Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(70)/2014

«ЁН ЖЫЎ СЯРОД НАС, МЫ БЫЛІ З ІМ...»
У кантэксце Бібліі

РУТ МААБІЦЯНКА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла

ДАРАГОЕ ЯЕЧКА ДА ВЯЛІКАДНЯ
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва

НАЛЕЖЫЦЬ БЕЛАРУСІ...
Літаратуразнаўства

НЯБЕСНАЯ АПЯКУНКА З ВІЛЬНІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦУД ПОБАЧ
Асобы

ВОІН І ФУНДАТАР
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя

Надзея УСАВА

НАЛЕЖЫЦЬ БЕЛАРУСІ...

Жыццё і творчасць
Апалінарыя Гараўскага

Іван Крамской.
«Партрэт Гараўскага».
1867 г., папера, аловак, соўс, бяліла.
Дзяржаўны Рускі музей.
Галерэя - дадатак да артыкула

Творчасць Апалінарыя Гараўскага стала адкрыццём для беларусаў у 1983 годзе, калі юбілейнай выставай адзначалася 150-годдзе з дня нараджэння мастака. Сабраныя з многіх расійскіх музеяў (у тым ліку 18 з калекцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР) 34 яго творы паказалі прафесійнага мастака шырокага дыяпазону — выдатнага партрэтыста і тонкага лірыка, майстра акадэмічнага рамантычнага пейзажа і рэлігійнай карціны. Калекцыя твораў А. Гараўскага з Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, сабраная ў 1950–1970-я гады ў прыватных калекцыянераў Масквы і Ленінграда тагачасным дырэктарам музея А.В. Аладавай, унікальная тым, што дае магчымасць прасачыць усе этапы яго творчасці1. Нельга сказаць, што яна была невядомай: перапіска з калекцыянерам П. М. Траццяковым, апублікаваная ў 1960-я гады, давала вялікі матэрыял да яго біяграфіі. Але родапачынальнікам беларускага пейзажа, увогуле беларускім мастаком, ён стаў ужо ў 1970-я гады ў працах першага даследчыка яго творчасці, доктара мастацтвазнаўства Л.Н. Дробава2.

Апалінарый Гараўскі нарадзіўся ў фальварку Уборкі Ігуменскага павета Мінскай губерні 18 студзеня 1833 года ў сям’і Гілярыя Францавіча і Марыяны Якаўлеўны Гараўскіх. Іх род з XVII ст. меў герб «Кораб» і вёў свой пачатак ад шляхціца Сямёна Гракала-Гараўскага, але ў ХIХ ст. частка прозвішча Гракала выйшла з ужытку.

Сям’я Гараўскіх належала да беларускай дробнамаянтковай шляхты. Зямельная ўласнасць (каля 200 гектараў зямлі) дасталася бацьку мастака Гілярыю Францавічу ад дзеда і бацькі, якія здолелі істотна прымножыць сямейную спадчынную нерухомасць .

Гараўскія мелі вялікую сям’ю: акрамя першынца Іпаліта (1828 – пасля 1864) і Апалінарыя, яшчэ трох дачок і трох сыноў — Карла (1838 – пасля 1869), Гектара (1843–1893), Гілярыя (1847– пасля 1875)3 . Трое з сыноў сталі мастакамі.

Апалінарый Гараўскі, у адрозненне ад астатніх дзяцей у сям’і, быў ахрышчаны 21 студзеня 1833 г. ужо не ў бярэзінскім парафіяльным касцёле, а ў брадзецкай праваслаўнай царкве, якая адносілася да Бярэзінскага прыходу. Ён, як і яго браты і сёстры, быў выхаваны ў асяроддзі, якое прытрымлівалася патрыярхальных традыцыйных перакананняў. У доме гаварылі па-польску (мастак доўга падпісваў свае карціны і рабіў запісы для сябе таксама па-польску). Пачатковую адукацыю А. Гараўскі атрымаў у царкоўнапрыходскай школе сяла Божына, якое знаходзілася побач з маёнткам Уборкі.

З дзевяці гадоў Апалінарый Гараўскі выхоўваўся ў Аляксандраўскім Брэсцкім кадэцкім корпусе, які быў адчынены ў 1842 годзе ў перабудаванай са старажытнага манастыра Брэст-Літоўскай крэпасці. Па законах Расійскай імперыі кожны дваранін, які дасягнуў 16-гадовага ўзросту, павінен быў выслужыць афіцэрскі чын і запісацца ў войска радавым. Многія беларускія шляхціцы знаходзілі адзіны выхад вызвалення сваіх сыноў ад гэтай цяжкай павіннасці ў іх навучанні з маленства ў кадэцкіх корпусах. Апалінарый быў адным з 88-мі кадэтаў першага набору корпуса, у якім у далейшым адначасова навучалася да 400 чалавек. Галоўная мэта выхавання фармулявалася проста: «За веру, цара і Айчыну». Кадэты вывучалі агульнаадукацыйныя прадметы па курсе гімназіі (мовы, прыродазнаўчыя і грамадскія навукі), а таксама авалодвалі навыкамі страявой падрыхтоўкі, верхавой язды, стральбы, фехтавання, гімнастыкі, плавання, музыкі і танцаў, свецкай манеры паводзінаў, чарчэння і малявання. Маляванне выкладаў штабс-капітан Васіль Альдэрогге. Камандзір корпуса генерал Аляксандр Гельмерсен, які 15-гадовым паручнікам удзельнічаў у Барадзінскай бітве, патрабаваў ад дзяцей беларускай і літоўскай шляхты, якія гаварылі па-польску, абавязковых зносін паміж сабою па-руску. Апалінарый за час вучобы ў корпусе цудоўна авалодаў гутарковай і пісьмовай рускай мовай.

Нягледзячы на сістэму пакарання розгамі і жорсткую дысцыпліну, агульны ўзровень падрыхтоўкі брэсцкіх кадэтаў быў невысокі, што, аднак, не перашкаджала з’яўленню таленавітых і вядомых выхаванцаў (напрыклад, Героя Парыжскай камуны Яраслава Дамброўскага). У Брэсце Гараўскі прабыў да 1850 года. Ён не меў схільнасці да ваеннай справы, з дзяцінства любіў маляваць. Яго запал да малявання быў заўважаны палкоўнікам Міхаілам Бенуа (1799–1867), прадстаўніком вядомай мастацкай пецярбургскай сям’і. «Праз яго старанні трапіў я ў Акадэмію пенсіянерам», — пісаў пасля з удзячнасцю мастак. Падрыхтавацца да паступлення ў Акадэмію Гараўскаму дапамог родны брат палкоўніка — прыдворны архітэктар Мікалай Бенуа (1813–1898).

У 1850 г. А. Гараўскі быў пераведзены ў Імператарскую акадэмію мастацтваў. Вучыўся ў заслужаных прафесараў: пейзажыста Максіма Вараб’ёва (1787–1855) і гістарычнага жывапісца, прафесара Фёдара Бру-ні (1799–1875).

Сістэма навучання ў Акадэміі прадугледжвала стымуляванне да вучобы ўзнагародамі. Вялікі залаты медаль, які прысуджаўся за скончаную карціну, сведчыў аб асаблівых поспехах выхаванца і даваў яму права на навучанне за мяжой за казённы кошт і «пенсiён». Усяго праз два гады навучання А. Гараўскі атрымаў малы сярэбраны медаль за пейзаж, вялікі сярэбраны медаль за пейзаж «Балота», у наступным 1853 годзе — малы залаты за «Від Ручэйнага (ручаёвага) возера каля горада Тарапца», а ў 1854 годзе, нарэшце, — вялікі залаты медаль за пейзаж «Краявід у маёнтку Кушалева-Безбародкі Краснаполіца ў Пскоўскай губерні». Атрымаць такія ўзнагароды было пад сілу не кожнаму студэнту Акадэміі, не кажучы ўжо пра вучня з вольным наведваннем. Яго студэнцкія работы актыўна купляліся. Пейзаж «Балота» (1852) быў набыты цэсарэвічам, будучым імператарам Аляксандрам II, «Краявід у маёнтку Кушалева-Безбародкі» купіў калекцыянер-купец А.А. Кокараў. На жаль, не захаваліся партрэты Мінскага біскупа Адама Вайткевіча (1853) і Мітрапаліта Магілёўскага Ігната Галавінскага (1854), напісаныя мастаком па замове Духоўнай рымска-каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Мастацкі аглядальнік часопіса «Отечественные записки» А. Майкоў высока ацаніў партрэт А. Вайткевіча, назваўшы яго «выдатным».

Пасля заканчэння акадэміі ў 1954 годзе А. Гараўскі атрымаў званне класнага мастака і чын 14-га класа па «Табелі аб рангах», у 1855 — права пенсіянерства за мяжою на тры гады, аднак адразу ім не скарыстаўся. Ён павінен быў уладзіць сямейныя справы: падрасталі яго малодшыя браты, якіх трэба было вучыць. Апалінарый настойліва клапаціўся аб залічэнні Гектара і Гілярыя ў кадэцкі корпус, які з Брэста быў пераведзены спачатку ў Вільню, а затым у Маскву. У 1855 годзе быў прызначаны вучнем з вольным наведваннем Акадэміі мастацтваў і яго старэйшы брат Іпаліт Гараўскі.

Увосень 1855 года А. Гараўскі паехаў на радзіму, у мястэчка Свіслач, дзе жылі яго брат і сястра. Там ён напісаў пейзаж «Від дубровы на беразе ракі Свіслач каля Бабруйска». Вобразнае рашэнне гэтага ландшафту цалкам адпавядае тыповай акадэмічнай відавой карціне. Гэты пейзаж быў набыты імператарам Аляксандрам II

У канцы 1855 года А. Гараўскі ўзяў шлюб з дачкой Міхаіла Бенуа Аляксандрай, якую ведаў з дзяцінства. (Цікава, што ў якасці часткі пасагу А. Гараўскі атрымаў «сем вельмі добрых арыгінальных карцін».

Мастак быў выдатным сем’янінам. У іх нарадзілася пяцёра дзяцей, але засталіся толькі дзве дачкі — Марыя і Ганна. Вырасшы ў вялікай шматдзетнай сям’і і прывыкшы клапаціцца пра братоў, ён пяшчотна любіў і сваіх дачок, як ён сам пісаў, «прападаў за імі», але іх хваробы і неабходнасць лячэння надоўга выбівалі яго з творчай каляіны.

Увайшоўшы ў шматлікую сям’ю Бенуа, Гараўскі набыў новыя знаёмствы ў мастацкім свеце. Сярод сваякоў яго жонкі былі не толькі вядомыя ваенныя, але і архітэктары, мастакі, прафесары Акадэміі мастацтваў. У 1856 годзе адбылося яго знаёмства з пачынаючым тады калекцыянерам П.М. Траццяковым. А. Гараўскі падоўгу гасцяваў у Траццяковых, знаёміў яго з уладальнікамі прыватных збораў. У 1850-я гады ён быў актыўным памочнікам Траццякова ў фарміраванні галерэі: пры яго ўдзеле галерэя папоўнілася карцінамі С. Заранкі, Л. Саламаткіна, М. Ломцева, І. Шышкіна, У. Баравікоўскага. Знаёмства стала сямейным: Траццяковы апекавалі малодшых братоў Гараўскага ў гады іх вучобы ў Маскве. Сяброўства П.М. Траццякова і А.Г. Гараўскага, паводле словаў дачкі Траццякова А.П. Боткінай, «...не астывала да канца жыцця».

У 1857 годзе, перад ад’ездам за мяжу, на радзіме, з рэальнай беларускай сялянкі сяла Уборкі Аніссі Івановай Апалінарый Гараўскі напісаў карціну «Старая моліцца» (НММ РБ), якой надаваў вялікае значэнне, спадзеючыся атрымаць за яе званне акадэміка. Мастак лічыў, што «па рэльефнасці галавы, рук, малюнка і каларыце, сціпласці жывапісу ў перайманні натуры» яго карціна можа параўнацца з творамі славутых расійскіх партрэтыстаў — Сяргея Заранкі і Карла Штэйбена. Цікава, што карціну з тым жа сюжэтам у 1878 годзе напісаў і яго брат Гілярый Гараўскі.

17 мая 1858 года Апалінарый Гараўскі ў якасці пенсіянера Акадэміі мастацтваў адправіўся за мяжу, адкуль вярнуўся праз два гады, не дабыўшы да канца тэрміну (ён вельмі сумаваў без сям’і). Ён вучыўся ў Аляксандра Калама (1810–1864) у Жэневе і ў Андрэаса Ахенбаха (1815–1910) у Дзюсельдорфе. Падчас знаходжання за мяжою мастак наведаў гарады Швейцарыі і Італіі, выстаўляўся ў Рыме, Лондане, Парыжы і Жэневе.

Пейзажыст Андрэас Ахенбах — былы вучань Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, адзін з карыфеяў і рэфарматараў нямецкага пейзажа ХІХ стагоддзя. У яго творах падкупляла дакладная перадача стану прыроды і выдатнае веданне паветранай перспектывы, злучанае з вялікім майстэрствам тэхнічнага выканання. Ахенбаха Гараўскі ставіў вышэй за ўсіх нямецкіх пейзажыстаў, але значна большы ўплыў на яго стыль аказаў швейцарскі мастак Аляксандр Калам — пясняр альпійскай прыроды, кавалер ордэна Ганаровага легіёна, член Санкт-Пецярбургскай, Брусельскай і іншых акадэмій Еўропы. Яго пейзажы горнай Швейцарыі былі надзвычай эфектныя і велічныя, драматычныя і эпічныя, неверагодна «карцінныя». А. Гараўскі адзначае, што «палотны Калама прасякнуты паэзіяй, у іх можна адпачыць і памарыць»4.

За мяжой А. Гараўскі шмат працаваў (напісаў больш за 100 эцюдаў), але не высылаў карціны на радзіму для справаздачных выставаў, што выклікала незадавальненне чыноўнікаў Акадэміі.

Вярнуўшыся на радзіму ў 1860 годзе, А. Гараўскі паказаў зробленае за мяжой на акадэмічнай выставе, затым П.М. Траццякову і мастаку І.І. Сакалову, ад якога пачуў, што яго пейзажы залішне дэталёвыя і «ад прыроды такія далёкія, як неба ад зямлі». «Мне не трэба ні багатай прыроды, ні цудоўнай кампазіцыі, ні эфектнага асвятлення, ніякіх цудаў — дайце мне хоць лужыну брудную, ды каб у ёй праўда была, паэзія...»,5 — пісаў П. Траццякоў А. Гараўскаму.

Парадокс: для Акадэміі мастацтваў, якая паслала яго за мяжу, карціны А. Гараўскага былі «недастаткова бліскучымі», для мастакоў-дэмакратаў — недастаткова жыццёвымі. Акадэмія не спяшалася з прысваеннем звання, што давала рэпутацыю і заказы, на якія так спадзяваўся мастак.

Толькі праз год, у 1861 годзе, за пейзаж «Від ракі Арвы каля Шамуні» і партрэт «Старая моліцца» А. Гараўскі нарэшце атрымаў званне акадэміка 1-й ступені пейзажнага і партрэтнага жывапісу з чынам 9-га класа. Звання прафесара А. Гараўскаму не далі, хоць прафесар Акадэміі А. Маркаў вельмі высока ацаніў яго жывапіс: «Падобную рэч, як «Старая...», можна толькі два-тры разы ў жыцці напісаць, і што яны хацелі б, каб яна ў Эрмітажы была»6, — пісаў Гараўскі Траццякову.

У 1860–1862 гадах Гараўскі шмат часу праводзіў на радзіме, у маёнтку сястры Брадзец. З работ гэтага перыяду захавалася алтарная карціна «Марыя Магдалена, якая каецца» (1861, НММ РБ), даволі вялікая па памеры (206х142). Марыя Магдалена намаляваная ў пячоры напаўаголенай, з рукамі, складзенымі перад кнігай у малітоўным жэсце. Рысы твару Марыі Магдалены вельмі блізкія па іканаграфіі да тыцыянаўскай Марыі Магдалены. А. Гараўскі прызнаваўся, што меў да яе «страшную ахвоту, бо пейзажы крыху надакучылі. Вывучэнне [вобраза] адняло бездань часу, хоць, здаецца, выйшаў ён вельмі прыстойны»7. Да яго мастак зрабіў мноства алоўкавых эцюдаў, частка з якіх захоўваецца цяпер у Дзяржаўным Рускім музеі. Тым не менш карціна так і засталася ў 1861 годзе няскончанай. Пазней яна была дапісаная і падораная аўтарам бялыніцкаму касцёлу, аб чым сведчыць надпіс на польскай мове на адвароце карціны. Гэта адзіны ўзор рэлігійнага жывапісу А. Гараўскага, які дайшоў да нашага часу, хоць з лістоў П.М. Траццякову вядома аб вобразах для іканастаса Казанскага сабора, якія загінулі ў параходзе пры дастаўцы ў Казань. Карціна «Марыя Магдалена...» ў 1964 годзе была набытая ў М.А. Тарховай-Стэфаноўскай з горада Тосна Ленінградскай вобласці.

Чаму А. Гараўскі ахвяраваў гэтую карціну менавіта бялыніцкаму касцёлу? Звернемся да гісторыі. У 1756-1761 гадах манахі кармэліты ўзвялі ў Бялынічах, якія належалі князям Агінскім, вялікі каменны касцёл. У 1761 г. княгіня Алена Агінская набыла для бялыніцкага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі кармэлітаў цудадзейны абраз Панны Марыі, што паклала пачатак масаваму паломніцтву вернікаў. Мястэчка сталі называць «Рускай Чэнстаховай». У другой палове XVIII ст. у Бялынічах дзейнічаў невялікі жаночы кляштар марыявітак, дзе размяшчаўся пансіянат для дачок шляхты. У 1859 годзе падчас вялікага пажару амаль усе гарадскія пабудовы і касцёл згарэлі, але католікі Бялынічаў пачалі аднаўленне кляштара. Верагодна, вернікі звярнуліся да знаёмых мастакоў з просьбаю напісаць карціны для ўпрыгожвання касцёла. Можна толькі выказаць здагадку (дакументальных сведчанняў, акрамя надпісу на карціне, пакуль не знойдзена), што і А. Гараўскі ахвяраваў знакамітаму касцёлу сваю карціну. У 1876 г. бялыніцкі каталіцкі кляштар быў ператвораны ў праваслаўны мужчынскі манастыр, а касцёл стаў называцца Раства-Багародзіцкаю царквой (яна была зачынена ў 1930-я і знішчана ў 1960-я гады). Як доўга карціна знаходзілася ў касцёле, калі і кім была вывезена ў г. Тосна, невядома.

З 1862-га па 1885 год А. Гараўскі выкладаў у Санкт-Пецярбургскай рысавальнай школе пры Таварыстве заахвочвання мастакоў. Гэта сціплае месца давала магчымасць мастаку, атрымліваючы невялікі заробак, працаваць творча, маючы вольнымі чатыры дні на тыдзень і ўсе летнія месяцы. Вучні яго былі з розных слаёў грамадства: жывапісу вучыліся і цвярскі мешчанін Арсеній Былінкін, і купецкі сын Андрэй Трапезнікаў. Жывапіс стаў модным баўленнем часу свецкіх дам, якія займалі свой вольны час.

У 1867 годзе А. Гараўскі зноў просіць Акадэмію падоўжыць яму ўтрыманне на тры гады для працягу пенсіянерства за мяжою, але атрымлівае адмову. У 1868 годзе ён напісаў партрэт каталіцкага біскупа Станеўскага, які знаходзіўся ў С.-Пецярбургскім рыма-каталіцкім калегіуме. Зразумела, што пасля паўстання 1863 года мастак не бываў на радзіме. У 1869 г. імператар дазволіў адправіць яго на тры гады падарожнічаць на сродкі Акадэміі мастацтваў, але не за мяжу, а па Паўднёвай Расіі «для вывучэння рускіх тыпаў і для дасканалення сваёй адукацыі і вытворчасці карцін з народнага побыту тэрмінам на 3 гады, вылучыўшы яму на ўтрыманне па 300 чырвонцаў у год».8 Мастак, збіраючы матэрыялы для сваіх твораў, падарожнічаў па Расіі, Украіне і Беларусі і выкарыстаў гэтую магчымасць, каб часцей бываць на радзіме. Гараўскі адправіўся на Палессе, у Пінск, дзе пісаў з натуры пінскія балоты, а захварэўшы на ліхаманку, адшукаў месца бліжэй да бацькоў каля крэпасці Бабруйска і ракі Бярэзіны.

У 1871 годзе ён скончыў карціну «Пераход статка праз раку Бярэзіну ў ваколіцах Бабруйска (момант перад дажджом)». У гэтыя ж гады быў напісаны лепшы яго пейзаж «Від ракі Бярэзіны ў наваколлях Бабруйска».

У пачатку 1870-х мастак жыў у сваім маёнтку Уборкі і ў маёнтку сястры Брадзец, дзе напісаў пейзаж «Вечар у Мінскай губерні». Гэтая праца — адно з самых паэтычных адлюстраванняў беларускай прыроды, не падпісаная і не датаваная, што не характэрна для А. Гараўскага. Сціплая прырода Ігуменшчыны — дарога, касцёл на далёкім плане, дзеці, якія ідуць з сабачкам па дарозе і спыняюцца, каб палюбавацца захадам, — трактаваны як ідылічны пейзаж надзвычай сціплага хараства. Гараўскі ўзвышае сціплы выгляд беларускай правінцыі да ўзроўню італьянскага, адначасова нівеліруючы яго асаблівасці. «Калі параўноўваць пейзажы Гараўскага еўрапейскага перыяду з нацыянальнымі пейзажнымі матывамі роднага краю, то ў апошніх адчуваецца значна больш сардэчнага пачуцця, душэўнага перажывання і мастакоўскай эмацыянальнасці і менш акадэмічных рысаў, набытых у юнацтве ў майстэрні Максіма Вараб’ёва», — лічыць мастацтвазнаўца Барыс Крэпак9.

У 1874 годзе Гараўскі ўступіў у Таварыства выставаў мастацкіх твораў, якое знаходзілася пад апякунствам Акадэміі мастацтваў — яно было створана ў процівагу Таварыству перасоўных мастацкіх выставаў, што набірала папулярнасць. У таварыства прымаліся толькі мастакі з дыпломамі акадэмічнай ступені — прафесары, акадэмікі, класныя мастакі ўсіх ступеняў і свабодныя мастакі. Сапраўднымі членамі Таварыства сталі вядучыя жывапісцы акадэмічнага стылю — І. Айвазоўскі, Л. Лагорыа, А. Мяшчэрскі і інш. Апалінарый Гіляр’евіч быў абраны ў першы склад спецыяльнага камітэта з 10-ці мастакоў, якія займаліся адборам і закупкамі карцін для гадавых выставаў.Гараўскі не ўступіў у Таварыства перасоўнікаў, з лідарамі якіх меў цесныя зносіны. Новы метад рэалістычнага жывапісу бунтароў-перасоўнікаў з іх сацыяльнымі матывамі не быў яму блізкім. Пануючае месца на іх выставах займалі жанрысты, творчасць якіх мела выкрывальны характар. Іншае рамантычнае разуменне прыгажосці, лірычныя ўзнёслыя пейзажы і скрупулёзныя псіхалагічныя заказныя партрэты ішлі насуперак дэмакратычнай ідэалогіі Таварыства, знаходзіліся ў рэчышчы іншай мастацкай праграмы. Апалінарый Гараўскі, мадэрнізуючы тэхніку жывапісу, ніколі не здраджваў свайму разуменню праўды і прыгажосці ў мастацтве. Ён застаўся верны прынцыпам Акадэміі і рамантычнаму акадэмічнаму пейзажу.

У 1875 годзе на мастака абрушылася гора: памерлі любімая 18-гадовая дачка Ганна, нованароджаны ўнук і стары бацька. Гараўскі каля паўгода заставаўся няўцешны, нікому не пісаў і нават закінуў жывапіс. Але ўжо ў канцы 1870-х гадоў мастак зноў піша шэраг заказных партрэтаў — Апачынінай (1876), Мяснікова (1876), жонкі генерала Лышчынскага (1877), А.П. Платава (1878), вялікага князя Мікалая Мікалаевіча (1881). Гэтыя партрэты экспанаваліся на выставах Таварыства пры Акадэміі мастацтваў і на Сусветнай выставе ў Парыжы. У 1883 годзе ў гонар 50-гадовага юбілею А. Гараўскі быў узнагароджаны ордэнам св. Станіслава 3-й ступені, які прызначаўся галоўным чынам для чыноўнікаў за выслугу гадоў.

Яшчэ ў 1880 годзе А. Гараўскі набыў маёнтак Кірылавічы за 68 кіламетраў ад Пскова, дзе пабудаваў дом («халупу») і майстэрню з бярвенняў з вялікім акном, з выглядам на прыроду. Там быў напісаны апошні з яго адзначаных крытыкай твораў партрэт «Стогадовы селянін» (1889), выстаўлены ў залах Акадэміі мастацтваў.

У 1880-я гады А. Гараўскі пісаў пераважна заказныя партрэты — партрэт імператара Аляксандра II (1886), Мікалая Бенуа (1887), сына вядомага архітэктара, кузена жонкі, калегі па выкладчыцкай працы ў школе. Мастак актыўна ўдзельнічае ў акадэмічных выставах. Так, на выставе ў Акадэміі мастацтваў у 1890 годзе ён экспанаваў карціны «Час жаць» і «Восень».

Апошнія гады, у летнія месяцы, А. Гараўскі жыў у сваім маёнтку Кірылавічы Гдоўскага павета. Тут была напісана вялікая карціна «Канюшына цвіце. Лясныя далі» (1895). Манера майстра ў познія гады яго жыцця змянілася. У адным з апошніх лістоў П.М. Траццякову ён паведамляў: «…Напісаў 20 эцюдаў, біў пераважна не на дэталёвасць, а на вернасць моманту сонечнага і каларыту...»10. Калі ў юнацтве мастак стараўся пісаць гладка дробнымі пэндзлямі на шчыльным тонкім палатне, то тут ён актыўна выкарыстаў пастозную фактуру мазкоў для перадачы пухнатых кветак канюшыны.

Да канца дзён Апалінарый Гараўскі захоўваў творчую актыўнасць. У 1898 годзе мастак яшчэ быў поўны сілы: планаваў пабываць на Сусветнай выставе ў Парыжы і з’ездзіць у крымскі маёнтак Ай-Юры свайго вучня Андрэя Трапезнікава. У гэтым жа годзе ён атрымаў запрашэнне на адкрыццё Рускага музея Аляксандра III.

Памёр Апалінарый Гараўскі раптоўна 28 сакавіка 1900 года ў Марыінскім шпіталі ў Пецярбургу ва ўзросце 67 гадоў. Пра гэта ў некралогу паведамілі пецярбургскія выданні — суворынскае «Новое время» і «Исторический вестник». Пахавалі мастака на Выбаргскіх могілках.

Карціны А. Гараўскага ў 1900-я гады былі распрададзеныя ўдавой, якая засталася з дочкамі Марыяй і Юліяй без сродкаў для існавання...

Больш за 50 твораў мастака захоўваецца ў буйных расійскіх музеях — Траццякоўскай галерэі ў Маскве, Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу, Іркуцкім і Пензенскім мастацкіх музеях, а таксама ў Казахскай мастацкай галерэі. Але большая частка яго спадчыны па праву належыць Беларусі, упрыгожваючы экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

 

Выказваем сардэчную ўдзячнасць унучатай пляменніцы Апалінарыя Гараўскага Людміле Сямёнаўне Шарапавай (Кіеў), якая перадала ў дар архіву НММ РБ (2007) матэрыялы па радаводзе сваёй сям’і, і даследчыку Юрыю Міхайлавічу Курачкіну (Санкт-Пецярбург) за магчымасць выкарыстання новых біяграфічных звестак пра мастака.


  1. Гл.: Русская дореволюционная и советская живопись в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь / Под научн. ред. Е.К. Ресиной. Том 1. А-И. — Минск, 1995. — С. 232–239.
  2. Гл.: Дробов Л.Н. Живопись Беларуси конца ХІХ — начала ХХ века. — Мінск, «Вышэйшая школа», 1974.
  3. Брат мастака Гіляры Гіляр’евіч Гараўскі займаўся выключна акварэльным жывапісам. Менавіта Гіляры ўспадкаваў маёнтак Уборкі, які пасля смерці бацькі прыйшоў у занядбаннне. Яго адзіная дачка Анэлія, у замужжы Францкевіч, мела 11 дзяцей. Сям’я Францкевіча была раскулачаная ў 1930-я гады і выслана ў Сібір. Карл и Гектар сталі прафесійнымі вайскоўцамі, Гектар скончыў сваю кар’еру палкоўнікам. Па іроніі лёсу ён прымаў удзел у падаўленні паўстання 1863 года, у якім удзельнічалі многія яго калегі па кадэцкім корпусе, а брат Іпаліт напісаў карціну «Каля крыжа» (1863, НММ РБ), прасякнутую спачуваннем да паўсталых.
  4. Письма художников П.М. Третьякову. 1856–1869. Т. 1. Подготовка к печати и комментарии Н.Г.Галкиной,М.Н.Григорьевой. — Москва, 1960. — С. 96.
  5. Тамсама. С. 303.
  6. Тамсама. С. 114.
  7. Тамсама. С. 90.
  8. Дробов Л.Н. Живопись Беларуси конца ХІХ – начала ХХ века. Мінск, 1974. — С. 176.
  9. Крэпак Б. Вяртанне імёнаў. Нарысы пра мастакоў. У 2-х кнігах. Кн. 1. — Мінск, «Мастацкая літаратура», 2013. — С. 141.
  10. Дробов Л.Н. Художники Белоруссии конца ХIХ — начала ХХ века. — Минск, 1974. — С. 178.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY