Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(10)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года

«НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА...»
Кантакты

Біблія

КНІГА, РОЎНАЯ СУСВЕТУ
Мастацтва

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»
Нашы святыні

ФАТОГРАФ І ДАСЛЕДЧЫК
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Проза

QUO VADIS
Культура

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ


Праўда паўстае перад чалавекам найперш у выглядзе пытання: Ці мае сэнс жыццё? Да чаго яно імкнецца? На першы погляд існаванне асобы здаецца абсалютна пазбаўленым сэнсу. Не трэба нават звяртацца да філасофіі абсурду, ані да правакацыйных пытанняў Кнігі Ёва, каб усумніцца ў сэнсе жыцця. Штодзённы вопыт уласнага і чужога цярпення, шматлікія падзеі, якія адбываюцца на нашых вачах і якія розум не ў стане растлумачыць — усяго гэтага дастаткова, каб непазбежна ўзнікла драматычнае пытанне пра сэнс жыцця.
 
Папа Ян Павел ІІ

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO

Пачатак

ІІІ раздзел
INTELLEGO UT CREDAM

На шляху пошукаў праўды

24. У Апостальскіх Дзеях евангеліст Лука распавядае, як у часе адной са сваіх місійных вандровак Павел прыбыў у Афіны. У горадзе філосафаў было поўна помнікаў, пастаўленых розным боствам. Паўлаву ўвагу асабліва прыкаваў да сябе адзін з алтароў, і ён неадкладна выкарыстаў гэту магчымасць, каб знайсці агульную падставу для размовы і распачаць з яе абвяшчэнне Добрай Навіны. «Мужы афінскія, - прамовіў (...), - бачу, што вы як быццам вельмі пабожныя. Бо, праходзячы і аглядаючы святыні вашыя, я знайшоў і ахвярнік, на якім напісана: «Невядомаму Богу. Дык таго, каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю» (17, 22-23). Пасля такога ўступу св. Павел пачынае гаварыць пра Бога як Створцу, як пра Таго, Хто пераўзыходзіць усю рэчаіснасць і ёсць крыніцаю ўсялякага жыцця. Далей у сваёй прамове ён сцвярджае: «Ён з аднаго (чалавека) вывеў увесь род чалавечы, каб жыў на ўсенькім абліччы зямлі, вызначыўшы наперад часы й межы жылля іхняга, каб шукалі Бога, ці не намацаюць Яго ды не знойдуць, хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас» (17, 26-27).

Апостал указвае тут праўду, якой Касцёл заўсёды надаваў вялікае значэнне: у глыбіні людскога сэрца была прывіта прага Бога і туга па Ім. З асабліваю сілаю прыпамінае аб гэтым і літургія Вялікай Пятніцы, калі заахвочваючы да малітвы за няверуючых, гаворыць: «Усемагутны, вечны Божа, Ты стварыў усіх людзей, каб заўсёды Цябе шукалі, а знайшоўшы Цябе, спазналі спакой»1. Таму існуе шлях, які чалавек, калі хоча, можа прайсці; пачатак яго настаўляе здольнасць розуму на тое, каб ён узнёсся па-над выпадковым і пашыбаваў у бок бясконцасці.

Рознымі спосабамі і ў розныя эпохі чалавек даказаў, што здольны выказаць гэтую ўнутраную прагу. Літаратура, музыка, жывапіс, скульптура, архітэктура і розныя іншыя плады яго творчага інтэлекту сталіся сродкамі выяўлення неспакою, які схіляе яго да пастаянных пошукаў. Гэта імкненне знайшло своеасаблівае выйсце ў філасофіі, якая пры дапамозе сваіх сродкаў і ўласцівых ёй навуковых метадаў выказала гэту універсальную прагу чалавека.

25. «Усе людзі прагнуць ведаць»2, а адпаведным аб'ектам гэтае прагі ёсць праўда. Нават у штодзённым жыцці мы назіраем, як кожны чалавек прыкладае вялікія намаганні, каб пазнаць аб'ектыўны стан рэчаў, не задавольваючыся інфармацыяй з другіх вуснаў. Чалавек - гэта адзіная істота ва ўсім бачным створаным свеце, якая не толькі здольная ведаць, але таксама ўсведамляе, што ведае, і таму прагне пазнаць істотную праўду таго, што бачыць. Нікому на самой справе не можа быць абыякавым, ці праўдзівыя яго веды. Калі чалавек адкрые, што яны фальшывыя, ён адкідвае іх; калі ж можа пераканацца ў іх праўдзівасці, адчувае задавальненне. Менавіта пра гэта гаворыць св. Аўгустын: «Я шмат сустрэў такіх людзей, якія б хацелі ашукваць, але такога, хто б хацеў быць ашуканым, сустрэць не давялося»3. Слушна лічыцца, што чалавек дасягнуў сталага веку тады, калі здольны самастойна адрозніць праўду ад фальшу і выпрацаваць уласную думку пра аб'ектыўны стан рэчаў. Менавіта тут знаходзіцца матывацыя размаітых пошукаў, асабліва ў галіне прыродазнаўчых навук, якія ў апошнія стагоддзі прынеслі такія значныя вынікі, спрычыняючыся да сапраўднага прагрэсу ўсяго чалавецтва.

Не менш важныя пошукі, чым у тэарэтычнай сферы, праводзяцца таксама ў сферы практычнай: я маю на ўвазе пошукі праўды, што датычыць дабра, якое трэба рэалізаваць. Бо, распачынаючы этычную дзейнасць і паводзячы сябе адпаведна з сваёю вольнаю і правільна сфармаванаю воляю, чалавек ступае на шлях, які вядзе да шчасця, і імкнецца да дасканаласці. Таксама ў гэтым выпадку яго мэтаю ёсць праўда. Гэтае перакананне я выказаў у энцыкліцы Veritatis splendor: «Не існуе маральнасці без свабоды. (...) Калі існуе права на пошукі праўды на ўласным шляху, то больш важны ў адносінах да яго сур'ёзны маральны абавязак, які ляжыць на кожным чалавеку, абавязак пошукаў праўды і трывання пры ёй, калі яе знойдзеш»4.

Таму неабходна, каб каштоўнасці, якія чалавек выбірае і да якіх імкнецца сваім жыццём, былі сапраўдныя, бо толькі дзякуючы сапраўдным каштоўнасцям ён можа стаць лепшым, ва ўсёй паўнаце развіваючы сваю прыроду. Чалавек не знаходзіць сапраўдных каштоўнасцяў, замыкаючыся ў сабе, а адкрываючыся і шукаючы іх таксама ў трансцэндэнтных вымярэннях у адносінах да самога сябе. Гэта абавязковая ўмова, якую кожны павінен выканаць, каб стаць сабою і ўзрастаць як асоба дарослая і сталая.

26. Праўда паўстае перад чалавекам найперш у выглядзе пытання: Ці мае сэнс жыццё? Да чаго яно імкнецца? На першы погляд існаванне асобы здаецца абсалютна пазбаўленым сэнсу. Не трэба нават звяртацца да філасофіі абсурду, ані да правакацыйных пытанняў Кнігі Ёва, каб усумніцца ў сэнсе жыцця. Штодзённы вопыт уласнага і чужога цярпення, шматлікія падзеі, якія адбываюцца на нашых вачах і якія розум не ў стане растлумачыць - усяго гэтага дастаткова, каб непазбежна ўзнікла драматычнае пытанне пра сэнс жыцця5. Тут яшчэ трэба дадаць, што першая, абсалютна несумненная праўда нашага існавання (па-за самім фактам існавання) - гэта непазбежнасць смерці. Такая трывожная рэчаіснасць штурхае нас шукаць вычарпальны адказ. Кожны прагне - і павінен - пазнаць праўду аб тым, што яго чакае. Кожны хоча ведаць, ці будзе смерць канчатковаю мяжою яго існавання, ці таксама ёсць нешта, што не знікае са смерцю; ці можна мець надзею на жыццё пасля смерці, ці не. Мае значэнне і той факт, што філасофская думка атрымала асаблівы імпульс пасля смерці Сакрата, які вызначыў яе кірунак больш як на два тысячагоддзі. Таму невыпадкова філосафы, разважаючы аб факце смерці, увесь час наноў уздымалі гэту праблему, а разам з ёю пытанне сэнсу жыцця і несмяротнасці.

27. Гэтых пытанняў ніхто не можа пазбегнуць: ані філосаф, ані звыклы чалавек. Ад адказу на іх залежыць вырашальны этап пошукаў: ці магчыма дасягнуць універсальнай і абсалютнай ісціны. Па сваёй прыродзе кожная ісціна, хоць бы часткова, калі яна сапраўды ісціна, з'яўляецца універсальнаю. Праўдзівае павінна быць праўдзівым заўсёды і для ўсіх. Аднак жа па-за такога роду паўсядзённасцю чалавек шукае абсалюту, які быў бы ў стане даць адказ на ўсе яго пошукі і надаць ім сэнс: шукае чагосьці найглыбейшага, што складала б фундамент усіх рэчаў. Інакш кажучы, шукае канчатковага адказу, найвышэйшай каштоўнасці, па-за якімі ўжо няма і быць не можа ані далейшых пытанняў, ані іншых кропак адліку.

Гіпотэзы могуць захапляць, але не прыносяць заспакаення. У жыцці кожнага чалавека прыходзіць хвіліна, калі (нягледзячы на тое, прызнаецца ён у гэтым, ці не) ён адчувае патрэбу заглыблення свайго існавання ў праўдзе, прызнанай канчатковаю, якая дала б яму пэўнасць, што не падлягае ўжо ніякім сумненням.

На працягу стагоддзяў філосафы стараліся адкрыць і выказаць такога роду праўду, ствараючы розныя сістэмы і школы. Аднак, апроч філасофскіх школаў, існуюць яшчэ іншыя формы, у якіх чалавек спрабуе выказаць якуюсь сваю «філасофію»: гэта яго асабістыя перакананні і вопыт, сямейныя і культурныя традыцыі альбо пэўны «экзістэнцыяльны шлях», на якім ён давярае свой лёс аўтарытэту настаўніка. У кожнай з гэтых формаў заўсёды жывою застаецца прага дасягнуць бясспрэчнай ісціны, якая мае абсалютную каштоўнасць.

Розныя абліччы людской праўды

28. Аднак трэба прызнаць, што не заўсёды пошукі праўды паслядоўна ідуць у так выразна акрэсленым кірунку. Прыродная абмежаванасць розуму і нясталасць сэрца часта ўскладняюць людскія пошукі і зводзяць іх на аблудны шлях. Розныя іншыя памкненні могуць стацца мацнейшымі за праўду. Бывае таксама, што чалавек проста ўцякае перад праўдаю, як толькі здаля яе ўбачыць, бо баіцца яе наступстваў. Аднак нават тады, калі ён яе пазбягае, праўда ўплывае на ягонае жыццё. Бо чалавек не можа ўгрунтаваць свайго жыцця на чымсьці неакрэсленым, на няпэўнасці альбо ілжы, бо такое жыццё было б пастаянна прасякнута страхам і неспакоем. Таму чалавека можна акрэсліць як таго, хто шукае праўды.

29. Недапушчальна, каб пошукі, якія так глыбока ўкаранёныя ў людской натуры, былі цалкам бязмэтныя і пазбаўленыя сэнсу. Ужо сама здольнасць шукаць праўды і ставіць пытанні дае першы адказ. Чалавек не распачынаў бы пошукаў чагосьці, аб чым нічога б не ведаў і што лічыў бы абсалютна недасягальным. Толькі перспектыва атрымання адказу можа падштурхнуць яго да першага кроку. Сапраўды, менавіта так звычайна бывае ў працэсе навуковых даследаванняў. Калі навуковец, які кіруецца нейкаю інтуіцыяй, пачынае шукаць лагічнага і апраўданага тлумачэння пэўнай з'явы, ён з самага пачатку перакананы, што знойдзе адказ; таму ён і не палохаецца няўдачаў. Ён не лічыць марнаю гэтай першаснай інтуіцыі толькі таму, што не дасягнуў сваёй мэты; хутчэй, слушна прызнае, што пакуль яму не ўдалося знайсці адпаведнага рашэння.

Такія самыя прынцыпы павінны кіраваць і пошукамі ісціны ў сферы вечных пытанняў. Прага праўды так глыбока ўкаранёна ў сэрцы чалавека, што калі б ён павінен быў ад яе адрачыся, гэта прывяло б да экзістэнцыяльнага крызісу. Дастаткова прыгледзецца да штодзённага жыцця, каб заўважыць, што кожны з нас пастаянна задае сабе пэўныя адвечныя пытанні і разам з тым носіць у сэрцы хоць бы абрыс адказаў на іх. Прытым мы перакананыя ў іх праўдзівасці, у чым умацоўвае нас таксама назіранне, што яны істотна не адрозніваюцца ад адказаў, да якіх прыйшлі многія іншыя людзі. Зразумела, не кожная спазнаная праўда мае такую самую каштоўнасць. Аднак сума дасягнутых вынікаў пацвярджае, што чалавек у прынцыпе здольны дайсці да праўды.

30. Можа, цяпер варта бегла разгледзець гэтыя розныя віды праўды. Найбольш тых, што абапіраюцца на доказы непасрэдна даступныя альбо тых, якія можна пацвердзіць эксперыментальна. Гэта шэраг ісцінаў, якія датычаць штодзённага жыцця і сферы навуковых даследаванняў. На іншай глебе ўгрунтаваныя ісціны філасофскага характару, да якіх чалавек даходзіць дзякуючы здольнасці розуму да абстрагавання. Урэшце існуюць рэлігійныя ісціны, якія ў пэўнай ступені сваімі каранямі сягаюць таксама філасофіі. Яны - у адказах, якія розныя рэлігійныя традыцыі даюць на адвечныя пытанні6.

Што датычыць філасофскіх ісцінаў, то трэба зазначыць, што яны не знаходзяцца выключна ў прафесійных дактрынах філосафаў, якія, зрэшты, часта аказваюцца недаўгавечнымі. Як я ўжо сказаў, кожны чалавек у пэўным сэнсе з'яўляецца філосафам і мае ўласныя філасофскія канцэпцыі, якімі кіруецца ў жыцці. Тым ці іншым чынам фармуе свой светапогляд і знаходзіць адказ на пытанне пра сэнс уласнага жыцця: у такім святле інтэрпрэтуе свой асабісты вопыт і кіруе сваімі паводзінамі. Менавіта тут мы павінны задаць пытанне пра сувязь паміж філасофска-рэлігійнымі ісцінамі і праўдаю, аб'яўленаю ў Езусе Хрысце. Перш чым мы на яго адкажам, трэба задумацца над яшчэ адною з'яваю, на якую звяртае ўвагу філасофія.

31. Чалавек не створаны для таго, каб жыць самотна. Ён нараджаецца і вырастае ў сям'і, каб пасля сваёю працаю ўключыцца ў грамадскае жыццё. Таму з моманту нараджэння ён звязаны з рознымі традыцыямі і пераймае ад іх не толькі мову і культурны багаж, але таксама шматлікія ісціны, у якія верыць у пэўнай ступені інстынктыўна. У перыяд дарастання і сталення асобы гэтыя ісціны могуць быць перагледжаны і крытычна пераацэнены, што з'яўляецца асабліваю формаю мысліцельнай актыўнасці. Аднак, пасля завяршэння гэтага працэсу, бывае, што чалавек нанова прымае тыя самыя ісціны, абапіраючыся на ўласны досвед альбо на свае разважанні. Нягледзячы на гэта, у жыцці чалавека і надалей застаецца нашмат больш ісцінаў, у якія ён проста верыць, чым тых, якія прыняў у выніку асабістай пераацэнкі. Бо хто ж быў бы ў стане паддаць крытычнай ацэнцы безліч вынікаў навуковых даследаванняў, якія ляжаць у аснове сучаснага жыцця? Хто ж мог бы ўласнаручна кантраляваць паток інфармацыі, якая штодня прыходзіць з усіх куткоў свету і якая ў асноўным прымаецца як праўдзівая? Хто ж урэшце мог бы нанова прайсці шляхі вопыту і шляхі вынаходніцтваў, на якіх чалавецтва сабрала скарбы мудрасці і рэлігійнасці? Такім чынам, чалавек, істота, якая шукае праўды, ёсць таксама тым, хто жыве вераю.

32. Верачы, чалавек давярае ведам, здабытым іншымі. Тут можна заўважыць характэрную супярэчнасць: з аднаго боку здаецца, што веды, угрунтаваныя на веры, - гэта недасканалая форма ведаў, якія трэба паступова ўдасканальваць, асабіста здабываючы доказы для іх пацвярджэння; з другога ж боку - вера ў параўнанні са звыклым пазнаннем, угрунтаваным на несумненных доказах, аб'яўляецца часта як рэчаіснасць, багацейшая на пэўнае людское вымярэнне, бо звязана з міжасабовымі адносінамі і актывізуе не толькі асабістыя пазнавальныя здольнасці, але таксама глыбей укаранёную здольнасць даверу да іншых людзей, здольнасць устанаўлення з імі больш трывалай і цеснай сувязі.

Трэба падкрэсліць, што ў такіх міжасабовых адносінах галоўным прадметам пошукаў не ёсць ані эмпірычныя, ані філасофскія ісціны. Тут хутчэй вядуцца пошукі ісціны пра самую асобу: кім яна ёсць і што сабой уяўляе. Бо чалавек удасканальваецца не толькі здабываючы абстрактныя веды пра ісціну, але праз свае адносіны з іншым чалавекам, якія выяўляюцца ў самаадданасці і ў вернасці. У той вернасці, якая робіць чалавека здольным да самаахвярнасці, ён знаходзіць паўнату ўпэўненасці і бяспекі. Аднак разам з тым пазнанне, угрунтаванае на веры, падставаю якога ёсць давер паміж асобамі, таксама звязана з ісцінаю: верачы, чалавек давярае ісціне, якую ўказвае яму іншая асоба.

Колькі ж можна было б прывесці прыкладаў, каб гэта праілюстраваць! Аднак адразу ўсплывае ў памяці сведчанне мучанікаў. Бо мучанік - гэта найбольш аўтэнтычны сведка праўды пра жыццё. Ён ведае, што дзякуючы спатканню з Езусам Хрыстом адкрыў праўду пра ўласнае жыццё і гэтай упэўненасці ніхто і нішто не здолее ў яго адабраць. Ані цярпенне, ані смерць, выкліканая насіллем, не змусяць яго адступіць ад праўды, якую ён адкрыў пры спатканні з Хрыстом. Вось чаму па сённяшні дзень сведчанне мучанікаў не перастае захапляць, знаходзіць прызнанне, прыцягвае ўвагу і заахвочвае да наследвання. Мы давяраем іх слову таму, што бачым у іх яскравае сведчанне любові, якая не патрабуе доўгіх тлумачэнняў, каб нас пераканаць, бо гаворыць кожнаму чалавеку пра тое, што ён у глыбіні душы ўжо лічыць праўдаю і чаго здаўна шукае. Мучанік выклікае ў нас глыбокі давер, бо кажа тое, што мы ўжо прадчуваем, і адкрыта выказвае тое, што мы таксама хацелі б умець выказаць.

33. Такім чынам, мы бачым, як дадзеная праблема паўстае перад намі ва ўсіх сваіх аспектах. Чалавек па сваёй прыродзе шукае праўды. Мэта гэтых пошукаў - не толькі пазнанне частковых ісцінаў, якія залежаць ад эмпірычных падзеяў і навуковых фактаў; чалавек імкнецца не толькі да таго, каб у кожным са сваіх рашэнняў выбраць сапраўднае дабро. Яго пошукі скіраваныя да глыбейшай ісціны, якая можа адкрыць яму сэнс жыцця; таму гэтыя пошукі могуць дасягнуць мэты толькі ў абсалюце7. Дзякуючы прыроджанай здольнасці мыслення чалавек можа знайсці і распазнаць такую ісціну. Паколькі гэта праўда мае важнае і істотнае значэнне для яго жыцця, ён даходзіць да яе не толькі шляхам разважання, але таксама праз шчыры давер да іншых людзей, якія могуць паручыцца за беспамылковасць і праўдзівасць гэтай жа ісціны. Здольнасць і рашучасць даверыць самога сябе і ўласны лёс іншаму чалавеку - гэта, несумненна, адно з найбольш важных і пераканальных дзеянняў з пункту погляду антрапалогіі.

Не трэба забываць, што розум таксама мае патрэбу абаперціся ў сваіх пошуках на даверлівы дыялог і шчырае сяброўства. Атмасфера падазронасці і недаверу, якая спадарожнічае часам тэарэтычным даследванням, супярэчыць вучэнню старажытных філосафаў, паводле якіх сяброўства найбольш спрыяе здаровай філасофскай рэфлексіі.

З усяго вышэй сказанага вынікае, што чалавек знаходзіцца на шляху пошукаў, якіх уласнымі сіламі нельга завяршыць: чалавек шукае праўды і шукае асобы, якой мог бы паверыць. Хрысціянская вера выходзіць яму насустрач і ўказвае канкрэтную магчымасць дасягнення мэты гэтых пошукаў. Яна дапамагае яму пераадолець стадыю наіўнай веры і ўводзіць яго ў стан ласкі, у якім ён можа заслужыць удзел у таямніцы Хрыста, а ў Ім атрымаць сапраўднае і поўнае пазнанне Бога ў Тройцы Адзінага. Такім чынам, у Езусе Хрысце, які ёсць сама Праўда, вера бачыць найвышэйшае пакліканне чалавецтва, якое дазваляе яму здзейсніць тое, чаго яно прагне і па чым тужыць.

34. Гэта ісціна, якую Бог аб'явіў нам у Езусе Хрысце, не супярэчыць ісцінам, да якіх можна дайсці шляхам філасофскай рэфлексіі. Наадварот, гэтыя два спосабы пазнання вядуць да паўнаты праўды. Адзінства праўды - галоўны пастулат чалавечага розуму, выяўлены ўжо ў законе супярэчнасці. Аб'яўленне пераконвае ў гэтым адзінстве, указваючы, што Бог Створца - гэта таксама Бог гісторыі збаўлення. Адзін і той жа Бог - фундамент і зарука пазнавальнасці і рацыянальнасці натуральнага парадку рэчаў, на які з даверам абапіраюцца людзі навукі8, - аб'яўляецца таксама як Айцец нашага Пана Езуса Хрыста. Гэта адзінства натуральнай і аб'яўленай праўды знаходзіць жывое і асабовае ўцелаўленне ў Хрысце, як прыпамінае Апостал: «Праўда ў Езусе» (пар. Эф 4, 21; пар. Клс 1, 15-20). Ён - Адвечнае Слова, у якім усё было створана, і разам з тым - Уцелаўлёнае Слова, якое ўсёю сваёю асобаю9 аб'яўляе Айца (пар. Ян 1, 14. 18). Тое, чаго чалавечы розум шукае «не ведаючы» (Дз 17, 23), знайсці можна толькі праз Хрыста: бо тое, што ў Ім аб'яўляецца, ёсць «поўняю праўды» (пар. Ян 1, 14-16) кожнай істоты, якая ў Ім і праз Яго была створана, і таму ў Ім знаходзіць спаўненне (пар. Клс 1, 17).

35. На аснове гэтых агульных развагаў цяпер трэба бліжэй даследаваць сувязь паміж аб'яўленаю праўдаю і філасофіяй. Сувязь гэта вымагае разгляду ў падвойнай перспектыве, таму што праўда, указаная нам праз Аб'яўленне, ёсць разам з тым праўдаю, якую мы павінны спасцігаць у святле розуму. Толькі ў святле такога падвойнага тлумачэння можна вызначыць сапраўдную сувязь паміж аб'яўленаю праўдаю і філасофскімі ведамі. А таму прыгледзімся найперш да адносінаў паміж вераю і філасофіяй на працягу гісторыі. На гэтай аснове можна будзе ўказаць пэўныя прынцыпы, якія з'яўляюцца кропкамі адліку і якія дапамогуць нам вызначыць сапраўдную сувязь паміж гэтымі двума відамі пазнання.

Пераклад з польскай Крыстыны ЛЯЛЬКО.


  1. «Ut te semper desiderando quaererent et inveniendo quiescerent»: Missale Romanum.
  2. Arystoteles, Metafisica, I, 1.
  3. Confessiones, X, 23, 33: CCL 27, 173.
  4. N. 34: AAS 85 (1993), 1161.
  5. Пар. Ян Павел ІІ, Апост. Ліст. Salvifici doloris (11 лютага 1984), 9: AAS 76 (1984), 209-210.
  6. Пар. ІІ Ват. Сабор, Дэкл. пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій Nostra aetate, 2.
  7. Гэта разважанне, якім я займаюся здаўна і пра якое гаварыў пры розных абставінах. «Хто ж такі чалавек і якое ж яго значэнне? Што ёсць ягоным дабром і што злом ягоным?» (Сыр 18, 8). (...) Пытанні гэтыя знаходзяцца ў сэрцы кожнага чалавека, што найлепш даказвае факт, што паэтычны геній кожнай эпохі і кожнага народу, будучы ў пэўнай ступені прароцтвам чалавецтва, пастаянна ставіць «сур’ёзныя пытанні», якія дапамагаюць чалавеку быць сапраўды чалавекам. Яны выяўляюць пільную неабходнасць адшукаць сэнс існавання ў кожны яго момант, на яго істотных і вырашальных этапах, як і ў хвіліны самыя звычайныя.
    Пытанні сведчаць пра глыбокую разумнасць чалавечага існавання, бо натхняюць розум і волю чалавека да свабодных пошукаў выйсця, якое б магло надаць жыццю паўнату сэнсу. І таму яны — найвышэйшае выяўленне натуры чалавека (...), адказ на іх ёсць мераю глыбіні яго заангажаванасці ва ўласнае існаванне. Асабліва тады, калі «прычына рэчы» падвяргаецца поўным даследаванням, якія шукаюць канчатковага і вычарпальнага адказу, чалавечы розум дасягае свае вяршыні і адкрываецца перад рэлігіяй. Бо рэлігійнасць — гэта найбольш узнёслае выяўленне чалавечай асобы, паколькі ёсць вяршыняю яго разумнай прыроды.Яна сыходзіць з глыбокага імкнення чалавека да праўды і складае аснову свабоднага і асабістага пошуку Боскасці»: Агульная аўдыенцыя 19 кастрычніка 1983, 1-2: L'Osservatore Romano, wyd. polskie n. 10 (1983), s. 23-24.
  8. «[Галілей] ясна растлумачыў, што дзве праўды, г.зн. вера і навука, ніколі не могуць знаходзіцца ў супярэчнасці. «Святое Пісанне і прырода паходзяць ад Слова Божага. Першае як прадыктаванае Духам Святым, а гэта, другая, як верная выканальніца Божых наказаў», — так ён напісаў у сваім лісце да айца Бенедэтта Кастэллі 21 снежня 1613 г. А ІІ Ватыканскі Сабор не пярэчыць гэтаму, ён паслугуецца падобнымі словамі, калі гаворыць: «метадычнае даследаванне ў розных навуковых даследаваннях, калі толькі яны праводзяцца (...) з захаваннем маральных нормаў, сапраўды ніколі не будзе супрацьстаяць веры, бо свецкія справы і справы веры бяруць свой пачатак ад таго самага Бога» (Gaudium et spes, 36). Галілей адчуваў у сваіх навуковых даследаваннях прысутнасць Бога, які яго натхняў, папярэджваў і падтрымліваў у ягоных прадбачаннях, дзейнічаючы ў глыбіні яго розуму». Ян Павел ІІ, Прамова ў Папскай Акадэміі Навук, 10 лістапада 1979: Inseqnamenti, ІІ, 2 (1979), 1111-1112.
  9. Пар. ІІ Ват. Сабор, Дагм. Канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 4.

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY