Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(10)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года

«НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА...»
Кантакты

Біблія

КНІГА, РОЎНАЯ СУСВЕТУ
Мастацтва

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»
Нашы святыні

ФАТОГРАФ І ДАСЛЕДЧЫК
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Проза

QUO VADIS
Культура

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ

Дадатак да артыкула: Галерэя
Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»

Сюжэты Божага Нараджэння ў старабеларускім мастацтве

Найвялікшая падзея заходняй цывілізацыі досыць сціпла апісана евангелістамі. Мацвей толькі канстатуе яе, а потым гаворыць пра трох мудрацоў. Апавяданне Лукі не намнога больш падрабязнае: «Калі ж яны былі там, прыйшоў час Ёй нарадзіць, і нарадзіла Сына свайго Першага, і спавіла Яго, і паклала Яго ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 6-7). З далейшага тэксту вынікае, што пры Нараджэнні Езуса прысутнічаў Юзаф. Іншыя дэталі паведамляюць апакрыфічныя тэксты (Протаевангелле Якуба) і легенды.

Святкаванне Нараджэння Божага 25 снежня зарадзілася ў Рыме, а потым было запазычана Усходняю Царквою. Каталіцкі Касцёл 6 студзеня адзначае свята Трох Каралёў. Самыя раннія (ІV ст.) з дайшоўшых да нашага часу сцэны «Нараджэння» на саркафагах вельмі простыя: у яслях пад навесам ляжыць спавітае Дзіця, над якім схіліліся вол і асёл, тут жа - Марыя і Юзаф, зрэдку - пастухі. Часам паказана зорка і тры каралі. З VІ-VІІ стагоддзяў вядомыя выявы нараджэння Хрыста ў пячоры, пашыраныя ў візантыйскім мастацтве.

«У той старане былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы статак свой. І вось з'явіўся перад імі Анёл Панскі, і слава Пана асвяціла іх; і вельмі яны спалохаліся. І сказаў ім Анёл: не бойцеся! Бо вось я абвяшчаю вам вялікую радасць, што будзе ўсім людзям: бо цяпер нарадзіўся вам у месце Давідавым Збавіцель, які ёсць Хрыстус Пан; і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялёнках у яслях. І раптам з'явілася з Анёлам вялікае войска нябеснае, славячы Бога і ўсклікаючы: хвала на вышынях Богу, і на зямлі спакой людзям добрай волі! Калі Анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін другому: пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там здарылася, аб чым абвясціў нам Пан. І паспешна выйшлі і знайшлі Марыю і Юзафа, і Дзіцятка, якое ляжала ў яслях» (Лк 2, 8-16).

Евангельскае апавяданне аб пакланенні пастухоў было найбольш пашырана ў іканапісе на праваслаўным усходзе Беларусі. Некаторы ўплыў на гэта магла зрабіць гравюра з досыць папулярнага Куцеінскага «Трэфалагіёна» (Святочнай Мінеі) 1647 г. На ёй у цэнтры - Дзіця ў плеценым авальным корабе-яслях, якія пастаўлены перад цёмным правалам пячоры ці шопы. Вялізная 8-канцовая зорка апусцілася з неба, каб асвяціць шопу, а на яе дошкавы дах селі воблакі з хорам анёлаў - як бы ў момант нараджэння Збаўцы знікла мяжа паміж небам і зямлёй. З левага боку перад яслямі стаяць Марыя і Юзаф, справа - пастухі, адзін з іх - на каленях. Побач з шопай аж да воблакаў прарастае тонкае дрэўца. Гравюра В.Вашчанкі з Магілёўскага «Актоіха» (1730 г.) у параўнанні з Куцеінскай больш апавядальная, жанравая, менш «іконная», да пастухоў тут дабаўлены два анёлы.

Эпізодам пакланення пастухоў паказана «Нараджэнне Хрыста» на абразе з Міншчыны (цяпер у Расійскім гістарычным музеі), а таксама на абразе з вядомага жаночага Баркалабаўскага манастыра на Магілёўшчыне, заснаванага ў 1641 г. Багданам Стацкевічам. Сёння ў выніку атэістычнага шаленства на месцы храмаў пустка, але ад манастыра захаваліся Баркалабаўская хроніка (у Расійскім гістарычным музеі), цудатворны абраз Маці Божай (у быхаўскай царкве) і абраз Нараджэння Хрыста (у Музеі старажытнабеларускай культуры). Ён экспанаваўся яшчэ на 1-й усебеларускай выставе абразоў у 1918 г., пазней захоўваўся ў Дзяржаўным музеі БССР, напярэдадні вайны быў перададзены ў Дзяржаўны гістарычны музей СССР у Маскве, што і ўратавала яго ад знішчэння. Абраз намаляваны ў 18 ст. на хваёвай аснове памерам 113 х 58 см, тэмперай па ляўкасе, з пазалочаным разьбяным фонам. Пакланенне пастухоў паказана як радасная сямейная падзея. У яслях - тыповай драўлянай скрынцы, якія і цяпер стаяць каля сценаў сялянскіх хлявоў, - на белым пакрывале ляжыць спавіты чырвоным пасам па белай пялёнцы Езус, немаўля з ужо дарослым тварыкам. Над яслямі (злева) стаіць прыгожая маладая Марыя, якая трымае пакрывала, нібы расхінаючы яго, каб паказаць сваё Дзіця пастухам і палюбавацца самой. На Ёй чырвоная сукенка і сіні мафорый, ледзь накінуты на галаву (нагадвае пра вечнае дзявоцтва Марыі). Побач з Ёю над яслямі стаіць задуменны сівавалосы Юзаф, які абапіраецца абедзвюма рукамі на посах. З правага боку над яслямі схіліліся два немаладыя пастухі, адзін з іх трымае на руках баранчыка, а на пярэднім плане стаіць на каленях малады пастух у чырвоным халаце, з вясковай палатнянай сумкай на баку. Асёл і вол таксама па-свойму вітаюць нараджэнне Езуса. Умоўны чорны пралом сімвалізуе хлеў ці пячору, дзе адбылося нараджэнне Збаўцы. Уверсе два анёлкі-пуцці трымаюць стужку з евангельскім тэкстам: «Хвала на вышынях Богу...» У воблачным крузе паказана новазапаветная Тройца, пад якой - бэтлеемская зорка. Тут як бы пачатак і завяршэнне зямнога жыцця Хрыста.

Вельмі своеасабліва паказана Нараджэнне Хрыста на абразе, вывезеным у 1898 г. з царквы в. Латыгава Чашніцкага раёна. Намаляваны ён у 1746 г. яечнай тэмперай на дошцы памерамі 82 х 64 см невядомым мясцовым майстрам-малерам. Унізе ў цэнтры ў просценькіх яслях на зялёнай траве, абкружанае залацістай мандорлай-ззяннем, ляжыць Дзіця, спавітае ў белыя пялёнкі чырвоным пасам. Перад яслямі (справа) стаяць Марыя і Юзаф у блакітных хітонах. Мафорый Марыі цёмна-чырвоны, аздоблены шасціканцовымі зоркамі, гімацій Юзафа жоўтага колеру. За іх спінамі - цёмная шопа з саламянай страхой. На пярэднім плане стаяць вол і асёл. Злева да ясляў набліжаюцца мудрацы ў шапачках і каронах: першыя два сівабародыя з келіхам і сасудам у руках, трэці малажавы, з тварам афрыканскага тыпу, ледзьве бачны каля самага краю. Амаль на галовы мудрацоў спускаецца воблака, на якім стаіць убраны ў рыцарскія даспехі арханёл Міхал з распасцёртымі крыламі і ўзнятым мячом у правай руцэ. На шэра-зялёным фоне намалявана велізарная васьміканцовая зорка з каталіцкай манаграмай Хрыста ІНS, якая сведчыць аб паходжанні абраза з уніяцкай царквы. Заўважым, што азначальныя надпісы кірылічныя, пры гэтым над Дзіцем літары ІС ХС нанесены чырвоным колерам, а назва абраза «Рождество Хрыстова» выдае беларускае вымаўленне мастака. Каларыт абраза някідкі, з перавагаю вохрыстых і шэрых адценняў, архаічна падкрэсленая графічнасць жывапісу. Лаканічнымі сродкамі мастак з кранальнай верай намаляваў евангельскі сюжэт, надаўшы дзейным асобам мясцовае аблічча. Кампазіцыя цалкам самастойная, не кананічная, асаблівай увагі варта нечаканае ўключэнне ў сюжэт начальніка нябеснага воінства арханёла Міхала (як бы ў замен анёльскага хору).

«Нараджэнне Хрыста» абавязкова ўваходзіла ў склад святочнага іканастасу, таму такіх абразоў невялікага памеру захавалася найбольш (Шарашова, Зёлава, Вялікае Падлессе, Давыд-Гарадок і інш.). У зёлаўскім «Нараджэнні» (сярэдзіна 18 ст.) традыцыйная кампазіцыя значна зменена - буйным планам у цэнтры выдзелены лубяны кораб з Дзіцем і Марыяй перад ім. Астатнія фігуры - два пастухі злева і кароль на каленях (справа), які здымае высокую карону, - зменшаны. Апрача напаўразбуранай драўлянай шопы, па краях узносяцца мураваныя камяніцы, на галерэі адной з іх сядзіць Юзаф з ліліяй у руцэ, побач стаіць маленькі вол. Фон аздоблены лілейнымі бутонамі.

Святочнае «Нараджэнне» з Шарашоўскай Прачысценскай царквы (1760 г.) трактуецца як «Пакланенне Каралёў». Яслі з Дзіцем узняты на высокую падстаўку, за якой, займаючы дастойнае месца ў цэнтры, узвышаецца Юзаф, а Марыя сядзіць на нябачным крэсле на фоне шопы. Паменшаныя фігуры каралёў без галаўных убораў у шматколеравых адзеннях сціпла размясціліся на правым краі. Завяршае абраз маляўнічае неба з бэтлеемскай зоркай і анёлкам.

Праваслаўная традыцыя «Нараджэння Хрыста» з пастухамі захавана ў абразе з друйскай Дабравешчанскай царквы. Кампазіцыя наогул традыцыйная, але як бы абрэзаная з бакоў з-за незвычайна вертыкальнага памеру абраза з іканастасу (135 х 62 см). У цэнтры Марыя, якая стаіць на фоне хлява-шопы, расхінае пялёнку, каб паказаць Дзіця пастухам. Побач з Ёю на заднім плане - басаногі задуменны Юзаф. Мастак паказаў толькі двух пастухоў: адзін паставіў перад яслямі кошык з двума галубкамі і нязграбна ўкленчыў, другі як бы ідзе да гледача, трымаючы ў руцэ кошык з яйкамі (сімвал Вялікадня?). Ззаду відзён зламаны ствол дрэва і лесвіца - сімвал пакутаў Хрыста. Верхнюю частку абраза займае пазалочаны фон з разьбяным раслінным арнаментам і зоркай, промень ад якой скіраваны на Марыю.

У «Нараджэнні» з Кобрыншчыны мастак прадэманстраваў веданне еўрапейскага рэнесансавага алтарнага жывапісу, скарыстаўшы адтуль кампазіцыю пакланення каралёў. Марыя з Дзіцем на каленях узнята на высокі трон, пастухі набліжаюцца знізу менавіта з мэтай пакланіцца Езусу, а не паглядзець на Дзіця.

У алтарным і манументальным жывапісе заходнехрысціянскага свету падзея Нараджэння Хрыста найчасцей адлюстроўваецца як пакланенне Каралёў. Найбольш даўнім і дасканалым увасабленнем такога сюжэту ў беларускім касцёльным мастацтве з'яўляецца абраз «Пакланенне Каралёў» (ХVІ ст.) з Петрапаўлаўскага касцёла ў Дрысвятах (Браслаўскі раён). Ён займае выключна важнае месца ў гісторыі беларускага мастацтва як фактычна адзіны ўзор страчанай у час «невядомай вайны» 1654-1667 гг. галіны беларускага жывапісу, у якой уплыў мастацтва еўрапейскай готыкі і рэнесансу найбольш выразны. Абраз быў выяўлены В.В.Церашчатавай у канцы 1970-х гадоў у галоўным алтары касцёла за карцінай з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Ён не згадваецца ні ў якіх друкаваных крыніцах, нават і ў выдатным краязнаўчым апісанні Браслаўскага павету Оттана Гедэмана (Hedemann Otton. Historia powiatu Brasławskiego. Wilno, 1935). Каралеўскі двор (замак) Дрысвяты, вядомы з часоў Вітаўта, з'яўляўся цэнтрам староства. Захаваўся акт фундацыі касцёла, відаць, у больш позняй копіі, бо ў каралеўскі тытул уведзены Інфлянты, далучаныя да Княства Літоўскага ў 1558 г. Першапачатковы дакумент быў напісаны на старабеларускай мове «на сойме валном у Вилни» 6 лютага 1514 г. «Жыкгимонт Божю млстю корол Полский, Великий Княз Литовский, Руский, Пруский, Жомойтский, Мазовецкий, Инфлянтский, панств и земль пан и дедич. Упатруючы и уважаючы мы то в нас с пилностю, иж на том свете заслуги нет перед Пном Богом лепшое, яко в розмноженю хвалы Божое, а звлашча межы людми и подданымі ншыми, которые еше недавно с темностей поганских сут наверненые на веру хрестиянскую, розказали есмо воеводе нашому Виленскому пну Миколаю Радзивилу, державцы Дрысвяцкому, абы збудовал церков Матки Божое набоженства светого рымского костела в месте нашом Дрысвяцком...» (Акты Виленской археографической комиссии. Вильна, 1908. Т. 33. С. 20). Дата асвячэння касцёла невядомая, але можна спадзявацца, што Мікалай Радзівіл (1470-1522) паспеў выканаць каралеўскі загад; у такім разе касцёл пабудаваны паміж 1514 і 1522 гг., тады ж, відаць, быў намаляваны і алтарны абраз. Першае дакументальнае сведчанне аб ім змяшчае інвентар касцёлаў і кляштараў Віленскай дыяцэзіі, складзены біскупам суфраганам Мікалаем Слупскім у 1667-1675 гг. (Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы, ф. 694, воп. 1, спр. 3970). Там паведамляецца, што касцёл стары (на жаль, не пададзена яго назва), пабудаваны ў 1611 г. парохам Лукою Ласоўскім, папраўлены і новымі гонтамі накрыты Мікалаем Германовічам у 1673 г. У галоўным алтары знаходзіўся абраз, названы «Beatissime Virginis Nativitatis Christi et Trium Regum w jednym obrazie» («Блаславёнае Прачыстае Нараджэнне Хрыста і Тры Каралі ў адным абразе»). У інвентары 1744 г. новага касцёла Пятра і Паўла, пабудаванага Людвікам Пацеем і Янам Гарайнам, гэты абраз не ўпамінаецца. Загадку праясняе апісанне касцёлаў Браслаўскага павету 1783 г.: касцёл Пятра і Паўла пабудаваны Пацееем на новым месцы, касцёл жа першай фундацыі Нараджэння Панны Марыі яшчэ стаяў «за местам, на востраве» ( г.зн. у замку). У яго алтары - «абраз Найсвяцейшай Маці Божай на дрэве пісаны (як расказваюць, цудатворны, але цудаў, запісаных пад прысягай, няма)». Можна было б падумаць, што гутарка ідзе пра іншы абраз, але далейшы пералік аздобаў сведчыць пра тое, што на ўвазе маецца ўсё ж «Пакланенне Каралёў»: «У вялікім алтары на абразе Панны і на Езусе дзве срэбраныя пазалочаныя кароны, у Трох Каралёў каронак малых тры...».

«Пакланенне Каралёў» датуецца першай чвэрцю ХVІ ст., пра што гаворыць і надпіс чорнай фарбай на адваротным баку асновы: «1514 падараваны касцёлу». Абраз напісаны на аснове з чатырох ліповых дошак памерам 175 х 102,5 х 2,5 см. На стыках пракладзена павалака, жывапіс выкананы тэмперай і алеем па досыць тонкім ляўкасе. Абраз быў закрыты (пасля 1783 г.) металічным чаканным акладам, які ў асноўным паўтарае малюнак, пакідаючы адкрытымі толькі твары і рукі. Арнаментацыя чаканкі паказвае на канец ХVІІІ ст.: рэльеф высокі, тонкія бессістэмныя лініі, свабодна раскіданыя парасткі з кветкавымі бутонамі. Першапачатковы жывапіс мае рысы паўночнаеўрапейскага рэнесансу, што выразна відаць у абліччы Марыі, кроі яе адзення, мадэліроўцы аб'ёму. Лаканічнасць выяўленчых сродкаў, кампазіцыйнае майстэрства, гарманічны каларыт з перавагаю цёплых таноў характарызуюць твор як высокапрафесійны. У працэсе рэстаўрацыі былі зняты чатыры пазнейшыя слаі паднаўленняў.

Шматфігурная кампазіцыя пабудавана вельмі проста: персанажы займаюць дзве трэці плошчы, верхняя трэць аддадзена скупому пейзажу з архітэктурнымі кулісамі-шопай з саламянай страхой. Праз уваход бачная напаўразбураная цагляная сцяна (сімвал аджыўшага Старога Запавету), праз якую прарастае магутнае дрэва з зялёнай кронай (Новы Запавет). Уверсе над дрэвам ззяе залатая бэтлеемская зорка. Пейзаж у карціне сведчыць толькі пра месца падзеі. Фігуры згрупаваны проста. У цэнтры на ўзвышшы сядзіць Маці Божая, якая трымае перад сабою Дзіця. Прастора абапал запоўнена фігурамі каралёў, апранутых у дарагія адзенні, акрамя іх, прысутнічае св. Юзаф і невядомая асоба (слуга ці воін). Справа размешчаны дзве фігуры: на першым плане ва ўвесь рост у паўпрофіль да гледача стаіць кароль, які ўвасабляе Усход. На ім дарагая залатая карона, аздобленая арнаментальнай чаканкай і каштоўнымі камянямі, і багатае каралеўскае адзенне. Злева укленчыў перад Дзіцем кароль у чырвонай мантыі з гарнастаевым сподам, які сімвалічна ўвасабляе сабою Захад. За ім стаіць кароль-афрыканец, які прынёс пасудзіну з духмянымі рэчывамі. З-за яго спіны выглядае даўганосы вусаты слуга.

У аснову зместу абраза пакладзена сведчанне Евангелля ад Мацвея аб трох мудрацах, якія прыйшлі ў Бэтлеем пакланіцца Дзіцяці-Хрысту:

«Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Іудзейскім у дні цара Ірада, прыйшлі ў Ерузалем мудрацы з усходу і кажуць: дзе Цар народжаны юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Яго на ўсходзе і прышлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэта, Ірад цар занепакоіўся, і ўвесь Ерузалем з ім (...) Ірад, тайком паклікаўшы мудрацоў, выведаў ад іх час з'яўлення зоркі. І паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: ідзіце, дакладна разведайце пра Дзіця і, калі знойдзеце, паведаміце мне, каб і я мог пайсці пакланіцца Яму. Яны, выслушаўшы цара, пайшлі. І вось зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, нарэшце прыйшоўшы, не спынілася над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы ж зорку, яны вялікаю ўзрадаваліся радасцю. І, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і, адчыніўшы скарбы свае, прынеслі Яму дары: золата, ладан і смірну» (Мц 2, 1-12). Аповед Мацвея пазней дапоўнілі царкоўныя і апакрыфічныя паданні. Раннехрысціянская літаратура лічыла радзімай каралёў Аравію, Клімент Александрыйскі назваў персідска-месапатамскі рэгіён. Арыген сцвярджаў, што колькасць каралёў адпавядала колькасці дароў. Багасловы суадносілі іх з трыма асобамі Тройцы ці з траістым складам чалавечага роду. У эпоху вялікіх геаграфічных адкрыццяў мудрацы становяцца ўвасабленнем белай, жоўтай і чорнай расаў ці трох частак свету (Еўропы, Азіі, Афрыкі). На Захадзе ўсталяваліся іх імёны: Каспар, Бальтазар, Мельхіёр. Мошчы каралёў з ХІІІ стагоддзя зберагаліся ў Кёльнскім саборы, магчыма, таму «Пакланенне Каралёў» было незвычайна папулярным у жывапісе Паўночнай Еўропы. Наўрад ці можна знайсці мастака ХV-ХVІ стст. у Італіі, Германіі ці Нідэрландах, які б не напісаў карціну на гэты сюжэт. У візантыйскім жа мастацтве (як і ў старажытнарускім), як правіла, паказваецца «Нараджэнне Хрыста». Найбольш блізкія аналогіі да дрысвяцкага абраза мы бачым у Лукаса Кранаха (1472/73-1553), які з 1502г. амаль бязвыезна жыў у Вітэнбергу. Да 1520-х гадоў кранахаўскі стыль сфармаваўся, тады ж творчасць самога мастака змяшалася з творамі яго вучняў. Гісторыкі мастацтва характарызуюць карціны Кранаха як сплаў прыдворнага рэнесансу і народнай казачнасці. З яго майстэрні выйшла вялікая колькасць паўтораў, часам прызначаных для пасылкі ў якасці падарункаў нават за межы Германіі. Лукас Кранах не раз звяртаўся да сюжэта «Пакланенне Каралёў». Найбольш удалай лічыцца карціна з Гале (каля 1514 г.). Да дрысвяцкага абраза бліжэй больш позняя карціна, што захоўваецца ў Наўмбургу (пасля 1518 г.) Разам з тым немагчыма прыпісаць абраз ні аднаму з нямецкіх майстроў, у ім няма падкрэсленай аб'ёмнасці твараў, рысы змякчаныя, славянскія, без грубаватай манернасці, прыкметныя рысы іканапісу. Хутчэй за ўсё гэты абраз створаны невядомым нам віленскім мастаком.

З супрацьлеглага краю Беларусі паходзіць, напэўна, алтарны абраз «Пакланенне Мудрацоў» першай чвэрці ХVІІІ ст., выяўлены ў 1920 г. ва Успенскай царкве в. Басценавічы на Мсціслаўшчыне. Абраз намаляваны тэмперай на дошках, памер 164 х 93,5 см. У параўнанні з дрысвяцкім яго кампазіцыя выразна іншая, свабодная, у духу позняга барока. Марыя стаіць на фоне сімвалічнай шопы з дошкавым дахам на тонкіх слупах, трымаючы на пялёнцы аголенае Дзіця. Постаць Марыі манументальная, з-за яе пляча выглядвае святы Юзаф. Перад імі ўкленчыў на адно калена сівы мудрэц у зялёным хітоне і вохрыстым гімаціі (левай рукой ён падае сферычны сасуд). Над ім узнімаецца велічная фігура цёмнатварага мудраца ў кароне-чалме з пяром, у ярка-чырвоным хітоне і зялёным плашчы (сасуд з падарункам таксама ў левай руцэ). Паміж двума мудрацамі ўціснуты трэці. Над імі (на заднім плане) відзён горад (ці крэмль), пад сценамі якога цячэ рака і ўзвышаецца гара (Н.Ф.Высоцкая лічыць, што тут паказаны Смаленскі крэмль і з дапамогай дасканалага архітэктурна-гістарычнага аналізу датавала абраз 1723-1728 гадамі). Верхні край асновы над тонкай чарадою светлых воблакаў займае пазалочаны фон з разьбяным раслінным арнаментам, у які ўпісана шасціканцовая бэтлеемская зорка.

Незвычайна разгорнутая кампазіцыя з вялікай колькасцю другарадных асобаў на «Пакланенні Каралёў» з уніяцкай царквы ў Маларыцкім раёне, фундаванай каралём Янам Сабескім, як бы перагукваецца з цудоўнай гравюрай Аляксандра Тарасевіча ў вядомым «Разарыуме». Няма падставаў гаварыць аб гравюры як прататыпе гэтага выдатнага абраза эпохі барока, аднак відавочная яе прыналежнасць да адной мастацкай школы.

Мяркуючы па даволі значнай колькасьці дайшоўшых да нашага часу абразоў з розных канцоў Беларусі, «Пакланенне Каралёў» было шырока распаўсюджаным у касцёлах і цэрквах. Магчыма, для мясцовай арыстакратыі сюжэт меў свайго роду прыдворна- цырыманіяльную прывабнасць, як гэта адзначана гісторыкамі еўрапейскага мастацтва. Не выпадкова Ян Сэгень у 2-й пал. 17 ст. папрасіў дапоўніць каралёў на дрысвяцкім абразе сваёй постаццю. Аднак і ў больш дэмакратычных увасабленнях «Нараджэння Хрыста» з пастухамі час ад часу з'яўляюцца і каралі. Наогул жа гэта адзін з любімых сюжэтаў іканапісу, як і само свята для ўсіх беларусаў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY