![](../img/pic-w.gif) |
Леанід Галубовіч – паэт, крытык. Нарадзіўся 12 жніўня 1950 г. у вёсцы Вароніна Клецкага раёна. Аўтар зборнікаў паэзіі «Таемнасць агню» (1984), «Споведзь бяссоннай душы» (1989), «Бусел без гнязда» (1989), «Таемнасць споведзі» (1993), «Заложнік цемры» (1994), «Апошнія вершы Леаніда Галубовіча» (2000), а таксама кнігі мініяцюраў «Зацемкі з левай кішэні» (1998). Жыве ў Мінску.
|
|
АДЗІНОТА
Жыву не без добрых надзей.
Вунь стукае ў шыбу сінічка...
Пусціў бы яе, дабрадзей, -
Ды знікла, як знічка...
А ўрэшце, прыемна адчуць,
Што нехта ўсё ж мае патрэбу
Пабыць у цябе прад ваччу, -
І дзякаваць Хлебу,
І Богу,
бо ў высях зямных
Стварыў Ён жывыя істоты,
Што нас не пакінуць адных
Пад час адзіноты...
|
* * *
Я мог бы плакаць вечарамі,
Што я марную дзень за днём...
Бо хутка ўжо ля Боскай Брамы
Мне біць павінную чалом.
Ды вечарамі я не плачу,
А скрушна думаю аб тым:
Няўжо я ўсё-ткі нешта значу,
І буду з`яўлены прад Ім?
Няхай апошнім грэшным гнюсам,
Няхай для пекла і пакут -
І ўсё ж прад Ім Самім з`яўлюся,
І скажа Ён, хто быў я тут?!
|
ЭЛЕГІЯ ЗЫХОДУ. ХХ ВЕК.
Падобныя ўсе маці -
хоць імгла
Сячэ іх твар, хоць ссушвае задуха -
На Дзеву, на Марыю,
што змагла
Зачаць бязгрэшна ад Святога Духа.
Я сёння бачыў той свяцейшы Лік,
Што паўтарае твары нашых маці.
...Нямелі вусны, каб не выдаць крык,
І сохлі слёзы, каб з вачэй не ўпасці...
Стаяла, нібы месяц ясным днём,
З працягнутай рукой - душа на ўлонні...
І медзь і срэбра мы ў руку кладзём,
Усё забраўшы з гэтае далоні.
...Праходзім мы ў красоўках "Адзідас"
І ў выцертых да бляску джынсах "Левіс"...
О, Маці Боская, хто пашкадуе нас
І хто падзеліць нам пароўну хлеба?
Дзе Сын-Прарок Твой, хоць на гэты час?
|
ПРАДЧУВАННЕ СЛОВА
За акном маім - цемра.
І ў той цемры скразной
Воля вышняя дрэмле
Па-над пусткай зямной.
...Сакавіцкія крыкі
Ачмурэлых катоў,
І жаночыя ўздыхі
З перасохлых ратоў...
І нібыта Варава,
Сам свой ведаеш грэх:
Сэрца - злева направа,
То ў бяздонне, то ўверх...
І ў чаканні Галгофа,
І мацуецца крыж,
І прыступкамі строфаў
Ты ад кары бяжыш...
...Распінаюць бязгрэшных...
Дык чаго ж ты, паэт,
Грэшных ісцін спрадвечных
На душу не бярэш?
Не рыфмуецца шчырасць
Ні з віном, ні з гульбой...
Толькі Боская міласць
Ёсць яшчэ над табой.
Толькі вышняя воля,
Толькі слова адтуль...
І нічога, ніколі,
І нікому...
Пакуль
За акном тваім - цемра,
І ў той цемры скразной
Воля вышняя дрэмле
Па-над пусткай зямной.
|
* * *
Андрэю Федарэнку
Славяне мілыя, усе мы - аднакроўкі.
З уласнай крапінкай, як божыя кароўкі,
Паўзём па доле аднаго ліста,
Нібы па далані свайго Хрыста...
І вось, да краю дапаўзлі, здаецца,
Гасподняй літасці...
Што ж застаецца -
Раскрыліць дух, уціхамірыць плоць?
А ўжо - сціскае даланю Гасподзь...
|
* * *
Я - дзіцём - крыклівым быў і шумным.
Суцяшала маці між гасцей:
"Супакойся, сынку, будзь разумным.
Дай спакойна выслухаць людзей".
Сталым стаў. Трываў я лёсу хватку.
А калі аднойчы не сцярпеў...
"Раскажы, - сказалі, - па парадку.
Дай спакойна выслухаць цябе".
І цяпер, калі мне ў адначассе
Верш душу-шкарлупінку дзяўбе,
Гавару сабе я: "Не спяшайся,
А спакойна выслухай сябе".
Час імкне жальбы і суцяшэння, -
Хто за нас слабей і маладзей...
Дай мне, Божа, мудрага цярпення,
Каб спакойна выслухаць людзей.
1985
|
|
![](../img/pic-w.gif) |