 |
|
* * *
Дзень, калі ты сціснуўся да памераў мураша,
непазнавальна змяніў
прапорцыі наваколля.
Кветкі сталі такія высокія,
трава стала такая высокая,
і яблыня, быццам званіца,
і яблыкі, быццам званы,
і падаюць яны
так небяспечна...
Ну што глядзіш з-пад лістка
сваімі яснымі вачыма,
разумееш цяпер,
што значыць быць маленькім?
|
|
* * *
Травінка гайдаецца, як метраном,
палудневым ветрам.
Час ідзе.
|
|
Aequinoctium
Сухая
прамерзлая зямля
не чакала
ніякай падступнасці,
але пасыпаў снег,
і пустыя гнёзды пад снегам
зрабіліся заўважнымі,
як твары,
што раптам
выступілі
з натоўпу
і набылі
выразнасць,
а вароны
сядзелі на галінах
чорнымі ягадамі,
і дрэва здалося
вялізным кустом чарніцаў.
Я назаву
гэты дзень
нулёвым мерыдыянам,
я забудуся на дату,
каб час не рухаўся
ні назад,
ні наперад,
каб холад усіх яго таямніцаў
заставаўся са мною
скразным лейтматывам
ад восені да вясны,
ад раўнадзенства
да раўнадзенства,
ад першага снегу
і да апошняга
чарадзейства.
|
|
Асэнсаванне
І неяк так пра дождж і цемру,
Так проста, як пра мае быць,
Сказаць без гэтага надрыву,
Без гэтай крыўды на ўвесь свет…
Разрэзаць дзень, як ліст паперы,
Разрэзаць лёс на мноства частак.
Ёсць сэнс па-за адлегласцю і часам,
Ты з ім заўсёды існуеш сам-насам.
І, засынаючы, пачуць, як звонку
Крычаць, дамоў вяртаючыся, птушкі,
Як пахне дажджавым вясковым пахам
Зямля, што не сабралася ў дарогу.
І хоць ужо не выправіць нічога,
Ізноў плыве з-за далягляду ростань:
Цягнік спыніўся, мабыць, назаўсёды,
Але імкнецца ў далеч наваколле.
Бо вера ў што? Якім радком і гукам
Свядомасць лекаваць ад руйнавання,
Калі ізноў пасля дажджу і цемры
Світанак змые лускавіны хмараў?
І ты расплюшчыш выцвілыя вочы,
Каб іх напоўніць сінім-сінім ветрам,
Не думаючы, па якіх шыротах
Пайшлі ў нябыт астужаныя вёсны.
|
|
* * *
У шэры сад, дзе яблыкі прамерзлі
да цёмных вопратак сваіх зярняткаў,
дзе пуцявінамі салодкіх сокаў
вандруюць памутнелыя ляндрынкі,
не далятае цёплае дыханне
ад коміна, і ў познюю гадзіну
ён сам не дыхае, трымаючы ў глыбінях,
душу, каб не патрапіла на холад.
І шэрань на яго здубелых пальцах —
прыкмета непазбежнай летаргіі.
Ёсць шэры сад адмененага часу,
раскладзенага па часінах года,
па страціўшых дакладнасць успамінах,
дзе болей адчуванняў, чым малюнкаў.
На спалым лісці ля яго карэнняў —
сляды непланаваных інтэрвенцый
распавядаюць пра цікаўнасць свету
і пра агульнасць існага пачатку.
Заслона неба не прапусціць сонца,
замкне прастору разам з цішынёю,
і ты адчуеш гэтае адзінства
калі да твару дакранецца шэрань.
|
|
* * *
Срэбных гусей чарада плыла
Праз нябесны акіян, як статак рыбінаў.
Блішчала, асветленае сонцам,
Крылле чаіцы, што рухалася ім насустрач.
Перакрыжоўваліся шляхі птушак,
І самалёты ляцелі ў аэрапорт,
Вяртаючы вышыню.
Па абедзе на сонечным небе выступіў
Правы бок месяца.
І многія недаверлівыя душы
Пасля адлігі, туманоў і дажджоў
Глядзелі ўверх, чакаючы знакаў
Хуткага вызвалення.
І тады прыляцеў вецер з Готланда.
Ён распырскваў па вільготных дахах
Маленькія сонцы,
Падхопліваў і падкідаў іх угору.
І кожнае сонца, як нота чэлесты,
Адскоквала ад зямлі са звонам
І знікала.
А вецер развярнуў стрэлку гадзінніка,
Зрабіў развітальны круг,
І гэтаксама раптоўна
Прапаў.
|
|
 |