам «Папа, прыдзі!», у якім — адчай збалелай душы паэта і хрысціяніна. Верш «Да святога Себасцьяна» Віктар Дарашкевіч трапна назваў перлінай лацінамоўнай славянскай літаратуры ранняга гуманізму. Святы пакутнік Себасцьян лічыўся сярод хрысціян абаронцам ад чумы. Вось чаму менавіта да яго звернута самая вялікая (84 радкі) вершаваная малітва. Праўда, калі ў малітве да святой Ганны М.Гусоўскі пакорліва прасіў заступніцтва, то ў адносінах да святога Себасцьяна ён выступаў хутчэй як суразмоўца-апанент і нават абвінавальнік. На думку аўтара, святы Себасцьян, які мае непасрэдны кантакт з Усявышнім, несправядлівы да тых, хто здаўна спадзяецца на яго апякунства. Большая частка верша складаецца з жудасных, часам натуралістычных абразкоў — апісанняў чумы. Гэтыя паэтычныя замалёўкі адпавядаюць нормам рэнесансавай эстэтыкі з яе ўстаноўкай на рэалістычнасць, часам нават люстраное падабенства фактам рэчаіснасці. Праўда, сам паэт зрабіў агаворку:
Мікола Гусоўскі лічыў, што як паэт-гуманіст ён быў абавязаны апісваць усе тыя жахі, якія бачыў на ўласныя вочы, мусіў пакінуць успамін пра няшчасце народа. І ўспамін гэты будзе гучаць напамінам для нашчадкаў. Аўтар падкрэсліў, што чума нясе з сабою не толькі фізічныя пакуты, яна становіцца для людзей своеасаблівым іспытам на маральнасць. Многія гэтага іспыту не вытрымліваюць.
Душэўная хвароба аказваецца значна страшнейшай, бо нішчыць асновы чалавечай прыроды, пазбаўляе людзей першаасноваў грамадскага і сямейнага суіснавання.
Апафеоз верша — выява супольнага малітоўнага шэсця рымлянаў па вуліцах горада. Паэтычнае апісанне грунтуецца на рэальных падзеях, і свежасць мастацкіх фарбаў сведчыць пра тое, што М.Гусоўскі быў іх сведкам. Найбольшае ўражанне на паэта зрабіла група падлеткаў, што катавалі сябе бізунамі. Паўторна звяртаючыся да святога Себасцьяна, паэт з дакорам пытаецца, за што праліваецца дзіцячая кроў, чаму ніхто з уладароў неба не хоча спыніць страшнага пакарання? Далёкі 1522. Што ў гэты жудасны год стала для Міколы Гусоўскага штуршком да творчасці — душэўны разлад ці, можа, імкненне пазбыцца яго? Што прыносіла яму Муза — новыя пакуты ці выратаванне ад іх? Як, назіраючы праявы людской крывадушнасці, бязвер'я і маральнага заняпаду, паэт спасцігаў жыццёвую праўду? Зладжана-рытмічная пульсацыя сапфічнай страфы ў вершы да Себасцьяна, эпічная засяроджанасць гекзаметра ў «Малітве да святой Ганны», метраном александрыйскага двуверша «Пра чутку…». Паэтычны радок важкі і горкі, як сляза пакутніка. Верш «Да святога Себасцьяна» завяршаецца прыватнай малітвай. Паэт моліцца «між чужых», за чужых яму жыхароў далёкага і блізкага Рыма, боль і пакуты якіх нанеслі страшэнную душэўную рану і яму. Моліцца таксама і за сябе, за сваіх калегаў па дыпламатычнай місіі, просіць шчаслівага і плённага вяртання вялікакняскага пасольства на радзіму. Моліцца за свайго сябра і настаўніка, мудрага дарадцу і шчодрага мецэната, якому ён давяраў, як самому сабе — за свайго alter ego.
Эразм Вітэліус памёр ад чумы 9 верасня 1522 года.
Жана Некрашэвіч-Кароткая
Мікола ГУСОЎСКІ — ВЕРШЫ
|
|
|