Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(70)/2014

«ЁН ЖЫЎ СЯРОД НАС, МЫ БЫЛІ З ІМ...»
У кантэксце Бібліі

РУТ МААБІЦЯНКА
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю
Жыццё Касцёла

ДАРАГОЕ ЯЕЧКА ДА ВЯЛІКАДНЯ
Sanctorum opera
З архіваў часу
Постаці
Адукацыя
Мастацтва

НАЛЕЖЫЦЬ БЕЛАРУСІ...
Літаратуразнаўства

НЯБЕСНАЯ АПЯКУНКА З ВІЛЬНІ
Паэзія

ВЕРШЫ

ЦУД ПОБАЧ
Асобы

ВОІН І ФУНДАТАР
Рымскія святыні
Пазіцыя
Галерэя

Кс. Станіслаў ПАЎЛІНА fDP

«ЁН ЖЫЎ СЯРОД НАС, МЫ БЫЛІ З ІМ...»

З рэферата на канферэнцыі,
прысвечанай 100-годдзю кардынала Казіміра Свёнтка
Драгічын над Бугам, 08.11.2014 г.

Маю гонар даць сведчанне пра святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Гэта будуць кароценькія замалёўкі са штодзённага жыцця Вялікага арцыпастыра Беларусі.

 

Галоўны іерарх Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ўпэўнена крочыў па зямлі. Ён быў моцны, ведаў свае недахопы і правіны, быў сціплы, шчыры, ахвярны, руплівы ў працы, добры гаспадар з незвычайнымі арганізатарскімі здольнасцямі, вялікі інтэлектуал, які прэзентаваў свае погляды на справы дакладна і адкрыта. Кардынал Казімір Свёнтэк штодня будаваў Божае Валадарства, абвяшчаючы Евангелле сваім жыццём і словам, сакрамэнтальным служэннем, дапамагаючы будаваць, рэстаўраваць сакральныя аб’екты, засноўваць парафіяльныя супольнасці, весці людзей у Касцёл, абараняць Касцёл і святароў. Ён меў аўтарытэт і пашану не толькі сярод католікаў.

Кардынал Свёнтэк ніколі не наракаў, выконваючы абавязкі біскупа. Часам ён жартаўліва казаў, што мае за сабою 10 гадоў «адпачынку» ў Сібіры, таму «адпачыў» на гады наперад аж да канца жыцця.

Мы вучыліся ў нашага настаяцеля. З часам пачалі лепш разумець адзін аднаго. Ксёндз кардынал быў вельмі добрым дыдактыкам і педагогам. Мы вучыліся ад яго пачуццю ўласнай годнасці, пакоры, а перадусім — даверу Божаму Провіду.

 

Кардынал Казімір даглядаў свой сад каля дома на вуліцы Шаўчэнкі, 12, дзе пасадзіў дзве бярозы (адна з часам была ссечаная), елку, дуб, сасну і іншыя дрэвы, у тым ліку і фруктовыя, а таксама кусты; гадаваў рыбак у маленькім агародным стаўку. Ён радаваўся «міні-Палессю», створанаму на вул. Шаўчэнкі, 12. Лавіў рыбу, запісваў спеў глушца, фатаграфаваў жывую прыроду. Калі восенню ксёндз кардынал хацеў сфатаграфаваць, як падае лісце з дрэваў, ён плаціў хлопцам па рублю за тое, што яны ўзлезуць на дрэва і патрасуць яго галінкі, каб спаданне лістоты можна было зняць у палёце.

Кардынал Свёнтэк любіў сваіх сабак: Аса з Пружанаў і Аса з Пінска, а таксама апошняга — Філюся. Ён згадваў Альфіка, сабачку бабулі Уршулі, і малога нямецкага аўчара з Марыінскага лагера, з якім дзяліўся сваёй порцыяй харчу і пасылкаю. Аднак асаблівае прызнанне заслужыў маленькі Ас-прыблуда. Ксёндз вазіў яго ў кошыку на ровары і на матацыкле «Іж». Па-сяброўску вучыў яго «прыслугоўваць»: на загад «пільнуй шапку» — пільнаваў; «прынясі рукавіцы» — прыносіў; «сабака здох» — ляжаў нерухома; на слова «міліцыя» — брахаў і станавіўся каля свайго Сябра, каб яго бараніць.

Аднойчы ксёндз накіраваўся далёка на разліў возера, дзе хацеў зрабіць некалькі здымкаў, але ўваліўся ў глыбокую багністую яму і не мог з яе выбрацца. Ас, занепакоены крыкам святара аб паратунку, узняў трывогу: брахаў, выў, бегаў па беразе разліву, клічучы на дапамогу людзей, з якімі ксёндз прыехаў на возера. Прыбеглі знаёмыя і з вялікай цяжкасцю выцягнулі «тапельца». Ас стаў героем і заслужыў асаблівую любоў Сябра. Калі сабака здох, ксёндз Казімір пахаваў яго ў садзе каля дома, і на тым месцы заўсёды раслі кветкі.

 

Іерарх быў непатрабавальны, вельмі натуральны. Цаніў чалавечую сардэчнасць, памяць. Але людзей падпускаў да сябе з асцярогаю, што вынікала з інстынкту самазахавання, выпрацаванага ў «сібірскай акадэміі», як ён не раз называў 10 гадоў зняволення ў лагерах ГУЛАГу.

Кардынал Свёнтэк вызначаўся незалежнасцю, адказваў за свае думкі і ўчынкі, быў разважлівы, заўсёды слухаў, пытаўся, а пасля браўся за справу; не расчароўваўся з-за перашкодаў і не быў прадузятым. Ён заўсёды шукаў добрага выйсця з заблытанай справы.

З нашым настаяцелем можна было не пагаджацца, але трэба было мець аргументы. Праца ў курыі была добра арганізаваная. Калі арцыпастыр даручаў камусьці абдумаць нейкую справу, то праз некаторы час ён вяртаўся да яе, пытаючыся пра вынік. Ніколі не здаралася, каб ксёндз кардынал забыў запытацца пра вынікі нашых развагаў, нават калі даўно даў справу на разгляд. Для разгляду справы патрэбныя былі час і «дыстанцыя». Я казаў кардыналу: «Эмінэнцыя, з гэтым трэба пераспаць». Ён прымаў прапанову з усмешкаю і дадаваў: «Добра, кладзем яе пад падушку». Наш кіраўнік добра ведаў, што абдумае справу, звернецца за парадаю да кампетэнтнага чалавека, а пасля прыме адпаведнае рашэнне.

Аднаго разу арыцыпастыр і я, згодна з абавязкам, апрацоўвалі вельмі важную сінадальную тэму «sua sponte». У тэлефоннай размове з кардыналам чую: «Я апрацаваў». Адказваю яму: «Я таксама». «А ці ўдасца нам іх „ажаніць“?»пытаецца ён. Кажу: «Паспрабуем». Дзеяслоў «ажаніць» Яго Эмінэнцыя ўжываў у двух ці больш варыянтах як старшыня Каардынацыйнай камісіі працы Сіноду. Выраз «паспрабуем ажаніць гэтыя апрацаванні» яму вельмі спадабаўся, бо ў ім заключаўся прамы заклік да творчай працы адказных за Сінод.

Кардынал Казімір Свёнтэк быў гасцінны. Дом на вуліцы Шаўчэнкі, 12 заўсёды быў адкрыты для святароў, якія працавалі ў Беларусі, і для тых, хто прыязджаў з Польшчы, а таксама для касцёльных і свецкіх кіраўнікоў.

Наш пастыр заўсёды сачыў за тым, каб «не выходзіць з сябе», але часам бываў напружаным, раздражнёным. Пытаўся ў мяне: «Як я павінен з ім размаўляць?». Ён змагаўся з сабою, жадаючы вынесці добрае з сустрэчы з «цяжкім» чалавекам. Кардынал не раз задаваў сабе пытанне: «Як бы паступіў у гэтай сітуацыі Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі?», а часам з’яўлялася просьба: «Біскуп Зугмунт, дапамажы, пакіруй, вядзі...».

Ксёндз кардынал клапаціўся, каб яго прапанова рэалізавалася, і перажываў, калі яе пакідалі без аналізу, але ён не «надзімаўся» з гэтай прычыны, а імкнуўся падкарэктаваць уласныя адчуванні. Гэта быў вялікі волат духу!

Пастыр адчуваў сябе вельмі добра падчас кананічных візітацый і розных сустрэчаў з вернікамі. Ён любіў непасрэдныя кантакты з імі, лёгка знаходзіў супольную мову з простымі людзьмі і інтэлектуаламі, з моладдзю і пажылымі людзьмі, з былымі вязнямі. Гэтыя сустрэчы былі напоўненыя непасрэднасцю і гумарам. Кардынал Свёнтэк быў вельмі добразычлівым, выходзіў насустрач людзям з распасцёртымі рукамі.

Наш арцыпастыр радаваўся святарскім дасягненням і заахвочваў да «Божага шаленства». Ён падказаў мудры Божы шлях для аднаўлення неіснуючай дзясяткі гадоў парафіі: «Ідучы па вуліцы, вітайце ўсіх людзей хрысціянскім прывітаннем: „Пахвалёны Езус Хрыстус!“. Упэўнены, што знойдзеце першую парафіянку або парафіяніна, з часам іх будзе шмат».

Кардынал Казімір засмучаўся з-за адсутнасці энтузіязму ў кагосьці з душпастыраў. Ён шукаў прычыны, якія трэба было пераадолець: стан здароўя, знясіленне працаю, перашкоды з боку дзяржаўнай улады, адміністрацыйная або іншая памылка, непрыхільнае стаўленне некаторых вернікаў, адзінота, вялікая адлегласць паміж месцамі жыхарства святароў. Гэтыя і іншыя прычыны ён браў пад увагу і шукаў шляхі для братэрскай падтрымкі. Рабіў гэта не заўсёды сам, сяброўскую дапамогу цаніў вельмі высока.

Падчас кантактаў са святарамі іерарх карыстаўся тытуламі «ксёндз пробашч», «ксёндз рэктар», але гэта была не «тытуламанія», а праяўленне належнай пашаны да суразмоўцы і нагадванне пра яго абавязкі.

 

Кардынал Казімір Свёнтэк бязмежна давяраў Божаму Провіду. Калі да яго духоўных пакутаў далучыліся фізічныя, ён змог перамагчы ўласнае бяссілле і немач, усведамляючы, што сам ужо нічога не можа зрабіць. Гэта была вялікая вытрымка духу чалавека веры.

Неяк мы разам ехалі ў Баранавічы — была зіма, дарога заснежаная, мароз. Нягледзячы на тое, што снег ссунулі з дарогі, утварыліся каляіны, якіх трэба было трымацца, каб бяспечна ехаць. Перад намі сунуліся дзве вялікія грузавыя машыны, адна з якіх была доўгая, як платформа, і ехала зусім павольна. Арцыпастыр усё часцей глядзеў на гадзіннік і раптам сказаў: «Не паспеем на сустрэчу!». Я пачаў шукаць магчымасці абгону: спрабаваў абагнаць гэтыя вялікія машыны, але пры выездзе з каляінаў трэба было трапіць у каляіны злева і прыспешыць абгон. На жаль, нашу машыну занесла і развярнула так, што спыніліся мы ў напрамку Пінска. Ад калецтва і смерці нас захавала снежная гурба, у якой мы заселі правым бокам машыны. Тады ксёндз кардынал сказаў: «Відаць, мы патрэбныя Божаму Провіду, бо не паляцелі ў лес, дзе чакала непазбежная смерць».

Кардынал Казімір моцна верыў, што Бог яго любіць, вядзе і праяўляе да яго сваю міласэрнасць. У яго атрымлівалася аб’ядноўваць душпастырскую і публічную дзейнасць з унутраным жыццём.

 

Семінарыст Казімір фармаваў свой характар і асабістую пабожнасць у перыяд пашырэння культу Хрыста Валадара, заключанага, на думку папы Пія ХІ, у энцыкліцы «Quas primas» і ў нормах літургічных тэкстаў. Абвяшчэнне энцыклікі (1925 г.) супала з заснаваннем Пінскай дыяцэзіі. Яе ардынарый біскуп Зугмунт Лазінскі быў энтузіястам у пашырэнні набажэнства да Хрыста Валадара. У гэтым духу выхоўваліся семінарысты. Прыходзіць на памяць асоба выпускніка Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску благаслаўлёнага Мечыслава Багаткевіча, які перад смерцю закончыў ліст да маці словамі «Няхай жыве Хрыстус Валадар!», падчас экзекуцыі таксама паміраў з гэтымі ж словамі на вуснах. У гэтую духоўнасць увайшоў першакурснік Казімір і з часам умацаваўся ў перакананні, што трэба не толькі верыць, але і нагадваць людзям пра іх абавязкі перад Езусам Хрыстом як Панам і Валадаром, і што Яго валадаранне распаўсюджваецца на іх прыватнае і грамадскае жыццё. Ён прагнуў нагадваць гэтую праўду вернікам і праз сімвал Хрыста Валадара, які змясціў на амбоне ў пінскай катэдры і ў мінскай архікатэдры, на сваім біскупскім гербе.

 

У пінскай катэдральнай базыліцы ксёндз кардынал прысвяціў Маці Божай Міласэрнасці капліцу ўдзячнасці за збаўленне з савецкіх лагераў. Выяву Маці Божай ён змясціў таксама на сваім гербе, а словы «Mater Misericordiae» абраў дэвізам сваёй біскупскай паслугі.

Для галоўнага алтара мінскай архікатэдры кардынал Казімір Свёнтэк выпрасіў у Яна Паўла ІІ абраз Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай і карону, якую ўсклаў на Яе ва ўрачыстасць 10 снежня 2005 г. у галоўным алтары гэтага абраза (на генеральнай аўдыенцыі 29 верасня 2004 г. папа Ян Павел ІІ асвяціў абраз). Гэта ўрачыстасць увянчала справу аднаўлення архікатэдры — маці касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Капліцу курыі Пінскай дыяцэзіі Яго Эмінэнцыя прысвяціў Маці Божай Вастрабрамскай, а капліцу курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — Маці Божай Будслаўскай. Аказалася, што гэта было ўкаранаванне ўсёй дзейнасці кардынала як арцыбіскупа і мітрапаліта, бо 14 чэрвеня 2006 г. папа Бэнэдыкт XVI вызваліў яго ад займанай пасады.

Арцыпастыр клапаціўся пра пашырэнне Марыйнага культу ў Беларусі. Ён выклапатаў у Святога Айца дазвол на наданне дзвюм святыням, прысвечаным Маці Божай, — у Пінску і Будславе, статусу базылік меншых, а таксама на ўкаранаванне папскімі каронамі трох цудадзейных абразоў — Найсвяцейшай Панны Марыі ў Брэсце (30.06.1996 г.), Лагішыне (10.05.1997 г.) і Будславе (02.07.1998 г.); на наданне тытулаў санктуарыя базылікам Маці Божай у Будславе для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (02.07.1998 г.) і Маці Божай Каралевы Палесся для Пінскай дыяцэзіі ў Лагішыне (10.05.2003 г.).

Марыйны пілігрым часам вяртаўся думкамі ў Фаціму, дзе 26 ліпеня 1995 г. перад фігураю Маці Божай здзейсніў акт аддання Ёй Касцёла ў Беларусі. Ён радаваўся, што падзяка і просьбы, змешчаныя ў тэксце Акту адддання, былі далучаныя да «Вечнай навэнны», якая прамаўляецца ў кожную суботу ў капліцы Маці Божай Міласэрнасці катэдральнай базылікі ў Пінску.

Кардынал К. Свёнтэк і кс. С. Паўліна fDP.
Дом святароў-пенсіянераў Люблінскай архідыяцэзіі.
Люблін, снежань 2010 г.

Кардынал Свёнтэк падчас падарожжаў на машыне чытаў Евангелле па-італьянску, заўсёды праводзіў свае «sodalisa» — малітвы да Маці Божай. Мы не раз маліліся Ружанец на італьянскай мове. Шлях ад Івацэвічаў у Пінск ён называў «наша ружанцовая дарога», бо лес і павольная язда на машыне спрыялі малітве. Ксёндз кардынал на заканчэнне Ружанца прамаўляў адну з малітваў Марыйнай садаліцыі, у склад якой уваходзіў з гімназійных часоў. Да гэтай малітвы ён заахвочваў вернікаў на асабістых размовах. Неяк адна з парафіянак гучна чытала гэтую малітву ў катэдры, і я запытаўся: «Хто Вас навучыў гэтай малітве?». Яна з гонарам адказала мне: «Ксёндз кардынал». Пытаюся: «Калі навучыў?». Жанчына прыгадала, што, калі ён укленчваў у капліцы Маці Божай Вастрабрамскай і заўважаў, што яшчэ хтосьці стаіць на каленях, то маліўся ўголас гэтую малітву, менавіта тады яна і вывучыла яе.

 

Калі кардынал Свёнтэк вызваліўся з ГУЛАГу ў Інце і пасяліўся ў Пінску, ён пілігрымаваў у Янаў Палескі (цяпер Іванава), месца мучаніцтва св. Андрэя Баболі. Падчас кананічнай візітацыі пастыр аддаваў кожную парафію ў апеку св. Андрэя Баболі. Ён раздаваў абразкі з выяваю святога і малітваю да яго і заахвочваў да штодзённага чытання.

 

Кардынал Казімір Свёнтэк дзякаваў Пану Богу за ўзнясенне 16 мая 1999 года папам Янам Паўлам ІІ да хвалы алтара і далучэння да супольнасці благаслаўлёных дванаццаці вернікаў, якія сваім жыццём і смерцю асвяцілі беларускую зямлю. Ён вельмі клапаціўся пра беатыфікацыю Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага — з ім яго яднала моцная духоўная сувязь, пра глыбіню якой сведчаць словы, сказаныя Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, калі той гаварыў пра неабходнасць здзяйснення цуду для распачацця працэсу беатыфікацыі. Яго Эмінэнцыя сказаў, што цудам, выпрашаным Слугою Божым, з’яўляецца тое, што ён жыве верны Богу, Касцёлу і свайму пакліканню. Кардынал сцвярджаў, што «біскуп Лазінскі, апрача Бога і Найсвяцейшай Маці, якую называюць Садаліцыйнаю, з’яўляецца для яго ўсім, што было, ёсць і будзе да самай смерці».

Як толькі ксёндз біскуп прыходзіў у пінскую базыліку, ён адразу ішоў «на размову» да Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Знаходзячыся ў пінскім шпіталі, ён часта прасіў дзяжурных семінарыстаў падаць яму абразок Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага, які доўга трымаў у руках і маліўся.

 

...Кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды меў падрыхтаванае казанне, хаця не адмаўляўся прамаўляць «ad hoc». Казанне было пабудаванае паводле ўсіх прынцыпаў гамілетыкі. Ён не мучыў людзей доўгімі прамовамі. Напрыканцы жыцця пастыр карыстаўся запісамі, на якіх быў накіданы план гаміліі, часам — цытаты. Ён прамаўляў ясна, выразна, гучна, закранаючы сэрцы ўсіх, хто яго слухаў. <...>

 

Наш арцыпастыр любіў сваё пакліканне. Пасля вызвалення з лагеру ў Інце (1954 г.) ён прыехаў у Пінск. Чакаючы «справки», адмаўляўся ад розных прапановаў уладаў распачаць, як свецкая асоба, лёгкую кіруючую дзейнасць.

Кардынал Казімір Свёнтэк клапаціўся пра святарскія і манаскія пакліканні з Беларусі і для Беларусі. Ён арганізоўваў штомесячныя дні духоўных сустрэчаў святароў і манашак у розных парафіях, за выключэннем летняга перыяду адпачынкаў. Гэтыя сустрэчы ён называў часам асаблівых сакрамэнтальных ласкаў і паяднання з біскупам і Хрыстом, які ідзе на чале адказных за Касцёл у Беларусі, а таксама яскравым бачным знакам «новага ладу жыцця» ў духоўным стане.

Для культывавання Божай іскаркі пакліканняў ён загадаў арганізаваць Дзень адчыненых дзвярэй Пінскай духоўнай семінарыі, а таксама рэкалекцыі для хлопцаў. Ён стараўся быць на гэтых сустрэчах у вызначаны час і свабодна размаўляць з удзельнікамі.

 

Кардынал Казімір Свёнтэк шукаў дабрадзеяў для Касцёла па ўсім свеце. Ён быў удзячны за любую падтрымку ў рэалізацыі святарскіх праектаў. Вось тры яго асноўныя лозунгі:

«Трэба, каб заззяла сваёю велічу і архітэктураю Маці касцёлаў Мінска-Магілёўскай мітраполіі — мінская архікатэдра!». І заззяла!

«Трэба, каб пачала даваць надзею на развіццё і трываласць прэзбітэрыяту, які паходзіць з беларускай зямлі і для яе жыхароў устаноўлены, сэрца мясцовага Касцёла — Вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску». Пачала існаваць і дзейнічае.

«Трэба хутчэй вярнуць, адрамантаваць, а ў новых асяродках пабудаваць маленькія і вялікія касцёлы — дочкі «маці-катэдры». Для гэтай мэты ён заснаваў «Будаўнічае бюро» (05.11.1994 г.), як кансультатыўны орган, а часам і праектна-творчы або надзорчы.

 

Кардынал Казімір Свёнтэк усведамляў усю сваю адказнасць за Касцёл як інстытут на Беларусі, а таксама яго значэнне для Рэспублікі Беларусь у краіне і на міжнароднай арэне.

У 10-ю гадавіну аднаўлення дыяцэзіяльных структураў Касцёла ў Беларусі наш пастыр перадаў Папу дакумент накшталт рапарту, у якім напісаў: «Пазіцыя Касцёла на Беларусі настолькі ўзрасла, што ён заваяваў аўтарытэт, павагу і пашану не толькі сярод веруючых людзей, але нават сярод тых, хто 10 гадоў таму назад імкнуўся яго знішчыць. Таксама і на Захадзе адраджэнне Касцёла на Беларусі выклікала здзіўленне і прызнанне, і сёння ў паўсюдным Касцёле ён займае належнае яму месца нароўні з іншымі Касцёламі».

Гэта індывідуальная і грамадская свядомасць арцыпастыра праявілася ў мностве фактаў. Вось, напрыклад, адзін з іх: Ватыкан, ХХ гадавіна Пантыфікату Святога Айца Яна Паўла ІІ. Ва ўрачыстасці ўдзельнічае каля 900 пілігрымаў з Беларусі (14–20.10.1998 г.). Праграма сустрэчы Папы з пілігрымамі ўсяго свету была вельмі напружаная, і ў гэтай сітуацыі кардынал Юзаф Глемп, Прымас Польшчы, прапанаваў супольную аўдыенцыю палякаў і беларусаў. Кардынал Казімір Свёнтэк падзякаваў за прапанову, але не скарыстаўся ёю. Ён змог дапамагчы ватыканскім працаўнікам пераадолець перашкоды і наладзіць сустрэчу толькі для вернікаў з Беларусі, да якіх далучыліся па запрашэнні іерарха два кардыналы1, што паходзілі з сем’яў польскіх эмігрантаў, — кардынал Эдмунд Шока, губернатар Дзяржавы Ватыкан, і кардынал Адам Юзаф Майда са Злучаных Штатаў Амерыкі.

На гэтай спецыяльнай аўдыенцыі кардынал арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі ад імя біскупаў, святароў і вернікаў запрасіў Святога Айца наведаць Касцёл у Беларусі.

Наш іерарх служыў Богу і людзям у Касцёле і праз Касцёл, клапоцячыся пра яго свабоду, развіццё і значэнне ў Касцёле і свеце.

 

Кардынал Казімір Свёнтэк любіў такія звароты: «людзі добрыя», «о Божа, які ж Ты добры!», «о Божа, які ж Ты магутны!», «Божа, Ты ведаеш, што робіш»...

 

Пасля вяртання са шпіталя ў Любліне кардынал Казімір Свёнтэк восьмага лютага 2011 г. запрасіў у свой дом па вул. Шаўчэнкі, 12 членаў Канферэнцыі дэканаў, Святарскай рады і Калегіі кансультантаў. Гэта адзінае пасяджэнне ў гісторыі дыяцэзіі ў такім складзе і ў такіх умовах доўжылася амаль тры гадзіны. Арцыпастыр праводзіў яго паводле загадзя падрыхтаванага плану. Яго Эмінэнцыя падзякаваў за малітвы, за наведванне ў шпіталях, за пастаянную сувязь з курыяй, за выкананне яго рашэнняў, якія ён перадаваў праз біскупа К. Велікасельца і канцлера. <...>

Да канца жыццця Яго Эмінэнцыя меў здольнасць аб’ектыўна ацэньваць справы Касцёла ў Беларусі і ў сваёй дыяцэзіі. Яму быў уласцівы рэалізм, напоўнены мудрасцю і практыцызмам.

На заканчэнне пасяджэння арцыпастыр яшчэ раз падзякаваў усім і запэўніў, што яго хвароба прычынілася да кансалідацыі духавенства і вернікаў. <...>

Узгадваючы гэтыя падзеі, трэба зазначыць, што арцыпастыр хацеў сам вырашаць усе прыкрыя здарэнні ў жыцці яго архідыяцэзіі, дыяцэзіі або мітраполіі. Знакамі гэтай пазіцыі была самотная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту пры зачыненых дзвярах пінскай катэдральнай базылікі, ляжанне крыжам і малітва ў капліцы Маці Божай Міласэрнасці перад грабніцаю Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Ці ведаеце пра гэта? Можа, толькі канцлер мог часам звязваць гэтую балесную справу з такою прысутнасцю арцыпастыра ў катэдры. Здаралася, што пасля такой малітвы ў святыні канцлер атрымліваў даручэнне падрыхтаваць праект ліста або дыяцэзіяльныя распараджэнні.

 

Ксёндз Казімір у многія перыяды свайго жыцця быў пазбаўлены розных неабходных для побыту рэчаў. Першы перыяд яго святарскага жыцця (1939–1948) быў часам страчвання рэчаў, якія з’яўляліся асноўнымі і для нармальнага побыту. Двухразовае знаходжанне ў вязніцы, прымусовае высяленне з плябаніі, зняволенне і праца ў савецкіх лагерах... Атрымаўшы адносную свабоду, ксёндз Свёнтэк кватараваў у Пінску. Да канца жыцця ён займаў тры маленькія памяшканні, дзе былі стол, ложак, шафа, паліцы з кніжкамі на сценах, круглы столік, 4 крэслы, месца для сабакі Філюся. Ён не прывязваўся да рэчаў — наадварот, быў вольны ад рэчаў. Жыў убога і ў такім ладзе жыцця адчуваў сябе свабодным. Адзенне таксама меў убогае: два касцюмы, куртку і «вечны» плашч, берэт. Апошнім купленым паліто быў задаволены.

Гэта былі знакі дабравольнага ўбоства. Пасля надання яму тутула прэлата ксёндз Свёнтэк не купіў адпаведнага яму ўбрання. Біскупскія шаты былі дарам арцыбіскупа Браніслава Дамброўскага fDP. Пазней ён купіў часовую піуску, пектарал, берэт, кардынальскі пояс і іншыя неабходныя дробязі, каб мець камплект прадпісанага адзення, якое трэба было апранаць на сустрэчу з кардыналамі, на розныя пасяджэнні і цэлебрацыі.

Кардынал Казімір Свёнтэк жыў убога і адышоў у дом Нябеснага Айца як убогі на даброты гэтай зямлі, але багаты на сяброўства з Хрыстом, Маці Божаю і Слугою Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім.

 

Кс. С. Паўліна fDP
на канферэнцыі
ў Драгічыне.
08.11.2014 г.

Люблінскі арцыбіскуп Юзаф Жыціньскі часта наведваў пацыента з Беларусі, які праходзіў курс лячэння ў клініцы артапедыі і рэабілітацыі на вул. Ячэўскага ў Любліне. Аднойчы мне давялося прысутнічаць пры выключным візіце. Размова была братэрская і спакойная. Напрыканцы візіту арцыбіскуп сказаў нашаму кардыналу: «Нам трэба быць святымі. А кардынал — святы».

У вачах кардынала Казіміра Свёнтка з’явіліся слёзы. Арцыбіскуп пацалаваў яму руку і выйшаў. Я праводзіў яго да дзвярэй аддзялення, маючы намер пайсці далей, да галоўнага ўваходу шпіталя, але ён папрасіў мяне вярнуцца да кардынала, бо менавіта цяпер я вельмі быў патрэбны яму. <...>

Арцыпастыр быў у глыбокім задуменні. Калі адчуў, што хтосьці ёсць побач, паглядзеў на мяне і запытаўся: «Чаму так доўга ксяндза канцлера тут не было?». Я разгубіўся, бо адсутнічаў усяго дзве-тры хвіліны. Адказаў, што толькі правёў арцыбіскупа і адразу ж вярнуўся. Кардынал не чакаў майго тлумачэння, а сказаў мне: «Так, Бог заўсёды любіць і заўсёды адорвае нас сваёй вялікай міласэрнасцю. Ён прыме нас да сябе ў хвіліну смерці». Разважанне закончыў сваім характэрным рухам галавы, які азначаў — «зменім тэму». Я зразумеў. Кардынал Казімір Свёнтэк прайшоў доўгае духоўнае падарожжа, якое вымяраецца іншымі хвілінамі і іншымі сантыметрамі...

 

Пра вялікага сябра ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка нам расказваў у Варшаве ксёндз Станіслаў Рыжко, родны брат кс. Зыгмунта, члена нашай манаскай супольнасці ксяндзоў арыяністаў. <...>

Аднойчы кс. Казімір Свёнтэк завітаў у манаскі дом у Варшаве на вул. Барскай, 4, трэба было аднавіць яго здароўе. У той час арыяністы выконвалі абавязкі капеланаў у чатырох шпіталях і з лёгкасцю ўпрошвалі ўрачоў аказаць дапамогу прыезджым з Усходу. Такім чынам пакуты кс. Казіміра распачалі супрацоўніцтва з арыяністамі, у тым ліку і са мною, як адным са шпітальных капеланаў. Тут мы дакрануліся да таямніцы дзеяння Божага Провіду, бо і напачатку нашага знаёмства, і напрыканцы зямной пілігрымкі ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка было цярпенне. «Прымаць ад Божага Провіду ўсё, з чым сутыкаемся, і дзякаваць за ўсе цяжкасці жыцця. Пакуты таксама з’яўляюцца ласкаю», — гаварыў наш іерарх.

Арцыпастыр не адчуваў сябе знямоглым падчас хваробы. Ён меў сілу, каб прабіцца праз яе і быць свабодным у дзеянні. Я быў сведкам яго вялікага цярпення і суму па вяртанні да рэалізацыі эклезіяльных заданняў, па вяртанні ў любімую пінскую катэдральную базыліку, да святароў і вернікаў.

Разам са смерцю ксяндза кардынала закончылася цэлая эпоха ў гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Я палюбіў гэты Касцёл, а разам з ім ксяндза кардынала. Пячаткаю гэтай праўды з’яўляецца міждыяцэзіяльны «Дом міласэрнасці» ў Лагішыне, аддаленым ад Пінска на 28 кіламетраў. У гэтай мясцовасці, якую называюць «Маленькаю Варшаваю», знаходзіцца дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся.

Гл. таксама:
ДА 100-ГОДДЗЯ СВЯТОЙ ПАМЯЦІ КАРДЫНАЛА КАЗІМІРА СВЁНТКА ::


  1. Кардынал А. Ю. Майда і кардынал К. Свёнтэк былі далучаныя да супольнасці кардыналаў у адзін і той жа дзень — 26 лістапада 1994 года. З таго часу паміж імі завязалася сяброўства. Бацькі кардынала Э. К. Шокі паходзяць з вёскі Путна, парафіі Касцюўка Гродзенскай дыяцэзіі. Кардынал Э. Шока два разы наведваў гэтую мясцовасць: 14.07.1991 г. і 8.07.2004 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY