 |
|
КЛЕНЧЫ ПАД КРЫЖАМ!
Шэрань туманная. Трохі віднее.
Зорка за зоркай растайваюць. Днее.
Ціха. Ні руху. Спяць яшчэ людзі.
Не разгадаць анікому, што будзе
Заўтра і сёння, і цераз хвіліну.
Вечнасць габлюе ўжо дамавіну
Кожнаму з нас. Ды нікому не скажа,
Хто, не прачнуўшыся, ў свежую ляжа.
Рай на зямлі сабе нехта плануе,
Марыць, працуе, а вечнасць зруйнуе.
Марна на лёс наракаць ды злавацца.
Кожнаму дадзены шанц ратавацца
І не дрыжэць прад фартунаю хіжай:
Кленчы пад крыжам!
Кленчы пад крыжам!
|
|
ШТО ТАМ?
Бясконцасць часу знічкай-бліскавіцай
Жыццё зямное раўнадушна праглыне,
Адно й паспееш агаломшана здзівіцца:
Ужо канец? А жыў я хоць ці не?
Ці чэрпаў слодыч прагна, быў багаты,
Ці у граху, як у каросце, закарэў —
А застанецца толькі рыска паміж датаў,
Ды й тыя час бязлітасна сатрэ.
У чым жа сэнс жыцця майго зямнога?
Навошта плакаў ды смяяўся, піў ды еў?
Адказ на вечныя пытанні толькі ў Бога.
Шчаслівы той, хто гэта зразумеў.
Шчаслівы, хто узяў сабе малітву
Як споведзь, клятву, пуцяводны сцяг.
Ён выйграе з самім сабою бітву,
Яму бясконцасці адкрыецца прасцяг.
|
|
НАДЗЕЯ
Ірыне Жарнасек
Як у цемры душа заблукае,
Ад нягодзіцы сэрца самлее,
Я грамніцу сваю адшукаю —
І сусвет для мяне пасвятлее.
Як ад думак-трывог не адбіцца,
Як адолець спакуса гатова,
Працягну я руку да паліцы —
І знайду там гаючае слова.
І ад сэрца да сэрца праб’ецца
Ручаінка цяпла трапяткога,
І надзеяй жывой страпянецца,
Што і я — не апошні у Бога.
|
|
ЧАСАБЕГ
Не прыпыніць імклівы часу бег,
Дарма яго мы «Прыпыніся!» просім.
Дзе пазаўчора падаў з яблынь снег,
Дзе ўчора так звінеў дзявочы смех,
Пануе сёння ўжо бабулька-восень.
Ад самай раніцы у парку ўсё мяце
Апалае з дубоў ды клёнаў лісце…
Прысядзь. Хай ва ўспамінах расцвіце
Куточак, дзе чарэмшына расце
І цалавала маладосць калісьці.
Сплылі у прамінуласць тыя дні.
Пад чарамшыну прыйдуць твае ўнукі,
Каб у сагрэтай салаўямі цішыні
Той скарб, што ўсё трымалі ў далані,
Раскрыць нарэшце, сплёўшы свае рукі.
Заціхне і салоўка над Дзвіной,
Пачуўшы іх гарачае дыханне.
Запоўніцца тады Сусвет вясной,
Паўторыць, што было з табой і мной.
Час спыніць бег. І расцвіце каханне.
Яно — жыцця непераможны сцяг
І ветразем для кожнай Боскай дзеі.
У ім і твой у вечнасці працяг,
Дзе ткуць заподруч векавечны шлях
Твае любоў і вера, і надзея.
|
Гл. таксама:
Ірына ЖАРНАСЕК :: ЗБАЛЕЛАЯ ЛЮБОЎ ::
|
 |