Заходняе хрысціянства на Беларусі
Калі ўважліва прыгледзецца да першапачатковага хрысціянства на ўсходнеславянскіх і беларускіх землях, то можна заўважыць яго глыбінную сувязь з двумя хрысціянізацыйнымі асяродкамі - паўднёвабалтыйскім у славяна-дацка-нямецкай кантактнай зоне (Палабска-паморскі рэгіён) і цэнтральнаеўрапейскім у зоне пашырэння кірыла-мяфодзіеўскага хрысціянства (рэгіён Вялікай Маравіі, Чэхіі, Паўднёвай Польшчы).
Пачатак балтыйскіх сувязяў
Статуэтка Буды, знойдзеная ў Хэльгё.
|
Сувязі ўсходнеславянскіх земляў з рэгіёнамі Паўднёва-Заходняй Прыбалтыкі пачаліся даволі рана. Асноваю старажытных камунікацыяў маглі паслужыць гэткія вядомыя з глыбокай старажытнасці водныя шляхі як Днепр, Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, якія выходзілі на Балтыку. З VІІ-VІІІ стст. археалагічныя помнікі і пісьмовыя крыніцы фіксуюць таксама наяўнасць сувязяў паміж рознымі пунктамі ў акваторыі Балтыйскага мора. У VІІІ- першай палове ІХ ст. зараджаюцца прыморскія гандлёвыя цэнтры, у якіх канцэнтруюцца калоніі рамеснікаў і купцоў. Раскопкамі выяўленыя гэткія раннія асяродкі як Хэльгё на ўзбярэжжы Швецыі паблізу Стакгольма, Гэдэбю ў Даніі на Ютляндскім паўвостраве (сёння Шлезвіг), паселішча ў Польскім Памор'і на р.Парсэнта і на тэрыторыі ўсходніх славянаў - у Старой Ладазе, куды ішоў шлях «з варагаў у грэкі».
У самы ранні перыяд гаспадарчых зносінаў важнай транспартнай артэрыяй на тэрыторыі Беларусі мог служыць Нёманска-Дняпроўскі водны шлях. Найбольш скандынаўскіх рэчаў гэтага перыяду знойдзена па р.Нёман і ягоных правых прытоках - Мініі, Юры, Дубісе, Нявяжы, Святой, Вяллі. Сярод іх - камень з рунічным надпісам VІ-VІІ стст., брактэат VІІ ст. з-пад Бырысава1. Рэчы скандынаўскага паходжання VІІІ-ІХ стст. знойдзеныя таксама на Украіне - у Кіеве, Вышгорадзе, Ходасаўцы2.
Некаторыя рэчы з раскопак у прыбалтыйскіх паселішчах сведчаць пра наяўнасць сувязяў з паўднёвымі краінамі, пасярэднікамі ў якіх маглі быць славянскія землі. Так, у Хэльгё ў пластах V-VІ стст. знойдзена каля 70 візантыйскіх залатых манет, а ў пазнейшых гарызонтах - бронзавая статуэтка Буды і славянская кераміка3. У трох славянскіх гарадах каля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора выяўленыя раннія скарбы арабскіх манетаў, ухаваныя на мяжы VІІІ-ІХ стст.: Пенцліне (798/799 г.), Еўраве (802 г.), Прэрове-Дарсе (803 г.). У апошнім, напрыклад, было 74 манеты VІІ-VІІІ стст., пераважна арабскія і дзве каралінгскія4.
У пачатковы перыяд да сярэдзіны ІХ ст. таваразварот на Балтыцы здзяйсняўся яшчэ ў форме простага натуральнага абмену. У гандлі пераважаў накірунак з захаду на ўсход, што пацвярджаецца пашырэннем у VІІ-VІІІ стст. сяродземнаморска-візантыйскіх шкляных пацерак праз Заходнюю Еўропу ўздоўж Балтыйскага ўзбярэжжа аж да Старой Ладагі ўключна. Верагодна, што гэтыя пацеркі ў Балтыйскім рэгіёне таго часу ўжываліся як менавы эквівалент5.
Выдатнае месца ў балтыйскіх сувязях ранняга Сярэднявечча належыць кельтам, перш за ўсё, астраўным - ірландцам і шатландцам. Іх уплыў выяўляецца ў мастацтве народаў Балтыйскага рэгіёна ад VІ да ХІ ст.6 Нямецкі археолаг Ё.Герман указвае, напрыклад, на відавочныя паралелі паміж храмавым будаўніцтвам кельтаў і палабскіх славянаў (раскопкі сакральных будынкаў у Грос-Радэне і ў Фэльдбергу)7.
Уваходная брама ў «святы горад» Аркону.
|
Пра сувязі з астраўнымі кельтамі сведчаць і некаторыя знаходкі ў Арконе на в.Руген
8. Кельцкія ўплывы бачаць таксама ў характэрным скандынаўскім лентачным пляценні і звярыным арнаменце
9. Кельцка-ірландскія місіянеры не толькі актыўна пашыралі хрысціянства на французскіх, а затым нямецкіх землях, але сягалі і далей на ўсход. Ужо ў канцы VІІ ст., згодна з паведамленнем англа-саксонскага аўтара Бэды Вялебнага (673-735 гг.), ірландскі місіянер Эгберт збіраўся несці Слова Божае да фрызаў, данаеў (датчанаў) і ругінаў (ругенскіх славянаў, руянаў). Ягоны наступнік Віліброрд , які спачатку прапаведаваў сярод фрызаў, на пачатку VІІІ ст. выправіўся ў Данію
10. Шэраг археалагічных знаходак у Швецыі, якія паходзяць з VІ-VІІІ стст., нясе на сабе след хрысціянскага ўздзеяння з ірландска-шатландскага ці англа-саксонскага рэгіёну
11. Ірландскі біскупскі посах , знойдзены пры раскопках Хэльгё ў пластах VІІІ ст., з'яўляецца неабвержным доказам місіянерскай працы ірландцаў ва ўсходняй частцы Балтыйскага мора
12. Магчыма, гэтыя ж хрысціянізацыйныя імпульсы пашыраліся і на в.Готланд, дзе ў VІІІ ст. пачалі вырабляцца накладкі для парадных конскіх аброцяў у выглядзе пазалочаных бронзавых крыжоў
13.
Асваенне марскіх шляхоў паскаралася і дзякуючы вікінгам, якія з канца VІІІ ст. пачалі вырушаць у свае рабаўнічыя выправы, наганяючы жах на ўсе ўзбярэжныя краіны ад Ладажскага возера на ўсходзе да Ірландыі на захадзе. Іхнія рэйды скіроўваліся ўздоўж асвоеных купцамі шляхоў і мелі на мэце рабаванне багатых гандлёвых цэнтраў.
Усталяванне шляхоў
Востраў Руян (Руген) — выгляд з боку Арконы.
|
З пачатку ІХ ст. гандлёва-эканамічныя і культурныя сувязі на Балтыцы робяцца рэгулярнымі. Старыя цэнтры паступова ператвараюцца ва ўмацаваныя раннегарадскія паселішчы з вялікай колькасцю рамеснікаў і поліэтнічнымі купецкімі калоніямі. Узнікаюць новыя гандлёвыя асяродкі, а ранейшыя павышаюць свой статус. На ўсходзе ўзмацняе пазіцыі Ладага, а поруч з ёй выходзіць на пярэдні план племянны цэнтр славенаў - Ноўгарад. Ператвараюцца ў важныя гандлёвыя вузлы галоўны горад племені абадрытаў Рэрык, размешчаны каля Вісмарскай бухты, і другі славянскі горад на в.Руген - Ральсвік. У другой палове ІХ ст. будуюцца два славянскія гандлёвыя цэнтры ў вусці Одры-Дзіўны - Волін і Шчэцін. У Даніі, апрача Гэдэбю, паступова ўздымаецца Рыбэ. Губляе сваё значэнне шведскі горад Хэльгё, а эстафету пераймае блізкая да яго Бірка. На в.Готланд узнікае як гандлёвае і рамеснае паселішча Павікен
14. Усталёўваюцца трывалыя марскія маршруты, якія звязвалі паўночны і паўднёвы бераг Балтыйскага мора, а таксама яго заходнюю і ўсходнюю часткі. Здавён існавалі зносіны морам паміж французскімі землямі, Ірландыяй і Англіяй. Даволі рана, не пазней чым у VІІ-VІІІ стст., быў асвоены шлях з Ірландыі ў Дацка-Палабскі рэгіён і ў Швецыю. Адна з самых ранніх трасаў злучала в.Готланд з мацерыковай Швецыяй (у прыватнасці, з Хэльгё) і з даўняй шведска-готландскай калоніяй Гробіні, вядомай ад VІІ да пачатку ІХ ст. і размешчанай на паўнёвабалтыйскім узбярэжжы ў Курляндыі (паблізу сённяшняй Ліепаі ў Латвіі). Для ІХ ст. маем дакладныя пісьмовыя сведчанні пра падарожжы з Дорэстада ў Фрызіі (сёння -Нідэрланды) - старажытнага і важнага гандлёвага цэнтра ў вусці Рэйна, і з дацкага горада Гэдэбю ў шведскую Бірку.
Выява Святавіта, знойдзенная на тэрыторыі Руянаў.
|
На падставе матэрыялаў раскопак можна сцвярджаць, што яшчэ на мяжы VІІІ-ІХ стст. фрызскія купцы дабіраліся і далёка на ўсход - у Ладагу
15. На ўсход кіраваліся і разбойныя набегі вікінгаў. Паводле «Жыцця Ансгара», напісанага ў ІХ ст., у 852 г. дацкія вікінгі напалі на Курляндыю. Крыху пазней на кураў здзейснілі выправу і шведы. Як паведамляе аўтар гэтага твору, Рымберт, сярод вікінгаў ужо былі купцы-хрысціяне
16. Да другой паловы ІХ ст. належыць яшчэ адзін цікавы твор - пераробка «Гісторыі супроць паганцаў» іспанскага манаха Паўла Орозія, зробленая каралём Альфрэдам Вялікім (872-899). У ім пераказваецца апавяданне англасаксонскага падарожніка Вульфстана пра плаванне з Гэдэбю на ўсход да г.Трусо ў вусці Віслы. Карабель, на якім плыў Вульфстан, выйшаў з Гэдэбю і ішоў пад ветразямі ўздоўж паўднёвабалтыйскага ўзбярэжжа - Веонодлянда, заселенага, як паказвае сама назва, славянамі, пакідаючы па левым борце дацкія ўладанні Сконэ (сёння - у паўднёвай Швецыі) і в.Борнгольм, а далей - шведскія астравы Эланд і Готланд. Увесь шлях заняў сем дзён і начэй
17.
Шляхі зносінаў на Балтыцы ў канцы ІХ–першай палове Х ст.
|
Пра шлях уздоўж паўднёвага ўзбярэжжа Балтыкі на ўсход апавядае ў ХІ ст. Адам Брэменскі, але відавочна, што апісаны ім маршрут выкарыстоўваўся значна раней, прынамсі з канца ІХ ст. Храніст піша, што «Дзеля марскога падарожжа неабходна ў Слязвігу (Гэдэбю) ці ў Ольдэнбургу сесці на карабель, каб дабрацца да Юмны (Воліна). Ад гэтага горада за 14 дзён пад ветразем прыходзяць у Ноўгарад на Русі. Сталіца яе - Кіеў, які супернічае з пануючым горадам Канстанцінопалем»
18. Пра марскія падарожжы з Даніі ва ўсходнюю Балтыку апавядаюць таксама скандынаўскія сагі. Адзін з герояў сагаў Эйрык (пач. Х ст.) спачатку выправіўся на ўсход (Austrveg азначае ў апавяданні Усходнюю Еўропу), а затым адтуль у Данію і Фрызію. Гунар пабываў ва Усходняй Прыбалтыцы, а затым накіраваўся ў Данію (каля 972-975 гг.). Карл плаваў з Даніі на Русь і назад (30-я гады ХІ ст.)
19. Хаця самі гэтыя звесткі носяць легендарны характар, яны, безумоўна, абапіраліся на рэальныя факты плавання з Даніі на ўсход Балтыкі альбо ўздоўж паўночнага берага і шведскіх астравоў, альбо, верагодней, уздоўж паўднёвага ўзбярэжжа.
Горад Бірка ў сярэдзіне Х ст. (рэканструкцыя).
|
Самымі крайнімі ўсходнімі пунктамі сеткі марскіх трасаў у Балтыйскім моры былі Ладага і крыху пазней - збудаваны на воз.Ільмень Ноўгарад. Як паведамляе «Аповесць мінулых гадоў», менавіта сюды праходзіў шлях «з варагаў у грэкі», які ішоў «з Грэкаў» па Дняпры: а ў вярхоўях Дняпра быў волак да Ловаці, па Ловаці можна было ўвайсці ў возера Ільмень, з гэтага ж возера выцякаў Волхаў і ўпадаў у вялікае возера Нево (Ладажскае), вусце ж таго возера ўпадала ў Варажскае (Балтыйскае) мора. Адгалінаваннем гэтага шляху была звязаная з Дняпром сістэмай волакаў Заходняя Дзвіна, па якой, згодна з паведамленнем летапісца, можна плыць «у зямлю Варагаў»
20. Праз рачныя сістэмы Ладажскага возера і Ільменя шлях «з варагаў у грэкі» быў злучаны з Волжскай рачной магістраллю, якая вяла ў Волжскую Булгарыю, Хазарскі каганат і да Каспія. Такім чынам, Волга і Днепр звязвалі Балтыку з басейнамі Каспійскага і Чорнага мораў, забяспечваючы сувязі з паўднёвымі краінамі, перш за ўсё, мусульманскімі і Візантыяй. Шлях з «варагаў у грэкі» і Волжскі тракт пачалі актыўна выкарыстоўвацца не пазней за ІХ ст. На тэрыторыі Беларусі да Дняпра праз волакі далучаўся даўні Нёманскі, а, прынамсі, з канца ІХ ст. - Прыпяцка-Бугскі шлях
21. З дапамогай волакаў, відаць, можна было патрапіць з Дняпра ў Віслу і далей у Одру
22.
Галоўным чынам Волжскім трактам і па шляху «з варагаў у грэкі» ад пачатку ІХ ст. на Балтыку пачынае паступаць арабскі (куфічны) дырхем - срэбная манета вагою каля 3-х грамаў. Дырхемы паступова робяцца вельмі хадавой манетаю не толькі на ўсходнеславянскіх землях, але і ва ўсім балтыйскім рэгіёне. Паступленне іх спыняецца толькі пасля 1000 г., а канчаткова - каля сярэдзіны ХІ ст. Знаходкі скарбаў і асобных манетаў дазваляюць скласці ўяўленне пра напрамкі і інтэнсіўнасць гандлёвых сувязяў з выкарыстаннем куфічнага срэбра. На тэрыторыі Усходняй Еўропы, пераважна ўздоўж плыняў рэк, знойдзена больш за 200 скарбаў, якія змяшчалі каля 90 000 дырхемаў канца VІІІ-Х стст.23 На Балтыцы адкрыта больш за 1500 скарбаў з 150 000 арабскіх манетаў24.
Арабскія манеты ІХ–Х стст.
|
У першы, найбольш цікавы для нас, перыяд развіцця гандлёвых адносінаў на Балтыцы ў канцы VІІІ-ІХ стст. ва ўсходнееўрапейскіх краінах знойдзена 82 скарбы куфічных манетаў. На заходнім і паўночным узбярэжжы Балтыкі выяўлена 39 скарбаў, з якіх 8 - на землях палабскіх славянаў, 2 - у Паўночнай Германіі на мяжы з Даніяй, 2 - у Даніі, 13 - у Польшчы, 10 - на в.Готланд і 4 - на іншых шведскіх землях
25. Калі прааналізаваць дынаміку асядання найбольш старажытных скарбаў (да 833 г.) на паўднёва-заходнім і паўночным беразе Балтыйскага мора, то выявіцца, што 5 самых ранніх з іх (канец VІІІ ст.-820 г.) знойдзеныя на землях палабскіх славянаў, у 810-820 гг. 7 скарбаў патрапіла на прыморскія землі Польшчы, у Скандынавію патрапіла толькі 2 скарбы да 820 г. Такім чынам, першае арабскае срэбра пачало паступаць да палабскіх славянаў, затым з 810 г. дырхемы сталі асядаць на Ніжняй Вісле ў Польшчы, дзе, відаць, паўстаў транзітны пункт. Толькі пазней куфічныя манеты пачалі актыўна ўвозіцца ў Скандынавію: спачатку на в.Готланд, затым, з 40-х гадоў, у Данію, і нарэшце на шведскае ўзбярэжжа (з 850 г.)
26.
Галоўным пастаўшчыком куфічнай манеты ў басейн Балтыйскага мора з'яўлялася Усходняя Еўропа, перадусім, усходнеславянскія землі. На тэрыторыі Беларусі даследчыкі фіксуюць некалькі асабліва буйных скарбаў, якія належаць да гэтага перыяду - з Магілёўскай губерні, знойдзены ў 1822 г. і ўхаваны каля 815 г., які змяшчаў 1300 цэлых і некалькі сотняў фрагментаваных дырхемаў27, з Віцебскай губерні, знойдзены ў 1821-1823 гг. і ўхаваны ў ІХ ст., які важыў каля 40 кг і мусіў змяшчаць больш за 10 000 арабскіх манетаў28. У 840 г. быў ухаваны добрынскі скарб, знойдзены ў 1962 г. у Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці. У ім было 527 куфічных дырхемаў і шыйная грыўня, паходжанне якой выводзяць з Балтыкі, найверагодней, з в.Готланда29. Цікава, што прыкладна ў гэты ж час быў ухаваны скарб на тэрыторыі палабскіх славянаў у г.Ральсвіку на в.Руген. У ім было звыш 2200 арабскіх манет і ўломак пермскага бранзалету «глазаўскага» тыпу. Археолагі перакананыя, што манеты і бранзалет былі завезеныя на Руяну-Руген морам са Старой Ладагі30. У Ральсвіку былі знойдзеныя рэшткі двух грузавых і аднаго баявога карабля ІХ-Х стст. Значныя для таго часу памеры караблёў (даўжыня 14; 12,5; 9,5 м) сведчаць пра высокаразвітае мараходства ў руянаў-рутэнаў і пра магчымасць дальніх падарожжаў31.
Самым раннім усходнеславянскім гандлёвым цэнтрам была Старая Ладага. Ужо ў VІІІ ст. тут існавалі бронзаліцейныя, кастарэзныя, шкларобчыя майстэрні, якія працавалі на вываз. Да гэтага часу належаць адкрытыя пры раскопках сяродземнаморскія шкляныя пацеркі, фрызскія разьбяныя вырабы з косці, некаторыя рэчы і інструменты паўночнага тыпу. Прыкладна 840 г. датуюцца знойдзеныя тут палачка з рунічным надпісам, скандынаўскія культавыя прадметы32. Другі найбуйнейшы ўсходнеславянскі археалагічны комплекс, які сведчыць пра раннія кантакты з Заходняй Балтыкай, размешчаны на тэрыторыі смаленскіх крывічоў у Гнёздаве. Тут фіксуюцца «варажскія» пахаванні першай паловы ІХ ст. са спальваннем у ладдзі. Да гэтага ж часу належаць меч, грыўня з малаточкамі Тора, дзіда з «гатычным» арнаментам. Скандынаўскія рэчы знойдзеныя ў 17 гнёздаўскіх курганах. Але ў Гнёздаве адкрыты таксама цэлы шэраг рэчаў, якія лічаць «гібрыднымі», славяна-германскімі33. На Смаленшчыне зробленая яшчэ адна унікальная знаходка: у скарбе, адкапаным каля в.Кіслая, разам з арабскім дырхемамі быў ухаваны дацкі паўбрактэат з Гэдэбю, выбіты каля 825 г. Знаходкі паўбрактэатаў гэтага часу выключна рэдкія для ўсёй Еўропы. Археолагі выказваюць меркаванне, што манета паступіла сюды па Дзвінскаму шляху з рэгіёну славяна-скандынаўскіх кантактаў у Заходняй Балтыцы34.
Рэшткі і рэканструкцыя славянскага карабля з ІХ ст., знойдзенага пад Ральсвікам на в. Руген.
|
Усталяванне шляхоў зносінаў і фармаванне гандлёва-прамысловых цэнтраў істотным чынам уплывала на развіццё культуры народаў балтыйскага абшару, а таксама спрыяла пашырэнню хрысціянства. Хрысціянізацыйныя акцыі кіраваліся ўздоўж гандлёвых шляхоў і закраналі ў першую чаргу значныя гаспадарчыя цэнтры. Хрысціянскія місіянеры ішлі разам з купецкімі выправамі. Нярэдка самі купцы былі носьбітамі хрысціянства. Першымі святло Слова Божага неслі да паганскіх плямёнаў Балтыкі ірландцы. З канца VІІІ ст. свой унёсак у хрысціянізацыю рэгіёна маглі зрабіць фрызскія купцы і рамеснікі, якія асядалі ў вузлавых пунктах эканамічных сувязяў. З другой паловы ІХ ст. хрысціянскія ўплывы пачалі пашырацца з Даніі.
Датчане і славяне: супольнасць лёсу
На паўднёва-заходнім узбярэжжы Балтыйскага мора ўзаемадзеянне мясцовых славянскіх плямёнаў з германскімі пачалося з найстаражытнейшых часоў. Найбольш інтэнсіўнымі былі кантакты з датчанамі. У іх удзельнічалі ўсе тры самыя магутныя племянныя аб'яднанні палабскіх славянаў: руяне-ругі, вільцы-люцічы і абадрыты. Найбліжэйшай тэрытарыяльна да Даніі была племянная групоўка абадрытаў, якая складалася з чатырох плямёнаў - палабаў, уласна абадрытаў, ваграў і варнаў (варнаваў)35. Найбольшую актыўнасць у марскім гандлі і сувязях са скандынавамі выяўлялі ў VІІІ-ІХ стст. наступныя славянскія рэгіёны і гарады. Перш за ўсё, Вагрыя з прыморскім гандлёвым цэнтрам Ольдэнбург (па славянску - Старыгард). Ваграм належаў і блізкі да ўзбярэжжа в.Фэмарн з г.Путгардэн. Вялікую ролю адыгрывала ўласна зямля абадрытаў ля Вісмарскай бухты з галоўным горадам Мекленбург (у арабскіх крыніцах - Веліград). Датчане называлі горад Рэрыкам, а абадрытаў рэрэгамі (хутчэй за ўсё, не ад ст.-ісл. Reyrr - «чарот», а ад татэмнага сімвала абадрытаў рарэга-сокала). Найважнейшым асяродкам трансбалтыйскага гандлю і зносінаў са скандынавамі, перадусім, датчанамі, быў в.Руген (па славянску Руяна, Руян, Рана) з размешчаным на ім культавым горадам Арконаю і прыморскім гандлёвым цэнтрам Ральсвік. Зямля вільцаў-люцічаў у вусці р.Пены была звязаная з морам праз сваё гандлёвае места Менцлін. Насупраць яго праз лагуну, на ўсходнім беразе вусця Одры, ляжаў знакаміты горад паморскіх славянаў Волін. Галоўным культавым цэнтрам вільцаў-люцічаў быў г.Рэтра. Менш заўважны ў кантактах са скандынавамі і ў балтыйскім гандлі ўнёсак варнаў, але знаходкі ў ніжніх плынях р.Варнава пад Фрэзендорфам, сведчаць што ён быў36.
Плямёны паўднёвага ўзбярэжжа Балтыйскага мора ў ІХ–Х стст.
|
Узаемадзеянне датчанаў з палабскімі славянамі выяўлялася не толькі ў абмене і гандлі натуральнымі прадуктамі ды рамеснымі вырабамі, але і ў заснаванні паселішчаў і калоній на землях адзін аднаго, у вайсковых саюзах і службе ў княскіх дружынах, дынастычных шлюбах, агульных рэлігійных абрадах ды інш. Так, раннія скандынаўскія паселішчы VІІІ-ІХ стст., хутчэй за ўсё дацкія, былі выяўленыя на астравах Руген і Фэмарн, у г.Менцлін, у нізоўях р.Варнаў і каля г.Ольдэнбурга
37. У сваю чаргу на паўднёвых дацкіх астравах Лёлянд і Фальстэр з ІХ ст. існавалі славянскія паселішчы, на што апрача археалагічных дадзеных указваюць назвы населеных пунктаў з суфіксам -itze, які паходзіць ад славянскага -ice
38. У Х ст. славяне сяліліся таксама ў дацкім рэгіёне Сконэ (сёння - паўднёвае ўзбярэжжа Швецыі)
39.
Важнае месца займаюць палабскія славяне ў легендарнай гісторыі Даніі, выкладзенай паводле старажытных сагаў Саксам Граматыкам у ягоных «Дзеях датчанаў» (к. 1150-к. 1220). Амаль сучаснікам скандынаўскага боства Одына, дакладней ягонага сына Бальдэра, выступае славянскі князь Скалк. Ён ваяваў з дацкім правадыром Гэльгам, які аднак перамог яго і наклаў на славянскую зямлю цяжкую даніну. Але славяне не змірыліся з гэтым і выбухнула другая вайна, якую з боку датчанаў вёў кароль Рорык. У трэцяй вайне змагаліся між сабою кароль Фрота і славянскі князь Струніка. Фрота пазабіваў шмат каго са славянскіх правадыроў, а астатнія дапамагалі яму ў вайне супроць ворагаў Даніі. Славянскі князь Він быў саюзнікам знакамітага Старкатэра ў баявых дзеяннях супроць кураў, самбаў ды іншых народаў на ўсходзе. Вяртаючыся назад, яны апынуліся ў польскім памор'і і перамаглі мясцовага ваяра Вальцэ.
Паводле Сакса Граматыка, яшчэ ў канцы VІІ ст. дацкі кароль Гаральд Гільдэтанд прыняў у сваю дружыну славянскіх князёў Дука і Даля, вядомых сваёй адвагаю. Славянскія ваяры бралі ўдзел у дацкіх дружынах і пазней. Кароль заснаваў недзе на мяжы са славянамі загадкавую дзяржаву Рэйдготыю, якая прымыкала да Віндлянду (зямлі славянаў). Віндлянд падпарадкоўваўся рэйдгоцкай дзяржаве. Падобнае на гістарычную быль паданне пра бітву датчанаў у саюзе са славянамі супроць шведаў і нарвежцаў. Асабліва магутнаю ў славянскім войску была дзева-ваярка Вісна, якая несла сцяг дацкага войска і вяла за сабою шыхты славянаў, узброеных маленькімі круглымі шчытамі і доўгімі мячамі. У змаганні яны закідалі шчыт за спіну і кідаліся на ворага з адным мечам, падстаўляючы цела на раны. Калі дацкае войска пацярпела паразу, славяне выступілі супроць датчанаў, перамаглі караля Сіварда і захапілі ўсю Данію. Толькі сыну Сіварда Ярмерыку ўдалося вызваліць сваю бацькаўшчыну. Кароль Рангар Лодброк, жыццё якога сагі адносяць да VІІІ ст., зноў падпарадкаваў сабе славянаў і панаваў над Рэйдготыяй і Віндляндам40.
З пачатку ІХ ст. дачыненні славянаў з датчанамі фіксуюцца ў дакументах і нямецкіх хроніках. Згодна з імі, у 808 г. датчане ў саюзе з вільцамі-люцічамі ваявалі супроць Карла Вялікага і ягоных саюзнікаў абадрытаў41. Пад час міжусобіцы ў змаганні за вярхоўную ўладу ў Даніі пасля забойства караля Годфрэда (810 г.) і смерці ягонага наступніка Хэмінга ў 811 г. дзеці аднаго з прэтэндэнтаў на пасад нейкі час хаваліся ў абадрытаў. У 817 г. абыдрыты і датчане разам выступілі на немцаў. Сумесныя вайсковыя дзеянні, накіраваныя на нямецкія землі разам з абадрытамі, а магчыма, і з іншымі палабскімі славянамі, датчане наладжвалі таксама ў 838, у 845 гг., калі дашчэнту быў зруйнаваны Гамбург, і ў пазнейшыя часы42. Пры каралі Горме ІІ (899-936) датчане з дапамогай славянаў спусташалі землі саксаў43. У «Сазе пра ёмсвікінгаў» славянскі флот узаемадзейнічаў з дацкім44.
Кераміка торнаўскага (справа) і фэльдбэргерскага (унізе) тыпаў.
|
|
На працягу ІХ-Х стст. датчане і славяне разам супрацьстаялі нямецкай экспансіі. У час агульнага паўстання палабскіх славянаў супроць немцаў у 983 г. склаўся больш цесны абадрыцка-дацкі саюз. Ён быў змацаваны дынастычным шлюбам: дацкі кароль Гаральд Сінязубы (936-986) узяў сабе ў жонкі дачку абадрыцкага князя Мсцівоя, унук якога князь Готшалк (1031-1066) у сваю чаргу ажаніўся з дацкай прынцэсай
45. Сам Готшалк на выгнанні нейкі час жыў у Даніі, а Гаральд Сінязубы, ратуючыся ад сына, знайшоў прытулак у славянскім Воліне
46. Абадрыты, здаецца, былі даволі магутнай племянной групоўкай, з якою мусілі лічыцца суседзі. Менавіта таму пры канфліктных сітуацыях іх імкнуліся перацягнуць на свой бок то немцы, то датчане. Скандынаўскія рэчы, знойдзеныя пры раскопках у месцах рэзідэнцыяў палабскіх князёў
47, і пісьмовыя крыніцы сведчаць пра знаходжанне вікінгаў, у т.л. дацкіх, у славянскіх дружынах
48. Існавалі ўзаемасувязі і ў культавай сферы. Вядома, што руянскае божышча Святавіта шанавалі не толькі палабскія славяне, але і дацкія ўладары
49.
Зрэшты, дацка-славянскія адносіны далёка не заўсёды былі мірнымі. Нярэдка суседзі рабавалі і спусташалі землі адзін аднаго, бралі палонных, накладалі даніну альбо нейкі час утрымлівалі захопленыя тэрыторыі. Ваенная актыўнасць датчанаў асабліва ўзрасла з канца VІІІ ст., калі іхнія марскія напады паклалі пачатак так званай «эпосе вікінгаў» ці «нарманаў», пад якімі разумеюць датчанаў, шведаў і нарвежцаў. Данія ў гэтых набегах займала першаступеннае месца, паколькі мела найлепшы флот. Датчане, напрыклад, разглядаючы абадрыцкі Мекленбург-Рэрык як небяспечнага канкурэнта ў марскім гандлі, у 808 г. разрабавалі яго і вывезлі да сябе калонію паселеных там купцоў50. Кароль Готфрэд (803-810), пры якім адбыўся гэты напад, абклаў абадрытаў данінаю51. На пачатку 30-х гадоў ІХ ст. дацкія вікінгі «падпарадкавалі сабе... славянаў і фрызаў»52. На 840-я гады прыпадае дацкая выправа на нейкую «аддаленую крэпасць зямлі славянаў»53. Праз некалькі гадоў славяне зноў былі абкладзеныя данінаю.
У выніку ўзмацнення ў другой палове ІХ ст. немцаў набегі датчанаў сталі радзейшымі. Тым не менш, дацкія выправы змушалі палабскіх славянаў больш увагі надаваць абароне гарадоў, будаваць умацаванні і развіваць флот. Славяне таксама нярэдка, у т.л. і морам, вырушалі супроць Даніі і, часам, падпарадкоўвалі яе землі. Побач з гандлёвымі рэйсамі і ваеннымі выправамі яшчэ адной сферай дзейнасці насельніцтва прыморскіх гарадоў палабскага рэгіёну было пірацтва54.
- Булкин В.А., Зоценко В.Н. Среднее Поднепровье и Неманско-Днепровский путь IХ-ХI вв. // Проблемы археологии Южной Руси. Материалы историко-археологического семинара «Чернигов и его округа в IХ-ХIII вв.» Чернигов, 26-28 сентября 1988 г. Киев, 1990. С. 118.
- Тамсама. С. 123.
- Херрманн Й. Славяне и норманны в ранней истории Балтийского региона // Славяне и скандинавы. М., 1986. С. 21.
- Kiernowski R. Kilka uwag o znaleziskach monet wczesnośredniowiecznych z Połabia // Slavia antiqua. T. VIII. 1961. S. 169.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 77.
- Тамсама. С. 29-30.
- Herrmann. Zu den Kulturgeschichtliche Wurzeln und zur historischen Rolle Nordwestslawischer Tempel des frьhen Mittelalters //Slovenskб archeolуgia. Roи. XXVI, 1978. S. 26-27.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 60.
- Тамсама. С. 29.
- Тамсама. С. 59-60; Strzelczyk J. Iroszkoci w kulturze średniowiecznej Europy. Warszawa, 1987. S. 191, 196.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 60.
- Тамсама. С. 21.
- Тамсама. С. 60.
- Тамсама. С. 60, 78.
- Тамсама. С. 38, 58-61.
- Тамсама. С. 48; Г.Ловмяньский. Рорик Фрисландский и Рюрик Новгородский // Скандинавский сборник. Вып.7. С. 241.
- Матузова В.И. Английские средневековые источники. М., 1979. С. 25-26.
- Свердлов М.Б. Сведения скандинавов о географии Восточной Европы // История географических знаний и открытий на Севере Европы. Л., 1973. С. 50.
- Тамсама. С. 49.
- Повесть временных лет. Ч. 1. М., 1950. С. 3.
- Перхаўка В.Б. Шляхі гандлёвыя // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993. С. 656.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 41.
- Потин В.М. Русско-скандинавские связи по нумизматическим данным (IХ-ХII вв.) // Исторические связи Скандинавии и России. Л., 1970. С. 68-69.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 82.
- Кропоткин В.В. О топографии кладов куфических монет IХ в. в Восточной Европе // Древняя Русь и славяне. М., 1978. С. 112-115; Іншыя колькасныя дадзеныя па скарбах на ўсходнееўрапейскім абшары, у Польшчы і ў палабскіх славянаў падаюцца ў: Фомин А.В. Начало распространения куфических монет в районе Балтики // Краткие сообщения Института археологии АН СССР. Вып. 171. 1982. С. 16-21; Потин В.М. Русско-скандинавские связи... С. 66-72; Kiernowski R. Kilka uwag o znaleziskach... S. 160.
- Фомин А.В. Начало распространения... С. 18-20.
- Рабцэвіч В.Н.. Магілёўскія манетныя скарбы // Археалогія і нумізматыка... С. 387.
- Потин В.М. Русско-скандинавские связи... С. 68.
- Рабцэвіч В.Н.. Добрынскі манетна-рэчавы скарб // Археалогія і нумізматыка... С. 228.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 80-82, 101.
- Тамсама. С. 90-94, 97.
- Кирпичников А.Н., Дубов И.В., Лебедев Г.С. Русь и варяги (русско-скандинавские отношения домонгольского времени) // Славяне и скандинавы. С. 192-193.
- Тамсама. С. 223-225.
- Тамсама. С. 222.
- Херрманн Й. Ободриты, лютичи, руяне // Славяне и скандинавы. С. 339.
- Тамсама. С. 338-339, 344-353.
- Тамсама. С. 347-352.
- Либготт Н.-К. Керамика - свидетельство связей со славянским побережьем // Славяне и скандинавы. С. 143.
- Гильфердинг А. Собрание сочинений. Т. 4. История балтийских славян. Спб., 1874. С. 26-27.
- Тамсама. С. 45-50.
- Павинский А. Полабские славяне. Спб., 1871. С.31.
- Гильфердинг А. Собрание сочинений. Т. 4. С. 285, 287, 295, 298.
- Гельмольд. Славянская хроника. М., 1963. С. 48.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 92.
- Херрманн Й. Ободриты, лютичи ... С. 343.
- Гельмольд. Славянская хроника. С. 62, 72.
- Херрманн Й. Ободриты, лютичи ... С. 346-349, 352-355.
- Из «Саги о йомских витязях» // Откуда есть пошла Русская земля. Кн. 2. М., 1986. С. 610-626.
- Из «Деяний данов» Саксона Грамматика // Откуда есть пошла... С. 608.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 64.
- Гельмольд. Славянская хроника. С. 40.
- Тамсама. С. 42.
- Херрманн Й. Славяне и норманны... С. 47-48.
- Гельмольд. Славянская хроника. С. 38, 187; Гильфердинг А. Собрание сочинений. Т. 4. С. 26.