|
|
|
№
4(70)/2014
У кантэксце Бібліі
Пераклады
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Паэзія
Асобы
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя
|
Адна з самых маленькіх кніг Бібліі, якая складаецца толькі з чатырох раздзелаў, – гэта кніга Рут1. Апісаныя ў ёй падзеі пераносяць нас у часы Суддзяў, калі выбраны народ шматразова пакідаў свайго Бога і звяртаўся пад уплывам суседніх народаў да розных ідалаў. З прычыны нявернасці Закону і Запавету габрэйскі народ стаў чужым і нялюбым Богу больш за язычнікаў. Менавіта дзеля яго сораму і з’яўляецца ў біблійнай гісторыі маабіцянка Рут, якая з вялікай пакораю ўваходзіць у гісторыю габрэйскага народу і ў гісторыю жыхароў Юдэі. Увогуле, паняцце сораму ў Старым Запавеце, асабліва калі выкарыстоўваюцца выразы, што паходзяць ад кораня בּושׁ [bwš] (саромецца, быць асаромленым) і ад назоўніка שׁבֶּת [bōšeṯ] (сорам), указваюць найперш на ганьбу, якую спазнае чалавек, калі распачатая ім рызыкоўная справа заканчваецца вялікай паразай. Чалавек адчувае сорам, бо спадзяваўся і разлічваў на штосьці іншае, дзеля чаго неразумна рызыкаваў, а ўся справа аказалася безнадзейнай. З падобнай сітуацыяй сустракаемся ў кнізе Рут. Першыя радкі кнігі знаёмяць нас з багатым чалавекам па імені Элімэлех. Паходзіць ён са знакамітага пакалення Юды, прадстаўнікі якога называліся таксама эфратцамі: «Імя гэтага чалавека было Элімэлех, а імя жонкі ягонай – Наомі, два ж сыны ягоныя называліся Махлон і Кіліон2 , былі яны эфратцамі з Бэтлеема юдэйскага» (Рут 1, 2). Дзякуючы грамадскаму статусу свайго мужа Наомі таксама мела прызнанне, пра што сведчыць нават яе імя – נָעֳמִי [nāʽŏmî], што азначае «прыемная»3. Аднак Элімэлех сам зневажае сваё добрае імя, бо з прычыны голаду, які панаваў у краіне, вырашае прадаць усю сваю маёмасць і ўцячы ў Мааб4, язычніцкі край, якім пагарджалі ізраэльцяне5, каб там перачакаць голад: «І пайшлі яны на палі Мааба, і жылі там» (Рут 1, 2). Для ізраэльцянаў нават сама думка, што можна знайсці шчасце і бяспеку здалёк ад Абяцанай зямлі, была ілюзіяй. Менавіта гэта і пацвярджае далейшая гісторыя Элімэлеха. Ён пакідае Юду і гэтым сведчыць пра недавер да Бога, які заўсёды заступаўся за свой народ. Аднак, уцякаючы ад адной бяды, сустракаецца з другой. Закон (або інакш Тора) не забараняў у выпадку голаду ратаваць сваё жыццё па-за межамі свайго краю. Ведаем з Бібліі, што менавіта так паступалі патрыярхі. Аднак гэтая сітуацыя ставіць перад Элімэлехам выклік, на які ён не хоча адказаць, а паколькі ён быў чалавекам заможным і вядомым, яго ўцёкі ў такі драматычны для народу момант становяцца дрэнным сведчаннем, выклікаюць незразуменне і паніку, а таксама паказваюць у нейкай ступені яго эгаізм і сквапнасць. У час голаду натоўпы беднякоў збіраліся каля дамоў багатых людзей, каб тыя далі ім хлеба і зерня. Калі багацей адмаўляўся, беднякі мелі права забраць усё сілай. Відаць, Элімэлех і пабаяўся, што ў яго забяруць усё, што ён мае, а дабравольна дзяліцца ён не жадаў. Не захацеў стаць дабрачынцам і засведчыць сваю ласкавасць – חֶסֶד [ḥeseḏ]6 — да церпячых. Мае малое сэрца, таму зачыняе брамы свайго дому, устае і ўцякае. Варта заўважыць, што рашэнне Элімэлеха супярэчыць ягонаму імені – אֱלִימֶלֶךְ [ʾělîmeleḵ] – «Бог – мой кароль», бо выяўляе яго індывідуалізм і спадзяванне толькі на свае сілы. Біблійны тэкст выразна падкрэслівае, што праз свой чын Элімэлех губляе свой гонар. На чужыне ўжо ніхто не ведае яго па імені, а толькі як мужа Наомі – цяпер яна выходзіць у біблійным апавяданні на першае месца. Будучы паслухмянай мужу, яна ідзе ўслед за ім, пакідаючы Юдэю. Магчыма, у яе сэрцы заўсёды жыла надзея, што калі-небудзь яна зноў зможа вярнуцца ў Бэтлеем. З прычыны ж сваіх сыноў, якія ажаніліся з маабіцянкамі, язычніцамі, яна затрымліваецца ў Маабе. Толькі пасля смерці Махлона і Кілеона, застаючыся без нічога, не маючы ніякіх прывілеяў, Наомі вяртаецца ў Бэтлеем: без мужа і сыноў, а толькі са сваёй бяздзетнай нявесткай, ды і тое маабіцкага паходжання. Ведае, што ў Ізраэлі абедзве будуць прадметам пагарды, што іх сустрэне безліч цяжкасцяў. Аднак, нягледзячы на ўсё, вырашае вярнуцца – у пэўным сэнсе рызыкуе. Вось як Біблія апісвае рашэнне Наомі: «Калі памёр Элімэлех, муж Наомі, яна засталася адна з сынамі. Яны ж ажаніліся з маабіцянкамі. Адну звалі Орпа, а другая мела імя Рут. І жылі там каля дзесяці гадоў. Калі памерлі абодва сыны, Махлон і Кілеон, засталася гэтая жанчына без абодвух сыноў сваіх і без мужа. Тады сабралася яна разам з дзвюма нявесткамі сваімі, каб вярнуцца назад з маабскіх палёў, бо пачула ў маабскай краіне, што Пан наведаў свой народ і даў яму хлеб» (1, 3-6).
Вяртаецца Наомі, якая засталася7 без мужа і сыноў, нібы жывы труп, цень, шматок, як тое, што засталося пасля ахвяры, якая згарэла ў агні. Хоць кніга не апісвае яе знешні выгляд, але яго можна ўявіць. Калі прыйшла ў Бэтлеем са сваёй нявесткай, увесь горад быў узрушаны іх выглядам: «... калі прыйшлі ў Бэтлеем, загаварыў увесь горад пра іх, а жанчыны пыталіся: “Ці гэта Наомі?”» (1, 19). Ніхто не мог паверыць сваім вачам, бо прыйшла Наомі ўжо не ў атачэнні сваіх служанак, не верхам на кані альбо ў калясніцы, як належала заможным людзям, але пешшу, як вандроўная жабрачка. Яшчэ большым сорамам для ўдавы, старой і няздольнай знайсці новага мужа для сваёй нявесткі, была адсутнасць нашчадка. Таму яшчэ ў Маабе яна настойліва прасіла сваіх нявестак: «Вяртайцеся дочкі мае! Чаго пойдзеце за мною? Ці ж я магу мець яшчэ сыноў ва ўлонні сваім, якія б сталі вашымі мужамі? Вяртайцеся, дочкі мае, ідзіце, бо я застарая каб выйсці замуж...» (1, 11-12). Наомі вельмі церпіць з прычыны таго, што сустрэла яе сям’ю ў Маабе. Яе боль настолькі вялікі, што яна нават адкідвае сваё ўласнае імя, бо цяпер яе сорам быў нічым іншым, як горкім расчараваннем, прыніжэннем, невыносным выпрабаваннем, якое спаслаў ёй Найвышэйшы, і самае страшнае – Яго рука паўстала супраць яе (1, 13). Таму яна кажа жыхарам Бэтлеема: «Не называйце мяне Наомі, але называйце Мара (מָרָה [mārāh] – горкая), бо Усемагутны напоўніў мяне вялікай горыччу (дасл. учыніў мяне вельмі горкай). Я пайшла поўная, а Пан вярнуў мяне пустой...» (1, 20-21). Выйшла з краю, маючы ўсё, поўная ўсяго, а вярнулася пустой, але не ў духоўным сэнсе, а ў сэнсе адчування ўласнага «я». Сведкамі яе прыніжэння і сораму становяцца жыхары Бэтлеема. Усе на яе глядзяць. Усе ведаюць, што калі так моцна церпіць, значыць вінаватая. Можна было б чакаць, што бяздзетная Рут, удава Махлонава, будзе адчуваць падобны сорам. Аднак нічога такога не знаходзім у кнізе. Яна, поўная пакоры і паслухмянасці сваёй свекрыві, лічыць гонарам належаць да яе народу і вызнаваць веру ў Бога Ізраэля. Таму не пакінула яна Наомі, як Орпа, але пайшла ўслед, дэкларуючы сваё жаданне ва ўсім падзяліць лёс свекрыві: Не змушай, каб я пакінула цябе і адышла; куды б ты ні пайшла, і я пайду; дзе б ты ні пасялілася, і я пасялюся. Твой народ будзе маім народам, і твой Бог – маім Богам. Дзе памрэш, там і я памру і буду пахаваная, няхай так учыніць мне Пан і дадасць мне, бо толькі смерць разлучыць мяне з табою (1, 16-17). Не турбуе Рут таксама тое, што амаль ніхто не заўважае яе побач з Наомі, што ніхто не называе яе па імені, а толькі дзяўчына-маабіцянка, ці проста маабіцянка. Жыхары Бэтлеема не бачаць у ёй нічога добрага, бо жанчыны з іншых краінаў атаясамліваліся габрэйскім народам з амаральнымі паводзінамі, тым больш, калі гэта былі маабіцянкі, якія схілялі ізраэльцянаў да чужалоства і адступніцтва8. Нават сама Наомі кажа, што вярнулася пустая, ігнаруючы гэтым выказваннем прысутнасць сваёй нявесткі. Але сціплыя паводзіны Рут, яе працавітасць і адданасць сваёй свекрыві змушаюць змяніць стаўленне да яе. Не можа не заўважыць гэтых цнотаў і Баоз, хоць напачатку з асцярожнасцю называе яе толькі נַעֲר̞ה [naʽǎrāʰ] – маладая жанчына (2, 5). Гэты выраз мае два значэнні: паказвае на нізкі сацыяльны статус і маладосць.
Будучы па паходжанні князёўнай, Рут збірае разам з беднякамі каласы, якія заставаліся нязжатымі спецыяльна для бедных: «Маабіцянка Рут сказала Наомі: “Пайду я на поле і буду падбіраць каласы за тым, у чыіх вачах знайду прыхільнасць”. Тая адказала: “Ідзі, дачка мая”» (2, 2). Потым яна атрымлівае дазвол Баоза падбіраць таксама тыя каласы, што выпадалі з рук жняцоў каля саміх снапоў, а гэта ўжо лічылася пэўным прывілеем. Рут выконвае сваю працу вельмі старанна і з любові да сваёй свекрыві, бо хоча ўратаваць яе ад яшчэ горшага прыніжэння — выпрошвання міласціны. Сваёй пакорай і дабрынёй, што больш вартыя за ўсялякую знешнюю прыгажосць, пра якую, дарэчы, нічога не кажа Біблія, гэтая чужаземка ўносіць у Бэтлеем каштоўнае духоўнае багацце: веру, вернасць, ахвярнасць, велікадушша, любоў, вытрываласць у цярпенні, мужнасць, працавітасць і становіцца прыкладам для жыхароў горада. Спачатку пра яе добра сведчаць жняцы (2, 6-7), а затым сам гаспадар поля, Баоз, выказвае ёй сваю прыхільнасць, чым вельмі здзіўляе Рут: «За што знайшла я прыхільнасць у вачах тваіх, што ты прыняў мяне, хоць я чужаземка?» (2, 10). На што Баоз адказвае: «Мне расказалі ўсё, што ты зрабіла для сваёй свекрыві пасля смерці мужа свайго, як ты пакінула сваіх бацькоў і зямлю, на якой нарадзілася, і прыйшла да народу, якога раней не ведала» (2, 11). А яшчэ большае прызнанне яна спазнае ад Бога, бо становіцца, паводле закону левірату9, жонкай заможнага Баоза і нараджае сына Абэда10, які стаў бацькам Есэя і дзедам самога караля Давіда (4, 17). Выпрабаванні падрыхтавалі Рут да прыняцця шчодрых ласкаў — חֶסֶד [ḥeseḏ] — ад Бога. Рут не магла ганарыцца сярод ізраэльцянаў сваім знатным паходжаннем, хоць была дачкой караля Мааба, але здабыла іх прыхільнасць праз сваю вернасць і ласкавасць – חֶסֶד [ḥeseḏ] — у дачыненні да Бога і свекрыві. За гэта яна чуе словы благаслаўлення ад Баоза, ад жыхароў Бэтлеема і жанчын, якія казалі Наомі: «“Благаслаўлёны Пан, які не пакінуў цябе сёння без наступніка. Няхай імя ягонае стане слаўным у Ізраэлі. Няхай ён суцяшае душу тваю і падтрымлівае цябе ў старасці, бо нарадзіла яго нявестка твая, якая цябе любіць і лепшая для цябе за семярых11 сыноў”. І ўзяла Наомі дзіця гэтае, і паклала яго на калені, і была яму нянькаю» (4, 15-16). Дзякуючы Божаму Провіду маабіцянка Рут не толькі не кідае цень на выбраны народ, але, наадварот, становіцца для яго святлом надзеі і гонару. Гісторыя кнігі Рут паказвае, што справы дабрыні і міласэрнасці не абмяжоўваюцца літарай Закону. Часам чалавек павінен мець адвагу на штосьці большае за выкананне толькі пэўных прадпісанняў, бо калі людзі адважваюцца сведчыць ласкавасць і вернасць – חֶסֶד [ḥeseḏ] — у адносінах да людзей, Бог чыніць падобнае: адорвае іх сваёй ласкавасцю і прыхільнасцю – חֶסֶד [ḥeseḏ], — разбураючы ўсе нашыя стэрэатыпы і рацыяналізм. Падобна і ў гэтай біблійнай гісторыі, поўнай парадоксаў, чужаземка Рут, язычніца, вызнае веру ў адзінага Бога і ўваходзіць разам з Наомі і Баозам у лік продкаў Месіі (Мц 1, 5), які нарадзіўся ў тым жа Бэтлееме, доме хлеба, як Збаўца ўсяго свету.
|
|
|
|