Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(12)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да Юбілею 2000 Года
Рэха пілігрымкі

SURSUM CORDA!
Мастацтва
Кантрапункт

НАДЗВЫЧАЙНАЕ
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Нашы святыні
Постаці
Проза


Уладзімір Паўлючук нарадзіўся ў мястэчку Рыболы на Беласточчыне. Скончыў Ягелонскі універсітэт у Кракаве. Аўтар шматлікіх эсэ ў галіне сацыялогіі, антрапалогіі і рэлігіязнаўства. Найбольш вядомыя яго кнігі «Вершалін» (1977, 1999) і «Украіна. Палітыка і містыка» (1999). Прафесар Ягелонскага універсітэта і універсітэта ў Беластоку.
 
Уладзімір ПАЎЛЮЧУК

НАДЗВЫЧАЙНАЕ

...Змушаны расчараваць тых, хто спадзяецца даведацца ад мяне, што такое Надзвычайнае. Але не скажу гэтага не толькі таму, што не ведаю, бо калі б нават ведаў усё і пра ўсё, то гэтага не сказаў бы ўсё роўна. Бо сама сутнасць Надзвычайнага - яго таямнічасць і невытлумачальнасць. І нават калі б я цяпер за паўгадзіны усё растлумачыў, што б вы з гэтага мелі?! Усё б зведалі, але... страцілі Надзвычайнае.

Замест таго хачу сказаць пра эвалюцыю ідэі Надзвычайнага і пра пагрозу самой гэтай ідэі з боку чалавечай усёведы, дакладней, прэтэнзіі на ўсёведанне. І хоць вызначаць і спрабаваць высветліць Надзвычайнае ўжо ёсць нахабства, аднак трэба яго неяк акрэсліць. Вось тут і пачынаюцца клопаты. Паводле слоўнікаў, «надзвычайнае» - гэта іншы свет, які мае, аднак, нейкую сувязь з нашым светам.

Але паўстае пытанне: ці чацвёртае вымярэнне - гэта Надзвычайнае? Ці Надзвычайнае - гэта альтэрнатыўны свет, антысвет, свет НЛА, віртуальны свет і ўвогуле кожны іншы «іншы свет», якіх сёння навокал нас поўна і пра якія зараз буду гаварыць?

Мы супраціўляемся такому разуменню Надзвычайнага. Надзвычайнае толькі тады робіцца для нас Надзвычайным, калі мае ў сабе элемент sacrum - калі гэта цалкам іншы свет, але свет святы.

І чарговае пытанне: а што такое sacrum, што мы лічым святасцю? Трохі спрошчваючы, бо гэта надта ж складана, можна сказаць, што нейкая рэчаіснасць робіцца святой, калі непасрэднае сутыкненне з ёю, кантакт з ёю вядзе нас да збаўлення.

Збаўленне, у сваю чаргу, у сэнсе рэлігіязнаўчым - гэта ўцёкі ад фізічнага абмежавання нашай экзістэнцыі, нашага чалавечага існавання. Гэта ўцёкі ад абмежавання часам, прасторай, прычыннасцю і любой аб'ектыўнасцю ўвогуле.

Гэтак сфармуляваўшы базавы тэрмін, дазволю сабе сцвердзіць, што ўведзены сёння ў жыццё свет віртуальны альбо свет альтэрнатыўны спаўняе для чалавека пэўную сатэрыялагічную функцыю і, па сутнасці, з'яўляецца заменнікам, сурагатам ці аватарам Надзвычайнага.

Пачну з найбольш часта ўжыванага паняцця кібернетычнай прасторы.

Калі паняцце кіберпрасторы абмежаваць толькі кампутарам ды інтэрнэтам, то ўнутры тых прыладаў назапашаныя аграмадныя багацці нашага сённяшняга свету. Пры гэтым існуюць яны там абсалютна «без цела», у пэўным сэнсе па-за прасторай і часам. Бо ніхто з нас не ведае, дзе, у якім сейфе, у якой шуфлядзе ці іншай схованцы знаходзяцца багацці, якія мы трымаем у банку: больш таго, як вядома, ніякіх схованак няма ўвогуле і няма ніякай такой рэчы, на якую можна паказаць, дакрануцца, узяць у рукі - вось маё багацце. Канешне, гэтае багацце без цела можна зматэрыялізаваць, можна купіць дом, аўтамабіль, золата, можна атрымаць раздрукоўку з кампутара і цешыць душу і вочы доўгім радком лічбаў. Але тая віртуальная рэчаіснасць можа і без нашай волі лёгка зматэрыялізавацца. Банкаўскія крахі лепш за ўсё сведчаць, што і кампутары маюць свае капрызы і часам могуць адмовіць людзям у спаўненні іх мараў.

Напрыклад, паводле «Газэты Выборчэй», а гадзіне 24.00 апошняга дня гэтага стагоддзя праз завірухі ў кіберпрасторы былі б знуляваныя нашыя банкаўскія рахункі, самалёты б з нябёсаў зваліліся ў акіян, цягнікі паехалі б не ў той бок, ліфты б спыніліся паміж паверхамі, вадаправод адключыўся, святло пагасла, тэлефоны змоўклі б, а каб хто здолеў-такі дазваніцца за пяць мінут да канца свету, то пасля таго канца кампутар выставіў бы яму рахунак за размову, якая доўжылася 99 гадоў, 364 дні, 23 гадзіны і 55 хвілін.

У гэтак акрэсленай кіберпрасторы існуюць і іншыя магутныя сілы ў постаці дэманаў: стратэгічныя планы дзяржаваў і супердзяржаваў, коды шахтаў з ядзернымі ракетамі, тайныя шыфры і інструкцыі розных арганізацыяў баевікоў, тэрарыстаў і міжнародных злачынцаў. Агульнадаступнымі ў маштабе ўсяе Зямлі сталі святыя кнігі, павучанні і казанні самых розных рэлігій і духоўных настаўнікаў, але таксама і «творы» парнаграфіі ды інструкцыі, як самому на кухні змайстраваць атамную бомбу. Дзякуючы інтэрнэту кожны ахвотны за долю секунды можа даведацца пра інтымныя падрабязнасці асабістага жыцця правадыра наймагутнейшай дзяржавы свету. І таму можна сцвердзіць, што з дапамогай звязаных паміж сабой кампутарных сістэмаў усе справы гэтага свету - палітычныя, гаспадарчыя, мілітарныя, а таксама штодзённае жыццё ці забава - таксама перамясціліся з рэальнай рэчаіснасці ў віртуальную.

Ілюстрацыя Ул. Вішнеўскага.

І тут нараджаюцца новыя ідэалогіі і новыя рэлігіі. Інтэрнэтаўскія прафсаюзы ўзломшчыкаў-хакераў дэкляруюць карціну будучай сусветнай вайны без франтоў і траншэяў - з аднаго боку, сусветныя карпарацыі, з другога боку, арганізаваныя групы хакераў, нешта накшталт сучаснай сусветнай «партызанкі». Іх задача ў тым, каб узламаць абарону і прабрацца ў сусветную банкаўскую сістэму, а там выклікаць суцэльны крах усіх карпарацый, дэзарганізаваць цывільныя цэнтры кіравання і вайсковыя штабы сучаснага свету, пазбавіць іх усялякай улады. А гэтаму спадарожнічае своеасаблівая кампутарная рэлігія збаўлення і кібернетычная метафізіка. Ідэалогія тут зведзеная да неабмежаванай свабоды, якую дае доступ да сусветнай кампутарнай сістэмы. Свабода ж разумеецца не толькі як адсутнасць якой-кольвек цэнзуры на ўсіх магчымых франтах дзеяння, але ў сэнсе падкрэслена рэлігійным - як ідэнтыфікацыя, атаясамленне са своеасабліва зразумелым кампутарным Логасам. Ідэалам ёсць розум, цалкам звязаны з сусветнай кампутарнай сеткай, гэта значыць - у пэўным сэнсе - розум усёведны і ўсемагутны. У рэлігійным сэнсе гэта быў бы розум, вызвалены з абмежаванняў цела, прасторы і часу. Як быццам, ужо робяцца спробы прышчапіць проста ў чалавечы мозг кампутарны імплант, ужыўку - і тады чалавек ведае і чуе ўсё, што ведаюць і кантралююць усе кампутары свету. Калі б так было, то такі чалавек дасягнуў бы - зноў-такі, безумоўна, у пэўным сэнсе - парогу «боскасці». У такім выпадку ён зрабіўся б толькі манадай, адзінкай велізарнага бязлікага тлуму кіберпрасторы, асяроддзя кіберпрасторы, асяроддзя вольнага духу.

Гэта новая рэлігія ўжо мае свае збудаваныя і пашыраныя абрады. Напрыклад, электрамузыка, а перадусім - музыка стылю techno. Улюбёныя месцы «тэхнаканцэртаў» - гэта закінутыя фабрычныя карпусы, прамысловыя руіны; удзельнікі ў футурыстычных строях, твары размаляваныя, на ўваходзе разам з білетам прадаюць extazis - наркотык, абавязковае ўжыванне якога таксама ёсць рытуалам; потым праз усю ноч аглушальны рытм электрамузыкі, праразаны час ад часу пражэктарамі паўзмрок - тое, што ўдаецца ўбачыць, нагадвае прывіды, затрыманыя часам у нейкіх дзіўных позах. Гэта цягнецца гадзіна за гадзінай і стварае ўражанне, што час затрымаўся на месцы. Альбо - што гэта ўсё ўжо дзесьці ў іншым вымярэнні рэчаіснасці. Пад уплывам музыкі, святла, танцаў і наркотыкаў з падсвядомасці ўсплывае той яе змест, што набліжаецца да гэтак званых змененых, нетрывалых становішчаў свядомасці, як экстаз альбо некаторыя праявы шалу падчас містычных абрадаў. У перапынках адпачынак - у асобных памяшканнях з падсветленымі fraktall, гэта значыць, геаметрычнымі кампазіцыямі, якія ў тэорыі хаосу граюць ролю першасных складак усялякай вялікай рэчаіснасці, але ў электранічных абрадах гэта своеасаблівыя вобразы, якія дазваляюць убачыць за сабой электранічны, «залюстэркавы» свет. І ў перспектыве гэткага доўгага інтэнсіўнага экстазу наш рэальны штодзённы свет здаецца шэрым, дробным і нецікавым. Тут нават уласнае цела лічаць нечым чужым, ужываючы пагардлівы слэнг «мяса».

Кругом тое самае, ці падобнае, метафізічнае пасвячэнне: Надзвычайнае на самай справе зусім не надзвычайнае. Яно тут, толькі руку працягні. Яго ведае кібернетык, ведае прарок-гуру, які спазнаў таямнічы абрад, ведае сучасны маг, ведае шаман электрычных гукаў, ведае фізік-вынаходнік машыны часу, біяэнергатэрапеўт, спірыт, астролаг, варажбіт. Мова сучаснай метафізікі Надзвычайнага - гэта біяток, біяполе, эктаплазма, астральнае цела, субтэльнае цела, касмічная энергія, вібрацыя, часам Карма, Тао альбо магічная сіла мана. Няма ў тым новым Надзвычайным месца ні чысцу, ні Небу, ні спяваючым анёлам, ні змрочнай прорве, поўнай грэшнікаў у кіпені смалы і серы. Няма месца таксама і грознаму Богу з Бібліі. Бог паяўляецца як душа ці сутнасць ажыўленага Космасу, а часам - як касмічная Асоба.

У такім разуменні Надзвычайнае страчвае сваю трансцэндэнтнасць і сваю таямнічасць. Ужо больш за сто гадоў шматлікія даследчыя цэнтры і тлумы палымяных аматараў вывучаюць і апісваюць у тысячах артыкулаў падарожжы ў засветы, жыццё ў засветах, вандроўкі душаў праз падзеі часу, замкі, дамы і хаты, дзе жывуць страхі на любы густ, розныя «гіблыя месцы», дзе адбываецца нешта неверагоднае etc. Існуюць нават навуковыя інстытуты па такой «балючай» праблеме як poltergeist або нябачныя духі, якія ламаюць і таўкуць дарагую мэблю і элетратэхніку - суцэльныя бяда і гора сённяшняй Амерыкі. Амерыканскія навукоўцы ўсур'ёз шукаюць нейкі эфектыўны спосаб на полтэргейст. Духі па-навуковаму апісаны і закладзеныя ў каталогі (практычна ў кожным «цывілізаваным» краі ўжо выдадзеныя таўшчэзныя «энцыклапедыі духаў»).

А ўсё гэта заглыблена ў агульнай атмасферы гнозы, гэта цяпер дамінуючая тэндэнцыя ўсялякай метафізікі канца ХХ стагоддзя. А галоўны тэзіс усялякай гнозы - гэта прынцып адзінства чалавечага суб'екта з суб'ектам абсалютным. На практыцы гэта выяўляецца як глыбокае перакананне ў тым, што спазнанне сябе самога дазваляе дасягнуць найглыбейшых таямніцаў абсалютнага суб'екта; кажучы іначай - таямніцаў Пана Бога. Гэта, у сваю чаргу, азначае своеасаблівую роўнасць альбо атаясамленне з Богам. Чалавек, які спазнаў таямніцу, роўны Богу, а таямніца тая схаваная ў нас саміх, той таямніцай ёсць маё ўласнае Я, таямнічае Я, да якога нельга дайсці чыста эмпірычнымі спосабамі. Але гэта адначасова азначае, што ўсялякае пасярэдніцтва ў справе збаўлення як быццам лішняе - Касцёл, святары, іерархі, догматы веры etc. Паўсюднай робіцца вера больш ці менш з'індывідуалізаваная, спрыватызаваная, сканструяваная ў сваім цесным коле і на сваю адказнасць. Касцельнасць, афіцыйная прыналежнасць да акрэсленай канфесіі робіцца адно толькі культурніцкай дэкарацыяй.

Усе гэтыя перамены ва ўяўленнях метафізікі сучаснага чалавека адбываюцца ў выніку эвалюцыі галоўных рэлігійных ідэй заходняга хрысціянства, з аднаго боку, а таксама эвалюцыі галоўных навуковых ідэй, з другога боку.

Галоўная ідэя рэлігіі - гэта, зразумела, ідэя Надзвычайнага, а ключ да Надзвычайнага - ідэя Бога. На абшары лацінскай культуры гэтая ідэя развіваецца ад агульначалавечай ідэі Надзвычайнага - як толькі аднаго аспекта прыроды - праз ідэю Бога уранічнага, Бога нябеснага, цалкам адарванага ад прыроды і хутчэй варожага прыродзе, да ідэі Бога, сфармуляванай св. Тамашам з Аквіну як побыту трансцэндэнтнага, які знаходзіцца цалкам па-за прыродай і па-над прыродай. І ажно - і гэта не канец! - да ідэі Бога ў сучаснай тэалогіі Захаду, дзе Бог ёсць катэгорыя экзістэнцыяльная, існуючая «ў целе» як быццам, а не онтычная, значыць, неіснуючая. Бог як трансцэндэнцыя ёсць тут не толькі па-над прыродай, але па-над любым існаваннем ці побытам увогуле. Калі пра Бога гавораць і разважаюць у онтычных катэгорыях, то Бог ёсць Пусткай, Нябытам, Няіснасцю - у сэнсе онтычным Яму ўвогуле адмаўляецца ў існаванні. Аднак часцей Бога сёння разумеюць ў сэнсе экзістэнцыяльным - і тады Ён ёсць апекай чалавека, вечным Ты чалавека, Любоўю, Надзеяй etc. Гэта зварот да ідэі Платона пра трансцэндэнцыю, дзе трансцэндэнцыяй было Дабро, якое не існавала само па сабе, але праз якое існавала ўсё, што ўвогуле існавала.

Падсумоўваючы, скажам, што ідэя Надзвычайнага спачатку неразлучная з ідэяй прыроды, потым аддзяляецца ад прыроды ў юдаізме, а ў заходнім хрысціянстве спачатку супрацьпастаўляецца прыродзе, а потым увогуле любому існаванню.

Ідэальна трансцэндэнтны, гэта значыць, неіснуючы Бог, здаецца, ужо не толькі па-над прыродай, але - о, парадокс! - па-над Надзвычайным, якое разумецца як той «іншы», адменны ад «нармальнай» прыроды спосаб побыту. Больш таго - у асобных тэалагічных канцэпцыях Бог атаясамлены з адухоўленай, «абагаўлёнай» прыродай. Напрыклад, так сказана ў хрыстацэнтрыста Тэляра дэ Шардэна (католіка, езуіта і натураліста адначасова): Хрыстус ёсць Амега, што замыкае ў кола працэс эвалюцыі прыроды і развіцця тэхналогіі нашага свету. Шардэн знаходзіць Яго ў перакручаных мёртвых рэштках цыклатронаў, у касмічных ракетах і планах заваёвы космасу. Гэтая сістэма мае ўсе рысы пантэізму, дакладней, панантэізму. Падобна Шардэну, расійскі містык Фёдараў ідэю Бога разумеў як ідэю апанавання космасу, а яго вучань Канстанцін Цыялкоўскі распачаў практычную рэалізацыю рэлігійнай містыкі Фёдарава - будаваў доследныя ракеты і апрацоўваў тэорыю касмічных палётаў. У сваю чаргу вучань і супрацоўнік Цыялкоўскага Чыжэўскі вяртаецца да старажытнаегіпецкай салярнай містыкі бога Атума, бога Сонца, і ў сваіх працах знаходзіць салярныя крыніцы і вытокі не толькі біялагічных, але таксама культуратворчых і рэлігіятворчых працэсаў на Зямлі.

Адначасова з эвалюцыяй Надзвычайнага на нашым культурным абшары адбываецца эвалюцыя Звычайнага альбо эвалюцыя ідэі прыроды. Адбываецца яна з таксама агульначалавечай ідэі атаясамлення таго, што матэрыяльнае, з тым, чым для нас ёсць духоўнае, праз паступовае выдзяленне ідэі прыроды як чагосьці абсалютна аўтаномнага адносна духу і не падпарадкаванага закону прычыннасці, тут кіруе закон прычыны і наступства, акрэслены гэтак званымі правамі натуры, а потым прырода і яе законы прызнаюцца адзінай магчымай рэчаіснасцю.

Ключавым момантам у гэтым працэсе, на мой погляд, ёсць механіка Ньютона, які збудаваў механістычны вобраз усялякай рэчаіснасці. Але яго механіка была немагчымай без папярэдняй ідэі трансцэндэнцыі Тамаша з Аквіну - ідэі абодвух узаемна дапаўняльныя і камплементарныя. Можна сказаць, што ля вытокаў еўрапейскага матэрыялізму і атэізму ляжыць заходнееўрапейская ідэя Божай трансцэндэнцыі. У такім вобразу свету існуюць дзве аддзеленыя адна ад адной рэчаіснасці - Звычайнае і Надзвычайнае, - якія ўзаемна канкурыруюць у высвятленні і тлумачэнні ўсіх падзеяў. Надзвычайнае тут - гэта свайго роду пратэз, які дапаўняе нашы навуковыя веды (яно з'яўляецца там, дзе навуковы розум не дае рады). А з прычыны ўсё большых поспехаў навуковай веды запатрабаванне ў гэтак зразумелым Надзвычайным скручваецца ўсё больш і больш, нават акультызм імкнецца своеасабліва зразумелымі «навуковымі метадамі» загарнуць пад сябе ўсе таямніцы і высветліць невысвятляльнае, навука ва ўсёй праяве і любой форме здаецца адзінай галіной, якая мае права абвяшчаць праўду.

Але вось на вяршыні гэтага трыумфальнага паходу навукі абвяшчае яна... вяртанне ад ёю ж аформленай ідэі прыроды да такога вобразу свету, дзе няма падзелу на Звычайнае і Надзвычайнае, да вобразу, які бліжэй да нейкіх вераванняў першабытнай магіі альбо да іх падобных. Тэорыя адноснасці Эйнштэйна, квантавая тэорыя, тэорыя неакрэсленасці Гейзэнберга і найноўшыя тэорыі як тэорыі хаосу - усе яны цалкам разбураюць механістычны вобраз прыроды, адмяняюць закон прычыннасці, ізноў вяртаюць у фізічны свет прыроды волю, дух, суб'ектывізм, чацвёртае вымярэнне, антысвет і іншыя «іншыя светы». Гноза з Прынстана, тая дэкларацыя выдатных навукоўцаў, асабліва фізікаў, ляжыць у фундаменце новай метафізікі, дзе няма падзелу на Звычайнае і Надзвычайнае, дзе ўсё прыроднае і матэрыяльнае па сутнасці сваёй ёсць чымсьці духоўным. Гэта зрабілася ўжо своеасаблівым евангеллем і бурліва развіваецца апошнія дваццаць гадоў у новых рэлігійных рухах. Прарокамі нашых часоў і заснавальнікамі новых рэлігійных плыняў зрабіліся... фізікі-ядзершчыкі. Найлепшы прыклад - Фрыцьёр Капры, містык з «Нью Эйдж».

Падсумоўваючы. Ідэя прыроды і камплементарная з ёй ідэя Надзвычайнага - з'явы унікальныя і адзіныя ў дзеях нашага свету. Нарадзіліся яны на абшары міжземнаморскай культуры як вынік нутраной дынамікі развіцця заходняга хрысціянства, а яшчэ раней - як вынік традыцыі юдаізму, якая ў хрысціянстве спалучылася з традыцыяй часоў антычных, часоў Рыма і Грэцыі. На кшталце такога вобразу свеету магла развівацца цывілізацыя Захаду з яе вызваленай ад рэлігійных абмежаванняў тэхналогіяй вытворчасці і рынкавай гаспадаркай, з яе свецкім мастацтвам, з яе ідэяй грамадзянскай супольнасці і правоў чалавека. Толькі на такім грунце змог нарадзіцца, натуральна, матэрыялізм і атэізм, а таксама хрысціянская ідэя збаўлення. Сягоння ж гэты свет ідэй метафізікі ляжыць у руінах. Тое ж самае бачым у мастацтве, тое ж самае ў штодзённым побыце. Вакол - вяртанне паганства, вяртанне першабытнай і таксама агульначалавечай ідэі адзінства Звычайнага і Надзвычайнага. Ідэі іманенцыі, хаосу замест лацінскай ідэі трансцэндэнцыі.

Наступствы і вынікі гэтага перавароту, гэтай метафізічнай рэвалюцыі нам невядомыя. Яны могуць быць і захапляльныя, і гэтаксама страшныя, амаль апакаліптычныя.

Як да гэтай новай сітуацыі падрыхтавалася лацінскае хрысціянства? Мудры пастыр і выдатны тэолаг біскуп Жыціньскі лічыць, што ўсё будзе добра, калі хрысціянства пакіне надзею знайсці Надзвычайнае ў рамках навуковай інтэрпрэтацыі свету і ўбачыць Бога ў гармоніі, якой і ёсць сама навука. Другі духоўны нямецкі тэолаг Блюменберг лічыць, аднак, што сапраўднае заданне тэолага - даць магчымасць хрысціянству з годнасцю пайсці са сцэны. І яшчэ адзін тэолаг, філосаф Тэляр дэ Шардэн, верыць у вялікую будучыню ідэі Хрыста як ідэі эвалюцыі Хрыста, чыя праўда ёсць і ў слове Евангелля, і ў фізіцы Эйнштэйна...

Часопіс «КАRTKI», № 18 (2/98), Беласток.
Пераклад з польскай Алеся Чобата.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY