Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(10)/1999
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
Да юбілею 2000 Года

«НАПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА...»
Кантакты

Біблія

КНІГА, РОЎНАЯ СУСВЕТУ
Мастацтва

«І НАРАДЗІЛА СЫНА СВАЙГО...»
Нашы святыні

ФАТОГРАФ І ДАСЛЕДЧЫК
Паэзія

ВЕРШЫ
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Проза

QUO VADIS
Культура

ГОСЦЯ З ІНШАГА СВЕТУ

Тамара ГАБРУСЬ

З АРХІТЭКТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ СІРОТКІ

Са старажытнасці галоўным будаўнічым матэрыялам на Беларусі было дрэва. У сярэднія вякі ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім з яго ўзводзіліся не толькі сялянскія хаты і гаспадарчыя пабудовы, але і шляхецкія двары, магнацкія замкі. Нават першы замак усемагутных князёў Радзівілаў у Нясвіжы, узведзены каля 1533 г., быў драўляны. Аднак, як сведчаць гістарычныя дакументы, не толькі прыватныя жылыя будынкі, але і грамадскія культавыя збудаванні, як праваслаўныя, так і каталіцкія, на той час былі пераважна драўляныя. Большасць касцёлаў ХІV-ХVІ стст., што мелі фундушы ад радавітых дзедзічаў і нават ад вялікіх князёў і каралёў, першапачаткова ўзводзіліся з дрэва. Выключэнне складаюць не больш за дзесятак мураваных касцёлаў, напрыклад, фары ў Наваградку, Вільні, Гродне, Клецку, Ішкалдзі, Гнезне, Уселюбе, якія часткова захавалі сваё аўтэнтычнае сярэднявечнае аблічча альбо зберагліся ў асобных фрагментах больш позніх пабудоў ці проста вядомыя па архіўных крыніцах.

Відавочна, які магутны пласт нацыянальнай культуры ўзняў князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка, першы ардынат нясвіжскі. Актыўнай будаўнічай дзейнасцю ён не толькі ператварыў сваё радавое гняздо, як адзначалі сучаснікі, «у сапраўдную Італію», але і пакінуў нашчадкам даволі шмат помнікаў мураванага сакральнага дойлідства. Як апантаны прыхільнік каталіцкага веравызнання, ён імкнуўся рэалізаваць усе свае фундацыі на карысць Касцёла ў найбольш трывалым і доўгавечным матэрыяле: узвесці манументальныя мураваныя будынкі святыняў. Гістарычна сталася так, што яны адзначылі пачатак Новага часу ў мастацкім жыцці грамадства ўсёй Рэчы Паспалітай.

У артыкуле «Святыня незвычайнага лёсу» («Наша вера», № 2 (6), 1998) мы адзначалі, што ў архітэктуры касцёла езуітаў Божага Цела, першага твора стылю барока на тэрыторыі Рэчы Паспалітай, які быў пабудаваны архітэктарам-італьянцам Д.-М.Бернардоні, запрошаным у Нясвіж князем Радзівілам Сіроткам, у параўнанні з першаўзорам усіх езуіцкіх касцёлаў эпохі барока - саборам Іль Джэзу ў Рыме - выявіліся самабытнасць і адметнасць мастацкіх формаў. У разышоўшыхся ад яго промнях будаўнічай дзейнасці Сіроткі сакральнага характару на Беларусі гэтыя рысы выявіліся яшчэ больш яскрава. Мастацтвазнаўчы аналіз архітэктурных формаў святыняў, фундаваных М.-К.Радзівілам Сіроткам, у храналагічным парадку, адпаведна датам фундацый і будаўніцтва, вядомым дакладна ці найбольш верагодным (таму што ў розных гістарычных крыніцах яны часам не супадаюць), дае магчымасць выявіць паслядоўную эвалюцыю аб'ёмна-прасторавых кампазіцый, канструкцый і дэкору, а таксама агульную тэндэнцыю творчых пошукаў у тагачасным беларускім сакральным дойлідстве.

У 1582 г., яшчэ перад паломніцтвам у Святую зямлю, Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка даў абяцанне пабудаваць капліцу ў гонар святога Рафала, апекуна падарожнікаў, і зрабіў на яе першую фундацыю. Аднак будаўніцтва капліцы пачалося толькі праз 11 гадоў, пасля ўзвядзення езуіцкага касцёла Божага Цела. У 1593 г. на самым высокім у наваколлі ўзгорку (прыблізна за 0,7 км на паўднёвы ўсход ад Нясвіжа) за 10 дзён была пастаўлена невялікая святыня, ва ўзвядзенні якой браў удзел сам князь з сям'ёю і дваром, падносячы цэглу і вапну (магчыма, таму яна стала адным з любімых стварэнняў Сіроткі). Святыня вылучалася надзвычай цікавай рэлігійнай гісторыяй і своеасаблівым мастацкім абліччам. З розных крыніцаў вядома, што капліца мела памеры 9 х 13 літоўскіх локцяў (прыблізна 5,4 х 7,8) і незвычайную, перакрытую купалам, 6-гранную прызматычную форму, якой князь, заказчык і будаўнік, надаваў нейкае сімвалічнае значэнне.

У 1598 г. галоўны алтар, як і ўся святыня, быў асвечаны ў гонар св. Рафала, але ўжо ў 1600 г. мясцовыя жыхары стыхійна перайменавалі святыню ў гонар Міхала Арханёла, апекуна Беларусі. Паэт-рамантык Уладзіслаў Сыракомля, народзінец тых мясцінаў, у сваіх краязнаўчых нататках пісаў, што ўзгорак, на якім стаяла святыня, пачалі называць гарой Анёльскай, Арханёльскай ці Святаміхайлаўскай, і адсюль пайшла прымаўка: «Адсунуўся, як святы Міхал ад Нясвіжа».

Касцёл Арханёла Міхала пад Нясвіжам. Рэканструкцыя Т.Габрусь
Святыня ў хуткім часе набыла славу цудатворнай. Маленькі па аб'ёме храм не змяшчаў усіх паломнікаў. Асаблівым яго прыхільнікам быў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч, які перад кожнай ваеннай кампаніяй прыязджаў за падтрымкаю да святога Міхала, кіраўніка нябеснага войска. Ужо пасля смерці Сіроткі, каля 1620 г., на ахвяраванні Я.-К.Хадкевіча храм быў пашыраны: старая капліца стала яго алтарнаю часткаю, а з захаду да яе далучылі прамавугольную наву (памерамі 13,8 х 28,4) з крухтай пры ўваходзе. Да 1635 г. унутры святыні былі створаны тры алтары: галоўны - святога Міхала і ўсіх хораў анёльскіх (па фундацыі сына Сіроткі Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла), бакавыя святога Габрыэля (па фундацыі жонкі Альбрэхта Радзівіла Ганны Зоф'і з Зяновічаў) і святога Рафала (па фундацыі Зоф'і Ганны Слушкі), а пазней яшчэ сем меншых алтароў.

У 1644 г. вакол святыні па абрысе гары ўзвялі мураваную агароджу ў выглядзе падоўжнага васьмігранніка. На яго вуглах і ў сярэдзіне падоўжных сценаў паставілі дзевяць невялікіх каплічак, прысвечаных усім хорам анёльскім. Гэтай галоўнай ідэі была падпарадкавана ўся аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя ансамбля, у якую такім чынам закладвалася глыбокая сакральная сімволіка і строгая «нябесная» іерархія. Святыня ад пачатку належала закону езуітаў. У 1675 г. па-за касцёлам пачалі будаваць жылы корпус для манахаў. На яго месцы ў 1720-1732 гг. паўстаў новы гмах, у будаўніцтве якога ўдзельнічаў прыдворны архітэктар князя Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі - Казімір Антоні Здановіч. Кляштарны будынак, ці калегіум, як называліся кляштары закону езуітаў, быў двухпавярховы, П-падобны ў плане, з андабаковай калідорнай сістэмай планіроўкі і лесвіцамі ў цэнтральным і паўночным крылах. У светлых калідорах стаялі шафы з кнігамі, паміж імі на сценах вісела шмат абразоў, партрэтаў фундатараў і кіраўнікоў ордэна. У паўднёвым і цэнтральным крылах змяшчаліся жылыя памяшканні («ізбы»), у паўночным - кухня, сталовая, а над імі зала пасяджэнняў канвікту. Першы паверх меў скляпеністыя перакрыцці, другі - дашчаную столь. У сярэдзіне галоўнага фасаду з боку двара знаходзілася квадратная вежа (на два ярусы вышэйшая за гмах) з фігурным барочным купалам. Трэці ярус займала «ізба гасцінная»).

Пасля скасавання ордэна езуітаў булай папы Клімента ХІV у 1773 г. была складзена «люстрацыя» комплексу, паводле якой ён выглядаў наступным чынам: «Гай бярозавы на гары, паркан мураваны на 8 граняў. У першай грані брама з франтонам, дахоўкай крытая, вароты абабітыя цвікамі. Званіца драўляная - у квадрат, дах таксама квадратны, падняты на два ярусы, на вугле першай грані паркана». Усе збудаванні комплексу былі накрытыя гонтай, за выключэннем купалоў, абабітых бляхаю. У касцёле над алтаром узвышалася мураваная вежа з купалам. На галоўным фасадзе былі тры вежкі, цэнтральная з якіх завяршалася выяваю Міхала Арханёла «з бляхі мядзянай». Унутры нава перакрывалася скляпеннем «авальным», а купал у алтары (г.зн. у старой цудатворнай капліцы. - Т.Г.) быў мураваны. Пад цаглянаю падлогаю касцёла знаходзілася крыпта з двума ходамі: унутр храма і на кляштарны могільнік. Хоры для арганаў размяшчаліся над уваходам і над закрыстыяй. Праз 60 гадоў Ян Барэйка Ходзька ў сваім рукапісе, прысвечаным касцёлам Мінскай дыяцэзіі, адзначаў, што ў Нясвіжы «за местам быў касцёлак мураваны св. Міхала, цяпер спустошаны, перароблены пад склад запасаў артылерыйскіх». Тое ж адзначаў у сярэдзіне ХІХ ст. Уладзіслаў Сыракомля: «касцёл, пазбаўлены сваёй вежы (зноў маецца на ўвазе цудатворная капліца Сіроткі. - Т.Г.), ператвораны ў склад пораху і амуніцыі вайсковай, ад калегіума няма і слядоў». На сённяшні дзень ацалелі рэшткі падмуркаў касцёла. На жаль, графічныя выявы гэтай святыні не захаваліся.

Вядомы польскі даследчык будаўнічай дзейнасці езуітаў у Рэчы Паспалітай ксёндз Ежы Пашэнда, які прысвяціў гэтай славутай у мінулым святыні цікавы і грунтоўны артыкул, зрабіў спробу яе гіпатэтычнай графічнай рэканструкцыі. Асноўную складанасць рэканструкцыі касцёла паводле яго інвентарных апісанняў уяўляе незвычайная шасцігранная форма плана капліцы. Справа ў тым, што ў гісторыі архітэктуры гэтая форма ўжывалася надзвычай рэдка з прычыны складанасці яе «разбіўкі» на мясцовасці без сучасных геадэзічных прыладаў. Да таго ж узнікае пытанне, як суаднесці з шасціграннікам азначаныя памеры - 9 х 13 локцяў, - уласцівыя прамавугольнікі? Ежы Пашэнда прыняў большы памер за падоўжную вось мяркуемага збудавання, а меншы - за папярочную. У выніку ў яго атрымаўся няроўнабаковы шасціграннік. Аднак пры такой форме плана каплічку нельга было перакрыць купалам, таму што купал па сваёй сутнасці цэнтрычная канструкцыя. Але калі прыняць 9 локцяў за дыяметр упісанага ў шасціграннік круга, а 13 локцяў - за дыяметр круга, апісанага вакол яго, то атрымаем правільны шасцівугольнік - гексагон, які лёгка перакрываецца купалам. Менавіта гэтая дасканалая геаметрычная фігура са старажытнасці сімвалізуе прыгажосць, гармонію, багацце, цэласнасць Сусвету. Магчыма, менавіта такую сімволіку і надаваў Сіротка заснаванаму ім храму. Гэтую ідэю мы і паклалі ў аснову сваёй рэканструкцыі, якую прапануем чытачу. Страчаная святыня і сёння ўяўляе вялікую гісторыка-культурную каштоўнасць у духоўнай спадчыне беларусаў.

Троіцкі касцёл у вёсцы Чарнаўчыцы.
Разгледзім наступны помнік нацыянальнага сакральнага дойлідства, створаны дакладна ў той жа час. У 1585 г., на год раней за касцёл езуітаў у Нясвіжы, Радзівіл Сіротка фундаваў і распачаў будаваць мураваны касцёл у гонар Св. Тройцы ў сваім маёнтку Чарнаўчыцы пад Бярэсцем. З-за таго, што і сілы, і сродкі фундатара былі сканцэнтраваны на галоўнай справе яго жыцця - касцёле Божага Цела, - будаўніцтва чарнаўчыцкага касцёла зацягнулася на дзесяць гадоў і на ім адбіўся мастацкі стыль нясвіжскага ўзора, завершанага крыху раней. Знітаванне формаў мясцовай готыкі і рэнесансу з новымі архітэктурнымі павевамі дало непаўторны варыянт мастацкага сімбіёзу. На жаль, такі складаны генезіс архітэктуры чарнаўчыцкага касцёла пры яе фармальным аналізе, без уліку інтэнцый фундатара, часам прыводзіў да памылковых высноваў (пераважна ў працах гісторыка архітэктуры У.Чантурыі).У сваёй аснове архітэктоніка чарнаўчыцкага касцёла, як і большасці каталіцкіх святыняў Беларусі папярэдняга часу, складаецца з прамавугольнага залавага асноўнага аб'ёма (навы) і роўнавысокага з ім выцягнутага прэзбітэрыя, які мае віму (прамавугольнае перадалтарнае ўзвышэнне) і паўкруглае алтарнае завяршэнне. Падобная форма алтарнай часткі ўжо не гатычная, як лічыў У.Чантурыя, а наадварот, бліжэй па стылістыцы да барока. Абедзве роўнавысокія часткі касцёла аб'яднаны прафіляваным ордэрным карнізам і накрыты высокім клінаватым дахам з агульным вільчыкам і трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе, а не гатычным шчытом. Усё гэта - элементы архітэктуры Новага часу.

Новым у тэктоніцы чарнаўчыцкага касцёла, у параўнанні з культавымі збудаваннямі папярэдняга часу, з'яўляецца наяўнасць трансепта, які надае плану збудавання выгляд лацінскага крыжа. Аднак трансепт прысутнічае тут не ў поўнай акрэсленай архітэктурнай форме, а як яе рудымент і мае незвычайную будову: выразны лацінскі крыж у плане на ўзроўні карніза ператвараецца ў невялікія раскрапоўкі прамавугольнай навы. Чаму так адбылося?

План і разрэз Троіцкага касцёла.
Мы лічым, што падкрэсліванне ў плане святыняў, фундаваных Сіроткам, формы выцягнутага лацінскага крыжа было адказам, адмоўнай рэакцыяй князя на ідэалогію рэфармацыі і сцвярджэннем духоўных прыярытэтаў Апостальскай Сталіцы. Гэтую ідэю ён усвядоміў пры будаўніцтве нясвіжскага касцёла езуітаў і тэрмінова перанёс яе на чарнаўчыцкі касцёл, які быў ужо ўзведзены ў традыцыях папярэдняга часу. Таму крылы трансепта былі прыбудаваны да амаль завершанага будынка пазней. Звонку яны маюць выгляд бакавых капліцаў, накрытых аднасхільнымі дахамі, падведзенымі пад дах навы. Тарцы гэтых прыбудоваў зроблены ў адну лінію з яшчэ меншымі па вышыні сіметрычнымі аб'ёмамі закрыстый, што надае форме плана ўсяго збудавання строгасць і гармонію, аднак агульная аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя святыні пры гэтым ускладняецца і дынамічна нарошчваецца.

У алтарнай частцы пластыку кампазіцыі ўзмацняе цыліндрычная вежачка з шатровым пакрыццём і вітымі ўсходамі ўнутры, што вядуць у паддашак (яна размешчаная ў месцы злучэння паўднёвай закрыстыі з алтарнай апсідай). Гэтая вежа сваім незвычайным размяшчэннем і яскрава выяўленай гатычнай стылістыкай, уласцівай абарончаму дойлідству, асабліва інтрыгавала даследчыкаў. Археолагамі-рэстаўратарамі выяўлена, што вежа часткова закрывае першапачатковае замураванае акно і карніз. А гэта азначае, што яна прыбудавана пазней, верагодна адначасова з закрыстыямі і крыламі трансепта, пра што сведчыць таксама адсутнасць перавязкі падмуркаў паміж імі і асноўным аб'ёмам. Археолаг А.Кушнярэвіч выказаў слушную думку, што «першапачаткова планавалася паставіць вежу перад галоўным фасадам, аднак па нейкіх абставінах гэта не было зроблена». Мы паспрабуем абгрунтаваць гэтую гіпотэзу з мастацтвазнаўчых пазіцыяў.

Алтарная частка Троіцкага касцёла ў вёсцы Чарнаўчыцы.
У готыка-рэнесансных касцёлах папярэдняга часу да навы, пры ўваходзе, звычайна далучалі магутную шмат'ярусную вежу-званіцу, але прыбудоўвалі яе пасля асадкі асноўнага будынка, каб не было расколінаў. Так, відавочна, меркавалася зрабіць і ў чарнаўчыцкім касцёле, але пад уплывам барочнага першаўзора ў Нясвіжы ўзнікла жаданне пакінуць галоўны фасад бязвежавым. Хаця вежа для званоў на галоўным фасадзе адсутнічае, яна ўсё ж ёсць, аднак пастаўлена асобна ад касцёла. Суровая сярэднявечная архітэктура чатырох'яруснай прызматычнай вежы-званіцы, завершанай традыцыйным для народнага дойлідства пакатым шатром, дакладна адпавядае архітэктурнаму вырашэнню вежы-званіцы каля нясвіжскага касцёла езуітаў. Як і ў ім, пры асобнай пастаноўцы званіцы, засталася неабходнасць трапляць у паддашак касцёла, і таму ў чарнаўчыцкім касцёле каля алтара пазней прыбудавалі круглую гатычную вежачку з вітымі ўсходамі. Галоўны фасад, такім чынам, застаўся па-барочнаму бязвежавым, але ён завершаны не шчытом, як гатычныя храмы, і не фігурным барочным франтонам з валютамі, а сціплым трохвугольным франтнам са стрыманым дэкорам у выглядзе прамавугольных і круглых плоскіх нішаў. Гэты дэкор, відавочна, адрозніваецца ад гатычных узораў, але ён яшчэ вельмі далёкі ад ордэрнай пластыкі барока.

Археалагічныя даследванні паказалі, што чарнаўчыцкі касцёл мае гатычныя памеры цэглы і тэхніку муроўкі. Сцены на бакавых фасадах умацаваны гатычнымі контрфорсамі, якія ўспрымаюць распор важкага цыліндрычнага скляпення з невялікімі распалубкамі. Яго зрокава робіць больш лёгкім сетка несапраўдных (дакладней, не канструкцыйных, а дэкаратыўных. - Т.Г.) кесонаў, што прыгожым узорыстым дываном пакрывае скляпенні навы і прэзбітэрыя, ствараючы непаўторную мастацкую аздобу інтэр'ера. Ляпныя арнаментаваныя рэбры кесонаў уяўляюць сабою наватарскае выкарыстанне гатычнай нервюрнай канструкцыі як дэкаратыўнай формы. З вышэй сказанага вынікае, што готыка-рэнесансная ў аснове архітэктура Троіцкага касцёла ў Чарнаўчыцах, нягледзячы на аддаленасць ад Нясвіжа, безумоўна, праграмавалася і карэктавалася яго фундатарам князем М.-К.Радзівілам Сіроткам, у выніку чаго стала адным з першых крокаў станаўлення нацыянальнай разнавіднасці стылю барока.

У 1575 г. Сіротка набыў мястэчка Новы Свержань, якое да таго належала вядомаму праваслаўнаму роду Храптовічаў. Мястэчка размешчана пад Стоўбцамі, на Нёмане. Тут здаўна быў склад сыравіны, што сплаўлялася па Нёмане да порта ў Крулеўцы. Дзякуючы Сіротку ў Новым Свержані ўжо да канца ХVІ ст. з'явіліся два мураваныя храмы. Трэба падкрэсліць, што абодва яны маюць незвычайную арыентацыю алтарнай часткі на поўдзень, абумоўленую планіровачнай структурай мястэчка і рэльефам мясцовасці. Канфесійная прыналежнасць і час пабудовы гэтых святыняў падаваліся ў гістарычных крыніцах вельмі супярэчліва, і гэтыя розначытанні перайшлі з гісторыка-клерыкальных і краязнаўчых працаў у сучасныя энцыклапедычныя даведнікі. На наш погляд, мастацтвазнаўчы аналіз архітэктуры святыняў дазваляе больш дакладна за іншыя гістарычныя крыніцы вызначыць іх сапраўдную канфесійную прыроду.

Касцёл у Новым Свержані. Уваходная вежа.
У цэнтры Новага Свержаня, на развілцы дарог, пастаўлены мураваны касцёл у гонар св. апосталаў Пятра і Паўла. Галоўным фасадам ён павернуты да вялізнай гандлёвай плошчы мястэчка. Ян Барэйка Ходзька ў сваім рукапісу адзначае, што «архітэктура яго сведчыць пра даўнасць свайго існавання і дазваляе меркаваць, што прызначаўся ён першапачаткова для вызнання рэфармацкага, у якім частка роду Радзівілаў доўгі час трывала трымалася». Магчыма, гэтыя разважанні і паслужылі падставаю доўгі час лічыць, што будынак узведзены як кальвінскі збор. Аднак згадаем, што апантаны католік Сіротка, які першым з Радзівілаў стаў валодаць Новым Свержанем, вылучыў тут пляц пад каталіцкі касцёл, дзе служба павінна праводзіцца па рымскім абрадзе. Фундушавы запіс ад 16 кастрычніка 1588 г. ад імя кашталяна трокскага М.-К.Радзівіла сведчыць, што касцёлу адводзілася 6 валокаў зямлі, 18 моргаў сенажаці, а пробашчу - па адным капцы жыта з 792 валокаў і з кожнага дома ў Свержані па аднаму грошу літоўскаму ў год. Тыя ж звесткі пацвярджаюць больш познія копіі першапачатковых фундушаў ХVІІІ ст.

План Петрапаўлаўскага касцёла
Дата пабудовы і канфесійная прыналежнасць пацвярджаюцца будаўнічай тэхнікай і архітэктонікай збудавання. Святыня мае характэрную готыка-рэнесансным касцёлам кампазіцыю. Яна складаецца з прамавугольнай навы, паўкруглай алтарнай апсіды і магутнай шмат'яруснай чацверыковай вежы-званіцы пры ўваходзе. Тут прэзбітэрый не мае вімы і зроблены больш нізкім за наву, што яшчэ больш ўзмацняе нарастанне дынамікі архітэктурных масаў ад алтара да ўваходнай вежы. Наяўнасць алтарнай апсіды абвяргае версію пра рэфармацкае паходжанне святыні, таму што тагачасныя кальвінскія зборы на Беларусі не мелі алтароў - іх замяняла кафедра прапаведніка. Адметнасцю Петрапаўлаўскага касцёла, як мы лічым, сіроткаўскім следам у яго архітэктуры, з'яўляецца наяўнасць трансепта, які надае плану выгляд лацінскага крыжа. Тут трансепт больш выразны, чым у чарнаўчыцкім касцёле, хаця і не мяняе прынцыпова рэнесанснай залавай структуры інтэр'ера.

Стратыграфічныя даследаванні паказалі, што ўсе часткі навасвержанскага касцёла маюць аднолькавую тэхніку муроўкі фундаментаў, што сведчыць пра іх адначасовую закладку. Але вышэй падмуркаў асноўны аб'ём мае гатычную муроўку, а вежа - рэнесансную, перавязка паміж імі адсутнічае. Гэта, у сваю чаргу, сведчыць пра тое, што вежа, як звычайна, узведзена пазней за асноўны аб'ём. Нава перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, але гатычныя контрфорсы ў гэтым будынку адсутнічаюць, таму ён мае даволі масіўныя сцены, каб вытрымаць распор скляпення. Таўшчыня бакавой заходняй сцяны ніжняга яруса вежы дадаткова павялічана падпорнай сценкай дзеля размяшчэння ўнутры сцяны лесвіцы на званіцу, што парушае строгую сіметрыю збудавання. У гэтым прыёме бачна жаданне пазбавіцца ад прыбудовы традыцыйнай гатычнай вежачкі з вітымі ўсходамі, што, як пупавіна, знітоўвала новую архітэктуру з папярэднім часам.

Касцёл у Новым Свержані. Былы кальвінскі збор.
Вежа-званіца складаецца з трох чацверыковых (квадратных у плане. - Т.Г.) ярусаў, якія паступова нязначна змяншаюцца ў памерах. Верх накрыты пакатым чатырохсхільным шатром-»каўпаком». Вонкавыя вуглы ніжняга яруса, роўнага па вышыні з навай, умацаваны магутнымі пілонамі, што надае яму канструкцыйную і візуальную ўстойлівасць. Сярэдні ярус вылучаецца тыпова рэнесансным дэкорам у выглядзе трайчастай паўцыркульнай аркады, рытмічна падзеленай пілястрамі на фоне глухіх сценаў. Верхні ярус таксама аздоблены плоскімі паўцыркульнымі арачнымі нішамі. Матыў рэнесанснай паўцыркульнай аркі ў дэкоры і канструкцыях будынка надае яму стылёвае адзінства. Першапачаткова сцены не былі атынкаваны, і спалучэнне пабеленых дэкаратыўных элементаў з адкрытай цаглянай муроўкай чырвонага колеру ўзмацняла іх пластычную выразнасць і гарманічны рытм. Вядома, што раней вежа была больш высокай: у 1818 г. ураган знёс дах і часткова разбурыў верх. У хуткім часе вежу аднавілі, але зрабілі больш нізкай, а будынак упершыню атынкавалі.

Успенская царква ў Новым Свержані. Здымак пачатку ХХ стагоддзя.
Пасля Петрапаўлаўскага касцёла князь Радзівіл Сіротка ў 1590 г. заснаваў у Новым Свержані мураваную праваслаўную Успенскую царкву (магчыма для таго, каб знешне падтрымліваць традыцыі Храптовічаў). Дакументам ад 10 верасня 1592 г. ён вылучыў на гэтую царкву тры валокі зямлі, сенажаць і бясплатны памол на млыне. Акрамя таго, святар мог сыціць 10 медніцаў мёду, а воск выкарыстоўваць для царквы. Пазней царква перайшла да уніятаў і пры ёй быў створаны базыльянскі кляштар. У 1743 г. тагачасны ардынат нясвіжскі М.-К.Радзівіл Рыбанька вылучыў базыльянам 74 000 злотых, што дало ім магчымасць часткова аднавіць храм. Па архітэктуры Успенская царква нагадвае Петрапаўлаўскі касцёл. У кампазіцыі дамінуе высокая чацверыковая вежа пры ўваходзе, але трансепт тут адсутнічае і асноўны аб'ём мае просты прамавугольны план.

Відавочна, што будаўнічая дзейнасць князя Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі, якой уласцівыя праграмнасць, шырыня светапогляду і павага да традыцый, была прадвызначана высокім грамадскім статусам і грамадзянскай адказнасцю гэтай выбітнай асобы нашай айчыннай гісторыі.

Працяг


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio