Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(77)/2016
Год Міласэрнасці

ПАЙСЦІ НА БОЛЬШАЕ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Інтэрв’ю

КАТАЛІЦКАЯ АДУКАЦЫЯ Ў РЭЛІГІЙНА НЕАДНАРОДНЫХ ГРАМАДСТВАХ
Адукацыя
Асобы
Мастацтва

ЗАЎТРА ЗДАРЫЦЦА ЦУД
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
Інтэрв’ю

ЗБАЛЕЛАЯ ЛЮБОЎ

ВЕРШЫ
З архіваў часу

З ВЕРАЮ Ў СЭРЦАХ
Маналог святара

ДЗЕ МАЯ ПАРАФІЯ, ТАМ МАЯ РАДЗІМА
Спадчына

З НАЙЯРЧЭЙШЫХ СУЗОР’ЯЎ
Асобы
Псіхалогія

РАМАН НА ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ЗАЎТРА ЗДАРЫЦЦА ЦУД

Надыходзячы дзень прынясе нешта новае, добрае, таямнічае і незнаёмае. Але абавязкова радаснае! Так было даўным-даўно, шмат гадоў таму. Падарунак таты з далёкага горада, дзе ёсць вялікі музей — Эрмітаж, або кніжкі матулі з мінскіх «Падпісных выданняў», дзе дубовыя паліцы захоўвалі такія жаданыя кнігі з прыгодамі і фантастыкай. Так няшмат было патрэбна для шчаслівай усмешкі і пачуцця асалоды ад дзіцячага «скарбу». А цяпер... Але нават цяпер, калі мне паведамляюць, што раніцай нешта прывязуць, нават невялікую антыкварную дробязь (гузік напалеонаўскага жаўнера са Студзянкі ці пажоўклы фотаздымак роднага Койданава), я з заміраннем сэрца ў прадчуванні чагосьці светлага жыву з ціхай радасцю ў душы — чакаю! Такі добры гэты час чакання, што іншы раз хочацца яго спыніць, каб нагуляцца ў душы гэтым салодкім і шчымлівым пачуццём набліжэння жаданага цуду.

Вось з такім пачуццём светлага чакання больш за дзесяць гадоў я спадзяваўся на сустрэчу з Ружанскай Багародзіцай. На жаль, у саміх Ружанах, якія цяпер завуць «беларускім Версалем», мне так і не пашчасціла пабываць. Ружаны заўсёды ўяўляліся мне «нашай Італіяй», гэткім італьянскім паркам Цівалі ў правінцыі Лацыё на беларускі манер — з рачулкай Аніё, cа шматлікімі вадаспадамі, якiя шумяць крыштальна-бірузовай вадой, рамантычным развалінамі вілы Андрыяна, нагрэтыя камяні якой засынаюць у стоме сярод прахалодных ценяў сіне-зялёных кошыкаў-шатаў, сплеценых з туі, піній, кіпарысаў і алеандру. Гравюры знакамітага італьянца Джавані Батыста Піранэзі таксама натхнялі мае ўяўленні ў ружанскім кірунку. Празмерна манументальныя і таямніча-змрочныя руіны Рыма і прадмесцяў нагадвалі пра велічную падкову каланады Ружанскага палаца, дзе ля падножжа вялізнага стылабата маленькія людзі занятыя паўсядзённай руцінай цяжкага жыцця. Можа, прычына майго доўгага чакання сустрэчы з Ружанамі крыецца ў тым, каб не разбіць у маіх марах італьянскую мазаіку, складзеную з гравюраў Піранэзі і краявідаў Цівалі?

...Я пазнаёміўся з пробашчам ружанскага Петрапаўлаўскага сабора гадоў дзесяць таму. Неяк пад вечар мне патэлефанаваў рэстаўратар мітрапаліта Філарэта Анатоль Міхайлавіч і сказаў, што прыйдзе да мяне на гарбату з бацюшкам Аляксандрам з Ружанаў. Размова будзе ісці пра рэстаўрацыю Ружанскай Багародзіцы. Праз гадзіну пачуўся званок у дзверы і на парозе я ўбачыў бацюшку, які быццам сышоў з карцінаў Міхаіла Несцерава. Памятаеце, у вядомага рускага жывапісца ёсць палатно «Філосафы» — Сяргей Булгакаў і Павел Фларэнскі? Маладосць, тонкая постаць і сціплая інтэлігентнасць ружанскага бацюшкі нагадалі мне менавіта Фларэнскага.

Пілігрымуючы па беларускіх храмах, я ведаю, што бывае з шэдэўрамі іканапісу, калі іх даглядае нават не мясцовы бацюшка, а нейкі «апякунскі савет» з мясцовых бабуляў ды вопытных жанок, якія «рэстаўратара» знаходзяць хутка, як сякеру пад лаваю, і да «аднаўлення» святыні прыступае мясцовы настаўнік чарчэння ці ўнук адной з парафіянак, які калісьці «добра маляваў у школе». Нядаўна ў такія «ўнікальныя» рукі трапіў абраз «Святы Юры» — выдатны жывапіс ХVII ст., напісаны не горш за шэдэўры «ўкраінскага Рафаэля» Іёва Кандзелевіча. Жывапіс быў «па-гаспадарску» ўмацаваны клеем ПВА, а золата тонкага разьбянога ляўкаса адноўлена, «як мае быць», тлустым слоем бронзавай фарбы на акрылавай аснове. Праз пару гадоў ад рознасці тэмператур і вільгаці жывапіс пачаў адслойвацца пластамі разам з ляўкасам і падняўся па ўсёй іконе горкамі-«ранамі», гатовымі ў любы момант абсыпацца разам з каштоўнымі фарбамі і залатымі разьбянымі кветкамі мясцовага раю ХVII стагоддзя…

Бацюшка з Ружанаў, дзякуй Богу, падышоў да рэстаўрацыі цудатворнага абраза з усёю адказнасцю свайго жыццёвага вопыту, нягледзячы на свае маладыя гады. Мне спадабалася яго руплівасць аб майстэрстве рэстаўратара, якому будзе даручана гэта адказная справа. Я адчуў, што бацюшка Аляксандр прыйшоў не проста пазнаёміцца, а разам падумаць пра будучыню цудатворнага абраза Ружанскай Багародзіцы...

Ішоў час. На Вялікдзень ці на Раство Хрыстова мы тэлефанавалі адзін аднаму або зрэдку сустракаліся. Айцец Аляксандр прывозіў мне на рэстаўрацыю, напэўна, каб паглядзець на мае здольнасці, невялікія аналойныя іконы ХІХ ст., адорваў мяне кнігамі. Напрыклад, падараваў падобную да малітоўніка кнігу архімандрыта Зянона «Гутаркі іканапісца». І яна сапраўды стала для мяне «малітвасловам рэстаўратара», да якога я часта звяртаюся і ашчадна захоўваю. Але «ўзыходжанне» да абраза Ружанскай Багародзіцы было доўгім. Я ведаю па фотаздымках, што да самой іконы, якая ў Петрапаўлаўскім храме месціцца на невялікім драўляным амбоне, вядуць усяго чатыры прыступкі, па якіх узыходзяць і сыходзяць, нібы па трапе карабля. Здаецца, пару хвілін — забег, выказаў пашану цудатворнаму абразу, горача прашаптаў усё, што набалела ў сэрцы, ці проста падзякаваў за шчасце наведвання гэтага свету. Але для мяне гэтыя чатыры прыступкі расцягнуліся... на дзесяцігоддзе.

Нарэшце доўгае чаканне «заўтра» перарваў тэлефонны званок — ікона ў Мінску. Першы раз я ўбачыў Ружанскую Адзігітрыю ў майстэрні Аркадзя Шпунта — з мальберта на мяне падзьмуў свежы вятрыска цёмна-ўльтрамарынавых нябёсаў з бліскавіцамі памаранчавых маланак над светла-яблычнымі пагоркамі мурагу. Эль Грэка, краявід «Таледа ў навальніцу» — гэта было маё першае ўражанне ад убачанага. Я пачаў разглядаць абраз не з лікаў, як звычайна, а знізу ўверх, паддаўшыся каляровым плямам, якія адразу прыцягнулі маю ўвагу: экспрэсіўныя драпіроўкі цёмна-сіняй тунікі Багародзіцы з бела-блакітнымі ўсполахамі, якія сплывалі струменнямі ўніз, нібы навальнічныя аблокі над каралеўскім палацам Алькасар; памаранчавыя змеі на халодна-яблычным падбоі мафорыя, падобныя на сляды маланак над вільготнымі пагоркамі ракі Тахо; чорна-чырвоная экспрэсія драпіровак і лік дзяўчынкі-падлетка — мяккая ўсмешка, уважлівыя вочы, якія дапытліва глядзелі на мяне, у мяне і скрозь мяне. Няхай даруе мае наіўныя словы Божая Маці, але першае ўражанне заўсёды бывае правільным. Яе лік напісаны на грані канкрэтнага партрэта. І лік Хрыста — як быццам гэта хлапчук-габрэй з Ружанаў, але позірк ... зусім іншы, ён звернуты ў глыб сваёй істоты. Такі адсутны, невідушчы позірк бывае ў момант напружанага ўнутранага засяроджання або, напэўна, у момант глыбокай малітвы, своеасаблівай «нірваны», унутранай экзальтацыі. І фон — велізарныя кветкі дзікай гваздзікі ў перапляценні расліннага арнаменту — прыбраны ў золата нябесны райскі сад...

З нірваны сузірання мяне вывеў Аркадзь:

— Знакавы абраз! Такога я яшчэ не бачыў. Многае праходзіла праз мае рукі, але цяпер, скажу табе шчыра, што ні абраз — то песня! Паглядзі на гэтыя складкі тканіны! Тут кожны сантыметр — гэта шэдэўр, выкананы майстрам, і на адным дыханні. Які мадэрнізм!.. Ён тут і побач не стаяў! А лікі!.. Як думаеш: галандцы ці італьянцы?

— Калі меркаваць па экспрэсіі і цёплым каларыце — бліжэй да італьянцаў. Але... На драпіроўках — маньерызм... Такія я бачу ўпершыню. Фон — ад рэнесансу, а лікі — напэўна, так пісалі ў эпоху ранняга Барока...

Стылістыка разьбянага фону Ружанскай Багародзіцы падобная да арнаментаў сярэдзіны ХVІІ стагоддзя. Сцяблы, бутоны, лісце, кветкі — усе яны мудрагеліста ўплецены ў залаты ўзор нябеснага раю. Цікава, што ў арнаментах мясцовых майстроў вельмі распаўсюджаны матыў дзікіх гваздзікоў, які да ХХ ст. ужо чамусьці ўспрымалі як наш васілёк. Нават у вядомым вершы Максіма Багдановіча пра слуцкія паясы напісана: «І тчэ, забыўшыся, рука // Заміж пярсідскага вузора // цвяток Радзімы васілька». Так нараджаюцца вялікія міфы. Думаю, што персы выкарыстоўвалі ў сваім мастацтве вобразы роднай флоры Міжземнамор’я, прынамсі дзікага гваздзіка, празванага ў народзе дзявочай травой. Дарэчы, ружовая кветка дзікага гваздзіка здаўна лічылася ў Еўропе сімвалам Багародзіцы. Можа таму на разьбяных фонах Багародзічных іконаў такое мноства гваздзікоў?

...Італьянскі маньерызм у Ружанах. Можа, нічога дзіўнага ў гэтым няма, калі зазірнуць у гісторыю.

Ружаны некалькі стагоддзяў былі ва ўладанні шляхецкага роду Тышкевічаў, потым — Брухальскіх, пакуль у 1598 г. гэты маёнтак не выкупіў Леў Сапега. 1602 год адзначыўся ў Ружанах пачаткам будаўніцтва замка-рэзідэнцыі, вартай свайго знакамітага гаспадара, які да таго часу ўжо праславіў сваё імя на дзяржаўнай і ваеннай службе: ён носіць тытул вялікага канцлера ВКЛ, ён распрацаваў збор законаў першай еўрапейскай канстытуцыі — Статут ВКЛ, ён — пераможны ваяр у Лівонскай вайне, мудры дыпламат і тайны дарадца караля. Уладар Ружанаў шукаў лепшых майстроў для сваёй рэзідэнцыі за межамі ВКЛ, найперш — у сталіцы Рэчы Паспалітай. Магчыма, у Кракаве ён пазнаёміўся з італьянскім дойлідам Санці Гучы (1538-1600). Наогул, з канца ХV ст., калі каралевай стала энергічная міланская прынцэса Бона Сфорца, італьянскія майстры былі фаварытамі ў творчых справах Рэчы Паспалітай. Выхадзец з Фларэнцыі, Санці Гучы быў прыдворным мастаком і архітэктарам у Стэфана Баторыя, а Леў Сапега ў гэты час якраз займаў пасаду каралеўскага сакратара. Запісваючы за манархам граматы і распараджэнні, сакратар меў магчымасць у асабістай гутарцы атрымаць параду ад каралеўскай асобы наконт сваіх грандыёзных будаўнічых планаў...

Санці Гучы мог сам зрабіць праект Ружанскага палаца ці параіць каго-небудзь са сваіх вучняў для яго ўзвядзення. Таму першапачатковая архітэктура і план Ружанскага палаца былі амаль дакладнай копіяй замка ў Ксенжы Вялікім, пабудаваным у гарах на мяжы з Чэхіяй. Замак быў узведзены ў стылі позняга рэнесансу з элементамі маньерызму ў 1585-1595 гадах. Тут у творчасці Санці Гучы адчувальны ўплыў італьянскага і галандскага мастацтваў — гэта спалучэнне тонкага і вытрыманага дэкору шчыпцоў і карнізаў на фоне суровых высокіх сценаў з геаметрычнай рустыкай. Па кутах замак вянчалі чатыры круглыя абарончыя вежы са спічастымі дахамі. Санці быў не толькі цудоўным архітэктарам, але і скульптарам, аўтарам надмагільных эпітафій з мармуру, зробленых для радавітай шляхты Рэчы Паспалітай. Магчыма, вучань Санці Гучы выразаў з чырвона-карычневага альпійскага мармуру знакамітае надмагілле Паўлу Стэфану Сапегу (1565-1635) і яго тром жонкам у Гальшанскім францішканскім касцёле.

Італьянскі шлях «да ведаў», або дарога «спасціжэння мастацтваў», даўно былі вядомыя беларусам. Гэты шлях у ХVІ ст. праходзіў не адзін ліцвін праз Брэст на Кракаў, а далей — у Прагу, якая шмат стагоддзяў злучае культуры Заходняй і Усходняй Еўропы. Далей шлях з Прагі ляжаў на захад — у Германію, Францыю, Галандыю або на поўдзень — у Італію. Такім чынам, культура Беларусі ў ХVI–XVII стагоддзях актыўна насычалася дасягненнямі еўрапейскіх майстроў, у большай ступені — італьянскіх, што вядома нам па творах Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, Мікалая Радзівіла Сіроткі. Італьянскія дойліды, скульптары і мастакі таксама папаўнялі скарбніцу нашай культуры — у нас працавалі Ян Марыя Бернардоні, П’етра Пэрці, Джузэпэ Брызіо, Джавані Марыя Галі... Цалкам верагодна, што майстар, які стварыў Ружанскую Багародзіцу, быў знаёмы з тэхнікай італьянскіх жывапісцаў або вучыўся ў іх, а «пражскі шлях» мог прынесці ў Ружаны не толькі стылістыку маньерызму, але і канцэпцыю будучага Сапежынскага збору.

Пасля Льва Сапегі ўладаром Ружанскай рэзідэнцыі стаў Казімір Леў Сапега (1609–1656). Вандруючы па Еўропе, ён быў ганаровым госцем пры шматлікіх каралеўскіх дварах Старога свету. Завязалася знаёмства і сяброўства з еўрапейскімі манархамі. І зноў у Ружанах працуе італьянскі архітэктар — Джавані Батыст Джыслені (1600-1672), прыдворны майстар караля Рэчы Паспалітай, аўтар рэнавацыі Ружанскага палаца і будаўніцтва манастыра ў Бярозе Картузскай. У 1644 г. рэзідэнцыю Сапегаў наведаў кароль Уладзіслаў IV са сваёю шматлікаю світаю пасля пілігрымкі ў Жыровіцкі манастыр. У Ружанах зберагліся арсенал і казна ВКЛ. У 1655 г. падчас вайны з Масковіяй Ружаны сталі таемнаю эдыкулай для святыняў каралевіча Казіміра — сакральнага заступніка ўсёй Літвы. Аб гэтым у палацы нагадвала мармуровая пліта з надпісам антыкваю: DIVO CASIMIRO SACRUM.

У другой палове ХVІІ ст. у валоданне Ружанамі ўступае віцебская лінія Сапегаў — віцебскі ваявода Павел Ян Сапега (1610–1665). Амбіцыйны, помслівы і запальчывы магнат, які, на жаль, выбіў першы камень з магутнага падмурку велічнага роду і паклаў пачатак яго згасанню праз 200 гадоў. Радзівілы — вось хто быў ворагам Сапегаў. Канфлікты, войны і нават суперніцтва за карону вялікага князя гэтых магнацкіх родаў прывялі ў заняпад не толькі іх уладанні, але і ўсю краіну.

У 1700 г. Казімір Павел Сапега пацярпеў паражэнне ў бітве пад Алькенікамі ад «антысапежынскай» канфедэрацыі, у якую ўваходзілі Радзівілы, Вішнявецкія, Агінскія і Пацы. Улада Сапегаў у ВКЛ была падарваная. Сам Казімір Павел пабег з поля бою, але яго сын — спадчыннік Ружанскай рэзідэнцыі, канюшы літоўскі і генерал літоўскай артылерыі Міхаіл Сапега — да канца быў са сваёй арміяй. Міхаіл быў захоплены ў палон, і яго адвялі ў скляпенні бэрнардынскага кляштара. Палонны быў жорстка забіты раз’юшанай шляхтай. У парыве помсты былы валадар ВКЛ Казімір Павел нават заклікаў да сябе ў саюзнікі шведаў, але перамога ўсходняга суседа Рэчы Паспалітай у Паўночнай вайне паставіла крыж на яго планах.

Працяглая барацьба Сапегаў за першынство ў ВКЛ прывяла Петрапаўлаўскі храм у Ружанах да заняпаду. Дарэчы, у Вялікім Княстве Літоўскім клопат (фундацыя) пра будаўніцтва і падтрыманне храма ў належным стане ляжаў не толькі на пробашчы, але ў большай ступені на ўладары земляў, дзе знаходзілася святыня. Таму пры аздабленні касцёлаў і цэркваў была распаўсюджана вялікая ахвярнасць шляхетнага люду. Але ў Ружанах на пачатку ХVIII ст. ваенныя справы і прага ўлады адсунулі духоўнае на другі план. Толькі ў 1762 г. Крысціна Разалія (1724–1772), унучка Казіміра Яна Сапегі, выдаткавала сродкі на рэстаўрацыю разбуранай святыні. У 1779 г. храм быў зноў асвечаны і ў ім аднавіліся службы. Па іншых крыніцах, асвячэнне храма адбылося 8 снежня 1781 г. віцэ-правінцыялам усіх базыліянскіх кляштараў Рускай правінцыі протаархімандрытам Парфірам Скарбекам Важынскім па благаслаўленні Ясана Смагаржэўскага, Мітрапаліта Кіеўскага. Больш глыбокая рэнавацыя знешняй архітэктуры адбылася пад кіраўніцтвам саксонскага архітэктара Яна Самуэля Бекера ў 1784–1788 гадах. Пры гэтым план і ўнутранае аздабленне былі, па магчымасці, захаваны: у першую чаргу — шэсць алтароў. Цэнтральны — з вялікім палатном, дзе Збаўца дае ключы ад раю апосталу Пятру, і бакавыя: святога Антонія, Найсвяцейшай Багародзіцы, Божага Нараджэння, святога Базыля Вялікага і святога Язафата Кунцэвіча. Тут цікавае ўзгадванне алтара ў гонар Багародзіцы (Ружанскай), што сведчыць пра шанаванне старадаўняй іконы мясцовымі вернікамі. У 1834 г. ордэн базыліянаў на тэрыторыі Расійскай імперыі ліквідуецца, а пасля скасавання Уніі ў 1839 г. храм быў перададзены праваслаўным. У 1840 г. Мітрапаліт Літоўскі і Віленскі Іосіф Сямашка нанава асвяціў алтар. У 1834 г., у час ліквідацыі ордэну базыліянаў, быў зроблены вопіс маёмасці, дзе сярод іншага на іконе Багародзіцы мелася сярэбраная шата. Як і калі яна была страчаная, цяжка сказаць. На самой іконе захаваліся шматлікія сляды мацавання вялікай наборнай шаты — дзіркі ад каваных цвікоў. Яны перарывістай лініяй ідуць па контуры малюнка Багародзіцы з Дзіцяткам. Такія ж «раны» ад мацавання ёсць і на мафорыі Багародзіцы, на белым хітоне і на жоўта-вохрыстым гіматыі Хрыста. Па традыцыі, абраз «апраналі» ў срэбраныя шаты не адразу — гэта магло быць у ХVIII ст. як знак падзякі за малітоўнае суцяшэнне або выратаванне, атрыманае ад Багародзіцы. Успомнім Крысціну Розу Масальскую, якая ўнесла ахвяру на аднаўленне храма: ці не яна зрабіла падарунак іконе ў выглядзе каштоўнай «вопраткі»?

За стагоддзі каваныя цвікі так «ураслі» ў ляўкас, што было прынята рашэнне пакінуць іх на месцы.

Пра гісторыю Ружанскай Адзігітрыі можна знайсці некалькі радкоў ва ўспамінах Брэсцкага біскупа Іосіфа ў кнізе «Праваслаўе на Брэсцка-Гродзенскай зямлі ў канцы ХІХ стагоддзя». «Имеется в церкви особенно местно чтимая чудотворная большая древняя икона Богородицы Частоховской, помещающаяся в большом благо украшенном киоте у левой стены храма». «Частахоўская» — такая простанародная назва цудатворнага абраза з Яснагорскага кляштара ў Польшчы — часта сустракаецца ў назвах спісаў Чанстахоўскай іконы, асабліва ў Заходняй Беларусі. На першы погляд — гэта арфаграфічная памылка, але для беларускага вуха няма нічога дзіўнага ў слове «Частахоўская». Яно знаёмае сваёю цеплынёю з дзяцінства, калі ўсе гулялі ў «хованкі», што значыць «часта хавацца». На розум адразу прыходзіць малітва: «Тваёй абароне аддаёмся, Святая Багародзіца...». Як часта мы малітоўна са слязьмі просім «схавацца пад Тваёй абаронай, Заступніца наша...».

Цудатворныя іконы Багародзіцы ХVII – ХVIII стст. на Беларусі — у асноўным спісы з абразоў, якія знаходзіліся на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай — Вастрабрамская, Чанстахоўская, Пачаеўская, Юравіцкая ... Гэта цяпер мы пілігрымуем да іх праз візы, межы, мытныя дэкларацыі, розныя валюты, моўны бар’ер, а на той час была адна дзяржава, і віленская Вострая Брама, і Яснагорскі кляштар спакон веку былі больш роднымі мясцоваму люду, у адрозненне, напрыклад, ад Троіца-Сергіевай Лаўры пад Масквою ці Пакроўскага манастыра ў Суздалі. Таму нядзіва, што цудатворны абраз Ружанскай Адзігітрыі сталі называць у ХVIII – ХІХ стст. даўно знаёмым словам «Частахоўская», а на самой Яснай Гары з-за Яе цёмнага ліку і таямнічасці — Чорная Мадонна. Але трэба адзначыць асаблівасці іканаграфіі Чанстахоўскай і Ружанскай Адзігітрый — на першай Дзіцятка левай рукой прыціскае да сябе Евангелле, а на Ружанскай Збаўца проста паклаў сваю левую руку на калена пад жоўта-вохрыстым гіматыем.

 

Часта сустракаемся з Аркадзем Шпунтам — думкі такога вопытнага рэстаўратара важныя для мяне: увесь абраз пісаў, хутчэй за ўсё, адзін майстар. Напэўна, гэта нейкае адступленне ад працы ў тагачасных гільдзіях мастакоў, дзе праца над іконаю была падзеленая на этапы: кожны майстар пісаў «сваё». На іконе Ружанскай Багародзіцы і твары, і адзенне напісаныя адною рукою — свабодным імпульсіўным мазком, які кантрасна падкрэслівае дакладную мадэліроўку дэталяў. Гэта добра відаць пад вялікаю «цэйсаўскаю» лупаю — праз павелічэнне адразу бачная цёплая імпрыматура — агульны ніжні слой пад жывапісам лікаў. Гэта — чырвоная вохра; на ёй — умрыста-зялёныя лесіроўкі ў ценях. У светлых месцах вібрыруюць мазкі цёпла-ружовага колеру і жоўтай вохры з бяліламі. Мяккая, ледзь улоўная ўсмешка Багародзіцы хавае, мне здаецца, большую таямніцу, чым леанардаўская Джаконда. Але... мяне не пакідае пытанне: колькі ж гадоў было Божай Маці, калі яна нарадзіла Дзіцятка Езуса? Майстар Ружанскай Багародзіцы намаляваў Яе вельмі юнай. Да сустрэчы з Ружанскай Адзігітрыяй я не задаваўся такім зямным пытаннем. У тэкстах Евангелля не пазначана, які ўзрост мела Марыя, калі нарадзіла Збаўцу, але па апокрыфах і паданнях можна зразумець, што Ёй было ўсяго 15 гадоў...

Магія Яе погляду зачароўвае. Не ведаю, як гэта растлумачыць... гэта нібы даць нырца ў застылае імгненне часу, якое тут жа становіцца вечнасцю і неабсяжным сусветам быцця — таго, што было, ёсць і заўсёды будзе.

Блік каля Яе зрэнкі ... Блік таго старадаўняга вакна, каля якога маляваў гэтую Святыню майстар. Здаецца — гэта трымціць прамень святла з нябёсаў ХVII стагоддзя. Разглядаю блік праз павелічэнне — у белым святле нехта нахіліўся да крыжападобнага пераплёту і, абапёршыся на падваконне, разглядае пейзаж за вакном... Згадаў палатно Яна Ван Эйка «Партрэт сужэнцаў Арнальфіні», напісанае майстрам у 1434 годзе. Там, у глыбіні інтэр’еру на сцяне — выпуклае люстэрка, у якім адбіліся і маладая пара ў анфас, і сам мастак каля адчыненых дзвярэй, і акно, а за ім нават горад пад нябёсамі. Мне так хочацца ўгледзець праз гэты маленькі белы прамень люстэрка свет, які быў вакол ружанскага мастака. У Яна Ван Эйка ў кожнай дэталі яго палатна загадкі, і люстэрка ў інтэр’еры зусім не выпадковае — выпуклае люстэрка — «speculum sine macula» (люстэрка без заганы) — сведчыць пра беззаганнасць Багародзіцы.

Вочы ў Дзіцяткі Езуса зусім іншыя — з прыпухлымі чырвонымі векамі, вільготнымі, быццам ад слёз. Майстар надаў Збаўцу відавочна семіцкія рысы: вялікія цёмныя вочы навыкаце, цёмна-рудыя кудзеркі валасоў, вялікі нос. Мае сябры, якія ўпершыню бачылі абраз у маёй майстэрні, адразу звярталі на гэта ўвагу і шэптам каментавалі: «Ён жа на араба падобны!»

За прататыпам для Збаўцы майстру не прыйшлося ісці на Зямлю абяцаную — габрэі жылі ў Ружанах з пачатку ХVІІ ст., займаючы суцэльны асобны квартал. Ружаны з сярэдзіны ХVІІ ст. нават займелі сваю сусветную сумную славу: на другі дзень Рош-ха-Шана (Новы год па-габрэйскім календары) габрэі ўсяго свету ўспамінаюць у сваіх малітвах двух ружанскіх пакутнікаў. Гэта здарылася якраз перад стварэннем іконы, у 1657 г., калі напярэдадні габрэйскай Пасхі быў знойдзены труп хрысціянскага дзіцяці. Як ён апынуўся ў габрэйскім квартале, уцямна ніхто не мог растлумачыць. Пагалоска абвінаваціла габрэяў у рытуальным забойстве, наспяваў крывавы пагром. Але ўладар Ружанаў, Павел Ян Сапега, змог утрымаць сітуацыю ў сваіх руках, тым больш што літвакі (габрэі ВКЛ) карысталіся ўсімі правамі, прапісанымі ў Статуце ВКЛ для ліцвінаў. Аднак спакой быў нядоўгім: у 1659 г. з-за невялікай сваркі месцічы зноў узяліся за зброю. Прыйшлося знайсці ахвяру — двух кіраўнікоў габрэйскай абшчыны, якіх тут жа пакаралі смерцю. Майстар, які працаваў у Ружанах або, можа, нават у Кракаве, у паўсядзённым жыцці мог штодня сустракацца з габрэямі ў карчме ці калі наведваў краўца, напрыклад, у тым жа кракаўскім Казімежы. Можа, цень ружанскай трагедыі 1659 г. нейкім чынам адбілася ў позірку Хрыста, калі ўсе вакол крычалі: «Укрыжуй Яго, укрыжуй!..» А цяпер, як адкупленне сваёй віны, стагоддзямі цалуюць Яму рукі і ногі... На жаль, ад такога «шанавання» пакутуе сам цудатворны абраз — у першую чаргу рукі Багародзіцы і ножкі Езуса, якія так зацалавалі за многія гады, што адкрыўся нават белы ляўкас. Прычым, на працягу ХІХ ст. жывапіс аднаўлялі не адзін раз. Пры выдаленні глухога цёмна-карычневага запісу, зробленага алейнымі фарбамі, адкрыўся падрыхтоўчы малюнак левай рукі Багародзіцы, хвацка зроблены аўтарам празрыстай шэра-блакітнай тэмперай прама па жоўта-вохрыстай першай «роскрышы» хітона Хрыста. Малюнак зроблены без правак, у адну лінію. Такі ж хвацкі малюнак бачны пад павелічэннем па ўсім хітоне. Правая благаслаўляючая рука Дзіцяткі Езуса засталася некранутаю толькі дзякуючы памеру іконы — рука Хрыста была недасягальная для пацалункаў. Ад левай рукі засталіся толькі два светла-ружовыя сляды зваротнага боку далоні — як кажуць рэстаўратары: і дзякуй Богу, ёсць за што «зачапіцца». Для аднаўлення страчаных рук Багародзіцы і ножак Хрыста даводзіцца зноў і зноў вывучаць іконы ХVІІ – ХVІІІ стст. у музейным аддзеле старажытнага беларускага мастацтва. Часам такое вывучэнне прыводзіць да маленькіх адкрыццяў. Напрыклад, знайшоўся аналаг чырвона-чорных змеепадобных драпіровак мафорыя і складанага каляровага спалучэння памаранчавага і яблычнага, дарэчы, таксама на падбоі мафорыя — гэта абраз «Замілаванне» 1659 г. з с. Мястковічы каля Пінска.

...Адпраўляюся ў інтэрнэт-падарожжа, падключыўшы да росшуку ўсе сусветныя музеі, і аналаг лікаў Ружанскай Адзігітрыі знаходжу ў венецыянскім жывапісе ХV–XVI стагоддзяў. Гэта шэдэўры Антанэла дэ Месіны, Чыма дэ Канельяна, Антанэла дэ Саліба.

Гісторыя і стылістыка іконы, а таксама знойдзеныя аналагі паступова падводзяць мяне да вызначэння часу стварэння Ружанскай Адзігітрыі — гэта апошняя чвэрць XVIІ стагоддзя. Абраз створаны майстрам, які дасканала валодаў тэхнікай жывапісу. Паступова, сантыметр за сантыметрам разглядаючы ікону пры моцным павелічэнні, знаходжу, што ўбранне напісанае ў тэхніцы складаных лесіровак — накладання аднаго колеру на другі, а святло падкрэслена вібруючым мазком па форме драпіровак. Часам, у момант, калі ўжо да знічак нагледзішся каляровых плямаў, за «цейсаўскім» шклом бачу жывапіс, як у аб’ёме 3D. Вось, напрыклад, мафорый Багародзіцы — першым бачны пяшчотны акварэльна-празрысты слой «ангельскай» чырвонай, на яго наплывае другі — шчыльны «ван-дзік», над імі — у ценях, цёмны, глыбокі, халодны карычнева-фіялетавы, а па-над усім лунае змеепадобны росчырк яркай кінавары. Такі своеасаблівы «слаёны пірог» з тонаў і колеру. Талент у XVIІ ст. быў падмацаваны вельмі добрым веданнем жывапіснага рамяства, чаго, на жаль, бракуе сучаснаму мастацтву.

 

Праца па рэстаўрацыі цудатворнага абраза завершана, і ён зноў заняў сваё месца ў ружанскім Петрапаўлаўскім саборы на варце выратавання людскіх душаў. А колькі разоў ласка Ружанскай Адзігітрыі сыходзіла на людзей, якія маліліся Ёй, мабыць, ведае толькі Яна сама... Яна пайшла ад мяне тварыць новыя цуды, а я ў светлым чаканні трываю да наступнай сустрэчы з Ёю...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY