|
Данута Бічэль нарадзілася ў вёсцы Біскупцы на Лідчыне. У 1962 г. закончыла Гродзенскі педінстытут імя Я. Купалы. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы. Аўтар кніг паэзіі: «Дзявочае сэрца» (1960), «Нёман ідзе» (1964), «Запалянкі» (1967), «Доля» (1972), «Ты – гэта ты» (1976), «Браткі» (1979), «Дзе ходзяць басанож» (1983), «Загасцінец» (1985), «Даўняе сонца» (1987), «А на Палессі» (1990), «Божа, мой Божа» (1992).
|
|
ПАН ЕЗУС ДАРОГАЙ АПОСТАЛАЎ ВЁЎ
Пан Езус дарогай Апосталаў вёў,
а Маці ўсіх дома чакала.
А гэтых дзвюх тысяч кароткіх гадоў -
мінула - і як не бывала.
Пан Езус ідзе на Крыжовую Смерць,
даруе мне Смерцю збаўленне:
не бойся, маленькае сэрца, балець,
не бойся свайго паражэння.
7.02.-3.04.2000
|
ЯК ЖА ІШЛА
Як жа ішла па Дарозе,
і не збаўляла Дарога
ў пустэчы, без волі непрысутнага Бога?
Аўтанамічна
лавіла надзею-сініцу
і не спытала ў сябе: ці мне мець,
ці дзяліцца?
І не ўзнімала Душы папяровай,
грашовай
да Таго, Хто Сам Сябе ўнізіў
да Смерці Крыжовай?
А нікчэмных парожніх спакусаў
заўжды было мала...
Аж пакуль не патраціла ўсё...
Тады ўсё атрымала.
Атрымала людское жыццё
і вясёлку над лугам,
і суполку духоўных сясцёр,
моцных Богам і Духам.
23.03.2000
|
НА РОДНЫМ НАДВОРКУ
Даўно дзірванее надворак,
аблашчаны промнямі зорак,
не сохнуць збаночкі на плоце,
а беліцца хмарак лахмоцце.
На цёплай святой аблачыне,
бы шчырая пчолка ў вашчыне,
пяю - і нічога не дрэнчыць.
Трымаюць ружанца парэнчы.
Пакутай Вялікага Посту
сама не спялю сабе помсту.
Любоў разлілася вясною.
Жывы Езус Хрыстус - са мною.
16.03.2000
|
ВЕРСЕТ
Укрыжаванне бядою
Маўчанне пад Крыжам
думкі неспакойныя параскіданыя
паміж Зямлёй і Нябёсамі
на воблаку невідочным
у кантэмпляцыі
сэрца адтайвае цяплее
боль адступае знікае
будзяць званочкі на шыі Баранка
у воблаку забыцця
норка малая мая
сярод Зорак і знічак
світання светлая поўня
Творцы прастора
|
РУЖАНЕЦ
Ружанец - канат у Нябёсы,
малітва і пацеркі - слёзы,
малітва - на беразе лодка,
маліцца на беразе лёгка,
як поўная сэрца крыніца,
на беразе светла маліцца.
Але як засушана сэрца,
любоў дапаможа сагрэцца.
Іду праз бяду на Твой голас.
Іду праз нястачу і холад.
Іду праз пакуты, зняменне.
Выносіць без вёсел цячэнне
ў прастору, дзе слова праўдзіва,
дзе слова - і тарча, і дзіда:
Мой Божа, Мой Божа, Мой Божа,
з Табой і нядоля прыгожа...
Святое Святло Тваё, Ойча, -
святла не тушы, не азмрочвай.
16.03.2000
|
МОЖНА ЦІ НЕЛЬГА
Зоркі гараць, не ўміраюць,
Зоркі згараюць і ззяюць.
Мілая Зорка!
Блізенька да надвячорка
холадна, сцішна і горка,
калі не прымаюць.
Стрыж стрыжэ сонейка коскі.
Зубрык скубе сабе з копкі -
выйшаў пагрэцца -
вязень сівой Белавежы...
Неба прыблізяць не вершы -
добрае сэрца.
Песні скалолі мне ножкі.
Мяккія сцежкі-дарожкі
высланы ў Неба.
Хмаркі не ўмеюць калоцца.
Возьмуць увысь маё слоўца...
Можна ці нельга?..
15.03.2000
|
СЛОВЫ ПЕСНІ - НЕ ЛІСЦЕ
Словы песні - не лісце.
Толькі сляза іх ачысціць.
Іх разбудзіць любоў і боль.
Я вяртаюся ў горад, дадому,
каб на вулках, сустрэўшы знаёмых,
пераходзіць на іншы бок.
Можна пець, як паэткі-падлёткі
ды збірацца ў суполкі-чародкі,
можна блытаць жыццё і гульню
і сабе дараваць мітусню.
Потым выйсці з духоўнай галечы,
не паддацца спакусам ліхім.
Перад Богам скарыцца, укленчыць.
І гарэць. І згарэць перад Ім.
8.01.2000
|
АДПУСЦІ ІМ ГРАХІ
Дык паводле нявіннасці, Пане,
не прымаюцца Богам пагане?!
Але там за свабоду змаганне.
Дай жанчынам і дзецям адхланне.
Дзе ўвесь Край на Галгофе пакуты
вынішчаецца іншым, каб знік, -
спрасаваны, забіты, распнуты, -
там дзіця-немаўля - баявік.
Перайсці небяспечную зону
з брамаў смерці да Брамаў Сіену
ды наліць сабе ў келіх агню...
Адпусці ім грахі... за Чачню.
|
НА СЁМЫМ НЕБЕ
Тэлевізійны экран -
край.
Неба бязмежнага дах -
птах.
Новых Нябёсаў сем скіб -
глыб.
Свяцейка села за стол -
Анёл.
Глянь на мяне, Уладар,
з хмар!
Выпраў у статак да слуг,
Дух...
Хвалу Ўсявышняму грай,
Край!
25.03.2000
|
* * *
Можна слоўкамі вышыць
цёплы Дух Святы Твой?
Можна ў горачку выжыць,
ды не кожнай цаной.
Але нельга спачатку
ўсіх пазбыцца правін...
У малым немаўлятку
зноў жывы Божы Сын.
29.02.2000
|
ВАРТАЎНІЦА
Божанька, я ноч тваёй начы.
Слухаць я люблю, а Ты маўчы.
Зоркі, месячык люблю лічыць.
Вартаўніца я Тваіх ягнят.
Як на небе чыста, там іх шмат.
Як на небе брудна, іх няма.
За маёй сцяной Забраны Храм.
Хто Цябе, Мой Божа, хваліць там.
Ты, мой Божа, разбярэшся сам.
Месячык-начнік на Небе згас.
Закрычалі пеўні трэці раз.
Пойдзем, Божа, дзе чакаюць нас.
8.02.2000
|
МОЙ ЦЭНТРАЛЬНЫ ПЛЯЦ СВЕТУ
Мой Цэнтральны Пляц Свету,
на якім не жабрую манету.
Ці прышлюць мне з Нябёсаў карэту?
Я ад Бога не маю сакрэту.
Ночка чыстая. Мы не адны.
Побач Коця хаваецца ў сны.
Дрэмле знічка ля Божай сцяны.
А вакол размаўляюць званы.
Выпаўзаюць з цямрэчы пачваркі.
Іх музычка - бутэлькі і чаркі.
Тут вядзьмаркі і ўсе недавяркі.
Што мне гэтых пачварак баяцца?
Тут не месца співацца, страляцца.
Выганяю ўсіх вон з Майго Пляцу.
Люты, 2000
|
УДВАІХ
Так мне сэрданька сынава ные.
Нашы душы інфлююць, як грошы.
Паміры нас, Святая Марыя!
Уратуй майго сына, Сын Божы!
Змарнавалася, што нажылося.
Ні цяпельца, ні ў полі калосся.
Толькі сочыцца-б'ецца крыніца.
Вось прыйшла, але стыне вясніца.
Удваіх мы на краі пустэчы,
больш маўчым, каб сябе не калечыць.
Удваіх, а не можам сабрацца
памірыцца на Зорках-ружанцы.
26.03.2000
|
МАЛІТВА ПРАБАЧЭННЯ
Мой ціхі Пане, маё адхланне,
прашу ў Цябе даравання.
Дарую тым, хто караў да болю,
дзеля Тваёй любові.
Ва ўсіх раслінак, ва ўсіх стварэнняў
шчыра прашу прабачэння.
Даруй мне злосць, даруй абурэнне
дзеля майго збаўлення.
22.04.2000
|
АПЯКУНКА ЗІМЫ
На крылцах сняжынак спускаецца з Неба Марыя,
Сейбітка цішы - сее санлівы снег,
каб не замерзлі звяркі і птушкі малыя,
крыжам завеі здымае нявінны грэх.
З пальцаў Марыі ткуцца карункі сняжніцы,
плашч Яе прамяністы ледзь кранаецца стрэх.
Снегам ідзе Марыя па нябеснай сцяжынцы,
шнурочкі слядоў кладуцца на першародны снег.
Ткалля сумётаў Марыя сцеле бялюткія хусткі
тым, хто пайшоў незваротна ў нязнаны свет,
іх неспакойныя сэрцы няхай не ведаюць пусткі.
Іх закалыша сівер, іх адагрэе снег.
20.04.2000
|
|
|