|
|
|
№
3(77)/2016
Год Міласэрнасці
Вялікія містыкі
Пераклады
Інтэрв’ю
Кс. кардынал Зянон ГРАХАЛЕЎСКІ адказвае на пытанні кс. Кшыштафа СРОКІ
КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ Адукацыя
Алена ВАЛЬЧУК
РОЛЯ ЕЗУІТАЎ ІСПАНЦАЎ У РАЗВІЦЦІ АДУКАЦЫІ НА ТЭРЫТОРЫІ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА Ў XVI–XVII СТСТ. Асобы
Мастацтва
Паэзія
Успаміны
Інтэрв’ю
З архіваў часу
Маналог святара
Спадчына
Канстанцін ТЫШКЕВІЧ
ВІЛІЯ І ЯЕ БЕРАГІ Ў ГІДРАГРАФІЧНЫХ, ГІСТАРЫЧНЫХ, АРХЕАЛАГІЧНЫХ І ЭТНАГРАФІЧНЫХ АДНОСІНАХ Асобы
Псіхалогія
|
У Каталіцкім Касцёле працягваецца Год Міласэрнасці — час, які мы можам скарыстаць для паглыблення сваіх роздумаў пра любоў да бліжняга. Увазе чытачоў мы прапануем разважанне айца Адама Шустака OP над прыпавесцю пра добрага самараніна. Разважаючы пра самараніна з прыпавесці Пана Езуса, хацелася б, каб мы больш уважліва зірнулі ў твар міласэрнасці, які адкрываецца нам у гэтым урыўку Евангелля паводле св. Лукі. Твар міласэрнасці, увасоблены ў вобразе самараніна, мае дзве цікавыя рысы, якія я запрашаю вас разгледзець разам са мною. У прыпавесці каля ляжачага, напалову мёртвага чалавека апісаныя тры асобы: святар, левіт і самаранін. І тут павінна паўстаць важнае пытанне: чаму двое першых, святар і левіт, абмінулі чалавека, якому патрабавалася дапамога? Вядома, мы можам проста сказаць, што гэта былі нелюдзі, бо яны паступілі дрэнна. Такі адказ занадта катэгарычны, бо ў гэтай сітуацыі важна разумець, чаму так адбылося. Пераказваючы прыпавесць, евангеліст піша, што ляжачы пры дарозе чалавек быў ледзьве жывы — менавіта такія словы Хрыста. А значыць, магчыма, людзям здавалася, што там ляжыць хтосьці памерлы, труп. У кантэксце габрэйскага мыслення тут схаваны важны нюанс: левіт і святар дасканала ведалі габрэйскае права, якое забараняе дакранацца да трупа. Падобна да таго, што яны абмінулі ледзьве жывога чалавека, каб не мець ніякага кантакту з ім, і такім чынам не парушыць закон. Бо калі аказалася б, што чалавек мёртвы, то, дакрануўшыся да трупа (а магчыма, яны ішлі менавіта да святыні), яны ўжо не маглі б ні скласці ахвяры ў святыні, ні памаліцца ажно да вечара гэтага дня. Такім чынам, паслухмяныя закону, яны абмінаюць ляжачага чалавека, каб не парушыць традыцыю. Дык што ж з гэтага вынікае? Міласэрнасць — гэта тое, што не руйнуе закону, але і тое, што часам ставіць гэты закон на другі план. У Касцёле мы часта бачым тэндэнцыю абсалютна ўсё трактаваць правам: гэтак можна, а гэтак не. Сапраўды, закон вельмі патрэбны, але міласэрнасць — гэта тая рэчаіснасць у сэрцы чалавека і ў сэрцы Пана Бога, якая пераступае закон. Пан Езус расказвае менавіта пра добрага самараніна, пра чалавека, які не ведае закону, — ён нават і не падумаў, што нельга дакранацца да хворага. Унутры самараніна адбыўся вялікі сардэчны зрух, калі ён убачыў чалавека ў патрэбе і проста дапамог яму. Самаранін не засяроджваўся на тым, ці будзе гэта адпавядаць закону, ці не. Для хрысціянаў вельмі важным з’яўляецца менавіта такі твар міласэрнасці, бо ён натхняе адсунуць усялякія пастановы і прадпісанні для таго, каб праявіць міласэрнасць. І — другое. Мяркую, што гэта для ўсіх відавочна, але гэтая дэталь прымушае мяне разважаць над ёю. Калі самаранін пачаў клапаціцца пра хворага, прывёз яго ў заезд, то адначасова паабяцаў, што верне гаспадару заезда ўсе грошы, якія той патраціць на дагляд хворага. Самаранін бярэ на сябе адказнасць пры неабходнасці зрабіць штосьці большае, чым разавую дапамогу. Вось яна, другая рыса твару міласэрнасці самараніна. Бо міласэрны павінен быць гатовым увайсці ў працяглыя адносіны з тым, каму ён дапамагае. Вельмі часта людзі пытаюцца, напрыклад, ці павінны яны дапамагаць камусьці, хто на вуліцы просіць грошай. Я заўсёды адказваю так: не, не давай нічога, толькі сядзь каля гэтага чалавека і найперш паразмаўляй з ім паўгадзіны, а потым паспрабуй узяць у яго якія-небудзь звесткі для сувязі і сустрэнься з ім праз тыдзень, а потым праз два і праз тры, праз чатыры тыдні. Можаш не даваць яму ніякіх грошай, але пачні з ім быць, увайдзі з ім у пэўныя стасункі, каб твая міласэрнасць стала адказнасцю прабываць з тым, каму ты дапамагаеш. Згадзіцеся, гэта неверагоднае праяўленне міласэрнасці! Зразумела, што найчасцей наша міласэрнасць — гэта аднаразовы чын, але ўсё ж міласэрнасць мае такое аблічча, якое кажа: «Я гатовы на большае, я гатовы падтрымаць цябе, гатовы несці адказнасць, гатовы несці страты». Для такой гатоўнасці, відавочна, трэба быць падрыхтаваным, трэба глыбока і мудра ўсё абдумаць. Усё ж варта гэта зрабіць, бо ёсць простая, больш лёгкая тэндэнцыя: даць штосьці — і больш не бачыць гэтага чалавека. Вобраз добрага самараніна з прыпавесці запэўнівае, што ён не баіцца пераступіць праз закон для праяўлення міласэрнасці, для яго закон не з’яўляецца найвышэйшай інстанцыяй — найвышэйшым становіцца яго сэрца, якое хоча любіць; другая важная рыса самараніна — гатоўнасць на большае. Менавіта такім якасцям мы павінны вучыцца ў добрага самараніна.
Падрыхтавала
|
|
|
|