|
|
№
2(12)/2000
На кніжнай паліцы
Да Юбілею 2000 Года
Рэха пілігрымкі
Мастацтва
Кантрапункт
Паэзія
Нашы святыні
Постаці
Проза
|
Да хвалы Алтароў Выпрабаванні высокія і найцяжэйшыя вызначае Пан Бог - лепшым і абраным. Каб пакутамі сваімі яны садзейнічалі нясенню Крыжа ў яго збаўчым значэнні і сэнсе. І абраныя здзяйсняюць Высокую Волю. І бяруць на сябе хваробы і цяжкасці нашага недасканалага свету. Гэта тыя, кім трымаецца грэшны свет, што загразнуў у войнах, забойствах, ашуканстве, распусце. Святыя... Што ішлі за Хрыстом яшчэ ў сваім зямным жыцці, здзяйсняючы ўчынкі на хвалу Божую і прыносячы ў ахвяру саміх сябе. Святыя... Тыя, да каго звяртаемся мы ў сваіх малітвах... ...Святасць нельга даследаваць, нельга спазнаць, даведацца, што ёсць Mysterium tremendum... Але адчуць багавейнасць цуду, уславіць святых, узнесеных да хвалы Алтароў, мы імкнемся. Тым больш, калі гэты цуд адбыўся не недзе там, далёка, а вось тут, на нашай зямлі. Тут была прынесена высокая Ахвяра. Законніцы, назарэтанкі... Яны аддалі сваё жыццё дзеля жыцця многіх. Жыхароў Наваградка. І 5 сакавіка 2000 года 11 законніц былі вынесеныя да Хвалы Алтароў, адбылася іх беатыфікацыя ў Апостальскай Сталіцы. «Я ўславіў Цябе на зямлі: завяршыў справу, што Ты даў Мне зрабіць» (Ян 17, 4). Так магла б сказаць кожная з 11 сясцёр з супольнасці Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта, што былі расстраляныя фашыстамі 1 жніўня 1943 года паблізу Наваградка. А ў сваіх малітвах яны прасілі: «Божа, калі патрэбна гэтая ахвяра, няхай лепей нас расстраляюць, а не тых, хто мае сем'і - молімся аб гэтым». На тую пару ў вязніцы знаходзілася 120 чалавек, асуджаных на расстрэл. Паўставала пагроза і жыццю адзінага на той момант святара ў горадзе, ксяндза Аляксандра Зянкевіча. Сястра Стэла, якая выконвала абавязкі маці-абатысы, звярталася з малітвай ад імя ўсіх сясцёр: «Мой Божа, святар больш неабходны, чым мы, на гэтым свеце, дык молімся цяпер, каб Бог забраў лепей нас, чым ксяндза, калі ёсць патрэба ў новай ахвяры». ...Ахвяра сясцёр змяніла ход зямных падзей: выратавала і вязняў - усе перажылі вайну, - і ксяндза. Сёстры Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта з'явіліся ў Наваградку ў 1929 годзе па запрашэнні біскупа Зыгмунта Лазінскага, каб апекавацца касцёлам Перамянення Пана - так званай Белай Фарай - і каб прысвяціць сябе выхаванню і адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта было прызначэннем сясцёр. Тых, што замацавалі сваю вернасць Хрысту крывёю. Што спазналі асноўнае ў сабе. Хто ж яны? С.М. Стэла ад Найсвяцейшага Сакрамэнту (Адэля Мардасевіч). Па адукацыі - настаўніца. Глыбокая вера, дабрачыннасць, адухоўленасць, імкненне дапамагчы бліжнім сваім вызначалі яе вышэйшую прадвызначанасць як нявесты Хрыстовай. С.М. Імэльда ад Езуса Гостыі (Ядвіга Караліна Жак). Таксама настаўніца. Займалася з міністрантамі ў касцёле, яны згадвалі пра яе як пра надзвычай добразычлівую, нібыта асветленую нейкім унутраным святлом. С.М. Раймонда ад Езуса і Марыі (Ганна Какаловіч). Хваравітая, яна цяжка пакутавала ад артрыту, але была выпрабаваная цярпеннем. «Вольны ад хатніх, гаспадарчых абавязкаў час праводзіла ў капліцы ля ног Езуса, утоенага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце», - так сведчаць пра яе. С.М. Даніэля ад Езуса і Марыі Беззаганнай (Элеанора Анэля Юзвік). Усё рабіла з мяккай пакорай, найбольш апекавалася дзецьмі, асабліва ўбогімі. С.М.Канута ад Пана Езуса ў Садзе (Юзэфа Хробат). Гісторыя яе паклікання была незвычайная. Пра кансэкраванае жыццё ніколі не мела думак. Бацькі збіраліся выдаць яе замуж. Але ў сне Юзэфа Хробат пачула голас: «Не выходзь за Станіслава, твой Абраннік чакае цябе ў Гародні і як шлюбны падарунак дасць табе чырвоную сукенку». І ў 1921 годзе яна была прынятая ў супольнасць назарэтанак. Як усе сцвярджаюць, сястра С.М. Канута мела дар сузіральнай, кантэмпляцыйнай малітвы. Дзівілася ў гаворках з сёстрамі, што сон не цалкам спраўдзіўся - мела на ўвазе «чырвоную сукенку». Ажно спраўдзілася і гэтае наканаванне... С.М. Сергія ад Маці Божай Пакутнай (Юлія Рапей). Прынятая ў супольнасць у 1922 годзе, распачала навіцыяцкую фармацыю ў Гародні, а потым разам з іншымі сёстрамі была накіраваная ў Амерыку. Калі яна, пасля вечных шлюбаў, збіралася вярнуцца на радзіму, сёстры з Філадэльфіі спрабавалі затрымаць яе: пагроза другой сусветнай вайны ўжо відавочна навісла над Еўропай. Аднак сястра Сергія адказвала, што «не баіцца..., бо не мае нічога, што магла б даць Пану Езусу за Яго Любоў, а таму прагне аддаць Яму сваё жыццё і не баіц- ца пакутніцтва». Ці не было тут таксама містычнага адчування сваёй вызначанасці, як і ў сястры Кануты? С.М. Гвідона ад Міласэрнасці Божай (Алена Церпка). Заўсёды поўная весялосці і радасці, адданая малітве і працы. Бачыла ў ахвяраванні чыстае і яснае святло даверу да Пана Бога, вышэйшую магчымасць спраўдзіць абранасць Богам. ...Сярод сясцёр-пакутніц чацвёра мелі часовыя шлюбы. Самая маладая, 1916 года нараджэння, сястра С.М. Барамея (Вераніка Нармантовіч) у супольнасць уступіла ў 1936 годзе ў Гародні і, атрымаўшы навіцыяцкую фармацыю, склала першыя шлюбы 5 жніўня 1939 года. Неўзабаве прыехала ў Наваградак. Вытанчаная, таямнічая, замкнёная, увесь час у малітве, тымчасам яна, па сведчаннях, адчувала крызіс паклікання і атрымала гэты высокі дар - пакутніцтва - як знак пераадолення часовай слабасці. Тры іншыя сястры не склалі вечныя шлюбы з-за вайны. С.М. Феліцыта (Паўліна Баравік) склала першыя шлюбы пасля навіцыяту ў Гародні ў 1935 годзе і адразу прыехала ў Наваградак. Ціхая, нясмелая, худзенькая, але вельмі працавітая, яна мела любоў і павагу ўсіх, хто з ёю сутыкаўся. С.М. Халіадора (Леакадзія Матукоўская) была прынятая ў супольнасць у 1933 годзе, пасля атрымання навіцыяцкай фармацыі ў Гародні склала першыя шлюбы і выехала ў Наваградак. Народжаная ў Старой Гуце, скончыла чатыры класы нямецкай агульнаадукацыйнай школы. Шчырая, шчодрая, яна атрымлівала сапраўдную радасць ад служэння на карысць іншым. С.М.Каніцыя (Яўгенія Мацкевіч) уступіла ў супольнасць назарэтанак у сталым узросце, у 30 гадоў, у 1933 годзе. Першыя шлюбы склала ў 1936 годзе. Працавала настаўніцай. Імкнулася малітвай і асабістым сведчаннем перадаць дзецям тое, што было асновай супольнасці назарэтанак: пашырэнне «Валадарства Божай Любові». Ахвяра сёстраў - іх смерць - была добраахвотным выкупленнем за жыццё іншых, была сведчаннем веры ў Бога сярод панавання нянавісці і злачынства. Іх ахвяра - напамін пра існаванне Боскага Быцця, поўнае здзяйсненне харызмату супольнасці, узор моцы Духа Святога... Sic Fata tulere (voluerunt)
Белая Фара доўгія паваенныя гады, ажно да 100-х угодкаў з дня смерці Адама Міцкевіча ў 1955 годзе, не мела святара, не правіліся тут і набажэнствы. Аднак дзверы касцёла былі заўсёды адчыненыя. Парафіяне ішлі да святыні, якую даглядала, ахоўвала, ратавала сястра Малгажата. Яна жыла пры касцёле, не адзін і не два гады - у муры. Пазней прыняла пакуты цяжкой хваробы - раку лёгкіх. Ёй дапамагалі многія вернікі, найперш пані Магда Жукоўская і сёстры (не законніцы, сёстры паводле нараджэння) Жыжылеўскія. У хаце Жыжылеўскіх пазней, як адчынілі святыню, жылі сястра Малгажата і пробашчы Белай Фары. Усё гэта згадваю не з нейчых слоў, не паводле якіхсьці сведчанняў: сястру Малгажату добра ведала - быў такі дарунак Лёсу. Не было ў нас школкі пры касцёле, не было заняткаў катэхізісам... Афіцыйна панаваў атэізм. Але толькі афіцыйна... Душа загадаў і дырэктываў не прымае. Забараніць веру ў Бога было нельга. І нельга было пазбавіць нас, дзятву, моладзь, высокага ўплыву Касцёла, хрысціянства. Высокага ўплыву сястры Малгажаты. Адчування яе духоўнага дару. Яе малітоўнага заступніцтва за нас. Яе падзвіжніцкага жыцця, што выяўлялася нібыта і незаўважна. Яна паглыблялася ў малітвы... Яна не ведала «хлеба ляноты». У касцёле заўсёды было так чыста, як павінна быць у святыні, увесь час там стаялі кветкі, якія вырошчвала сама сястра Малгажата... Калі яна прыносіла ў нашу хату трускалкі, дык па ўсім было відавочна, што гэта дар Божы - твор мастацтва: ружова-чырвоныя ягады, абкладзеныя зялёным лістом у прыгожым парцалянавым кошыку. Калі я пазней прыязджала з Мінска на вакацыі ці ў адпачынак, мяне заўсёды чакаў букет ад сястры Малгажаты: летам - ліліі і гладыёлусы, увосень і зімою - хрызантэмы. І я ехала, з радасцю купляючы нейкія прысмакі для сястры-назарэтанкі, а калі яна захварэла - цытрыны, лекі... ...Сястра Малгажата была жывой сведкай веры, якую імкнуліся бараніць вернікі, змагаючыся за лёс Белай Фары. Неаднойчы мая маці, адвакат, заседжвалася да глыбокай ночы з пані Магдай Жукоўскай, складаючы петыцыі да ўладаў з просьбамі адчыніць касцёл... Аднак - ці было б што адчыняць, каб не сястра Малгажата, каб не яе шматгадовы подзвіг аховы касцёла і таго святога месца пры ім, месца вечнага спачыну яе сясцёр у Хрысце. ...А ў касцёле і каля яго адчуваліся нейкія вышэйшыя магчымасці Быцця, непрыкметна адчынялася таямніца першаіснаснай тоеснасці Праўды і Любові. Мне пашчасціла жыць каля святыні і аўра яе наваколля была неад'емнай ад існавання. Маіх землякоў. І майго. Ad limini Apostolorum
...Тры аўтобусы, тры аўтакары - пілігрымы з Гродзенскай дыяцэзіі (два з Гародні, адзін - з Наваградка). Для мяне пілігрымка атрымалася даўжэйшай, як для іншых. І ў гэтым бачыцца таксама асобы Знак - для малітоўнага роздуму на самоце, для падрыхтоўкі да Падзеі... 28 лютага мы, пасля Святой Імшы, з біскупскага благаславення, выпраўляемся ad limini Apostolorum - да Апостальскіх парогаў. Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоні Дзям'янка развітваецца з намі да Рыма і дае благаславенне на дарогу нашым душпастырам: ксяндзу Яраславу Грынашкевічу (ён апякуецца ўсімі аўтакарамі, ці, больш правільна, - усімі пілігрымамі), ксяндзу Аляксандру Сасноўскаму (з наваградскай Белай Фары), айцу-кармеліту Казіміру Мароўскаму, айцу-францішканіну Славаміру Дандэрскаму і ксяндзу Алегу Шпену. Айцец Казімір правіць душпастырскі абавязак у нашым аўтобусе, яму дапамагае ксёндз Алег. Праграма пілігрымкі - насычаная, прадуманая. Непакалянаў, Чэнстахова, Венецыя, Анкона, Ларэта, Асізі, Рым (мы трапілі яшчэ і ў незапланаваную Падую - тым не менш вельмі важную для нас). ...У пілігрымку выправіліся розныя людзі, аднак - відавочна - шмат моладзі, у тым ліку студэнцкай, ёсць людзі вельмі сталага ўзросту, тыя, хто памятае 11 сясцёр назарэтанак і сястру Малгажату (напрыклад, пані Зося з Наваградка). Едуць людзі з рознай адукацыяй, рознага жыццёвага вопыту, розных поглядаў, але ўсіх аб'ядноўвае вера «ў Бога Айца Усемагутнага, у Дух Святы, святы каталіцкі Касцёл...». У нашым наваградскім аўтобусе едуць тры маці сённяшніх сясцёр-назарэтанак: пані Святлана, пані Гражына, пані Валянціна. Пані Святлана Стасюкевіч, маці сястры Таццяны, сядзіць у аўтобусе якраз за мной і нельга не заўважыць яе сапраўды хрысціянскую добразычлівасць, імкненне ўсім дапамагчы... Калі ж у нашым аўтобусе спеўна чуецца «Чарна мадонна», дык гэта адметны голас пані Стэфы з Гародні. ...Малітвы. Малітоўныя спевы... Не паспяваем азірнуцца - Непакалянаў. Музей святога Максіміліяна Кольбэ, што, як і сёстры-назарэтанкі, даказаў: чалавек ёсць «нехта» цэнны, вялікі, незнішчальны ў сваім служэнні іншым, у служэнні Богу, пра веліч Якога і Яго Маці сведчыць цнатлівае хараство базылікі ў Непакалянаве і непараўнаная веліч святыні Яснай Гары ў Чэнстахове з цудадзейным абразом Маці Божай. ...З Божага благаславення мы без усякіх прыгодаў і нягодаў праязджаем праз Чэхію, Аўстрыю, Альпы і ўраніцы 1 сакавіка апынаемся ў Венецыі. Царыца лагунаў Імжыць дожджык. Шэрань, якую адны ўспрымаюць як абразу свайму ўяўленню пра горад чараў, горад-цуд, іншыя - як нармальнае надвор'е гэтай пары года, трэція - проста не задумваюцца над тым. Невялічкі параходзік - vaporetto - імчыць нас да акваторыі Сан-Марка. За бортам - вада лагуны. І разумееш, адкуль гэтая назва фарбы - аквамарын, і чаму - mare adzurra - блакітнае мора. А вось і знакамітыя дамы на дзесятках тысяч паляў з левантыйскага дрэва, дзе драўляны ростверк (ніжнюю частку забудовы) пакрывае суцэльная забутка з камення. Знаёмая да драбніцаў плошча святога Марка, палац Дожаў, святыня Сан-Марка... Ламбардскія, тасканскія, візантыйскія культуровыя ўплывы, як і ўвогуле ў Венецыі. Знакаміты сабор Сан-Марка - пяціаркавы фасад, нібыта незвычайная тэатральная дэкарацыя, пяць купалаў. Побач - стометровая кампаніла - званіца. Менавіта тут, у святыні ў гонар евангеліста святога Марка, астанкі якога, паводле падання, венецыянскія марынары выкралі з Александрыйскага кляштара, мы ўдзельнічаем у Святой Імшы... ...Толькі некалькі гадзін у Венецыі... Аднак нельга не дзівіцца гэтаму перастворанаму ў камені, вадзе, прасторы натхненню Боскаму. Згадваю былую веліч і непрамінальнае хараство Венецыі. Царыцы лагунаў... Пра кожны з нашых пілігрымскіх прыстанкаў можна ствараць асобнае эсэ: паводле таго, што чыталася, уяўлялася, перажывалася раней і ўрэшце з'явілася віда-вочна, малітоўна асэнсавалася ў Боскай рэальнасці і Праўдзе. Подзвіг веры Падова... Як гэта арганна-велічна гучыць па-італьянску. Падва - у польскай, Падуя - у нашай інтэрпрэтацыі. Плошча Вітторыо Эмануэле са статуямі знакамітых людзей. Базыліка з трыма навамі і сямю купаламі - бажніца святога Антонія. Для выяўленчага аповеду пра чалавека, якога слухалі і разумелі нават рыбы, былі запрошаныя самыя таленавітыя майстры. На фасадзе - фрэска Мантэньі, у алтары - бронзавы барэльеф працы Данатэлла, у капэле дэль Санта - мармуровыя барэльефы Антоніа і Туліа Ламбардзі і Сансавіна; у знакамітым араторыі Сан-Джорджа - 16 фрэсак Тыцыяна і яго вучняў... Былы законнік-аўгусцінец, «цудоўны сасуд Духа Святога», Антоній так вызнаў навернуты лад быцця Францішка з Асізі, што перайшоў у закон францішканаў, а святы Францішак называў Антонія з Падуі сваім біскупам і лічыў адным з вучняў-выбранцаў. Усё гэта і многае іншае згадваецца, калі разглядаеш створанае вялікімі мастакамі ў Падуі і ў Асізі, дзе на фрэсках вялікага Джотта святы Францішак чытае казанне птушкам, бярэ шлюб з бядотай, нішчымніцай: у выглядзе прыгожай, але змарнелай жанчыны ў лахманах; выганяе нячысцікаў з горада... І дзівішся неверагодна яснаму, радаснаму каларыту: вялікі мастак Протарэнесансу дасягаў гэтага эфекту, наносячы першапачаткова малюнак чырвоным на груба атынкаваную сцяну, потым - слой старанна вырабленай тынкоўкі, урэшце - прамалёўваў лёгкімі штрыхамі вохры першапачатковыя абрысы, потым ствараў на мокрым грунце дэталі - арнаменты, архітэктура, пейзаж, - і, заканчваючы, прапісваў сюжэт па-сухому, па-сухому накладваючы і сіні колер, надзвычай глыбокі, адкрыты, ясны. Ружовае, блакітнае, белае, залацістае - нібыта адчуваеш светлую квецень францішканства (знакамітыя «Fioretti» - «Кветачкі»). Уражанне гэтае падмацоўваецца і яркай зелянінай лугавіны, якую відаць праз шырока расчыненыя дзверы бажніцы - дзень ясны, сонечны, нібыта асвечаны Боскаю Ласкаю. Хаця адзін з даследчыкаў святога Францішка новай хвалі - Ергенсэн - раіць прыслухацца да слоў законніка-францішканіна, які сцвярджае, што ўсё, спасцігнутае пілігрымамі ў Асізі, толькі расквітнелае францішканства, глыбокія ж карані яго, тыя бездані, з глыбіняў якіх яно звяртаецца да Бога, можна адчуць, толькі наведаўшы Алверна, высока ў гарах, дзе на самоце, у добраахвотнай скрайняй аскезе, высноўваўся подзвіг веры святога Францішка. Madonna Macerata ...Хрысціянская культуровая спадчына - помнік трыумфавання чалавецтва перад нябесным Валадаром і Збаўцам. Высокія імгненні... ...А паміж Падуяй і Асізі былі Анкона і Ларэта. Анкона, дзе 2 сакавіка правілася незабыўная Святая Імша на дзвюх мовах, дзе хвала Богу гучала і падчас вячэры ў радасных спевах пад акампанемент гітары айца-францішканіна («О, Пане Мой!»), дзе ўвечары мы пакланіліся знакамітай святыні горада Сан-Чырыака і глядзелі з высокай гары, на якой збудавалі гэтую бажніцу, на хараство вечаровай Анконы. Ларэта... Тут знаходзіцца Святы Дом (La Casa Santa) Маці Божай з Назарэта, які быў перанесены анёламі спачатку ў Тэрзатэ, у Далмацыю, а потым - сюды. Тут выбудаваны базыліка і прыгожы кляштарны комплекс, дзе месціцца Дом назарэтанак і дзе наваградскія пілігрымы сустрэлі сястру Беату, што раней, разам з сёстрамі сваёй супольнасці, апекавалася Белай Фарай у Наваградку. Наступніцы тых, каго будуць беатыфікаваць... Тут, у Ларэта, і выява высокай духоўнасці, твор высокага мастацтва: «Madonna Macerata» - «Чарна Мадонна»... Апостальская Сталіца ...У Вечным Горадзе мы адразу адчулі сутыкненне эпох, часу, культур, цывілізацый, канфесій. Старажытныя базылікі, святыні Сярэднявечча, Форум, Калізей і - вірлівае жыццё сучаснага горада, празаічная будзённасць рымскага метро, вандроўнікі, валачобнікі... І - дух Вечнага Горада, Апостальскай Сталіцы... Вернікі, пілігрымы... Базыліка святога Паўла за мурамі... Святая лесвіца... Касцёл святога Альфонса, дзе знаходзіцца абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі - тут 4 сакавіка правяць Святую Імшу нашы біскупы (яны ляцелі самалётам адразу ў Рым, як і сёстры-назарэтанкі). І ўрэшце - галоўнае. Sursum corda! 5 сакавіка 2000 года. Раніца сонечная, ясная, урачыстая. Мы, пілігрымы з наваградскага аўтакара, у шэсць гадзін раніцы ўжо на пляцы святога Пятра. Першыя. (Жылі мы на другім канцы Рыма, у Доме пілігрымаў айцоў-салезіянаў.) Атрымліваем запрашальныя білеты. Чакаем. За агароджу, дзе расстаўленыя крэслы для пілігрымаў, пакуль што не пускаюць. І вось паказваюцца назарэтанкі. 22 сястры. Сённяшнія. У большасці - зусім маладыя. Сястра Таццяна (яна працуе ў рэдакцыі каталіцкага выдання ў Калінінградзе) - у абдымках маці. Усе сёстры (гэта адчуваецца) у тым стане асаблівага ўзвышэння і вызначанай далучанасці да Падзеі. Як і група кабет і мужчын паважнага ўзросту з транспарантам - выхаванцы тых сясцёр-назарэтанак. Людзі з Беларусі, з Польшчы, іншых краін. Я прашу запісаць пару прозвішчаў - і адразу ўзнікае чуццё бязвіннай віны перад імі: не змагу ўсіх пералічыць. Хаця разумею: кожны з гэтых людзей пранёс праз усё жыццё святло і водсвет таго выхавання, адчуў - свядома ці падсвядома - Высокі Знак ахвяры адзінаццаці сясцёр... Ала Круповец-Вішнеўская (Шчэцін), Данута Пнеўская (Лондан), Вацлаў Тарновіч (Шчэцін), Хэлена Палавінская (Лодзь), Аляксандр Зверка (Лодзь)... ...Праходзім за агароджу, займаем месцы ў крэслах. У 8 гадзін - першыя званы, а ў 9 гадзін званы пачынаюць свой сапраўдны прэлюд, сугучна з прэлюдам сонца, неба, паветра. Згадваецца «Гімн сонцу» Францішка з Асізі з яго чыста біблійным, хрысціянскім успрыманнем Боскага свету. Гучыць арган - пачынаецца слоўная абвестка пра беатыфікацыю - на італьянскай, ангельскай, польскай, французскай... (Беларуская мова, на жаль, не гучыць, але ў спецыяльным кніжным выданні «Беатыфікацыя. Плошча святога Пятра, 2 сакавіка 2000» беларускі тэкст ёсць, і на Святой Імшы ў базыліцы святога Пятра 6 сакавіка Апостальскі Адміністратар для Еўрапейскай часткі Расіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч гаворыць па-беларуску...) Урэшце расчыняецца пурпуровая заслона - Папа Ян Павел ІІ, кардыналы... Па двух баках плошчы - вялізныя тэлеэкраны, на іх буйным планам: Святы Айцец, Прэфект Кангрэгацыі Навукі Веры кардынал Ёзаф Ратцынгер... Спевы ўступныя... Літургія Слова... Гамілія... Літургія Эўхарыстычная... Sursum corda! - Угору сэрцы!... Цуд адчування блізкасці Божай, цуд пранікнення рэчаіснасці Божай у наш недасканалы свет, цуд дачынення да Закона жыцця Духа... Імгненні, у якіх скандэнсавалася памяць перажытага і ўсвядомленага, таго, што адчыняецца і таго, што не можа быць адкрыта, што ёсць Вечная Таямніца... У бездані нашага адчаю - Ён з намі. І пакутніцкая ахвяра сясцёр-назарэтанак - сведчанне таго, што пакута асвячаецца прысутнасцю Таго, хто прыняў на сябе пакуты чалавецтва, Таго, для каго Закон свету - закон Любові, што перамагае жах і нянавісць... ...А ўвечары адбылася Падзея - вызначаная і найважнейшая для кожнага каталіка: аўдыенцыя ў Наступніка Пятра Папы Яна Паўла ІІ. І пілігрымы атрымалі благаславенне Вікарыя Хрыста. І панеслі з сабою тое Святло, Святло Надзеі... Бо, як вызначаў Папа Ян Павел ІІ, «...боязь Божая з'яўляецца збаўчаю сілаю Евангелля... Яна нараджае святых, гэта значыць, - сапраўдных хрысціянаў, якім у канчатковым выніку належыць будучыня гэтага свету» («Пераступіць парог надзеі», с. 158). ...Мы вярталіся на зямлю, на якой здзейснілі свой хрысціянскі подзвіг Тыя, вынесеныя да Хвалы Алтароў. На Беларусь. З Надзеяй. З Вераю. І ў аўтобусе, што кіраваўся ў Наваградак, чуўся гімн, прысвечаны сёстрам-назарэтанкам: «Кроў сваю пралілі, каб хто мог тут жыць...» І з агульнага хору можна было выдзеліць - можа, нават не паводле вакалу, а па нейкай прачуласці, голас прэзэса касцёла Перамянення Пана - цёзкі святога Францішка. Гімн ананімны, аднак па светлых усмешках сямейнікаў прэзэса, можна зразумець, што некаторыя з аўтараў удзельнічалі ў пілігрымцы, якая для наваградцаў і для мяне асабіста - галоўная Падзея ў жыцці.
|
|
|