Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(18)/2001
Мастацтва
У свеце Бібліі

ЧЫМ ЁСЦЬ ЧАЛАВЕК?
Постаці
На кніжнай паліцы

ВЕРА І ФІЛАСОФІЯ
Нашы святыні
Юбілеі
Пераклады

IСПЫТ НА МАРАЛЬНАСЦЬ

ВЕРШЫ
Мастацтва
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ
Культура

ВЯРТАННЕ НАЗАЎСЁДЫ

Данута БІЧЭЛЬ

НАШ НЕПАЗНАНЫ

Да 110-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Багдановіча

Так выйшла, што маімі моцнымі мужчынскімі плячамі, маёю апораю ў жыцці былі тата і Максім Багдановіч. Я ж свой лёс не стварала, аддала яго Божай волі. І сама не думала, што ў канцы стагоддзя давядзецца мне будаваць Максіму ў Гродне казачны домік — Беларусь у мініяцюры...

Маленькага Максіма прывезлі ў Гродна на цягніку ў пачатку жніўня 1892 г. Ці меў той побыт у Гродне ад няпоўнага году да поўных пяці ўплыў на яго творчасць?

Марыя Багдановіч. Маці паэта.
Тут ён перажыў найглыбейшы шок — смерць маці, таму пасля і стварыў цыкл вершаў «Каханне і смерць». «Пасля радзін ты ўсё штодня марнееш...» Пасля радзін Ніны маці захварэла скарацечнай чахоткай. Памерла. Максім быў якраз такі, як мой унучак Антонік.

Антоніка завезлі нядаўна ў вёску Біскупцы, на радзіму продкаў. Калі вярнуўся, сказаў так: «Дануся, ды ты ведаеш, што ў мяне ёсць? Новы домік у вёсцы. Ён мне так спадабаўся». Гэта старая прадзедава хата.

У Максіма не было ў вёсцы доміка, яго бацькі здымалі кватэры, мянялі іх, мянялі і гарады.

Калі я плачу на досвітку па Радзіме, то ў маіх вачах стаіць гэта пустая, але жывая Антонікава хатка.

Калі Максім у Яраслаўлі на досвітку шукаў па зорках дарогу ў родны Край, — што ў яго вачах паўставала? Вулка ў Гродне, якая цяпер называецца ягоным іменем? Швейцарская даліна ракі Гараднічанкі? Матчына магіла?

Край успамінаў дзяцінства, «зачараванае царства», уяўленні казак, якія чытаў:

Мы выходзім з цесных душных
падзямельных норак
на зімовы цёплы вырай
цягнемся, паўзём...

Не прымха, не павер'е — праўда пра беларусаў. Народ, не вадзянік, паўзе ў змроку і пры святле месяца, дайсці можа толькі да дна, як «самнамбул», гэта значыць лунатык.

Народ у цэнтры свету пакінуты на самога сябе, горычы спазнаў болей, чым можа вытрываць, каб не страціць спакою духу, увесь час у смяротнай небяспецы.

Але ёсць Край балота і лесу. Максім шукае адпаведных формаў і рытмаў — дыхання балота і лесу. Супраць паныласці, здранцвення, упадку сілы і маркоты, бясконцай санлівасці Максім стварае гнуткі, жывы, рухомы, дынамічны, шматфарбны і шмат'ярусны верш у рытмах будучага ХХІ стагоддзя.

Максім Багдановіч
У новых цыклах, як у новым крузе, зноў пачынае ад роднай стыхіі і стварае паэтычную гісторыю Краю. Гэта цыклы «Згукі бацькаўшчыны», «Старая Беларусь», «Места», паэмкі «У вёсцы» і «Вераніка». Ідуць шыхты этнічных беларусаў: Ян і Маці, Марына, якая памірае ад кахання, Летапісец, які піша Гісторыю «пра войтаў, лаўнікаў, і райцаў, і паспольства, і розных каралёў...», Перапісчык, які стварае Кнігу Красы, Жывая Святая Кніга, Францішак Скарына, якому не ўдаецца вылечыць Земскага Пісара, Млынар-Чарадзей і яго пацыентка Дзяўчына, якой трэба зняць з сэрца «сукруху», слуцкія ткачыхі, лясны чалавек і «хазяін» лесу ці нячысцік...

Максім збеларусіў места Вільню, а пабыў там нейкіх тры ці чатыры дні. «У Вільні... ёсць нешта магічнае ў яе аўры. Маладосць пражыць у такім месце — скарб на ўсё жыццё», — так думае дзевяностагодавы Чэслаў Мілаш...

Вершы Максіма Багдановіча пра Вільню наватарскія ва ўсіх адносінах. Ён здолеў убачыць і пераказаць сацыяльную стракатасць насельнікаў места, спякоту нябёсаў за дахамі места, хлопчыка са шкляначкай ля вулічнага ганку, які выдзімае з мыла пузыры — прыгажосць з нічога.

Святасць віленскіх касцёлаў, асабліва касцёла святой Ганны, у якім залечваюцца сардэчныя раны і забываецца ўвесь тлум жыцця; нарэшце — Вострую Браму — цудатворны абраз Маці Божай Вастрабрамскай з'яўляецца ў Максімавым трывожным сэрцы заўсёды, асабліва калі яму вельмі дрэнна. Думаю, ён шчыра маліўся ў віленскія ночы да Мадонны, і Яна спаслала яму талент і натхненне напісаць найпрыгажэйшыя і найглыбейшыя вершы і пра Вільню, і пра Мадонну.

Вобраз Мадонны ён бачыць у рысах дзяўчынкі, якая няньчыць дзіцятка, у постаці сіраты Веранікі, дачкі Забелаў, чыё імя паэт выразае на ліпе ў старым садзе, у вобразах жанчын, да якіх паэт маліўся ў часе натхнення, слабасці і хваробы, роспачы і смутку.

Першы ў беларускай паэзіі стварыў прыгожыя, далікатныя, інтымныя, чыстыя людскія вершы на ўсе нашыя дні...

Учора шчасце толькі глянула нясмела
І развеяліся хмары змрочных дум.
Сэрца чулае і млела, і балела.
Радасць душу мне шчаміла, быццам сум...

Усё жыццё цяпер, як лёгкая завея.
Кнігу разгарнуў — а не магу чытаць.
Як зрабілася, што пакахаў цябе я,
Хіба знаю я? Ды і нашто мне знаць?

З дзяўчат, якіх ён выдумляў у галаве для сваіх вершаў, — я ведала адну. У 90 гадоў Зоська Верас усё яшчэ кахала Максіма Багдановіча. Яна апавядала мне пра яго ў апошнюю нашу сустрэчу, як бы перадавала сваю любоў да яго мне... Некалькі дзяўчат паказвалі мне фотку Максіма і казалі, што гэта хлопец, якога яны кахаюць...

Гэта ўцёкі ад рэальнага жыцця, якое забірае так шмат нерваў, у салодкую таямніцу паэзіі?

Ці мрояць хлопчыкі пра інтымнае ў пару даспявання? Не спытала, а цяпер ужо сорамна. Але ж падглядаюць жаночае цела. У Максіма быў комплекс халасцяка, вечная матэрыяльная залежнасць ад бацькі. Таму ён выбраў эратычныя вершы Поля Верлена, пачынальніка сімвалізму, каб не проста іх перакласці на беларускую мову, а напісаць арыгінальныя вершы па матывах вершаў Верлена. І выказваўся на «забароненую» тэму, і вучыўся ў французскага паэта, і хаваўся за яго прозвішча, бо тое, што было наватарскім, не ўспрымалася як беларускае, а ўсё беларускае ў беларусаў не ўспрымаецца як наватарскае і ўвогуле не мае аўтарытэту.

Нічога чужога ў цыкле «З чужой глебы». Цяпер пяюць «Раяль цалуе тонкая рука», цытуюць «Трэск дроў: газніцы блеск няяркі»... як Максімава.

Праз Еўропу каціліся хвалі лірычнага расшчаплення — авангардныя рухі разбівалі і форму, і нават самую мову на атамы... Паэзія — гэта мова ў мове. Паэты праз сябе прапускаюць высакавольтнае напружанне рытмаў ямбаў, гекзаметраў, нават гратэску. «Мы — сэйсмографы», — любіла казаць Ларыса Геніюш.

А тут паэты як жылі, так і жывуць у падвойным свеце, між імі і ўладамі глухая мяжа. Улады да духовых беларусаў адносяцца як да баласту. Хто з паэтаў ідзе на службу да ўлады, той здраджвае свайму таленту.

Але і ў добрых варунках паэты мусяць «партызаніць», выбіраць: або грамадскія справы або вершы. Страты немінучыя. Паэты замыкаюцца ў сабе, у вежы маўчання, ва ўнутраную эміграцыю...

У краі без эліты паэту цяжка быць элітарным. Канкурэнцыйнае поле вузкае, найгоршае — грызня паэтаў паміж сабою. Паэту воля патрэбна, не ваконца для агляду. Дзе болей волі? У Гародні ці ў Менску?

У Яраслаўлі на далёкай лаўцы паэт чытае свежую газету — усю, да імені выдаўца. Там ён быў вольным ад вёскі ці мястэчка, ад кола свойскіх хлопцаў, ад хуткіх ацэнак абывацеляў, ад жадання атрымаць як найхутчэй сацыяльны эфект, вольны ад груповак, клубаў, мог размеркаваць свае сілы не на самаабарону, а на самааналіз, на пошук самаведы, з чаго і пачынаецца высокая творчасць.

Максім мог абсталяваць свой паэтыцкі свет паводле свайго густу і меў куды ўцякаць у свае далёкія адлегласці, у дабравольнае праз бацьку выгнанне. Дыскусіі ліставаннем за дарогу прытупляліся, ранілі не так балюча.

Паэта пры жыцці лупцуюць, камянююць.

У «Нашай ніве» вершы дэкадансу, чыстага мастацтва ўсё скідалі да кошыка, аж пакуль не абараніў іх Янка Купала. Ці ж не маглі яны ўкласці зборнік паводле яго лістоўных прапановаў? Ён жа прасіў: «...заклінаючы п. Антонія іменем еўрапеізму і культурнасці, а п. Ластоўскага іменем мадэрнізму...» «надашліце мне ўсе матэр'ялы, — прасіў, — у 2—3 дні я ўсё добра ўкладу». Не даслалі і зрабілі абы-як адзіную кнігу, якую ён скампанаваў як кнігу свайго жыцця. А і так яна па сённяшні час найлепшая ў нашай паэзіі...

Нашаніўская хваля эліты ўсё ж была далёка не еўрапейскай закваскі — фальклёрны гурт. Максім Багдановіч не ўшчапіўся, а толькі прышпіліўся да гэтага гурта (вобраз узяла з ліста Венанцы Бутрыма з Баранавічаў). У прыезд у Вільню, асабліва ў прыезд у Менск расчараваў ён адраджэнцкую сям'ю, «беларускую хатку» ў горадзе. Мала патрывалі яго ў Вільні, а пакінуць аднаго ж у спакоі не маглі, адвезлі ў Ракуцёўшчыну, а ў Мінску «не вылечили меня и послали в Крым...» Паміраць у адзіноце.

Тэма смерці ў беларускай, асабліва савецкай паэзіі, была забароненай, а ў Максіма яна прайшла праз усё яго творчае жыццё. «Амур і сумны і прыгожы стаіць з павязкай на вачах ля склепу...» Паэт верыў у вечнае жыццё. Верш «На могілках» мае магічную сілу, як сама смерць. «І ціха думаў я — быць можа, любоў палёгшы ў трунах, перамагла і смерці жах!»... Родных, дарагіх яму магілаў было ўсюды. Калі чытаю я гэты верш, заўсёды мне здаецца, што дарослым ён прыязджаў у Гродна на магілу сваёй маці...

Гэтыя «Думы», «Вольныя думы» Максіма Багдановіча — колькі ў іх хрысціянскага спакою, Боскай несмяротнасці, глыбіні, нябёсаў! Ён увесь час размаўляе з зоркамі, з небам, углядаецца ўвысь, не пад ногі. Самы моцны верш па сіле ўздзеяння «Прыйдзецца, бачу, пазайздросціць бяздольнаму Марку». Нічога сабе выбар!

Хоць бы ты чорную, толькі б не шэрую прала,
Гора жадаў бы, ды толькі каб поўную чарку.

Сапраўды «шэрыя дні без прасвету, без сонца» страшней за чорныя дні.

Людскі ён быў, не змагарскі і нерэвалюцыйны. «Устань, свабодны шлях сабе шукай», — гэта аб дарозе да Бога, пошуку любові, спакою.

За некалькі гадоў незалежнасці, хоць фармальнай, узніклі музеі паэта, у Ракуцёўшчыне пачалі ўзнаўляць фальварак, нарадзіліся святы паэзіі, выраслі людзі, хоры, барды, якія ўзнялі яго слова з пылу да святла. Каб жа тое не занікла і не знікла.

Ды літаратура, паэзія, схаваная ў мову, «як ядро ў гарэшак», ужо сама ёсць паратункам.

У такім нестабільным, нееўрапейскім Краі паэзія наперадзе заўсёды, як разведчыца ці як сувязная, пераважае над прозай, уплывае на мараль, умацоўвае палітыкаў, кшталтуе грамадскія і сямейныя архетыпы, заўсёды скіравана да духова свядомай часткі Краю, да яго прамаўляе, беражэ Беларусь на вышынях, Беларусь віртуальную.

Мова і гісторыя — гэта гравітацыйнае поле паэзіі.

Але паэт праз натхненне выходзіць за межы гэтага гравітацыйнага поля ў чыстую сферу і ўзбагачае сваімі адкрыццямі родную мову. Так рабіў Максім Багдановіч.

Беларусы забылі родную мову не на выгнанні, а дома. Замарылі яе хлуснёй, не давяралі ёй запаветных думак — і мова, і самі без мовы мёртвымі сталі пры жыцці. Пакінулі для хатняга ўжытку, а пасля адмовіліся назусім — ад нялюбай, жорсткай, елкай, чорнай.

Максім жа ў дабравольным праз бацьку выгнанні атрымаў мову продкаў з таемнай скарбонкі сваёй таленавітай душы. З глыбокіх пластоў гісторыі вырваўся крык. Максім яго злавіў — і сам стаў крыкам гісторыі, сам сабе стаў народам і яго праўдай.

Музей Максіма Багдановіча ў Гродне.
Чэрпаў з моўных сусекаў, гартаваў характар мовы, з лянівай рабіў гнуткай, множыў яе вартасці... Не саромеўся маўляць на мове смелыя, забароненыя думкі. Чуў яе звон з-за гор і з-за хмар, чуў дыханне з-пад каменя, адчуваў прысутнасць там, дзе яе не было, ляцеў птахам насустрач ёй; мова, як абраз, мела над ім уладу, знаходзіўся ў яе дэспатычнай салодкай няволі, яна было яго маці, любоўю, яго небам. У мове і праз мову Максім Багдановіч запанаваў над часам. Яму гэта Бог дазволіў.

Усе яго моўныя хібы, «памылкі» — зусім не памылкі, а жывыя словы, створаныя ім па натуральных моўных законах: раньш, цемнь, лепі, болі, горач...

Максім чырванеў ад сораму за тых, хто дапытваўся: а навошта ён жыве ў Расеі, а выдумляе сабе свой Край; чырванеў і за тых, хто забываў родную мову дома; чырванеў і за тых, хто рэстаўраваў мову не з бабуліных вуснаў, а з мёрвых слоўнікаў...

Пакуль паэты займаліся палітыкай, Максім Багдановіч меў права сесці на пустую дзялянку і зрабіць вялікую работу — Беларусь мае Паэта на ўсе будучыя часы, візітную картку нашай паэзіі, нашай культуры.

Данута БІЧЭЛЬ


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY