|
|
№
2(12)/2000
На кніжнай паліцы
Да Юбілею 2000 Года
Рэха пілігрымкі
Мастацтва
Кантрапункт
Паэзія
Нашы святыні
Постаці
Проза
|
Кс. Ю.Рэшаць — духоўнік, драматург, настаўнік, публіцыст, чалавек, цалкам адданы ідэі нацыянальнага адраджэння беларускага люду. Постаць дагэтуль малавядомая гісторыкам і літаратуразнаўцам. Нарадзіўся 26 ліпеня 1890 года ў каталіцкай сялянскай сям’і ў вёсцы Рушчаны каля Харошчы на Беласточчыне. Меў двух братоў і тры сястры. У доме Рэшацяў, дарэчы, і ва ўсёй вёсцы, у тыя часы гаварылі па-беларуску, і толькі пазней беларускую мову выцесніла польская. А тады Рэшаці былі адной з рэдкіх каталіцкіх сем’яў у Рушчанах. Юзаф атрымаў пачатковую адукацыю ў мясцовай вясковай школе. Навука давалася добра, таму бацькі рашыліся паслаць яго ў тэхнічнае вучылішча ў Беластоку, якое ён скончыў з адзнакай у 1908 годзе. Збіраўся паступіць у афіцэрскае вучылішча, але туды яго не прынялі, і ў тым жа 1908 годзе Ю.Рэшаць пачаў вучыцца ў дыяцэзіяльнай Духоўнай семінарыі ў Вільні. У Вільні Рэшаць пазнаёміўся з многімі свядомымі беларусамі, у тым ліку з алюмнамі семінарыі, будучымі актыўнымі нацыянальнымі дзеячамі. Гэты час быў выключна важным для станаўлення яго асобы. Усведамленне нацыянальных каштоўнасцяў вызначыла ўсю яго дзейнасць і жыццё. Семінарыю Рэшаць скончыў у 1913 годзе і быў пасвечаны ў дыяканы. Потым атрымаў ад касцельных уладаў стыпендыю і далейшую навуку працягваў у Рыме, у Нямецкім інстытуце (Germanikum) з перапынкамі да 1921 года. Як пісаў яго сябра кс. Ян Тарасэвіч, нямецкая культура зрабіла на яго значны ўплыў. З тае прачыны, што Італія ўступіла ў сусветную вайну на баку заходніх саюзнікаў супраць Германіі і Аўстра-Венгрыі, Нямецкі інстытут у 1915—18 гадах часова спыніў сваю дзейнасць. І гэтыя чатыры гады Рэшаць вучыўся ў Польскім Пантыфікальным інстытуце Грыгарыянскага універсітэта. У 1915 годзе атрымаў ліцэнзіят ў галіне філасофіі, а ў 1919 годзе — ступень доктара тэалогіі. Быў пасвечаны ў святары 2 снежня 1917 года. Калі Нямецкі інстытут аднавіў сваю дзейнасць, кс. Рэшаць з волі віленскага біскупа Ю.Матулевіча вярнуўся ў 1919 годзе туды, а таксама працягваў навуку ва Усходнім інстытуце. У 1921 годзе скончыў Усходні інстытут і атрымаў ступень ліцэнзіята ўсходняй тэалогіі. У 1918—21 гадах кс. Рэшаць быў таксама неафіцыйным прадстаўніком БНР у Італіі і Ватыкане, у сувязі з чым у гэтым часе прыязджаў у Вільню. У 1921 годзе пераехаў у Вільню. Новыя палітычныя ўмовы мала спрыялі нацыянальнаму беларускаму руху, але з намінацыі біскупа Ю.Матулевіча кс. д-р Ю.Рэшаць стаў прафесарам філасофіі і апалагетыкі ў віленскай Духоўнай семінарыі. Быў адзіным свядомым беларусам сярод усіх выкладчыкаў. У тым часе навучанне ў семінарыі набыло выключна польскі нацыянальны характар, беларуская мова нават не выкладалася як дысцыпліна (выкладалася літоўская), нягледзячы на тое, што частка алюмнаў паходзіла з беларускіх вёсак. Як пісала беларуская каталіцкая газета «Krynica», улады семінарыі не толькі не падтрымлівалі хоць якія праявы беларускасці, але змагаліся нават з іх слядамі. Кс. д-р Ю.Рэшаць прымаў удзел у нацыянальным беларускім жыцці ў Вільні, друкаваў артыкулы у газетах «Krynica» і «Chryscijanskaja Dumka». У 1922 годзе пачаў выкладаць патрыстыку на тэалагічным факультэце Універсітэта імя С.Баторыя, а таксама катэхізацыю ў Беларускай гімназіі. У сваіх успамінах кс. Ю.Тарасэвіч пісаў: «Тут, у гімназіі, меў ён вялікую пашану. Лекцыі яго былі старанна падрыхтаваныя, вызначаліся глыбокімі ведамі і яснасцю слова, жывой мовай і эмацыйнай сувяззю са слухачамі. Самыя складаныя праблемы стараўся выкласці даступна, маральныя дылемы разважваць практычна, па-жыццёваму, без казуістыкі і дактрынёрства. Быў не толькі тэолагам. Цікавіўся літаратурай, сусветнай і беларускай. Напамяць ведаў вершы Багушэвіча, Цёткі, Багдановіча, Купалы, Коласа. Любіў мастацтва, беларускія народныя песні, тэатр, музыку. У вольныя хвілі граў на фартэпіяна. Любоў да мастацтва давала яму жыццёвую энергію, смак жыцця, а з другога боку, магчымасць адчуваць уражлівасць чалавечай душы. Таму ніхто ніколі не бачыў яго знерваваным і ўзбуджаным. У кожняй сітуацыі ён вызначаўся спакоем, валодаў сабой, разумеў іншых, быў па-хрысціянску цярплівым і пакорлівым. Свабодна валодаў беларускай, польскай, рускай, літоўскай, нямецкай, французскай, італьянскай, лацінскай, грэцкай і габрэйскай мовамі. Кс. Ю.Рэшаць быў чалавекам выключна адчувальным і таленавітым. Гэтыя рысы спрыялі яго асветніцкай дзейнасці, абуджалі зацікаўленасць маладога пакалення да айчыннай культуры і гісторыі. Куды б ні кідаў яго лёс, а перадусім не надта прыхільныя да яго польскія ўлады, усюды стараўся служыць свайму народу ведамі і педагагічным талентам. Быў аўтарам катэхізісу для беларускіх каталікоў, шматлікіх тэалагічных тэкстаў у беларускім друку, выдаваных таксама асобнымі кніжкамі, а перадусім драматычных твораў, што прапаведвалі ідэю адраджэння. Віленскі перыяд у жыцці кс. Ю.Рэшаця быў вельмі актыўны. У 1925 годзе ён выступіў з пратэстам да касцельных уладаў у Рыме і да духоўных і дзяржаўных уладаў у Польшчы супраць тых пастановаў канкардату, адпаведна якім ужыванне беларускай мовы ў дзейнасці Касцёла залежала выключна ад рашэння епіскапату, а не саміх вернікаў і духоўных. З падобнымі пратэстамі выступілі таксама іншыя ксяндзы-беларусы, а таксама ўлады БНР. У наступным годзе (12.ХІ.1926) быў адным з аўтараў мемарандуму да кс. біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, у якім фактычна выказаў пратэст супраць паланізатарскай дзейнасці новага віленскага мітрапаліта. У першай палове 1927 года выдаў у Вільні «Кароткі катэхізм для беларусаў-каталікоў». А тым часам ужо ў другой палове 1925 года за сваю датыхчасовую дзейнасць быў пакараны прымусовым пераводам у Беласток, які тады адносіўся да віленскай архідыяцэзіі. У Беластоку быў катэхізатарам у сярэдніх школах, а з 1927/28 навучальнага года працаваў у Дзяржаўнай настаўніцкай мужчынскай семінарыі імя караля Зыгмунта Аўгуста і Дзяржаўнай настаўніцкай жаночай семінарыі імя караля Зыгмунта Аўгуста. У неспрыяльных умовах працягваў нацыянальную справу сярод моладзі беларускага паходжання. Як напісана ў справаздачы Ваяводскай Управы, «...праводзіць беларускую агітацыю сярод вучаніцаў настаўніцкай семінарыі ў Беластоку. Пераконвае вучаніцаў, што калі яны родам з Беластоцкага павета, то яны беларускі, а паколькі яны беларускі, то мусяць імкнуцца да нацыянальнага адраджэння беларусаў». У 1926 годзе кс. Рэшаць быў на чале групы заснавальнікаў гуртка Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў Беластоку. З яго ініцыятывы паўстала цэлая сетка гурткоў БІГіК на Беласточчыне. Дзяржаўныя ўлады ў Беластоку ўжо ведалі яго з ранейшых часоў, і кожны яго побыт у родных мясцінах падрабязна адзначаўся ў паліцэйскіх дакументах. А віленская Служба бяспекі нават загадзя інфармавала адпаведныя структуры ў Беластоку пра яго магчымы прыезд з Вільні ў Беласток і Рушчаны. У 1931 годзе, прабыўшы чатыры гады ў Беластоку, быў ізноў прымусова высланы на самы край віленскай архідыяцэзіі — у парафію Гелчын каля Тшцянага. Першае казанне прамаўляў па-беларуску, што выклікала пратэст парафіянаў. Мова ў той мясцовасці ўжо прападала. Тады ў касцёле беларускай мовы больш не ўжываў, але прыватна далей гаварыў па-беларуску. Арганізоўваў сустрэчы з моладдзю, навучаў беларускім песням і вершам. У канцы 1931 года касцельныя ўлады яшчэ раз перавялі кс. Рэшаця — цяпер у парафію Доўнары каля Асаўца. Там ён быў пробашчам, а потым дзеканам. Таксама займаўся духоўнай апекай над жаўнерамі з вайсковай адзінкі ў Асаўцы. У Доўнарах быў сем гадоў. І там працягваў папярэднюю працу, стараўся абудзіць у моладзі зацікаўленне беларускімі народнымі песнямі, традыцыямі і культурай. Як пісаў кс. Тарасэвіч, сярод мясцовых вернікаў меў аўтарытэт і павагу за сваю сардэчнасць, шчырасць, выхаванасць. У штодзённых размовах гаварыў выключна па-беларуску. Падчас побыту ў Беластоку і Доўнарах падтрымліваў кантакты з Вільняй, публікаваўся ў беларускім друку, браў удзел у нацыянальных урачыстых сходах. Напрыклад, у 1930 годзе выступіў з прамовай падчас гадавіны абвяшчэння БНР. У 1933 годзе ўдзельнічаў у святкаванні 15-годдзя абвяшчэння БНР і 70-годдзя беларускага друку — выступіў з адпаведным казаннем на Імшы, якую адпраўляў кс. Адам Станкевіч у касцёле св. Мікалая. У Вільні ў 1928 годзе рэдакцыя «Хрысціянскай Думкі» выдала кніжку кс. Ю.Рэшаця «З гісторыі хрысціянскай апалагетыкі» — гэта быў зборнік артыкулаў, раней змешчаных у гэтым выданні. Паралельна кс. Рэшаць апрацоўваў для «Хрысціянскай Думкі» жыццярысы святых — выйшлі ў Вільні асобнай кнігай «Святыя» ў 1938 годзе. На пачатку 30-х у Вільні былі выдадзены драматычныя творы кс. Ю.Рэшаця «Першыя ластаўкі» (1931) і «Зорка-Ідэя» (1933) пад літаратурным псеўданімам Ю.Рушанец (ад роднай вёскі Рушчаны). Абодва творы прасякнутыя патрыятызмам. Былі яны ў рэпертуары аматарскіх беларускіх тэатраў у ІІ Рэчы Паспалітай, між іншым, ставіла іх моладзь у Доўнарах. Але творы гэтыя да сягоння не ўвайшлі ў беларускую спадчыну і далей чакаюць новага адкрыцця. Цікавыя яны, прынаймней, з дзвюх прычынаў: як прыклад развіцця на міжваеннай Заходняй Беларусі малаколькаснай драматургіі, а таксама з нязвыкла моцна выказанай патрыятычнай ідэі. Асабліва ўражвае драма «Першыя ластаўкі» з жыцця тагачаснай беларускай вёскі. Аўтар паказаў маладое пакаленне, якое шукае свае нацыянальнай тоеснасці, і тых, хто паддаўся дамінаванню польскай культуры. Змест актуальны і ў нашыя дні. У кожным пакаленні беларусаў знаходзяцца такія маладыя людзі, як героі драмы Кастусь і Стася, што хочуць служыць свайму маласвядомаму люду і ў сваёй місіі сутыкаюцца з людзьмі, якія выракаюцца ўсяго айчыннага. Словы аднаго з герояў твора Рэшаця — «я зненавідзеў прастату!» — адлюстроўваюць вядомы беларускі універсалізм. Бо цяжка адназначна акрэсліць, ці гэта радок з аўтабіяграфіі школьных гадоў самога аўтара з пачатку ХХ стагоддзя, ці гэта ўжо вёска 20-х або 30-х гадоў. І прарочыя словы Стасі, шаснаццацігадовай дзяўчыны з-пад Беластока: «Калі мову сваю закінем, то што з нас будзе, што нас чакае! Прыйдзе час — і будуць вучоныя людзі шукаць нас, дапытвацца, дзе мы, а мы не адзавемся, мы не адклікнемся, бо ўжо будзем у цёмнай магіле. Прыйдуць і запытаюць, дзе тут народ беларускі жыве, а ім адкажуць другія за нас: няма ўжо таго народу! А дзе падзелася, спытаюць, мова беларуская? І адкажуць: тую мову народ у магілу з сабой забраў, няма яе больш на свеце! Не пачуеце яе больш па вёсках тутэйшых, не пачуеце ані ў радасці, ані ў смутку народу. Яна ўжо ў гробе». Але апроч песімістычных момантаў, чуваць подых аптымістычнай веры ў Божую справядлівасць. У фінальнай сцэне дзед Кастуся цешыцца з патрыятызма ўнука: «Не загіне народ, не загіне! О святая пара лет маладых, ты пражываеш светлую хвіліну натхнення! Дай Божа, дай Божа! Вы, дзеткі мае, вы тыя першыя ластаўкі, што пацяшаеце сэрца Гаспадара цёплай вясны. Вы нам новую зорку запаляеце на Небе. Дай жа Божа, пекнага ўраджаю працы вашай на славу, на дабро народу беларускага!». У падобным адраджэнскім духу вытрыманая другая драма, «Зорка-Ідэя», у якой ужо старэйшыя на год Кастусь і Стася вучацца ў сярэдніх польскіх школах. Быць беларусамі — гэта вымагала ад іх уся сіла волі. Свяціла ім ідэя навукі і аддання свайму народу: «І чым больш мы жывем дзеля свае ідэі, чым больш яе пашыраем сярод народу, тым больш узвялічваем радасць жыцця ў душы нашай. Трэба ведаць, што ідэя народная не можа быць для нас толькі думкай сухой. Не, ёю жыць і дыхаць павінна кожная душа беларуская. І чым шырэй абайме яна сваё панаванне ў народзе, тым глыбей запусціць карані ў людское жыццё, тым больш пабярэ ў сябе жыццёвага, рэальнага значэння і сэнсу». Галоўны герой, хоць і малады, але ўжо мае сфармаваныя перакананні. Яго выключаюць са школы, і працягваць навуку ён можа толькі ў глыбіні Польшчы, далёка ад свае зямлі і народа. Але не зламаўся, цяжкасці толькі загартоўваюць маладога патрыёта і ўжо не павярнуць яго з абранай дарогі. Абедзве драмы — гэта амаль аўтабіяграфія самога аўтара, які быў верны сваім ідэалам, нягледзячы на перашкоды на шляху служэння бліжнім і свайму народу. У другой палове 30-х адбыліся істотныя змены ў жыцці кс. Ю.Рэшаця. Падчас свайго кароткага побыту ў Польшчы ў 1935 годзе з ім спрабаваў сустрэцца кс. д-р Ю.Тарасэвіч, які з 1911 года стала жыў у Злучаных Штатах. Быў гэта адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускай эміграцыі. Але з прычыны перашкодаў, што ўчынялі польскія ўлады, сустрэча двух духоўных, якія дагэтуль толькі перапісваліся, не адбылася. Кс. Рэшаць быў выкліканы ў Беласток менавіта ў той дзень, калі ў Доўнары прыехаў кс. Тарасэвіч, які меў да кс. Рэшаця новую прапанову — выехаць у ЗША, у бенедыктынскі кляштар св. Пракопа ў Лісле, каля Чыкага. Кляштар гэты ў будучым павінен быў стаць асяродкам падрыхтоўкі маладых беларускіх духоўных да працы на беларускіх землях. Кс. Ю.Рэшаць гэтую прапанову прыняў і праз нейкі час, 27 сакавіка 1938 года, пакінуў Польшчу. Побыт свой у ЗША лічыў часовым — потым са сваімі новымі выхаванцамі меўся вярнуцца на радзіму. Але прыезд у ЗША шаснаццаці семінарыстаў з-пад Ліды не адбыўся, бо пачалася сусветная вайна. 15 жніўня 1939 года кс. Ю.Рэшаць скончыў навіцыят у бенедыктынскім кляштары і прыняў законніцкае пасвячэнне, узяўшы імя Атаназы. Выбух вайны выклікаў як трывогу, так і надзею на змену палітычнай сітуацыі. Кс. Ю.Апанас Рэшаць тым часам далучыўся да працы беларускай эміграцыі ў Чыкага і наваколлі. Стаў адным з заснавальнікаў Беларуска-амерыканскай Нацыянальнай Рады, зарэгістраванай 27 кастрычніка 1941 года. Быў абраны ў склад яе кіраўніцтва, дзе адказваў за рэлігійную дзейнасць. Кіраўніком усяе арганізацыі быў абраны яго сябра, законнік кляштара св. Пракопа кс. Ю.Тарасэвіч. Увесь час уважліва сачыў за зменамі на франтах у Еўропе і ацэньваў іх усё больш і больш не на карысць Беларусі, асабліва калі стала ясна, што ўся Усходняя Еўропа будзе апанаваная СССР і яго ідэалогіяй, варожай як хрысціянству, так і нацыянальным каштоўнасцям. Цяжка пераносіў эмігранцкае жыццё, тым болей, што вяртанне ў родныя мясціны было ўжо немагчымым, а планы, якія схілілі яго да выезду ў 1938 годзе, у пасляваеннай рэальнасці не маглі быць рэалізаваныя. «Чуў сябе, як вырванае з каранямі старое дрэва, — пісаў кс. Тарасэвіч, — перасаджанае ў неспрыяльны грунт. Не хацеў нават выйсці за кляштарныя муры. І пры сваіх выключных лінгвістычных здольнасцях з цяжкасцю авалодваў англійскай моваю. Часам толькі пакідаў кляштар — на місіянерку да індзейцаў у суседняй рэзэрвацыі, толькі там ажываў духам. Не быў прыстасаваны да жыцця ў кляштары. Жыў успамінамі пра Беларусь і сваю працу ў Доўнарах». Але парадзіў і з англійскай мовай і стаў выкладаць у Духоўнай семінарыі пры кляштары св. Пракопа. Хутка здабыў разуменне і пашану сваіх семінарыстаў. У канцы 40-х гадоў змяншаецца яго ўдзел у Беларуска-амерыканскай Нацыянальнай Радзе, дзе ўсё больш заўважнымі былі эмігранты, што пасля вайны прыязджалі ў Чыкага. Перапісваўся з беларусамі ў Амерыцы і Заходняй Еўропе, даведваўся пра лёс сваіх старых знаёмых. Шмат публікаваўся ў амерыканскім друку, між іншым, пісаў пра рэлігійныя адносіны на Беларусі. Два артыкулы апублікаваў «Голас Царквы» (Voice of Chucch, № 4-5, 1939; № 5, 1943). Казанні публікаваліся ў беларускім рэлігійным часопісе «Беларуская Царква». Рэлігійнае жыццё пачалі арганізоўваць новыя эмігранты з Беларусі. У 1955 годзе паўстала каталіцкая парафія ўсходняга абраду Хрыста Збавіцеля. Духоўнымі апекунамі яе сталі законнікі з кляштара св. Пракопа кс. Ю. (Хрызастон) Тарасэвіч і кс. Ю. (Атаназы) Рэшаць. Штонядзелю і ў святочныя дні кс. Рэшаць выязджаў у Чыкага адпраўляць набажэнства. Але ў яго была ўжо цяжкая хвароба — рак страўніка. У жніўні 1957 года ён перанёс аперацыю і на нейкі час здароўе палепшылася. Аднак, як сведчыў кс. Ю.Тарасэвіч, «боль адпусціў яго на некалькі месяцаў, але паўторная аперацыя была і бессэнсоўная, і немагчымая (...) засталося адно выйсце з хваробы — магіла». Прыняў усё без следу адчаю, роспачы, згодна з воляю Божай, як і належыць добраму чалавеку і пабожнаму каталіку. «Хацеў бы яшчэ пажыць, каб папрацаваць болей, але калі гэтак Бог хоча, хай дзеецца Яго воля», — так гаварыў на развітанне прысутным братам-законнікам 18 студзеня 1958 года». Ксёндз доктар Юзаф (Атаназы) Рэшаць памёр 15 лютага 1958 года. Пахаваны на могілках кляштара св. Пракопа ў Лісле, штат Ілінойс, ЗША.
Вячаслаў ХАРУЖЫ.
Беласток. Пераклад з польскай Д.Бурнос.
|
|
|