Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(10)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года

«НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА...»
Кантакты

Біблія

КНІГА, РОЎНАЯ СУСВЕТУ
Мастацтва

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»
Нашы святыні

ФАТОГРАФ І ДАСЛЕДЧЫК
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Проза

QUO VADIS
Культура

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ

Мілена ГАЛУБІЦКАЯ

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ

Стрыжнем хрысціянскай антрапалогіі таксама з'яўляецца сцвярджэнне, што толькі чалавек - адзіная істота ў Сусвеце, якая валодае мовай.

Анталагічная сутнасць хрысціянскага вучэння аб мове зводзілася да наступнага: нікому ў Сусвеце, акрамя чалавека, мова не ўласцівая - ні Богу, ні анёлам, ні жывёлам. Для Бога і анёлаў любы спосаб матэрыяльнага выяўлення разумнасці лішні. Жывёлы не маюць патрэбы ў мове, бо не маюць розуму. Славесная творчасць уласцівая чалавеку як рыса «разумнаславеснасці» ці «славеснаразумнасці», г.зн., што розум жыве ў слове, якое непарыўна звязана з розумам - інструментам свайго ўнутранага сэнсу. Апостал Павел у Першым Пасланні да Карынцянаў нагадвае, што ніводнае слова не існуе без значэння.

У творах Грыгорыя Ніскага, Грыгорыя Новага Багаслова, Аўрэлія Аўгустына, Грыгорыя Дваяслова, Тамаша Аквінскага і інш. чалавек паўстае як унікальнае міжсценне, дзе нябеснае сыходзіцца з зямным, цялеснае - з духоўным, разумнае - з неразумным, ён - уладальнік незвычайнай зброі - мовы. Праз цела слова яднаецца са з'явамі ніжэйшай ступені, праз душу, дух - з найвышэйшымі нябеснымі існасцямі. Відаць таму, мова для чалавека - сродак паяднання з ніжэйшым і ўзыходжання да найвышэйшага.

Дантэ Аліг'еры ў трактате «Народнае красамоўства» пісаў: «Ні анёлы, ні жывёлы не маюць патрэбы ў мове, гэта было б для іх дарэмным дарам, што супярэчыла б іх прыродзе. І калі мы ўважліва разгледзім: да чаго мы імкнемся ў нашай мове, то ўвачавідкі толькі да адкрыцця іншым думкі, што зарадзілася ў нашым розуме. Безумоўна, анёлы для раскрыцця добрапамысных сваіх думкаў валодаюць хутчэйшай і невыказнай здольнасцю разумення, дзякуючы якой поўнасцю спавяшчаюць адзін аднаго ці самастойна, ці пры пасрэдніцтве таго найсвятазорнейшага люстра, у якім яны адлюстроўваюцца ва ўсёй прыгажосці і якое яны ўвесь час сузіраюць, таму, відавочна, не маюць патрэбы ні ў якім знаку мовы»1.

Мова - не толькі сродак зносінаў паміж людзьмі, але і інструмент для захавання ўяўлення аб рэчах у памяці, ключ да пазнання Сусвету: унутранае слова ёсць зрух душы, які адбываецца ў свядомасці без усялякага знешняга выяўлення.

Напачатку нашыя думкі нараджаюць вобраз прадмета, потым, уявіўшы яго сабе, мы выбіраем значэнні, уласцівыя гэтаму прадмету, і пераводзім думку праз славесныя органы ў гукі і словы.

Паводле Грыгорыя Ніскага, чалавеку не трэба было ўжываць словы ці імёны, калі б людзі маглі адкрыць адзін аднаму чыстыя зрухі сваёй душы, як гэта робяць анёлы, але з-за сваёй грахоўнасці і недасканаласці нашчадкі Адама і Евы пазбаўленыя такога дару. Таму, натуральна, што думкі не могуць выявіцца інакш, як праз рух розуму, пераход у цялесную абалонку праз знакі, пры пасрэдніцтве якіх і вытлумачваецца рух розуму. Слых гарэзліва прысвойвае словы, імянуе іх сваёй уласнасцю, бо не яму яны належаць, - мы чуем словы не вухам, а розумам.

Чалавек карыстаецца моваю і для кіравання неразумнымі жывёламі. Жывёлы не здольныя разумець мову, яны звычайна засвойваюць пэўную колькасць камандаў і паводле іх рэагуюць на мову. Дантэ Альг'еры пісаў: «І, калі кажуць, што і дагэтуль сарокі і іншыя птушкі размаўляюць, то гэта хлусня, падабенства на мову, перайманне гукаў нашага голаса... Натуральна таму, калі ў адказ на акрэслена вымаўленае слова «сарока» прагучыць «сарока», то гэта толькі перайманне, паўтор вымаўленага чалавекам гука. Відавочна таму, што моваю адораны толькі чалавек»2.

У Сярэднявеччы, акрамя таго, была пашыраная думка, што шматлікія мовы пры ўсёй іх знешняй разнастайнасці - варыянты адзінай чалавечай мовы. Тэртуліян пісаў: «Душа сышла з Неба не для лацінянаў толькі і грэкаў. Усе народы - адзін чалавек, адно імя; адна душа, розныя словы; адзіны дух, розныя гукі; у кожнага народа свая мова, але сутнасць мовы - быць усеагульнай»3.

Сярэднявечныя багасловы сцвярджалі, што хрысціяне не адрозніваюцца ад іншых ні краінаю, ні моваю, ні звычаямі. Яны не карыстаюцца якім-небудзь незвычайным дыялектам. Для іх усялякая чужая краіна - Айчына, усялякая Айчына - чужына.

Грыгорый Ніскі згадваў, што Бог устанавіў, як кожны павінны гаварыць, але Ён пажадаў, каб людзі былі разнамоўныя, даў ім ісці натуральным шляхам, і кожнаму народу, паводле неабходнасці, утвараць гук для вытлумачэння імёнаў. Колькасць моў, на якія распалася біблейская прамова, даследчыкі называюць адпаведна 75, 72, 70.

Адзначым, што ў Сярэднявеччы былі пашыраны паданні пра цуды аб ужыванні Імёнаў Божых, Дзевы Марыі.

Згадаем, што спрэчкі рэалістаў і наміналістаў былі нагодай для абвяржэння ерасяў, сродкам знаходжання ісціны пра сутнасць і прызначэнне слова. Рэалісты, як і большасць айцоў Царквы, лічылі, што універсаліі, агульныя ўяўленні («роды», «віды») не толькі рэальныя, але нават яўленыя раней за канкрэтныя адзінкавыя рэчы. Толькі яны існуюць у выглядзе духоўных сутнасцяў. Сапраўдны існасны свет утвораны іерархічным спалучэннем агульных уяўленняў. Свет адзінкавых канкрэтных рэчаў - гэта свет уяўны, адбітак свету ідэальнага. Універсаліі - гэта адасобленыя ад чалавечай думкі і ўсёй прыроды самастойныя, рэальныя і вечныя існасці, што знаходзяцца ў плане Божай задумы, праз якую Ён і стварыў рэчы адзінкавыя і зямныя. Наміналісты ж, наадварот, лічылі, што ніякіх агульных ідэй няма, што аб'ектыўна рэальныя толькі адзінкавыя рэчы, ёсць проста асобныя людзі, чалавецтва - гэта толькі агульнае імя, слова. Праз існаванне толькі адзінкавага, адсутнасць цэлага і сукупнага наміналісты адмаўлялі сутнасць Святой Тройцы. Відавочна таму, распаўсюджвальнік і ідэолаг наміналізму канонік з Камп'еня Расцэлін (1050-1112) пасля Сабору ў Суасоне( 1092-1093 ) быў выгнаны з Францыі (ён часова жыў у Англіі).

Для чалавецтва спрадвеку стрыжнёвым, а для Сярэднявечча ключавым было пытанне аб паходжанні мовы, і сучасны падзел філосафаў на ідэалістаў ці матэрыялістаў пачаўся менавіта з дзвюх моўных тэорый паходжання «па ўстанаўленню» ці «па прыродзе».

Яшчэ старажытнагрэцкія філосафы сцвярджалі, што згодна з гіпотэзай «устанаўлення» імёны людзям і рэчам спасылаюцца дасканалымі давальнікамі імёнаў (як бацькамі пры нарачэнні дзетак); іншая лінія звязвала імёны з прыродай людзей і рэчаў, уласцівасці якіх адбіліся ў гучанні ці значэнні імя4. Платон у шырокавядомым дыялозе «Краціл, ці Аб правільнасці імёнаў» выказваўся за тэорыю «ўстанаўлення», вытворнасць імёнаў і немагчымасць спасцігнуць праз іх ісціну5. Вучань Геракліта, каментатар Арыстоцеля Амоній, лічыў, што імёны існуюць па «станаўленню», паводле задумы «разважаючай» душы ў адпаведнасці з прыродай рэчы; ён ілюстраваў гэтыя словы прыкладамі, з якіх, на яго думку, відаць, што імёны мужчынскай асобы адпавядаюць мужчынскай сутнасці, а жаночай асобы - жаночай.

Біблейскае разуменне паходжання імёнаў і мовы падзяляў, як вынікае з яго незакончанай працы «Du vulgari eloquentia» (1305) бацька італьянскага Рэнесансу Дантэ Аліг'еры.

Асабліва паслядоўна ідэю тэацэнтрычнага паходжання мовы развіваў нямецкі асветнік, прафесар філасофіі з Марбурга Дзітрых Цыдэман у трактаце «Вопыт вытлумачэння паходжання мовы»: «Упарадкаванасць і лад, уласцівыя мове, здольнасці мовы выказаць тонкія адценні думкі сведчаць аб Божым паходжанні мовы. У старажытнай мове відавочная асаблівая мудрасць і разважлівасць, і нават часовыя паверхневыя змены не закранаюць той дасканалай і ўпарадкаванай асновы, бо ні адзін народ не ў стане сам сфармаваць такой дасканалай структуры, як мова»6. Гэтай жа думкі прытрымліваліся вядомы манархіст, філосаф і публіцыст, улюбёны ў французскае Сярэднявечча Г.Бональд і прафесар Эдынбургскага універсітэта Блер, якія выводзілі падабенства еўрапейскіх моў з адной створанай Богам праасновы7. Паводле тэксту Бібліі, спачатку Бог-Айцец (Яхвэ) стварыў дзень і ноч, неба, зямлю і мора і Сам іх назваў, наступныя ж тварэнні (жывёлаў і птушак) называў першы чалавек - праайцец Адам. І, калі арыянскі даследчык Яўномій сцвярджаў, што Бог, стварыўшы імёны, ужо адкрыў іх людзям, славуты візантыйскі багаслоў, вялікі кападакіец, айцец царквы Грыгорый, епіскап Ніскі пярэчыў яму, гаворачы, што Творца не школьны настаўнік, Ён падараваў людзям здольнасць да маўлення, а яны самы скарысталіся гэтай здольнасцю для наймення рэчаў (безумоўна, існавалі Божыя імёны іпастасяў Святой Тройцы, сонма святых і анёльскіх чыноў, найменні якіх былі адкрытыя людзям праз Госпада). Паводле Ансельма Кентерберыйскага, вымаўленне рэчаў і ёсць іх стварэнне, дух, спасцігаючы сябе праз вобразы рэчаў, спараджае і самыя рэчы. Словы пры гэтым не падобныя да створаных рэчаў, яны - толькі параўнанне, правобраз. П'ер Абеляр лічыў, што словы, як і ўяўленні пра іх, вынайшлі людзі8. З ХVІІ ст. пасля працы Эцьена Гішара «Этымалагічная гармонія моў» навуковыя пошукі выходзяць на шлях этымалогіі.

Для ХVІІІ ст. было класічным уяўленне І.Гердэра, які пісаў: «Аднак і з усімі прыладамі цывілізацыі і мастацтва, звычайнымі органамі, як мозг, рука і інш., мы не дасягнулі б нічога, як бы проста ні хадзілі ці стаялі, калі б не прыводзіла ўсё ў рух адна спружына, якую заключыў у нас Творца, гэтая спружына - Божы дар мовы»9. Яго думку падзяляў вядомы дзеяч нямецкага Асветніцтва, класік нямецкай драматургіі Г.Лесінг, які ў артыкуле «Аб паходжанні мовы» параўноўваў чалавека з немаўляткам, што навучаецца мове ў дарослых, а настаўнікам для яго - адзіная найвышэйшая істота - Творца.

Для сярэднявечных кніжнікаў натуральным было перакананне, што ўсе жывыя істоты - кветкі, трава, дрэвы, звяры, птушкі - няспынна моляцца, славячы свайго Творцу. І.Гердэр развіў вучэнне пра ўнутраную мову, якую маюць усе жывыя істоты, - мову адчуванняў. Толькі розум робіць чалавека іншым па сваёй сутнасці: ён мае здольнасць да рэфлексіі, аналізу, што і спарадзіла чалавечую мову.

Яшчэ В. фон Гумбальт бачыў, што аснову нацыі, яе дух стварае мова, бо менавіта праз яе адбываецца развіццё як індывіда, так і нацыі. Вялікі нямецкі вучоны сцвярджаў, што мова - гэта сфера дзейнасці духа, прадукт, створаны ў кожны канкрэтны момант, статычны і пераходны. Праца розуму, што паўтараецца спрадвеку, імкнецца да гукавога выяўлення думкі. Найвышэйшыя і самыя тонкія моманты структуры, асаблівасці мовы могуць быць спасцігнутыя не праз асобныя яе элементы, а праз звязнае маўленне, праз сукупнасць усёй гаворкі, якой і адпавядае мова. І праз гэтыя моўныя паводзіны, сукупнасць выказванняў увасабляецца дух нацыі, таму мова - гэта глыбіннае і філіграннае выяўленне індывідуальнай своеасаблівасці нацыянальнага духу. Погляды В. фон Гумбальта пазней атрымалі працяг у канцэпцыях найбуйнейшага этнографа ХХ ст. Льва Гумілёва (напрыклад, тая думка, што пераход ад унутранай прататыпічнай мовы да знешняй адбываўся ў выніку сумеснага ўзаемадзеяння нацыянальнага духу - пасіянарнага выбуху)10. Найперш факты мовы дапамагаюць, на думку Гумбальта, рэканструяваць жыццё былых пакаленняў, вытлумачыць дзеянні наступных, асэнсаваць значныя падзеі гісторыі і феномен узнікнення выдатных асобаў. Менавіта праз мову адбываецца ўздзеянне нацыянальнага духу на іншыя народы і сусвет11. Якаб Грым быў супраць канцэпцыі паходжання мовы «па ўстанаўленню», таму што Бог не мог сілаю навязаць рэчаў, якія павінны развівацца ў чалавечым асяродку адвольна, Творца не дазволіў бы губляць мове першапачатковую дасканаласць. Грым лічыў, што мова ўзнікла ў адпаведнасці з прыродай чалавека. Першапачатковыя словы (тут Я.Грым цалкам падтрымліваў канцэпцыю А.Шлейхера - В.Гумбальта) складаліся з адных каранёў і азначалі ўяўленні аб рэчах. Мова была багатая на лексемы і магла апісаць кожную канкрэтную сітуацыю. Першымі часцінамі мовы былі займеннікі і дзеясловы. Словы былі зразумелымі і непасрэднымі, але сэнсава перагружанымі, полісемічнымі. Першабытная каранёвая мова з развіццём чалавечага грамадства пачынала разбурацца, набывала характар афіксальна-флектыўнай, дух мовы драбніўся на асноўныя і дадатковыя ўяўленні. Атрымлівалася, што першапачатковая мова бяднела і занепадала. Словы, якія абазначаюць дадатковыя ўяўленні ў скарочаным, усечаным выглядзе, набывалі статус флексіі-фарманта, прэфіксаў-афіксаў, далучаліся як службовыя да асноўнага значэння. Лексічныя адзінкі праз механізм граматыкалізацыі пераходзілі на марфолага-сінтаксічны ярус12.

Выдатны псіхолаг і філосаф другой паловы ХІХ ст. В.Вунд, паслядоўнік навуковай лініі Гумбальта-Грыма, лічыў, што мова ўтвараецца несвядома і сама сабой. Словы ўзнікаюць з інтуітыўных пабуджэнняў. Спачатку слова - гэта суб'ектыўная рэакцыя на ўнутранае развіццё, не само ўяўленне аб прадмеце, а тое, як гэта ўяўленне падсвядома ўплывае на ўнутраны свет чалавека13.

Да сутнасці пытання адносна паходжання мовы нас набліжае погляд французскага філосафа-асветніка Эцьена Кандыльяка. Згодна з гіпотэзай даследчыка, словы ўзніклі як рэакцыя, заклік суродзічаў на дапамогу («Вопыт аб паходжанні чалавечых пазнанняў», 1746).

Першапачатковыя словы былі падказаны Творцам, а ўсе населеныя на зямлі істоты былі названыя Адамам. Словы, якія абслугоўвалі пачуццёва-эмацыйную, абстрактна-адцягненую сферы ўзніклі з заклікаў аб дапамозе і як рэакцыя спачування, унутраная рэфлексія на перажытае, падсумаванне жыццёвага вопыту. Сігналы аб такіх станах лакалізаваліся ў галаўным мозгу чалавека і фармавалі матывацыю як усвядомленую неабходнасць. Матывацыя пра словы набліжала чалавека да жаданага стану і мадэлі дзейнасці для дасягнення мэты14. Паводле сучаснай эталогіі, менавіта лідэры (найбольш актыўныя істоты) спрыялі фармаванню лексемаў (як рэакцыя на жыццёвыя сітуацыі), а дамінанты-кансерватары папулярызавалі і замацоўвалі ў чалавечым калектыве гэтыя словы. Відаць, ужо з тых часоў чалавецтва пачало задумвацца пра феномен выдатнай асобы, здольнай змяніць развіццё гісторыі. У старажытнасці, паводле працаў А.Моля, пераважала «мазаічная культура», якая была рэакцыяй на стыхійны вопыт кожнага этнасу, фармавала яго асабісты ўнёсак у сусветную культуру, яго бачанне свету. Сітуацыйнасць мышлення, яго «мазаічнасць» спрыяла ўзнікненню нацыянальных моў15. Сітуацыйныя веды складваліся ў залежнасці ад удзелу чалавека ў пэўных падзеях, як рэакцыя на жыццёвыя абставіны. І як сігнал, прасімвал такіх сітуацый, у вопыце старажытнага чалавека ўзнікла слова. Праз паказ блізкім людзям складаных жыццёвых сітуацый (праз пантаміму), іх драматычнае перажыванне-спасціжэнне, перадачу вопыта маладзейшым, ішло папаўненне і ўзбагачэнне мовы новымі членападзельнымі словамі16. Адцягнена-прычынная лексіка ўзнікла ад слоў са значэннем пэўнага, канкрэтнага роду дзеяння17. Жыццёвая практыка патрабавала большага скарачэння дзеяння-пантамімы і замены яе адпаведнымі гукавымі знакамі. Развіццё мовы як сістэмы пашыраных паведамленняў са зменамі ў адпаведнасці з часам прывялі да іерархіі алфавітаў, сінтаксіса сказаў, неадназначнасці імёнаў18.

Свой погляд на прыроду думкі і слова, паходжанне мовы выклаў у фундаментальным трактаце «Філасофія імені» сусветна вядомы філосаф і багаслоў Сергій Булгакаў. Вучоны лічыў, што слова, «уцялесненае ў гістарычную абалонку», мае сваё пэўнае месца ў мове і перыядах яе функцыянавання, «яно госця з іншага свету», дакладней сказаць, яно належыць адразу двум светам. Хаця яно даецца ў рукі лінгвісту для аналізу, але духоўнай сваёй абалонкай не аддаецца яму цалкам і застаецца самім сабой, таму слова, асабліва як інструмент сярэднявечных кніжнікаў, не змяшчаецца цалкам у свецкі аб'ект даследавання. Фактычна ні анаматалаэтычная (гукаспадабняльная), інтэрэкцыйная (тайна ўзнікнення з выпадковых выклічнікаў), псіхафізіялагічная (з унутраных уяўленняў-жэстаў) тэорыі паходжання слова, як і прыпісванне стварэння яго генію з сівых далёкіх часоў, не вытлумачваюць да канца сутнасці працэсаў параджэння лексемаў. Нельга пакідаць па-за ўвагай і той аспект, што думка не існуе без уцялеснення ў слове, як і знакамітае гумбальтаўскае сцвярджэнне, што гісторыя існавання моў, узровень іх развіцця залежаць пераважна ад нацый носьбітаў. Слова жыве не толькі ў свядомасці чалавека, дзе яно ўспыхвае, яно належыць і Быццю, бо чалавек - сусветная арэна, мікракосмас, бо ў ім і праз яго гучыць сусвет, таму слова антрапакасмічна, ці, дакладней, антрапалагічна. Гэты антрапалагічны пачатак, узаемасувязь чалавека як вобраза і падабенства Божага і ёсць грунт для пастаноўкі пытання аб адзінай прамове-кайнэ, у якой ядналіся ўсе мовы-дыялекты (як былі перакананы сярэднявечныя вучоныя), бо чалавечая мова - ідэалізаванае ўяўленне-прамаўленне самых рэчаў - заўсёды цэласная і адзіная. І таму вавілонскае стоўпатварэнне многім філосафам-багасловам бачылася ў фенаменальным памнажэнні адной і той жа існасці, быццам распад белага промня на спектр, памнажэнне, ускладненне і распад-падзел адной унутранай мовы-кайнэ, тоеснай і ў сваім гукавым уцялесненні.

У Кнізе Быцця (2, 19) гаворыцца, што Бог прывёў да першачалавека Адама жывёлаў, каб бачыць, як ён іх назаве, і такое найменне яны мелі ў далейшым. С.Булгакаў19 лічыць, што істоты самі назвалі сябе праз яго і ў ім, бо ён, як чалавек, як мікракосмас, быційна змяшчаў іх у сабе як носьбіт Божага Логаса, як вобраз Божы, які меў у сабе дар ідэалізацыі свету. У ім нараджалася сусветнае слова, і не суб'ектыўна, а заканамерна, бо імёны звяроў і птушак гучалі ў чалавеку як іх унутраныя словы пра сябе, як самаадкрыццё саміх рэчаў. Найменне было не толькі пасіўным актам з боку чалавека як люстра рэчаў, што бачыліся ў ім як ідэі імёнаў сваіх. Першаствораны бязгрэшны Адам здзейсніў подзвіг, пераадолеў творчы Рубікон, уцялеснеўшы мову, якая вылучыла чалавека з жывёлы як правобраз і падабенства Божае. І першыя словы, прамоўленыя Адамам, былі адгалоскам гучання Сусвету, яго ідэалізацыі, таму яны адначасова сімвалы, бо яднаюць матэрыяльнае з ідэальным, яны жывыя і рэальныя іерогліфы рэчаў. Словы маюць сваю энергію, якая рэалізуецца праз форму (сістэму прэфіксаў-суфіксаў, флексій-фармантаў) дзякуючы іх службовай функцыі і таму вядомай аднастайнасці, а таксама шматлікім сэнсам, якія месцяцца ў корані-сінеме. Таму і была гэтак пашырана гіпотэза пра карані як першапачатковыя словы. Службовыя часткі слова (афіксы, флексіі, фарманты, часціцы) таксама ў першабытныя часы былі словамі. З цягам часу з лексемамі адбываліся працэсы памнажэння, спрашчэння, ускладнення ўнутранага зместу. Тыя словы, унутраны змест якіх спрашчаўся, нівеліраваўся, унутраная форма губляла матывіроўку і рабілася закрытай, хутчэй набывалі статус службовых.

Лексемы ж, змест якіх памнажаўся, ускладняўся, часта выконвалі функцыі тропаў, уваходзілі ў склад рытарычных фігураў, на іх прыкрытую ўнутраную форму (корань-сінему) накладаліся іншыя сэнсы, што дадавалі новую матывіроўку, - такія словы далучалі да сінемы службовыя элементы. Яны дайшлі да нас як сучасныя словы фактычна са старой гукавой абалонкай, дзе змешчаны перададзеныя па аналогіі прыкметы, новыя метафарычныя (метанімічныя) сэнсы. Услед за Герберам Булгакаў лічыў, што словы самі сябе нараджаюць, ідэя сама зрошчваецца з гукавым комплексам, сэнс уцялесніваецца праз гукі, але мова зусім не вынік чалавечай творчасці, а сімвалы - не аб'ектыўныя знакі; мова, бы вясёлка, узнікае з першаслоў Адамавых, і ў гэтай прамове-кайнэ мясціліся зародышы ўсіх моў. У Сярэднявеччы лічылася, што шматлікасць, мадальнасць моў - гэта вынік маральнай дэградацыі, таму і размежавання людзей, а кожная мова выдатная сама па сабе. Зазначым, што дар гласалаліі, здабыты апосталамі пасля Богаўцялеснення ў час Пяцідзесятніцы, дапамог чалавеку пераадолець шматязычнасць. Нездарма ў славянскай кніжнасці лічылася, што прамова адна, а розныя мовы толькі яе модусы, і кожны з іх рэзаніруе на сваю сістэму рытмаў, свой аспект сэнсаў. Ідэя ў слове ўвасабляецца ў пісьмовай форме праз літары. На імкненні падгледзець гэтую ідэю да зараджэння слова, стану адзінай натуральнай мовы, на якой гаварыў з праайцамі Бог у Раі, дарэчы, і пабудаваны футурызм. У Сярэднявеччы лічылася, што анталагічнае адзінства моў пасля грэхападзення, дэвальвацыі маральных каштоўнасцяў «залатога веку» замяняецца псіхалагізмам, фактычным ужываннем мовы, бы замутнёным шклом, пашкоджанай прызмай, якая неістотныя адрозненні дыялектаў даводзіць да стану асобных моў.

Яшчэ славянскія першанастаўнікі былі перакананыя, што алфавіт - гэта малітва народа да Творцы аб самым надзённым, пра строгую, нязменную перыядычную сістэму якога сведчыў факт дапасаванасці лічбаў да літараў. Антычны матэматык Піфагор лічыў, што паміж гарманічным гукарадам і натуральнай паслядоўнасцю лічбаў існуе цесная сувязь, нават калі яны абазначаюцца рымскімі літарамі. Гэтая сувязь забяспечваецца, на думку вучоных, іх хвалевай прыродай, якая ахоплівае ўсе працэсы як адзінае цэлае і для Зямлі, і для космаса. Увесь шыфр алфавіта і адпаведных лічбаў абазначаў натуральны рад цыклічных і дынамічных хваляў, які адпавядае перыядычнаму звароту Зямлі вакол сваёй восі і вакол цэнтра. Таму ўся сярэднявечная кніжнасць вызначалася асаблівай увагай да слова, бояззю змяніць літару ў слове ці значок у дыграфе, каб не парушыць спрадвечнай сувязі этнаса з Творцам і Сусветам. Згадаем, што былі нават не рэформы пісьма, а толькі пакутлівае выпраўленне кніжнае, а кожнаму грунтоўнаму нацы янальнаму перакладу Бібліі папярэднічаў адпаведны больш дакладны ў параўнанні з папярэднім звод кніг Святога Пісання.

Зазначым, што для хрысціянства быў вызначальным культ сакральнага тэкста з яго абвостранай увагай да кожнага слова. Нездарма сярэднявечную культуру называюць «культурай тэкста» ці «каментарыйнай культурай».

Філалагічныя пытанні не толькі ўваходзілі ў кола тэмаў Святога Пісання, яны ўзнікалі ў сувязі з перакладам і тлумачэннем кананічных тэкстаў, рэлігійнай палемікай і пропаведдзю, так званымі рытарычнымі праблемамі, менавіта на філалагічных аспектах была засяроджана канфесійная дзейнасць.

У «Прогласе» да Евангелля Канстанціна Філосафа слова збліжаецца ў тэолага-філасофскім сэнсе з Хрыстом, Яго вучэннем, усведамляецца як найвялікшая духоўная каштоўнасць, адзін з галоўных элементаў пропаведзі Хрыста (Бога-Логаса).

Слова разумелася як сродак этычнага, эстэтычнага і духоўнага ўдасканалення. Безумоўна, пісьменства павялічыла моц слова, бо пакуль слова не ўвайшло ў кнігі, а праз іх і ў душу чалавека, нельга было ва ўсёй паўнаце зразумець яго прыгажосці і глыбіні, праз слова наблізіцца да Бога. Натуральна, што народ без свайго пісьменства не можа быць юрыдычна і духоўна незалежным. Менавіта ў слове кніжнікі бачылі падмурак стварэння нацыі, крыніцу плённага духоўнага росту.

Для маральнага ўдасканалення, спасціжэння хрысціянскай веры слова павінна быць не пустым «мядзяным звонам», а перакладзеным і таму зразумелым кожнаму.

Актыўная перакладчыцкая дзейнасць старабеларускіх кніжнікаў асабліва спрыяла росквіту старабеларускай кніжнасці, яе «залатому веку».


  1. Данте Алигьери. Малые произведения. М., 1968. С. 271.
  2. Тамсама.
  3. Тертулиан. О свидетельстве души. Творения. Киев, 1910. Ч. 2. С. 215.
  4. Гл.: Якушин Б.В. Гипотезы о происхождении языка. М., 1984. С. 23.
  5. Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. М., 1979. С. 59.
  6. Tiedemann D. Versuch einer Erklärung des Ursprungs des Sprache. Riga, 1772.
  7. De Bonald G.A. Legislation primitive considéreé dans les derniers temps comme pas seules lumieres de la raison. P., 1802. Vol. 1. P. 241. Blar. Lectures on rhetoric and illes lettres. L., 1783, перав. Р., 1797. рус. пер. Гарин Г., Лихачев П. О начале и постепенном приращении языка и изобретении письма. М., 1799.
  8. Неретина С.С. Слово и текст в средневековой культуре: концептуализм Абеляра. М., 1994. С. 11-176.
  9. Звегинцев В.А. История языкознания ХІХ и ХХ веков в очерках и извлечениях. М., 1960. Ч. 1. С. 68-86.
  10. Гумилев Л.Н. Этногенез и биосфера Земли. М., 1994. С. 321-361.
  11. Гумбольдт В. Избранные труды по языкознанию. М., 1984. С. 60-67.
  12. Звегинцев В.А. История языкознания... С. 64.
  13. Вундт В. Душа человека и животных. Спб., 1866. Т. 2. С. 484.
  14. Симонов П.В. Высшая нервная деятельность человека: мотивационно-эмоциональный аспект. М., 1975.
  15. Моль А. Социодинамика культуры. М., 1973. С. 45.
  16. Гирн И. Происхождение искусства: исследование его социальных и психологических причин. Харьков, 1923. С. 115.
  17. Маслиева О.В. Становление категории причинности. Л., 1980. С. 23.
  18. Теоретические проблемы прикладной лингвистики. М., 1965. С. 25.
  19. Булгаков С. Философия имени. Париж, 1953. С. 24-27.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY