|
Таіса БОНДАР
* * *
Імя Бязмежжа... Формула Любві -
Душы, ўлюбёнай у Жыццё і Бога!
Куды б ні скіравалася дарога,
Усюды - Неба, вецер, галубы!
Ва ўсім - імкненне ўвысь,
насустрач промням,
Што караняцца ў горняй вышыні.
Штоміг у недасяжным іх агні
Згарае чыйсьці страх ці горкі спомін.
Штоміг якаясьці з зямных трывог
Не справай, дык учынкам прарастае -
І дабрыні паўсюдна прырастае...
А мы гаворым: усміхнуўся Бог.
|
* * *
Лёс на мяжы тысячагоддзяў
Пачнецца з чыстага ліста?
Тут, сёння, тыя, хто прыходзіў,
Каб стрэліць і распнуць Хрыста.
Адведзены ім час мінае
(Ужо мінуў!), а ўсё няўцям,
Што грэх граху не замінае,
Калі не ўсведамляць канца.
А ўсведамляюць жа! І маскі
Спаўзлі, адкрыўшы сутнасць іх,
Намер іх - не з высокай ласкі,
Дык гвалтам - жыць за кошт слабых.
Жыць, каб забіць Любоў і Бога,
Калі спатрэбіцца - сам Дух,
Але падманная дарога
Звілася ў новы чорны круг.
Не выйдзе. Гэты раз не выйдзе.
Адведзены ім час мінуў.
Не злоснікам крычаць аб крыўдзе.
Не здрайцам выкупляць віну!
|
* * *
Прызнацца Усявышняму ў любві
Не перад алтаром, перад Прастолам,
Які пагляду сэрца міг явіў,
Не ўпаўшы мёртвым, аніхто не здолеў.
І ўсё-ткі сэрца знае гэты міг,
І ўсё-ткі сэрца помніць шчасце стрэчы!
Адкуль? Чаму ў далонях трапяткіх
Дасюль трымціць
нябачнай кветкай Вечнасць?
Раздзьмухаю святлінку - і прасцяг
Звужаецца да промніка, да ніці,
Што, спалучыўшы ўсе вякі жыцця,
Знікае, гасне ў бліску таямніцы.
Згасае - толькі б змрок не паланіў
Святло ўспаміну, радаснага руху! -
Каб зноў успыхнуць дзесьці ў вышыні,
У бездані яе, знаёмай духу.
|
МАЛІТВА
Люблю Цябе, мой Госпадзе! Ты бачыш
Маю душу, што кленчыць прад Табой,
І ў песні шчасця, і ў бязгуччы плачу,
І ў мроі сну знаходзячы Любоў.
Тваю Любоў! Тваё благаслаўленне!
Бо што ва мне, смяротнай, ад мяне?
Удзячнасць? Радасць? Ціхае маленне?
І гэты век міне. І час - міне.
Пагаснуць сонцы.Змоўкне круг
ганчарны.
Аглухне цемра ад свайго выцця.
І ўсё-ткі будзе доўжыцца гучанне
Імя Твайго на пространях Жыцця.
Імя, ў якім разгадка таямніцы
Няіснасці і існасці багоў...
Мне сніцца шлях -
так толькі шчасце сніцца! -
І ён, той вечны шлях, вядзе ў агонь.
Агонь?! - штораз пытаю ў
паняверцы,
Перш чым ступіць, і знікнуць у агні,
І там з Табою, Госпадзе, сустрэцца
Прад алтаром бязмежнай вышыні.
|
* * *
Шлях душы - ў набліжэнні да Бога,
Што б за ім ні шукала душа.
Ён - для кожнага, і - для нямногіх,
Бо нямногіх пад'ём спакушаў.
Рух угору - з сябе - над сабою! -
Вымагае ўсёй сілы душы,
І любоў прарастае Любоўю
Не пад райскім кустом - на крыжы.
На крыжы міласэрнасці й мукі
За любога, з кім памяць звяла,
Мо за крок ад чарговай разлукі,
Мо за міг ад прыходу Святла.
Не аціхнуць ні боль, ні трывога,
Покуль пространь не знята з крыжа...
Шлях душы - ў набліжэнні да Бога,
Што б за ім ні шукала душа.
|
* * *
Самапрызнанні і самаўхваленні,
Аўтапартрэты на фоне вякоў...
Час, як і шлях, разабраны на звенні:
Мала абраннікаў, многа вянкоў.
Многа лухты і яе пазалоты -
Там, дзе павінны стаяць алтары
Новых мажлівасцей, новых палётаў
Духа, які ў сабе Бога адкрыў.
Бога - Любоў - неабдымную Існасць
Кожнай часцінкі Стварэння Яго...
Што для маштабаў такіх -
рэчаіснасць
Шляху майго, існавання майго!
Шлях спакушае згарэць, растварыцца
Промнем у вечным патоку Святла -
Дух, дасягаючы першакрыніцы,
Бачыць Агонь пад наносамі тла.
Вечны Агонь, да якога імкнецца
Прагай Жыцця зачарованы свет,
Гэты, ці іншы ў бязмежным сусвеце...
Дух - яго водбліск,
палёт - Яго след.
|
* * *
Магчы, мець права і не ведаць мэты...
Горш! - не імкнуцца ўведаць...
Бедны люд!
Чакае цуду, а найбольшы цуд -
Прарочае ўсясілле запавету.
Здавалася б, чаго прасцей - любіць?
Любові ўсё на ўсіх шляхах адкрыта.
Хай рвецца, абарвецца шлях, як ніць, -
Ёсць дапамога Бога! Ёсць малітва!
Любой адданай, чыстае душы,
Яе малітве - адгукнецца Неба,
Не для таго, каб суд над ёй вяршыць,
А каб адкрыць, у чым яе патрэба.
У чым, у Кім... І ўзнагарода ў тым!
Хто знае мэту, той кірунак знойдзе.
Прасцяг чакае. Спалены масты.
Над безданню ўстаюць тысячагоддзі.
|
1999
|
|